Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(58)/2011
Рэлігія і свет
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады

ПРОСТАЯ БЕЛАЯ СТАРОНКА
Вера & Cultura
Постаці

ТАКІ ЁН БЫЎ...
Родны край

УСПАМІНЫ, ЯКІЯ ЦЕШАЦЬ ДУШУ
Галерэя
Інтэрв’ю
Мастацтва

З НАГОДЫ АДНОЙ ВЫСТАВЫ
На кніжнай паліцы

ДРЭВЫ, ПТУШКІ, АБЛОКІ...
Юбілеі

ПАЭЗІЯ ЖЫВАТВОРНАГА СВЯТЛА
Паэзія
Пераклады

МРОЯ ПРА СТРАШНЫ СУД
Асобы

ААЗІСЫ НІЛА ГІЛЕВІЧА
Навука і рэлігія

ПРА СТВАРЭННЕ СУСВЕТУ
Кніжныя скарбы

Стэфан СВЯЖАЎСКІ

СВЯТЫ ТАМАШ, ПРАЧЫТАНЫ НАНАВА

Працяг. Пачатак у № 3(57)/2011.

ХАРАКТАРЫСТЫКА ТВОРЧАСЦІ
СВЯТОГА ТАМАША

Пасля пачатковай пастаноўкі двух пытанняў, прынцыповых для нашых разважанняў: – Навошта філасофія? і – Чаму св. Тамаш? – ды пасля спробы адказаць на іх – мы пераходзім да кароткай характарыстыкі творчасці св. Тамаша, каб затым закрануць вельмі істотную праблему: якія адносіны паміж прыроднай і надпрыроднай ведаю?

Найперш мы мусім уступіць на тэрыторыю гісторыі філасофіі. Чытачы, якія не мелі ніякага дачынення да філасофіі і яе гісторыі, павінны хаця б пабежна азнаёміцца з І томам «Гісторыі філасофіі» Уладзіслава Татаркевіча1 (альбо з аналагічным падручнікам). Варта параіць хоць крыху ўвайсці ў гэтую галіну, каб засвоіць некаторыя паняцці, да якіх мы ўвесь час будзем звяртацца пры разважаннях.

Калі мы гаворым пра філасофію і яе гісторыю, мы павінны мець на думцы ўсё чалавецтва, а не толькі тую малую яго частку, якая выхавалася на грэка-лацінскай культуры. Вялікую філасофію стварылі Далёкі Усход, Індыя, а таксама Кітай. Іх культуры нашмат старэйшыя за нашыя. Будучы «малодшымі братамі» гэтых культураў, мы, аднак, выхаваныя на глебе філасофіі, якая нарадзілася ў рэгіёне басейну Сяродземнага мора, і гэтая філасофія цікавіць нас найбольш, а менавіта тое, што вырасла з каранёў грэцкай філасофіі і захавалася да нашых часоў.

Усялякая поўная філасофія ў сваёй аснове рэлігійная. Вялікія грэцкія мысляры ад найдаўнейшых часоў не былі матэрыялістамі ў сціслым значэнні гэтага слова. Праўда, яны не маглі дайсці да яснага паняцця духа і Бога, але шукалі Бога ва ўсёй філасофіі. Уласна кажучы, былі дзве справы, якія захаплялі грэцкіх філосафаў. Адна з іх — гэта жаданне высветліць, як суадносяцца між сабою пастаянства і зменлівасць. Зменлівасць, рух — гэта адна са з’яваў, якія найбольш здзіўляюць чалавека. Ужо малое дзіця найбольш цікавіцца тым, што рухаецца і змяняецца. Чалавек, які філасафуе, прыходзіць да пытанняў, што датычаць прычынаў змены. Пытанне прычынаў змянення вядзе ўрэшце да праблемы Бога, да адзінай нязменнай асновы. Грэцкія філосафы задумваліся над тым, што ў навакольным свеце пастаяннае, а што прамінальнае. Яны меркавалі, што прамінальнае — гэта спалучэнні пэўных элементаў, а нязменнымі застаюцца самі элементы. Паводле Платона2 , напрыклад, прамінальны — гэта свет, які мы ўспрымаем пачуццямі, а нязменнае — гэта тое, што ён называў ідэямі; ідэі — гэта нязменныя праўзоры ўсіх прамінальных рэчаў. Вернемся яшчэ да гэтых пытанняў у разуменні Арыстоцеля3 , вучня Платона. Першаю з дзвюх вялікіх праблемаў, якія цікавілі грэцкіх філосафаў, было вытлумачэнне з’явы руху-змены, таго, што ўсё змяняецца, усё знаходзіцца ў пастаяннай змене. Ці пры агульнай зменлівасці, прамінальнасці ёсць штосьці нязменнае і пастаяннае?

Другая праблема звязаная з чалавекам, з лёсам чалавека, з цярпеннем. Яна канцэнтруецца ў пытанні: у чым сапраўднае шчасце? Праблема шчасця цесна звязаная з праблемай цярпення. Што зрабіць, каб ліквідаваць, утаймаваць ці перамагчы цярпенне? Шчасце — гэта другая тэма, якую прынесла грэцкая філасофія. Гэтыя два сюжэты: руху (змены) і шчасця (цярпення) былі прычынай таго, што грэцкая думка вагалася паміж філасофіяй, скіраванай на свет, і філасофіяй, якая займаецца пераважна чалавекам. Гэтыя дзве вялікія праблемы і ёсць уласна воссю ўсёй старажытнай філасофіі.

Што да другой тэмы, то розныя старажытныя філасофскія школы прапануюць свае «праграмы жыцця». Адны, як індыйскія мудрацы, сцвярджалі, што чалавек толькі тады будзе шчаслівы, калі зможа дасканальна авалодаць сабою. Гэтак вучылі стоікі. Ідэалам для іх была неадчувальнасць — мудрэц і шчаслівы чалавек абыякавы да ўсяго, што адбываецца вакол яго. Іншыя лічылі, што шчасце ў тым, каб умець добра выкарыстаць кожны момант, кожную хвіліну, не толькі ў сэнсе пачуццёвых задавальненняў, але ў сэнсе ўмення перажываць усялякую прыемнасць. Гэткі быў погляд эпікурэйцаў. Іншыя казалі: не трэба ўвязвацца ні ў якія палітычныя ці філасофска-грамадскія справы; чалавек стане шчаслівым тады, калі будзе толькі назіраць за жыццём, але не будзе ў яго ўцягнуты, бо ўсялякае ўлучэнне ў яго стварае тысячы клопатаў. Гэтак раілі скептыкі...

У разуменні некалькіх гэтых старажытных школаў філасофія ўяўляецца як праграма жыцця. Таксама і хрысціянства, першыя хрысціянскія пісьменнікі ІІ стагоддзя называлі філасофію адзінаю школаю жыцця, якая дае рэальную праграму сапраўднага ўтаймавання цярпення і стаўлення да факту смерці. Св. Юстын4 , мучанік ІІ стагоддзя, які прайшоў шмат філасофскіх школаў, апавядае, як нарэшце сустрэў вучонага пустэльніка, мудраца, які навучыў яго філасофіі Хрыста, сцвярджаючы, што толькі філасофія Хрыста сталася той філасофскай школай, якую ён змог цалкам прыняць.

У першыя стагоддзі хрысціянства здавалася, што гэтая філасофія цалкам заменіць усе іншыя. Сведчанне пра ўваскрасенне, перамогу над смерцю, своеасаблівы рэцэпт шчасця — гэта тое, што пракладае тагачаснаму хрысціянству шлях да ўсіх, як да самых вучоных колаў, гэтак і да людзей простых. У той час — гэта невялікае адступленне, да якога мы яшчэ вернемся — філосафам найцяжэй было прыняць праўду пра ўваскрасенне з мёртвых. Нашмат лягчэй было прызнаць неўміручасць чалавечай душы, духовасць душы, чым уваскрасенне, бо тады дамінавала платонаўская філасофія ў выглядзе неаплатонаўскай, у якой акцэнт рабіўся перадусім на духовым элеменце. З увагі на гэта справа духовасці не выклікала цяжкасцяў, але затое цела лічылася гэткім нікчэмным элементам чалавека, нечым нагэтулькі вартым пагарды, што хрысціянства, якое абвяшчала вялікую годнасць матэрыі і цела, Уцелаўленне і Змёртвыхпаўстанне, было для тагачасных людзей нібы згаршэннем. Найбольш клопатаў першыя апалагеты — Атэнагор5, Юстын ды іншыя — мелі менавіта з абвяшчэннем і абгрунтаваннем уваскрасення з мёртвых, рэальнага ўстання з мёртвых: і Хрыста і ўсіх людзей. Вось прыклад цяжкасцяў, з якімі сутыкалася філасофская рэфлексія на мяжы веры і філасофіі. Хрысціянская думка будзе заўсёды развівацца нібы ў дыялогу, у пастаяннай дыскусіі са старажытнай паганскай думкай.

Вялікіх настаўнікаў Касцёла, якія жылі ў першыя стагоддзі, як грэцкіх так і лацінскіх, мы называем айцамі, бо яны і сапраўды былі айцамі Касцёла. Ад лацінскага слова patres (айцы) творчасць гэтых вялікіх вучоных названая патрыстыкай, бо і грэцкія, і лацінскія айцы, з якіх найвялікшым быў св. Аўгустын6 , засноўваюць падваліны хрысціянскай думкі. У той час ёй яшчэ далёка было да размежавання філасофіі і тэалогіі; рэфлексія на тэму евангелічных праўдаў цалкам займала ўсю хрысціянскую думку. Св. Аўгустын прайшоў шмат нехрысціянскіх філасофскіх школаў: доўгі час ён быў скептыкам і лічыў, што нічога нельга пазнаць з пэўнасцю, потым некалькі гадоў быў вызнаўцам маніхейскай рэлігіі (маніхейства — гэта рэлігія, якая прымала існаванне двух першапачаткаў, двух аднолькава моцных элементаў: зла і дабра, якія змагаюцца паміж сабою, і менавіта змаганне гэтых двух элементаў быццам бы вызначае ўсю духовую гісторыю свету). Маніхейства, якое было пагрозлівым выкрыўленнем хрысціянства, таксама не задаволіла св. Аўгустына. У выніку ён звярнуўся да платонаўскай думкі — яго прыцягнуў прымат духовага элементу, тыповы для неаплатанізму. Неаплатанізм — гэта філасофская плынь, якая робіць занадта вялікі, скрайне ўзяты акцэнт на духовы элемент у чалавеку і ўвогуле ва ўсёй рэчаіснасці. Таму неаплатанізм і перашкаджаў прыняць Змёртвыхпаўстанне і Уцелаўленне — найбольшыя рэалістычныя праўды хрысціянскай веры. Разам з тым трэба сказаць, што да часоў св. Тамаша ўся сярэднявечная думка знаходзілася нібы пад уладаю розным чынам хрысціянізаванага неаплатанізму. У выніку гэтага скрайні спірытуалізм, скрайняя духовасць хрысціянскай думкі, пэўная пагарда да цялеснага элементу былі характэрныя для галоўных плыняў філасофска-тэалагічнай думкі ўсяго Сярэднявечча да св. Тамаша. Памылкаю таксама будзе лічыць, што дамінуючай у тую эпоху была думка Арыстоцеля, вучня Платона, бо такі стан справаў складаецца пазней, ужо ў часы Тамаша.

Памятайма, што ў тыя часы лацінская Еўропа ў культурных адносінах недзе на сто гадоў адставала ад арабскага і жыдоўскага свету. Гэта быў перыяд вялікай арабскай культурнай экспансіі. Гэта быў час, калі арабскі свет кансалідаваўся і развіваўся, ствараючы выдатныя асяродкі думкі і навукі. На ўсходзе Багдад, у Іспаніі Кардова і Таледа, а таксама паўночна-афрыканскія тэрыторыі – гэта месцы дынамічнага развіцця матэрыяльнай, а перадусім духовай культуры арабаў. Такім чынам, падчас крыжовых выправаў крыжакі сутыкаліся не з варварамі, а са светам, які знаходзіўся на значна вышэйшым за іх культурным узроўні, пра што заўсёды трэба памятаць. Арабская культура была чымсці такім, што зачароўвала еўрапейцаў. Было ўсведамленне, што арабы, з аднаго боку, гэта няверныя, аднак з іншага — гэта людзі, якія стварылі выдатную, рафінаваную культуру.

На той час на вышыні ў арабскім свеце была філасофія. Высокі быў узровень тэалогіі, своеасаблівай містыкі Карана; тады ў арабскім свеце інтэнсіўна развіваліся і дакладныя навукі, асабліва матэматычна-прыродазнаўчыя. Тут варта ўзгадаць пра месца, якое выклікае сапраўднае ўзрушэнне ва ўсіх людзей, замілаваных экуменізмам: найпрыгажэйшае месца ў Іспаніі, славутае Таледа. Гэта месца, дзе рэалізавалася штосьці неверагодна рэдкае ў гісторыі чалавецтва. Уласна там у ХІІ стагоддзі вельмі доўгі час, а менавіта за сто гадоў да св. Тамаша, у спакоі і згодзе, нягледзячы на тое, што навокал ішлі войны, супрацоўнічалі хрысціянскія, мусульманскія і жыдоўскія духоўнікі. Тут мы маем недасягальны ўзор экуменізму. У Таледа ўзнікалі найвыдатнейшыя творы, пераклады з арабскае на гэбрайскую, з гэбрайскае на лаціну. Тады ж утварыўся ідэал вучонага чалавека, які ведае тры мовы. І тут меліся на ўвазе іншыя мовы, чым у пазнейшы час, не грэцкая, гэбрайская і лаціна, але лаціна, арабская і гэбрайская. Менавіта гэтыя тры мовы былі ключом да сапраўднай тагачаснай веды. Гэтае творчае супрацоўніцтва, на жаль, трывала нядоўга. Як заўсёды ў чалавечай гісторыі, зброя, вайна і варварства знішчылі гэты выдатны асяродак, які да сённяшняга дня з’яўляецца ўзорам таго, як павінна выглядаць супольная навукова-рэлігійная праца. Аднак таксама і ў ХІІІ стагоддзі здзяйсняецца штосьці вельмі дзівоснае. На тэрыторыю Еўропы праз тагачасныя пераклады прыходзіць канкуруючы з Платонам другі з найвялікшых грэцкіх філосафаў — Арыстоцель, і той Арыстоцель, які тады яшчэ не быў Арыстоцелем грэцкім, аўтэнтычным. Гэта Арыстоцель арабскі, пракаментаваны арабамі, пададзены ў іх інтэрпрэтацыі, якая не цалкам пагаджалася з Арыстоцелем першасным, а перадусім несла вялікую дактрынальную небяспеку для хрысціянскай веры. Аднак гэта быў той філосаф, які тады найбольш захапляў розумы. У гісторыі так бывае, што нейкія вялікія постаці раптам робяцца нібы сонцам, якое зачароўвае ўсіх. Менавіта гэтак было з Арыстоцелем у ХІІІ стагоддзі, асабліва для моладзі.

Арыстоцель насамрэч прымаў Бога, але Бог не быў для яго Провідам, а калі Провідам, то не канкрэтным, але тым, які дбае толькі пра агульнасці, пра роды і віды, а не пра асобныя канкрэтныя рэчы. Гэтак інтэрпрэтаваны Арыстоцель абвяшчаў таксама, што ёсць штосьці боскае ў чалавеку, але не прымаў індывідуальнай несмяротнасці чалавека. Ён казаў, што асобная чалавечая душа не захоўваецца, застаецца толькі дух усяго чалавецтва — несмяротнае чалавецтва, а не асобны чалавек. Таксама былі пахіснутыя ў гэтай інтэрпрэтацыі арыстоцелізму індывідуальныя свабода і адказнасць; панавалі дэтэрмінізм, прадвызначальнасць і нават залежнасць усіх падзеяў у свеце ад становішча зорак. Апошні погляд значна пашырыўся ў рэлігіі; яго вызначалі як гараскоп рэлігіі і сцвярджалі, што асобныя рэлігіі ўзнікаюць таму, што складаюцца адпаведныя спалучэнні зорак. Таму і хрысціянства адна з рэлігіяў, якія, як будзе дэклараваць пазней тэасофія, прыходзяць і прамінаюць у развіцці чалавецтва.

Мы бачым, што вялікая небяспека для хрысціянскай веры хавалася ў «арабскім» арыстоцелізме, які з неверогоднай сілай прыцягваў да сябе розумы. У той жа час навуковае жыццё было яшчэ прымітыўным — вучоныя людзі не толькі не разрознівалі філасофію і тэалогію, але ў св. Аўгустына наўмысна была зацёртая мяжа паміж гэтымі навукамі. Неаплатанізм, з якога шмат чэрпаў св. Аўгустын, праграмна не размяжоўваў філасофію і тэалогію. Асобныя навукі таксама не былі размежаваныя, і не ўсведамлялася гістарычнае развіццё думкі. Не варта здзіўляцца, што пры такім стане рэчаў Касцёл мог быць занепакоены, бо як-ніяк гаворка ішла пра фундаментальныя для веры праблемы: Провід, індывідуальную несмяротнасць, маральную адказнасць, вольную волю, выключнасць і боскасць хрысціянства. Гэтыя праўды былі пахіснутыя і пастаўленыя пад пытанне.

Касцёлу пагражалі таксама іншыя вялікія небяспекі, гэткія як свецкая магутнасць папства, матэрыялістычнасць клеру ды яго нізкі інтэлектуальны і маральны стан. Сон папы Інацэнта ІІІ пра св. Францішка меў пэўныя падставы. Папа бачыў у сне, што гмах Касцёла раскалоўся ад долу да самага верху, і што той Асізскі Бядняк павінен уратаваць яго ад разбурэння, умацаваць яго каркас. Напэўна, тое ж самае адчуваў і разумеў, можа, яшчэ глыбей у інтэлектуальным аспекце, св. Дамінік. Чысціня веры для св. Дамініка, вернасць Евангеллю для св. Францішка — гэта тое, ад чаго залежыць лёс Касцёла. Яны запачаткавалі магутны рух жабрачых ордэнаў. У гэты рух вялікага евангелічнага аднаўлення, які акрэсліўся ў ХІІІ стагоддзі, улучаецца св. Тамаш. Рух мэндыкантаў уплывае на найважнейшыя абставіны, якія суправаджалі першыя этапы і далейшае развіццё жыцця св. Тамаша.

Тамаш паходзіў з вялікай магнацкай сям’і, пародненай з імператарскай. Графы з Аквіна былі магутнымі паўднёва-італьянскімі феадаламі. Тамаш нарадзіўся ў 1224 годзе, і яго бацькі, як гэта звычайна бывала тады, вызначылі для здольнага, з добрымі задаткамі дзіцяці духовую кар’еру з тою думкаю, што некалі ў будучыні, з іх падтрымкаю, ён стане абатам найслаўнейшага ў гэтай частцы Італіі абацтва Монтэ-Касіно. Таму яго паслалі да бэнэдыктынцаў на Монтэ-Касіна як аблата7. Біёграфы кажуць, што маленькі Тамаш любіў хадзіць па тамтэйшых гарах, — а хто быў на Монтэ-Касіно, той ведае, якія прыгожыя далёкія краявіды адкрываюцца з гэтых узгор’яў – і ўсцяж вяртаўся да пытання: што ёсць Бог? Гэтае пытанне было адзінаю праблемаю, якая сапраўды цікавіла Тамаша. Менавіта ў гэтым выяўляецца ўся яго веліч.

Канфлікт з сям’ёю паўстаў вельмі хутка. Прынамсі Тамаш не хацеў заставацца ў бэнэдыктынцаў. Яму спадабаліся, калі можна так сказаць, тагачасныя «хіпі», якімі былі дамініканцы і францішканцы, і насуперак спадзяванням і намерам сям’і ён цягнуўся да зусім новага Ордэну Братоў Прапаведнікаў8 , якія былі прычынаю скандалаў для іерархічных касцёльных установаў. «Кепскі» прыклад падаваў ордэн, існаванне якога павінна было грунтавацца на жабрацтве. Тамаш пераадолеў шмат перашкодаў і ўступіў у ордэн св. Дамініка9 ў Неапалі.

Істотна і цікава тое, што св. Тамаш правёў маладосць і першыя гады навучання менавіта ў Неапалі. Фрыдрых ІІ10 , зацяты вораг папства, пастанавіў арганізаваць «другі ўніверсітэт» — антытэзу Парыжскага ўніверсітэта, які быў першым універсітэтам, падпарадкаваным папскай уладзе — і стварыць у Неапалі вялікую навучальную ўстанову, дзе магла б свабодна развівацца арабская навука. У гэтым «паганскім» універсітэце, маючы выдатных настаўнікаў, Тамаш адбыў свае першыя штудыі. Усё тое было з волі Провіду, бо дзякуючы гэтаму ён уведаў «неклерыкальную», іншую, чым папская, канцэпцыю ўніверсітэта і цяжкасці людзей, якія там вучыліся і хацелі атрымаць сапраўдныя веды. Айцец Яцак Варанецкі11, кажучы пра св. Тамаша, параўноўваў яго з Кантам. Кант12 , гэты вялікі філосаф, які кінуў свой цень на ўсё ХІХ і ХХ стагоддзе, ніколі не пакідаў туманнага, змрочнага Караляўца13, з дакладнасцю да хвіліны шпацыруючы па яго вуліцах. Там ён і пісаў свае працы. Тамаш, наадварот, шмат вандраваў. Крытыцызм Канта і рэалізм Тамаша — гэта, паводле а. Варанецкага, адлюстраванне дзвюх цалкам розных асобаў. Тамаш — вярхом на муле ці пешкі, як падарожнічалі ў той час, у сваім кароткім, страшэнна працавітым жыцці некалькі разоў удоўж і ўпоперак прайшоў усю Еўропу. Кёльн, Парыж і Неапаль утвараюць трохкутнік яго шматлікіх вандровак. Вельмі важна, што Тамаш меў цудоўнага настаўніка, аднаго з найбольшых вучоных эпохі — Альбэрта14 з Кёльна, называнага Вялікім, немца, які ўводзіў Тамаша ў таямніцы разумовай працы. Усё інтэлектуальнае жыццё св. Тамаша ўласна кажучы было бітваю. Бітваю ёсць чалавечае жыццё, бітваю ёсць таксама і жыццё інтэлектуальнае. Тамаш ваяваў прынамсі на трох франтах. І з кожным са сваіх «ворагаў» ён дыскутаваў ці ваяваў экуменічна, у тым сэнсе, пра які кажуць словы св. Паўла «для ўсіх я стаўся ўсім» (пар. 1 Кар 9, 22); прынцыпам св. Тамаша было стаць на нейкай агульнай плоскасці з праціўнікам і толькі потым весці дыскусію.

Першым праціўнікам быў паганскі, гэтэрадаксальны арыстоцелізм, плынь, якая найбольш захапляла розумы і была найбольш небяспечнаю ў сферы веры для тагачаснага хрысціянства. Другім быў абмежаваны, замкнуты ў сабе інтэлектуальны кансерватызм, які не жадаў выходзіць за рамку ці, хутчэй, абруч, накладзены на яго схрысціянізаваным неаплатанізмам. Інакш кажучы, гэта было змаганне з крайнім спірытуалізмам.

І як у першым выпадку гаворка вялася пра змаганне са своеасаблівым матэрыялізмам Арыстоцеля, гэтак у другім змаганне ішло з хрысціянствам, якое хацелі атаясаміць са спірытуалізмам. Такая дэфармацыя вельмі небяспечная: хрысціянства — гэта не спірытуалізм і не матэрыялізм. Трэцім фронтам было змаганне Тамаша са свецкім духавенствам, якое не жадала прызнаваць ідэі жабрацкіх ордэнаў; і гэта была прынцыповая справа. Увесь Ліёнскі Сабор у 1274 годзе, у год смерці св. Тамаша, быў сапраўдным полем бітвы; на ім увогуле хацелі зліквідаваць дзве вялікія ордэнскія сям’і: дамініканцаў і францішканцаў.

Таму св. Тамаш бесперапынна павінен быў ваяваць на гэтых трох франтах. Пад канец жыцця ён быў пакліканы Папам і ордэнскімі ўладамі ў Неапаль і такім чынам зноў вярнуўся туды і стварыў Studium Generale ці дамініканскі ўніверсітэт, які павінен быў дзейнічаць разам з памянёным імператарскім універсітэтам. Цяжка хворы св. Тамаш вырушае ў Неапаль, і ў гэтым стане небяспечнай хваробы яго выклікае Папа на Сабор, які мае адбыцца ў Ліёне. Выконваючы папскі загад, едучы на Сабор, 7 сакавіка 1274 года ў цыстэрцыянскім абацтве ў Фосса Нуова каля Тэррачыно св. Тамаш памірае.

Тут не месца ўслаўляць яго святасць, але хацеў бы падкрэсліць дзве рысы, якія найвыразней характарызуюць св. Тамаша. Найперш – велізарная чысціня думкі, якая паядноўваецца з чысцінёю ва ўсім; увогуле чысціня сэрца. Другая рыса — гэта дысцыпліна, незвычайная паслухмянасць. Апавядаюць, што калі св. Тамаш чуў званок на заканчэнне выкладу, ён на палове перапыняў сказ. Яго характарызавала абсалютная і імгненная падатлівасць на ўсё, што ён прызнаваў слушным і прымальным.

Неверагодна ўражвае ягоная творчасць. Тамаш пражыў няпоўныя пяцьдзясят гадоў, вынес шмат вандровак і працы — толькі ў пазнейшыя гады ён атрымлівае сакратароў, — але напісаў ён надзвычай шмат. Уся ягоная творчасць звязана, як звычайна ў тагачасных вучоных, з навучаннем, а выкладаў ён два разы ў найвялікшым універсітэце. Надзвычай рэдка здаралася, каб у Парыж запрашалі нейкага прафесара двойчы, а Тамаш два разы быў у Парыжскім універстэце. Ён выкладаў Сэнтэнцыі, той паўсюдна ўжываны падручнік тэалогіі, які мусіў каментаваць кожны выкладчык тэалогіі; падрыхтаваў таксама мноства біблійных каментараў. Не забываймася, што св. Тамаш лічыў, што тэолаг павінен быць біблістам. Напісаў ён таксама і шэраг квэстыяў (вялікія трактаты на вызначаныя тэмы), меншыя творы — opuscula, а таксама вельмі шмат каментараў да Арыстоцеля, бо хацеў паінтэрпрэтаваць яго так, як яму здавалася найбольш адпаведным. Галоўны яго даробак — дзве Сумы. Summa — азначае падсумаванне, сабранне ў адно цэлае. Найперш з’явілася Summa contra gentiles — супраць няверных, супраць паганцаў; насамрэч у ёй гаворыцца не пра гэта. Яго Сума заснаваная пераважна на разумовай аргументацыі, на філасофскіх разважаннях. Уласна ж Сума — гэта Summa theologiae (Сума тэалогіі) — засталася няскончанай. Яна складаецца з трох частак, пры гэтым другая частка — яшчэ з дзвюх: першая частка (Prima —I), першая частка другой часткі (Prima secundae —I–II), другая частка другой часткі (Secunda secundae — ІІ–ІІ) і трэцяя частка (Tertia — III). Трэцяя частка была перапыненая хваробаю і смерцю св. Тамаша на 90-м пытанні, а потым завершаная яго сакратаром Рэгінальдам.

Дзе ва ўсім гэтым філасофія? Апроч каментараў да Арыстоцеля, уласна кажучы, няма выкладу філасофіі св. Тамаша, аднак яна ўлучаная ва ўсю яго творчасць, і можна сказаць, што ў Тамаша ўпершыню робіцца спроба яснага накіду розніцы паміж філасофіяй, філасофскай рэфлексіяй і тэалогіяй, а яшчэ далей — паміж верай і містыкай. У апошнія, ужо цяперашнія часы, Жак Марытэн паказаў у сваёй кніжцы Distinguer pour unir ou Les degrés du savoir ( Paris 1932), колькі ёсць гэтых ступеняў пазнання. Мы добра ведаем, што і філасофія, і тэалогія ў пэўным сэнсе «адвольныя», можна ствараць вельмі шмат філасофскіх паняццяў і могуць узнікаць таксама розныя тэалагічныя паняцці. Наадварот, вера — абсалютна пастаянная і нязменная; такімі з’яўляюцца самі праўды веры. Мы ведаем, што містычнае жыццё, спазнанне Бога ва ўнутраным жыцці — гэта зусім іншая сфера, іншы парадак. Разрозненне гэтых розных парадкаў — характэрнае для даробку св. Тамаша і плённае для развіцця метадалогіі і навуковай творчасці.

Пераклад з польскай мовы
Алеся Жлуткі.

Паводле: Świeżawski Stefan. Święty Tomasz
na nowo odczytany. — Poznan, 1995.

Працяг будзе.


  1. Уладзіслаў Татаркевіч (1886–1980) польскі філосаф, прадстаўнік Львоўска-Варшаўскай філасофскай школы. Навучаўся ў вядомых прафесараў Львова, Марбурга, Берліна і Парыжа. Выкладаў у Варшаўскім універсітэце ў 1915–1919 і ў 1923–1961 гг. Быў акадэмікам Польскай акадэміі навук. Аўтар шэрагу працаў па гісторыі філасофіі, у тым ліку знакамітага падручніка па гісторыі філасофіі Historia filozofii, які ўзгадвае Свяжаўскі. Маецца на ўвазе першы яго том: Filozofia starożytna i średniowieczna. Кніга шматразова перавыдалася, у тым ліку выходзіла ў перакладах на іншыя мовы, напрыклад, на ўкраінскую ў 1999 г. і расійскую ў 2000 г.
  2. Платон (428 ці 427 г. да Н.Х.–348 ці 347 да Н.Х.) — старагрэцкі філосаф-ідэаліст, вучань Сакрата і настаўнік Арыстоцеля. Заснавальнік ідэалістычнай філасофскай школы. Сцвярджаў, што ў аснове бачнага свету ляжыць нябачны свет правобразаў-ідэяў. Найбольш вядомы сваімі дыялогамі, у якіх у выглядзе гутарак з Сакратам ён выкладае свае філасофскія погляды.
  3. Арыстоцель (384 да Н.Х.–322 да Н.Х.) — старагрэцкі філосаф, вучань Платона і выхавацель Аляксандра Македонскага. Прадстаўнік дыялектыкі, заснавальнік фармальнай логікі. Ягоныя працы маюць энцыклапедычны характар і асаблівую славу здабылі ў Сярэднявеччы.
  4. Святы Юстын (пач. ІІ ст. – 166) — хрысціянскі пісьменнік і апалагет хрысціянства, вандроўны прапаведнік, мучанік за веру, шануецца як святы і ў Каталіцкім Касцёле, і ў Праваслаўнай Царкве. Прайшоў шэраг філасофскіх школаў і ўрэшце у 30-гадовым веку прыняў хрысціянства. За адмову скласці ахвяру паганскім божышчам з яго жыўцом здзерлі скуру і адсеклі галаву. – Заўв. пер.
  5. Атэнагор — (жыў у ІІ ст.) — грэцкі хрысціянскі пісьменнік, апалагет хрысціянства. Пакінуў толькі два творы. — Заўв. пер.
  6. Святы Аўрэлій Аўгустын (354–430) — хрысціянскі філосаф, прапаведнік і тэалаг. Шануецца як святы і католікамі, і праваслаўнымі. Адзін з айцоў Касцёла. Найбольш вядомыя творы: «Споведзь» (Confessiones) і «Дзяржава Бога» (De Civitate Dei). — Заўв. пер.
  7. Аблат — у Сярэднявеччы — дзіця, прызначанае бацькамі для манаскага стану. – Заўв. пер.
  8. Ордэн Братоў Прапаведнікаў Ordo Fratrum Praedicatorum, які больш вядомы пад назваю Ордэну дамініканцаў па імені яго заснавальніка — св. Дамініка. Быў створаны ў ХІІІ ст. — Заўв. пер.
  9. Святы Дамінік (1170–1221, імя ад нараджэння — Дамінга дэ Гузман Гарсэс Domingo de Guzman Garces) — манах і прапаведнік, каталіцкі святы і заснавальнік Ордэну Прапаведнікаў (дамініканцаў). – Заўв. пер.
  10. Фрыдрых ІІ (Friederich II, 1194–1250) з роду Гогэнштаўфэнаў — нямецкі кароль, а затым імператар Святой Рымскай Імперыі. Кіраўнік шостай крыжовай выправы (1228–1229). Супярэчнасці з Папам узніклі з-за прэтэнзій Фрыдрыха на тытул караля Канстанцінопаля, якім, насуперак яго жаданням, быў абвешчаны П’ер дэ Куртэнэ, а таксама з-за непаразуменняў з атрыманнем імператарскай кароны. – Заўв. пер.
  11. Айцец Яцак Варанецкі (Jacek Woroniecki альбо Adam Korybut Woroniecki, 1878–1949) — Слуга Божы, дамініканец, рэктар Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта, тэолаг-таміст. Пісаў таксама працы з гісторыі Ордэну дамініканцаў. — Заўв. пер.
  12. Імануіл Кант (1724–1804) — нямецкі філосаф, заснавальнік нямецкай класічнай філасофіі. У сваіх працах «Крытыка чыстага розуму», «Крытыка практычнага розуму», «Крытыка здольнасці суджэння» выклаў тэорыю «крытычнай філасофіі», якая грунтуецца на дуалізме і сцвярджэнні непазнавальнасці «рэчаў у сабе» і пазнавальнасці з’яваў. Нарадзіўся ў Каряляўцы і ніколі яго не пакідаў. – Заўв. пер.
  13. Старажытная беларуская назва для прускага горада Кёнігсберга, з якім беларускія землі былі звязаныя даўнімі сувязямі, культурнымі і гаспадарчымі. – Заўв. пер.
  14. Альбэрт Вялікі (Albertus Magnus), сын графа фон Больштэдта, таму яго называюць таксама Больштэдскім (каля 1200–1280) — хрысціянскі філосаф і тэолаг, выдатны прадстаўнік сярэднявечнай схаластыкі, дамініканец, доктар Касцёла, настаўнік Тамаша Аквінскага. За сваю энцыклапедычнасць быў названы ўніверсальным вучоным Doctor Universalis. — Заўв. пер.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY