|
|
|
№
4(58)/2011
Рэлігія і свет
На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Ad Fontes
Пераклады
Джанні Д’ЭЛІЯПРОСТАЯ БЕЛАЯ СТАРОНКА Вера & Cultura
Постаці
Родны край
Галерэя
Інтэрв’ю
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Юбілеі
Паэзія
Пераклады
Асобы
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы
|
Пачатак у №2(40)/2007
КНІЖКА ЧАЦЬВЁРТАЯ
Разьдзел І
Зь якой пашанай трэба прымаць Хрыста 1. О Езу, праўда спрадвечная, вось словы Твае, хоць не ў адным часе сказаныя і не ў адным месцы. Але таму, што яны Твае, таму што яны праўдзівыя, трэба прымаць іх з падзякаю і зь вераю. Твае гэныя словы, Ты іх казаў, але і мае яны, бо ж дзеля збаўленьня майго яны сказаныя. З радасьцю падхопліваю іх з вуснаў Тваіх, каб глыбей пранялі яны сэрца маё. Узрушаюць мяне словы так вялікае пабожнасьці, поўныя гэткае дабраты і салодкасьці ды любові, але палохаюць грахі мяне ўласныя, а нячыстае сумленьне з жахам глядзіць на гэныя вялікія таёмнасьці. Салодкасьць слоў Тваіх парывае мяне, але стрымлівае велічыня грэшных нахілаў маіх. Разьдзел V
Аб дастойнасьці Найсьвяцейшага Сакрамэнту і духоўнага стану 1. Калі б ты быў чысты, як анёлы, ды сьвяты, як Ян Хрысьціцель, дык на’т і тады ня быў бы ты дастойны гэны Сакрамэнт прымаць ані яго спраўляць. Ня ёсьць гэта справай заслугаў чалавецкіх, што чалавек кансэкруе ды спраўляе Сакрамэнт Хрыста і спажывае хлеб анёлаў. Велічэзная гэта таёмнасьць, і вялікая дастойнасьць духаўнікоў! Бо ж ім дадзена тое, чаго і анёлы ня маюць. Гэта ж адны толькі духаўнікі, высьвячаныя паводле законаў Касьцёла, маюць права спраўляць і ахвяроўваць Цела Хрыста. Бо ж духаўнік — гэта Божы слуга, які карыстаецца Божымі славамі паводле загадаў і пастановаў Бога самога, а Бог сам галоўны і нявідомы выканаўца, каторага воля над усім і на загад каторага ўсё спаўняецца. 2. І дзеля гэтага больш трэба верыць Богу ў гэтым найдастайнейшым Сакрамэнце, чымся ўласным пачуцьцям або прыкметам ды зьявам, якія бачым вачыма. Таму з баязьлівасцяй і з пашанай да гэтай справы трэба прыступацца. Зважай на сябе і помні, якая служба табе даручана праз тое, што біскуп узлажыў на цябе рукі свае. Вось духаўніком ужо ты, высьвяцілі цябе, каб адпраўляў ты ахвяру; глядзі ж цяпер, каб верна і з пабожнасьцю, у належную пару, адпраўляючы Імшу сьв., бяз закідаў ніякіх станавіўся перад Богам. Не зрабіў ты сабе палёгкі, а наадварот — яшчэ стульней ты зьвязаны карнасьцяй і яшчэ больш трэба глядзець табе дасканальнасьці ды сьвятасьці ў жыцьці. Усенькія цноты трэба каб былі ў духаўніка, і сам ён павінен быць прыкладам добрага жыцьця для іншых. Яму трэба трымацца інакш, чымся ўсім іншым людзям, яму заглядацца трэба на анёлаў на небе або ўжо дасканальных людзей на зямлі. 3. Духаўнік, прыбраны ў сьвятыя вопраткі, заступае Хрыста, каб пакорна і пабожна маліцца да Бога за сябе і ўсенькі народ. Носіць ён перад сабою і за сабою знак крыжа сьвятога, каб заўсёды памятаваць на мукі Хрыста. Перад сабою, на арнаце, мае ён крыж, каб пільна ўважаў на сьляды Хрыста ды ісьці па іх стараўся. На плячох носіць ён крыж, каб усенькія турботы, якія яны ня былі б ды скуль яны ня былі б, ахвотна трываў дзеля Бога. Мае крыж перад сабою, каб жалеў за грахі свае; мае крыж за сабой, каб, спачываючы, плакаў за чужыя грахі, ды каб ведаў, што стаіць ён паміж Богам і людзьмі грэшнымі. І няхай не астывае ў ахвяраваньні і малітве, каб праз пастаянную сваю стараннасьць і жарлівасьць стаўся годным выпрасіць ласку і міласэрнасць для сябе і для другіх. Калі духаўнік адпраўляе Імшу сьвятую, Богу тады чэсьць аддае, анёлаў цешыць, Касьцёл будуе, жывым памагае, за супакой памёршых ён моліцца, а сам робіцца ўчасьнікам усякага дабра. Разьдзел VI
Як падгатавацца да Камуніі сьвятой 1. Калі падумаю аб Тваёй вялікасьці, Пане, ды сваёй мізэрнасьці — аж задрыжу ды засаромлюся сам у сабе. Бо ж калі не прыступлю — жыцьцё кідаю, а калі дрэнна прыму — надта абражу Цябе. Дык што ж рабіць, Божа мой, памагальнік мой ды рада мая пры ўсенькіх турботах? 2. Ты навучы мяне простага шляху, пакажы мне якое маленькае цьвічэньне, дзякуючы якому я, як трэба, падгатовіўся б да сьв. Камуніі. Бо ж надта карысна ведаць, як пабожна ды з пашанаю падгатаваць сэрца сваё, каб прыняць добра Сакрамэнт Твой, або так жа адпраўляць гэткую вялікую Божую ахвяру. Разьдзел VII
Аб дасьледжваньні свайго сумленьня і аб пастанове паправы 1. Прадусім трэба, каб сьвятар Божы Найсьвяцейшы Сакрамэнт адпраўляў, раздаваў і прымаў з найвялікшай пакорай сэрца і з найвышэйшай пашанай, з поўнай верай і з найчысьцейшым пажаданьнем хвалы Божай. Старанна дасьледжвай сумленьне сваё, і — у меру сіл сваіх — праз шчыры жаль і праз пакорную споведзь ачысьці і асьвяці яго. Старайся, каб з твайго ведама нічога ў ім не асталося, што цябе непакоіла б і перашкаджала б табе свабодна да мяне прыступіцца. Жалей за свае грахі агулам, але прадусім жалей і кайся за тыя грахі, якіх штодзень дапускаешся. А калі маеш на гэта час, прызнавайся прад Богам у скрытасьці свайго сэрца сваіх немачаў, што паходзяць з пачуцьцёвасьці тваёй. 2. Плач і жалей, што ты яшчэ такі цялесны і сьвецкі, такі неапанаваны ў пачуцьцёвасьці і такі поўны пажадлівасьці. Так мала ты чуйны над змысламі і так часта заняты пустымі раеньнямі. Так лёгка ты схільны да справаў вонкавых і такі нядбайлы ў справах унутраных. Так ахвотны ты да сьмеху і да забаваў, а такі цяжкі да плачу і жалю. Такі ты скоры да роскашы і выгодаў цела, а лянівы да жыцьця цьвёрдага і жарлівага. Гэткі ты цікаўны пачуць нешта новае ды паглядзець на прыгожае, а такі палахлівы, каб спакарыцца ды стрываць пагарду. Гэткі прагавіты на багацьце, а такі скупы, каб даць нешта, бо ўсё хацеў бы сам толькі мець. Гэткі неразважлівы ў гутарцы і такі нятрывалкі, каб змаўчаць дзе трэба. Так мала паважны ў абычайнасьці ды такі шорсткі з людзьмі. Такі хуткі, каб пад’есьці, а зусім глухі на слова Божае. Гэтак ахвотна ты адпачываў бы, а каб працаваць, дык цяжкі ты надта. Гэткі пільны, каб гутаркі паўслухацца, а на малітвах уночы дык дрэміш толькі. Гэткі нецярплівы, каб хутчэй ужо быў канчатак, а такі расьцярушаны, пакуль трываюць яны. Гэткі нядбайлы ты пры ўсіх малітвах, гэткі халодны, калі адпраўляецца Імша сьв., ды зусім з сухою душою прымаеш сьв. Камунію. Гэткі заўсёды расьцярушаны, так мала калі зважны ў думках сваіх. Гэтак хутка кідаешся злавацца, гэтак лёгка іншага скрыўдзіць табе. Гэткі сквапны ты іншага абгаварыць, ды гэткі востры караючы. Гэткі вясёлы ў шчасьці, а такі нядужы пры турботах. Гэтак шмат у цябе добрых намераў, а гэтак мала калі ў жыцьцё ты іх уводзіш. 3. Успомні на гэныя ды іншыя нястачы свае і, плачучы зь вялікім жалем над сваёю нядужасьцю, зрабі пастанову цьвёрдую бязупынна спраўляць ды дасканаліць сваё жыцьцё. А потым з усенькую волею ды ахвотаю ахвяруй самога сябе на хвалу Іменьня Майго; а на алтары сэрца свайго аддавай Мне заўсёдную ахвяру сваю, гэта значыць — цела сваё і душу. Гэткім чынам будзеш дастойным ты, каб прыступіцца да Божага алтара ды прымаць з карысьцю Сакрамэнт Цела Майго. 4. Няма ж больш дастойнае ахвяры ды вялікшай нагароды за грахі, як ахвяраваць сябе шчыра ды цалкам Богу, адначасна з ахвяраю Цела Хрыста ў Імшы ды прымаючы Камунію. Калі чалавек зробіць, што толькі магчыма, ды сапраўды будзе шкадавацца за грахі, калі толькі прыдзе па адпушчэньне ды ласку, жыву Я, кажа Пан, і сьмерці грэшніка не хачу, а хутчэй каб навярнуўся ды жыў, бо ня буду больш памятаць на грахі яго (Эзх 33, 11), але ўсе яму дараваны будуць. Разьдзел VIII
Аб ахвяры Хрыста на Крыжы ды нашай Яму ахвяры сябе самых 1. Гэтак як Я сам, выцягнуўшы рукі на Крыжы ды з голым Целам самахоць ахвяраваўся за грахі твае Богу Айцу і нічога ўва мне не асталося, чаго б не пасьвяціў я ў ахвяру, каб выпрасіць выбачэньне гневу Божага. Так і ты самога сябе, з сваёй ахвоты, штодзень пры сьвятой Імшы ахвяруй на ахвяру чыстую і сьвятую з усімі сіламі ды ўчуцьцямі, з целам і душой, як толькі здолееш. Чаго ж іншага мог бы хацець я ад цябе, калі ня поўнае самаахвяры тваёй? Не хачу нічога, каб даваў ты мне, бо хачу, каб ахвяраваў самога сябе. 2. Гэтак, як і табе ўсяго замала, калі не хапае Мяне, — так і мне ніякая ахвяра твая ня будзе ўспадобу без самога цябе. Ахвяруй Мне самога сябе ды аддай цалкам дзеля Бога, дык будзе прынята ахвяра твая! Я ўсенькі ахвяраваўся Айцу за цябе, аддаў Я ўсё Цела сваё ды Кроў сваю, каб накарміць цябе — каб усенькі Я быў Тваім, а ты каб быў Маім. Калі ж сам сябе будзеш глядзець, ды не ахвяруешся волі Маёй — ня будзе поўнае ахвяры ды ня будзе такой, як трэба, лучнасьці тваёй са Мною. Дзеля таго няхай усенькія дзеі твае будуць папярэджаны самазрачэньнем ахвотным на рукі Бога Самога, калі хочаш карыстацца свабодаю ды ласкаю. Бо дзеля гэтага так мала людзей асьвечаных і свабодных унутрана, што не патрапілі яны зрачыся зусім самых сябе. Вось загад Мой заўсёдны: Калі хто не зрачэцца ўсяго, што Мае, ня можа быць вучнем Маім (Лк 14, 33). Дык калі ты хочаш быць вучнем Маім, ахвяруй сябе цалкам з усенькімі ўчуцьцямі сваімі. Разьдзел ІХ
Cамых сябе з усім сваім трэба Богу ахвяраваць ды маліцца за ўсіх 1. Пане, усё Тваё, усё ў Небе і на зямлі. Імкнуся і я ахвяравацца Табе самаахвотна ды Тваім быць заўсёды. Пане, шчырым сэрцам ахвярую сёньня Табе самога сябе на заўсёднага слугу, каб вечна быў я Табе паслухмяны ды вечна хваліў я Цябе. Прымі мяне з гэнаю сьвятою ахвяраю Твайго Цела дарагога, якое ахвярую Табе сёньня ў прысутнасьці анёлаў, нявідома асыстуючых, каб ахвяра гэта была збаўленьнем дзеля мяне ды ўсяго народу Твайго. 2. Пане, на малебным алтары Тваім кладу ўсенькія грахі ды правіны свае, якімі награшыў перад Табою ды сьвятымі анёламі Тваімі, пачынаючы ад хвіліны, калі першы раз я зграшыў, аж да гэтае пары: каб агнём любові Тваёй усё Ты запаліў і зьнішчыў нячыстасьці грахоў маіх, ды каб ачысціў сумленьне маё ад усенькае правіннасьці, ды каб зьвярнуў назад Ты ласку сваю, якую запрапасьціў я, грэшачы, ды каб усё мне дараваў, дапушчаючы да сябе міласэрна ў пацалунку згоды. 3. Што ж патраплю я зрабіць за грахі свае, калі не пакорна прызнацца да іх, плакаць ды прасіць бязупынна, каб зжаліўся Ты нада мною? Малюся да Цябе, выслухай мяне літасна; вось стаю я перад Табою, Божа мой! Гіджуся ўсенькімі грахамі сваімі ды ніколі ўжо больш не хачу іх дапускацца, а жалею за іх і заўсёды буду жалеці, пакуль буду жыць ды пакутаваць буду, колькі хопіць сілы. Даруй мне, даруй, Божа, грахі мае дзеля Імя сьвятога Твайго, ратуй душу маю, якую адкупіў Ты дорагацэннаю крывёю Сваёю. Вось аддаю сябе міласэрнасьці Тваёй, аддаю сябе ў рукі Твае. Рабі са мной паводле дабраты Твае, ня гледзячы на няпраўду ды на грахі мае. 4. Ахвярую Табе ўсё, што толькі ў мяне добрага, хаця няшмат яго дый недасканальна яно, каб Ты ўсё ачысьціў і асьвяціў, каб мілым яно Табе ды дастойным было Цябе, каб заўсёды да лепшага мяне Ты нахіліў, ды каб мяне лянуцьку ды мала карыснага чалавека да благаслаўлёнага ды шчасьлівага канчатку схацеў давесьці. 5. Ахвярую Табе ўсе пабожныя імкненьні людзей, усе справы бацькоў маіх, прыяцеляў, братоў, сёстраў, усіх дарагіх сэрцу майму, ды ўсіх тых, што мне ці іншым добра рабілі дзеля любові да Цябе. І ўсіх тых, што хацелі малітваў ды каб адправіў Імшу я за іх і за ўсіх тых, што на зямлі гэтай жывуць ці даўно ўжо паўміралі. Няхай усе яны спазнаюць падмогу ласкі Тваёй, вялікую пацеху, апеку ў небяспецы, каб свабодныя ад усенькіх караў магчымых ды ад усякага ліхоцьця — заўсёды складалі Табе хвалу і падзяку. 6. Ахвярую яшчэ Табе просьбы ды малітвы за тых адумыслова, што скрыўдзілі мяне нечым, ад якіх я сумаваў, якія мяне абгаварвалі ды рабілі шкоду і крыўду. За тых яшчэ ўсіх, каму я сам быў прычынаю сумаваньня, зь якіх я зьдзекаваўся, каго я згоршыў або скрыўдзіў словам, ці дзеючы сьведама ці ня хочучы: каб усім нам аднолькава дараваў Ты грахі нашыя ды ўзаемныя крыўды. Вырві, Пане, з сэрцаў нашых благія падазрэньні, злоснасьць, гнеў ды сваркі, усё, што толькі любоў брацкую астуджала б і зьменшавала б. Зжалься, зжалься, Пане, над намі, што просім Тваёй міласэрнасьці, дай нам ласку, да якое імкнёмся, і зрабі, каб мы былі дастойнымі карыстацца ласкаю Тваёю ды прышлі да жыцьця вечнага. Амэн.
З лацінскай мовы пераклаў
д-р Ст. Грынкевіч
|
|
|
|