|
|
|
№
4(58)/2011
Рэлігія і свет
На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Ad Fontes
Пераклады
Джанні Д’ЭЛІЯПРОСТАЯ БЕЛАЯ СТАРОНКА Вера & Cultura
Постаці
Родны край
Галерэя
Інтэрв’ю
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Юбілеі
Паэзія
Пераклады
Асобы
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы
|
Разбіраць паэзію Ніла Гілевіча я не буду. Мне больш важным здаецца не забыць самога чалавека і яго час, тым больш, калі ягоны час быў і маім часам. І ўвогуле, хто жыў у мінулым ХХ стагоддзі і каму давялося перажыць сваё жыццё і жыць далей, мы цяпер аднаго пакалення — і каму ўжо восемдзесят, і каму толькі за пяцьдзясят. Цяпер вакол нас іншы свет, іншы час і іншыя людзі. І гэта не кепска, а наадварот — добра! Калі ўзгадаеш тое мінулае ХХ стагоддзе, то сам сабе думаеш: лепш не ўзгадваць! Але для таго пішаш, што калі не пішаш ты, то гэтага не зробіць ніхто. Калі маладыя не будуць ведаць змрокі, пасткі і ямы нашага лёсу ў ХХ стагоддзі, то можа здарыцца так, што мінулы змрок яшчэ вернецца, бо на гэтай зямлі ахвотнікаў павярнуць час назад чамусьці заўжды было куды больш, чым ва ўсходніх і заходніх суседзяў разам узятых.
Самае добрае, што зрабіў Ніл Гілевіч у сваім жыцці, гэта значыць у літаратуры, бо іншага жыцця ў літаратара не бывае, — гэта мемуары, альбо памяць пра сябе і свой час. А мемуары — гэта не той вылізаны ці складаны жыццяпіс, якім жывіцца газетная крытыка, палітычная паліцыя ўсіх часоў і народаў. Памяць — гэта памяць! Каб мець памяць, спачатку трэба жыццё пражыць. Гэта маладыя пішуць, быццам анкеты, хто яны такія ды чаго ў гэтым жыцці дасягнулі, нібыта самі, без Бога і лёсу! Адораны чалавек найчасцей узгадвае, як гэта з ім было, і надзівіцца не можа, як сталася так, а не горш. Як гэта ён увогуле выжыў і неяк чалавекам застаўся, бо колькі ўпала побач, колькі згінула за так, і не скажаш нават, з чыёй віны... бо не было вінаватых. Паваенны Мінск 1940–1950 гадоў... Сталін яшчэ жывы. Панамарэнка ўжо ў Маскве. Мінск ужо будуецца гэтак, як Панамарэнка выпрасіў у Сталіна летам 1945 года, калі той ехаў праз Мінск у Патсдам дзяліць свет з англічанамі і амерыканцамі. Не «уездный город», тым больш не «типовой центр и транспортный узел на западном и северо-западном оперативном направлении», а «передовой форпост всего Советского Союза на кратчайшем пути в Европу» хутка будуецца сіламі палонных немцаў, «сваіх» рабоў савецкага ГУЛАГу... і вечных студэнцкіх суботнікаў. Чым быў Мінск да вайны? Адной вуліцай і дзясяткам завулкаў з камяніцамі, ну яшчэ два вакзалы, дэпо, абутковая фабрыка і чатыры даміны ленінградскага канструктывіста Лангбарда — гэта вось і разбіла нямецкая авіяцыя маршала Герынга, ашчадзіўшы тыя даміны Лангбарда як арыенціры, а больш тут не было чаго бамбіць. І вось з гэтай амаль вёскі, а propas, коштам усяго Савецкага Саюза, пра што ў нас заўжды неяк забываюць, бягом і спехам будуецца еўрапейская сталіца, няхай сабе ў стылі «сталінскі ампір». Але чым «сталінскі ампір» горшы за іншы ампір? У 1945 годзе ў Мінску жыве пяцьдзясят тысяч чалавек, у 1959 — сталых жыхароў пяцьсот тысяч, а ўжо на маёй памяці ў 1974 годзе — адзін мільён чалавек! Ніводнае места ні ў Савецкім Саюзе, нідзе ў свеце не расло пасля 1945 года так хутка, так імгненна, як некалі «уездный» Мінск. Вось вам і ўвесь час Ніла Гілевіча, вось вам і ўвесь лёс ваеннага і паваеннага пакалення...
Студэнт беларускай філалогіі Ніл Гілевіч ужо на старэйшых курсах аказваецца «белай варонай», бо ягоныя вершы — у трох ці чатырох нумарах! — друкуе «тоўсты» (і ў той час увогуле адзіны), а таму хрэстаматыйны месячнік «Полымя», і малады чалавек ледзь не самацёкам трапляе ў класікі. Тут нічога дзіўнага. Перад вайной у Маскве было тое самае з Аляксандрам Твардоўскім, а нават яшчэ весялей — той Твардоўскі на экзамене па сучаснай рускай літаратуры... мог выцягнуць білет з пытаннем пра самога сябе. Але ж тое ў Маскве, а не тут... бо тут вам, не там — тут «трэба быць разам», «трэба быць чалавекам», «трэба быць, як усе людзі»: et ceterea, et cetera. На камсамольца Гілевіча другія камсамольцы завялі «персональное дело» і «поставили вопрос» на сваім сходзе — самі паставілі, без партыі, бо старэйшыя камуністы былі ўжо навучаныя не капаць яму блізка сябе, каб не ўпасці туды самому... Але камсамольцам пяклі вочы палымяныя ганарары Гілевіча, бо былі тыя мінскія студэнты — не беларуская інтэлігенцыя, а вескаўня. І пайшло, і паехала... І быў бы Гілевіч у тых самых лагерах, куды перад вайною трапіў Дубоўка, а пасля вайны Мікуліч, калі б не «агульная лінія» гаспадароў з ЦК КП Беларусі, а найперш прысланага з Урала рускага інжынера з беларускім прозвішчам Патолічаў, будучага незалежнага савецкага міністра замежнага гандлю: ты, Лаўрэнцій Цанава, нікога не саджай без партыі, даносы даносамі, а парадак мае быць... Ты вось польскае падполле ў Заходняй Беларусі задушыць не можаш, а ў нас у Мінску «мирное время», мы тут «горад сонца» будуем! Так і пратрымаўся Гілевіч сярод «аднакурснікаў» ажно да смерці таварыша Сталіна ў 1953 годзе, і я так падазраю, не ведаю, але падазраю, што гэтае вось убачанае так блізка, як смерць, сапраўднае аблічча вескаўні нашай і падштурхнула Ніла Сымонавіча да шматгадовай педагогікі і рознай іншай выхаваўчай работы, а нават грамадскай дзейнасці. Тут я мушу патлумачыць тым маладзейшым, хто ведае беларускую літаратурную мову праз «імпрэзу з прэзентацыяй», беларускую мову простую, або чым вёска адрозніваецца ад вескаўні. Вёска — гэта людзі, вескаўня — гэта хамы. Але як ужо пачаў пісаць, то абавязаны дапісаць да канца і паспавядацца, за што я дваццаць гадоў назад, пакуль быў адносна малады і здаровы, сварыўся з Данутай Бічэль і чаму пакрыўджаны саветамі Анатоль Іверс быў за Дануту, а былы вязень ГУЛАГу Рудольф Пастухоў vel Маліноўскі быў за мяне. «У нашай вёсцы Біскупцы ніколі не бралі грошы за хлеб», — так гаварыла і пісала Данута Бічэль. А быў гэта светлы смутак пра той час, калі Гілевіч вучыўся ў паваенным Мінску, і той час даўно мінаваў. Данута Бічэль гаварыла і пісала праўду. Быў я ў тых Біскупцах — не вёска гэта, а нейкіх дваццаць двароў, як у гістарычных аповесцях польскага Сянкевіча і нашага Караткевіча. Пачынак. Сябрына. І там жа «грамада» і «талака», а па-лацінску «камуна». У камуне ўвогуле не бывае ніякіх грошай, хіба толькі для знешніх зносінаў, для вялікай Ліды з яе базарам, вакзалам і педагагічным вучылішчам, а хлеб у камуне, pardone, — увогуле святы, як аплатак. І мой любімы мемуарыст Тадас Іванаўскас, меншы брат Ежы і Вацлава Іваноўскіх з выдавецтва «Загляне сонца ў наша аконца», пісаў тое самае: «Цяпер пагалоўная асвета, вышэйшая адукацыя, медыцына, электрычнасць, транспарт, тэхніка, і ўсё гэта добра, і без гэтага няма як жыць, але мне мілей успаміны з даўняй Літвы, калі гаспадар сам касіў і малаціў, сам вазіў сваё збожжа на свой млын, сам пёк са свае мукі свой хлеб, а пад вокнамі хатаў былі кветнікі, абкладзеныя пабеленымі вапнай камянямі, і гаспадыні стараліся, як дзеля душы, і выхваляліся тымі кветнікамі адна перад адной, і радасць жыла ў сэрцах вясковых людзей. Цяпер усё гэта страчана, і здаецца, страчана назаўжды...» А яшчэ была вёска Чамяры пад Слонімам, адкуль Анатоль Іверс vel Іван Міско) і яшчэ скульптар Міско, і яшчэ трэці Міско, чацвёрты... І для Іверса са Слоніма тыя Чамяры выглядалі гэтак, як Біскупцы для Дануты Бічэль, толькі што Данута хвалілася біскупскім хлебам, а Іверс чамяроўскі хлеб старанна абыходзіў... і хваліў людзей, бо ў нас, калі няма чым хваліцца, то ты хваліш мяне, я хвалю цябе, і мы — «абое рабое», бо пахвалёныя людзі. А лагернік Рудольф Пастухоў кажа: «Пайшлі, Алесь, у Чамярах самагонкі купім...» Гэта ён мяне правяраў, бо там у залеву вядро вады чужы не купіць, скажуць: «Няма вады, дзетачкі, студні летам павысыхалі». Тут Рудольф зарагатаў, бо экзамен я вытрымаў.
Чамяры расцягнуліся, як вуліца, на пяць і больш кіламетраў: адным канцом у Слонім, другім — у пушчу, і жылі паміж сабой ужо пасля канца Савецкага Саюза... як пад нямецкай акупацыяй, калі адзін канец з-пад Слоніма быў паліцэйскі, а другі канец з-пад пушчы быў партызанскі, і ўсе хаты ўзаемна адна адну палілі, рэзалі і стралялі. Але Іван Іверс бачыў не ўсе Чамяры, але толькі свой канец, а Данута Бічэль была і ў Чамярах, і ў Слоніме, а бачыла свае Біскупцы. І ў Гродне жыла, а бачыла Біскупцы, і ў Мінск ехала, а бачыла Біскупцы. Чалавек бачыць не той свет, які ёсць, а той, які хоча бачыць. І калі так бывае нават з інжынерам, нават з лекарам і нават з шафёрам за рулём аўтамабіля, то што вы хочаце ад літаратара, тым больш, што Іверс быў вершапісец, бо камсамолец, а Данута Бічэль — паэт прыроджаны, а не з уласнага выбару і нават не з уласнай волі. Не бачылі літаратары нічога па-за тым, што хацелі, каб у вачах стаяла. І толькі Ніл Гілевіч у Мінску бачыў, што ўжо адбылася трансфармацыя вёскі ў вескаўню, бо ўжо ідзе, бяжыць і едзе сацыяльны аванс. Савецкі Саюз прастаяў семдзесят гадоў, альбо тры дзейсныя пакаленні, не на ідэі светлай будучыні камунізму, не на рэпрэсіях і прымусах з першага да апошняга дня, і нават не на той простай акалічнасці, што нікому ў свеце — па-за нацыянал-сацыялістам Гітлерам, — саветы былі непатрэбныя і ніхто іх не чапаў, але толькі на тым, што сутнасцю пралетарскай дзяржавы быў пагалоўны сацыяльны аванс за адно пакаленне якім заўгодна шляхам — праз вясковую сямігодку, праз камсамол і партыю, праз вайсковую вучэльню і армію, праз вучылішча, тэхнікум, інстытут і ўніверсітэт, праз кожную фабрыку і новабудоўлю. І разваліўся Савецкі Саюз па такой самай простай прычыне, бо сацыяльны аванс скончыўся... калі толькі «ўсіх ахапіў і ўсіх параўняў», і жыць далей у такой дзяржаве не было сэнсу; па-за псіхічна хворымі, ніхто пальцам не варухнуў у абарону Краіны Саветаў — толькі языком! Але пра гэта зноў-такі неяк усе цяпер забываюць... Проста жыццё прайшло, час мінаваў. Сацыяльны аванс 1945–1985 гадоў быў галоўным чынам у фармаванні такога чалавечага тлуму як беларускі савецкі народ. Асцерагайцеся лацінскага слова «нацыя»! Беларусы яго не любяць, «нацыя» тут — чужая пані... Чалавек з народа і па савецкім сацыяльным авансе да прафесара, генерала і да Мазурава з Машэравым мае так і быць чалавекам з народа, каб сямейны клан і ўся вёска казалі яму «ты», а больш ласкава — «дзетачка»... І рэдкі чалавек здолеў у нас вылезці з гэтага балота і гною! Найпрасцей было ніколі не вяртацца туды, адкуль выехаў, — так і зрабілі дыпламат Андрэй Грамыка і касманаўт Пётр Клімук. І па-свойму яны мелі рацыю: на ўсялякі выпадак Грамыка выводзіў свой радавод з рускіх старавераў з Веткі, а Клімук заяўляў, што ён найперш паляшук. Чамусьці ні адзін, ні другі не хацелі належаць да «беларускага савецкага народа», да таго «сена на асфальце», нават «беларускай прэвененцыі» мець не хацелі. Здалёк, з Масквы і з Вашынгтона, а тым больш з космасу, гэты вясковы сацыяльны аванс здаваўся нейкім камічным, незразумелым, а паваенны савецкі беларус, «настаўнік-завочнік» паводле Лойкі, выглядаў, як няўдалы вучань блазна з правінцыйнага цырку. Але гэта здалёк — з Вашынгтона і з космасу... А тут, у сябе ў Мінску, па дыпломе з вышэйшай адукацыяй ці хоць па дарозе да таго дыплома, савецкі беларус быў сам сабе пан... і заядлы савецкі нацыяналіст, «больше русский, чем сами русские» (тэрмін маскоўскага славянафіла, журналіста Южакова з 1970-х гадоў ХІХ ст.), і нацыяналізм савецкага беларуса палягаў на тым, каб не пусціць сюды рускіх, для чаго бягом «перейти на русский язык и получить образование», хоць якое і «быле як», гэта не так ужо важна.
І вось у такім «шчаслівым пекле» апынуліся пасля смерці таварыша Сталіна і пры сваіх беларускіх першых сакратарах ЦК КПБ Мазураве і Машэраве родныя браты Ніл і Мікола Гілевічы, а беларуская філалогія аднаго і журналістыка другога былі ў Савецкім Саюзе не больш і не менш за нябачны ідэалагічны фронт, на якім самае важнае — гэта «пошук чужых сярод сваіх» і адсейванне «нашых» ад «нянашых», як зерня ад мякіны. І адзіным спосабам не праваліцца, як Шцірліц, і яшчэ нешта зрабіць было не «палымянае слова», не гурткі і «варожыя паддашкі», але адрозная ад сярэднесавецкай норма ўласных штодзённых паводзінаў, бо галоўным было не што, але як — і казаць, і вучыць, і рабіць, і жыць самому. Самае цяжкае ў жыцці — гэта самае простае, альбо той самы modus vivendi на кожны дзень. Не быць такім, як усе, хамам, не завальвацца ў істэрыку «з гора і радасці», не даваць волю злосці, прапускаць міма вушэй і душы ўвесь словаелейны панос «свойскіх хлопцаў»... І памылкова перакладаць слова «інтэлект» як розум, а «інтэлігентнасць» як выхаванасць... і яшчэ больш памылкова лічыць, што ёсць нейкая «інтэлігенцыя», ці пакрыўджаныя лёсам светлыя галовы і душы, ці нейкі сацыяльны клас-паразіт. Насамрэч «чалавек разумны» — гэта кожны здаровы homo sapiens, а вось intelligence — гэта прыроджаная здольнасць пераказаць, напісаць для іншых тое, што бачыў, чуў і ведаеш сам — прыналежнасць да інтэлігенцыі непамысная без прыналежнасці да Слова; незалежна ад прафесіі (і адукацыі!), homo intelligence абавязаны ўмець ясна выказаць тое, пра што думаюць, і лепш выказаць на пісьме, а не проста языком. Мне заўжды здаваўся нават не падазроным, а проста фальшывым «адраджэнскі» тэрмін перайсці на мову ў сэнсе «паразмаўляць», бо паразмаўляць і шпак, і папугай можа, а якая карысць?! Ты пісаць навучыся, думаць навучыся! Рускі класік Антон Чэхаў, які дабіўся ўсяго, а памёр на саракавым годзе ад банальных сухотаў, нават напісаў: «Дуракам счастье, Ваше Превосходительство!» Інтэлігентны чалавек рэдка бывае шчаслівым, і таму сярод савецкіх беларусаў інтэлігентных людзей было мала, як усё роўна «белых варонаў» у восеньскай зграі. Так выйшла, што я ні разу не быў на пісьменніцкіх з’ездах як пісьменнік — толькі як нядаўні інжынер і пачынаючы журналіст на з’ездзе 1990 года, а журналіст — гэта нейтральны назіральнік, прынамсі, так быць павінна ў людзей цывілізаваных. Што запомнілася? Што да людзей таго з’езда... якраз найбольш трапна пасавала наша развясёлае слова «пісьменнік» («свойскі хлапец»), чым лацінскае «літаратар», — так там усе свойшыліся... І толькі чацвёра выпадалі, як усё роўна не з нашай вёскі: Брыль, Быкаў, Гілевіч, Шамякін...
Калі вярнуцца да беларускай — еўрапейскай, а не «беларускай савецкай», якой было куды больш! — літаратуры 1945—1985 гадоў, то найперш мне бачыцца адно прынцыповае яе адрозненне ад літаратуры «нашаніўскай» і міжваеннай: калі з 1906 да 1945 года галоўнай і ледзь не дамінуючай цягай была паэзія, то з 1945 і да 1985 года на першае месца ясна рушыла проза, найперш Янка Брыль, Іван Шамякін, Васіль Быкаў і Уладзімір Караткевіч. У мяне нават няма пытання, а чаму так, бо як іначай?! І гэта добра, гэта выдатна, што выйшла так, а не іначай, калі з насення паэзіі закаласавала проза! Калоссе «пад сярпом тваім» — гэта значыла, што пры ўсім «сацыяльным авансе на рускім канцылярыце» з вясковага этнасу расце хоць і савецкі, але беларускі народ, бо яго літаратура, а літаратура — гэта проза, адной паэзіі мала! — усё-такі беларуская. Паэзія — гэта справа прарокаў у час «абуджэнняў» і «адрозненняў», а вось проза азначае сталасць — так ці не так, але выйшаў гэты «люд просты» з партызанскай вайны і папёр проста ў Мінск вучыцца «на начальнікаў», альбо быць народам. Тым больш вёска на Беларусі пацярпела найменш, не раўняць з польскім дваром і габрэйскім мястэчкам... А вось беларуская паэзія ў 1945–1985 гадах хоць і была на тры галавы вышэй за «нашаніўскую» і міжваенную, але з чыста гістарычных прычынаў было яе кепска відаць за беларускай прозай — і толькі дурань, графаман і сукін сын смеюць папракаць такіх майстроў як Ніл Гілевіч і Данута Бічэль, што «раней лепш пісалі, а вы не ўмееце»... Літаратар — таксама чалавек, а Пан Бог стварыў людзей не роўнымі, але рознымі, настолькі рознымі людзьмі, што часам не верыцца ў іх прыналежнасць да адной прафесіі. Не буду спамінаць імёнаў і прыкладаў, бо давялося б скласці тэлефонны даведнік, але адваротныя прыклады, калі літаратура была ўласным жыццём і калі яна вызначала і лёс, і долю, і занятак сямейства, дзяцей і жонак, — самі прыходзяць на памяць. І тое, што Шамякін быў старшынёю Вярхоўнага Савета БССР, і тое, што Брыль склаў з сябе тытул (і аклад!) акадэміка... «такой акадэміі», і тое, што Гілевіч неяк прыслаў мне кнігу і падрабязна, нават з гонарам, распісаў, у колькі «пенсій» абышлося яму гэта выданне, то гэта ўсё для мяне адзін учынак — тых людзей, тых літаратараў, хто «пишет, как он дышит, не стараясь угодить» (паводле Булата Акуджавы), альбо хто здольны быць сабой незалежна ад часу навокал і долі ўласнай, і каму па-студэнцку «па-барабану» тыя алегарычна-жыццёвыя «агонь, вада і медныя трубы». А мы не дацягваем... Ні мае аднагодкі на чале з «вялікай чацвёркай» — Глобус, Сокалаў-Воюш, Сыс і Шалкевіч — ні апярэдзіўшыя нас жывыя класікі — Арлоў Уладзя і Някляеў Валодзя, ні таксама ўжо немаладыя навабранцы Валянціна Акудовіча, «майстры» аднаго верша за жыццё, як той Гарачка... «Жах аж!» Чаму не дацягваем? — гэта я Вас пытаю, Ніл Сымонавіч. Мы ж лепш умеем — час быў другі, навука другая, «закон пакаленняў» у рэшце рэшт, але вось так: умець умеем, а дацягнуць не дацягваем... Чаму так, Ніл Сымонавіч? Чаму раней неяк спраўляліся і выкладаць, і самі пісаць, бо літаратура адна, «адзіная і непадзельная», а цяпер як усё роўна «пахаваліся літаратары ў выкладчыкі»... і перасталі быць літаратарамі! Час змрочны? А раней які быў?! І яшчэ адно, апошняе. Калі «літаратура — гэта навука пра чалавека», то пра што б ты ні пісаў, а мусіш пісаць пра самога сябе... і пры тым не старацца самому сабе дагадзіць — інакш выходзіць гульня ў словы, як у Някляева, альбо «крытыка крытычнай крытыкі», як у Дубаўца і Пацюпы. Таму і не разбіраю паэзію Ніла Гілевіча, пакідаю ў спакоі індукцыю з дэдукцыяй і сінтэз з аналізам, бо як падзяліць Слова і Чалавека? І ці можна «адвеяць душу ад цела»? Таму пішу пра чалавека і час, тым больш цяпер восемдзесят гадоў пралятаюць так, як некалі цягнула свае дваццаць тое хрэстаматыйнае «адно дзейснае пакаленне». А цяпер час такі, як быццам жывем у трох стагоддзях адначасова — панацягвалі з усяго свету гатовых цудаў тэхналогіі ХХІ стагоддзя, а самі жывем і думаем... як пасярэдзіне стагоддзя ХІХ — тут табе, Чобат, не адзін Ніл Гілевіч сучаснік, а тут і Дунін-Марцінкевіч гэтаксама дажывае за сваім дзедавым плотам, як ты дажываеш у дзедавай хаце. Нашыя sto lat, Ніл Сымонавіч, ужо недзе тут, толькі брамку ноччу знайсці не могуць адразу, а вечнасць ужо на падворку гуляе, жоўта лісце мяце, подых снегу зараз спрабуе ці які ледавік паціху спускае з гістарычнай радзімы св. Мікалая, альбо Лапоніі... Прайшоў яшчэ адзін год. Ну і што? Нічога страшнага. Ніякага канца свету... А тая «Domesday Book» («Кніга Страшнага суда») літаратарам і кніжнікам не страшная — такая самая кніга, як і ўсе іншыя. Альбо, як кажуць браты-палякі, «sąd to sąd, ale sprawiedliwość musi być — po naszej stronie». Алесь Чобат
Гл. таксама:
|
|
|
|