Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(46)/2008
Галерэя
Дыялог
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Год Божага слова

ЕВАНГЕЛIСТ ЯН
Пераклады
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Мастацтва
На шляху веры
Інтэрв’ю
Пераклады

УСЛАВІМ ГОДНА ГАСПАДАРА ГОРНЯГА
Юбілеі

НАСУСТРАЧ АДАМУ МІЦКЕВІЧУ

КРЫМСКІЯ САНЕТЫ

«ДЫПТЫХ»
Пераклады

ВЕРШЫ
In memoriam

ЛІСТАПАД
У выдавецтве «Pro Christo»

ЧЫТАЮЧЫ ІРЫНУ ЖАРНАСЕК...

ЗЛУЧАНЫЯ ЛЮБОЎЮ
На кніжнай паліцы

НАТХНЁНЫ ПРОВІДАМ
Кіно

ХТО ПАНУЕ Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ?
Кніжныя скарбы
Юбілеі

ПАДАРОЖНІК ПА СУСВЕЦЕ
Па родным краі

ПАДАРОЖЖА ПА ЭТНАГРАФIЮ


Говін С. В. «Канфесійны друк у Беларусі», Мінск, БДУ, 2008.
Галіна ТЫЧКО

НАТХНЁНЫ ПРОВІДАМ

Сучасны свет немагчыма ўявіць без веры. Жыццё чалавека, не асвечанае Духам Божае праўды, — бессэнсоўнае і беспрасветнае.

«Беларусь — шматканфесійная краіна, таму людзі іншы раз з цяжкасцю разбіраюцца ў веравызнаннях, асаблівасцях культаў, дагматыцы, традыцыях і новаўвядзеннях у цэрквах, саюзах, абшчынах. Чаму так адбываецца? Адказ на пытанне ў свой час даў Папа Рымскі Ян Павел ІІ: “.. здзіўляцца трэба не таму, што Провід дапускае такую вялікую разнароднасць рэлігій, а хутчэй таму, што мы знаходзім у іх так шмат агульных элементаў”, — слушна сцвярджаецца ў кнізе «Канфесійны друк у Беларусі«, якая пабачыла свет у 2008 годзе ў выдавецтве БДУ. Аўтар гэтага даследавання — Сцяпан Васільевіч Говін — кандыдат гістарычных навук, Лаўрэат прэміі Саюза журналістаў СССР — у свой час быў пачынальнікам вывучэння гісторыі беларускай журналістыкі, напісаў на гэтую тэму каля 200 навуковых працаў, у тым ліку манаграфію, некалькі падручнікаў і мноства артыкулаў.

Новая кніга С.В.Говіна знаёміць чытача з дагматыкай традыцыйных канфесій на Беларусі, а таксама расказвае пра сутнасць разнастайных рэлігійных плыняў і адгалінаванняў новага часу. Безумоўна, галоўная ўвага надаецца развіццю, стану і ролі рэлігійна арыентаваных СМІ. Праца «Канфесійны друк у Беларусі» ўключае ў сябе акрамя праграмы і курса лекцый, неабходных найперш студэнтам журфака, і надзвычай цікавыя дадатковыя дапаможныя матэрыялы. У іх ліку — «Бібліяграфічны паказальнік рэлігійных выданняў у Беларусі (1863–2005 гг.)» і «Слоўнік рэлігійных тэрмінаў».

Адным з найцікавейшых раздзелаў выдання з’яўляецца раздзел, прысвечаны сродкам масавай інфармацыі Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Аповед пра гісторыю Касцёла ў нашым краі даследчык распачынае з часоў Вялікага Княства Літоўскага. С.В.Говін знаёміць чытача з асаблівасцямі культу і дагматыкі Рыма-каталіцкага Касцёла, а таксама засяроджваецца на пачатку выдавецкай дзейнасці беларускіх католікаў. Надзвычай цікава ўспрымаюцца звесткі пра заснаванне рэлігійна-асветніцкай газеты «Belarus», якая выходзіла ў 1913–1915 гадах, пра гісторыю стварэння і функцыянаванне славутай партыі БХД — Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Не пакіне абыякавай чытача і інфармацыя пра выдавецкую дзейнасць Касцёла ў Заходняй Беларусі. Гэтая слаўная старонка беларускай гісторыі вядомая нямногім, а звязана яна, між тым, з дзейнасцю славутых беларускіх ксяндзоў-адраджэнцаў: А.Станкевіча, В.Гадлеўскага, А.Цікоты, К. Стаповіча (знакамітага паэта Казіміра Сваяка) і інш. Гэтыя святары-пакутнікі заўчасна загінулі — хто ад цяжкай хваробы, хто ў сталінскіх лагерах, але менавіта яны так шмат зрабілі для развіцця беларускага друкаванага каталіцкага слова. Напрыклад, ксёндз Адам Станкевіч, які памёр у 1949 годзе ў халоднай Сібіры, быў ініцыятарам стварэння ў Вільні друкарні імя Франсцыска Скарыны і Беларускага каталіцкага выдавецтва, узначальваў некаторы час рэдакцыю вядомай каталіцкай газеты «Крыніца» («Беларуская крыніца»).

Сцяпан Говін прыводзіць цікавыя звесткі з жыцця беларускіх католікаў і пасля Другой сусветнай вайны. Ён расказвае пра пераслед, які яны перажывалі разам з іншымі рэлігійнымі канфесіямі на Беларусі. Сведчаннем гэтага з’яўляецца той факт, што ў 1986 годзе ў нас налічвалася ўсяго 86 каталіцкіх парафій, праз дзесяць гадоў — у 1996-м — іх колькасць павялічылася амаль у чатыры разы, а ў 2005 годзе ўзрасла да 438.

Католікаў на Беларусі сёння больш за два мільёны, і аўтар кнігі падрабязна расказвае пра выдавецкую дзейнасць сучаснага беларускага Касцёла. Ён засяроджваецца на гісторыі стварэння і змесце такіх шырока вядомых выданняў, як часопіс Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Ave Maria», квартальнік «Наша вера», часопісы «Дыялог», «Вера і жыццё», інфармацыйны бюлетэнь «Каталіцкія навіны», штотыднёвік «Голас душы», а таксама часопіс для дзяцей «Маленькі рыцар Безаганнай».

Актывізацыю рэлігійнага жыцця на Беларусі на пераломе ХХ–ХХІ стагоддзяў сёння ніхто не стане адмаўляць. Гэтая станоўчая з’ява ў многім тлумачыцца і шырокім выкарыстаннем друкаванага слова, аўдыёвізуальных СМІ, Інтэрнэта. Знакаміты англійскі навуковец Пол Джонсан у сваім дакладзе на ХІІ Міжнароднай канферэнцыі па сродках масавай інфармацыі ў Сеуле ў 1993 годзе гаварыў: «Сродкі масавай інфармацыі з’яўляюцца ў патэнцыяле вялікай свецкай царквой, накіраванай на рассейванне цемры невуцтва і сцвярджэнне ісціны. Евангелле ад Яна, калі задумацца, прысвечана прэсе, і Езус Назаранін можа быць названы першым журналістам, які прыносіць чалавецтву Добрую Навіну. Ці можа хто-небудзь усумніцца ў тым, што чалавек, які прапаведаваў некалі пяці тысячам, сёння не пакарыстаўся б магчымасцямі газеты ці тэлебачання?»

З гэтым выказваннем пераклікаецца і інфармацыя, прыведзеная ў кнізе С.В. Говіна. Даследчык спасылаецца на біскупа С.Падэўскага, які «асноўную ўвагу звярнуў на ролю Інтэрнэта ў перадачы інфармацыі». Кардынал Роджэр М.Маконя сказаў: «Калі б св. Павел быў жывы, ён днём і ноччу абвяшчаў бы слова Божае праз Інтэрнэт».

Кніга С.В. Говіна «Канфесійны друк у Беларусі» ахоплівае надзвычай шырокі аб’ём канкрэтнага матэрыялу, які датычыць гісторыі і сучаснасці не толькі каталіцызму на Беларусі, але і Беларускай Праваслаўнай Царквы, юдаізму, уніяцтва, ісламу, пратэстантызму і іншых рэлігій і іх друкаваных выданняў. Істотна, што ў гэтым даследаванні ёсць слушныя і ўзважаныя высновы, якія будуць карыснымі для ўсіх, хто цікавіцца праблемамі духоўнага жыцця.

Галіна Тычко,
доктар філалагічных навук,
прафесар кафедры сацыялогіі факультэта журналістыкі БДУ.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY