Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(58)/2011
Рэлігія і свет
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады

ПРОСТАЯ БЕЛАЯ СТАРОНКА
Вера & Cultura
Постаці

ТАКІ ЁН БЫЎ...
Родны край

УСПАМІНЫ, ЯКІЯ ЦЕШАЦЬ ДУШУ
Галерэя
Інтэрв’ю
Мастацтва

З НАГОДЫ АДНОЙ ВЫСТАВЫ
На кніжнай паліцы

ДРЭВЫ, ПТУШКІ, АБЛОКІ...
Юбілеі

ПАЭЗІЯ ЖЫВАТВОРНАГА СВЯТЛА
Паэзія
Пераклады

МРОЯ ПРА СТРАШНЫ СУД
Асобы

ААЗІСЫ НІЛА ГІЛЕВІЧА
Навука і рэлігія

ПРА СТВАРЭННЕ СУСВЕТУ
Кніжныя скарбы

Станіслаў РЫЖКО

ТАКІ ЁН БЫЎ...

Ксёндз Казімір Свёнтэк
і ксёндз Станіслаў Рыжко
пасля вяртання з ссылкі.
Пінск, 1957 г.

Запісы ксяндза Станіслава Рыжко пра жыццё і дзейнасць ксяндза Казіміра Свёнтка ахопліваюць перыяд 1954–1984 гадоў. Абодва святары былі сасланыя савецкімі ўладамі ў Сібір. Ім абодвум пашчасціла вярнуцца ў Пінскую дыяцэзію: кс. Казіміру пасля 10 гадоў зняволення ў Інце, а кс. Станіславу — пасля 7 гадоў у Омску. Кс. Казімір Свёнтэк стаў пробашчам у Пінску, а кс. Станіслаў Рыжко — у Лагішыне, аддаленым на 28 кіламетраў. Яны падтрымлівалі паміж сабою цесныя адносіны, якія спрыялі развіццю ўзаемнага даверу і сяброўства, а таксама супольнай дзейнасці, скіраванай на збаўленне даручаных ім вернікаў і справаў Касцёла.

У гэтым матэрыяле зроблена спроба перадаць сутнасць запісаў кс. Станіслава Рыжко, каб паказаць асобу кс. Казіміра Свёнтка і нагадаць пра некаторыя старонкі яго біяграфіі з таго перыяду, калі абодва святары вярталіся, па меры сваіх магчымасцяў, да нармальнага жыцця ў зняволеным жорсткаю матэрыяльна-атэістычнаю сістэмаю грамадстве падчас кіраўніцтва пяці правадыроў СССР, пераемнікаў Леніна і Сталіна.

Кс. Станіслаў не дачакаўся перабудовы, ён памёр 1 снежня 1984 года ў Лагішыне і быў пахаваны на мясцовых могілках. Памяць пра гэтага святара з удзячнасцю захоўваюць мясцовыя жыхары.

 

...Ксёндз Казімір прытуліў у сябе бяздомнага кс. Станіслава, даўшы яму прапіску па сваім адрасе ў Пінску па вул. Шаўчэнкі, 12, і такім чынам дапамог яму лягчэй атрымаць дазвол ад дзяржаўных уладаў на вядзенне пастырскай дзейнасці, бо ён меў магчымасць весці афіцыйную і прыватную перапіску.

4 красавіка 1957 г. кс. Рыжко атрымаў дазвол на працу ў Лагішыне, але дом кс. Казіміра надалей заставаўся яго месцам жыхарства. Кс. Станіслаў часта прыязджаў сюды, каб паразмаўляць з кс. Казімірам (часам размовы доўжыліся да позняй ночы), каб разам прачытаць лісты, якія прыходзілі на пінскі адрас ад знаёмых і сваякоў з Польшчы, каб разам прагуляцца па ваколіцы.

Пасля трыццаці гадоў сапраўднага братэрскага сяброўства кс. Казімір падрыхтаваў кс. Станіслава да шляху ў вечнасць, удзяліўшы яму святыя сакрамэнты (апошняе намашчэнне адбылося 27 жніўня 1984 г.), а пасля арганізаваў яму братэрскае пахаванне. На пахаванні кс. Свёнтэк закончыў сваю прамову словамі: «Да пабачэння, шаноўны сябра, да сустрэчы ў шчаслівай вечнасці! Амэн!» Хто зможа зразумець таямніцу братэрскага сяброўства гэтых двух Божых працаўнікоў, якія падтрымлівалі адзін аднаго да канца свайго зямнога жыцця?

...Нягледзячы на тое, што кс. Казімір Свёнтэк быў маладзейшы за кс. Станіслава Рыжко на 4 гады, гэты маладзейшы ствараў для старэйшага пачуццё бяспекі, умацоўваючы ў ім «імунітэт» да пастаяннай слежкі з боку чыноўнікаў па справах рэлігій і веравызнанняў. Ён ахвотна даваў яму парады, а яны былі трапныя, бо кс. Казімір меў у сабе сілу заўсёды sentire cum Ecclesia1.

Кс. Казімір тлумачыў (чыноўнікам) важнасць касцёльных урачыстасцяў, напр., Унебаўшэсця Пана, і неабходнасць пастырскай паслугі ў гэты дзень, асабліва тады, калі яго выклікалі на размову падчас касцёльнай урачыстасці і нават калі яго выклікаў абласны кіраўнік па справах рэлігій і веравызнанняў.

Кс. Свёнтэк запярэчыў старшыні сельсавета, калі той хацеў спыніць набажэнствы ў касцёле і царкве, быццам бы ў сувязі з эпідэміяй яшчура. Святар сказаў, што калі пад такі загад не трапілі іншыя аб’екты масавага збору людзей, напр., клуб, школа, то і святыні не павінны зачыняцца. Ён настойліва прасіў старшыню сельсавета патэлефанаваць абласному кіраўніцтву і прывесці яго аргументы. Святар і парафіяне моцна радаваліся, калі загад сельсавета ўсё ж удалося адмяніць.

Да размовы з дзяржаўнымі служачымі кс. Казімір стараўся далучаць свецкіх людзей, перадусім тых, хто ўваходзіў у парафіяльны камітэт у Пінску ці ў Лагішыне, г. зв. «людзей Касцёла». Заслужаных перад Касцёлам людзей ён вельмі паважаў.

Кс. Казімір Свёнтэк асабліва змагаўся за вызваленне ад абавязку пастаянна прасіць згоды кіраўніка па справах рэлігій і веравызнанняў на замену або дапамогу ў пастырскай дзейнасці іншаму святару. Гэты вышэйшы кіраўнік, калі хацеў, то праяўляў сваю літасць, вызначаючы акрэслены час для замены або нават гадзіны дапамогі іншаму святару ў пастырстве.

...Ксёндз Казімір быў выдатным прапаведнікам: ён ахвотна прамаўляў на парафіяльных адпустах, юбілеях святароў, на пахаваннях. Ён клапаціўся пра хворых святароў, асабліва пра свайго хворага сябра кс. Станіслава Рыжко, які спачатку лячыўся ў Пінску, а калі ўзнікла патрэба звярнуцца да іншых спецыялістаў, кс. Казімір, не раздумваючы, вырашыў, што далейшы курс лячэння павінен праходзіць у Вільні. 25 лістапада 1981 г. ён наняў машыну, каб завезці сябра ў віленскі кардыялагічны шпіталь. Пасля заканчэння курса лячэння пінскі святар пад асабістаю апекаю прывёз яго ў Лагішын.

Юбілей 25-годдзя святарства кс. Казіміра ў 1964 г. яшчэ больш умацаваў братэрства святароў і еднасць іх парафіяльных суполак. Юбіляр удзельнічаў у штомесячных духоўных сустрэчах святароў, арганізоўваючы іх у Пінску. Ён па ўласнай ініцыятыве сам дапамагаў святарам падчас пасілку.

Ксёндз Казімір меў матацыкл, які быў вельмі неабходным для наведвання святароў (у тым ліку і кс. Станіслава), для пастырскага служэння ў аддаленых ад Пінска мясцовасцях, а таксама для выезду на свой любімы занятак — лоўлю рыбы.

Ксёндз Казімір быў вельмі гасцінным. Дом па вуліцы Шаўчэнкі заўсёды быў адкрыты для ўсіх святароў, якія працавалі на Усходзе, а таксама прыязджалі з Польшчы.

...Ксёндз Казімір меў асаблівае набажэнства да Езуса, укрытага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, і пацвярджэннем гэтага з’яўляецца адно з цудоўных казанняў, прысвечаных Эўхарыстыі. Ён быў асаблівым шанавальнікам абраза Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, для якога зрабіў капліцу ў пінскай катэдральнай базыліцы як падзяку за выратаванне жыцця ў савецкіх лагерах. 16 ліпеня 1980 года адбылося асвячэнне гэтай капліцы.

Кожны год, 16 мая, кс. Казімір разам з кс. Станіславам Рыжко накіроўваўся ў пілігрымку ў Янаў Палескі, месца мучаніцтва св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі. Ён перадаў езуітам цагліну, узятую са святыні ў Янаве, і камень — з таго месца, на якім раней стаяла капліца як памятны знак мучаніцкай смерці св. Андрэя Баболі. Яны былі ўмураваныя ў санктуарый св. Андрэя Баболі ў Варшаве.

...Кожны год, 22 студзеня, у Пінску, кс. Казімір цэлебраваў святую Імшу за 38 палякаў, якіх расстралялі немцы. Потым ён разам з кс. Станіславам ехаў на месца іх расстрэлу ў Янаў (цяпер Іванава), каб ушанаваць іх памяць, памаліцца аб вечным супакоі іх душаў. З асаблівым жалем сярод расстраляных яны ўзгадвалі свайго брата ў святарстве кс. Вітальда Івіцкага. У пінскай катэдры кс. Казімір змясціў памятную дошку з імёнамі забітых палякаў.

...Ксёндз Свёнтэк вельмі хацеў, каб Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі быў вынесены да хвалы алтара. Ён паклапаціўся пра бяспеку яго рэліквій, калі з’явіліся спробы іх апаганьвання. З нагоды 50-годдзя з дня смерці Зыгмунта Лазінскага ён арганізаваў прыгожую ўрачыстасць у пінскай катэдры.

...Кс. Станіслаў лічыў кс. Казіміра вялікім артыстам, які адмыслова будаваў рухомыя батлейкі, а таксама выдатным бібліёграфам, бо ён меў шмат кніг, якія ахвотна пазычаў кс. Станіславу.

...Калі ў Лагішыне была сапсаваная фісгармонія, ксёндз Казімір палічыў, што яе можна адрамантаваць, і запрасіў майстра, якому ўдалося яе направіць, на радасць кс. Станіслава і ўсіх вернікаў. Дзякуючы яго намаганням быў зроблены таксама рамонт катэдры, званіцы, агароджы, аргана і рамонтныя працы ўнутры катэдры. Ён сам не толькі кіраваў усімі рамонтнымі працамі, але і прымаў у іх актыўны ўдзел. Кс. Казімір быў выдатным гаспадаром, сапраўдным Божым працаўніком, які не шкадаваў сябе нават тады, калі пачаў моцна пакутаваць ад хваробаў.

...Ксёндз Казімір наведваў сваю маму, якая жыла ў Польшчы, у Аполі. 11 красавіка 1981 г. ён паехаў у Польшчу, каб правесці яе ў апошні шлях.

 

У запісах кс. Станіслава Рыжко кс. Казімір Свёнтэк паўстае як чалавек рашучы, дынамічны, адважны, свабодны і незалежны ў поглядах і дзейнасці. Ён творча развіваў у сабе і ў іншых усе хрысціянскія каштоўнасці, калі трываў час камуністычнага рэжыму, а яго ж у любы момант маглі зноў арыштаваць і саслаць у Сібір.

Ксёндз Казімір быў сапраўдным тытанам працы і «знакам супраціву». Гэты самаадданы святар з Пінска быў прадвеснікам новага часу і ўсё сваё ахвярнае жыццё працаваў дзеля адраджэння Касцёла і веры ў гэтым шматпакутным краі.

Падрыхтаваў ксёндз
Станіслаў Паўліна fDP.

Паводле: Ks. Stanisław Ryżko.
Kronika Kościoła rzymsko-katolickiego
w Łahiszynie. Listy i notatki z lat 1956–1984.
— Warszawa, 1995; ks. Stanisław Ryżko.
Trzeba zostać. — Lublin, 1999.


  1. Sentire cum Ecclesia — стаяць на баку Касцёла.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY