Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(58)/2011
Рэлігія і свет
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады

ПРОСТАЯ БЕЛАЯ СТАРОНКА
Вера & Cultura
Постаці

ТАКІ ЁН БЫЎ...
Родны край

УСПАМІНЫ, ЯКІЯ ЦЕШАЦЬ ДУШУ
Галерэя
Інтэрв’ю
Мастацтва

З НАГОДЫ АДНОЙ ВЫСТАВЫ
На кніжнай паліцы

ДРЭВЫ, ПТУШКІ, АБЛОКІ...
Юбілеі

ПАЭЗІЯ ЖЫВАТВОРНАГА СВЯТЛА
Паэзія
Пераклады

МРОЯ ПРА СТРАШНЫ СУД
Асобы

ААЗІСЫ НІЛА ГІЛЕВІЧА
Навука і рэлігія

ПРА СТВАРЭННЕ СУСВЕТУ
Кніжныя скарбы

Крыстына ЛЯЛЬКО

ЗАЛЕЖНАСЦЬ — ГЭТА
ЗАЎСЁДЫ ЦЯРПЕННЕ

Гутарка з матушкай Сафіяй (Ішчанка),
педагогам, прэзідэнтам Міжнароднага Срэценскага
праваслаўнага кінафестывалю «Встреча».

Фота Міколы Новікава.

— Матушка Сафія, скажыце, калі ласка, як у гэтым свеце чалавеку знайсці ўнутраную свабоду? Мы залежым ад столькіх рэчаў, маем столькі комплексаў! Мне хацелася б, каб Вы паразважалі пра гэта як чалавек веруючы і як псіхолаг.

— Калі гаварыць пра свабоду, то ў першую чаргу кожнаму чалавеку — веруючаму і няверуючаму — трэба ведаць, якая была мэта прыходу Пана Бога на зямлю. Нават няверуючы ведае, што Ён сапраўды быў. Я кажу пра тых няверуючых, якія не хочуць выконваць Яго законаў і запаведзяў, але ведаюць, што Бог ёсць, няхай нават яны гэта акрэсліваюць проста як «нейкую Вышэйшую Сілу». Практычна ўсе людзі на зямлі гэта ведаюць. Называюць Бога рознымі імёнамі, але ведаюць, што ў чалавека ёсць Той, хто яго стварыў. Аднак мы, хрысціяне, верым у тое, што Госпад прыходзіў на зямлю. Для таго, каб быць вольным, трэба проста ведаць, што Госпад прыйшоў на зямлю толькі для аднаго: каб збавіць чалавека. А збаўленне чалавека — у свабодзе, як гэта ні парадаксальна. Трэба правільна разумець значэнне гэтага слова: свабода для чаго і свабода ад чаго? Многія людзі, няправільна яго разумеючы, упадаюць у страшны грэх анархіі. Яны думаюць, што свабода — гэта адсутнасць законаў, уседазволенасць: «Што хачу, тое і раблю. Я чалавек, і гэта гучыць горда». На самай справе гэта той кручок, на які нас ловіць «цёмны». Ён бярэ словы Хрыста: «Таму, калі Сын вызваліць вас, будзеце сапраўды свабоднымі», і ловіць нас на іх. Але людзі павінны нават не разумець, а проста ведаць, што Госпад вызваліў нас ад граху. Калі Ён прыняў хрышчэнне ў Ярдане, усё на зямлі ачысцілася. Езус узяў на сябе грахі ўсяго свету, учыненыя да Яго прыйсця. Ён ачысціў не толькі нашых прабацькоў Адама і Еву, а таксама тых людзей, якія ўшаноўвалі Бога, яшчэ нават не ведаючы Яго ў паўнаце. Ён вызваліў нас і ад будучых грахоў, ад рабства граху! Гэта адказ на першае пытанне: ад чаго мы свабодныя? Мы свабодныя ад граху, і цяпер мы можам яго не ўчыняць, бо сам Госпад пакарыў грэх. Сваім жыццём, у сваім чалавечым абліччы Ён паказаў нам удзел у святасці, вобраз святасці: вось такімі вы можаце быць! Прытым як далікатна, як прыгожа Ён гэта паказаў! Ён паказаў чалавека праз сябе, праз Бога-чалавека: як Ён не гневаўся, як любіў, прабачаў... Да гэтага чалавеку цяжка было зразумець і ўявіць Бога, бо ён Яго не бачыў. Ён не бачыў увасобленага ідэалу. Чалавек — цялесная істота, і яму трэба ўбачыць, пачуць ідэал, дакрануцца да яго. Чаму, напрыклад, праваслаўныя малююць свае іконы, католікі, акрамя гэтага, ствараюць яшчэ і статуі? Мы пакланяемся не фарбам, як нас калісьці папракалі, а вобразу, адлюстраванаму з дапамогаю фарбаў ці іншых сродкаў! Інакш мы не зможам трымаць сваю ўвагу на кантакце з Богам, бо мы так створаныя, так арганізаваная Богам нашая псіхіка. Уцелаўлёны Бог і Багародзіца — гэта вобразы мужчынскага і жаночага пачаткаў. Будзьце як яны — і вы свабодныя! Многія людзі маюць комплексы менавіта таму, што яшчэ не прыйшлі да Бога. Тыя, хто сапраўды прыйшоў да Бога, не маюць комплексаў.

 

— А якія страхі або комплексы, на Вашу думку, найбольш дакучаюць сучаснаму чалавеку?

— Па-першае, гэта страх за будучае фінансавае становішча. Многія баяцца старасці, таму што яны могуць стаць нямоглымі і беднымі. Заможныя людзі баяцца страціць сваю маёмасць і — зноў жа — абяднець. Многія баяцца хваробаў, здрады любімага чалавека. Усе ўсяго баяцца! І гэты страх іх паралізуе, часта прымушае рабіць памылкі. Напрыклад, той, хто баіцца здрады любімага чалавека, пачынае раўнаваць, падазраваць і разбурае свой саюз менавіта гэтым страхам, гэтым комплексам. Той, хто баіцца абяднець, страціць накопленае багацце, становіцца чэрствы сэрцам, перастае быць міласэрным, баіцца злодзеяў, жыве ў пастаянным страху нападзення — на сябе, на сваю сям’ю, сваіх дзяцей. Той, хто баіцца захварэць, асцерагаецца кантактаў з іншымі людзьмі, баіцца штосьці выпіць або з’есці, кудысьці паехаць. Гэта жудасна — жыць у страху. Сапраўды веруючыя людзі не маюць такіх комплексаў, яны кажуць: «Усё ў руках Божых», але як разумны чалавек, я буду асцерагацца есці нясвежую страву, каб не захварэць. І гэта не страх, а нармальныя, разумныя развагі. Іншы прыклад: я буду шкадаваць і сумаваць, калі з маім любімым чалавекам штосьці здарыцца, калі ён сыдзе ад мяне. Але калі я яго сапраўды люблю, а ён шчаслівы не са мною, то гэта, хутчэй, будзе маё горкае шчасце. Яму ж добра!

 

— Але да такога «горкага шчасця» яшчэ трэба дарасці!

— Я кажу пра веруючых людзей. Вось чаму веруючыя не пакутуюць так, як няверуючыя. Безумоўна, веруючы чалавек таксама пакутуе. Але калі ён падымаецца па ступенях веры, то ад некаторых страхаў, міфаў, створаных жыццём, ён ужо можа быць свабодны. Магчыма, не ад усіх адразу, аднак для гэтага і існуе духоўны рост. Але нават калі веруючы пакутуе, ён прынамсі ведае, што пакутуе ад сваёй духоўнай непаўнаты. Гэта нялёгка. Бывае, у мяне самой з’яўляецца якое-небудзь цярпенне, і тады я кажу сабе: «Ты ж супакойвала іншых, казала, што гэта Божы Провід, чаму ж самой цяпер так цяжка?» Але Бог у кожным цярпенні дае чалавеку «плюсы». Іншая справа, што мы не ўмеем іх бачыць.

 

— Чаму чалавек з самага пачатку настроены на «мінусы»?

— Таму што сілы зла заўсёды знаходзяцца побач з намі. Пан Бог дапускае, каб мы траплялі ў складаныя сітуацыі, нібы дае нам кантрольную працу. І ў кожнай такой сітуацыі сілы зла апынаюцца побач з намі, каб з гэтай сітуацыі мы не выйшлі пераможцамі. Яны ж кожную хвіліну з намі ваююць! Мы іх не бачым і забываем, што яны ёсць. Веруючыя часта ўзгадваюць Пана Бога, анёлаў, думаюць пра іх і памятаюць, што яны побач. Але ж «тыя» таксама нікуды не падзеліся, яны заўсёды напагатове. І варта чалавеку трапіць у якую-небудзь складаную сітуацыю, яны тут жа пачынаюць яго выпрабоўваць. Памяць пра Бога нас ратуе, толькі гэтая памяць адразу «адмятае» ўсе злыя сілы.

У мяне ў жыцці гадоў дваццаць таму быў такі выпадак. Я ўжо хадзіла ў храм, але такога светапогляду, як цяпер, яшчэ не мела. Мне трэба было пераехаць з аднаго горада ў другі. Сям’я ўжо ўся пераехала, а мяне пакінулі прадаваць кватэру. Штосьці доўга не атрымлівалася з дакументамі, таму мне адной было вельмі цяжка. І вось неяк я сустрэла матушку, жонку нашага святара. Паколькі мы былі добра знаёмыя, я пачала ёй скардзіцца, бо адчувала сябе вельмі адзінокаю ў тым горадзе. А яна мне шчыра, як сапраўды веруючы чалавек, кажа: «Як гэта ты адзінокая? А Госпад? А Найсвяцейшая Багародзіца? А анёл-ахоўнік?». Яна гэта гаварыла не фармальна, а з вераю, ад самага сэрца.

Бывае, што нейкі чалавек скажа табе, здавалася б, простыя словы, а яны перавернуць усё тваё жыццё. Пасля таго выпадку прайшло ўжо больш за дваццаць гадоў, а я сама сабе і іншым часта паўтараю тое, што калісьці сказала мне матушка. А часам дапамагае вельмі просты напамін пра тое, што ты не адзінокі, бо адзінота — гэта таксама цярпенне, таксама адсутнасць свабоды, бо чалавек не ведае, дзе шукаць выйсце, наракаючы: «Мяне ўсе пакінулі, я такі адзінокі...» Нават калі цябе пакінулі ўсе людзі, Бог і Найсвяцейшая Багародзіца цябе не пакінуць ніколі. Ты ўжо не адзін!

 

— Але гэта трэба сапраўды ўсвядоміць, для гэтага патрэбна сапраўдная жывая вера...

— Для такога ўсведамлення людзям неабходна весці духоўныя размовы. Мы балбочам пра што заўгодна, а пустаслоўе — гэта грэх. Мы вельмі рэдка гаворым адзін з адным на духоўныя тэмы, а гэта вельмі важная падтрымка. Тым больш, што тэмаў і нагодаў для гэтага ў нас кожную гадзіну і кожную хвіліну — мора. Такія размовы асабліва важныя для людзей церпячых.

Часам у групы інвалідаў прыходзяць місіянеры. Што яны нясуць людзям? Падарункі, цацкі, прадукты. Гэта добра, але гэта зусім не вырашае іх праблемаў. Аднойчы я спытала ў бацюшкі: «Як вы думаеце, а маці Тэрэза з Калькуты, якая шмат каму дапамагала, цяпер у раі?» Ён мне адказаў: «Матушка, а чаму Вы думаеце, што яна ў раі?» — «Таму што яна канкрэтна дапамагала людзям». — «Добра, вось Вы чыталі яе жыццяпіс. Яна дапамагала целу ці душы?» Маці Тэрэза, сапраўды, дапамагала вылечыцца вельмі многім людзям. Тыя, хто зноў захворваў, вярталіся да яе, і яна зноў іх лячыла. Бацюшка дадаў: «А яна многіх прывяла да Бога? Ці многія пахрысціліся, прынялі веру, сталі жыць па запаведзях Божых? Для манахіні галоўнае — дапамагчы чалавеку збавіць душу».

 

— Менавіта. Маці Тэрэза і яе сёстры — місіянеркі любові — найперш служылі (сёстры і цяпер ахвярна служаць) прагнучаму Хрысту, дапамагаючы ўбогім, пакінутым і хворым не толькі фізічна, абмываючы ім раны, даглядаючы і кормячы, але й ратуючы іх душы, яднаючы іх з Богам. Што ж датычыць Вашага пытання, ці ў раі яна, то Маці Тэрэза не раз сама паўтарала, што яе не будзе ў небе, бо і па смерці яна павінна «запальваць святло тым, хто знаходзіцца ў цемры на зямлі», гэта значыць, што яна і цяпер служыць самым абяздоленым і пакінутым праз рукі і сэрцы сваіх сясцёр, праз сваё благаслаўлёнае заступніцтва, гэта значыць, што і ў Валадарстве Божым яна працягвае выконваць сваю місію...

— Але ў кнізе пра Маці Тэрэзу, якую я чытала, на жаль, распавядалася толькі пра тое, як яна прамывала хворым раны, лячыла іх...

 

— Відавочна, Вам трапілася не вельмі ўдалая і глыбокая кніга...

— Магчыма. Але я тут хачу сказаць пра іншае, пра тое, што нават калі людзі вядуць маральнае жыццё, не парушаюць законаў, але яны — не з Богам, то яны таксама несвабодныя. Гэтыя людзі жывуць паводле чалавечых законаў, а не Божых. Веруючыя, робячы якую-небудзь справу, робяць яе на хвалу Божую — не дзеля грошай ці пахвалы, а дзеля Бога. Няверуючыя так не жывуць. Яны хоць і не ўчыняюць цяжкіх грахоў, але, напрыклад, калі робяць нейкую працу, то робяць яе за заробак...

 

— Большасць людзей сёння менавіта так і жыве. І гэта не іх віна, а іх бяда, вынікі выхавання, ментальнасць постсавецкіх людзей і грамадства ўвогуле...

— На жаль, так, такія людзі не багацеюць у Богу і становяцца вельмі залежнымі — ад заробку, ад месца працы, ад начальніка, ад каханага, ад асалоды... Здаецца, гэта добрыя людзі, але яны ўвесь час пакутуюць, таму што не маюць крыніцы свабоды, не жывяцца з яе. У іх ёсць... добрая лужына з вадою, але яна не мае сілкавання. У іх ёсць вада, але яна вельмі часта мутная і брудная. Гэта робіць іх залежнымі. А залежнасць — гэта несвабода, залежнасць — заўсёды цярпенне, ад яе трэба абавязкова вызваляцца.

 

— Дзякуй за размову, матушка Сафія.

Размаўляла Крыстына Лялько.

Гл. таксама:
Крыстына ЛЯЛЬКО :: «Я ПЛАНУЮ СТВАРЫЦЬ ФІЛЬМ-ТРЫПЦІХ, ПРЫСВЕЧАНЫ БАГАРОДЗІЦЫ...» ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY