Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(58)/2011
Рэлігія і свет
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады

ПРОСТАЯ БЕЛАЯ СТАРОНКА
Вера & Cultura
Постаці

ТАКІ ЁН БЫЎ...
Родны край

УСПАМІНЫ, ЯКІЯ ЦЕШАЦЬ ДУШУ
Галерэя
Інтэрв’ю
Мастацтва

З НАГОДЫ АДНОЙ ВЫСТАВЫ
На кніжнай паліцы

ДРЭВЫ, ПТУШКІ, АБЛОКІ...
Юбілеі

ПАЭЗІЯ ЖЫВАТВОРНАГА СВЯТЛА
Паэзія
Пераклады

МРОЯ ПРА СТРАШНЫ СУД
Асобы

ААЗІСЫ НІЛА ГІЛЕВІЧА
Навука і рэлігія

ПРА СТВАРЭННЕ СУСВЕТУ
Кніжныя скарбы

Крыстына ЛЯЛЬКО

«Я ПЛАНУЮ СТВАРЫЦЬ
ФІЛЬМ-ТРЫПЦІХ,
ПРЫСВЕЧАНЫ БАГАРОДЗІЦЫ...»

Гутарка з італьянскім рэжысёрам
Элізабэтай Кастанья

Фота Карнэлія Консака.

— Элізабэта, раскажыце, калі ласка, крыху пра сябе.

— Я працую на тэлеканале «RАІ», у адной з рэдакцый, якая знаходзіцца, можна сказаць, на яго перыферыі і звязана з культураю, у праграме «Гісторыя — гэта мы». Праграма ў асноўным ахоплівае гісторыю мінулага стагоддзя, а да рэлігіі я звярнулася выпадкова: гэтая тэматыка глыбока захапіла мяне асабіста, таму я стала ёю займацца.

 

— Вы паходзіце з веруючай сям’і?

— Я паходжу з каталіцкай сям’і, але не практыкуючай.

 

— Што менавіта падштурхнула Вас зацікавіцца рэлігійнаю тэматыкаю?

— Да пэўнага часу я была агностыкам. Мне даводзілася сустракацца з веруючымі людзьмі, і напачатку я ставілася да іх нецярпіма і агрэсіўна. Але трэба было весці з імі дыялог, таму я старалася іх прымаць, аднак трымалася ад рэлігіі на адлегласці...

У сваёй працы мне аднойчы давялося сутыкнуцца з цікавым персанажам, якога звалі Ларэнцо Мілані. Гэта была выключная асоба ў гісторыі! Магчыма, з яго і пачалося маё захапленне рэлігіяй. Я зрабіла фільм, прысвечаны яму, і на фестывалі «Magnificat» у 2009 годзе атрымала за яго прыз. Мяне захапіла ў гэтым чалавеку тое, што ён, з’яўляючыся такою незвычайнаю, значнаю асобаю, прыраўніваў сябе да самых «апошніх» людзей, «адкідаў» грамадства.

Потым я прачытала кнігу Антоніо Соччы пра аб’яўленні ў Фаціме. Так атрымалася, што нейкі час я хварэла, доўга была прыкаваная да ложка, і маці пакінула мне пачытаць гэтую кнігу. Я абыякава пачала яе перагортваць і раптам зацікавілася... Раней усялякія пілігрымкі, абразы мне здаваліся нечым штучным. Але ўсё змянілася, і цяпер я сама хаджу ў пілігрымкі.

 

— Вы былі ў Фаціме?

— Я ездзіла ў якасці турысткі ў Лісабон і пабывала таксама ў Фаціме. Калі мы з мужам прыехалі туды ўпершыню, то адразу, выйшаўшы з машыны, убачылі мноства маленькіх крамаў, дзе прадаваліся розныя рэчы, звязаныя з фацімскімі аб’яўленнямі. Мне стала прыкра: як можна на гэтым зарабляць? Муж сказаў: «Ты ідзі, а я нікуды не пайду, застануся тут»...

Я зацікавілася гісторыяй трох пастушкоў, стала чытаць пра гэта шмат кніг і сапраўды веру, што Божая Маці працягвае даваць нам свае пасланні, але мы іх ігнаруем, не заўважаем.

Я зняла фільм пра Фаціму, затым — пра аб’яўленні Маці Божай у Меджугор’і, а цяпер зацікавілася Маці Божай з Чывітавекк’і, якая плача крывавымі слязьмі, таму што Яе не слухаюць. Такім чынам, я планую стварыць фільм-трыпціх, прысвечаны Багародзіцы.

 

— Элізабэта, на гэтым фестывалі «Magnificat» мы з цікавасцю паглядзелі Ваш фільм пра аб’яўленні Маці Божай у Меджугор’і. Памятаю, калі я была ў Меджугор’і, гэтае месца зрабіла на мяне вельмі вялікае ўражанне... Наколькі важным Вам здаецца Меджугор’е ў Марыйных аб’яўленнях?

— Меджугор’е адметнае тым, што там Божая Маці працягвае аб’яўляцца кожны месяц. Калі ты там знаходзішся, то проста адчуваеш гэта, можаш увачавідкі судакрануцца з пасланнямі Марыі... Фаціма для мяне заўсёды будзе першаю, своеасаблівым «маяком», таму што з яе пачыналася маё зацікаўленне Марыйнымі аб’яўленнямі. А Меджугор’е — гэта маё духоўнае, унутранае перажыванне...

 

— Як Вы лічыце, калі Ватыкан прызнае Меджугор’е, калі афіцыйна дазволіць пілігрымкі са святарамі? Калі закончацца аб’яўленні ці, можа, усё ж такі раней?

— Пра гэта мне цяжка штосьці сказаць. Ходзяць чуткі, што Ватыкан усё ж вымушаны будзе прыняць пэўную форму прызнання, таму што пілігрымкі прыносяць грошы. А пакідаць усё гэта ў прыватных руках Ватыкан бы не хацеў. Аднак справа ў тым, што тут ёсць вельмі шмат «за» і «супраць». З аднаго боку, у Меджугор’і сапраўды адчуваецца незвычайная Божая ласка. З другога боку, існуе нямала фактаў, якія быццам бы паказваюць на тое, што ўсё гэта... падман і спекуляцыя. Таму я разумею кардынала Камілло Руіні: на яго месцы я таксама сумнявалася б. Сама я ў гэта веру, але ёсць мноства людзей, якія не вераць.

 

— На пачатку 90-х гадоў я сустрэла аднаго амерыканскага журналіста, былога пратэстанта Уэйна Уэйбла. Вядома, што пратэстанты не ўшаноўваюць Маці Божую. Але як журналіст ён хацеў напісаць кнігу пра Меджугор’е. Калі ён глядзеў касету з фільмам пра аб’яўленні, то пачуў голас Маці Божай: «Ты — Мой сын, і Я хачу, каб ты выконваў волю Майго Сына». Яна сказала яму, чаго жадае ад яго, і папрасіла распаўсюджваць Яе пасланне па ўсім свеце. Гэты журналіст паехаў у Меджугор’е, а пасля прадаў сваё выдавецтва і стаў місіянерам. Ён прыязджаў таксама да нас у Беларусь, арганізоўваў сустрэчы і распавядаў пра сваё навяртанне...

— Скажыце, а як змяніла Вашае жыццё праца над фільмамі пра аб’яўленні Маці Божай у Фаціме і Меджугор’і?

— Змянілася ўсё. Цяпер я вызначаю сябе як «карыснага ідыёта». Паказаная мною на фестывалі праца пра Меджугор’е — гэта насамрэч скарочаны варыянт фільма. Калі я стала анансіраваць фільм, у Егіпце пачаліся хваляванні, напад на хрысціянскую царкву (гэта было ў снежні мінулага года). Падчас здымкаў да мяне падышоў адзін чалавек і сказаў: «Я егіпцянін, і хацеў бы з Вамі пагаварыць, таму што ў Егіпце было аб’яўленне Божай Маці». Я кажу: «Але я здымаю фільм пра Меджугор’е! Якія адносіны да гэтага мае аб’яўленне ў Егіпце?» Аднак ён быў настойлівы і прасіў мяне аб размове. Пры манціроўцы фільма я выкарыстала інтэрв’ю з гэтым егіпцянінам. Дык вось, працуючы над стужкаю, я заўважыла, што ўвесь матэрыял нібы сам ідзе да мяне, таму я зразумела, што менавіта гэта павінна рабіць. І калі раблю гэта, то адчуваю сябе любімаю. Цяпер мне штотыдзень хочацца ехаць у Меджугор’е, таму што там у мяне ўжо ёсць сябры...

 

— Наступны свой фільм Вы таксама прапануеце фестывалю «Magnificat»?

— Спадзяюся. Планую, што гэта будзе фільм, як я ўжо казала, пра Маці Божую з Чывітавекк’і. Жанчына, якая атрымала гэтае аб’яўленне, у свой час паехала ў Партугалію да сястры Люцыі — аднае з фацімскіх візіянерак. Яны сустрэліся, абняліся... Гэта для мяне стала тою чырвонаю ніткаю, якая звязала тры розныя месцы аб’яўленняў Маці Божай.

 

— Марыя сапраўды вядзе Вас...

— Гэта, як паток, хуткаплынная рака: ты ўваходзіш у яе — і яна нясе цябе...

Размаўляла Крыстына Лялько.

Пераклад з італьянскай мовы
Ірыны Шэлянковай.

Гл. таксама:
Крыстына ЛЯЛЬКО :: ЗАЛЕЖНАСЦЬ — ГЭТА ЗАЎСЁДЫ ЦЯРПЕННЕ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY