|
|
|
№
4(58)/2011
Рэлігія і свет
На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Ad Fontes
Пераклады
Джанні Д’ЭЛІЯПРОСТАЯ БЕЛАЯ СТАРОНКА Вера & Cultura
Постаці
Родны край
Галерэя
Інтэрв’ю
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Юбілеі
Паэзія
Пераклады
Асобы
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы
|
У жыцці кожнага чалавека надыходзіць такі момант, калі вельмі хочацца ведаць і расказваць пра сваё мінулае, пра сваіх продкаў. Усё маё жыццё — гэта праява Божай міласэрнасці. Бог падараваў мне самую лепшую, самую светлую маму. Даў жыццё ў той благаслаўлёны час, калі нашы шляхетныя засценкі (не хачу называць іх вёскамі) былі поўныя людзей, калі ў кожнай хаце было сама меней 5–6 чалавек, калі, адыходзячы, дзверы ў хаце замыкалі толькі на малюсенькі кручок, улетку спалі з адчыненымі вокнамі, а ў нядзелю працавалі толькі ў адным выпадку – калі здараўся дождж, а на сенажаці ляжала сухое сена. Божая міласэрнасць была і ў тым, што мы перажылі вайну, што нас абмінуў страшны лёс. Тады не было ніякіх садзікаў, і дзяцей выхоўвала вуліца і бабулі, бо бацькі працавалі. Родныя мае Ніціеўскія! Маленькая кропачка на карце маёй Беларусі, маленькі шляхетны засценак! Калі думаю пра яго, думкі разлятаюцца па наваколлі. Чаму? Усё вельмі проста: Ніціеўскія знаходзяцца ў цэнтры астраўка шляхетных засценкаў: Шабуні, Падляддзе, Сукаўцы, Маркаўцы, Мякаты, Тамашэвічы, Баханы. І ўсе яны былі звязаны радством, верай, прыроджанай шляхетнасцю. Розныя людзі жылі ў іх — добрыя і не зусім, але ўсе яны былі шчырыя працаўнікі, якія верылі ў Бога і баяліся Бога. На жаль, цяпер гэтыя засценкі пусцеюць, ператвараюцца ў дачныя пасёлкі. Многім здаецца, што ў гэтых мясцінах няма нічога цікавага. А для мяне — гэта рай! Колькі разоў, калі выходзілі з аўтобуса ў Самалёве, захоплівала дух: «Божа, ты выгнаў з раю Адама і Еву, але ж Ты стварыў тут на зямлі райскую прыгажосць!» Не пашанцавала нашым Ніціеўскім у гістарычным сэнсе. Паважаны Аляксандр Ельскі, які напісаў столькі артыкулаў пра вёсачкі Беларусі ў «Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага і другіх краёў славянскіх» і нават пералічыў прозвішчы тых, хто жыў у той час у Шабунях, у Тамашэвічах (гэта былі 1880–1895 гг.), засценак Ніціеўскія назваў Маціеўскія. Ельскі таксама пазначыў, што засценак да 1882 г. належаў да анопальскай рыма-каталіцкай парафіі, пасля — да кальварыйскай. Зямля спачатку была ўласнасцю Радзівілаў, потым — Вітгенштэйнаў і Чапскіх. Дарагія мае Шабуні, любы край мой! Здаецца, што там іншы свет, што там льецца незвычайнае святло. Такое ж святло ў сонечны дзень льецца ў мінскай катэдры. Дзесьці давялося прачытаць, што да знявечання катэдры на яе сценах была фарба з залацістымі крапінкамі, каб стваралася адчуванне пяшчоты і цеплыні. Не магу выказаць гэта словамі, але, скарыстаўшы музычны тэрмін, можна сказаць, што гэта святло мажорнае. А каля нашага роднага касцёла святло мінорнае і, відаць, таму што побач знаходзяцца магілкі родных людзей.
Усе мае ўспаміны і аповеды звязаны з тым родным куточкам, у які ўваходзілі вёсачкі Падляддзе і Шабуні Пухавіцкага раёна, Ніціеўскія, Тамашэвічы і Баханы Уздзенскага раёна. Адлегласць паміж імі складала 2 кіламетры. У нядзелю мы з мамаю прыходзілі ў Шабуні. Па вёсцы на лавачках сядзелі жанчыны ў белых хусцінках «падцеляпень», у светлых сукенках або кафтанах. Тады я думала, што ім хораша тут жыць. Калі ў 1950-я гады мая цёця з Шабунёў прыходзіла ў госці, то зайздросціла, што ў нас на стале заўсёды быў хлеб, накрыты настольнікам. Толькі праз гады я зразумела, што на самай справе жыццё іх было цяжкае. Але ўсё ж яны былі шчаслівыя, і гэта шчасце было ў веры. У іх быў касцёл, касцёл святога Роха! Да 1937 г. у святыні яшчэ працаваў ксёндз, а пасля вайны, на жаль, яго не стала. Быў касцёл, былі абразы, была Гануська Дэмская — вартаўніца касцёла. Помню яе маленькую, сухенькую бабулечку. Мае аднагодкі згадвалі, як у суботу прыходзілі з Гануськай прыбіраць касцёл, ставіць букеты, а ў нядзельку маліліся. У Ганусьчынай хатцы ў 1937 г. мае тата і мама бралі шлюб. У той год выдалася вельмі халодная зіма і ў касцёле было халадней, чым на двары, таму шлюб удзялялі ў хаце. Гэтая хата стала як бы касцёльнай — там спыняліся святары, праводзілася катэхізацыя. У савецкі час касцёл зачынілі, таму перад святам Божага Нараджэння галоўнаю была Вігілійная вячэра ў коле сям’і. Стол на куццю накрывалі пад абразамі. Чыгунок з куццёй (пярловай кашай) ставілі на сена, засланае белым абрусам. Вячэру бацькі пачыналі малітвай «Ойча наш...». На жаль, Бібліі ні ў кога не было. Пасля таго, як пачалі арыштоўваць і высылаць людзей, людзі баяліся трымаць дома не толькі рэлігійныя кнігі, а нават савецкія з літарай «яць». Тым часам за вігілійным сталом усе бралі па крышынцы аплаткі. Хоць святароў не было, але ў нас заўсёды была аплатка, якую прывозілі або з Краснова (п. Краснае Маладзечанскага раёна), або з Вільні, або з Нясвіжа. Родныя або знаёмыя з іншых засценкаў перадавалі адзін аднаму хоць палавінку. Мама хавала аплатку цэлы год у куфры. Як жа нам, малым, хацелася пакаштаваць яе! Але мы ведалі, што да Вігіліі — нельга, і ніколі не парушылі правіла. Ці было на стале 12 страваў? Не ведаю! Толькі добра памятаю, што быў селядзец, рыба, што-небудзь з грыбоў, былі аладкі, запраўленыя цёртым макам з цукрам. Мак заўсёды церлі ў маленькай каменнай ступцы — цёрле. У канцы вячэры трэба было абавязкова з’есці хоць адну лыжку кашы з падсалоджанай вадой. Нам, дзецям, казалі, што хто з’есць лыжку кашы, таго не будуць летам кусаць камары...
Велікодныя святы... Здавалася, што ўвесь засценак жыў гэтай светлай радасцю! Мы прыбіралі ў хаце, бялілі печы, мылі столь. Вербачкі звычайна асвячалі ў Краснове: хто-небудзь з суседзяў ездзіў у касцёл, а пасля з усімі дзяліўся. Велікоднаю раніцаю мы ўмывалі твары вадою з мядніцы, куды клалі асвячонае яйка. Потым дзеці націралі чырвоным яйкам шчокі, каб яны былі ружовыя. У гэты дзень не палілі печ: ежа была святочная, прыгатаваная ў суботу. За святочным сталом найперш з’ядалі па кавалачку яйка, пасыпанага асвячонаю соллю. Людзі збіраліся ў хаце, дзе быў радыёпрыёмнік і лавілі хвалю Польшчы, каб хоць крышачку паслухаць Божае слова. На першы дзень свята ў госці не хадзілі, толькі дзеці ішлі па хатах сваіх родзічаў і суседзяў па яйкі. Яйкамі гулялі ў біткі, каталі іх па лубку. Выйграваў той, у каго яйка заставалася цэлым. Вечарам хадзілі валачобнікі. Памятаю толькі два словы з іх песні: «Пане госпадажу…». Вялікдзень у нас святкавалі тры дні. У сераду ўжо пачыналі працаваць, але не на зямлі, бо была «градавая» серада. У чацвер адзначаўся Вялікдзень памерлых — у гэты дзень ішлі на могілкі. Цікава, што гэта наша мясцовая традыцыя, яе нават прытрымліваліся і праваслаўныя ва ўсіх суседніх вёсках Мінскага раёна. Існавала традыцыя наладжвання гасціны на хрэсбіны, дакладней, так было да 1937 года. Пасля 1937 г. святароў не стала, таму ўсе дзеці да 1941 г. заставаліся няхрышчанымі. Улетку 1941 года да нас у Шабуні прыехаў ксёндз Дзяніс Малец. Апошні яго душпастырскі візіт да нас адбыўся 17 кастрычніка, чакалі яго і на Божае Нараджэнне, але 15 снежня яго разам са Станіславам Глякоўскім арыштавалі немцы. Святар, які пахрысціў нас, г. зн. народжаных у 1937–1941 гады, загінуў у 33 гады. Пасля вайны ўсіх дзетак хрысцілі ў Краснове. На хрэсьбіны запрашалі радню, суседзяў. Госці прыносілі падарунак. Добра ведаю, што быў звычай «вазіць бабку». Гэта бабка павінна была першы раз купаць дзіця. Бабку садзілі ў малыя санкі або каламажку і вазілі па вуліцы з жартамі, абавязкова трэба было яе перакуліць... Мой родны шабунёўскі касцёл: намолены, упрыгожаны нашымі дзядамі і прадзедамі. Пабудаваны наш касцёл у 1796 г., адноўлены ў 1860-м намаганнямі князя Вітгенштэйна. Дата пабудовы была выразана на парозе. У часе жудаснай халеры ўсе нашы жыхары, католікі і праваслаўныя, сабралі грошы і набылі абраз святога Роха. Як толькі яго змясцілі ў алтары, эпідэмія адразу ж адступіла. У час рэканструкцыі ў 1860 г. парогавую бэльку замянілі, бо яна зусім струхлела, і дата пабудовы засталася толькі ў гістарычных крыніцах. Апошні раз касцёл перабудоўвалі ў 1923–1924 гадах. Стрыечная сястра майго бацькі расказвала, што тады касцёл пашырылі, алтарную частку, не разбіраючы, цалкам перанеслі на ўсход. Гэта было магчыма без ніякай механізацыі, бо тады ў кожнай хаце было па двое-трое здаровых маладых мужчын ды яшчэ не надышлі жудасныя 30-я, якія спустошылі ўсе навакольныя вёскі. Алтар перамясцілі і дабудавалі сярэднюю частку — самую «маладую» частку касцёла. Канфесіянал і шафу ў сакрыстыі зрабіў Бахановіч Антоні, брат майго дзеда Канстанціна. Раней я думала, што ўся шалёўка ў касцёле з 1860 года, а высветлілася, што ў той час дошкі так апрацоўваць не маглі, таму столь і шалёўка, відаць, засталіся з 1920-х гадоў. Столь, сцены, канфесіянал, хоры да гэтага часу захавалі светлы колер дрэва. Усё выглядае так, як быццам зроблена толькі цяпер, а не 150 гадоў назад. На хорах стаіць арганчык (фісгармонія), які, вядома ж, не працуе. З усіх абразоў засталася толькі прыгожая рамка-фератрон у стылі барока, што неслі на працэсіі. Пасля 1971 г. у касцёле перакрылі дах — замянілі гонты на шыфер. У 1997 г. замянілі падлогу і слупкі на ганку, бо яны падгнілі. Вялікая мая віна, што дазволіла забраць іх на дровы. Яны былі прыгожыя, фігурныя, а цяпер, калі з’явілася надзея на рэстаўрацыю касцёла, ніхто не можа іх намаляваць, хоць і помняць іх усе. Пастаяннага святара ў нас не было, звычайна яны прыязджалі з Анопаля. Дарэчы, у 1912–1914 гг. у шабунёўскім касцёле працаваў ксёндз Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля), слынны святар і паэт. Цяпер мы ў касцёлах спяваем песню на яго словы: «Распачаўся пост вялікі, кайся Эвіна сям’я...». З прыходам Саветаў пачаліся расправы над парафіянамі і святынямі. У 1937 г. энкавэдысты пазрывалі і параскідалі ў касцёле ўсе абразы. Людзі баяліся ісці ў святыню і паслалі дзяцей, каб яны развесілі абразы на месцы. На вялікі жаль, згаданая ўжо Гануська Дэмская спаліла ўсе касцёльныя запісы, бо захоўваць іх было небяспечна. Некаторыя касцёльныя рэчы яна разам з жанчынамі закапала пад яблынькай. У 1990-я гады іх спрабавалі шукаць, але тых, хто іх ратаваў, не было ў жывых, таму нічога не знайшлі. Калі ў 1941 г. да нас прыехаў ксёндз, яму адразу прынеслі хрысціць усіх дзетак. У гэты дзень пахрысцілі і мяне. Ксёндз цэлебраваў св. Імшу і праводзіў хрост па-беларуску. Пры немцах святары больш не прыязджалі, бо пачалася «партызанка».
Некаторыя нашы парафіяне спрабавалі ездзіць у Мінск на св. Імшу, але для гэтага трэба было выпісаць «аўсвайс» у нямецкім гарнізоне, што стаяў у Самалёве. Людзі згадвалі, што некалькі разоў у парафію з Вільні прыязджалі святары літоўцы і маліліся па-беларуску. У 1944–1946 гадах святары толькі зрэдку завітвалі ў парафію. Пасля вайны шабунёўскія парафіяне ездзілі ў Краснае, дзе працаваў касцёл, а ў сваёй святыні праводзілі маёвыя і ружанцовыя набажэнствы. Усе, хто перажыў вайну, лічаць, што іх выратаваў Бог і касцёл. У 1992–1993 гг. у шабунёўскі касцёл некалькі разоў прыязджаў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. У першы свой прыезд пасля Імшы ён сказаў, што трэба забраць абразы на рэстаўрацыю, і ўсе вернікі аж схамянуліся. Нам цяжка было ўявіць, што абразы можна вынесці з касцёла, што нейкі час іх не будзе. Але здарылася страшнае: у 1993 г. абразы зніклі... Яны былі сапраўднымі карцінамі на палатне, было іх шмат — абраз св. Роха, св. Ядвігі, Хрышчэнне Езуса ў Ярдане, Езус у цярнёвай кароне. У выніку засталося 13 рамачак, з якіх па-зверску вырвалі палатно. З касцёла як бы дасталі душу... Касцёл асірацеў, і разам з ім асірацелі ўсе мы. Тады было шмат шчырых вернікаў, а святара зноў не было. Звярнуліся да кс. Уладзіслава з просьбаю аб апецы над нашай парафіяй, то два разы ён прысылаў да нас свайго вікарыя кс. Сяргея Бараўнёва. Прыехаўшы да нас, ён удзяліў сваё прыміцыйнае благаслаўленне кожнаму верніку, людзі былі шчаслівыя, але хутка кс. Сяргея перавялі ў Беразіно — ізноў мы сталі нічыйныя. З 1997 да 2004 г. св. Імшы ў касцёле не было, і толькі дзякуючы малітвам нашых людзей і ксяндзу прэлату Эдмунду Даўгіловічу ў 2004 г. у нашу парафію прызначылі ксяндза Сяргея Пекачава. Нарэшце пасля доўгіх гадоў атэізму пакрысе пачало аднаўляцца рэлігійнае жыццё. У 2009–2010 гг. знайшліся людзі, якія дапамаглі кс. Сяргею аднавіць касцёл, замяніць дах і згнілыя бярвенні. І вось упершыню пасля 1937 г., вясною 2010 года, у касцёле цэлебравалася святочная велікодная Імша. Я пісала гэтыя ўспаміны з надзеяй заахвоціць яшчэ каго-небудзь апісаць гісторыю свайго касцёла, падзяліцца ўспамінамі. Час ляціць вельмі хутка, людзі адыходзяць у вечнасць, многае забываецца, а хочацца, каб нашы нашчадкі ведалі гісторыю сваёй парафіі і цанілі тое, што ім засталося ў спадчыну.
Вікторыя Ніціеўская,
|
|
|
|