Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(46)/2008
Галерэя
Дыялог
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Год Божага слова

ЕВАНГЕЛIСТ ЯН
Пераклады
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Мастацтва
На шляху веры
Інтэрв’ю
Пераклады

УСЛАВІМ ГОДНА ГАСПАДАРА ГОРНЯГА
Юбілеі

НАСУСТРАЧ АДАМУ МІЦКЕВІЧУ

КРЫМСКІЯ САНЕТЫ

«ДЫПТЫХ»
Пераклады

ВЕРШЫ
In memoriam

ЛІСТАПАД
У выдавецтве «Pro Christo»

ЧЫТАЮЧЫ ІРЫНУ ЖАРНАСЕК...

ЗЛУЧАНЫЯ ЛЮБОЎЮ
На кніжнай паліцы

НАТХНЁНЫ ПРОВІДАМ
Кіно

ХТО ПАНУЕ Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ?
Кніжныя скарбы
Юбілеі

ПАДАРОЖНІК ПА СУСВЕЦЕ
Па родным краі

ПАДАРОЖЖА ПА ЭТНАГРАФIЮ


Збігнеў Герберт (1924–1998) — польскі паэт, драматург і эсэіст. Вучыўся ў Кракаўскай гандлёвай акадэміі і ва Універсітэце імя Мікалая Каперніка. Аўтар шматлікіх паэтычных кніг («Струна святла», «Гермес, сабака і зорка», «Даследаванне прадмета», «Надпіс» і інш.), драматычных твораў («Сядзіба філосафаў», «Іншы пакой», «Рэканструкцыя паэта», «Лісты нашых чытачоў»), зборнікаў эсэ і нарысаў («Варвар у садзе», «Лабірынт над морам» і інш.).
 
БРЭВІЯРЫЙ

Пане,
дзякую Табе за ўвесь той вэрхал жыцця,
      у якім тану з незапамятных часоў
      без ратунку, фатальна засяроджаны
      на заўсёдным пошуку дробязяў.

Будзь пахвалёны за тое, што даў мне
      нефальшывыя гузікі, шпількі, шлейкі,
      акуляры, патокі чарнілаў, заўсёды
      гасцінна незапісаныя аркушы паперы,
      празрыстыя кашулькі, папкі, цярплівыя ў чаканні.

Пане, дзякую Табе за шпрыцы з іглой
      тоўстай і тонкай, як волас, за бандажы,
      за ўсялякі пластыр, лагодны кампрэс,
      дзякую за кропельніцу, мінеральныя солі,
      «вэнфлёны», а перадусім за снатворныя
      таблеткі з назвамі, як рымскія німфы,

яны такія добрыя, бо клічуць, нагадваюць,
      замяняюць смерць.

 
БРЭВІЯРЫЙ

Пане,
адары мяне здольнасцю складаць доўгія
      сказы, лінія якіх, як звычайна ад выдыху
      да выдыху, падаецца лініяй, расцягнутай
      накшталт паветраных мастоў, накшталт
      вясёлкі, альфы і амегі акіяну.

Пане, адары мяне сілай і спрытнасцю тых,
      хто будуе доўгія сказы, разложыстыя, як дуб,
      ёмістыя, як вялікая даліна, каб змяшчаліся
      ў іх светы, цені светаў, светы з мараў,

а таксама, каб галоўны сказ упэўнена панаваў
      над другараднымі, кантраляваў іх пакручасты,
      але выразны бег, як basso continuo,
      трываў непарушна над рухам элементаў,
      каб прыцягваў іх, як ядро прыцягвае
      электроны сілай нябачных правоў гравітацыі.

Аб доўгіх сказах тады малюся, сказах,
      вырабленых цяжкай працай, такіх абсяжных,
      нібы ў кожным з іх адбілася адлюстраванне
      катэдры, велічная араторыя, трыптых,

а таксама вялікія і малыя звярынкі,
      чыгуначныя вакзалы, перапоўненае жалем сэрца,
      горныя бездані і лейцы лёсаў у далоні.

 
ШТО МАГУ ЯШЧЭ
ЗРАБІЦЬ ДЛЯ ПАНА

Мноства ўсяго
адчыніць акно
паправіць падушку
выліць халодную гарбату

– гэта ўсё

– усё

многа
і мала адначасна

трэба ж бо
рабіць гэта старанна
і з разважаннем

адчыніць акно на цэлую вясну
паправіць галаву на манер падушкі

 
БРЭВІЯРЫЙ

Пане,
памажы нам вынайсці плён
чысты вобраз слодычы
а таксама спатканне абедзвюх плоскасцяў
сутоння і світання
здабудзь з фалдаў мора
бас чыстых глыбіняў
а таксама дзяўчыну
сляпую як наканаванне
дзяўчыну якая спявае belcanto

 
БРЭВІЯРЫЙ

Пане,
ведаю што дні мае падлічаны
засталося іх няшмат
Столькі, каб яшчэ здолеў сабраць пясок
якім прыкрыюць мне твар

не здолею ўжо
задаволіць пакрыўджаных
ані перапрасіць усіх тых
каму прычыніў зло
таму маркотная мая душа

жыццё маё
павінна завяршыць кола
замкнуцца як добра скампанаваная саната
а цяпер бачу дакладна
у момант перад кодай
парваныя акорды
кепска ўжытыя колеры і словы
лязгат дысанансу
мовы хаосу

чаму
жыццё маё
не было як кругі на вадзе
абуджаным у бясконцых глыбінях
пачаткам які расце
укладваецца ў слаі ступені фалды
каб сканаць спакойна
каля тваіх неадгаданых каленяў

Пераклад з польскай мовы
Ірыны Багдановіч.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY