І. Акерманскія стэпы
Плыву я ў пространі сухога Акіяну,
Мой воз нырцуе, нібы лодка, ў зеляніне,
Між хваль травы й паводкі кветак у нізіне,
Мінаючы каралы-астравы бур’яну.
Апала цемра — ні дарогі, ні кургану;
Шукаю ў небе зор — падказак пуцявіне.
Дзянніца там блішчыць ці промні ў аблачыне?
То ж бляск Днястра: ўзыходзіць лямпа Акерману!
Спынемся! Ціха як! Чуваць ключ жураўліны,
Куды паглядам нават сокал не сягае,
Я чую, як матыль расхіствае сцябліны,
Як целам слізкім вуж траву ледзь закранае.
З Літвы і голас, здэцца, ў гэтыя хвіліны
Пачуў бы. Едзьма, аніхто не паклікае!
ІІ. Марская ціша
На вышыні Тарханкут
Ужо сцяжок альтанкі вецер ледзь кранае,
Гуляе роўнядзь хваль над ціхаю вадою;
Нібы нявеста, песцячы аб шчасці мрою,
Абудзіцца ўздыхнуць і зноўку засынае.
І ветразі на голых мачтах задрамалі
Накшталт харугваў, што закончылі змаганне;
Смяшыць вандроўнікаў матроса пазяханне,
Бы ланцугом прыкуты карабель на хвалі.
О, мора! Ёсць сярод тваёй гульні-спачыну
Паліп, што спіць на дне, калі на небе хмуры,
А ў цішы яснай суча доўгімі рукамі.
О, думка! У цябе ёсць гідра успаміну,
Што спіць у часе злой жарсці й душэўнай буры,
Калі ж спакой, тады рве сэрца пазурамі.
ІІІ. Плаванне
Мацнее шум, часцеюць хваль марскіх страшылы,
Матрос як узляцеў па трапу вокамгненна
І знерухомеў на драбіне, каб таемна,
Нібы павук, дзеля рыўка ашчадзіць сілы.
Вятрыска! — й карабель, здаецца, рве вудзілы,
Затым нырцуе ў воды, дзе мяцеліць пена,
Узносіцца і топча хвалі неадменна,
Сячэ аблокі, ветру падстаўляе крылы.
І з мачтаю гайдаецца мой дух у перапудзе,
Уяву, быццам косы ветразя, ўздымае,
Міжвольны ўскрык мой зліўся са стыхій размахам,
Прасцёршы рукі, караблю я падаю на грудзі,
І мой уздых яго, здаецца, падганяе,
Мне лёгка, добра — і я знаю, што быў птахам.
ІV. Бура
Парваны ветразь, трэснуў руль, шум вод, завеі,
Людзей трывожны галас, помпаў енк зацяты,
З матроскіх зніклі рук апошнія канаты,
Зайшло крывава сонца з рэшткаю надзеі.
Віхор завыў з трыумфам, хвалі ўсе нібыта
Паверхамі ўзняліся, з доннай вадаверці
На карабель, устаўшы, рушыў геній смерці,
Як той жаўнер на прыступ крэпасці разбітай.
Адзін паўмёртвы лёг, другі заплюшчыў вочы,
Сяброў на развітанне іншы абдымае,
Хтось моліцца прад сконам, каб жывым застацца.
Адзін сядзеў вандроўнік моўчкі на узбочы
І думаў: той шчаслівы, хто шчэ сілы мае
Або маліцца змог ці ёсць з кім развітацца.
V. Выгляд гор са стэпаў Казлова
Пілігрым і Мірза
Пілігрым
Там што? Алах палац паставіў з мора лёду?
Ці трон адліў анёлам ён з замерзлай хмуры?
Ці дзіваў чары ўзнеслі шыхт муроў пануры,
Каб караваны зорак не пускаць з усходу?
Вяршыня ззяе! Зарыва ад Царгароду!
Ці то Алах, як ноч халат раскіне буры,
Для светаў, што вандруюць па марской натуры,
Ліхтар павесіць між нябёсаў меў нагоду?
Мірза
Там? Там зіма, там, бачыў, дзюбамі патокаў
П’юць горлы рэк з яе гняздоўя несціхана,
Там выдыхаў я снег, ступіўшы колькі крокаў,
Дзе хмар няма й дарога ад арлоў схавана,
Дзе задрамаў гром у калысцы, што з аблокаў,
Дзе толькі зорка над маім была цюрбанам.
То Чатырдах!
Пілігрым
А-а!
|