Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(58)/2011
Рэлігія і свет
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады

ПРОСТАЯ БЕЛАЯ СТАРОНКА
Вера & Cultura
Постаці

ТАКІ ЁН БЫЎ...
Родны край

УСПАМІНЫ, ЯКІЯ ЦЕШАЦЬ ДУШУ
Галерэя
Інтэрв’ю
Мастацтва

З НАГОДЫ АДНОЙ ВЫСТАВЫ
На кніжнай паліцы

ДРЭВЫ, ПТУШКІ, АБЛОКІ...
Юбілеі

ПАЭЗІЯ ЖЫВАТВОРНАГА СВЯТЛА
Паэзія
Пераклады

МРОЯ ПРА СТРАШНЫ СУД
Асобы

ААЗІСЫ НІЛА ГІЛЕВІЧА
Навука і рэлігія

ПРА СТВАРЭННЕ СУСВЕТУ
Кніжныя скарбы

Герберт УЭЛС

МРОЯ ПРА СТРАШНЫ СУД

Герберт Джордж Уэлс (21.09.1866 – 1 3.08.1946) — брытанскі пісьменнік і публіцыст. Адукацыю атрымаў у Кінгс-каледжы Лонданскага ўніверсітэта, які скончыў у 1888 годзе. У 1891 г. атрымаў два вучоныя званні па біялогіі, з 1942 г. — доктар біялогіі. Аўтар вядомых навукова-фантастычных раманаў «Машына часу», «Чалавек-невідзімка», «Вайна сусветаў» і інш.

 

I

«Бру-а-а-а!»

Я слухаў, нічога не разумеючы.

«Та-ра-ра!»

«О, Божа мой! — прамармытаў я, усё яшчэ не прачнуўшыся да канца. — Што за пякельны галас!»

«Ра-ра-ра-ра-ра-ра-ра-ра! Та-ра-ра-ра!»

«Хопіць і каб мёртвага падняць? — ледзь паспеў я прабурчэць і асекся. — І дзе гэта я?»

«Та-ра-ра-ра!» — усё грамчэй і грамчэй.

«Магчыма, гэта нейкае новае вынаходніцтва…»

«Ту-ру-раа! Ту-ру-раа!» Аглухнуць можна!

«Не, — гучна сказаў я, каб пачуць уласны голас. — Гэта Апошнія Трубы».

«Ту-ру-раа!»

 

ІІ

Напрыканцы гукі выцягнулі мяне з магілы, як шчура на кручку.

Я ўбачыў помнік сабе самому (даволі такі ўбогая канструкцыя, цікава, хто ж да гэтага спрычыніўся), і тады стары вяз і мора на даляглядзе расталі, нібы пара. Усе навокал — незлічоны натоўп: нацыі, мовы, дзяржавы, народы — дзеці ўсіх узростаў, як і я сам, апынуліся ў вялізным амфітэатры, які займаў усю нябесную прастору. А над намі, на пасадзе бліскучых белых аблокаў, узвышаўся Пан Бог і шэрагі Ягоных анёлаў. Я адразу ж пазнаў цёмнага Азраэля і Міхала з мячом, і велічнага анёла, які толькі што дзьмуў у трубу і ўсё яшчэ стаяў, не паспеўшы апусціць руку долу.

 

ІII

«Спрытна! — сказаў чалавечак, які стаяў за мною. — Вельмі спрытна. Бачыце анёла з кнігаю?»

Ён круціўся ва ўсе бакі, выцягваў шыю, варочаў галавою, каб разгледзець што-небудзь за спінамі душаў, якія з усіх бакоў нас атачалі. «Усе сабраліся, — заўважыў ён. — Усе! Ну цяпер мы даведаемся… А вось Дарвін! — нечакана перабіў самога сябе чалавечак. — О, ён зараз атрымае на арэхі! А вунь там — вы бачыце? — той высокі важны мужчына, які ловіць пагляд Бога Айца, — гэта сам Князь. Але тут мноства людзей, усіх і не распазнаеш.

О, а вось Прыглз, выдавец. Мяне заўжды здзіўляла гэтая здольнасць выдаўцоў усё перабольшваць. Прыглз быў кемлівым чалавекам… Але цяпер ужо мы даведаемся — нават пра яго.

Я ўсё паспею пачуць. Паспею ўволю павесяліцца, пакуль… Маё прозвішча на літару “С”».

Ён гучна прысвіснуў. «А вось і персанажы гісторыі. Бачыце? Гэта Генрых Восьмы. Пра яго будзе што паслухаць. Але чорт яго бяры! Ён жа з Цюдараў».

Чалавечак прыцішыў голас: «Звярніце ўвагу на гэтага небараку, проста перад намі, які ўвесь зарос валоссем. Чалавек палеаліту, уявіце сабе. А вось яшчэ…»

Але я не зважаў, што ён балбоча, я глядзеў на Пана Бога.

 

IV

«Гэта ўсе?» — спытаў Пан Бог.

Анёл з кнігаю, адным з незлічоных фаліянтаў, падобным да каталогу ў чытальнай зале Брытанскага музея, агледзеў нас і, здалося, у адно імгненне пералічыў.

«Гэта ўсе, — сказаў ён і дадаў: — О, Пане, гэта была зусім малая планета».

Бог дапытліва ўзіраўся ў нас.

«Пачнем жа», — прамовіў Ён.

 

V

Анёл адкрыў кнігу і абвясціў імя. Там было некалькі гукаў «а», іх рэхам разнесла па самых аддаленых кутах. Я не здолеў пачуць дакладна, бо чалавечак за мною адрывіста ўсклікнуў: «Што там, што там такое?» Мне здалося, што імя прагучала як Ахаў, але ж гэта не мог быць той самы Ахаў з Пісання.

Раптам маленькая чорная фігурка ўзнеслася на пухнатыя аблокі да самых ног Божых. Нязграбны чалавечак быў укаранаваны і апрануты ў дарагія чужаземныя шаты. Ён ускінуў рукі і заенчыў.

«Такім чынам?» — прамовіў Бог, аглядаючы яго зверху.

Нам пашанцавала пачуць адказ. Сапраўды, акустычныя ўласцівасці прасторы былі вартыя здзіўлення.

«Я вызнаю сваю віну», — піскнула фігурка.

«Распавядзі ім пра свае ўчынкі», — загадаў Пан Бог.

«Я быў каралём, — пачаў чалавечак, — высакародным каралём, і я быў пажадлівым, ганарыстым і жорсткім. Я распачынаў войны, я спусташаў землі, я ўзводзіў палацы, закладзеныя на крыві чалавечай. Пачуй, о Божа, як сведкі маіх злачынстваў моляць аб адплаце. Сотні і тысячы сведкаў!» Ён узмахнуў рукою, паказваючы на нас. «І нават горш за тое! Я паланіў прарока — аднаго з тваіх прарокаў…»

«Аднаго з маіх прарокаў», — адклікнуўся Пан Бог.

«І за тое, што той адмовіўся пакланіцца мне, я чатыры дні і чатыры ночы бязлітасна катаваў яго, і ў рэшце рэшт ён памёр. І гэта яшчэ не ўсё, о Божа, я блюзнерыў! Я абрабаваў Цябе, прыдбаўшы Тваю славу…»

«Абрабаваў Мяне, прыдбаўшы Маю славу», — рэхам паўтарыў Пан Бог.

«Я загадаў, каб мяне ўзвялічвалі боскаю хвалою. Няма злачынства, якога б я не здзейсніў, няма такога граху, якім бы я не запляміў сваю душу. І вось Ты скрушыў мяне, о Божа!»

Бог прыўзняў бровы.

«І я быў зрынуты на полі бойкі. І цяпер я стаю перад Табою, асуджаны на пакуты Тваёй апраметнай. У бляску Тваёй велічы я не асмельваюся сцвердзіць хлусні, не асмельваюся вымавіць ні слова апраўдання, але кажу адну праўду пра свае страшэнныя злачынствы супраць чалавецтва».

Тыран змоўк. Я выразна бачыў ягоны твар, збялелы і страшны, поўны гонару і дзіўнай высакароднасці. Мне адразу ўзгадаўся Шатан Мільтана.

«Большасць сказанага — з надпісу на ягонай магіле», — сказаў Анёл Архіварыус, які, водзячы пальцам па старонцы, сачыў за прамоваю.

«Але», — з ноткаю здзіўлення працадзіў Тыран.

Раптам Пан Бог нахіліўся і, падняўшы чалавечка, пасадзіў яго на сваю далонь, быццам хочучы лепей разгледзець. Той здаваўся ўсяго толькі малой цёмнай зморшчынкаю пасярэдзіне Божай далоні.

«Ён і праўда ўчыніў усё гэта?» — вымавіў Пан Бог.

Анёл Архіварыус разгладзіў старонкі кнігі і адказаў з ноткаю зняважлівасці: «Можна і так сказаць».

Цяпер, калі я ізноў угледзеўся ў твар чалавечка, той дзіўным чынам перамяніўся. У вачах Тырана, калі ён пазіраў на Анёла Архіварыуса, з’явілася незразумелая трывога. Рука ягоная, прыціснутая да вуснаў, дрыжала. Нязначны рух — і з аблічча чалавечка кудысьці зніклі ўся высакароднасць і ганарлівы выклік.

«Чытай», — загадаў Пан Бог.

І Анёл прачытаў нам вельмі дакладнае і поўнае апісанне ўсіх злачынстваў Тырана. Ягоная справаздача несла сапраўдную асалоду для мыслення, хоць яна і была крыху «дзёрзкая» ў пэўных момантах, як мне здалося. Але ж у Нябёсаў свае прывілеі…

 

VI

Усе смяяліся. Нават на твары прарока Божага, якога закатаваў Тыран, з’явілася ўсмешка. Злачынца на самай справе аказаўся такім недарэчным і вартым жалю чалавечкам.

«І тады», — прачытаў Анёл Архіварыус, усміхаючыся і яшчэ больш распальваючы нашую цікаўнасць, — аднаго разу, калі ён быў крыху раздражнёны пераяданнем, ён…»

«О, не, толькі не гэта! — закрычаў Тыран. — Ніхто пра гэта не ведае, гэтага ніколі не здаралася! — завішчаў ён. — Я быў злачынцам, сапраўдным злачынцам. Часта я быў найгоршым. Але ніколі, ніколі не здаралася нічога настолькі неразумнага, такога бязглуздага…»

Анёл працягваў чытаць.

«О, Божа! — закрычаў Тыран. — Не, яны не павінны ведаць пра гэта! Я буду шкадаваць! Я буду перапрашаць!

Чалавечак на Божай далоні пачаў скакаць і галасіць. Раптам яго апанаваў сорам. Ён рвануўся з усёй моцы, спрабуючы саскочыць з мізінца Пана, але той спыніў яго, спрытна павярнуўшы запясце. Чалавечак паспрабаваў пралезці паміж вялікім пальцам і далонню, але сціснутыя пальцы пазбавілі яго і гэтай магчымасці. І ўвесь гэты час Анёл чытаў і чытаў. Тыран лётаў узад і ўперад па Божай далоні, а пасля раптоўна павярнуўся і схаваўся ў рукаве Пана.

Я думаў, што той вытрасе яго прэч, але міласэрнасць Божая бясконцая.

Анёл Архіварыус прыпыніўся.

«І?» — спытаў ён.

«Наступны,» — загадаў Бог, і Анёл не паспеў яшчэ да канца вымавіць імя, як на Божай далоні з’явілася зарослая істота ў брудных лахманах.

 

VII

«Што, няўжо пекла знаходзіцца ў Божым рукаве?» — здзівіўся чалавечак за маёю спінаю.

«А ці існуе наогул пекла?» — спытаў я.

«Звярніце ўвагу: няма ніякіх знакаў існавання Нябеснага Гораду», — сказаў ён, спрабуючы разгледзець хоць што-небудзь за фігурамі высокіх анёлаў.

«Цссс! — злосна зашыкала на нас жанчынка, якая стаяла побач. — Вось вялікі святы!»

 

VIII

«Ён быў зямным валадаром, але я быў прарокам Найвышэйшага Бога, —усклікнуў Святы, — і ўсе дзівіліся мне. Бо я, о Божа, зведаў славу нябёсаў Тваіх. Я стрываў увесь боль, усе магчымыя цяжкасці, мяне рэзалі вострымі кінжаламі, заганялі трэскі пад мае пазногці, жыўцом здзіралі скуру, але ўсё гэта я выцерпеў дзеля славы і велічы Пана».

Бог усміхнуўся.

«І нарэшце я, у лахманах, увесь пакрыты балячкамі, ахутаны густым воблакам сваіх святых пакутаў, пайшоў…»

З вуснаў Габрыэля вырваўся нечаканы рэзкі смех.

«… і лёг пад ягонымі брамамі, быццам жывы знак, быццам цуд…»

«Быццам невыносная перашкода», — дадаў Анёл Архіварыус і пачаў чытаць, не звяртаючы ўвагі на тое, што Святы ўсё яшчэ пералічваў свае слаўныя прыкрыя чыны, якімі ён прабіваў сабе шлях у неба.

І, гляньце толькі, кніжная біяграфія Святога таксама сталася адкрыццём, цудам.

Здаецца, не прайшо і дзесяці секундаў, а Святы ўжо кідаўся туды і сюды па вялізнай Божай далоні. І дзесяці секундаў! Нарэшце ён таксама заенчыў, бяссільны вытрываць гэтае бязлітаснае насмешлівае апісанне, рынуўся і схаваўся, як і Тыран, у цяні рукава Пана. І нам дазволілі зазірнуць у гэты цень. І тыя двое сядзелі побач, пазбаўленыя ўсіх ілюзій, пад покрывам міласэрнасці Божай, як браты.

Туды ж схаваўся і я, калі прыйшла мая чарга.

 

IX

«А цяпер, — прамовіў Бог, вытрасаючы нас усіх са свайго рукава на прадвызначаную нам для жыцця планету, што круцілася вакол зялёнага Сірыуса, — цяпер, калі вы разумееце Мяне і адзін аднаго трошачкі лепш… паспрабуйце яшчэ раз».

Пасля Ён і Яго велічныя анёлы павярнуліся і раптоўна зніклі…

Знік і пасад.

Паўсюль навокал была прыгожая зямля, прыгажэйшая за ўсё, бачанае калі-небудзь чалавечым вокам, — пустэльная, аскетычна простая і дзівосная. А побач былі асветленыя душы людзей у новых чыстых целах…

Пераклад з англійскай мовы
Юліі Шэдзько.

Паводле: H. G. Wells «A Vision of Judgment»
(«The country of blind
and other stories», 1911).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY