Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(46)/2008
Галерэя
Дыялог
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Год Божага слова

ЕВАНГЕЛIСТ ЯН
Пераклады
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Мастацтва
На шляху веры
Інтэрв’ю
Пераклады

УСЛАВІМ ГОДНА ГАСПАДАРА ГОРНЯГА
Юбілеі

НАСУСТРАЧ АДАМУ МІЦКЕВІЧУ

КРЫМСКІЯ САНЕТЫ

«ДЫПТЫХ»
Пераклады

ВЕРШЫ
In memoriam

ЛІСТАПАД
У выдавецтве «Pro Christo»

ЧЫТАЮЧЫ ІРЫНУ ЖАРНАСЕК...

ЗЛУЧАНЫЯ ЛЮБОЎЮ
На кніжнай паліцы

НАТХНЁНЫ ПРОВІДАМ
Кіно

ХТО ПАНУЕ Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ?
Кніжныя скарбы
Юбілеі

ПАДАРОЖНІК ПА СУСВЕЦЕ
Па родным краі

ПАДАРОЖЖА ПА ЭТНАГРАФIЮ

Вячаслаў ДУБІНКА

ПАДАРОЖЖА ПА ЭТНАГРАФIЮ


Каменнае поле на Валожыншчыне, блізу вёскі Пяршаі. Фота 1981 года.
Гадоў колькі таму беларускія мастакі з суполкі «Пагоня» штолета ладзілі вандроўкі па адметных малазнаёмых мясцінах нашага краю, шукаючы ацалелыя ветракі, адрыны, гумны, вадзяныя млыны. Дакраналіся да унікальных помнікаў драўлянага дойлідства. Вандравалі з «лейкай і блакнотам», мастацкім мальбертам, адкрывалі для сябе палескія вёсачкі, далёкія хутары на Глыбоччыне. І знаходзілі стогадовыя хаты, крытыя «недаўгавечнай», але арыгінальнай саламянай страхой.Чаго варты адметныя старадаўнія клуні, «сямейныя» лазёнкі, ці не ўпершыню ўбачаныя невядомыя драўляныя прыстасаванні, каваныя крыжы, каплічкі на могілках. Прывозілі з вандровак дыхтоўны, з незваротна далёкіх часінаў арыгінальны «дзедаў» рыштунак, якому знайшлося пачэснае месца на музейных паліцах гістарычнай мастацкай майстроўні.

Зацемкі з вандроўных дыярыушаў і «этнаграфічныя» фотаздымкі прапануе чытачам часопіса «Наша вера» былы фотакарэспандэнт, літаратар Вячаслаў Дубінка.

 
На Нясвіжчыну, Случчыну і Капыльшчыну рушылі на шмат пабегаўшым за сваю аўтажытку ўвішным мікрааўтобусе «Латвія». У кожнага з вандроўнікаў экспедыцыі — унушальны заплечнік. Паклапаціліся пра каларыйныя харчовыя прыпасы, прыхапілі рэчы першай неабходнасці, не забылі пра турыстычныя паходныя намёты, мальберты, тэчкі з запасамі паперы для накідаў на «родным пленэры». У мяне ж захавалася яшчэ з рэдакцыйных фоташчыраванняў пацёртая скураная кайстра. Тут і набор фотаоптыкі, і ўнушальны фотазапас негатыўнае стужкі — падарожжа запланавана на тыдзень, паўтара. Начоўка ў палявых умовах, на «пленэры», пад шатамі векавых дубоў і задумлівых хваінаў, у лясной цішы, рачулак жа і азёраў з пітной вадзіцай удосталь.

Праз паўтары гадзіны язды па Слуцкай асфальтавай шасейцы за Шышчыцамі павярнулі на Грозава, някідкае мястэчка на Капыльшчыне. Мо за кіламетр, паўтара заўважылі мураваны помнік архітэктурнае неаготыкі — касцёл Зняцця з крыжа Збаўцы, які быў узведзены ў 1802 годзе на сродкі прадвадзіцеля слуцкага дваранства М.Барановіча. Касцёл быў зачынены ўладамі за «возмутительное пение польских гимнов» у 1866 годзе, а ўжо ў 1877-м пераабсталяваны ў праваслаўную царкву. А закрылі «асяродак цемрашальства» ў гады апантанага хрушчоўскага змагання з «релігійнай атрутай». Мясцовы калгас выкарыстаў гістарычны мураванік для сваіх патрэбаў. Так і марнее унікальны помнік сакральнай культуры ў палоне векавых таполяў, якія гайдае гуллівы ветрык пад нахабнае гарланне ўсюдыісных крумкачоў.


Вёска Сімкава, Нясвіжскі р-н. Фота 1981 года.
З Грозава па гравейцы рулюем на Случчыну. У Замосці нас сустракае ашалелым брэхам гайня вясковых сабак. У засені дрэваў прыцішыўся бялюткі, што цукар, касцёл езуітаў, пабудаваны з цэглы ў 1620 годзе па фундацыі мясцовага багацея — дойліда Андрэя Самуйлы Вінкая Ратомскага. У ХVII стагоддзі пры касцёле існавала місія езуітаў, але ў 1865 годзе ён быў пераасвячоны ў царкву. Пасля падаўлення паўстання К.Каліноўскага шмат якія каталіцкія святыні ў нашым краі прымусова сталі праваслаўнымі цэрквамі. Мы пахадзілі вакол мураванага помніка, пацешыліся яго простымі, дакладнымі архітэктурнымі формамі. Захапіла багацце навакольнае прыроды: тут і таполі з густымі шапкамі, і ліпы, пасаджаныя дбайнымі гаспадарамі, а крыху далей на ўзгорку просяцца на фота магутныя дубы — маўклівыя вартавыя гістарычнае мясціны. Па звестках Беларускай гістарычнай энцыклапедыі, у алтары касцёла езуітаў знаходзілася карціна вядомага на той час мастака Сігізмунда Чаховіча «Укрыжаванне».

Па звыклай завядзёнцы «ідзем у народ», цікавімся ў мясцовых пра знакавыя забудовы, пра падзеі, што адбываліся тут, — нешта ж захавалася ў іх памяці? А прыгадайце, людцы, пра гістарычных асобаў, якія праславілі Случчыну? У адказ разгублена паціскаюць плячыма: не ведаем, скокніце ў мясцовую школку, настаўнікі гісторыі ўсё ведаюць, адукаваныя, а мы — мурашы ад поля, агарода, увіхаемся на ферме, на калгас гарбацімся, няма калі пра вялікіх і знакамітых галаву напружваць...

Праз гадзіну, другую па той жа гравейцы ў атачэнні ліпаў кіруем на Нясвіжчыну. Зачараваныя краявідам, спыняемся. Вёска Іванава, пэўна б, прамільгнула, як шмат іншых мясцінаў, калі б не дзівам ацалелы вятрак на фоне свінцовага, пагрозлівага, як перад навальніцай, неба.

Збуцвелы ветраны руплівец — арыгінальны помнік драўлянага дойлідства. Напалову знішчаны магутны мах, асявое бервяно — мучаніца — скрозь пасечанае сякерай, пабітыя каменныя жорны, ушчэнт абадраныя сцены галоўнае драўлянае вежы, паўсюль смецце, іржавыя жалязякі ад занядбанае калгаснае тэхнікі.

Па сцежцы, якая хаваецца паміж палеткамі спелае збажыны, шыбуе кабета сталага веку, падганяючы дубцом дзвюх белых козачак. Спыняецца каля нашае гаманкое купы, дае «добры дзень», з цікавасцю ўзіраецца, што тут робіцца. На запытанне, ці не прыгадае яна імя таго вясковага багацея, якому належаў ветраны мукамольны цэх, ахвотна адказвае, што памятае. Належаў млын Мікалаю Страцкевічу і яго бацьку Васілю, багатая сям’я якіх валодала і вадзяным млынам пад Клецакам. Збудаваны ветраны млын быў пры паляках у пачатку дваццатых. Пераносілі на больш лацвейшае месца ў 1934 годзе. Кіравалі пераносам Ілля Страцкевіч і Ёсіп Чарнабай. Два месяцы працавалі дзень у дзень, а ўвіхаліся больш за сорак работнікаў. А вось калі крэпка млын у зямлю ўрос, урачыста асвячаў слуцкі бацюшка. Людзей поўна сабралася, цікаўных панаехала і з Капыля, Клецака, Нясвіжа. Уга, якое свята! За дзень, калі браўся порсткі, густы вецер, малолі 200 пудоў жыта. Пры Хрушчове калгас пад ленінскім мяном абагуліў млын на сваю карысць, але гультаі хутка яго дабілі. На рамонт столькі прыдатнага лесу ляснулася, пабурылі мо паўсотні свойскіх гумнаў...

Памяць у кабеты зайдросная — яна ж была не простай калгаснай «капалкай» з матыкай, а пісарам пры сельсавеце. Прыгадала і лепшага ў навакольных мясцінах механіка па ветраных млынах — случака Андрыеўскага. Спраўны, дагледжаны ветраны руплівец на тыя грошы каштаваў 1000 рублёў золатам, а гэтай капейчыны хапіла б набыць статак дойных рагуляў у 100 галоў...

Пара бабулі і козачак гнаць да хаты, але забавілася, бо ўдзячных слухачоў надыбала. А пра пчолаў вы, гарадскія, нешта тумкаеце? Пахвалілася:

— У майго бацькі пчолаў было, што гразі. З 13 вулляў збіраў 30 пудоў мёду. Не верыце? Праўду кажу, няверы. — Кабета, загадкава ўсміхнуўшыся, працягвала. — Гарадскія, вучоныя, а не ведаеце, чаму пчолкі мала жывуць. Бо працавітыя! Лётаюць дзень сонечны, рупяцца, а крылы ж зношваюцца. А пра новыя Божанька не паклапаціўся.


Вёска Цімкавічы, Капыльскі р-н. Касцёл, пабудаваны ў 1627 г., у другой палове ХХ ст. пераабсталяваны ў царкву. Спалены на пачатку 1982 года. Фота 1980 года.
На прапанову зрабіць яе фотку бабуля рашуча аднекваецца:

— Зубы новыя як устаўлю, боты новыя спраўлю, тады і здымайце!

Блізу брукоўкі, якая лучыць Нясвіж з Клецакам, туліцца вёска Сімакова. І пешага, і коннага, і аўтабагацея прываблівае арыгінальнае для гэтых мясцінаў вялікіх памераў і надта мадэрновае для беларускае вёсачкі гумно. Дыхтоўныя, па-гаспадарску акаваныя, як пры баявой схоўні, вароты. Гостры дах крыты напалову дранкай, а другая палова — саломай, вуглы з дзіўным акуратнымі запіламі. Цікавімся ў мясцовых пра вясковы «помнік дойлідства», чуем у адказ:

— Паўстагоддзя таму пабудаваў гумно спадар Русецкі. Пачаў пры паляках, але перад вайной чырвоныя ваяры прыпылілі, джгануў у Амерыку, вярнуўся з грашыма, аднак здароўе падкасіла, занямог. Сын і дачка ў Мінску таўкуцца, бацькавае гумно ім да лямпачкі. Сівы бацька кожнаму сустрэчнаму «малюе» прыгожыя карцінкі. Маўляў, пераабсталюе гумно, злепіць хатэль, такі ж гжэчны, як пад Варшаваю ў сваяка Юзіка. Ладны, прыгожы, з вялікімі вокнамі, са студняй у двары, з гарластымі пеўнямі на каванай агароджы. Ад польскіх паноў пасыплюцца замовы на гадок наперад. Добра мысліш, дзядзька: хатэль з вялікімі еўравокнамі, гарластыя пеўні… Не сабачыны буданчык, а драўляны гмах не проста давесці да «еўраладу». Забудова на дваццаць крокаў у шырыню, столькі ж у даўжыню, а вышыня пабудовы сягае мо на пяць метраў! Поспехаў вам, вясковы еўрадойлід!

...Газуем па гравейцы ў бок Клецака мо дваццаць кіламетраў, але ні аўто, ні коніка, ні роваршчыка — як вымерла дарога. Аднак праз гадзіну ўвачавідкі ажывае дарога, прывячаюць людзі, патрапіліся коні і кароўкі. Дзівосы на кожным кроку, не лянуйся, пазначай у дыярыушы.

Вёска Галынка прыпісана да клецкай райвертыкалі. Схавалася сярод мелкалесся і густога сасонніку. Каля кожнае вясковае хаты, нібы вартавыя, стаяць выкручастыя ліпы. На відным месцы красуюцца каменныя жорны. Рэч дыхтоўная, у дыяметры каля двух метраў, такі цяжкавагавы каменьчык здыхляк-каняка не пацягне. Я здымаю «этназнаходку», а мастакі блукаюць у пошуках цікавых этнаграфічных закуткаў. Да нашае легкавушкі рашуча прастуе высокі дзяцюк у вайсковым фрэнчы і параднай фуражцы сямідзесятых. На нагах хромавыя доўгахалявікі, у якія запраўлены галіфэ з чырвонымі кантамі. Строга абвёў позіркам нашу «дэлегацыю» і голасна абвясціў:

— Хто такие? Извольте разрешительный документик. Перед вами — местная власть, если изволите, сельсоветчик. Негативные стороны, так сказать, отражаете?


Каля вёскі Уіркаўшчына, Нясвіжскі р-н. Фота 1982 года.
Мы дружна заўсміхаліся: ледзь не ў кожным вясковым асяродку знойдзецца свой «пільнач стабільнасці, вартавы парадку», няўрымслівы «сельсоветчик». Праўда, «местная власть» хутка зліняла, і да нас прытэпаў да ўсяго цікаўны мясцовы настаўнік, які і апавёў пра «помнік гісторыі»—каменныя жорны для вадзянога млына. Шэсцьдзесят гадоў таму багаты пан замовіў іх для вадзянога млына ў Сімакоўцы. Але майстры не так як трэба зрабілі, дык пан плаціць адмовіўся. Так і ляжаць з тае пары — вецер ліжа, сонца песціць, мароз гартуе. Моладзь прыдатныя камяні ацаніла на свой капыл: штовечар усё лета тут таўкуцца, і клуба ім не трэба. Пасядуць наўкруг і на гітары дрынкаюць, спяваюць. А калі хлопцаў у войска гукаюць, каля жорнаў п’юць, спяваюць, насы адзін аднаму таўкуць. У дупель п’яныя палягуць, як бамжы на вакзале, каб золак прывеціць...

Мастакі, паставіўшы на «ногі» мальберты, робяць накіды цэркаўкі, што прытулілася ў акружэнні высокіх таполяў. Гэты помнік драўлянага дойлідства быў узведзены ў 1788 годзе ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла. Некалі тут цешылі вока ладныя пабудовы маёнтка багатага пана Вендорфа. Побач з царквой — утульная драўляная званіца, размаляваная ў блакітны колер. Замест звона дасціпнікі пачапілі дыск ад кола «МАЗа», а вось «язычок» для бомкання — латунная гільза ад цяжкавагавога артылерыйскага снарада.

На былой панскай сядзібе вырас аграмадны дуб. Злыдні распалілі неяк касцёр у ягоным дупле, дык выгарэла ўсё нутро. Памірае волат з апаленым «сэрцам». Праўда, наўкруг яго выраслі маладзенькія дубкі — перашэптваюцца густымі зялёнымі чупрынамі, дзядулю з абгарэлым «сэрцам» суцяшаюць.

Адсюль, з Галынкі, у розныя бакі разбягаюцца сцежкі-дарожкі. Адна запрашае на Паланечку, другая прывядзе ў Ішкалдзь. Некалькі кіламетраў тэпалі мы пешшу, азіраючы сцішанае наваколле. На фотку патрапілі ладныя бярозкі на ўскраі лясочка. Вось бацян кружыць над полем, густыя аблокі спяшаюцца ў свет далёкі…

Назаўтра з першым туманком кіруем у Кіркаўшчыну. Вялікія валуны на пустэчы запыняюць нашу экспедыцыю: не абмінеш каменных волатаў, якіх мільёны гадоў таму прынесла сюды са Скандынавіі. Мастакоў падганяць не трэба: хутчэй за мальберты, алоўкі, папера пад рукой, як у байца зброя. Хлопцы малююць, я — за фотааб’ектыў. Нарэшце да фотанакіда з’явіліся доўгачаканыя хадакі. Адкуль жа вы, людцы? Ага, вось яно што. Скокнулі вяскоўцы па гарадскі харч і пасля ўдалае «харчразвёрсткі» вяртаюцца да хаты. Я — за тэлевічок і ў фотавідашукач лаўлю дзеда з бабуляй. За плячыма цяжкія, пад завязь напакаваныя хатулі, у руках сявенькі з гарадскімі прысмакамі. Спыніліся, дзівяцца. Дзеля якое патрэбы каля камянёў збілася столькі хлопцаў? Добра апранутыя, гарадскія. Дарагую машыну таўклі па пыльнай гравейцы. І дзеля чаго? Малююць, крэмзаюць, фоткаюць, весела перагаварваюцца, жартуюць. А вуньдзека акулярысты малец зелле скубе і ў сшытак паміж аркушаў паперы ашчадна ўкладвае, пазнакі робіць. Зёлкі на лекі? У горадзе лекаў жа хапае, альбы грошы.

— Гэны на лекі не згодзіцца, пырнік, атрута, — не вытрымлівае бабуля, паказваючы на высокія цырбуны з жоўтымі гарлачыкамі.

Вясковым хадакам дужа цікава бавіць час каля «гарадскіх». Дзед у вайсковым паношаным фрэнчы, на нагах кірзачы з абсечанымі халявамі, баба ў чорнай плюшаўцы, не восень жа, жнівень-руплівец. Бабуля ціснецца бліжэй да высокага, вусатага мастака, якога палічыла за галоўнага «начальніка» і кажа ледзь не шэптам:

— Бліжэй да халадоў забягайце, яблык неблагі ўрадзіў, да халадоў даспее, а што смачны, аскома на ўсю зіму...

Праз пяць-сем кіламетраў паварочваем на былы хутар. У паўкруг разбегліся ліпы, а ў цэнтры — збуцвелая, але моцная хаціна, побач хляўчук, клуня. Крыху воддаль — купка народу. Спыняемся, цікавімся. Ага, ладуюць калодзеж. Колца бетонных трубаў, свежакапаная гліна.

— Калодзеж не са свежага мазаля, быў даўно выкапаны, гадоў мо дваццаць таму, — тлумачыць адна з кабетаў, пэўна, «старшыня» бабскае купы. Гаспадар хутара пекны калодзеж абладаваў, а што глыбозазны, дзесятак трубаў шчыльна ўляглося, як браты родныя! На хутаранца старшыня мясцовага калгаса папёр. Маўляў, поле даўно не «кулацкае», а калгаснае, і твае драўляныя халабуды карцінку псуюць, калі начальства з Нясвіжа на харошай машыне імчыць. Гаспадар прасіў старшыню: не чапай, дай спакойна пажыць, колькі засталося. Але старшыня быў няўмольны, выпер хутаранца. А вада тут дужа харошая, густая, халодная, аж сківіцы зводзіць. А ён жа гаспадар быў, якіх пашукаць! Не засыпаў зямлёй, а дбайна жэрдкамі заклаў, прыкрыў галлём, саломай. Думаў, вернецца, вады пасмакуе. Ага, пасмакаваў. Цяперака цешыцца той, у каго капейчына. Багаценькі гаспадар за мяшок грошай усё поле выкупіў, пекны палац будуе.

...Намёты для начлегу мы паставілі на палянцы ў акружэнні дубкоў блізу Сіняўкі, на беразе невялічкага возера. Запалілі цяпельца, прыгатавалі вячэру, прыгадваючы да дробязяў усё, што чулі і бачылі.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY