|
|
|
№
4(58)/2011
Рэлігія і свет
На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Ad Fontes
Пераклады
Джанні Д’ЭЛІЯПРОСТАЯ БЕЛАЯ СТАРОНКА Вера & Cultura
Постаці
Родны край
Галерэя
Інтэрв’ю
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Юбілеі
Паэзія
Пераклады
Асобы
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы
|
Сучасная навука прыходзіць да высновы, што сусвет мае пачатак. Пачатак дала яму з’ява, якая атрымала назву «вялікі выбух». Вялікі выбух — гэта працэс, які адбыўся прыкладна 15 мільярдаў гадоў назад. У выніку гэтага працэсу ўзніклі матэрыя, прастора і час. Да «вялікага выбуху», згодна з навуковымі ўяўленнямі, нічога гэтага не было. Атрымліваецца, што сусвет паўстаў «з нічога». Тэорыя «вялікага выбуху» — гэта навуковая, г. зн. заснаваная на фактах, лагічна несупярэчлівая, матэматычна абгрунтаваная з’ява. Спатрэбіліся тысячагоддзі, каб навука прыйшла да ісціны Святога Пісання пра тое, што свет быў створаны. Сёння вучоныя разглядаюць ідэю стварэння як сумяшчальную з навуковымі ўяўленнямі1. Тое, што свет паўстаў «з нічога», трэба разумець як немагчымасць стварэння матэрыі ў выглядзе мікрачасцінак, атамаў, фізічных палёў і інш. Але заўсёды быў, ёсць і будзе Бог — адзіны несмяротны Творца і Пан, крыніца існавання свету. 15 мільярдаў гадоў назад Ён запусціў механізм стварэння сусвету, які працуе да сённяшняга дня. Хрысціянскі светапогляд заснаваны на веры ў Бога, на Аб’яўленні Божым, пра якое апавядаецца ў Святым Пісанні. Навуковы светапогляд заснаваны на фактах, логіцы, матэматыцы, дасягненнях прыродазнаўства і філасофіі. У сувязі з гэтым трэба сказаць, што навуковыя ідэі, адкрыцці, вынаходніцтвы — гэта па сутнасці Аб’яўленне. Бог адкрывае таямніцы сусвету настойлівым, мэтанакіраваным у працы навукоўцам, якія вельмі доўга да гэтага імкнуцца. Колькі ў гісторыі рэлігіі было людзей, якія называлі сябе прарокамі? Колькі з іх было сапраўдных? Час усё расстаўляе на свае месцы. Многія з гэтак званых прарокаў адышлі ў нябыт, а сапраўдныя надалей застаюцца ў памяці людзей. Подобнае адбываецца і ў навуцы. У гісторыі яе развіцця засталіся толькі тыя, каму Бог адкрываў таямніцы сусвету. І хоць чалавецтва не заўсёды ведае іх імёны, але ўсё ж застаюцца іх адкрыцці. Так, напрыклад, людзі не ведаюць, хто вынайшаў кола, але яны ўдзячныя таму, хто гэта зрабіў. Многія вучоныя разумеюць, што іх адкрыцці і вынаходніцтвы — гэта Аб’яўленне. Яны дзякуюць Богу за падараваныя ім думкі. Адным з іх з’яўляецца геніяльны фізік ХХ стагоддзя А. Эйнштэйн. Ён не сумняваўся ў існаванні Вышэйшага розуму, наяўнасці ў Яго задумы, плана і праграмы ўзнікнення і развіцця сусвету. На падставе адкрытай ім тэорыі адноснасці былі выяўленыя факты, якія пацвярджаюць рэальнасць «вялікага выбуху» і, такім чынам, пацвярджаюць акт Стварэння. Такімі фактамі з’яўляюцца пашырэнне сусвету і рэліктавае выпраменьванне. Ідэя «вялікага выбуху» — гэта вынік Аб’яўленняў, якія былі дадзеныя Богам не толькі Эйнштэйну, але фізіку і матэматыку А. Фрыдману, каталіцкаму святару і вучонаму Ж. Ляметру, астраному Э. Хаблу, радыёфізікам А. Пензіясу і Р. Вільсану. Можна назваць дзясяткі імёнаў вучоных, чые погляды прывялі да з’яўленн тэорыі «вялікага выбуху». Сярод іх — выдатныя матэматыкі ХІХ ст. М. Лабачэўскі і Б. Рыман. У цэлым тэорыя «вялікага выбуху» — гэта вынік развіцця матэматыкі і прыродазнаўства, вынік тых Аб’яўленняў, якія Бог падараваў вучоным. У ХІІІ ст. думка пра стварэнні свету «з нічога» была падараваная Богам біскупу Гросетэсту (1175–1253). Ён лічыў, што да сварэння свет быў заключаны ў кропцы, «у якой злітыя ў адно першаформа-свет і першаматэрыя, і ў якой патэнцыйна ўжо заключаны ўвесь свет; з яе па законах выпраменьвання святла пачынаецца працэс эманацыі»2. Эманацыя (лац. emanatio) — гэта выцяканне, выпраменьванне, выдзяленне, праяўленне з’явы па-за цэласнасцю. Цікава наступнае: Гросетэст лічыў, што пры пашырэнні ва ўсе бакі свет у адзінстве з першаматэрыяй стварае сусвет, які потым будзе зноў сцягвацца ў кропку. Сучасная навука не адмаўляе гэтай магчымасці. Вучоныя лічаць, што сапраўды пасля пашырэння сусвету можа быць яго сцісканне. Атрымліваецца, што рэлігія, у асобе біскупа Гросетэста, на стагоддзі апярэдзіла развіццё навукі. Біблія, безумоўна, пісалася з улікам тагачасных ведаў. Сучаснае яе прачытанне немагчыма без сучаснага ўзроўню ведаў. Аднак гэта зусім не значыць, што ў Святым Пісанні неабходна нешта змяняць, перапісваць. Ні ў якім разе! Божае Аб’яўленне выкладзена такім чынам, што ў тэксце Святога Пісання словам цесна, а думкам — прасторна. І трэба мець на ўвазе, што змест прачытанага адкрывае не той, хто чытае Біблію, а сам Бог. Для адных змест Бібліі — паданне далёкай даўніны, для іншых — скарб думак і ведаў. Цікава прачытаў 1-ы верш 1-га раздзела кнігі Майсея «Быццё» настаўнік і айцец Касцёла, біскуп Аўрэлій Аўгустын (354–430). Вось некаторыя вытрымкі з яго кнігі «Споведзь»: «...пад імем неба і зямлі разумеецца ўсё створанае»3; «Ты стварыў неба і зямлю не са сваёй субстанцыі, інакш стварэнне Тваё было б роўнае Табе»4; «Бог стварыў неба і зямлю, г. зн. духоўны і цялесны свет»5. Якія высновы можна зрабіць з гэтых думак Аўгустына? 1) Побач са створанай матэрыяй існуе і створаны дух. 2) Пад небам трэба разумець створаны дух. 3) Створаны дух не трэба змешваць з Духам Святым. 4) Сусвет, як адзінства створаных духу і матэрыі, не роўныя Творцу. Космас, прырода — гэта не сам Бог, а Яго стварэнне. Высновы можна працягваць, але дадзены раздзел можна прачытаць яшчэ і так. «На пачатку стварыў Бог неба і зямлю...»6. Які сэнс укладзены ў слова «пачатак» у Святым Пісанні? Ён такі: дух і матэрыя былі створаныя ва ўжо існуючым «пачатку». «Пачатак» ужо быў, і ў ім Бог стварыў неба і зямлю, дух і матэрыю. Паўстае пытанне: што з сябе ўяўляе гэты «пачатак?» Адказ на яго знаходзіцца ў Святым Пісанні: «На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова»7. Што такое «слова» з навуковага пункту погляду? Гэта выказаная вусна або пісьмова думка. Па сваёй сутнасці слова — гэта думка, дух; па форме — гэта гук або святло. Таму працытаваны ўрывак з Паслання святога Яна можна прачытаць наступным чынам: на пачатку была Божая думка. Значыць неабходна гаварыць пра самы пачатак, пра Таго, хто існаваў заўсёды. Ім з’яўляецца адзіны несмяротны Творца і Пан — Бог. Ён стварыў і працягвае ствараць сусвет. Хрысціянскае вучэнне пра стварэнне свету зыходзіць з таго, што Бог стварае свет не з заўсёды існуючай матэрыі, а з «нічога». Ён стварае свет сваёю думкаю. Сілаю думкі Ён стварыў дух і матэрыю, якія ва ўзаемасувязі прымаюць форму розных прадметаў і з’яваў. Не трэба атаясамліваць думку Бога з мысленнем чалавека. Божая думка здольная пераўтварацца ў энергію, сілу і рэчыва. Чалавек таксама стварае сваёю думкаю, але аднаго мыслення яму недастаткова. Каб матэрыялізаваць думку, яму неабходныя фізічныя намаганні, выкарыстанне створаных Богам духу і матэрыі, а таксама веданне законаў, паводле якіх Бог стварае свет. Чалавек стварае культуру і цывілізацыю са створаных Богам духу і матэрыі, выкарыстоўваючы падараваныя яму веды, прытрымліваючыся выкладзеных у Святым Пісанні нормаў маралі. Сам Бог, як лічаць Тамаш Аквінскі (1225–1274), Дунс Скот (1268–1318) і іншыя, напачатку задумвае рэчы як магчымыя і толькі пасля ператварае іх у рэчаіснасць. Чалавек, якога Бог стварыў паводле свайго вобраза, першапачаткова таксама стварае рэч у сваім розуме як магчымасць і толькі пасля надае ёй матэрыяльнае ўвасабленне. Чаму Бог прыняў рашэнне ствараць сусвет? Таму што Ён мае патрэбу ў разумнай істоце, здольнай да творчасці. Адкуль такая ўпэўненасць? Са Святога Пісання: «І стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго»8. У гэтых радках маецца на ўвазе духоўнае падабенства Бога і чалавека. Калі чалавек створаны паводле Божага вобразу, то дапускаецца параўнанне паміж справамі Бога як Творцы і творчасцю чалавека. Трэба толькі мець на ўвазе, што за душу чалавека, яго думкі, словы і ўчынкі змагаецца і д’ябал. І як змяншэнне свету вядзе да павелічэння цемры, так і адыход чалавека ад Бога вядзе яго да д’ябла. Верагодна, спробы Бога мець на зямлі разумную істоту былі неаднаразовымі. На жаль, апошняя спроба ў поўнай ступені таксама не ўдалася. Адам і Ева парушылі дадзеную ім забарону, і гэта стала прычынаю таго, што мы, іх нашчадкі, маем сёння. Але Бог любіць сваё стварэнне і спадзяецца, што людзі будуць жыць паводле Яго запаведзяў. Ён з’явіўся на Зямлі ў вобразе свайго Сына — Хрыста, каб выратаваць людзей ад самазнішчэння. Гэта Яму ўдалося. Але д’ябал наступае. Як гэта праяўляецца? Вось, напрыклад, «парламенты многіх краінаў Еўрасаюза прынялі законы, якія дазваляюць гомасексуальныя саюзы з правам усынаўлення дзяцей. Усё больш краінаў свету дазваляюць эўтаназію... Гэтыя і іншыя прыклады, — адзначае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, — схіляюць нас да пытання: а куды ж мы ідзем? Якая ў нас будучыня? Што нас чакае?»9. Неабходна таксама звярнуць увагу і на некаторыя побытавыя адносіны ў сучасным свеце. Усё большае распаўсюджванне атрымлівае цяжкі слоўны грэх — мат. Ён стаў публічным і ўжо мала кім асуджаецца. А колькі чуецца ў гэтых словах зла, гэтага д’ябальскага наслання! Колькі зла ва ўчынках і ў паводзінах людзей! Стаў разбэшчаным секс. Жанчыны і мужчыны ў сваіх адносінах ператвараюцца ў рэчы, якія можна проста купіць. Любоў — самы вялікі дар Бога, замяняецца чужалоствам. А гэта адзін з цяжкіх грахоў. Сёння Касцёл стаіць на варце маральнасці народаў. Ён заклікае людзей не грашыць, жыць паводле Божых запаведзяў. Вось чаму напады з боку сатанінскай сілы на Касцёл і яго святароў усё больш узмацняюцца. Пра гэта асабліва «рупіцца» тэлебачанне, доступ на якое прадстаўнікам веры вельмі абмежаваны. Калі быў пачатак, а ён быў, пра гэта сведчаць і рэлігія, і навука; калі быў «вялікі выбух», пра які сведчыць навука; калі сусвет быў створаны Панам Богам, то, значыць, дзяленне свету на «той» і «гэты» не абсалютнае. Бог не стварыў два светы. Свет адзін і адзіны, як адзін і адзіны яго Творца. Няма двух светаў, як няма двух багоў. Даступны нашым органам пачуццяў створаны Богам свет — гэта адзінства створаных духу і матэрыі, сілаў і рэчыва. Найвышэйшаю праяваю гэтага адзінства з’яўляецца чалавек, які складаецца са створанага духу, цела і душы. У адрозненне ад псіхікі, якая ёсць і ў жывёлаў, увасабляючы стварэнне, чалавек мае душу — і гэта Божы дар. У такой сваёй якасці душа, як і сам Пан, несмяротная. У адрозненне ад псіхікі, якая гіне разам з целам, душа чалавека пасля смерці цела пакідае яго і пераходзіць у свет духоўны. Той свет у сваёй духоўнай частцы і гэты пранікаюць адзін у аднаго. Ці маюць яны ўзаемаўплыў? Безумоўна. Гэта праяўляецца праз уплыў душаў памерлых людзей на душы тых, хто жыве, як і наадварот. Але адбываецца гэта пры ўмове, што жывыя захоўваюць памяць пра памерлых. Што такое памяць? Па-першае, гэта духоўная з’ява. Па-другое, гэта не толькі сувязь часоў у пачуццёва-прадметным, фізічным свеце (цяперашнім, мінулым і будучыні), але і сувязь таго і гэтага свету. Пакуль жывыя памятаюць пра памерлых, іх душы з намі. Людзі гэта не толькі разумеюць, а хутчэй, адчуваюць сэрцам. Наведванне могілак, дагляданне магілаў, захаванне, фотаздымкаў і рэчаў памерлых, іх сузіранне — усё гэта праявы ўзаемнага імкнення душаў жывых і душаў памерлых. Гісторыя сведчыць, што людзі, надзеленыя ўладаю і багаццем, будавалі для сябе і сваіх блізкіх піраміды, саркафагі, маўзалеі, замаўлялі партрэты; надзеленыя здольнасцямі — рабілі адкрыцці і вынаходніцтвы, стваралі літаратурныя і мастацкія творы. Наўмысна або міжвольна, свядома або несвядома людзі імкнуліся ўвекавечыць сваё імя, каб заставацца ў памяці жывых. Хто скажа, што Хрыстус памёр? Ён жывы, жыве ў нашай памяці і праз сэрцы людзей уплывае на іх думкі, словы і ўчынкі. Гэты ўплыў павялічваецца ў шмат разоў, калі чалавек верыць у Айца і Сына, і Духа Святога. Вера замацоўваецца малітваю, кантактаваннем з Хрыстом, узнясеннем да Яго сваёй душою. Менавіта праз малітву чалавек можа кантактаваць з памерлымі роднымі і блізкімі. Пажадана маліцца ў святыні — і менавіта ў той, якую памерлыя наведвалі пры жыцці. Маліцеся — гэта патрэбна як жывым, там і душам памерлых, якія пакінулі гэты пачуццёва-прадметны свет і перайшлі ў свет духоўны.
|
|
|
|