Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(58)/2011
Рэлігія і свет
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады

ПРОСТАЯ БЕЛАЯ СТАРОНКА
Вера & Cultura
Постаці

ТАКІ ЁН БЫЎ...
Родны край

УСПАМІНЫ, ЯКІЯ ЦЕШАЦЬ ДУШУ
Галерэя
Інтэрв’ю
Мастацтва

З НАГОДЫ АДНОЙ ВЫСТАВЫ
На кніжнай паліцы

ДРЭВЫ, ПТУШКІ, АБЛОКІ...
Юбілеі

ПАЭЗІЯ ЖЫВАТВОРНАГА СВЯТЛА
Паэзія
Пераклады

МРОЯ ПРА СТРАШНЫ СУД
Асобы

ААЗІСЫ НІЛА ГІЛЕВІЧА
Навука і рэлігія

ПРА СТВАРЭННЕ СУСВЕТУ
Кніжныя скарбы

Ірына БАГДАНОВІЧ

ПАЭЗІЯ ЖЫВАТВОРНАГА СВЯТЛА

Да 120-годдзя
з дня нараджэння
Максіма Багдановіча

«Максім Багдановіч і Зоська Верас
(Л. А. Сівіцкая) у Мінску, восень,
1916 г.» Малюнак мастака
Івана Пратасені. З фондаў
Літаратурнага музея
Максіма Багдановіча.
Папера, аловак. 50 × 37,5.

Паэзія Максіма Багдановіча хавае ў сабе надзвычайную таямніцу, загадку, якую разгадваюць ужо цэлае стагоддзе некалькі пакаленняў, захопленыя яе гармоніяй, хараством, дасканаласцю. Яна ўся нібы пранізана жыватворным святлом, вырастае з зямнога і скіроўваецца ў нябеснае. Яна ўспрымаецца як цуд, як Божы дар для Беларусі, спасланы на руіны яе заняпаду для святога адраджэння. Паэзію Багдановіча можна назваць цудатворнай, бо яна ацаляе душы тых, хто да яе прычыняецца, прасякае іх святлом і ласкай, бо сама ёсць жывым сведчаннем ласкі і святла, што маюць нябеснае паходжанне. Як апосталы былі пакліканыя Хрыстом абвяшчаць Евангелле ўсяму свету, так Багдановіч быў пакліканы прамаўляць хрысціянскія праўды і ідэалы праз мастацкае слова. Даследчыкі ўжо неаднойчы звярталі ўвагу на пранізанасць усёй творчасці паэта хрысціянскім духам, на наяўнасць у ёй хрысціянскіх матываў. Асабліва глыбока і шматгранна гэтыя аспекты творчасці Багдановіча былі разгледжаны ў артыкулах Уладзіміра Конана1 і Валянціны Дышыневіч2.

Хрысціянскі дух нібы раствораны ва ўсёй творчасці Багдановіча, у яго паэзіі і прозе. Як вядома, паэт гадаваўся ў рэлігійнай хатняй атмасферы, а маці яго, Марыя Апанасаўна Мякота, паходзіла са святарскай сям’і. Ён з маленства ведаў малітвы, хрысціянскія святы і быў далучаны да жывой практыкі веры, бо нядзельныя наведванні службы Божай у царкве былі на той час абавязковымі ў паважных хрысціянскіх сем’ях. Несумненна, што ён добра ведаў Біблію і іншыя рэлігійныя творы, такія як духоўныя вершы і песні, а таксама апокрыфы, што адбілася не толькі ў вобразах і матывах, але і ў жанрах, якія ён абіраў. Так, вядомы яго празаічны твор «Апокрыф» (1913) прысвечаны самой сакральнай сутнасці мастацтва, і менавіта стылізаваная форма новага «апакрыфічнага Евангелля» ад Максіма Кніжніка дапамагае падкрэсліць гэтую сакральнасць.

Згадаем асноўныя моманты з багдановічаўскага «Апокрыфа». У ім разгортваецца вострая дыскусія аб мастацтве, яго ролі ў грамадстве. У цэнтры твора Музы́ка, якому сорамна падчас жніва, бо «ўсе клапоцяцца каля зямлі», а ён адчувае сябе «нікчэмным чалавекам». Музы́ка скардзіцца на тое Хрысту і святым Пятру і Юрыю, якія тады вандравалі якраз па Беларусі. Апакрыфічны Хрыстос тлумачыць Музы́ку, што песня — такая ж годная справа, як і праца на зямлі, бо менавіта песня ўпрыгожвае працу, робіць яе спарнейшай і ўзвышае душу. На гэта запярэчыў святы Пётр, сказаўшы: «Вучыцелю, у гэтай краіне ёсць людзі, каторым няма чаго есці. Ці ж не сціснецца ад сораму сэрца таго чалавека, каторы, шукаючы скарынкі хлеба, прыйдзе з песняй да іх?» Хрыстос ізноў адказаў: «Так, жыццё гэтых людзей цяжкое, беднае і прыгнечанае. Чаму ж ты хочаш яшчэ пазбавіць іх красы?.. Ты, шкадуючы галодных людзей, асудзіў песню, але самі галодныя не асудзілі яе». Тады Пётр сказаў, што ў песнях павінны быць думкі, якія настаўлялі б чалавека ў штодзённым жыцці, — гэта значыць, каб песні былі карысныя. На што быў яшчэ адзін сакрамэнтальны адказ Хрыста: «Няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсць той спажытак для душы». І нарэшце, красамоўным завяршэннем багдановічаўскага апокрыфу стала прытча аб васільках у жыце, якія практычна з’яўляюцца непатрэбным пустазеллем на жытнёвым полі, але гаспадары-сяляне ніколі іх не выполваюць, цешачыся з іх кранальнай прыгажосці і спяваючы пра іх песні. Дзякуючы Багдановічу васілёк стаў беларускім сімвалам Айчыны і новага мастацтва, сімвалічным увасабленнем чыстай і бескарыснай красы, самакаштоўнай самой па сабе. Гэта быў ключавы момант новай эстэтыкі на пераломе стагоддзяў, а «Апокрыф» Максіма Багдановіча стаў яе маніфестам. Так была прамоўлена ісціна аб боганатхнёнасці мастацтва, якое ёсць адбіткам Божай красы і дасканаласці.

Вобраз Хрыста з’яўляецца ў Багдановіча і ў вершы «Цемень» (1909), прысвечаным ялцінскай знаёмай паэта М.А.Кіціцынай. У гэтым вершы з глыбокай праўдзівасцю перададзены стан душы чалавека-верніка, які зведвае моманты тугі, богапакінутасці і пустаты. Але светлы вобраз Божага Сына здольны напоўніць душу святлом, надзеяй і спакоем. Верш гучыць як адказ на ісціну, прамоўленую Хрыстом: «Без Мяне нічога не можаце зрабіць » (Ян 15, 5).

Я сяджу без агню. Я стаміўся, прамок.
Над зямлёю — імгла, у душы маёй змрок.
О, як пуста у ёй! О, як холадна жыць!
Але вось цераз цемень маланка блішчыць,
Асвячае мне вобраз Хрыста… Яго крыж…
Ажываеш, здаецца, душою гарыш.
Але толькі чаму ж так малы гэты час?!
Зноў навокала цемнь. Свет зірнуў і пагас.
Не глядзіць на мяне ясны вобраз Хрыста.
Над зямлёю імгла, у душы пустата
3.

Культура хрысціянскага пісьменства і пашана да кнігі кнігаў — Бібліі — адбіліся ў вершах цыклу «Старая Беларусь» зборніка «Вянок». У вершах «Летапісец» і «Перапісчык» выпісаны кранальныя вобразы рупліўцаў, якія ў манастырскіх скрыпторыях старанна перапісвалі кнігі — біблейскія і свецкія (летапісы). Багдановіч апісвае цяжар і прыгажосць гэтай працы, адданасць ёй сваіх герояў, якія разумеюць не толькі важнасць, але і святасць свайго занятку. Верш «Кніга» працягвае тэму рукапіснай біблійнай кнігі на Беларусі. Лірычны герой яе — сучаснік аўтара, які з душэўным трапятаннем адкрывае старую кнігу — Псалтыр, чытае яе, захапляючыся прыгажосцю і велічнасцю псальмаў, а ў канцы бачыць прыпіску аб тым, што гэтую кнігу «дзяк Гапон дзеля душы спісаў у месту Ваўкавыску…». Згаданы дзяк Гапон мог быць акурат і тым перапісчыкам з аднайменнага верша, які цешыўся кожнай выведзенай літаркай Святога Пісання. Верш утрымлівае і непасрэдную цытату з 41-га псальма цара Давіда: «Як лань прагне вады з патоку, так душа мая прагне Цябе, Божа!»:

Псалтыр, пакрытую няжорсткай бурай кожай,
Я ўзяў і срэбныя засцёжкі адамкнуў,
Перачытаў рады кірыліцы прыгожай
І воску з ладанам прыемны пах пачуў.

Вось псальма слічная: «Як той алень шукае
Крыніцы чыстай, так шукаю Бога я».
Як вее свежасцю яе краса жывая!
Як радасна ўсё дальш спяшыць душа мая»…
(1, 89).

Па адным гэтым радку, устаўленым у тэкст, няцяжка здагадацца, што Багдановіч мог быць выдатным перакладчыкам Псалтыра і іншых біблейскіх тэкстаў на беларускую мову, але, відаць, яму для гэтага проста не хапіла жыцця, якое так рана абарвала цяжкая хвароба. І ў гэтых радках ён застаецца песняром «красы жывой», якая дае вечную радасць і наталенне паўнатой быцця.

У цыкле «Старая спадчына» зборніка «Вянок» ёсць шырокавядомы санет, прысвечаны слыннаму тагачаснаму расійскаму славісту А.Пагодзіну, у якім гучыць пераасэнсаваная Багдановічам у кантэксце тагачаснага нацыянальнага становішча евангельская прыпавесць пра пшанічнае зерне, якое дае плён толькі будучы пахаваным у зямлі: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён» (Ян 12, 24). Вобраз знойдзенага ў егіпецкай магіле засохлага зерня, жыццёвая сіла якога не была страчана і «ўскаласіла парой вясенняй збожжа на раллі», становіцца ў Багдановічавым санеце сімвалам «зварушанага народнага духу», сімвалам будучага адраджэння «забытага роднага краю», які абудзіцца нарэшце ад свайго гістарычнага нябыту.

Позірк паэта заўсёды ў часіны перажыванняў скіроўваецца ў нябёсы, там шукае спакою і раўнавагі:

Падымі ў гару сваё вока,
І ты будзеш ізноў як дзіця,
І адыйдуць-адлынуць далёка
Ўсе трывогі зямнога жыцця
(1, 74).

Каб увайсці ў Валадарства Божае, трэба быць як дзеці, сказана ў Евангеллі. Багдановіч па-свойму ў вершаванай форме паўтарае гэтую евангельскую ісціну. Менавіта нябёсы даюць адчуванне ўзлёту, крылаў, на якіх душа ўзлятае «ў сінюю вышу», каб там змыць «свой пыл», пазбавіцца нуды і турботаў. Такое духоўнае ўзрастанне дае адчуванне цэльнасці і паўнаты быцця, дакранання да вечнасці. Багдановічу як паэту з чуйнай душой і хворым целам асабліва было ўласціва адчуванне хуткаплыннасці, часовасці зямнога жыцця і непазбежнасці сыходу, смерці. «Жывеш не вечна, чалавек, — // Перажыві ж у момант век!», — заклікае ён у іншым вершы і дадае: «Жыві і цэльнасці шукай, // Аб шыраце духоўнай дбай» (1, 121). Менавіта такая духоўная пастава стварае «напружэнне паўнаты», што дазволіць ціха, без болю сысці «ў краіну забыцця». У гэтым прадчуванні смерці няма ніякага надрыву, істэрыі. Тут дамінуе настрой радасці. Як і ў па сутнасці трагічным рускамоўным апавяданні «Колька» пра хворага хлопчыка.

Тэма дзяцей была адной з найулюбёных для Багдановіча і раскрывалася ім заўжды вельмі кранальна. У згаданым апавяданні ізноў прысутнічаюць нябёсы. Менавіта кавалачак блакітнага неба бачыць маленькі хворы Колька (яму няма і трох гадоў) са свайго ложка пад акном, і яно нагадвае яму «блакітны, з залатымі на ім зоркамі, купал маленькай парафіяльнай царквы, да якой у апошнюю нядзелю насіла яго прычашчаць ягоная маці» (2, 20). Там у глыбіні алтара хлопчык пабачыў абраз Уваскрасення і ў часе малітвы ён неадрыўна глядзеў на светлы, увесь у ззянні вобраз на ім: «Вобраз у алтары зліваўся для яго з вобразам старэнькага святара, і калі ён, заплюшчыўшы вочы, прыняў прычасце, ён не ведаў дакладна, хто яго прычасціў? Ці святар, ці Той, які ўзнімаўся ў блакітную вышыню з распасцёртымі, благаслаўляючымі рукамі?» Калі гэты хлопчык паміраў, зайшоўшыся ад плачу і страціўшы прытомнасць, бо не было каму яго суцешыць, то ізноў убачыў «нізка, нізка над сабою блакітны купал з залатымі зоркамі. Ад гэтага купала ўвысь разыходзіліся залатыя промні — цэлыя снапы залатых промняў. Промні гэтыя зліваліся ў доўгі залаты шлях. І шлях гэты вёў у маленькую вясковую царкву, праз царскія вароты, проста ў алтар да абраза Уваскрасення. Па гэтым шляху ішоў да яго, маленькага хворага Колькі, Той самы светлы, прамяністы, на якога ён глядзеў, калі прычашчаўся» (2, 23). Хрыстос прынёс Кольку яйка — «блакітнае, як неба, і ўсё ў залатых блёстачках». А залаты прамяністы шлях «вядзе ўжо не ў царкву, а кудысьці ў бязмежную высь, далёка, далёка. Там, наверсе, з распасцёртымі, благаслаўляючымі рукамі стаіць Той, каго Колька бачыў на абразе Уваскрасення ў маленькай царкве, Хто йшоў да яго цяпер у сонме анёлаў і Хто пад выглядам яйка прынёс яму вечнасць» (2,23).

Эпізоды з дзіцячага жыцця Багдановіч падаў і ў іншых рускамоўных апавяданнях: «Катыш», дзе апісваецца гульня «наўбіткі» велікоднымі яйкамі, а таксама «Цуд малога Петрыка» — пра хлопчыка, які марыў убачыць казачную марскую царэўну і ўтапіўся. Толькі цуд выратаваў яго жыццё. Гэтыя апавяданні сагрэтыя хрысціянскай любоўю, верай. У іх з дасканалым майстэрствам малююцца жыццёвыя сітуацыі, з псіхалагічнай глыбінёй матывуюцца дзіцячыя паводзіны. Яшчэ адзін дзіцячы вобраз неабходна згадаць, прычым ён па-свойму ўнікальны. Гэта вобраз Багдановічавых мадоннаў, у якіх аблічча дзяўчынкі і дзяўчыны зліта з рысамі мацярынства — «двайной красы аблік ядыны!». Гэтыя вобразы выпісаны ў паэтычным цыкле «Мадонны», змешчаным у зборніку «Вянок», і рускамоўным празаічным эцюдзе з той жа назвай «Мадонны». Вобразы звязаны з мастацкім шэдэўрам Рафаэля Санці, з увасабленнем ім вечнай красы Дзевы-Маці — Багародзіцы ў славутым абразе «Сікстынская Мадонна». Для Багдановіча, які ў рэальным жыцці вакол сябе заўважыў такую ж загадкавую «двайную» асаблівасць жаночага хараства, гэта была яшчэ адна нагода гаварыць аб красе і каханні, увасабленні гэтай красы ў мастацтве.

Апавядальнік у эцюдзе разважае аб даўніх мастаках, якія пісалі мадоннаў, імкнучыся да дасканаласці і паўнаты ўвасаблення прыўкраснага. Дзеля гэтага «спрабавалі яны ў адным твары зліць паміж сабой рысы і дзявоцкай, і мацярынскай красы. <...> Малюючы яе, гэтую Дзеву-Маці, яны лягчэй за ўсё маглі перадаць сваю ідэю. <...> А паколькі Мадонны тыя — недасяжныя вяршыні мастацтва, Манбланы яго, ці што, значыць, як я і казаў, зліццё абедзьвюх рысаў жаноцкасці ў нейкі маналіт — гэта і ёсць вянец усялякай прыгажосці» (2, 45–46). Далей апавядальнік — чалавек пажылых гадоў — расказвае пра рэальны эпізод, падгледжаны ў жыцці, калі ён быў яшчэ студэнтам семінарыі. На вясковай вуліцы ён убачыў заплаканае дзіцятка, («карапуза»), якое, спалохаўшыся сабакі, пабегла, спатыкнулася, упала ды папаўзло да сваёй нянькі: «А нянька тая — ну, проста дзяўчо, гадоў васьмі, — нахілілася да яго так заклапочана, тварык рукавом абцерла і, ведаеце, рознымі так жаночымі словамі ўгаворваць пачала. Але тут, памятаю, дужа ўразіў мяне чыста мацярынскі выраз, які ў той момант з’явіўся на яе твары» (2, 47). Здзіўленне героя вылілася ў роздум аб найвышэйшай красе, якую ён угледзеў у замурзанай, худзенькай, абарванай вясковай дзяўчынцы: «Найвышэйшая краса ў яе была, вось што, а якая — не зразумеў я тагды; толькі ўжо потым, стоячы перад дрэздэнскімі Мадоннамі і згадваючы той выпадак, зразумеў я, што бачыў менавіта тую красу, якую мастакі стараліся адлюстраваць у гэтых карцінах» (2, 48). Гэтую ж сустрэчу з малалетняй нянькаю — «дзяўчынкай-маці» — увасобіў Багдановіч і ў вершы «У вёсцы» з цыклу «Мадонны»:

Я спудзіў хлопчыка; на руках і нагах
Ён, бедненькі, папоўз па траўцы ля сцяжынкі,
Да нянькі траплячы —
так год васьмі дзяўчынкі…
(1, 145).

Далей паэт апісвае сваё здзіўленне і замілаванне гэтай сцэнай, калі дзяўчынка, «зусім як быццам маць», пачала выціраць слёзкі і супакойваць малога. Менавіта тады ён убачыў сімвалічнае зліццё двух абліччаў хараства — дзявоцкага і мацярынскага — у адным жывым вобразе. І гэта натхніла яго на незвычайнае параўнанне, якое завяршала роздум аб паўнаце красы, выяўленай праз загадку Дзевы-Маці:

А можа не краса была ў дзяўчынцы той, —
Дзяўчынцы ўпэцканай і хілай, і худой, —
А штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі
Стараўся выявіць праз Маці Божай лікі.
(1, 145–146).

Гэты ж матыў «двайной красы», выяўленай у адным абліччы дзяўчыны, гучыць у наступным творы з цыклу «Мадонны» — невялічкай паэме «Вераніка», прасякнутай святлом кахання паэта да Ганны Какуевай, сястры яго гімназічнага таварыша ў Яраслаўлі.

Зборнік «Вянок» мусіў завяршаць паэтычны цыкл «Каханне і смерць», які лагічна дапаўняў роздум аб «высокай красе» ў «Мадоннах». Тут ідэал жаночага хараства, выяўлены праз зліццё дзявоцкага і мацярынскага, дапаўняецца акцэнтам ахвярнасці маці, якая, даўшы жыццё дзіцёнку, памірае «пасля радзін». Надзвычай высока паэтызуе Багдановіч вагітную жанчыну, якая носіць у сваім улонні само жыццё, ахвяруе сабой дзеля гэтага жыцця. Вагітнасці папярэднічаюць шлюбныя адносіны, зліццё ў адну андрагінную асобу жаночай і мужчынскай яе палавінаў. «Паводле хрысціянскага ідэалу, паўната людскога быцця — не ў раздзельнасці і тым больш не ў палярызацыі мужчынскага і жаночага пачаткаў, а ў іх гармоніі, у быційным і духоўным адзінстве», — пісаў Уладзімір Конан4. Такім чынам, у цыкле «Каханне і смерць», малюючы з замілаваннем вобраз вагітнай жанчыны («Дзераўлянае яечка // Ты ўдаеш сабой зусім…»), паэт у хрысціянскім духу вельмі высока ўзносіць эратычнае каханне, бачачы ў ім выяўленне дасканалай Боскай прыроды, пазначанай непадзельнасцю духоўна-цялеснай сутнасці чалавека. Сучаснае багаслоўе таксама акцэнтуе ўвагу на тым, што прайшоў час, калі полавыя адносіны (або, перафразуючы назву другога верша гэтага цыклу Максіма Багдановіча, «падлегласць цёмнаму пачуццю») лічыліся пазначанымі пячаткаю граху і «дарам д’ябла». Цяпер важна ўсвядоміць, што «сэрцавінай хрысціянскага дабравесця» ёсць «Адкрыццё (у арыгінале «Откровение». — І.Б.) аб святасці плоці»5. Адпаведна з такімі адносінамі да кахання Багдановіч выкарыстоўвае і сімволіку «яйка», якое ёсць «сімвалам надзеі і ўваскрасення. Гэтае сімвалічнае значэнне звязана з тым, што з яйка вылупляецца птушаня»6. Дарэчы, у наступным вершы цыклу Багдановіч і выкарыстоўвае вобразы птушаняці і гнязда:

Душа ў салодкім палусне,
І кажуць знакі чалавечка:
«Я — пценчык, ты — маё гняздзечка,
Не руш, не руш, не руш мяне!»
(1, 159).

Ідэя святасці кахання ў гэтым цыкле пацвярджаецца і ахвярнасцю жанчыны, якая нараджае, аддаючы сваё жыццё. Багдановіч параўноўвае такую ахвярнасць («За дзіцё зазнаці болі // За дзіцё праліці кроў») са славаю тых, хто загінуў на полі бою, аддаўшы жыцці за родны край. Гэтым самым Багдановіч увасабляе евангельскую ісціну аб тым, што няма большай заслугі ў вачах Пана Бога, чым аддаць жыццё сваё за бліжняга, што праз гэтую ахвяру кладзецца шлях у Валадарства Нябеснае. Выкарыстоўвае тут паэт і сімволіку адраджэння, увёўшы ў якасці цытаты радок з велікоднага спеву: «Смертию смерть поправ» // Ты ад жыцця адпачыла, // Ў муках памёрла сама, // Але дзіцё спарадзіла…» (1, 164).

Максім Багдановіч і сябе паводзіў у жыцці адпаведна тым высокім хрысціянскім ідэалам, якія ён сцвярджаў у сваіх вершах. Так, будучы ў ваенным Мінску ў 1916 г. і працуючы ў харчовым камітэце мінскай губернскай управы, ён узяў на сябе добраахвотную пастанову не ўжываць цукру (хоць гарбату з цукрам вельмі любіў), рабіў гэта дзеля таго, каб сэканоміць свой цукровы паёк для дзяцей і перадаць ім праз Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Гэта вядомы факт з яго біяграфіі, апісаны ва ўспамінах Зоські Верас. На яе запытанне, чаму ён не ўжывае цукру, паэт адказаў: «Бачыце, <...>, вельмі перажываю тое, што я бяссільны памагчы тым, хто цяпер, падчас вайны, церпіць голад, асабліва шкадую дзяцей… Калі я сабе адмаўляю таго, што люблю <...>, мне здаецца, што я раблю нейкую ахвяру (курсіў наш. — І.Б.), і гэта мяне хоць крыху пацяшае…»7. Сапраўды, праз некаторы час Багдановіч «прынёс на плячах больш як паўпуда цукру!»8. Тое, што паэт разумеў адмаўленне ад цукру як ахвяру, гаворыць аб ім як аб чалавеку глыбокай хрысціянскай культуры, які ведаў практыкі веры ў тым ліку ў часе посту, які ўдзельнічаў у хрысціянскіх набажэнствах, умеў маліцца і, безумоўна, не абмінаў святыняў.

Што датычыць святыняў, то нельга не згадаць, як натхнёна і ўзрушліва апісаў паэт віленскія святыні: Вострую Браму ў вершы «Пагоня» і касцёл святой Ганны. Наведванне Вільні наогул пакінула значны след у яго творчасці: ён першы ў ХХ стагоддзі фактычна стварыў паэтычны помнік гэтаму гораду ў цыкле вершаў «Места» зборніка «Вянок». Касцёл св. Ганны ўразіў паэта стройнасцю сваіх ажурных чырвоных муроў, гонка скіраваных увысь, што давала адчуванне ўзлёту, лёгкасці і суцяшэння ў зямных турботах:

Як лёгка да гары, як красна
Узносіць вежы ён свае!
(1, 247).

Паэт заклікае прыходзіць да касцёла святой Ганны, «каб залячыць у сэрцы раны, // Забыць пра долі цяжкі глум». Такія ж адчуванні, відаць, перажываў Максім Багдановіч у Мінску, калі цешыўся выглядам Чырвонага касцёла, які тады толькі што збудаваўся. Зоська Верас успамінае аб гэтым: «Прыйшла зіма. Снег, марозы. Калі пасля марозу прыходзіла адліга, чырвоныя цэглы новага касцёла пакрываліся срабрыстай шэранню, і гэта было цудоўна, як у казцы. На работу мы з Багдановічам выходзілі разам і адразу пераходзілі на другі бок вуліцы, каб ісці каля касцёла <...> і нацешыцца яго цудоўным выглядам. Багдановіча проста адарваць не можна было, да таго быў захоплены»9. Магчыма, Максім у велічных, стромкіх чырвона-серабрыстых вежах касцёла таксама бачыў той прамяністы, ззяючы шлях у нябёсы, які ўгледзеў яго маленькі хворы герой Колька і па якім ішоў да хлопчыка з велікодным яйкам Хрыстос, забіраючы яго з сабою ў выратавальную і радасную вечнасць… Выратавальнай радасцю для нас сёння ёсць таксама ўся творчасць Максіма Багдановіча, якая адкупляе сённяшніх беларусаў ад грахоў гістарычнага няпамяцтва, пагарды да роднай мовы і ваяўнічага атэізму. Яна нясе нам жыватворнае святло Веры, Надзеі, Любові.

Ірына Багдановіч


  1. Гл.: Конан У. Міфалагічныя і біблейскія матывы ў паэзіі Максіма Багдановіча // Зборнік дакладаў: Матэрыялы дакладаў і паведамленняў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі (2001 г.) «Максім Багдановіч і іншанацыянальныя літаратуры» // Літаратурны музей Максіма Багдановіча; Склад. І.В.Мышкавец. — Мінск, 2003. — С. 99 — 110.
  2. Гл.: Дышыневіч В. Хрысціянскія матывы ў творчасці Масіма Багдановіча // Праваслаўе. 2000. № 9. — С.106 — 115.
  3. Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3 т. Т. 1. — Мінск: Навука і тэхніка, 1991. — С.214. Далей спасылкі на гэтае выданне даюцца ў тэксце з пазначэннем тома і старонкі ў дужках.
  4. Конан У. Элегічны вобраз вагітнай у паэзіі Максіма Багдановіча // Зборнік дакладаў: Матэрыялы дакладаў і паведамленняў Міжнароднай навукова-пра­ктычнай канферэнцыі (1999г.) // Літаратурны музей Максіма Багдановіча; Склад. Т.Э.Шэляговіч, І.В.Мышкавец. — Мінск, 2001. — С. 13.
  5. Козырев Ф.Н. Брак и семья в православной традиции. Как на самом деле относится Церковь к плотской любви. — Москва: Эксмо, 2008. — С. 275.
  6. Фергюсон Д. Христианский символизм / Перевод с англ. — Москва: Изд-во АДЕ «Золотой век», 1998. — С. 27.
  7. Верас З. Пяць месяцаў у Мінску // Максім Багдановіч. Пясняр чыстае красы: Успаміны, артыкулы, прысвячэнні / Уклад. Т.Шэляговіч. — Мінск: Маст. літ., 2011. — С. 61—62.
  8. Тамсама. С. 62.
  9. Тамсама. С.64.

 
Помнік
Максіму Багдановічу
ў Мінску. Скульптар
С. Вакар.
  Літаратурны музей Максіма Багдановіча
ў Мінску.

 
Філіял музея
М. Багдановіча ў Мінску
на Рабкораўскай, 17.
  Музей-сядзіба Максіма Багдановіча
ў в. Ракуцёўшчына.

Музей Максіма Багдановіча ў Гродне.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY