|
|
№
4(46)/2008
Галерэя
Дыялог
Ad Fontes
Год Божага слова
Пераклады
ВЕРА & CULTURA
Мастацтва
На шляху веры
Інтэрв’ю
Пераклады
Юбілеі
Пераклады
In memoriam
У выдавецтве «Pro Christo»
На кніжнай паліцы
Кіно
Кніжныя скарбы
Юбілеі
Па родным краі
|
Ян, празваны Маркам, нарадзіўся ў Ерузалеме, у доме маці паблізу Гетсіманскага саду, прайшоў шмат краін з апосталамі Пятром, Паўлам і Барнабаю, быў у Рыме, заснаваў хрысціянскую царкву у Егіпце і вучэльню ў Александрыі, дзе прыняў пакутніцкую смерць. Пазней яго святыя рэліквіі былі перанесены ў Венецыю, а Марк прызнаны яе нябесным апекуном. Апостал Лука, напэўна, грэк, паходзіў з Антыёхіі. Ён быў шматгранна адукаваны, вывучаў філасофію і медыцыну, валодаў майстэрствам жывапісу (намаляваў першыя абразы Маці Божай). Паплечнік апостала Паўла, будучы разам з ім у Рыме, па просьбе хрысціянаў напісаў Евангелле, пазней — «Дзеі Апосталаў». Прапаведаваў Евангелле ў Грэцыі, Македоніі і Афрыцы. Пражыў больш за 80 гадоў, замучаны паганцамі ў грэцкіх Фівах. Яго рэліквіі з IV ст. захоўваліся ў Канстанцінопалі. Евангеліст Ян (памёр у 117 г.), паводле падання, сын Забэдэя і Саламіі, дачкі Язэпа Абручніка. Разам з братам Якубам быў пакліканы Хрыстом, стаў Яго любімым вучнем, быў сведкам Перамянення, стаяў пры Укрыжаваным Збаўцы разам з Маці Божай і клапаціўся пра Яе пасля Унебаўшэсця Хрыста (Яну прыпісваюць тэкст падання пра Унебаўзяцце Багародзіцы). Прапаведаваць яму выпала ў Эфесе, але пры Нероне ён быў сасланы на востраў Патмас, дзе напісаў Апакаліпсіс (Адкрыццё), змест прадказанняў якога імкнуліся разгадаць многія багасловы і вучоныя (кнігі пра гэта напісалі знакаміты фізік Ісаак Ньютан, рэвалюцыянер-народнік Мікалай Марозаў і шмат іншых асобаў). Ужо ў рукапісных «Евангеллях» раннехрысціянскай эпохі часта перад тэкстамі змяшчаліся мініяцюры — «партрэты аўтараў». Самыя раннія выявы евангелістаў (Евангелле Равулы 586 г., Расанскае Евангелле канца VI ст.) маюць тры тыпы: пагрудныя медальёны, постаці ва ўвесь рост, найчасцей — сядзячыя пісары, у якіх кніга ці скрутак ляжыць на каленях (Мацвей). Марк і Лука звычайна глядзяць на тэксты кніг, толькі Ян выразна звернуты да неба. Фон выяваў пераважна абстрактны або з умоўнымі архітэктурнымі пабудовамі, наперадзе змешчаны столік або пюпітр. Афонскі іконаграфічны дапаможнік («Ермінія»), якім карысталіся праваслаўныя мастакі на працягу многіх стагоддзяў, наказвае пісаць евангелістаў сядзячымі: Мацея — старцам з доўгаю барадою, Марка — сівога, з акруглаю барадою, Луку — маладым, з кучаравымі валасамі, Яна — старцам, з лысінай і доўгаю барадою. Пазней побач з евангелістамі, як персаніфікацыя прыкметаў Бога, з’явіліся сімвалічныя выявы з візіі прарока Эзэхіэля. Анёл — знак учалавечання, сімвал прадказанага прарокамі месіянскага пасланніцтва ў свет Сына Божага. Леў — усёмагутнасць, каралеўская ўлада. Вол — ахвярнае служэнне Збаўцы, святарства. Арол — ласка Святога Духа, вышыня евангельскага вучэння і яго Боскай тайны. Першапачаткова гэтыя сімвалы звязваліся з евангелістамі адвольна, потым замацаваліся стабільна: анёл — побач з Мацвеем, леў — з Маркам, вол (цялец) — з Лукою, арол — з Янам. Пераважная большасць старажытных беларускіх Евангелляў (як, дарэчы, і старадрукаў) цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі: у нашай гістарычнай сталіцы Вільні, Пецярбургу, Маскве, Кіеве, Кракаве, Варшаве і больш далёкіх кнігасховішчах. Найбольш раннія выявы Мацвея і Лукі ацалелі ў Аршанскім Евангеллі канца ХІІ — пачатку ХІІІ ст., знойдзеным у 1812 г. у адным з аршанскіх манастыроў пасля адыходу французаў. На гэтых выявах адлюстраваныя экспрэсіўныя падоўжаныя постаці апосталаў, якія сядзяць пад высокімі вежамі і пішуць на шырокіх разлінаваных звоях (падобныя звоі можна ўбачыць у руках святых на фрэсках ХІІ ст. Спаскай царквы ў Полацку); перад апосталамі ўзвышаюцца раскрытыя пюпітры. Значна адышла ад візантыйскага канону свабодная разгорнутая кампазіцыя мініяцюры з Лаўрышаўскага Евангелля (ХIV ст.), у якой над Мацвеем, узнятым на высокі подыум, лунае анёл на воблачку. У вядомым Евангеллі з фундушавым запісам Льва Сапегі Жыровіцкаму манастыру змешчаны мініяцюры надзвычайнай прыгажосці — выявы евангелістаў абведзены шырокай паліхромнай рамкай, і над Мацвеем распасцёр крылы анёл, намаляваны на асобным полі. Евангелле 2-й чвэрці ХVI ст. з Шарашова захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску; у ім мініяцюры Мацвея і Лукі належаць аднаму майстру; далікатныя контуры малюнка і мяккі празрысты каларыт сведчаць пра яго мясцовае паходжанне. У трэцяй мініяцюры памерам на ўсю старонку — густыя колеры, рэзкія лініі горкаў фона, суровыя абліччы Яна і Прохара, якія выдаюць руку мастака невядомай іншай школы (магчыма, наўгародска-пскоўскай?). Рэнесансавай дакладнасцю і ўраўнаважанасцю кампазіцыі вызначаюцца мініяцюры Друйскага Евангелля, падараванага ў 1590 г. Спасаўскай царкве ў Друйску (на Браслаўшчыне); цікава, што апостал Ян паказаны на Патмасе адзін, без вучня Прохара. Рукапісная традыцыя змяшчаць на першых старонках Евангелляў «партрэты аўтараў» канчаткова замацавалася ў друкаваных Евангеллях. Недасягальнымі шэдэўрамі графічнага мастацтва застаюцца гравюры на дрэве Пятра Мсціслаўца ў Віленскім Евангеллі 1575 г., якія А. А. Сідараў характарызаваў як готыка-маньерыстычныя, цалкам самастойныя. Больш простай і стрыманай пластыкай, блізкай да беларускага іканапісу свайго часу, вызначаюцца гравюры да віленскага Новага Запавету (1623 г.), куцеінскага Новага Запавету (1652 г.), Евангелля 1644 года. Для лацінскіх «Жыцій святых» («Żywoty swiętych z naukami doktórуw kościelnych», Вільня, 1693 г.) дасканалыя медзярыты выканаў Аляксандр Тарасевіч. У іх адчуваецца ўплыў нямецкай гравюры: рэалістычны інтэр’ер, прамая перспектыва, шматпланавая кампазіцыя — вынік верагоднай вандроўкі мастака ў Аўгсбург ці нейкі іншы заходнееўрапейскі цэнтр кніжнай гравюры. Пераплёты царкоўных Евангелляў, асабліва напрастольных, як правіла, аздабляліся спераду чаканенымі пласцінамі або металічнымі накладкамі, у арнаментальны дэкор якіх упісваліся вуглавыя выявы чатырох евангелістаў. У манументальна-дэкаратыўным аздабленні святыняў выявы евангелістаў, як асобны цыкл, знаходзяцца ў насценных роспісах і сярод абразоў іканастасаў. У роспісах крыжова-купальных храмаў выявы чатырох евангелістаў традыцыйна размяшчаюцца на падкупальных ветразях. Іх можна бачыць у нясвіжскай фары, гродзенскай катэдры, касцёле ў Лучаі — колішніх святынях езуітаў, якія асабліва ў ХVIII ст. імкнуліся аздобіць іх жывапісам і скульптурай. Выява евангеліста Яна (3-я чвэрць ХVIII ст.), як патранальнага святога, знаходзіцца ў завяршэнні ілюзіяністычнага галоўнага алтара пафранцішканскага касцёла ў Гальшанах: апостал піша пяром рукапіс, а насупраць, схіліўшы галаву, няўстойліва стаіць на гзымсе гіганцкі арол. У 1683 г. у гродзенскім бэрнардынскім касцёле была завершана капліца святой Барбары (цяпер Ларэтанская), закладзеная ў 1679 г. віленскім ваяводам Міхалам Пацам. Яе цудоўнае аздабленне скульптурамі са штучнага мармуру, напэўна, выканана тымі ж майстрамі, што працавалі ў Вільні ў касцёле святых Пятра і Паўла ці ў касцёле трынітараў. Адмысловыя па пластыцы выявы евангелістаў з іх сімваламі пасаджаны на пастаменты ў вуглавых пятах крыжовага скляпення і ахінутыя ракавінамі з балдахінамі. У іканастасах ХVII–XVIII стст. маляваныя выявы на царскіх варотах былі абавязковыя паводле канона. У браме з Дабраслаўкі (Піншчына) сярэдзіны ХVІІ ст. пануе сіметрыя кампазіцыі жывапісу адносна восі. Марыя і Арханёл Габрыэль стаяць каля столікаў, евангелісты сядзяць перад столікамі на крэслах насупраць адзін аднаго ў абсалютна аднолькавых позах. Статычнасць, сіметрыя кампазіцыі, насычанасць архітэктурнымі элементамі — усё гэта прыкметы рэнесансу ў царскіх варотах. Шэдэўрам рэнесансавага стылю ў беларускай скульптуры з’яўляюцца вароты, своечасова вывезеныя ў музей з царквы ў Варанілавічах, знішчанай уладамі ў 1960-я гады. Фундушавы дакумент царквы 1644 г. ад Казіміра Льва Сапегі датуе час стварэння варотаў невядомым выдатным майстрам — сніцарам з сапегаўскага кола. «Звеставанне» і «Евангелісты» выкананы як паліхромныя барэльефы з архітэктурнымі фонамі, іконаграфічна блізкія да беларускай кніжнай гравюры і абразоў 2-й чвэрці ХVII ст. У браме з-пад Брэста сярэдзіны ХVІІІ ст. выразна адбіўся стыль ракако ў выглядзе С-падобнай формы картушаў з выявамі, абведзенымі невысокай навылётнай разьбой. У апостальскім (дэісусным) радзе беларускіх іканастасаў значнасць евангелістаў у іерархіі святых падкрэслена месцам іх размяшчэння. Абапал цэнтральнага «Дэісуса» (Багародзіца-Спас на прастоле— Апостал Ян) стаяць абразы першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла, а за імі евангелісты з кнігамі або звоямі ў руках: злева — Мацвей і Марк, справа — Лука і Ян. У касцёлах эпохі Барока жывапісныя ці скульптурныя выявы евангелістаў змяшчаліся на амбонах, прызначаных для пропаведзі евангельскіх ісцінаў. У тым жа гродзенскім касцёле св. Францішка Ксавэрыя ніжні гзымс манументальнай амбоны (1752 г.) у стылі ракако аздабляюць разьбяныя скульптуры евангелістаў (досыць сціплых памераў). Падобнымі амбонамі вядомыя і францішканскія касцёлы. Пінскі касцёл Унебаўзяцця Багародзіцы захаваў дасканалы ансамбль манументальна-дэкаратыўнай разьбы па дрэве 1-й чвэрці XVIII стагоддзя. Апрача чатырох алтароў у яго ўваходзіць амбона выдатнай работы («per belle fabricate», як напісаў храніст кляштара). Майстар сніцар цэнтральна-еўрапейскай школы паставіў у нішах кораба амаль што мініяцюрныя фігуры евангелістаў. На амбоне ў гродзенскім пафранцішканскім касцёле, наадварот, дынамічныя буйныя фігуры сядзячых апосталаў цалкам запаўняюць выгнутыя грані кораба, дэманструючы мясцовае разуменне стылю барока. З гістарычнай літаратуры вядома, што фігурамі разьбяных апосталаў была аздоблена амбона касцёла францішканаў у Гальшанах (майстар Ян Шмыт).
Энциклопедия православной святости. Авт.-сост. А. И. Рогов, А.Г. Парменов. Т.1. Москва, 2003.
Фота М. Мельнікава
і М. Новікава
|
|
|