Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(46)/2008
Галерэя
Дыялог
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Год Божага слова

ЕВАНГЕЛIСТ ЯН
Пераклады
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Мастацтва
На шляху веры
Інтэрв’ю
Пераклады

УСЛАВІМ ГОДНА ГАСПАДАРА ГОРНЯГА
Юбілеі

НАСУСТРАЧ АДАМУ МІЦКЕВІЧУ

КРЫМСКІЯ САНЕТЫ

«ДЫПТЫХ»
Пераклады

ВЕРШЫ
In memoriam

ЛІСТАПАД
У выдавецтве «Pro Christo»

ЧЫТАЮЧЫ ІРЫНУ ЖАРНАСЕК...

ЗЛУЧАНЫЯ ЛЮБОЎЮ
На кніжнай паліцы

НАТХНЁНЫ ПРОВІДАМ
Кіно

ХТО ПАНУЕ Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ?
Кніжныя скарбы
Юбілеі

ПАДАРОЖНІК ПА СУСВЕЦЕ
Па родным краі

ПАДАРОЖЖА ПА ЭТНАГРАФIЮ

КВЕТАЧКІ СВЯТОГА ФРАНЦІШКА

У імя Пана нашага ўкрыжаванага Езуса Хрыста і Яго Маці Панны Марыі ў гэтай кнізе выкладзеныя некаторыя справы Пана, цуды і прыклады добрапрыстойнасці слаўнага нябогі Хрыстовага месэра святога Францішка ды іншых яго святых паплечнікаў.
Хвала Езусу Хрысту.
Амэн.

Пачатак у №3(41) 2007

Частка ХІХ
Як вінаграднік пробашча з Рыеці, у чыім доме маліўся святы Францішак, быў паламаны і знішчаны мноствам людзей, што прыходзілі да святога Францішка, і тым не менш віна цудоўным чынам атрымалася болей, чым раней, як і паабяцаў святы Францішак. І як Бог адкрыў святому Францішку, што пасля адыходу той патрапіць у рай

Аднойчы святы Францішак цяжка захварэў на вочы, і кардынал Угаліно, апякун яго ордэна, які шчыра любіў святога, напісаў яму, каб той пайшоў у Рыеці, дзе былі найлепшыя лекары вачэй. Тады святы Францішак, як толькі атрымаў ліст ад кардынала, найперш пайшоў да касцёла святога Дам’яна, дзе жыла найпабожнейшая нявеста Хрыстовая святая К’яра, каб даць ёй суцяшэнне, а пасля пайсці да кардынала. І калі ён туды прыйшоў, то на наступную ноч яму стала значна горш з вачыма, так, што ён зусім не бачыў святла; і паколькі ён не мог ісці далей, святая К’яра падрыхтавала яму будан з трыснягу, каб ён мог лепш адпачыць. Але святы Францішак з-за болю ад хваробы і з-за мноства мышэй, якія надта яму назалялі, зусім не мог адпачываць, ні ўдзень, ні ўночы.

І, патрываўшы некалькі дзён такую пакуту і турботу, пачаў ён думаць і пераканаўся, што гэта было пакаранне Божае за яго грахі; і пачаў ён дзякаваць Богу ўсім сэрцам і вуснамі; а потым закрычаў на поўны голас, кажучы: «Пан мой, я заслужыў і гэта, і яшчэ горшае. Пан мой, Езус Хрыстус, добры пастух, які нам, грэшнікам нявартым, дае сваю літасць у розных пакутах і болях цялесных, дай жа сваю ласку і цноту, мне, тваёй авечцы, якую ніякая хвароба, ні боль, ні пакута не змусілі адвярнуцца ад Цябе». Пасля гэтай малітвы пачуў ён голас з неба, які сказаў: «Францішак, адкажы Мне. Калі б уся зямля ператварылася ў золата, і ўсе моры, і рэкі, і крыніцы сталі бальзамам, а ўсе горы, пагоркі і валуны сталі каштоўнымі камянямі, а ты б знайшоў іншую каштоўнасць, больш высакародную за гэтыя, бо золата больш высакароднае за зямлю, а бальзам за ваду, а каштоўныя камяні за горы і мінералы, і калі б табе далі за гэтую хваробу самы высакародны скарб, ці не быў бы ты задаволены і вясёлы?» Адказаў святы Францішак: «Пане Божа, я не заслугоўваю такога высакароднага скарбу». І голас Бога сказаў яму: «Узрадуйся, Францішак, бо гэта скарб вечнага жыцця, які Я для цябе падрыхтаваў, і калі надыдзе час, перадам яго табе; а гэтая хвароба і нягода ёсць задатак таго благаслаўлёнага скарбу».

Тады святы Францішак у вялікай радасці ад такога слаўнага абяцання паклікаў свайго паплечніка і сказаў: «Хадзем да кардынала». І, суцешыўшы найперш святымі словамі святую К’яру і пакорліва атрымаўшы ад яе суцяшэнне, накіраваўся ў Рыеці.

А калі ён туды прыйшоў, мноства людзей выйшла яму насустрач, таму ён не захацеў заходзіць у горад, а пайшоў у касцёл, што быў за дзве вярсты ад горада. Калі ж гараджане даведаліся, што ён быў у тым касцёле, натоўпам пабеглі паглядзець на яго, ды так, што патапталі ўвесь вінаграднік вакол гэтага касцёла і ўвесь вінаград пазрывалі. З-за гэтага пробашч моцна перажываў у сэрцы сваім і шкадаваў, што прыняў святога Францішка ў сваім касцёле.

Але паколькі Бог адкрыў святому Францішку думкі пробашча, то святы Францішак папрасіў яго паклікаць і сказаў яму: «Дарагі ойча, колькі віна за год дае табе гэты вінаграднік і якая пара для вінаробства найлепшая?» Пробашч адказаў, што дванаццаць мераў. Тады мовіў святы Францішак: «Я прашу цябе, ойча, каб ты цярпліва патрываў маё знаходжанне яшчэ некалькі дзён, бо я тут вельмі добра адпачываю, і дазволь абрываць вінаград з твайго вінаградніку кожнаму чалавеку дзеля любові да Бога і да мяне нябогі, а я абяцаю табе ад імя Пана майго Езуса Хрыста, што віна ты атрымаеш дваццаць мераў». І пробашч дазволіў святому Францішку быць там дзеля вялікага ўраджаю душаў, які ўсе заўважалі ў людзях, што прыходзілі туды, многія з якіх ад’язджалі, ап’янелыя Божай любоўю, і пакідалі свет. Пробашч даверыўся абяцанню святога Францішка і дазволіў свабодна хадзіць па вінаградніку тым, хто да яго прыходзіў. І дзіўная рэч! Вінаграднік быў зусім патаптаны і абарваны, так, што засталося там усяго некалькі маленькіх гронак. Калі ж прыйшоў час збору вінаграду, пробашч сабраў тыя бедныя гронкі, склаў іх у куфу; і, як і абяцаў святы Францішак, атрымалася з іх дваццаць мераў выдатнага віна.

У тым цудзе ясна было дадзена зразумець што, як дзякуючы заслугам святога Францішка патаптаны вінаграднік даў багата віна, так і люд хрысціянскі пазбаўлены з-за граху цнотаў, дзякуючы заслугам і вучэнню святога Францішка шмат разоў даваў добрыя плады пакаяння.

Слава Хрысту. Амэн.

 
Частка ХХ
Пра вельмі прыгожую візію, убачаную адным маладым братам, які меў такую вялікую нелюбоў да манаскага строю, што хацеў пакінуць манаскую вопратку і выйсці з ордэну

Адзін вельмі высакародны і далікатны юнак прыйшоў у ордэн святога Францішка і праз некалькі дзён, па навучанню шатана, пачаў адчуваць такую вялікую нелюбоў да вопраткі, якую насіў, што яна яму здавалася наймярзотным мяшком, рукавы выклікалі жах, капшук — гідлівасць, а даўжыня яе і грубасць здаваліся невыносным цяжарам. А паколькі расло ў ім расчараванне ў рэлігіі, то вырашыў ён нарэшце скінуць вопратку і вярнуцца ў свет.

Тым не менш, ён ужо прызвычаіўся, згодна з вучэннем свайго настаўніка, кожны раз, праходзячы перад алтарам кляштара, у якім захоўвалася Цела Хрыстова, укленчваць з вялікаю пашанаю, здымаць капшук і кланяцца са скрыжаванымі рукамі. Здарылася так, што ў тую ноч, калі ён павінен быў пайсці прэч і пакінуць ордэн, давялося яму прайсці перад алтаром кляштара і, праходзячы так, згодна са сваёю звычкаю, ён укленчыў і выказаў пашану. І адразу быў захоплены Духам, і была яму ад Бога цудоўная візія: убачыў перад сабою працэсію з бясконцага мноства святых, якія ішлі па двое, апранутыя ў прыгожыя і каштоўныя строі, а твары іх і рукі ззялі, быццам сонца, і ішлі яны з анёльскай музыкай і спевамі. Сярод гэтых святых былі двое шляхетна апранутых і ўпрыгожаных больш за іншых, і атачала іх такая яснота, што вялікае здзіўленне выклікалі ва ўсіх, хто на іх глядзеў; і амаль у канцы працэсіі ён убачыў аднаго святога, упрыгожанага такой славай, што здаваўся ён слаўным рыцарам, больш за іншых ушанаваным. Гледзячы на гэтую візію, дзівіўся юнак і не ведаў таго, што гэтая працэсія азначала, і не асмельваўся запытаць, а стаяў агаломшаны ад замілавання.

Калі ўжо прайшла ўся працэсія, запалілася яго душа мужнасцю, і пабег ён услед за апошнімі і з вялікай баязлівасцю спытаўся ў іх: «О, найдаражэйшыя, я прашу вас сказаць мне, хто гэтыя такія цудоўныя людзі і што гэта за ганаровая працэсія?» Адказалі яны: «Ведай, сын наш, што мы ўсе браты меншыя, а ідзем мы цяпер ад райскай славы». А ён пытаецца: «А хто тыя двое, што ззяюць больш за астатніх?» Адказалі яны: «Гэта святы Францішак і святы Антоній, а той, апошні, якога ты бачыш такім ушанаваным, гэта адзін святы брат, нядаўна памерлы, якога за тое, што ён храбра змагаўся са спакусамі і быў настойлівым да самага канца, цяпер мы з трыумфам вядзем да райскай славы. А вопратка з прыгожай тканіны, апранутая на нас, дадзена нам Богам замест грубых тунікаў, якія мы цярпліва ў веры сваёй насілі, а слаўная яснота, ззянне якой ты бачыш, дадзена нам Богам за пакорлівае пакаянне і за святую беднасць, паслушэнства і ўстрыманне, якіх мы прытрымліваліся да канца жыцця. І, калі, сын наш, табе не будзе цяжка насіць такі пладаносны арнат веры, і калі з дапамогай габіту святога Францішка дзеля любові да Хрыста ты адмовішся ад свету і прымеш цярпенні цела, і храбра будзеш змагацца з д’яблам, ты разам з намі атрымаеш падобную вопратку і ззянне славы».

Пачуўшы гэтыя словы, юнак прыйшоў у сябе і, умацаваны візіяй, адагнаў ад сябе усялякую спакусу, прызнаў сваю віну перад вартаўніком і братамі; і з гэтага моманту надалей пажадаў суворасці пакаяння і вопраткі, і завяршыў сваё жыццё ў ордэне ў вялікай святасці.

Слава Хрысту. Амэн.

 
Частка ХХІ
Аб найсвяцейшым цудзе, які здзейсніў святы Францішак, калі прымусіў ваўка з горада Губ’ё перажыць навяртанне

У той час, як святы Францішак знаходзіўся ў горадзе Губ’ё, у гарадскім прадмесці з’явіўся вялізны воўк, страшны і злосны, які разрываў на кавалкі звяроў, але найперш ён паляваў на людзей; так што ўсе гараджане жылі ў моцным страху, бо вельмі часта ён наведваў горад, і кожны, хто выходзіў з гораду, браў з сабою зброю, быццам ішоў на бой, і, не зважаючы на ўсё гэта, той, хто сустракаўся з ім сам-насам, не мог ад яго абараніцца. І страх прывёў да таго, што ніхто не адважваўся выходзіць за гарадскія сцены.

Таму святы Францішак, маючы спачуванне да людзей з гэтага гораду, пажадаў пайсці да ваўка, хоць гараджане спрабавалі яго адгаварыць; і, перажагнаўшыся знакам святога крыжа, выйшаў з гораду са сваімі паплечнікамі, усю сваю веру скіроўваючы да Бога. І калі астатнія пачалі ўжо сумнявацца, ці варта ісці далей, святы Францішак працягваў ісці па сцяжынцы, якая вяла да месца, дзе знаходзіўся воўк. І вось калі воўк пабачыў мноства гараджанаў, што прыйшлі паглядзець на такое дзіва, то выйшаў насустрач святому Францішку з адкрытай пашчай, а святы Францішак, наблізіўшыся да яго, перахрысціў, паклікаў да сябе і сказаў так: «Хадзі сюды, брат воўк; я загадваю табе ад імя Хрыста, каб ты не прыносіў шкоды ні мне, ні камусьці іншаму». Дзіва дзіўнае! Як толькі святы Францішак зрабіў знак крыжа, жудасны воўк закрыў пашчу і перастаў бегчы, бо пасля загаду ён зрабіўся рахманым, нібы ягня, і прыбег пад ногі святога Францішка, каб легчы там.

Тады святы Францішак так яму сказаў: «Брат воўк, ты вельмі многа шкоды зрабіў у гэтых мясцінах, і многа зла нарабіў, калечачы і забіваючы Божыя стварэнні без Яго дазволу; а ты не толькі забіваў і разрываў на кавалкі жывёлаў, але асмельваўся забіваць і калечыць людзей, створаных па вобразе Бога, за гэта ты заслугоўваеш вісельні як найгоршы бандыт і забойца, і ўсе людзі крычаць і шэпчуць пра цябе, і ўвесь гэты горад табе вораг. Але я хачу, брат воўк, дзеля міру паміж табою і імі, каб ты іх не крыўдзіў болей, і каб яны табе даравалі ўсе мінулыя крыўды, і каб ні людзі, ні сабакі больш цябе не пераследавалі».

Пасля гэтых словаў воўк, рухаючы целам, хвастом і вушамі і нахіляючы галаву, паказаў, што ён прымае сказанае святым Францішакам і будзе гэта выконваць. Тады святы Францішак мовіў: «Брат воўк, паколькі ты згодны прытрымлівацца міру, я абяцаю, што загадаю людзям гэтага гораду заўсёды даваць табе ўсё неабходнае, пакуль ты будзеш жыць, каб ты не пакутаваў больш ад голаду; бо я добра ведаю, што менавіта голад прымусіў цябе зрабіць тое зло. Але паколькі я даю табе гэтую ласку, я хачу, брат воўк, каб ты мне паабяцаў, што не будзеш больш ніколі нікому шкодзіць: ні чалавеку, ні зверу: абяцаеш мне гэта?» І воўк, нахіляючы галаву, падаў выразны знак, што абяцае. А святы Францішак сказаў: «Брат воўк, я хачу, каб ты пакляўся трымаць сваё абяцанне, і каб я мог табе давяраць». Пасля святы Францішак працягнуў руку, каб атрымаць клятву, а воўк падняўся на адну лапу і міралюбна паклаў другую на руку святога Францішка, даючы яму знак вернасці такім чынам, на які ён толькі быў здольны.

Тады сказаў святы Францішак: «Брат воўк, я загадваю табе ў імя Езуса Хрыста, каб ты без аніякіх сумненняў пайшоў за мной, і пойдзем мы і заключым гэты мір у імя Бога». І паслухмяны воўк пайшоў з ім як ціхмянае ягня; а гараджане, пабачыўшы гэта, моцна здзівіліся. І адразу ж гэтая навіна стала ўсім у горадзе вядомая; і ўсе людзі, вялікія і малыя, мужчыны і жанчыны, маладыя і старыя пабеглі на плошчу, каб паглядзець на ваўка і на святога Францішка.

І паколькі там сабраўся ўвесь люд, то святы Францішак устаў і прачытаў казанне, кажучы, між іншым, што за грахі Бог пасылае эпідэміі чумы, але полымя пекла, што вечна гарыць для грэшнікаў, больш небяспечнае, чым лютасць ваўка, якая можа знішчыць толькі цела. І які вялікі страх павінен быць перад пашчай пекла, калі столькі людзей трымае ў страху і ў трымценні пашча аднаго малога звера. «Вяртайцеся, даражэнькія, да Бога і належным чынам пакайцеся ў вашых грахах, і Бог вас вызваліць цяпер ад ваўка, а ў будучыні ад пякельнага агню».

Пасля казання мовіў святы Францішак: «Слухайце, браты мае: брат воўк, які стаіць тут, насупраць вас, паабяцаў мне і пакляўся памірыцца з вамі і нічым вас больш не крыўдзіць, калі вы паабяцаеце кожны дзень даваць яму ўсё неабходнае, а я ручаюся, што ён строга будзе прытрымлівацца дамовы аб міры». Тады ўвесь люд у адзін голас паабяцаў пастаянна карміць ваўка.

І святы Францішак перад усімі спытаў яго: «А ты, брат воўк, абяцаеш ім не парушаць дамовы аб міры, і што ты сам не пакрыўдзіш ні чалавека, ні звера, ні іншае стварэнне?» Воўк укленчыў і схіліў галаву, і ўсімі рухамі свайго цела, хваста і вушэй паказаў, наколькі гэта было магчыма, што ён хоча прытрымлівацца ўсіх іхніх пагадненняў. Мовіў святы Францішак: «Брат воўк, я хачу, каб ты даў мне такі ж знак вернасці свайму абяцанню перад усімі, які ты даў мне за гэтай брамай, што не падманеш маёй за цябе парукі». Тады воўк падняў правую лапу і паклаў яе на руку святому Францішку. З гэтай нагоды, а таксама з-за ўсіх вышэйапісаных падзей, было столькі радасці і захаплення ў народа, як з-за пабожнасці святога, так і з-за навіны аб цудзе і аб замірэнні з ваўком, што ўсе пачалі крычаць да неба, славячы і благаслаўляючы Бога, які паслаў ім святога Францішка, а той сваімі намаганнямі вызваліў іх ад зубоў лютага звера.

Пасля таго згаданы воўк пражыў два гады ў Губ’ё і па-сяброўску заходзіў ва ўсе дамы, сам не рабіў нікому шкоды, і ніхто не рабіў шкоды яму, а ўсе зычліва яго кармілі; і калі ішоў ён так па горадзе каля будынкаў, ніводзін сабака не брахаў на яго. Нарэшце праз два гады воўк памёр ад старасці, а гараджане вельмі пра тое шкадавалі, бо калі бачылі, як ён спакойна хадзіў па горадзе, то лепш памяталі пра цноты і святасць святога Францішка.

Слава Хрысту. Амэн.

 
Частка ХХІІ
Як святы Францішак прыручыў дзікіх галубак

Аднойчы адзін юнак налавіў шмат галубак і панёс іх прадаваць. Сустрэўшы яго, святы Францішак, які заўсёды меў рэдкае спачуванне да гэтых ціхамірных істотаў, пачаў пазіраць на галубак жаласлівым вокам, а пасля сказаў юнаку: «О добры юнача, прашу цябе аддаць іх мне, каб гэтыя бязвінныя птушкі, з якімі Евангелле параўноўвае чыстыя, верныя і пакорлівыя душы, не патрапілі ў жорсткія рукі, якія іх заб’юць». І адразу той юнак, натхнёны Богам, аддаў усіх галубак святому Францішку; а той, пасадзіўшы іх у прыпол, пачаў з імі пяшчотна размаўляць: «О, бедныя мае галубкі, простыя, бязвінныя і цнатлівыя, чаму вы дазваляеце лавіць вас? Цяпер вось я хачу ўратаваць вас ад смерці і зрабіць гнёзды, каб засталіся ад вас нашчадкі і памножыліся вы згодна з запаветам вашага Стварыцеля».

І пайшоў святы Францішак і ўсім ім парабіў гнёзды. А яны выкарысталі іх і пачалі класці яйкі і гадаваць дзяцей каля братоў меншых, і так блізка былі да іх, што спажывалі ежу разам са святым Францішкам і іншымі братамі, быццам бы куры, якіх тыя заўсёды кармілі. І ніколі не адляталі, аж пакуль святы Францішак сваім благаслаўленнем не даў ім дазволу адляцець.

А юнаку, які аддаў галубак, сказаў святы Францішак: «Сынок, ты зробішся братам у гэтым ордэне і будзеш аддана служыць Езусу Хрысту». Так і сталася, бо згаданы юнак зрабіўся братам і жыў у ордэне ў вялікай святасці.

Слава Хрысту. Амэн. Частка ХХІІІ Як святы Францішак вызваліў брата, які саграшыў з дэманам Аднойчы, калі святы Францішак маліўся ў кляштары Парц’юнкалы, ён, дзякуючы Боскаму адкрыццю, убачыў, як увесь кляштар акружылі і аблажылі дэманы, нібыта вялікае войска; але, тым не менш, ніхто з іх не мог увайсці ў кляштар, бо браты былі такой вялікай святасці, што дэманы не знаходзілі, у каго б увайсці. Але ў выніку іх настойлівасці адзін брат пасварыўся з другім і пачаў думаць у глыбіні душы, як бы абвінаваціць і адпомсціць другому. З-за таго, што заставаўся ён з гэтай злоснай думкай, адзін дэман, які заўважыў адчыненую браму, увайшоў у кляштар і павіснуў на шыі ў гэтага брата. Пабачыўшы, што воўк увайшоў і пачаў нішчыць яго авечку, чуллівы і спагадлівы пастух, які заўсёды сачыў за сваім статкам, адразу паклікаў да сябе гэтага брата і загадаў яму пакаяцца ў тым, што ён прыгатаваў атруту нянавісці да бліжняга свайго, і з-за гэтага знаходзіцца ў руках ворага. Напалоханы брат, які, аднак, бачыў разуменне з боку святога айца, раскрыў перад усімі атруту і злосць свайго сэрца, і пакорліва прызнаў віну сваю, і папрасіў пакаяння і літасці. І, зрабіўшы гэта, ён вызваліўся ад граху і атрымаў дараванне, і адразу ж перад святым Францішкам дэман выйшаў; а брат, вызвалены з лапаў такога лютага звера, дзякуючы дабрыні добрага пастыра, падзякаваў Богу і вярнуўся выпраўлены і выхаваны да статку, дзе жыў далей у вялікай святасці. Слава Хрысту. Амэн.

Працяг >>
Пераклад з італьянскай мовы
Аксаны Данільчык.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY