Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(58)/2011
Рэлігія і свет
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады

ПРОСТАЯ БЕЛАЯ СТАРОНКА
Вера & Cultura
Постаці

ТАКІ ЁН БЫЎ...
Родны край

УСПАМІНЫ, ЯКІЯ ЦЕШАЦЬ ДУШУ
Галерэя
Інтэрв’ю
Мастацтва

З НАГОДЫ АДНОЙ ВЫСТАВЫ
На кніжнай паліцы

ДРЭВЫ, ПТУШКІ, АБЛОКІ...
Юбілеі

ПАЭЗІЯ ЖЫВАТВОРНАГА СВЯТЛА
Паэзія
Пераклады

МРОЯ ПРА СТРАШНЫ СУД
Асобы

ААЗІСЫ НІЛА ГІЛЕВІЧА
Навука і рэлігія

ПРА СТВАРЭННЕ СУСВЕТУ
Кніжныя скарбы

Міхась СКОБЛА

ААЗІСЫ НІЛА ГІЛЕВІЧА

Вада з роднай студні
заўсёды смачнейшая...

Cлушна сказана: каб зразумець паэта, трэба пабываць на ягонай радзіме. У праўдзівасці гэтых словаў я неаднойчы пераконваўся, наведваючы разам з паэтамі іх родавыя гнёзды: з Уладзімірам Някляевым — старадаўняе Крэва, з Хрысцінай Лялько — хутар Хадзюкі на Лідчыне, з Эдуардам Акуліным — вёску Вялікія Нямкі паблізу стараверскае Веткі… Паходзіш тымі самымі сцежкамі, падыхаеш тым самым паветрам, прытулішся да вушака тае самае хаты — і разнасцежыцца твая душа для радкоў, у якіх — водсветы і водгукі паэтавых зямлі і неба.

Але з любога правіла бываюць выключэнні. Я ніколі не быў у вёсцы Слабада на Лагойшчыне — у родным кутку Ніла Гілевіча. Чаму ж ягоная паэзія шырокай ракой плыве ў маю душу, цярэбячы і скаланаючы яе, не патрабуючы нейкіх дадатковых ландшафтных ці іншых радзімазнаўчых падказак? Чаму мне, яшчэ школьніку, наўслед за паэтам так летуценна хацелася «толькі з роднага долу, толькі ў роднай дуброве // як не дрэвам, хоць кветкай прарасці для жывых»? Чаму рэдкая паэтава радасць заўсёды станавілася і маёй радасцю, а куды часцейшы боль ягоны так нясцерпна балеў і мне?

Сам сабе я задаваў гэтыя пытанні, сам сабе і адкажу. Ніл Гілевіч — фенаменальна шчыры і да апошняга эрытрацыту ў крыві беларускі паэт. Перад такой шчырасцю і такой беларускасцю міжволі адсланяюцца ўсе самаахоўныя засланкі чытацкіх душаў і сэрцаў. Атрымліваецца, як у той прыказцы (запісанай, дарэчы, на Лагойшчыне Адамам Варлыгам): каб былі грудзі на завесах, дык бы сэрца паказаў. А што ёсць паэзія як не паказанні сэрца? Без усякіх там завесаў…

Дзень 30 верасня прыпаў сёлета на нядзелю, пра што і паведаміў нам каляндар «Родны край» — жыццёвы спадарожнік некалькіх пакаленняў беларусаў. Шмат гадоў карыстаюся ім і я, яшчэ з тых даўніх часоў, калі «Родны край» складаў наш выдатны энцыклапедыст Янка Саламевіч. Верыў я яму, верыў і заснаванаму ім календару. А тут упершыню — не паверыў. Усё на месцы — і чырвань лічбаў, і беларускі арнамент пад імі, і ўсход сонца, і заход месяца. Але няма галоўнай даты: ні словам не паведамлена, што 30 верасня — юбілейны дзень народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча. Круціў я той каляндар у руках і са скрухай думаў, што і «Родны край» пачужэць можа…

Другая неспадзяванка чакала мяне над той жа старонкай пачужэлага «Роднага краю». Аказваецца, 30 верасня адзначаецца сусветны Дзень сэрца. І гэта, думаецца, невыпадковае супадзенне. А калі дадаць, што 30 верасня нарадзілася яшчэ і Зоська Верас — таксама ж чалавек вялікага, шчырага і беларускага сэрца, — то становіцца зразумелым, што каляндар нашага жыцця не аддадзены цалкам у рукі выдавецкіх складальнікаў і рэдактараў. Ёсць і над імі Складальнік, які вызначыў — у дзень народзінаў беларускага паэта Ніла Гілевіча людзі свету адзначацьмуць Дзень сэрца!

Добрых святаў усё ж замала ў нашым наўмысна забудзёненым, паспешліва-мітуслівым жыцці. Часам людзі самі ўсвяточніваюць свае календары, і тут ужо ўсё залежыць ад прыхільнасцяў і стану душы чалавека. Вось у мяне сёння Дзень новай кнігі Ніла Гілевіча. Яе назва — «Пацеркі Божай Маці», падназва — лірыка 2009–2010 гадоў. Невялікая, з густам аздобленая ў выдавецтве «Про Хрысто» кніга. Як жа хораша гучыць гэтае загалоўнае слова — пацеркі! Яно перагукаецца з лацінскім pater, з нямецкім Vater, з грэцкім πατερας, з беларускім пацеры… Пацеркі — каштоўныя каменьчыкі ператвараюцца ў пацеры — малітоўныя словы. І наадварот — пацеры нанізваюцца ў пацеркі. Шкада, што словы гэтыя сёння рэдкаўжывальныя. А мама мая працягвае штодзённа адгаворваць пацеры, а бурштынавыя каралі, якія нібыта дапамагаюць ёй пры хваробе шчытападобнай залозы, упарта называе пацеркамі. Хай жа ўслухаюцца ў глыбінна-высокае гучанне гэтых словаў усе тыя, хто, паводле Ніла Гілевіча, звыкла на суседскіх падворках

падбірае чужамоўя пацеркі,
нацярушаныя ператрускай…
А на шыі Божай Маці пацеркі
з самацветаў мовы беларускай.

У свой час паэт Іосіф Бродскі раўніва заўважыў, што музыкі маюць перавагу над паэтамі. Маўляў, Бах звяртаўся ў сваіх месах адразу і беспасярэдне да Бога, а паэты мусяць апяваць Божае тварэнне — прыроду. Не аспрэчваючы Бродскага, усё ж заўважу, што паэты, наадварот, атрымалі ад Бога найадказнейшае і найганаровейшае заданне — прадаўжаць адухаўляць прыроду. Бог удыхнуў душу ў чалавека, а чалавек адухаўляе прыроду. Пра гэта думалася мне, калі чытаў Гілевічаў «Дыфірамб доўгачаканаму дажджу», якім распачынаецца новая кніга. Дваццаць дзеясловаў руху (наляцеў, шугануў, зашалясцеў, устрапянуў, зашапацеў, загаманіў, запаланіў…) сапраўды ператварылі дождж у жывую істоту, агучылі яго «цымбальныя скокі» (Я. Брыль) па засмяглым ад спёкі лісці, па бязлюдных ходніках.

Перад выступленнем у Елкаўскай школе на Зэльвеншчыне.
Ніл Гілевіч з Міхасём Скоблам, Сяргеем Чыгрыном, Эдуардам Акуліным
і Міколам Канановічам. 2005 г.

Кнігу «Пацеркі Божай Маці» завяршае «Споведзь крывічанкі» — маналог-малітва ад імя маладой беларускі, якая паставіла над усім сваю чалавечую годнасць, сваю праўду, сваю атрыманую ў спадчыну ад продкаў мараль. Твор гэты рэфрэнам «Гэта я, міласэрны Божа» ўзведзены ў ранг найвышэйшага дыялогу, варты вывучэння ў школах, дзе сённяшнім старшакласнікам гэтак бракуе ўзору, з каго «рабіць жыццё». А трэба і ім памятаць словы полацкай князёўны Рагнеды, якія з вуснаў Гілевічавай крывічанкі гучаць таксама смела і пераканаўча: «Сына рабыні я разуваць не буду».

Дзень новай кнігі Ніла Гілевіча я адзначаю сёлета прыканцы года, калі сабраны з поля ўраджай, калі хочацца «з двара прыйсці і сесці ля агню» (М. Стральцоў). А быў жа ў мяне падобны дзень і летась, калі выйшла Гілевічава кніга «Дзверы ў гісторыю», і пазалетась, калі пабачыў свет яго ж паэтычны зборнік «Замова ад страху», і ў няблізкім ужо 2006-м, калі прыйшла да чытача кніжачка кішэннага фармату «У ноч на Пакровы».

Здараліся ў маім жыцці падобныя святы Гілевічавага новакніжжа і раней, але найбольш дарагія мне менавіта гэтыя зборнікі, выдадзеныя з дапамогай паэтавых прыхільнікаў бібліяфільскімі накладамі — 100, 200, 300 асобнікаў. У кожным з іх я знаходзіў ці то разважлівую паэтычную прыпавесць («Аб рыфме „свабоду — народу“», «Аповед пра чалавечнасць тырана», «Сказ пра узбекаў»), ці то з’едлівую сатыру на антыгерояў нашага часу («Па словах анёла», «Балада пра Маньку і Ваньку», «Аповед пра трубу»), ці то «зрубленую ў лапу» эпіграму-афарызм, якая запамінаецца з першага прачытання, накшталт гэтай замалёўкі амаль з натуры: «Сядзіць з карэлай мордай, // не мае чым адмыць. // А морда хоча гордай // і незалежнай быць».

На маім стале — ліст з Зэльвы. Знаёмы настаўнік напрамілы Бог просіць прыслаць Гілевічавы «Дзверы ў гісторыю». Ён быў на настаўніцкіх курсах, дзе нехта чытаў услых гэтую кнігу, — спадабалася і фізікам, і лірыкам. Зямляк так і піша: «Творчасць Ніла Гілевіча — мой тут галоўны аргумент у местачковых дыскусіях: што важней — беларуская мова ці каўбаса? І я ўжо не аднаго гіцля асадзіў гілевічаўскімі радкамі: «Я — ва ўсім дэмакрат прынцыповы, // за свабоду — жыццё пакладу. // А супроць беларускае мовы // нават з Гітлерам разам пайду!».

Творчасць Ніла Гілевіча — аргумент… Як тут не згадаць паэта Анатоля Вярцінскага, які, нібы падслухаўшы зэльвенскага настаўніка, напісаў верш пад назвай «Здарэнне ў Судны дзень, альбо Ніл Гілевіч як аргумент». Каб не цытаваць гэты вялікі (ва ўсіх сэнсах!) твор, коратка перакажу яго змест.

Сын Божы судзіў народы, якія размаўлялі з ім на сваіх мовах. Калі ж дайшла чарга да беларусаў, найвышэйшы суддзя мусіў перапытаць: «Дык вы — беларусы?». Адказ прагучаў бязладна і не задаволіў Сына Божага. Тады ён запатрабаваў назваць беларуса, «хто мову родную прыняў з маленства // як запаветны скарб, як Божы дар, // хто потым на шляху жыццёвым // быў верны ёй і вусна, і пісьмова, // быў верны ёй і ў радасці, і ў горы, // быў верны ёй у мроях і ва ўчынках, // хто ні на хвілю уявіць не мог // свой лёс і лёс свайго народа // без мовы роднай…». І назвалі беларусы імя Ніла Гілевіча, і прынеслі да Хрыстовага пасаду ўсе кнігі паэта ўлучна з галоўным аргументам Гілевічавай вернасці роднай мове — кнігай «Любоў прасветлая». «І склаўся з кніг тых велічэзны стос — // дзівіўся, гледзячы на іх, Хрыстос». І — змяніў гнеў на літасць. Так былі ўратаваныя беларусы ад апраметнай.

Як на маё меркаванне, верш Анатоля Вярцінскага «Здарэнне ў Судны дзень, альбо Ніл Гілевіч як аргумент» — гэта шэдэўр, не заўважаны нашай крытыкай. Шэдэўр, які ўзнік у выніку зусім не блюзнерскага, а адпаведна пашанотнага сумяшчэння тэксту Евангелля ад Мацвея з нашай рэчаіснасцю. І шэдэўр гэты дапамог напісаць аўтару адзін з ягоных герояў — сваім жыццём.

Ніла Гілевіча ў такой — біблейскай — іпастасі згледзела (яшчэ ў 1965 годзе!) і Ларыса Геніюш. У адным з лістоў да літаратуразнаўцы-медыявіста Міколы Прашковіча яна трапна заўважыла, што і ў Беларусі ёсць свой Ніл — «жывіцель пустэльні».

«Жывіць пустэльню» — праца велічэзная, яна пад сілу толькі волатам-рэкам і волатам-паэтам. З усіх бакоў наступаюць пяскі, а трэба зберагчы і памножыць аазісы. Ніл Гілевіч свае аазісы збярог і памножыў — аазіс веры ў свой вечны народ, аазіс любові да сваёй святой зямлі, аазіс, у якім ад сухмені ратуецца мова. Бо калі мову як нацыянальную каштоўнасць не ахоўвае закон, яе зберагуць дасканалыя творы, напісаныя на ёй. А менавіта той стос, на які глядзеў і дзівіўся Хрыстос. А калі б Ён прыдумаў для беларусаў яшчэ адзін іспыт і запатрабаваў праспяваць песні, якія ведалі б усе, я перакананы — над грамадой суайчыннікаў залунала б і «Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы…».

Вядомае і небясспрэчнае выслоўе, якім пачаліся гэтыя нататкі, можна перайначыць і так: хочаш зразумець паэта — запрасі яго на сваю радзіму. І я запрасіў. У 2005 годзе мы з Нілам Сымонавічам, Эдуардам Акуліным і Сяргеем Чыгрыном выступалі на Зэльвеншчыне — у Галынкаўскай і Елкаўскай сярэдніх школах, а потым заехалі ў маю родную вёску, дзе нас сустрэла мама. Шэсць гадоў з тае пары мінула, а яна ў кожны мой прыезд усё перадае паклоны таму «папраўдзі добраму паэту, які піша так жалосна».

Не толькі жалосна, мама! Але і громагалосна, калі дае адпор ворагам беларушчыны. І мілосна, калі прызнаецца ў сваёй вялікай і бясконцай любові — адзінай жанчыне і адзінай Айчыне.

Усё зробленае Нілам Гілевічам мае падвынікаваць Збор твораў у 23 тамах, які пачаў выходзіць у 2003 годзе. Але не шукайце яго ў кнігарнях ці бібліятэках. Свой шматтомавік народны паэт выдае сам — за сваю мізэрную пенсію. Без удзелу дзяржаўных паліграфкамбінатаў, занятых больш пільнай друкарскай справай, чым кнігі жывога класіка. І факт гэты таксама застанецца ў найноўшай гісторыі Беларусі — сведчаннем вытрываласці беларускай літаратуры і беларускіх паэтаў, адлучаных ад варштату Скарыны на 494-м годзе яго слаўнага існавання.

…Дапісваю гэтыя нататкі ў Нацыянальнай бібліятэцы. Ледзь чутна плюскоча вада ў мармуровых рыштоках, вакол кусціцца нейкая гібрыдная пальмападобная папараць — як дзе-небудзь у аазісе «над хвалямі сінеючага Ніла». А высока ўгары, пад шкляным купалам, свіргочуць, як ластаўкі, малюсенькія трамвайчыкі. Па пакручастых монарэйках яны развозяць чытачам замоўленыя са сховішча кнігі. І я дакладна ведаю, што кнігам Ніла Гілевіча ніколі не пыліцца ў тым сховішчы, а штодзённа і штогадзінна ехаць па галавакружных маршрутах да сваіх чытачоў. Каб жывілася яшчэ адна пустэльня і ўзнікаў яшчэ адзін аазіс любові да роднага.

Міхась СКОБЛА

Гл. таксама:
Алесь ЧОБАТ :: ЖЫЦЦЁ І ЧАС НІЛА ГІЛЕВІЧА ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY