Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(58)/2011
Рэлігія і свет
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады

ПРОСТАЯ БЕЛАЯ СТАРОНКА
Вера & Cultura
Постаці

ТАКІ ЁН БЫЎ...
Родны край

УСПАМІНЫ, ЯКІЯ ЦЕШАЦЬ ДУШУ
Галерэя
Інтэрв’ю
Мастацтва

З НАГОДЫ АДНОЙ ВЫСТАВЫ
На кніжнай паліцы

ДРЭВЫ, ПТУШКІ, АБЛОКІ...
Юбілеі

ПАЭЗІЯ ЖЫВАТВОРНАГА СВЯТЛА
Паэзія
Пераклады

МРОЯ ПРА СТРАШНЫ СУД
Асобы

ААЗІСЫ НІЛА ГІЛЕВІЧА
Навука і рэлігія

ПРА СТВАРЭННЕ СУСВЕТУ
Кніжныя скарбы

БЭНЭДЫКТ XVI.
СВЯТЛО СВЕТУ:
ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ

Размова з Петэрам Зэевальдам

Фрагменты з кнігі

ДЫКТАТУРА РЭЛЯТЫВІЗМУ

— Брытанскі пісьменнік Олдас Хакслі ў 1932 годзе ў сваім навукова-фантастычным рамане «Дзівосны новы свет»1 прадказаў, што фальсіфікацыя стане характэрным элементам сучаснасці. У фальшывай рэчаіснасці з яе фальшывай праўдай — або ўвогуле пры адсутнасці праўды — у рэшце рэшт нічога ўжо не важна. Няма праўды, няма ніякіх поглядаў.

Між іншым, на самай справе, праўда лічыцца занадта суб’ектыўным паняццем, каб для яе можна было яшчэ яшчэ знайсці нейкі агульнаабавязковы крытэрый. Розніца паміж праўдзівым і непраўдзівым, як здаецца, ліквідаваная. У пэўнай ступені ўсё можа служыць прадметам пагаднення. Гэта і ёсць той рэлятывізм, ад якога Вы, Ваша Святасць, так настойліва засцерагаеце?

 

— Агульнавядома, што паняцце «праўда» стала падазроным. Сапраўды, з ім звязана шмат злоўжыванняў. У імя праўды чыніліся акты нецярпімасці і зверствы. Таму мы асцерагаемся, калі нехта кажа: «Гэта праўда», або нават: «Я валодаю праўдаю». Ніколі мы не валодаем ёю, у лепшым выпадку яна валодае намі. І ніхто не будзе аспрэчваць, што трэба быць асцярожным і абачлівым, дамагаючыся праўды. Але і проста наадрэз адмовіцца ад яе, як ад нечага недасягальнага, было б сапраўды знішчальным дзеяннем.

Значная частка сённяшніх філасофій на самай справе настойвае на тым, што нібыта чалавек не здольны да пазнання праўды. Але, калі зыходзіць з такога пункту гледжання, ён не быў бы таксама здольны да стварэння этасу. Тады не было б ніякіх крытэрыяў. Тады трэба было б усяго толькі звяртаць увагу на тое, як больш-менш дамовіцца, і адзіным крытэрыем, з якім бы лічыліся ў крайнім выпадку, было б меркаванне большасці. Гісторыя, аднак, дастаткова паказала, якой знішчальнай можа быць большасць, хоць бы ў выпадку такіх сістэмаў, як нацызм і марксізм, якія асабліва процістаялі праўдзе.

 

— «Існуе дыктатура рэлятывізму, — заявілі Вы ў сваёй прамове на адкрыцці канклава, — [дыктатура], якая нічога не прызнае канчатковым і ў якасці адзінага крытэрыю прымае толькі ўласнае „я“ і яго жаданні».

 

— Таму мы павінны адважыцца сказаць: так, чалавек павінен шукаць праўду, ён здольны да пазнання праўды. Тое, што праўда патрабуе крытэрыяў, каб была магчымай яе верыфікацыя і фальсіфікацыя, гэта само сабой зразумела. Яна павінна таксама заўсёды ісці крок у крок з талерантнасцю. Але тады праўда паказвае нам і тыя нязменныя каштоўнасці, якія ўчынілі чалавецтва вялікім. Таму зноў трэба нанова вучыцца пакоры, трэба практыкавацца ў ёй, каб прызнаць праўду і зрабіць яе пунктам адліку.

Тое, што праўда пануе не праз насілле, а дзякуючы сваёй унутранай моцы, гэта цэнтральная ідэя Евангелля ад Яна: Езус вызнае перад Пілатам, што Ён — праўда і сведка праўды. Хрыстус не абараняе праўду з дапамогаю легіёнаў, але робіць яе відочнаю праз сваю Муку і праз гэта пацвярджае яе сілу.

 

— У свеце, які стаў рэлятывісцкім, усё большую і большую ўладу над мысленнем і дзеяннямі людзей захоплівае новае язычніцтва. Даўно ўжо стала ясна, што нароўні з Касцёлам існуе не толькі нейкая пустая прастора, вакуум, але ўсталёўваецца нешта накшталт «антыкасцёла». Папа ў Рыме ўжо толькі таму заслугоўвае асуджэння, як піша адна з нямецкіх газетаў, што ён са сваімі поглядамі «выступае супраць рэлігіі», якая сёння «мае аўтарытэт у гэтай краіне», а менавіта, «свецкай рэлігіі». Ці не распачынаецца тут новая «культуркампф», як гэта вынікае з аналізу Марчэло Пера? Старшыня італьянскага Сената гаворыць пра «шырока задуманую барацьбу лаіцызму супраць хрысціянства».

 

— Нанава пашыраецца неталерантнасць, гэта вельмі відавочна. Існуюць адладжаныя крытэрыі мыслення, якія нібыта павінны прымацца ўсімі. Больш за тое, яны абвяшчаюцца ў форме так званай негатыўнай талерантнасці. Напрыклад, калі гавораць, што дзеля негатыўнай талерантнасці нельга змяшчаць крыж у грамадскіх будынках. Па сутнасці, мы перажываем тым самым ліквідаванне талерантнасці, бо гэта азначае, што рэлігія, хрысціянская вера больш не можа выяўляцца відочным чынам.

Калі, напрыклад, у імя «недыскрымінацыі» хочуць прымусіць Каталіцкі Касцёл змяніць сваю пазіцыю ў адносінах да гомасексуалізму ці святарскага пасвячэння жанчын, то гэта азначае, што Касцёл больш не можа захоўваць сваю ўласную самасвядомасць і што замест гэтага нейкая абстрактная негатыўная рэлігія робіцца тыранскім крытэрыем, якога ўсе павінны прытрымлівацца. Больш за тое, гэта здаецца свабодаю — ужо толькі таму, што вызваляе ад таго, што існавала да гэтага.

У рэчаіснасці, аднак, такое развіццё ўсё больш і больш вядзе да неталерантных прэтэнзій новай рэлігіі, якая беспадстаўна сцвярджае, што павінна быць агульнапрынятай, бо гэта разумная рэлігія, больш за тое, таму што яна — сам розум, які ўсё ведае, і таму яна дамагаецца таксама прасторы, дзе цяпер мусіць стаць для ўсіх аўтарытэтам.

Тое, што ў імя талерантнасці ліквідуецца талерантнасць, — вялікая пагроза, перад якой мы стаім. Небяспека заключаецца ў тым, што розум — так званы заходні розум — сцвярджае, нібыта ён цяпер сапраўды распазнаў тое, што правільнае, і тым самым прэтэндуе на таталітарнасць, варожую свабодзе. Думаю, мы павінны вельмі пераканаўча паказваць гэтую небяспеку. Нікога не прымушаюць быць хрысціянінам. Але таксама нельга нікога прымушаць да таго, каб ён жыў «новай рэлігіяй» як адзінай рэлігіяй, якая можа прадпісваць і быць абавязковай для ўсяго чалавецтва.

 

— Агрэсіўнасць, з якой выходзіць на сцэну гэтая новая рэлігія, «Шпігель»2 апісвае як «крыжовы паход атэістаў». Гэта крыжовы паход, у якім хрысціянства высмейваецца як «ілюзія Бога», а рэлігія класіфікуецца як пракляцце, якому нібыта можна прыпісаць таксама адказнасць за ўсе войны.

Вы самі ўжо гаворыце пра «вытанчаную або таксама менш вытанчаную агрэсію супраць Касцёла». І без таталітарных рэжымаў сёння пануе націск: думайце так, як думаюць усе. Выпады супраць Касцёла паказваюць, «як гэты канфармізм можа стаць сапраўднай дыктатурай». Моцныя словы.

 

— Але рэчаіснасць на самай справе такая, што пэўныя формы паводзінаў і мыслення падаюцца як адзіна разумныя і таму адзіна адпаведныя чалавеку. І хрысціянства тады падвяргаецца націску з боку неталерантнасці, якая спачатку падымае яго на смех — як нешта ненармальнае, прадукт фальшывага мыслення, — а потым, нібыта ў імя разумнасці, хоча пазбавіць яго жыццёвай прасторы.

Вельмі важна, каб мы супраціўляліся такім абсалютным патрабаванням пэўнага роду «разумнасці». Гэта ні ў якім разе не сам чысты розум, але абмежаванне розуму да таго, што можна спазнаць з дапамогаю прыродазнаўчых навукаў, і адначасова выключэнне ўсяго таго, што выступае з гэтых межаў. Безумоўна, гэта праўда, што войны ў гісторыі распачыналіся таксама з рэлігійных прычынаў, што рэлігія прыводзіла таксама да насілля…

 

— …Але ні Напалеон, ні Гітлер, ні амерыканская армія ў В’етнаме не мелі нічога агульнага са змагарамі за веру. Наадварот, якраз на працягу сямідзесяці гадоў атэістычныя сістэмы на Захадзе і Усходзе руйнавалі свет — у эпоху, далёкую ад Бога, якую амерыканскі пісьменнік Луіс Бэглі назваў «сатанінскім рэквіемам».

 

— Тым больш праўдзіваю застаецца вялікая сіла дабра, якая была вызвалена рэлігіяй і праз вялікія постаці — Францішка Асізскага, Вінцэнта дэ Поля, маці Тэрэзы і іншых — прысутнічае ва ўсёй гісторыі, асвятляючы яе. І наадварот, новыя ідэалогіі прыводзяць да такой жорсткасці і пагарджання людзьмі, якія раней былі немагчымымі, бо заўсёды там была яшчэ пашана да Боскага падабенства ў чалавеку; без гэтай пашаны чалавек узводзіць сябе ў абсалют і ўсё сабе дазваляе — і тады сапраўды становіцца тым, хто разбурае.

 

— З другога боку, можна было б сказаць: дзяржава павінна, улічваючы роўнасць усіх, мець таксама права выдаляць рэлігійныя сімвалы з публічных памяшканняў, крыж Хрыста таксама. З гэтым можна пагадзіцца?

 

— Па-першае, тут трэба паставіць пытанне: чаму яна павінна яго выдаляць? Калі б крыж нёс у сабе нейкае сведчанне, якое ў іншых выклікала б пярэчанні і было б непрымальным, тады ўжо варта было б над гэтым задумацца. Але крыж сведчыць пра тое, што сам Бог з’яўляецца тым, хто пакутуе, што праз пакуты Ён лучыцца з намі, што Ён любіць нас. Гэта сведчанне, якое нікога не атакуе. Гэта па-першае.

Па-другое, безумоўна, існуе таксама культурная самасвядомасць і на яе абапіраюцца нашы краіны. Самасвядомасць, якая пазітыўна фармуе нашы краіны і на якой яны ўнутрана трымаюцца; якая ўвесь час стварае пазітыўныя каштоўнасці і асноўную форму грамадства і праз гэта ставіцца на месца эгаізм і становіцца магчымай культура чалавечнасці. Я сказаў бы, што нікому не дазваляецца зневажаць і выдаляць такое культурнае самавыяўленне грамадства, якім яно жыве ў пазітыўным сэнсе, нават калі нехта не падзяляе гэтых перакананняў.

 

— У Швейцарыі грамадзяне галасавалі хоць і не супраць будаўніцтва мячэцяў, але супраць будаўніцтва мінарэтаў пры мячэцях. У Францыі парламент забараніў нашэнне паранджы. Ці могуць хрысціяне цешыцца гэтым?

 

— Хрысціяне талерантныя, і таму іншым яны таксама дазваляюць іх уласнае разуменне. Мы ўдзячныя за тое, што ў краінах Персідскага заліву (Катар, Абу-Дабі, Дубай, Кувэйт) ёсць касцёлы, у якіх хрысціяне могуць цэлебраваць набажэнствы, і жадаем, каб так было паўсюль. Таму само сабой зразумела, што і ў нас мусульмане могуць збірацца на малітву ў мячэцях.

Што датычыць паранджы, я не бачу ніякіх прычынаў для ўсеагульнай забароны. Гавораць, нібыта многія жанчыны не добраахвотна носяць паранджу і што гэта, уласна кажучы, гвалт у адносінах да жанчыны. Безумоўна, з гэтым нельга згаджацца. Але калі яны добраахвотна хочуць яе насіць, то не ведаю, чаму гэта павінна ім забараняцца.

 

— У Італіі 80 % жыхароў — ахрышчаныя католікі. У Партугаліі іх 90 %, у Польшчы таксама 90 %, у малой краіне Мальта — 100 %. У Германіі ўсё яшчэ больш за 60 % насельніцтва належыць да абодвух «народных Касцёлаў»3, і значная частка з астатніх — да іншых хрысціянскіх супольнасцяў. Хрысціянская заходнееўрапейская культура — гэта, несумненна, аснова поспеху і дабрабыту Еўропы, і тым не менш большасць насельніцтва мірыцца сёння з дамінаваннем меншасці, якою з’яўляюцца нефармальныя лідары. Сітуацыя дзіўная, калі не сказаць нават шызафрэнічная.

 

— У гэтым відаць унутраная праблема. Наколькі людзі ўвогуле належаць яшчэ да Касцёла? Яны хочуць, з аднаго боку, належаць да яго, ім не хочацца страціць фундамент. Аднак, з другога боку, яны, безумоўна, унутрана сфармаваныя сучасным спосабам мыслення. Гэтая «сумесь», утвораная ў выніку супрацоўніцтва і суіснавання хрысціянскай волі і новага светапогляду, які накладае адбітак на ўсё жыццё, знаходзіцца нібы ў стане браджэння. У гэтым сэнсе застаецца пэўнага роду шызафрэнія, раздваенне асобы.

Мы павінны клапаціцца пра тое, каб абодва гэтыя элементы — наколькі магчыма іх сумясціць — дапасоўваліся адзін да аднаго. Быццё хрысціянінам не можа азначаць прыналежнасць да нейкага архаічнага пласту насельніцтва, якога я так ці інакш прытрымліваюся і жыву ў пэўнай ступені ўбаку ад усяго новага. Быццё хрысціянінам само па сабе — гэта нешта жывое, сучаснае, што ўплывае на ўсё новае ўва мне, фармуе яго і такім чынам сапраўды ахоплівае яго.

Тут патрэбна вялікае духоўнае змаганне — гэтая думка знайшла сваё ўвасабленне ў заснаванні мною нядаўна Папскай рады па новай евангелізацыі. Важна тое, каб мы спрабавалі жыць і думаць па-хрысціянску так, каб успрымаць усё добрае і слушнае ў сучаснасці, і ў той жа час адсякаць і адмяжоўвацца ад таго, што становіцца антырэлігіяй.

 

— Калі глядзець цвяроза, то Каталіцкі Касцёл — гэта самая вялікая арганізацыя ў свеце з цэнтралізаванай сеткай на ўсім зямным шары, якая добра функцыянуе. Яна мае 1,2 мільярдаў членаў, звыш 4 000 біскупаў, 400 000 святароў, мільёны асобаў духоўнага стану. У яе склад уваходзяць тысячы ўніверсітэтаў, кляштараў, сацыяльных установаў. У такіх краінах як Германія Каталіцкі Касцёл з’яўляецца другім самым буйным пасля дзяржавы працадаўцам. Касцёл — гэта не толькі знак якасці з непарушнымі дырэктывамі, ён мае ўласцівую яму самасвядомасць — з уласным культам, з уласнай этыкай, з найсвяцейшым з усяго святога, Эўхарыстыяй. І ўвогуле, ён мае правамоцтва, дадзенае звыш, і можа сказаць пра сябе: мы з’яўляемся арыгіналам, мы — захавальнікі скарбу. Уласна кажучы, большае немагчыма. Ці не дзіўна, ці нават не скандал гэта, што такі Касцёл не робіць намнога больш, маючы такі, ні з чым не параўнальны, патэнцыял?

 

— Безумоўна, мы павінны спытаць сябе пра гэта. Мы бачым сутыкненне двух духоўных светаў — свету веры і свету секулярызацыі. Пытанне гучыць так: у чым секулярызацыя мае рацыю? Дзе вера можа і павінна пераймаць формы і вобразы сучаснасці, а дзе яна павінна аказваць супраціўленне? Гэтае вялікае змаганне пранізвае сёння ўвесь свет. Біскупы ў краінах трэцяга свету кажуць мне: у нас таксама існуе секулярызацыя; яна існуе там адначасова з цалкам архаічнымі формамі жыцця.

Сапраўды, часта пытаюцца, як гэта адбываецца, што хрысціяне, якія асабіста з’яўляюцца веруючымі людзьмі, не маюць сілы, каб мацней уздзейнічаць сваёй верай на палітыку. Мы павінны перадусім старацца, каб людзі не страцілі сувязь з Богам, каб усведамлялі, які скарб яны маюць. І каб потым яны самі, моцаю сваёй веры, пачалі крытычна глядзець на секулярызацыю і былі ў стане распазнаваць духаў. Гэты вельмі важны працэс з’яўляецца вялікім і найбольш актуальным заданнем цяперашняга моманту. Мы можам толькі спадзявацца, што ўнутраная сіла веры гэтых людзей будзе праяўляцца тады таксама ў іх публічным жыцці, а тым самым — у грамадскай думцы, і грамадства не скоціцца ў бездань.

 

— Ці нельга было б зыходзіць з таго, што пасля дзвюх тысяч гадоў хрысціянства проста вычарпала сябе, як у гісторыі цывілізацыі вычарпалі сябе таксама іншыя вялікія культуры?

 

— Калі разглядаць павярхоўна і трымаць у полі зроку толькі заходні свет, то можна было б так падумаць. Але, калі прыгледзецца больш уважліва — як гэта магчыма для мяне дзякуючы візітам біскупаў з усяго свету і дзякуючы шматлікім іншым сустрэчам, — то відаць, што ў цяперашні момант у хрысціянстве з’яўляюцца зусім новыя творчыя сілы.

У Бразіліі, напрыклад, з аднаго боку назіраецца моцны рост сектаў, нярэдка вельмі сумніўных, таму што яны найчасцей абяцаюць толькі працвітанне, знешні поспех. Аднак існуюць таксама новыя каталіцкія ініцыятывы, бачны дынамізм новых рухаў, такіх як «Герольды Евангелля»; ёсць маладыя людзі, натхнёныя тым, што могуць пазнаваць Хрыста як Божага Сына і несці Яго ў свет. Як сказаў мне арцыбіскуп архідыяцэзіі Сан-Паўлу, там няспынна ўзнікаюць новыя рухі. Такім чынам, там ёсць сіла для ініцыятываў і для новага жыцця.

Або давайце падумаем пра тое, што значыць Касцёл для Афрыкі. Там ён часта з’яўляецца тым адзіным, што заўсёды застаецца сярод хаосу і разбурэнняў, якія прыносяць войны; адзіным прытулкам, дзе яшчэ ёсць чалавечнасць, дзе нешта робіцца для людзей. Касцёл выступае за тое, каб магло працягвацца жыццё, каб клапаціліся пра хворых, каб дзеці маглі прыходзіць на свет і атрымліваць выхаванне. Касцёл з’яўляецца жыватворнай сілай, якая зноў і зноў дае натхненне і тым самым адкрывае новыя шляхі.

Не так выразна, але ўсё ж такі несумненна назіраецца і ў нас, на Захадзе, узнікненне новых каталіцкіх ініцыятываў, якімі не кіруе сістэма, бюракратыя. Бюракратыя вычарпала свае сілы, яна знясіленая і змучаная. Ініцыятывы паходзяць знутры, з радасці маладых людзей. Магчыма, хрысціянства прымае нейкае іншае аблічча, а таксама іншую культурную постаць. Яно не займае капітанскага мосціка ў меркаваннях свету, там правяць іншыя. Але яно з’яўляецца жыватворнай сілай, без якой не маглі б устаяць таксама іншыя рэчы. У гэтых адносінах я — дзякуючы таму, што магу сам бачыць і перажываць, — вельмі аптымістычны і думаю, што хрысціянства стаіць напярэдадні эпохі новага дынамізму.

 

— Часам складаецца, аднак, уражанне, нібыта існуе нейкі закон прыроды, паводле якога язычніцтва зноў і зноў вяртаецца на тыя тэрыторыі, дзе яно было выкарчавана, якія былі асвоеныя хрысціянствам…

 

— Тое, што з-за грахоўнай структуры чалавека ў ім зноў і зноў прабіваецца на паверхню язычніцтва, паказвае вопыт усіх стагоддзяў. Праўда пра першародны грэх пацвярджаецца. Зноў і зноў чалавек адпадае ад веры, зноў хоча быць сам па сабе, становіцца язычнікам у поўным сэнсе гэтага слова.

Але зноў і зноў праяўляецца таксама Божая прысутнасць у чалавеку. Гэта змаганне, якое пранізвае ўсю гісторыю. Як сказаў святы Аўгустын, сусветная гісторыя — гэта барацьба паміж дзвюма формамі любові: любоўю да сябе самога ажно да знішчэння свету і любоўю да іншых ажно да адрачэння ад самога сябе. Гэтая барацьба, якую заўсёды можна бачыць, трывае таксама цяпер.

Пераклад з нямецкай мовы
Ірыны Бурак.

Паводле: Benedikt XVI.
Licht der Welt:
Der Papst, die Kirche und
die Zeichen der Zeit.
Ein Gesprach mit Peter Seewald. — Verlag Herder, 2010.


  1. Aldous Huxley «Brave New World»; існуе пераклад на рускую мову «О дивный новый мир» (СПб.: Амфора, 1999). — Тут і далей заўв. перакл.
  2. «Шпігель» (ням. Der Spiegel — люстэрка) — адзін з самых вядомых штотыднёвікаў Германіі, які выходзіць накладам каля 1,1 мільёнаў экзэмпляраў.
  3. Азначэнне «народны Касцёл» сёння, як правіла, выкарыстоўваецца, калі гаворка ідзе пра канфесію, да якой належыць большая частка насельніцтва краіны. Напрыклад, у Германіі «народнымі Касцёламі» лічацца Евангелічны Касцёл Германіі і Каталіцкі Касцёл.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY