|
|
|
№
4(58)/2011
Рэлігія і свет
На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Ad Fontes
Пераклады
Джанні Д’ЭЛІЯПРОСТАЯ БЕЛАЯ СТАРОНКА Вера & Cultura
Постаці
Родны край
Галерэя
Інтэрв’ю
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Юбілеі
Паэзія
Пераклады
Асобы
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы
|
У матэрыяльнай структуры жывапісу вякамі ішоў складаны працэс малекулярнага распаду... І цяпер ідзе. І будзе ісці далей. І ўсялякі выкарыстаны ў рэстаўрацыі матэрыял будзе чужародным для структуры, якая пражыла вякі, — няхай сабе італьянскай ці нашай беларускай... нават марсіянскай. Зрэшты, трэба выбраць адну... Далёка не шукаў: зняў са стэлажа ў майстэрні адзін з тых абразоў, што ўжо 15 гадоў чакае рэстаўрацыі — абраз Маці Божай Рымскай (Снежнай; палатно, алей, 70×100), сакральны жывапіс ХVIII стагоддзя. Палатно з жывапісам, прыклеенае да драўлянай асновы, месцамі адстала ад сасновай дошкі, пакарабацілася. Мяркуючы па стане палатна, яго намагаліся адклеіць, але, заўважыўшы сляды жывапісу на адваротным баку, спынілі працэс адслаення, бо, не пашкодзіўшы фарбавага слою адваротнага боку, зрабіць гэта было немагчыма. На адваротным баку адклеенага фрагмента, у правым верхнім кутку, праглядаецца выява геральдычнага картуша, а ў картушы — ці то падкова, ці то паўмесяц... Партрэт — на адваротным баку? У Беларусі рэстаўратару працаваць не сумна: у нас і запісы, якія змяняюць канфесійную прыналежнасць рэчы (асабліва жывапісу), зробленыя тым, што было пад рукою, і адсутнасць кананічнай строгасці, і ўмельства вандроўных майстроў, знаёмых з усходнімі і заходнімі прыёмамі рамяства... І толькі шматгадовая практыка, вопыт дапамагаюць рэстаўратару разглядзець пэўныя тэхналагічныя заканамернасці, якія на справе аказваюцца не заканамернасцямі, а нечакана-негаданымі праблемамі, абумоўленымі складам грунту, якасцю пакрыўных і каляровых лакаў з мясцовых смолаў і камедзяў, кепскімі аліфнымі плёнкамі, змяшанымі тэхнікамі і шматлікімі запісамі. Свядомы або інтуітыўны сінтэз тэхналагічных прыёмаў Захаду і Усходу часам нараджаў на прасторы іканапіснай дошкі своеасаблівую сустрэчу Візантыі і Еўропы, ствараючы вельмі адметныя, уласцівыя нашаму старому мастацтву гарманічныя творы, рэстаўрацыя якіх патрабуе і асаблівых прыёмаў працы... Адзінкі твораў ХVI–XVII стагоддзяў, пераважна — XVIII. Напэўна, усё лепшае, адзінкі ўзораў якога мы ўсё ж маем, незваротна знікла, патанула ў віры нашай гісторыі — як, напрыклад, слуцкія паясы, што ў такім мностве апынуліся недзе за межамі. Беларусь здаўна, з часоў Польска-Літоўскай дзяржавы — Рэчы Паспалітай — была традыцыйнаю прастораю каталіцтва і праваслаўя. Існавалі — і проста, і ў дыялогу, і ў адкрытым супрацьстаянні пасля Уніі 1596-га... карацей кажучы, жылі, не губляючы адна другую з поля зроку. І Царква, і Касцёл апекавалі сваіх вернікаў ад калыскі да труны, фармуючы іх густ убраннем і архітэктурай сакральных збудаванняў, складаючы з дапамогаю пропаведзяў іх светапогляды і ўяўленні пра сэнс жыццяя. Усе дарогі, як вядома, вялі ў Рым. І з Рыма людзі вандравалі па ўсім свеце. Прыходзілі і на нашую зямлю, прыносячы ў першую чаргу тое, што не было цяжкаю ношаю: свае думкі, музыку, пэндзлі і фарбы, якімі выцяснялі Візантыю і ў касцёлах, і ў цэрквах. Разам з каталіцтвам Італія жыве ў архітэктуры і жывапісе беларускіх касцёлаў і сёння, дыхае ў чорна-белых фігурках манашак, у адзенні нашых ксяндзоў, у благаслаўленнях Папы Рымскага беларускім людзям, міласціва ўшанаваным такою ўвагаю. Стан захавання нашай спадчыны здольны здзівіць нават вельмі абазнанага рэстаўратара, у тым ліку італьянскага. У Італіі на тысячагадовай скульптурнай выяве людзі могуць зацалаваць палец на назе святога да яго поўнага знікнення, і гэта будзе прычынаю для рэстаўрацыі скульптуры. У нас жа — рамонты з веку ў век кожныя чвэрць веку, заўсёдныя пажары, войны, атэістычная нецярпімасць, безгаспадарчасць, адсутнасць самасвядомасці і згубнае для мастацкіх твораў парушэнне тэмпературна-вільготнаснага рэжыму як наступства ўсіх вышэйпералічаных непамыслотаў. Не гаворачы ўжо пра час, які не заўсёды лечыць, — хутчэй наадварот. Апісваючы стан захаванасці абраза Маці Божай Снежнай і рэстаўрацыйную праблему (для перасылкі дакументаў у Італію), я падумаў: пра які майстар-клас ідзе гаворка? Ну прыехаў бы, напрыклад, Юры Башмет са сваім альтом і паказаў бы, як трэба трымаць смычок, і сам паказаўся б — вось гэта зразумела: нахтнёны музыкант, голас, манера, прычоска... Само з’яўленне класнага артыста перад калегамі ўжо ёсць майстар-класам. А рэстаўрацыя — справа доўгая, марудлівая, ціхая, келійная. Працэс, які патрабуе асцярожнасці, папярэдніх доследаў і роздумаў, сумненняў... Што майстэрскага можна паказаць мімаходзь, калі ў любым выпадку давядзецца пачынаць з умацавання грунту і фарбавага слою? На любой з абраных іконаў праца па стабілізацыі разбуральнага працэсу зойме, як мінімум, некалькі рабочых дзён (калі ўсё пойдзе гладка), потым умацаваны жывапіс павінен адстаяцца: новае ўмацавальнае рэчыва, уведзенае ў амаль разбураную структуру, павінна акрэпнуць... Цікава будзе паглядзець на італьянку, якая прывыкла да непераўзыдзеных шэдэўраў, згорбленую з прасам над нашым безыменным «правінцыйным» жывапісам. І гэта будзе ўсё, што яна паспее паказаць... Але яны так захацелі... І каб абавязкова майстар-клас... У лісце аддзела культуры Пасольства Італіі былі пазначаныя жаночае імя і прозвішча, якія маглі стаць цалкам прыдатнымі для гістарычнай аповесці пра часы Тыцыяна або чумы ў Венецыі. Рыскаючы ў «сеціве», я знайшоў фота, якое ніяк не звязвалася для мяне з прынцыпамі навуковай рэстаўрацыі... Але, магчыма, гэта было фота той асобы, якая павінна была прыехаць да нас, каб прачытаць лекцыю пра дасягненні італьянскай рэстаўрацыі і правесці майстар-клас. Слаба ўяўляючы, што якісьці мастацкі музей у свеце можа дазволіць заезджаму спецыялісту, няхай сабе італьянскаму, дэманстраваць сваё майстэрства на рэчы з уласных фондаў, я завабіўся магчымасцю зведаць новыя матэрыялы, якая павінны была прывезці з сабою італьянка для правядзення майстар-класу, і з нецярплівасцю чакаў яе з’яўлення ў нашых майстэрнях, але раптам, без тлумачэння прычынаў, нам ціха абвясцілі, што яна не прыедзе...
* * * ... Часам гартаеш альбом з карцінкамі, глядзіш і ніяк не нагледзішся, і ўзыграе раптам сэрца, і ўсклікнеш нешта накшталт: «Божа мой, Божа! Чаму ж у мяне няма такой бекешы!» А што яшчэ ўсклікаць, калі нехта нарадзіўся і жыве ў Італіі, а нехта дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся, і, разглядаючы прыгожыя альбомныя карцінкі, можа толькі ўяўляць тую прыгажосць сапраўдную... Чытаючы нарысы розных падарожнікаў, міжволі думаеш: ці магчыма чалавечаю моваю перадаць благаслаўлёнае здзіўленне, захапленне, зачараванне і замілаванне нябёсамі, морам, горамі, паветрам, алівамі, тэрасамі, вінаграднікамі, лімонамі, апельсінамі і мандарынамі, касцёламі, цэрквамі, капліцамі, руінамі, музыкай, жывапісам, скульптурай, палацамі і замкамі, вясковымі сядзібамі, экстэр’ерамі і інтэр’ерамі, модаю, кухняй? Ці засталося нешта не пералічанае?
Нават Пушкін паўтарыўся. Праўда, ён ніколі не бываў у Італіі. І Лермантаў ніколі не бываў. А вось Гётэ, які бываў, пісаў у сваіх нататках: «Я радуюся благаслаўлёным наступствам, якія будуць праяўляцца ўва мне да канца маіх дзён». У Рыме ён спазнаў тую напоўненасць, тое «... цэлае, пра якое колькі ні думай, колькі ні мрой, усё роўна не ўзнікне ў тваім уяўленні»... На геаграфічнай мапе тысячнага года апенінскі «боцік» «пашыты» з рознакаляровых лапікаў шматлікіх княстваў, герцагстваў, маркграфстваў і царстваў. Назва кожнага лапіка нешта азначае, але некаторыя гучаць проста чароўнай музыкай, бо азначаюць назву слыннай мастацкай школы: Чынквачэнта-Кватрачэнта... Быццам шчабечуць нейкія чароўныя птушкі, што суправаджаюць нябачныя цені вялікіх майстроў, якія відавочна не ведалі, што робяць, бо тады ўсё прыгожае лічылася адбіткам духоўнай прыгажосці Бога і самі творцы непахісна верылі, што стварае толькі Найвышэйшы. Бачная прыгажосць у былыя часы лічылася праяваю іншай прыгажосці, нябачнай. Італія — краіна бачнай прыгажосці. Творы яе майстроў несмяротныя, і гэтаму садзейнічаюць менавіта рэстаўратары. Рэстаўратар па сваёй сутнасці — майстар неўміручасці. Ён — вялікі лекар, які намагаецца вярнуць прыродзе рэчаў іх натуральны стан, вярнуць жыццё. А між тым чалавецтва (думае чалавек, гледзячы ў тэлевізар) відавочна дэградуе, нішчыць свой прыстанак на планеце — на Зямлі ўсё менш і менш месца для сапраўднага мастацтва і чалавечнасці. Аднак італьянцы, нягледзячы на тое, што іх зямлю, як і ўсю Еўропу, апанавалі чорна-жоўтыя прышэльцы чужых культураў, быццам выпалі з усеагульнага руху homo sapiens ад наскальных малюнкаў да вульгарных выяваў у грамадскіх прыбіральнях. Або, калі браць меншы адрэзак часу, ад Афрадыты Праксіцеля (першай максімальна рэалістычнай выявы аголенай жанчыны) да эратычных серыяў Джэфа Кунса... і далей... Толькі куды? Італьянцы, здаецца, тармазнулі сябе на імклівым шляху ў будучыню, утрымаўшы пры сабе лепшыя рысы характару народаў лацінскага племя, сярэднеземнаморскую дыету і звычку есці, не спяшаючыся, атрымліваючы радасць ад працэсу спажывання ежы і быцця. Яны здолелі ўстаяць перад Мак-Дональдсам і фастфудам, а таму па-ранейшаму жыццярадасныя, падцягнутыя, рухавыя, усмешлівыя, лёгкія і для сябе, і для іншых, быццам не ведаюць, што канец свету не за Альпамі. Успрыманне прыгажосці таксама патрабуе напружання, хоць яны і прывыклі да гэтых перагрузак, з маленства жывучы па сутнасці ў музеі, церпячы бясконцыя натоўпы турыстаў, якія мітусяцца па скляпеністых галерэях іх вуліцаў і ў гарачыню, і ў непагадзь. Гарады, вядомыя мне па выявах на старажытных фрэсках як скапленні ружовых вежаў і ружовых палацаў у атачэнні блакітных сценаў крэпасцяў і аліўных ірвоў, кішаць турыстамі, якія, запаўняючы сабою ўсе куткі, захоплена перажываюць спазнанне некалі ўбачанага на альбомных карцінках, каб потым дома паказваць блізкім ужо свае карцінкі, намагаючыся мімаходзь засведчыць панібрацкае далучэнне да вяршыняў чалавечага духу... Можа, менавіта за гэтым людзі так імкнуцца ў Італію... ...І куды ні глянеш, усё падпісанае, атрыбутаванае, усё найвышэйшага рамяства і мастацтва. Выявы святых — у жывапісе і скульптуры — здаецца, выпраменьваюць энергію сваіх першавобразаў, дапоўненую энергіяй створцаў. Цесна пераплеценыя рэальны свет і свет вобразаў гарманічна сумяшчаюцца ў адно цэлае. Пад прамяністымі нябёсамі натуральна і проста пануе настрой вясёлай адухоўленасці. Дык як жа не верыць у цуды, сузіраючы творы старых Майстроў, няхай сабе і на карцінках. «Гэтай карціне жадаеш вечнага жыцця, прыміраючыся нават з думкаю пра тое, што сам ты хутка станеш пылам», — так сказана пра святую Цэцылію Рафаэля, пра якую Гётэ так «шмат ведаў, але цяпер убачыў на свае вочы». ...Мара рэстаўратара: яго справе — вялікаму лекарству — няма канца... У Італіі... ...Я ніколі там не быў, аднак асмельваюся думаць, што для Наступніка Бога на зямлі сапраўды няма лепшага месца... бо там, пад балконам, з якога гучыць Urbi et Orbi, — жыццё ў дзве тысячы гадоў — усё на той жа зямлі тыя ж сцены, і ў народа ўсё той жа характар... і Рым змяняецца Рымам, і розныя эпохі наслайваюцца адна на адну пад велічнымі пастаментамі статуяў, уладыкаў, кандацьераў, паэтаў, святых... ...Калі выпадкова пад нашым бялёсым небам сустрэнеш італьянца, абавязкова падумаеш: вось ён, шчаслівы нараджэнец прамяністых нябёсаў, прастораў блакітнага «сфумата», прышэлец з тых чароўных пейзажаў празрыстага паветра, дзе не варушацца лісты на дрэвах, дзе пад нагою святога не шалохнецца былінка... на старажытнай карціне. Мне, які ніколі не бываў ні ў адным з тых гарадоў, адны назвы якіх зачароўваюць уяўленне, здаецца, што лёс італьянца ў насычанай архетыпамі прасторы ўзвышаны да агульначалавечага — усё душэўнае, усё несвядомае, увасобленае ў рэальныя формы вытанчаных твораў, перапаўняе італьянцаў і перацякае ў калектыўнае несвядомае, насычаючы атмасферу Італіі духам мастацтва, што там жыве гэтак жа натуральна, як прыгажосць у прыродзе. Італьянцы звыкліся з таямнічым уздзеяннем мастацтва як з часткаю навакольнага асяроддзя. Так здаецца мне, жывучы ў Беларусі, якую (вось жа цікава сказаў паэт!), «каб любіць... трэба ў розных краях пабываць...» А калі не бываў — дык што? Не любіць? Люблю. Люблю нават тады, калі бачу касцёл ХVII стагоддзя, вежы якога «ўпрыгожваюць» недарэчныя пазалочаныя «цыбуліны». А што рабіць? Напэўна, яшчэ раз задумацца пра тое, што «каб любіць», трэба, мусіць, прывесці ў парадак тое нямногае, што ацалела ў руінах, і не псаваць таго, што ацалела проста цудам. І не будаваць «небывалых» архітэктурных «шэдэўраў» наспех, каб было, як у Італіі, дзе нават у занядбаных мясцінах ёсць касцёлы бедныя і простыя, але ніколі — безгустоўныя; каб нарэшце нашай нацыянальнай ідэяй стала аднаўленне двух дзясяткаў пакінутых у «мярзотнасці запусцення» палацаў і сядзібаў, якія сведчаць пра былую, хоць і сціплую, але ж вартасць, гонар... Вось якія ў мяне мары... Між іншым, у апенінскі «боцік» усё складвалі і складвалі вякамі і тысячагоддзямі, а з нашага беларускага скрыжавання ўсё зносілі і зносілі... Уявіце сабе: рэстаўратар, выконваючы сваю звыклую працу, дакранаецца (о, Божа!) да гісторыі мастацтва. Пра што ні згадай — усё непераўзыдзеныя шэдэўры ўсіх часоў і народаў. Зрэдку ў рэстаўрацыю паступаюць рэчы, якія ўжо рэстаўраваліся чатырыста, а мо і больш, гадоў назад. І Італіі, напэўна, не зразумела, што такое «невядомы мастак», — бледны і вечна непрытульны прывід нашых музеяў, які шукае прыстанку ў танюсенькіх брашурах каталогаў і сціплых экспазіцыях. ... І раптам абвясцілі, што да нас едзе (не, не рэвізор) рэстаўратар... з Італіі! І вязе з сабою выставу іх дасягненняў рэстаўрацыйнай навукі! У навуковасці рэстаўрацыі (скажу Вам, мадам, па сакрэце...) я ціха сумняваюся ўжо гадоў дваццаць. Думаю, што рэстаўрацыя — гэта не навука... Ну, вядома, выяўленне, вывучэнне, высновы, усялякія прыборы, інструменты, тэхналогіі, хімікаты і прэпараты... і што? А можа гэта мастацтва? Пэндзлі ж, мальберты, муштабелі, фарбы, палітры — таксама... Не, не мастацтва, калі разумець розніцу паміж творчасцю і рамесніцтвам. Дык значыць — рамесніцтва? Рамесніцтва, якое не абагульняе тэарэтычных асноваў, у якім веды і вопыт набываюцца ад майстра да вучня, праз асабістыя памылкі — да асабістага вопыту. Падобна да алхіміі, якая і не навука, і не мастацтва, і не рамяство, не рэлігія, не філасофія, але ўсё разам — алхімія. І мэта вельмі падобная — ператварэнне рэчыва. Але няма тэорыі, пабудаванай на навуковым абагульненні вопыту. Як няма і несупярэчлівага разумення таго, што з’яўляецца канчатковаю мэтаю рэстаўрацыі: матэрыяльная субстанцыя ці ўсё ж умацаванне не толькі грунтаў і фарбавых слаёў, але і анталагічнай сувязі матэрыяльнай структуры твора з яго эстэтычнай выразнасцю... у імя ўмацавання духоўнай сувязі прыгажосці з чалавекам. Можа гэта ведаюць італьянцы?.. ...Ніякіх звестак у інтэрнэце я не знайшоў, таму што не ведаў прозвішча. Але яна ўсё ж прыехала і прывезла ў наш музей выставу, прымеркаваную да святкавання аб’яднання Поўначы і Поўдня Італіі. Рысарджамэнто — гэтак яны называюць этап сваёй гісторыі. Прозвішча было дастаткова італьянскім, а звалі яе Эліяна (відаць, ад прарока Іллі). На маім рабочым стале ляжала кармэліцкая ікона на медзі: вогненнае ўзыходжанне прарока... і я ўгледзеў у гэтым нейкае прароцтва, не ведаючы яго сэнсу... Яна з першага погляду стварыла цалкам экзатычнае ўражанне — нешта афрыканска-цыганскае, акультуранае італьянскім. Бледна-смуглявая, яна была ў чорным і белым і круціла вялікімі, як у каня, і такімі ж выразнымі, як у каня, вачыма — нібы згаслы вулканчык, гатовы прачнуцца ў кожную хвіліну. Ад яе гладкага смуглявага ілба дыхала спёкаю паўднёвага сонца — згадаўся чорна-белы свет італьянскага неарэалізму 70-х гадоў на нашых экранах. Чарлз Букоўскі, бясспрэчна, зацікавіўся б ёю... Зрэшты, і мне хацелася б разгадаць сіцылійку, навучаную рэстаўрацыі ў рымскім інстытуце. На жаль, гэта было магчыма толькі праз перакладчыка. ... Хто не ведае, што Італія заўсёды знаходзілася ў авангардзе тэарэтычных даследаванняў, распрацоўкі законаў, гарантуючых захаванне каштоўнасцяў культуры, і найперш методык выканання ўсіх рэстаўрацыйных працэсаў? Мы ведаем гэта па альбомных карцінках і кнігах, таму прывезеная на трыццаці планшэтах выстава ніяк не здзівіла і нічога новага не адкрыла — тыя ж карцінкі і тэксты. Аднак магчымасць праз перакладчыка кантактаваць з калегаю, якая прыехала з свету адвечных шэдэўраў, была, безумоўна, вельмі цікаваю. Нам была важная ацэнка нашай дзейнасці прафесіяналам з вопытам самых новых методык выкарыстання найнавейшых матэрыялаў і інструментаў, якіх у нас, на вялікі жаль, няма... пакуль што. Але гаворка пра які-небудзь майстар-клас не ўзнімалася. Што датычыць розных тэорый, дык у рэстаўрацыі помнікаў іх дастаткова — зрэшты, як і розных супярэчанняў. А вось істотных прынцыпаў малавата, таму, напэўна, няма і свайго прафесійнага слоўніка. Увогуле паняцце навуковай рэстаўрацыі вельмі расплывістае. Усе вырашэнні звычайна з’яўляюцца ў працэсе работы, і прафесіянал добра разумее, што для кожнай рэчы трэба шукаць прымальны толькі для яе падыход, беручы на сябе ўсю адказнасць за яе рэстаўрацыю. А як інакш, калі кожны мастацкі твор — стварэнне індывідуальнай свядомасці, значыць і падыход да яго павінен быць індывідуальным. Іншым ён і быць не можа, хоць і павінен адпавядаць агульным прынцыпам і законам аб захаванні помнікаў гісторыі і культуры. Ці проста гісторыі, бо якая ж гісторыя без культуры... ... Зрэшты высветлілася, што мы выкарыстоўвалі... італьянскі вопыт рэстаўрацыі, не ведаючы, што такое «тратэжыо», хоць і карысталіся гэтым прыёмам вельмі паспяхова і даўным-даўно. Аднак, што такое «даўно», калі нашай рэстаўрацыі (так званай навуковай) усяго 40 гадоў... Відаць, пра навуковасць рэстаўрацыі можна разважаць яшчэ і далей — столькі, колькі будзе існаваць патрэба ў ратаванні прыгажосці, якая павінна, на думку вядомага рускага класіка, выратаваць свет. ...Калі толькі паспее... і перажыве рэстаўрацыю...
|
|
|
|