|
|
|
№
4(58)/2011
Рэлігія і свет
На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Ad Fontes
Пераклады
Джанні Д’ЭЛІЯПРОСТАЯ БЕЛАЯ СТАРОНКА Вера & Cultura
Постаці
Родны край
Галерэя
Інтэрв’ю
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Юбілеі
Паэзія
Пераклады
Асобы
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы
|
Вось ужо больш як пяць гадоў удзельнічаю ў дэбатах, прысвечаных праблеме «самавызначэння Беларусі», і няспынна сустракаю набор тых самых, набіўшых аскоміну, пытанняў: хто такія беларусы? што ўтварае / павінна ўтвараць стрыжань беларускай тоеснасці? куды беларусам трэба рухацца? якая беларуская нацыянальная ідэя? хто — нацыятворчыя героі для Беларусі? І сярод гэтых вельмі абстрактных пытанняў ігнаруецца адно вельмі канкрэтнае пытанне: хто — Бог Беларусі? У палітычных або культурніцкіх колах гэтае пытанне не прынята задаваць. У такім разе хай яно будзе пастаўлена ў коле тых, хто — як трэба спадзявацца — штодзень клічуць: «Ойча наш, каторы ёсць у небе, прыйдзі Валадарства Тваё!» Хай разгорнуцца гэтыя словы ў якасці рэфлексіі над актуальным станам нацыянальных падмуркаў, г. зн. духоўнасці, і над перспектывамі беларускага нацыянальнага адраджэння.
* * * «Ах, наколькі самотны горад, калісьці шматлюдны, як быццам удавою стаў ён, той самы, што калісь узносіўся па-над народамі і валадарыў над караблямі; зараз прыгнёт, быццам раб, спазнае», — так пачынаецца «Плач Ераміі». У VI стагоддзі да нараджэння Хрыста ізраэльскі народ быў пазбаўлены сваёй святыні, сваіх нацыянальных сімвалаў і нават сваёй зямлі. І не было моцных лідараў, здольных вывесці яго з няволі. Гэта быў стан калектыўнага зняволення. Можна выдзеліць некалькі стадыяў калектыўнага зняволення. Першая стадыя: народ трапляе ў няволю, але выразна адрознівае сябе ад прыгнятальнікаў, культывуе свае традыцыі і мае волю да вызвалення. Другая стадыя: народ трапляе ў няволю, адрознівае сябе ад прыгнятальнікаў, але сілаю абставінаў і з-за свайго занядбання страчвае свае традыцыі і мірыцца са станам няволі. Трэцяя стадыя: народ трапляе ў няволю і перастае адрозніваць сябе ад прыгнятальнікаў. Гэта сітуацыя, калі народ зняволены не толькі палітычна, але і духоўна. Прыгнятальнік у гэтым выпадку мае такую ўладу над сваёй ахвярай, што можа праслаўляць сябе вуснамі ахвяры. Гэта тая стадыя, калі народ ставіць помнікі сваім уласным крыўдзіцелям, плюе на магілы сваіх братоў, праслаўляе сваіх катаў і з пагардаю гаворыць пра змагароў за вызваленне. Гэта стадыя мазахістычнага самазнішчэння, калі ў ранг нормы ўведзена тое, што прыніжае нацыянальны гонар чальцоў народу, а анамаліяй лічыцца ўсялякая спроба нацыянальнага самасцвярджэння. На якой стадыі знаходзіцца Беларусь? Пакідаю гэтае пытанне чытачам для асабістага распазнання. Вернемся, аднак, да сітуацыі ізраэльскага народу з VI ст. да нар. Хрыста. Гэты народ: 1) пазбаўлены святыні; 2) пазбаўлены нацыянальных сімвалаў; 3) пазбаўлены зямлі; 4) не мае моцных лідараў. Ці для Бога гэта была праблема? «Так кажа Пан свайму памазанніку Кіру: Я трымаю моцна ягоную правіцу, каб пакарыць перад абліччам ягоным народы і развязаць паясы каралёў; <...> дзеля слугі майго Якуба і Ізраэля, выбранніка майго, я назваў цябе іменем тваім» (Іс 45, 1.4). Хто такі Кір? Гэта лідар персаў, які кінуў выклік бабілонскай імперыі, што трымала ў няволі ізраэльскі народ. Гляньма: язычнік, чужы ізраэльскаму народу ментальнасцю і норавамі, становіцца для гэтага народу памазаннікам. Інакш кажучы, нават такі недасканалы інструмент можа быць выкарыстаны Богам гэтак дасканала! Вельмі важна, каб беларускі народ распазнаў свайго памазанніка. Гэтым памазаннікам з’яўляецца ўжо не язычнік, чужы нам норавамі і ментальнасцю; гэта ўжо не лакальны ўладар, чыё валадарства не сёння, дык заўтра скончыцца; гэта не залежны ад чалавечых фактараў лідар, які ўвесь час павінен баяцца за сваю пасаду. Гэта Той, пра каго пісаў прарок Даніэль: «І дадзена Яму была ўлада, і гонар, і валадарства. І ўсе народы, плямёны і мовы служылі Яму. Улада Ягоная — вечная ўлада, якое не адымецца. І валадарства Ягонае не будзе знішчана!» (Дан 7, 14). Гэта таксама Той, пра каго на гары Табор казаў Голас з неба: «Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце» (Лк 9, 35). Езус Хрыстус — гэта сапраўды магутны Валадар, а да таго ж Ён, праз Уцелаўленне, упадобніўся да нас. Такім чынам, Ён – адзін з нас, падобны да нас ва ўсім, апроч граху. І калі благаслаўлёны Ян Павел ІІ на інаўгурацыі свайго пантыфікату заклікаў: «Адчыніце дзверы Хрысту!», то меў на ўвазе ні што іншае, як неабходнасць распазнаць свайго Памазанніка. Нешта падобнае казаў папа Пій ХІ у 1925 годзе, калі ўстанаўліваў свята Хрыста-Валадара: «Моцна спадзяемся, што ўрачыстасць Хрыста-Валадара, якую ад гэтага моманту штогод будзем святкаваць, верне зноў грамадства да ўзлюбленага Збаўцы» (Quas primas). Пытанні пра беларускую нацыянальную ідэю, стрыжань беларускай тоеснасці, нацыятворныя сімвалы, геапалітычнае самавызначэнне і г.д. будуць і застануцца бясплоднай інтэлектуальнай гульнёй да той пары, пакуль мы не адкажам на фундаментальнае пытанне: хто – Бог Беларусі? Ніякія культурныя праекты або палітычныя ініцыятывы не адродзяць Беларусі, калі яны будуць мець у сабе ігнараванне або варожасць да Хрыста-Валадара.
* * * ...Беларусы любяць распавядаць анекдот пра сябе, у якім гаворыцца, што Бог, маўляў, даў нам усё самае лепшае і найпрыгажэйшае (урадлівыя землі, густыя лясы, сінія азёры) і саміх учыніў цярплівымі і працавітымі. Але — гаворыцца ў гэтым анекдоце — «дзеля раўнавагі» Бог даў беларусам найгоршае начальства. Гэты анекдот фальшуе адну рэч: праблема не ў тым, што «Бог даў» дрэннае начальства. Праблема ў тым, што беларусы да гэтага часу не прызналі свайго Дабрадзея — Пана Бога — сваім Валадаром. Хто ж як не Бог? — гэтае пытанне, змешчанае ў імені галоўнага Апекуна Беларусі арханёла Міхала (мі-ка-эль — хто ж як не Бог?), увесь час застаецца без адказу. А тым часам толькі Бог можа знішчыць і выгнаць язычніцкіх ды бальшавісцкіх багоў, якія дасюль няволяць наш народ.
|
|
|
|