|
|
|
№
4(58)/2011
Рэлігія і свет
На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Ad Fontes
Пераклады
Джанні Д’ЭЛІЯПРОСТАЯ БЕЛАЯ СТАРОНКА Вера & Cultura
Постаці
Родны край
Галерэя
Інтэрв’ю
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Юбілеі
Паэзія
Пераклады
Асобы
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы
|
У рубрыцы «Кніжныя скарбы» мы зазвычай размаўляем пра тое, што з сябе ўяўлялі кнігазборы каталіцкіх кляштараў у 1796 годзе. Аднак на гэты раз хочацца зрабіць адступленне ад традыцыі і перанесціся не ў 1796 г., а ў 1709 г., што звязана са знаходкай у архіве айцоў дамініканаў у Кракаве вельмі цікавых дакументаў, датаваных менавіта гэтым часам. Згаданыя матэрыялы маюць дачыненне да гісторыі т. зв. «Рускай правінцыі» ордэну, у межах якой — як мы памятаем з папярэдніх публікацый — у XVIII стагоддзі ляжаў і Менск. Гэтыя дакументы ўяўляюць з сябе сшытыя ў кнігу інвентары ордэнскіх канвентаў правінцыі за 1708–1709 гг., сярод якіх ёсць і рэестр рэчаў, што знаходзіліся ў 1709 г. у менскім дамініканскім кляштары1. Названыя акты хоць і не маюць адмысловых сігнатур захавання, але лёгкадасяжныя для даследчыкаў дзякуючы дапамозе дасведчанага і зычлівага архіварыуса айца Марка Мілавіцкага ОР, якому і я, карыстаючыся нагодай, хачу выказаць шчырую падзяку за спрыянне ў працы і магчымасць азнаямлення не толькі з самімі дакументамі, але і з літаратурай пра адносіны дамініканаў з кнігай. Выяўленыя ў Кракаве архіўныя матэрыялы дазваляюць заўважыць, што ў канвенце менскіх дамініканаў, як і ў іншых рыма-каталіцкіх кляштарах гэтага перыяду, існаваў падзел на касцёльны літургічны збор (які часам фігуруе ў дакументах як «Książki Zakrystyjne»2, бо захоўваўся ў сакрыстыі), і ўласна манастырскую кніжніцу. Прычым, калі выданні, што выкарыстоўваліся ў літургічнай практыцы, не вылучаліся сярод іншай маёмасці святыні, то бібліятэка заўсёды разглядаецца як самастойнае падраздзяленне. Таксама і з пункту гледжання гісторыка кнігі найбольшую цікавасць выклікае менавіта бібліятэка: гэта звязана з тым, што літургічны збор быў у большай ці меншай ступені ўніфікаваным і невялікім паводле аб’ёму, у той час як уласна склад кляштарнай кніжніцы дазваляе меркаваць пра інтэлектуальныя патрэбы і чытацкія зацікаўленні законнікаў.
Касцёльны кнігазбор Паводле згаданых дакументаў, касцёльны кнігазбор у 1709 г. быў адносна невялікім — усяго 13 паасобнікаў. Усе яго кнігі пералічаны ў агульным спісе касцёльнай маёмасці на арк. 221: «Mszałów Ordinis Nostri dwa / trzeci w Chotajewiczach / Mszałów swieckich dwa / Mszał starym drukiem jeden / Mszalik rekuialny jeden malęki / ... / Brewiarzów Starych do Churu należących dwa / Psaltyrz Stary Swiecki w nowey oprawie in Folio / Martyrologium do Choru należący / Procesyonał in quarto / Antyfonarz in Folio». Такім чынам, склад гэтага збору характэрны для тагачасных касцёльных бібліятэк: службоўнікі дамініканскія і звычайныя; Імшал рэквіяльны — для службы па памерлых; кнігі, патрэбныя для штодзённага набажэнства (псалтыр, мартыралог і антыфанар), а таксама — працэсіянал. «Mszaі starym drukiem» — гэта друкаваны гатычным шрыфтам службоўнік, які, напэўна, быў у касцёле з часоў заснавання кляштара. Адзін з трох прыпісаных да касцёла дамініканскіх Імшалаў быў перададзены ў філіяльную бажніцу ў Хатаевічах.
Кляштарная кніжніца Бібліятэка таксама не была вялікай, яе інвентар займае ўсяго два няпоўныя аркушы3. Гэты вопіс з’яўляецца дакументам хутчэй эканамічнага, чым бібліяграфічнага характару, таму з сучаснага пункту гледжання інфарматыўнасць паасобнага запісу мінімальная. Кнігі ў рэестры падзеленыя на раздзелы паводле фармату: «Libri in folio», «Libri in 4to», «Libri in Octavo» — то бок, «Кнігі ў аркуш», «Кнігі ў 4-ю частку аркуша» і «Кнігі ў 8-ю частку аркуша»; відаць, так яны размяшчаліся ў бібліятэчнай шафе. Паасобны запіс пазіцыі ў дакуменце мае толькі парадкавы нумар у межах раздзела, а таксама звесткі пра аўтара ды назву кнігі; прычым гэтыя звесткі размешчаны ў тым жа парадку, як і на тытульным аркушы, таму ў запісах няма аднастайнасці (напр., «3tio Opera Drexelij» і «8vo Faber de Sanctis»)4. Колькасць тамоў або паасобнікаў пэўнай пазіцыі ўказана толькі ў рэдкіх выпадках, калі з’яўляецца небяспека двухсэнсоўнасці, — напр., «Martij [sic!] Tulli [sic!] Ciceronis de Officiis Lib[ri]: 3 in uno Tomo». Квяцістыя барочныя тытулы кніг зазвычай скарачаюцца да словаў загалоўка ці ўвогуле да тэмы, а іншамоўныя назвы перакладаюцца на лаціну («Liber Italicus de S[anctis]simus Rosario»). Адзначым, што складальнік інвентара быў не ў ладах з лацінскай мовай, што відно з памылковых канчаткаў пры напісанні імя Марка Тулія Цыцэрона або з назвы кнігі «Каментар Мендозы на Кнігу Царстваў і (Кнігу) Лічбаў», якую ён падаў як «Commentarium Mendoze In Libro Regum et Mummerorum» (замест «Numerorum»). Напэўна, вопіс бібліятэкі складаўся наступным чынам: адзін законнік браў кнігу з паліцы і зачытваў яе тытул, а другі са слыху запісваў назву, што й прыводзіла да памылак, якія часта сустракаюцца ў нашым вопісе (іншыя прыклады: слова «Praedеstіnаtione» ў назве кнігі Суарэса аб прадвызначанасці збаўлення і вечнай кары напісана як «Praedisdytystione»; слова «Ideomatе» ў выразе «Ideomatе Italico» мы часам бачым з канчаткам «а» замест належнага паводле правілаў граматыкі «е»; а прозвішча вядомага тэолага і казнадзея Бузембаўма напісана без канцавога «м»). Здаралася, кнігі траплялі не ў свой раздзел, што, відаць, адбывалася праз неадпаведную расстаноўку на паліцы; у такім выпадку фармат пазначаўся пасля імя аўтара (напр., «29 Orator Polityczny in 4to Libri ...» у першым раздзеле, дзе змешчаны кнігі «in folio»). Часам трапляліся і канвалюты, прычым іх склад мог нават распісвацца па асобных алігатах — напр., кніга «Poliantea» была злучана з польскамоўным зборнікам жыццяў святых («Życia Świętych») i радзівілаўскім «Падарожжам у Святую Зямлю» («Peregrinatio Radzivilij»); пад адной аправай было сабрана і некалькі тамоў Сымона Акольскага — колішняга дамініканскага правінцыяла і славутага прапаведніка, а разам з тым і вядомага гісторыка.
Прыгледзімся больш уважліва да кніг у тым ці іншым раздзеле. Раздзел «Libri in folio» змяшчае 30 нумараваных пазіцый (з якіх адна змешчана памылкова — згаданы вышэй «Orator Polityczny»). Тэматычны склад раздзела досыць разнастайны, што цалкам зразумела, бо кнігі расстаўленыя паводле фармату, а не галіны ведаў. Пераважная большасць выданняў носіць выразны рэлігійны характар: тут і зборнікі казанняў (як згаданае вышэй выданне твораў Дрэксэліуса або пропаведзі Пятра Скаргі), і экзэгетычныя даследаванні (напр., каментары на розныя кнігі Старога і Новага Запавету, пачынаючы ад згаданага Мендозы і да Тамаша Аквінскага), і тэалагічныя трактаты (як «Theologia Moralis» Бонацыны), і палемічна-дагматычныя працы (напрыклад, «Contra persecutores Ecclesiae» Тэртуліяна або антылютаранская «De Praedistіnаtione et Reprobatione» езуіта Суарэса), і малітоўная літаратура («Rożaniec y inne Nabożne Modlitwy»). Ёсць у раздзеле таксама і рукапісы — напрыклад, «Manuscripta de p[le]na Personali X[ri]sti». Разам з тым, частка кніг мае свецкі характар (як, напрыклад, «Габрэйскія старажытнасці» Юзафа Флавія — «Josephus [Flavius] Anitquitates [Judeorum]») або знаходзіцца на памежжы літаратуры рэлігійнай і свецкай (як і згаданае вышэй лацінамоўнае «Падарожжа ў Святую Зямлю» Януша Радзівіла). У раздзеле пераважаюць творы на лаціне, польскамоўных кніг — лічаныя адзінкі («Kazania Polskie de Sanctis X[iкd]za Piotra Skargi Soci[e]t[a]tis Jesu», «Żywoty Świętych» і некалькі іншых), а на іншых мовах згадваецца толькі адна, па-італьянску — «Historia de Beata Virgine Maria Ortoni Ideomatа [sic!] Italico». У агульных рысах падобным чынам выглядаюць і два іншыя раздзелы рэестра з той толькі розніцай, што яны змяшчаюць большую колькасць пазіцый. Раздзел «Libri 4to» ахоплівае 85 нумараваных пазіцый, сярод якіх шмат прозвішчаў і назваў, папулярных у XVIІ–XVIII стагоддзях. Сярод аўтараў гэта Бесей, Фабер, Вега; сярод часта сустраканых у кляштарных бібліятэках тытулаў — «Gwiazda Morska», «Ziarno Gorczyczne» ды «Orator Polityczny», не кажучы ўжо пра разнастайныя «Sermones» і шматлікія «Commentaria» на кнігі Бібліі. Прысутнічае тут і «Biblia Sacra». Вялікую частку раздзела (не менш за чвэрць, наколькі можна меркаваць паводле кароткага апісання) складаюць рукапісы-«скрыпты» — то бок, нататкі выкладаў па рыторыцы, філасофіі і тэалогіі: «Rhethorica Manuscripta», «Manuscripta Cursus Philosophicus»», Logica Manuscripta», «Physica Manuscripta», «Theologia Moralis Manuscripta», «Manuscripta de Sacramentis». Некаторыя з іх паказваюць нам шляхі камплектавання кнігазбору — у прыватнасці, праз паступленне ў бібліятэку пасля смерці законніка: «item Logica Manuscripta post obitum Patris Bremenski». Як і ў папярэднім выпадку, пераважае лацінская мова тэкстаў, польскамоўныя выданні амаль усе названыя вышэй сярод папулярных у той час кніг, а з твораў на іншых мовах толькі дзве пазіцыі па-італьянску («Didaci Hisseni Con[ci]ones Ideomatе Italico» i «Bignoni de Sanctis Ideomatе Italico»). Раздзел «Libri in Octavo» змяшчае 77 нумараваных пазіцый. Тут мы бачым яшчэ больш вядомых імёнаў, а побач з трактатамі багасловаў ды казаннямі прапаведнікаў (Тамаш Аквінскі, Бесей, Бузембаўм) можна сустрэць творы антычных класікаў (напрыклад, «Пра абавязкі» Цыцэрона» ці «Эпіграматон» Марцыяла), кнігі літаратараў эпохі Адраджэння («Marsilius Ficinus») або кодэксы цывільнага права («Liber Juris Civilis») і г.д. Ахопленая ў раздзеле літаратура ў пераважнай большасці тэалагічная і лацінамоўная.
Усяго вопіс бібліятэкі налічвае 192 пазіцыі, прадстаўленыя, пераважна, тэалагічнай літаратурай на лаціне; кнігі на польскай і італьянскай мовах складаюць нязначны працэнт. Калі прысутнасць лацінскіх і польскіх кніг бачыцца цалкам натуральнай, дык пра італамоўныя трэба сказаць некалькі словаў. Рэч у тым, што дамінікане нярэдка атрымлівалі адукацыю за мяжой, і ў прыватнасці, у Італіі, таму гэтая мова шмат для каго з законнікаў была добра знаёмая. Дарэчы, менавіта дзякуючы таму, што студэнты з месцаў вучобы прывозілі з сабой не толькі засвоеныя веды, але і самі кнігі, такія выданні і рукапісы траплялі ў бібліятэку. Некаторыя з італьянскіх кніг маглі таксама трапіць у Менск з законнікамі, якія прыбылі з іншых правінцый ордэну. Што датычыць зместу, дык у ім пераважае літаратура рэлігійнага характару. Апроч яе, праўда, можна сустрэць яшчэ кнігі па гісторыі («Chronicae de rebus Polonorum»), юрыспрудэнцыі («Liber Juris Civilis»), рыторыцы («Ciceronis Orationes Pars 1ma»), класічнай філалогіі («Compendium Grammaticae Graece» Якуба Цэзарыні) ды іншых галінах ведаў, але ўсе яны разам складаюць толькі невялікую частку бібліятэчнага фонду. Вызначыць дакладную велічыню бібліятэкі досыць складана, бо колькасць шматтомнікаў у гэтым вопісе не паказаная. Так, напрыклад, прысутную ў трэцім раздзеле кнігу «Summa Theologiae» Тамаша з Аквіна мы сустракаем і ў пазнейшых дамініканскіх дакументах, у прыватнасці, у каталогу 1796 г., і толькі дзякуючы гэтаму даведваемся, што выданне складалася з 12-ці тамоў. Такім чынам, адносна аб’ёму бібліятэчнага фонду менскіх дамініканаў можна адназначна сцвярджаць толькі тое, што ён перасягаў лічбу ў 200 тамоў і даходзіў да 220–230 або, максімум, да 250 паасобнікаў. Параўнальна з іншымі бібліятэкамі ордэну гэтая колькасць выглядае малой, што можна растлумачыць стратамі падчас вайны з Маскоўшчынай і разбурэннем кляштара (пра яго аднаўленне ў канцы XVIІ ст. мы згадвалі ў папярэдняй публікацыі). У наступным артыкуле рубрыкі мы працягнем размаўляць на гэтую тэму і параўнаем апісаны тут стан бібліятэкі дамініканскага канвенту з тым, як яна выглядала ў 1796 годзе. Гэта дасць нам выдатны матэрыял для разважанняў пра змены ў кляштарных кнігазборах у XVIII стагоддзі.
На ілюстрацыях да артыкула паказаны некаторыя кнігі з вопісу бібліятэкі менскага дамініканскага канвенту. Усе прадстаўленыя тут выданні захоўваюцца ў зборах Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.
|
|
|
|