|
|
|
№
4(58)/2011
Рэлігія і свет
На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Ad Fontes
Пераклады
Джанні Д’ЭЛІЯПРОСТАЯ БЕЛАЯ СТАРОНКА Вера & Cultura
Постаці
Родны край
Галерэя
Інтэрв’ю
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Юбілеі
Паэзія
Пераклады
Асобы
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы
|
Фламандскага мастака і графіка Пітэра Брэйгеля (к. 1525–1569) называлі і называюць Старэйшым, таму што ён быў заснавальнікам мастакоўскай дынастыі і бацькам двух мастакоў, якія працягнулі ягоную мастацкую традыцыю. Самым вядомым з іх з’яўляецца Пітэр Брэйгель Малодшы. Яшчэ пры жыцці Пітэра Старэйшага называлі «найдасканалейшым мастаком свайго стагоддзя», «новым Геранімам Босхам», а таксама Брэйгелем Сялянскім — за дэмакратызм ягонай творчасці, любоў да простага люду, за тое, што ён узняў «карцінкі з сялянскага побыту» ў сферу высокага мастацтва. Дагэтуль працягваюцца даўнія спрэчкі на тэму стылістычнага вызначэння ягоных карцін і гравюраў. Французскі мастацтвазнаўца Шарль дэ Тольнэ ў мінулым стагоддзі адлюстраваў геніяльную складанасць мастацкага светапогляду вялікага майстра: «У сваім захапленні багаццем матываў, у пэўнай схільнасці да дэкаратыўных рашэнняў Брэйгель яшчэ належыць канцу Сярэднявечча. Ураўнаважанасць яго кампазіцыі, ягоная мікракасмічная канцэпцыя прасторы выдаюць мастака Рэнесансу. Ягонае бачанне цэлага, перадача з’яваў прыроды ў трапяткой атмасферы вызначаюць барочнае мастацтва»1. Пітэр Брэйгель нарадзіўся ў нідэрландскай правінцыі Брабант, у горадзе Брэда або ў вёсцы Брогел непадалёк ад Брэда. Юнаком ён трапіў у Антвэрпэн, дзе пачаў навучацца гравёрнай справе ў майстэрні Пітэра Кука ван Альста, прыдворнага мастака імператара Карла V. У 1551 г. Брэйгель быў прыняты ў гарадскую гільдыю мастакоў і пачаў працаваць у майстэрні Гераніма Кока. У свайго мэтра ён упершыню ўбачыў гравюры з твораў Гераніма Босха. Маладога гравёра настолькі ўразілі вобразы Босха, што ён стаў сапраўдным прадаўжальнікам мастацкай манеры майстра. Але трэба прызнаць, што Брэйгель ніколі не быў эпігонам Босха (як многія іншыя мастакі той эпохі), а знайшоў свой шлях у свеце, адкрытым вялікім папярэднікам. Вядома, што Г. Кок часам нават падрабляў подпіс на гравюрах, выкананых Брэйгелем, і прадаваў іх як творы Босха. У 1552–1553 гадах Брэйгель падарожнічае па Францыі, Швейцарыі, Італіі, узбагачаючыся натхненнем і досведам. У 1563 годзе ён пасяляецца з сям’ёй у Брусэлі. Цікава, што Брэйгель тройчы звяртаўся да тэмы Вавілонскай вежы. Да нашага часу захаваліся яго венская карціна і меншы па памерах твор, які знаходзіцца ў Ратэрдаме. Выдатны нямецкі даследчык нідэрландскага і фламандскага мастацтва Макс Фрыдлэндэр выразна вызначыў сутнасць звароту паўночнаеўрапейскіх мастакоў Рэнесансу да Бібліі як крыніцы творчасці: «Біблію чыталі з захапленнем і інакш, чым раней, разумеючы свяшчэнны тэкст і пазнаючы сябе саміх у ім. У Бібліі людзі знаходзілі святую зямлю пад ваеннай акупацыяй і бачылі ў ёй, чытаючы Пісанне, сваю радзіму»2. Напрыканцы жыцця Пітэр Брэйгель стаў сведкам трагічных падзеяў на радзіме. Імперыя Габсбургаў разгортвала масавыя рэпрэсіі супраць насельніцтва нідэрландскіх правінцый. У Брусэлі дзейнічала карніцкая экспедыцыя герцага Альбы. Імперыя пасля стагоддзяў бязлітаснай эксплуатацыі багатых валадаранняў прыкладала намаганні для захавання сваёй улады над народам, які імкнуўся да незалежнасці. Распачыналася 80-гадовая вайна, у якой імперыялісты карысталіся рэлігійнай матывацыяй (барацьба супраць кальвінізму) для апраўдання сваёй палітыкі і ўлады. Не аднойчы ў сваіх творах Брэйгель праз прызму евангельскай тэмы непасрэдна перадаваў вобраз трагічнай рэчаіснасці свайго часу. Так, у карціне «Забойства немаўлятак» (1566) сярод тых, хто камандуе злачыннай акцыяй, бачна постаць імператара Карла V. Карціна «Вавілонская вежа» намалявана мастаком на аснове Кнігі Быцця (11, 1–9). Пасля Сусветнага патопу людзі вырашылі пераўзысці Боскі твор. «І сказалі яны: Давайце збудуем сабе горад і вежу, вяршыня якой узнясецца да нябёсаў, і зробім сабе знак, каб не рассеяцца па паверхні ўсёй зямлі». Брэйгель паказаў у сваёй карціне найвышэйшы момант рэалізацыі каласальнага праекту апантанага пыхай чалавецтва. Вяршыня канструкцыі ўжо знаходзіцца па-над воблакамі, чалавечая воля, здаецца, трыумфуе над нябёсамі — праца кіпіць, зямное валадарства з задавальненнем назірае, як выконваюцца яго загады… Ды марнымі аказаліся намаганні пыхлівых: «І сказаў Пан: Вось адзін народ і адна ва ўсіх мова; і вось што пачалі рабіць, і не адступяцца яны ад таго, што задумалі ўчыніць. Сыдзем жа і змяшаем там мову іхнюю так, каб адзін не разумеў мовы другога. І рассеяў іх Пан адтуль па паверхні ўсёй зямлі, і яны перасталі будаваць горад». Але ўсё гэта наперадзе. Пакуль што ўсё ладзіцца ў руках марных будаўнікоў. Чэшскі мастацтвазнаўца Ярамір Нойман так каментуе карціну: «Мы павінны захапляцца пластычнай грунтоўнасцю і энцыклапедычнай дакладнасцю мастакоўскага касмічнага вобразу. Рэдка калі ўдавалася злучыць у карціне столькі разнастайных рэчаў і працоўных дзеянняў у аўтэнтычным адчуванні жыцця»3. І сапраўды, у творы Брэйгеля паўстае касмічны вобраз, лепш не скажаш. Адчуваецца, што мастак думаў не пра эпізод з гісторыі аднаго горада, а пра драму ўсяго чалавецтва. Непасрэдна за недабудаванай вежай месціцца вялікі горад (зразумела, фламандскі паводле архітэктуры). За горадам да самых гор на даляглядзе распасцерлася зямля з лясамі, дарогамі і пагоркамі. Абапал сушы — магутная рака, якая ў правай частцы кампазіцыі хутчэй нагадвае мора: да мола прыстаюць вялікія і малыя караблі, порт таксама абслугоўвае вавілонскую будоўлю. Але ўсё гэта патрабуе ўважлівага разгляду і адкрыцця бясконцых дэталяў. На першым плане ў левай частцы кампазіцыі мастак паказвае большыя па маштабе постаці. Гэта легендарны заваёўнік Вавілона Німруд са світай і ахоўнікамі, якія пільнуюць працу з дзідамі ў руках, стоячы за ягонымі плячыма. Каранаваны Німруд у доўгай светла-фіялетавай мантыі прымае мітуслівыя тлумачэнні чыноўніка, які пакорліва схіліўся злева ад яго. А перад ім на ўсходні манер укленчылі работнікі-каменячосы (на выгляд — фламандскія прасталюдзіны). Яны ператвараюць сваёй цяжкой працай каменныя глыбы ў гладкія пліты, з якіх будуецца вежа. Але надзьмуты дэспат упэўнены, што гэта менавіта ён з’яўляецца гаспадаром усіх працэсаў і з’яваў, што ўсё падуладна толькі яму. Ясна чытаецца з’едлівая іронія мастака, які амаль растварае самазванага «дэміурга» ў макракосме краявіду. Але галоўны персанаж карціны, безумоўна, сама Вежа, якая займае сваёй масай больш за палову выявы. Ужо сучаснікі мастака заўважылі ў шмат’яруснай пабудове канструкцыйныя рысы (перш за ўсё сістэму падвойных арак) рымскага Калізея, або інакш — цырка Флавіяў, пабудаванага ў І ст. Пабудову называлі Colosseum (Каласальны) яшчэ ў тую пару, калі на арэне цырка адбываліся гладыятарскія баі і дзікія расправы над хрысціянамі. Калізей на працягу тысячагоддзяў застаецца адным з галоўных сімвалаў паганскай пыхі імператарскага Рыма, які замахнуўся на валадаранне ўсім светам і назваў сваю імперыю Pax Romana — Рымскі Свет. Вытанчаны, строгі рысунак, уласцівы манеры Брэйгеля, — таксама адметная прыкмета фламандскай школы. Каларыт карціны, пабудаваны на багатай нюансамі гаме жоўтых, карычневых і блакітных адценняў, прадыктаваны прыглушаным святлом неба, якое засцілі воблакі. Рэнесансавы мастак дэманструе сваё майстэрства ў перадачы розных стыхіяў прыроды і відаў чалавечай дзейнасці. Адчуваецца, што ён жыве ў эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыццяў. Але дыдактычная ідэя карціны выразна дамінуе ў яе вобразным ладзе. Паводле Боскай волі, чалавецтва існуе ў разнастайнасці і багацці нацыянальных моваў, культур і традыцый. Кожная імперыя з яе ўніформнасцю і «общепонятным языком» ёсць гвалтам над парадкам, усталяваным Усявышнім. І фламандцы, і беларусы — усе народы, якія існавалі пад імперскім панаваннем, — ведаюць, якім каштоўным ёсць дар Боскі: родная мова, нацыянальны дом — родная краіна. Народы ведаюць таксама, што вавілонскія вежы ўсіх імперый абрынуліся ў нішто. А здаваліся такімі магутнымі і непераможнымі… Валеры Буйвал
|
|
|
|