Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(58)/2011
Рэлігія і свет
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады

ПРОСТАЯ БЕЛАЯ СТАРОНКА
Вера & Cultura
Постаці

ТАКІ ЁН БЫЎ...
Родны край

УСПАМІНЫ, ЯКІЯ ЦЕШАЦЬ ДУШУ
Галерэя
Інтэрв’ю
Мастацтва

З НАГОДЫ АДНОЙ ВЫСТАВЫ
На кніжнай паліцы

ДРЭВЫ, ПТУШКІ, АБЛОКІ...
Юбілеі

ПАЭЗІЯ ЖЫВАТВОРНАГА СВЯТЛА
Паэзія
Пераклады

МРОЯ ПРА СТРАШНЫ СУД
Асобы

ААЗІСЫ НІЛА ГІЛЕВІЧА
Навука і рэлігія

ПРА СТВАРЭННЕ СУСВЕТУ
Кніжныя скарбы

Данута БІЧЭЛЬ

ДРЭВЫ, ПТУШКІ, АБЛОКІ...

Нататкі, напісаныя падчас чытання кнігі Венанцы Бутрыма
«Маўклівыя сумныя птушкі» («Смаленск-Прэсс», 2011).

Апошнім часам я чытаю мала… Пачынаю чытаць новы твор і адчуваю, што аўтар ужывае шмат лішніх словаў… Але…

На небе зоры ўжо мігцяць,
на полі срэбны снег іскрыцца…
на бел-свет дзівы выпраўляць
пляцецца ночка — чараўніца…

Хутка маё чытанне скароціцца да паэмкі «На куццю» Янкі Купалы, у якой няма ніводнага лішняга слова…

Але літаратура ствараецца — незалежна ад маіх чытацкіх здольнасцяў…

Аднойчы размаўлялі па тэлефоне з Валодзем Дамашэвічам пра кнігу Алены Афанасьевай «Прываротная любоў», якая ёсць толькі ў інтэрнэце… Валодзя сказаў: «Усё, што напісаў чалавек, — гэта літаратура, і мае права быць апублікаваным…»

Валодзя ўсё жыццё пасля сканчэння БДУ працаваў з маладымі аўтарамі ў выдавецтвах і ў часопісах, але не правіў сюжэтаў, не парушаў зместу твора, а працаваў над стылем мовы, папраўляў у тэксце моўныя недакладнасці…

А ці маюць права людзі, якія самі пішуць і выдаюць кнігі, змяняць напісанае іншымі, закрэсліваць, бракаваць?

Венанцы Бутрым свае першыя апавяданні паслаў не ў часопіс, а Васілю Быкаву, які прачытаў два яго апавяданні — «Апошнія канікулы» і «Юнгі» (1973 год). Ліст Васіля Быкава ва ўступным слове да кнігі цытуе Барыс Пятровіч, рэдактар і выдавец пасмяротнага выдання кнігі апавяданняў Венанцы Бутрыма «Маўклівыя сумныя птушкі». Вершы ў лісце Быкаў нібы абмінуў сваёй увагай, напісаў, што яны цалкам добрыя і іх можна друкаваць. На прозе ён спыніўся больш падрабязна: «Канешне, „Апошнія канікулы“ — назіральныя, практыкаванне ў стылістыцы, не болей, але яны выяўляюць выдатны стыль аўтара, яго даволі прафесійнае ўменне бачыць і апісваць. А гэта ўжо нямала…» Пра апавяданне «Юнгі» класік напісаў так: «„Юнгі“, наадварот, гавораць аб Вашых здольнасцях будаваць канфлікты, ляпіць (крута ляпіць) характары, драматызаваць па вышэйшым рахунку. Хаця, як апавяданне, яно яшчэ недастатковае. Хутчэй, гэта ўрывак, але ўрывак выдатны…»

Я падумала: атрымаўшы гэты ліст, Венанцы вырашыў не марнаваць час на прозу, пачаў працаваць у выяўленчым мастацтве, дзе ён адчуваў сябе вольным… Але Інэса Паўлаўна Бутрым, жонка Венанцы, у тэлефоннай размове сказала, што, наадварот, Венанцы прыняў ліст Васіля Быкава як пахвалу, быў шчаслівы, што Быкаў яго падтрымаў, і нават паслаў яму на дзень нараджэння падарунак — падсвечнік, зроблены з гільзы ад снарада. Васіль Быкаў прыслаў яму цёплы ліст з падзякай.

Венанцы быў спакойным філосафам, меў талент чалавека, які любіць людзей і той час, у які паслаў яго Бог, быў асобай, вакол якой збіралася баранавіцкая «Святліца»... Інэса кажа, што ён быў стрыманым, умеў трымаць свае эмоцыі ў сабе. Быць такім яму дапамагала прырода правінцыі, якую ён адчуваў, захапляўся і ў словах, і ў пейзажах, і ў графіцы. Быў сціплым, сабе як творцу даваў заніжаную ацэнку, казаў, што ён рамеснік, не больш…

Я згаджаюся з Барысам Пятровічам, што Венанцы ў прозе паказаў перавагу слова над фарбай, бо фарбы маўчаць, а словы — гавораць…

Васіль Быкаў, Янка Брыль, Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік улічвалі ўсе акалічнасці камуністычнага рэжыму, які патрабаваў пэўных выдаткаў, — наступалі самі на горла сваёй прозы. Аднак яны адбыліся як творцы і апраўдалі сябе перад сабой, перад роднай літаратурай і мовай…

У часопісе «Наша вера» ксёндз Пётр Рудкоўскі ў артыкуле «Хай сыдзе Дух Твой і адновіць аблічча гэтай зямлі!» адштурхоўваецца ад мудрасці, якую выказаў у энцыкліцы «Rerum novarum» папа Леў ХІІІ:

Кожны і кожная павінны прыкласці намаганне
дзеля выпраўлення сітуацыі ў адпаведнасці са сваім становішчам,
інакш зло, якое ўжо і так стала вялікім,
у выніку адтэрміноўкі стане зусім невылечным.

Каб аднавіцца ў мысленні, прыняць знакі, якія пасылае нам Дух Святы, пачынаць трэба з сябе самога — перастаць хлусіць і прымаць хлусню… Так лічыць тэолаг…

Венанцы Бутрым гэта ведаў ад сваіх бацькоў.

Ён жыў у сям’і з хрысціянскім укладам, да саветаў хадзіў толькі на працу, ды і то ў ціхія мастацкія майстэрні…

Венанцы Бутрым. Здымак 1960 г.

Венанцы Бутрым нарадзіўся 9 верасня 1936 года ў Баранавічах і памёр 16 жніўня 2003 года ў Баранавічах.

Аднак у публікацыі Алёшы Белага «Мінаючы дробязь паўстанкаў» я прачытала, што Венанцы нарадзіўся ў мястэчку Новая Мыш, адкуль родам яго маці Уршуля, дачка Канстанціна. Маці была ў гасцях у сваякоў і там нарадзіла сына… Бацька Вінцэнты Вінцэнтавіч паходзіў з вёскі Стрэлава, недалёка ад Мілавідаў, і таксама жыў у Новай Мышы… Бацькі пазнаёміліся ў касцёле Перамянення Пана, у якім пасля ўзялі шлюб, стварылі сваю каталіцкую сям’ю…

Добрую хату на дзве палавіны бацькі пабудавалі ў Баранавічах у 1932 годзе.

У Бутрымаў была вялікая сям’я, падрасталі дочкі і сыны: Алімпія, Альберт, Рамуальда, Венанцы, які памёр малым… Бацькі гэтым іменем назвалі сына, які нарадзіўся наступным…

І яшчэ жыве ў Баранавічах сястра Ядвіга. Рамуальда з дачкой Наташай жыве ў Мінску, а дачка Ядвігі пераехала ў Польшчу… Старэйшая сястра Алімпія была замужам за ваенным, шмат паездзіла па свеце, жыла ў Маскве, а нядаўна памерла (яе дачка засталася ў Маскве). Брат Альберт жыў у Баранавічах, тут жа засталіся яго дочкі…

Бацькі былі невысокага росту, і большасць дзяцей пайшлі па бацьках, толькі Алімпія і Венанцы былі высокія, як дзед Вінцэнт… І высокі Аляксандр, сын Венанцыя і Інэсы.

Маці памерла ў 1965 годзе ад раку страўніка. Інэса кажа, што дабрэй за яе яна не сустракала жанчыны, шкадуе, што мала яны пажылі разам...

Бацька застаўся пры дзецях, быў рухавы, працавіты, рана ўставаў, ездзіў на ровары… У 1976 годзе ён палез з вядром збіраць спелыя чарэшні і ўпаў з дрэва з пяціметровай вышыні. Памёр у бальніцы…

Пасля яго смерці старыя дрэвы давялося спілаваць, засталася адна яблыня. Пасадзілі малады сад. Венанцы любіў і такія экзатычныя дрэўцы, як абляпіха і алыча…

У бацькавым доме Венанцы ўсё рабіў сам, папраўляў, рамантаваў — ад коміна да падрубаў, да клямкі на веснічках. Не было такой работы, якой ён не ўмеў зрабіць…

Венанцы скончыў на выдатна сямігодку, тэхнічнае вучылішча, працаваў электрыкам на чыгуначнай аўтабазе. У 1960 годзе паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, вучыўся і працаваў настаўнікам малявання ў школе.

З Інэсай яны вучыліся ў адной групе. На трэцім курсе былі на практыцы ў Нясвіжы і вырашылі там распісацца, каб пажаніцца без шуму. У групе было 13 хлопцаў і дзве дзяўчыны… Вяселле спраўлялі ў школе — талеркі зрабілі з ватмана, купілі відэльцы і шклянкі…

Інэса з радасцю перайшла на самабытнае прозвішча мужа, толькі не разумела, чаму ў слове Бутрым на канцы гучыць «м», а не «н»…

Вось і ўся адметная розніца паміж усходам і захадам у дадзеным выпадку…

У групе, як і ў вучэльні, размаўлялі на расейскай мове, але рэдкае імя Венанцы ўвесь час блыталі, таму ён сказаў: «Ды называйце мяне проста Віктар!»

У дыпломе ў іх была запісана прафесія — настаўнік малявання і чарчэння, таму ў Баранавічах яны павінны былі адпрацаваць па накіраванні ў школе. Хутка Венанцыя запрасілі ў мастацкія фонды, а ён угаварыў перайсці туды Інэсу — яны мелі сталы ў адной майстэрні… Гэта была прыемная, спакойная праца, але ў дзевяностыя гады фонды страцілі фінансавую падтрымку ад дзяржавы, трэба было шукаць самім заказы, якіх не было.

Цяпер Інэса Паўлаўна на пенсіі, але працуе — робіць рэкламу ў кінатэатры…

Хату бацькоў яны пакінулі сям’і сына Аляксандра, лётчыка грамадзянскай авіяцыі, які ў дзевяностыя гады вымушаны быў развітацца з палётамі і вярнуцца ў Баранавічы. Інэса і Венанцы перайшлі ў кватэру яе маці.

Венанцы Бутрым. Здымак 1960 г.

Венанцы працаваў афарміцелем, маляваў пейзажы, гравюркі, пісаў вершы і прозу — пераважна ў стол. Ёсць такія творцы, якія пішуць для сябе і сяброў, з якімі ім хочацца дзяліцца думкамі, талентам. Калі ж прачытае нехта старонні, то і ён далучаецца да сяброў…

Толькі ў 2001 годзе ў «Святліцы» з дапамогай грамадскага аб’яднання «Варута» Бутрым выдаў уласную кніжачку вершаў «У барвах зямлі», дзе сваімі графічнымі малюнкамі аформіў вокладку і чатыры раздзелы. Я была ў яго рэдактарам… Прачытала ўважліва змест, сказала свае заўвагі… З некаторымі аўтар не пагадзіўся… А дзве кніжачкі паэзіі выдалі сябры ўжо пасля яго смерці — на беларускай і на расейскай мове. Зборнік «Паралелі» (2003) выдала «Святліца» з дапамогай «Варуты», а адрэдагаваў Леанід Дранько-Майсюк… Кніжачка ўпрыгожаная малюнкамі аўтара — гусі, жураўлі, жаўранкі і коні адлятаюць у вырай… Крыж на горцы…

Кніжку «В пространстве и времени» (2007) выдавала Інэса Паўлаўна, у Баранавічах… І рэдактуру, і афармленне, і карэктуру зрабілі сябры са «Святліцы», якія па-ранейшаму памяталі Венанцы Бутрыма, — любоў ніколі не мінае… Графічных малюнкаў аўтара хапіла і на гэтую кнігу… Вецер, дрэвы, птушкі, дзьмухаўцы, нябёсы…

Інэса Паўлаўна пасля яго смерці вырашыла апублікаваць і прозу. У яе памяці гучалі словы мужа пра тое, што ўсе апавяданні пасля яго смерці загінуць… Дзеля таго, каб выратаваць прозу, Інэса Паўлаўна шукала выдаўца, не маючы ніякага вопыту, таму гэта заняло шмат часу. Нарэшце прыслала мне два асобнікі і ліст, у якім прызнаецца, што кніга прайшла шматпакутны шлях у прасторы і ў часе. Цяпер усё выданне яна з сынам раздае тым людзям і бібліятэкам, якія зацікаўленыя ў развіцці мастацкага слова…

Я доўгі час ліставалася з Венанцым. Ён звяртаўся да мяне прыгожа — «васпані». Дасылаў паэзію, а з прозы я ведала адзін яго тэкст — апавяданне «Магілка» (2002), якое спрабавала аддаць у часопіс, але аўтарытэту майго не хапіла. Цяпер я перачытала гэты твор з яшчэ большым здзіўленнем… У апошні час з такім жа здзіўленнем я чытала кнігу «Мост на рацэ Дрыне» нобелеўскага лаўрэата Іва Андрыча — гэтую кнігу мне далі пачытаць тады, калі я выдала «Мост святога Францішка». У той кнізе аўтар здолеў «упакаваць» на мост метафарычнай мовай любові ўсю драматычную гісторыю неўміручага народа… Венанцы напісаў твор меншага памеру, але і ён здолеў нагрувасціць шмат роднага… Як уступ да галоўнага здарэння — разважанне пра месца, дзе знаходзяцца могілкі на Голі… Тлумачачы сэнс назвы Голь, Бутрым расказаў і пра захопніцкую палітыку «старэйшай сястры», і пра бітву 1863 года, і пра сучасную палітыку… Складаныя сказы мовы… Ціхія разважанні правінцыйнага мысляра, які стаіць на ганку і бяздумна марудзіць: клямка ўжо не халодзіць руку, пацяплела, сагрэлася, а ён усё не ступае за парог...

І адчуванне мастаком каляровай стракатасці сусвету... Пакуль дайшоў да галоўнага здарэння — пахавання ў магілку статуі Маткі Боскай, нібы памерлага чалавека… Гіпсавая статуя доўгі час знаходзілася ў вясковай хаце і была для верніцаў Суцяшальніцай, Касцёлам, месцам збору на малітву… Але ўнучка гаспадыні хаты, дзе збіраліся верніцы, была выхавана савецкай школай як атэістка, ненавідзела сваю бабулю, а таму — не любіла Матку Боску… Унучка пабіла статую, якую ўдалося выратаваць, калі разбуралі капліцу, — статуя з гіпсу, не цяжкая, таму жанчыны схавалі яе ў кустах, а ўночы перанеслі праз лес за сем кіламетраў…

На эцюдах, р. Беразіна. 1964 г.

Першае па напісанні апавяданне «Апошнія канікулы» (снежань, 1972 — сакавік, 1973 год). Васіль Быкаў сказаў, што гэта практыкаванне ў стылістыцы, не болей…

У сямідзесятыя гады нашы празаікі трымаліся традыцыйнай будовы апавядання, дзе ёсць выразны канфлікт, падзея, пачатак і канец… Але ж у апавяданні Бутрыма ўсё гэта ёсць. Хлопец скончыў школу, і з мамай яны вырашылі, што будзе працаваць лабарантам у інстытуце, толькі не ў тым, дзе працавала мама. Знаёмы мастак, старэйшы за хлопца на гадоў 15, прапанаваў яму паехаць на сваё «старое месца» на пленэр. У мастака былі там даўнія сябры — бабуля, у якой спыніліся, дзед, апавядальнік даўніны, цёця Ліда, у сталоўцы якой абедалі… А хлопец увесь час ходзіць побач, адпачывае, назірае і думае… У яго людскія думкі: «Есть вещи, которые мы принимаем безоговорочно, интуитивно чувствуя правильность выбора. Таким был и остался для меня „Мост“», — так ён думае пра карціну мастака, якая знаходзіцца ў музеі… Мост з карціны хлопец убачыў там, дзе яны адпачываюць, — блакітны мост у вечаровых промнях… Мяне здзівіў такі выраз — цёмныя стагі ліпаў… Або: цішыня і чорнае зорнае неба здаваліся такімі старажытнымі, што я не мог знайсці ім ніякага параўнання, не мог гаварыць громка…

Хочацца, каб героі ў апавяданні не толькі з’яўляліся і знікалі, але каб пра іх даведацца крыху болей… Вось шафёр, які любіць маляваць, але ў яго няма «цялесных» фарбаў… Жанчына, якая просіць мастака, каб намаляваў нажнічкі, — яна страціла памяць, калі ў яе памерла дзіця… На гэтым тэксце добра было вучыць пісаць маладога празаіка. Але Васіль Быкаў лічыў, што аўтар павінен сам вучыцца пісаць. У той час проза лічылася суровым жанрам, толькі лірычнае слова Янкі Брыля неяк праходзіла ў друку.

Венанцы Бутрыму ў аповесці «Юнгі» ўдалося перадаць драматызм вайны — людзі нарадзіліся ў добрай сялянскай хаце, былі навучаныя бацькам працаваць на гаспадарцы, а давялося ім так недарэчна загінуць, не ўмеючы ваяваць.

Венанцы Бутрыму ў пачатку вайны было ўсяго пяць гадоў, ён памятаў вайну з назіранняў збоку, а можа, знутры дзіцячага страху, але меў смеласць разварушыць самыя раннія ўспаміны дзяцінства…

Напісаў пра такіх ваякаў, як Юнгі,— большасць тутэйшых былі такімі… За каго ваяваць, за якую краіну, за якую будучыню, — хлопцы гэтага не ведалі, іх не навучылі… Смейцеся з нас, мы не героі, якія кідаюцца пад кулі! У Бутрыма вобразы не герояў атрымаліся пераканаўча… На ўсе гэтыя пакуты пайшло шмат словаў, але чытаць апавяданне лёгка — мова цячэ, як крыніца… Так думаць пасля вайны было забаронена — калі пісьменнік паказваў не герояў, то ён павінен быў неяк апраўдацца за іх перад чытачом… Венанцы апавядаў без апраўдання — так было…

У апавяданні «Ліпеньскім днём» (1974), пастаўленым у кнізе першым, працягваецца расказ пра недарэчныя ахвяры вайны ўжо ў канцы вайны, калі ўсе ў вёсцы Каменцы думалі, што немцы ўцяклі…

Аповесць «Апошні эшалон» — пра пакутныя блуканні і змаганні хлопца Юліка. Да яго з таго свету прыходзіла маці, як жывая, і вачамі падказвала, што рабіць, дадавала адвагі і сілы…

Так яны пісалі ў той час, а мы іх чыталі, былі іх сучасніцамі і сяброўкамі. І самі шмат чаго перажылі — гэта было наша жыццё, але не наша вайна… Новае пакаленне ваенную літаратуру не чытае так ахвотна. Але будуць новыя пакаленні. Аднойчы зноў прыйдзе час і людзі зноў пачнуць чытаць кнігі пра страшную вайну, якая забірала жыццё проста так. Гэта будзе іншае, новае прачытанне і асэнсаванне… А нам, стомленым ад вайны, да яе давялося вярнуцца, бо Венанцы Бутрым напісаў пра яе, але ў гарачы час не апублікаваў.

Кажуць: напісанае — застаецца. Увогуле, застаецца надрукаванае… Проза Венанцы Бутрыма пра вайну застанецца, зойме сваё месца ў літаратуры, магчыма, адыграе ролю таго каталізатара, які верне чытацкую ўвагу да ваеннай прозы, таму што апрача напружаных вострых сюжэтаў, у гэтага аўтара ёсць добры стыль, прыгожая самабытная мова, шмат жывых прыгодаў, дэталяў, назіранняў. Усё запоўнена хрысціянскай дабрынёй, людскасцю, любоўю да сваёй зямлі, да роднай хаты, да сям’і, да людзей блізкіх і далёкіх, да чалавецтва… Героі ў аповесцях не здзяйсняюць геройскіх подзвігаў, але любяць спрадвечны ўклад жыцця — бацькі любяць дзяцей і вучаць іх любові да людзей, дзеці жывуць па навуцы бацькоў. Сям’я — гэта галоўная вартасць чалавецтва ў творах Бутрыма…

Гляджу на фатаграфію, з якой яны ўсе да мяне ўсміхаюцца, і я сярод іх. У садзе іхняга ўніяцкага святара Яўгена Маліноўскага, пад яблынькай, дзе мы сустракаліся 28 жніўня 2009 года. Прыгожыя мае сябры з баранавіцкай «Святліцы»… У цэнтры сябрыны — іх лідар Віктар Сырыца, недалёка — Алёша Белы і Валер Палікарпаў, гэта той краязнавец, які некалі паслаў запрашэнне ў Польшчу сыну Ларысы Геніюш, за што быў звольнены з працы… Шмат маладых жанчын…Адна з гітарай… У першым радзе ўсміхаецца Іван Лагвіновіч, які памёр 29 сакавіка 2011 года, збоку — Янка Збажына, які памёр 11 лютага 2011 года… Венанцы Бутрым містычна ёсць на гэтай фатаграфіі: калі б яго не было, то я наўрад ці даехала б у Баранавічы. Запрасіў нас з Паўлам Мажэйкам у госці да сяброў Алёша Белы, і ён ведае, што ў «Святліцы» светлай стваральнай асобай быў Венанцы Бутрым, яго сябра…

Пасля смерці Бутрыма сяброўка Інэса прыслала мне дзве невялікія карціны Венанцы — ён іх напісаў спецыяльна для мяне, але сам не паспеў выслаць. На карцінах у сініх рамачках — досвітак на сенажаці, трава больш сіняя, чым зялёная, расце ў вадзе, азёры Венанцы пісаў белай фарбай. На адной карціне два конікі пасуцца — каштанавы і блакітны… Нябёсы — містычныя сумныя птушкі… Я яму вельмі ўдзячная за гэты досвітак, за конікаў… У малітве за памерлых я думаю пра душу сябра і пра душы коней нашай Краіны, якія перажылі не меней, чым людзі…

Здымак 2001 г.

Будучы невылечна хворым, Венанцы меў патрэбу расказаць пра тое месца, дзе прайшло яго жыццё. «Молчаливые грустные птицы» (2001) — твор містычны, складаны для чытання і зразумення… Мне растлумачыла Інэса, што Венанцы ў апавяданні расказаў свой сон, які яму часта сніўся… Я гэта ведаю, бо маю падобныя сны…

Інэса Паўлаўна доўга шукала назву кнігі… Рэдактар Барыс Пятровіч прапанаваў назваць кнігу «Маўклівыя сумныя птушкі», бо ў птушках са сну можна ўбачыць развітанне двух закаханых сэрцаў, іх душы ці духі, якія не маюць матэрыяльнага цела, і насельнікаў Краіны, якія, згубіўшы родную мову, сталі нямымі птушкамі… Карціна Венанцы Бутрыма — пейзаж ветранага неба, якую жонка з сынам выбралі для вокладкі кнігі, у арыгінале не мае відочных птушак, іх намалявалі ў камп’ютарным варыянце… Ды я на карціне ў святлаценях бачу бесцялесных птушак…

У аповесці «Хата» (чэрвень — кастрычнік 2002 года) няма традыцыйнага сюжэту, але гэта галоўны твор у кнізе. Шмат новага можна даведацца з гэтай аповесці — і краязнаўчага, і каларытных мясцовых словаў роднай мовы…

Родная хата, дрэвы, пасаджаныя продкамі, да якіх аўтар адносіцца як да жывых,— яго дрэвы маюць душы, ён размаўляе з імі, нават ужо з пасохлымі… Непрыгожых дрэваў не бывае…

Крыж пры дарозе з букецікам жывых кветак, ад самых першых з-пад снегу да самых позніх, лямпачка, прымацаваная так, каб асвятляла закрытыя вочы Укрыжаванага і церні на Яго скронях… Венанцы меў той самы клопат, які мела я, калі пісала «Мост святога Францішка», — расказаць пра Беларусь, якую знішчаюць… Бутрым стварыў вельмі ўдалы твор — ён меў добрую бацькаву хату…

Ён вяртаецца да гістарычных пачаткаў:

«Пачаткова нібыта быў у каго куток-зацішак у пячоры-нары, а ў каго нейкае падабенства гнязда на дрэве, з галля, на адну начоўку; потым згледжаная і неяк абжытая яма-зямлянка ў вывараце магутнай хвоі… А тут неяк наплывае, маячыць яшчэ адна, паралельная, аддаленая па часе версія: ЭДЭМ. Не падзеленая на закуты, куткі, пакоі і кватэры, звышдобразычлівая, бясконцая, бласлаўлёная ва ўсіх адносінах прастора… Адным словам, ужо незаменнае на сёння вызначэнне: рай. І жыві, і вечна!… „А наш Край пад небам Боскім — ці ж не родная хата агулу?“»

Згарэла хата. Не ўдалося выратаваць нічога. Вярнуліся ў бабуліну на скрыжаванне вуліц Гуменнай і Загуменнай з плоскім каменем адной прыступкай...

У нашай хаце камень каля парога, але мы ніколі не называлі яго прыступкай. Рэчка, праз якую ходзяць уброд, а дзе перабіраюцца па лавах кладак… Вельмі прыгожа і дакладна апісвае Венанцы краявід роднай мясціны… Я даведваюся, што гладыёлусы — гэта мечыкі, а ў нас іх называюць цыбулькіВенцярок у іх называюць морда… І рыбу тут не лавілі дзеля забавы, а толькі на святыВалак называецца рубель, я гэта ведала, але забылася… Адно слова так і не ўспомніла, што гэта такое — каўстык… Вельмі прыгожа ён апісвае аселіцу, крыніцу, шчылястую адрынку… І шмат такіх мілых забытых беларускіх назваў… Напрыклад, тупарылыя машыны з рускімі салдатамі

Ёсць у «Хаце» і гісторыя, і палітыка, і літаратура, і рэлігія, і хрысціянская мараль…

...У хаце чакаюць Вялікадня. І колькі светлай радасці ў чаканні свята! Як прыбіраюць хату, мыюць вокны — шыбаў нібы зусім няма, такія яны чыстыя… Як мяняюцца звычайныя рэчы, якім важным прадметам робіцца стол, засланы чыстым абрускам!..

«Цэнтр стала зойме звычайная талерка з незвычайным: на зялёнай шчотцы загадзя прарошчанай руні белы баранчык з чырвоным сцяжком-харугвачкай, фарбаваныя яйкі, мо нават і пісанкі, побач — свянцонае; ну а вакол — і ежа, якія ўжо ёсць, прысмакі — свята ж!»

І проста нельга не прывесці яшчэ адзін маленькі ўрывак пра тое, як упрыгожваюць у хаце абразок, з якой любоўю і ахвотай…

«…Абраз бясконца задумлівай Маці Божай з Дзіцяткам на руках ужо тыдзень, ад Вербнай, як цудадзейна абноўлены, у раме-вянку з ружова-белых кветак: гэта дзяўчо, падлетак, без панукі, не адрываючыся, сядзела з нажніцамі над каляровымі паперкамі. Дарослыя моўчкі прыпыняліся ля майстрыхі…»

Вялікдзень прыйшоў, а бабуля пачала паміраць. «Неяк увечары, памаліўшыся, выказала крыху нечаканае жаданне: „Трэба Амільку…“»

Забыліся ўжо пра тую цётку Камілю, але знайшлі яе і прывезлі… Колькі разоў у вёсцы мне апавядалі падобныя гісторыі пра тое, як чалавеку перад смерцю нечага захацелася, і як яны гэта спаўнялі!

Хата робіць чалавека вартым, значным…Чалавек, які губляе хату, губляе з ёй усё чалавечае, мяняецца…

«Няма яе — і ўвечары сціплы сусед не адчыніць брамкі, не пройдзе стамлёным крокам да старой лавачкі — прысесці, перакурыць, памаўчаць, перакінуцца з табою скупым словам — яшчэ раз прайсці пражыты на гэтай зямлі дзень.

Дабранач вам, мае суседзі!..»

У кнізе некалькі твораў малога памеру. Сярод іх адметная «Легенда о храмовом кресте» (2001). Усе святыні на зямлі былі знішчаны. У нейкай спецзоне шэф прымушаў падначаленых, каб у справаздачах да сухіх пратаколаў дапісвалі свае назіранні. Інспектар праверыў усю гаспадарку на зоне, а пасля праверкі аглядаў у бінокль наваколле, і ў яго поле зроку трапілі царква і крыж на купале. Інспектар і напісаў у справаздачы, што ў зоне, якую ён праверыў, усё добра, а на храме ззяе пазалочаны крыж… І што тут пачалося! Думалі, што гэты інспектар або напіўся або здурэў. Праверылі. Крыж сапрады захаваўся. Выклікалі верталёт, і дэсантнік зачапіў трапам «рукі» крыжа — яго вырвалі з вежы царкоўкі… Усе супакоіліся, але назаўтра ранкам на тым самым месцы вартаўнік убачыў крыж — праўда, не залаты, з неабкоранай бярозы…

Венанцы Бутрым пісаў на беларускай і на расейскай мове. Пісаў па-расейску, магчыма, для таго, каб тутэйшыя расейскамоўныя яго прачыталі і павярнуліся да Беларусі…

У сям’і Бутрымаў пры бацьках размаўлялі на польскай і на беларускай мовах — адкуль жа Венанцы чэрпаў такія загубленыя словы? Можа, гэта ад таго, што расейскую ведалі, чыталі класікаў…

«Северо-западное направление» і «Башни» — гэта ўласная гісторыя Венанцы Бутрыма, разам з геаграфіяй і краязнаўствам, успамін з дзяцінства, адноўлены і ўзмоцнены, паглыблены перажытым і прачытанымі кнігамі, вуснымі гісторыямі іншых людзей… Пісаў, як пішуць дзённікі, але датаў пад урыўкамі не ставіў. Часам ствараліся невялікія замалёўкі, часам — вялікія, значныя — роздумы, разважанні, сумненні, пытанні, падзеі… асобы, героі, творцы, людзі, філасофія, мараль, архітэктурныя стылі, пагоркі, вежы, успаміналіся або ствараліся вершы…

Венанцы Бутрым меў талент чалавека, ён умеў слухаць людзей і размаўляць з імі, таму не адна Інэса адчувае яго жывую прысутнасць на зямлі — сябры яго таксама памятаюць…

Гісторыя паводле Бутрыма — гэта кожны пражыты дзень, без ніякага выключэння, не іначай…

Прафесійныя гісторыкі надта не любяць, калі ў гісторыю заходзіць не гісторык… Але добра, калі такія выпадкі здараюцца, нехта спрабуе разбураць стэрэатыпы і выказваць сваю праўду пра тое, што ўжо было, і чаму так было… Бо мы пражылі надта доўга ў таталітарнай краіне, дзе некалькі пакаленняў прымушаныя былі з дзяцінства не пярэчыць, а паўтараць уголас адну і тую ж афіцыйную версію…

Новыя думкі, як вольны вецер, прасвятляюць мазгі,— тады нечакана вырываюцца аднекуль свае, бывае — як струмень з нетраў зямлі, а бывае — як гарачая лава вулканаў…

Прышэльцы разбуралі нашы сем’і, сядзібы, руйнавалі культуру побыту, выводзілі са спакою, уводзілі ў злосць, дражнілі рознымі цацкамі распусты, адцягвалі ад спрадвечнай місіі жыцця…

Кожная зямля мае сваю душу, а прышэльцы разбураюць душу… Сейбіты словаў лечаць сваю зямлю малітвамі, думкамі; словы — лекі для пакалечанай зямлі… У слоўных пасеваў свой тэрмін збору плёнаў…

Нічога не бывае выпадковым. Не выпадкова прыйшла да чытача цяпер, а не тады, калі была напісана, кніга прозы Венанцы Бутрыма «Маўклівыя сумныя птушкі»…

Данута Бічэль, Гародня.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY