Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(69)/2014
Жыццё Касцёла

ВІНШАВАННЕ З РАДЗІМЫ
Інтэрв’ю
Да 100-годдзя святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка

«АХ, ГЭТЫЯ ПРУЖАНЫ...»

З ГІСТОРЫІ ПРУЖАНСКАГА КАСЦЁЛА
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратурная спадчына

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Рэлігія і свет
Літаратуразнаўства
Рымскія святыні

ЛАТЭРАНСКАЯ БАЗЫЛІКА
Сцежкамі памяці

УЖО НЕ ДАЛЁКАЯ ГАРА...
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Проза

НОВЫЯ ТВОРЫ
Літаратуразнаўства
Мастацтва
Галерэя

Кс. Тамаш ЯКЛЕВІЧ

СУСВЕТНАЯ ВАЙНА З ХРЫСЦІЯНАМІ

Палохаюць апісанні злачынстваў і статыстычныя звесткі. У свеце пераследуецца 100 мільёнаў хрысціянаў. Штогод 100 тысяч памірае за веру. Заходняя грамадская думка пра гэта маўчыць. Пра гэта трэба крычаць!

 

Эрытрэя, дзяржава ва Усходняй Афрыцы на ўзбярэжжы Чырвонага мора. Там знаходзіцца лагер Метэр. Вязняў трымаюць у металічных кантэйнерах, якія выкарыстоўваюцца для перавозкі грузаў аўтамабілямі і караблямі. Унутры змяшчаюць столькі людзей, што з-за цеснаты яны не могуць ні легчы, ні сесці. Лагер знаходзіцца ў пустыні. Па начах вельмі холадна. У поўдзень метал награецца больш чым да 45 градусаў. Адзін з вязняў, якому ўдалося вызваліцца, распавядаў, што гэтыя кантэйнеры, як «гіганцкія печы, у якіх жыўцом спякаюць людзей». У іх няма туалета, ёсць толькі вёдры, поўныя спаражненняў. Вязняў змушаюць да бессэнсоўных працаў або катуюць. Іх прымушаюць кленчыць на пні, б’юць гумовымі шлангамі, вешаюць за рукі, ганяюць босымі па камянях і цернях. Часам гвалцяць. Дзясяткі гінуць ад абязводжвання і сонечнага ўдару. Лагер Метэр у 2009 г. адкрыла рэжымная партыя, якая кіруе Эрытрэяй, або Народны фронт за дэмакратыю і справядлівасць. Гэтыя жахі падрабязна задакументаваныя. Пра іх засведчылі таксама дакументы, якія раскрыла WikiLeaks. Чаму свет маўчыць пра гэтыя злачынствы? Чаму ніхто не пратэстуе з такой самай энергіяй, як супраць катаванняў амерыканцамі тэрарыстаў з Аль-Каіды? Адказ просты: гэта тая частка вайны, пра якую свет не ведае або не хоча ведаць. Метэр — гэта лагер смерці для хрысціянаў. Там трымаюць хрысціянаў, якіх прызналі нелегальнымі. Трагедыя працягваецца. У Метэры знаходзіцца ад 2-х да 3-х тысяч чалавек.

Сітуацыя ў Эрытрэі — не выключэнне. Падобных месцаў у свеце так шмат, што можна гаварыць пра глабальную вайну, скіраваную супраць хрысціянаў.

 

Рапарты з фронту

Два вядучыя дэмографы ў галіне рэлігіі — Дэвід Барэт і Тод Джонсан — прааналізавалі гісторыю пераследаванняў хрысціянаў на працягу стагоддзяў. Яны прыйшлі да высновы, што да нашага часу смерць за веру ў Хрыста прынялі 70 мільёнаў чалавек. Больш за палову з іх, 45 мільёнаў, загінула ў ХХ стагоддзі. Большасць — ахвяры камунізму і фашызму. У ХХ стагоддзі забітых за веру хрысціянаў больш, чым ва ўсе папярэднія эпохі. Гэтая эскалацыя насілля не спынілася з заканчэннем мінулага стагоддзя. Хрысціяне па-ранейшаму застаюцца самай пераследаванай рэлігійнай супольнасцю ў свеце. Гэта датычыць усіх хрысціянскіх веравызнанняў. Можна адкрыта гаварыць пра экуменізм мучаніцтва. І гэта не беспадстаўнае адчуванне або тэорыя празмерна ўражлівых вернікаў. Вось яшчэ некалькі эпізодаў з фронту гэтай няспыннай вайны.

Багдад. У нядзелю 31 кастрычніка 2010 г. група ўзброеных ісламістаў праводзіць атаку на мясцовую катэдру Каталіцкага Касцёла ў Сірыі. Гінуць 2 святары, якія цэлебруюць святую Імшу, і 56 іншых чалавек. Гэта не прэцэдэнт. З 2003 г. у Багдадзе ў 40 хрысціянскіх святынях з 65-ці дзейных была падкладзена бомба. Кампанія нянавісці і насілля прывяла да знішчэння хрысціянства ў гэтай краіне. Перад першаю вайною ў Персідскім заліве там жыло 1,5 млн хрысціянаў. Сёння засталося максімум паўмільёна, а магчыма, што і 150 тысяч. Большасць ірацкіх хрысціянаў уцякла з краіны, многія загінулі.

Штат Арыса ў Індыі стаў арэнаю разгрому хрысціянаў на пачатку ХХІ стагоддзя. У 2008 г. у масавых беспарадках загінула 500 хрысціянаў, многія з іх — ад рукі ўзброеных нажамі мачэтэ індускіх фанатыкаў, тысячы былі параненыя і 50 тысяч выгнаныя. Знішчана не менш за 5 тысяч хрысціянскіх дамоў, 350 касцёлаў і школаў. Каталіцкая манашка Меена Барва была згвалчаная, затым яе голую цягнулі па вуліцы і білі. Паліцыя адмовілася складаць рапарт і шукаць віноўнікаў нападзення.

Бірма. Этнічныя меншасці чынаў і карэнаў у большасці з’яўляюцца хрысціянамі. У краіне, якой ужо шмат гадоў кіруе вайсковая хунта, яны лічацца ворагамі. Іх катуюць, садзяць у вязніцы і забіваюць. У кастрычніку 2010 г. вайсковыя верталёты правялі атаку на вёскі, у якіх жывуць гэтыя хрысціяне. Дакладных дадзеных няма, але тысячы людзей загінулі.

Нігерыя. Ісламісцкая тэрарыстычная група «Бока харам» з 2009 г. арганізоўвала напады, у якіх загінула каля 3 тысяч хрысціянаў. Лідары «Бока харам» прама гавораць, што іх мэта — ліквідаваць хрысціянаў з тэрыторый, на якіх яны дзейнічаюць.

Паўночная Карэя. Слушна лічыцца адным з самых небяспечных у свеце месцаў для хрысціянаў. Прынамсі чацвёртая частка з 200–400 тысяч хрысціянаў жыве тут у канцлагерах, бо яны адмовіліся ўшанаваць Кім Ір Сэна як боства. У 2005 г. аднаму з абаронцаў правоў чалавека ўдалося ўзяць інтэрв’ю ў жаўнера, што ўдзельнічаў у карных дзеяннях супраць касцёла, вернікі якога адмовіліся прыняць удзел у кульце Кім Ір Сэна. Жаўнеры звязалі пробашча, двух вікарыяў і двух вернікаў і паставілі іх насупраць бульдозера, даючы апошні шанец адрачыся ад веры. Калі яны адмовіліся, бульдозер пераехаў іх на вачах іншых вернікаў касцёла. Каля 300 тысяч карэйскіх хрысціянаў проста знікла — верагодней за ўсё, іх забілі.

 

Ці перабольшанне гэта — гаварыць пра вайну?

Прыведзеныя прыклады ўзятыя з кнігі Джона Алена «Глабальная вайна супраць хрысціянаў. Рапарты з фронту антыхрысціянскіх пераследаванняў» («The Global War on Christians», Нью-Ёрк, 2013). Аўтар — амерыканскі ватыканіст, католік. Ён зусім не з’яўляецца крайнім кансерватарам, а наадварот, звязаны з органам «левых» амерыканскіх католікаў «National Catholic Reporter». З некаторымі яго меркаваннямі ў іншых публікацыях цяжка пагадзіцца. У новай кнізе апісваюцца перш за ўсё факты апошніх 20 гадоў з апораю на дакументы з многіх крыніцаў. Заслугаю Алена з’яўляецца збор шматлікіх разрозненых звестак, хоць аўтар зусім не прэтэндуе на вычарпальнае апісанне сучасных пераследаванняў. «Кожны дзень падчас працы над гэтаю кнігаю да мяне даходзілі новыя паведамленні з розных бакоў свету па e-mail, у лістах, справаздачах і па тэлефоне», — піша аўтар. І дадае: «Праблема глабальнай вайны не ў тым, што яе падзеі ніхто не дакументуе, а хутчэй у тым, што занадта мала людзей звяртае на яе ўвагу». Кніга — важная спроба паказаць маштаб трагедыі, пра якую заходняе грамадства не мае дакладнага ўяўлення. Намерам аўтара было выклікаць рэакцыю, заахвоціць да гучнага выказвання на гэтую тэму, у тым ліку нас, хрысціянаў. Асабліва нас!

Ален як журналіст асабіста сустрэўся з многімі ахвярамі пераследаванняў у Сірыі, Нігерыі, Іраку. «Не забудзь пра нас», — гэтыя словы гучалі ў яго вушах. Аднак непасрэдным штуршком да напісання кнігі стала яго размова з кардыналам Цімаці Доланам. Мітрапаліт Нью-Ёрка заўважыў, што хрысціяне не маюць літаратуры, у якой была б задакументаваная гісторыя сучасных мучанікаў, аналагічная габрэйскай літаратуры, прысвечанай Халакосту. Ален вырашыў прыняць выклік. Ён прызнаецца, што справа сучасных мучанікаў стала яго асабістай задачай.

«Ці не з’яўляецца гэта рытарычным перабольшаннем — гаварыць пра глабальную вайну супраць хрысціянаў?» — пытаецца журналіст. Пераследаванні ва ўсім свеце не каардынуюцца якойсьці «цэнтральнаю» варожаю сілаю. Прычыны прыгнёту ў розных кропках зямлі часам нязначна адрозніваюцца. Пераследуюцца таксама і вызнаўцы іншых рэлігій. Аднак жа ўсе статыстычныя звесткі, што датычацца парушэння свабоды рэлігіі, пацвярджаюць адзін неаспрэчны факт — 80 адсоткаў усіх актаў дыскрымінацыі з прычыны рэлігіі ў сучасным свеце скіравана супраць хрысціянаў. Грубыя адносіны да іх у столькіх месцах на зямлі даюць усе падставы гаварыць пра глабальную вайну. Калі гутарка пра абарону правоў чалавека і рэлігійную свабоду ўвогуле павінна мець сэнс, то найбольшую ўвагу ў наш час трэба скіраваць на лёс пераследаваных вызнаўцаў Хрыста.

 

Якое аблічча ў гэтай вайны і дзе яна вядзецца?

У гэтай вайны розныя абліччы. Міжнародны фонд Барнабы, створаны ў Вялікабрытаніі, аналізуе пераследаванні хрысціянаў ва ўсім свеце. У 2006 г. ён зрабіў іх класіфікацыю, назваўшы 10 спосабаў несправядлівых адносінаў да хрысціянаў: 1) сацыяльная дыскрымінацыя — маецца на ўвазе від сацыяльнага ўціску, які абмяжоўвае рэлігійную свабоду; напрыклад, хрысціянкі ў ісламскіх краінах, выходзячы замуж за мусульманіна, практычна вымушаныя пераходзіць у іслам; 2) інстытуцыянальная дыскрымінацыя — напрыклад, калі хрысціяне не атрымліваюць дазволу на пабудову або рамонт касцёла для нармальнай дзейнасці; 3) дыскрымінацыя ў працаўладкаванні хрысціянаў на вышэйшыя пасады; 4) юрыдычная дыскрымінацыя — немагчымасць доступу да правасуддзя, да следства і суда, калі ўчыняецца шкода; 5) забарона місійнай дзейнасці; 6) забарона навяртаць людзей у хрысціянства; 7) прымусовае адрачэнне ад хрысціянскай веры (напрыклад, у Індыі фундаменталісты арганізавалі масавае прымусовае навяртанне ў індуізм); 8) забарона супольна практыкаваць культ (у Кітаі ці ў Саудаўскай Аравіі ўсялякая форма супольнай малітвы дома забароненая і груба пераследуецца); 9) насілле, скіраванае непасрэдна на веруючых, — арышты, катаванні ажно да смерці; 10) прыгнёт, скіраваны на канкрэтную рэлігійную супольнасць.

Міжнароднае таварыства абароны правоў чалавека (Internationale Gesellschaft für Menschenrechte, IGFM) у Франкфурце — пазаўрадавая свецкая арганізацыя, якая займаецца даследаваннем правоў чалавека. Гэтая арганізацыя ў выніку праведзенага аналізу ў 2006 г. вызначыла, што 80 адсоткаў усіх актаў дыскрымінацыі вернікаў датычыць хрысціянаў. Такая вялікая колькасць абумоўлена часткова тым, што хрысціяне — найбольшая рэлігійная супольнасць у свеце, якая налічвае 2,2 млрд чалавек. У рапарце гаворыцца, што колькасць пераследаваных хрысціянаў будзе расці, у тым ліку па той прычыне, што ў ісламскіх краінах узрастае націск на ўвядзенне закона шарыяту.

The Pew Forum on Religion and Public Form, незалежны свецкі асяродак у Вашынгтоне, дзе аналізуюцца змены ў рэлігійнасці, у 2012 г. апублікаваў дакумент на тэму ўзрастання хвалі пераследаванняў рэлігіі. У рапарце заўважана, што ў 2006–2010 гг. хрысціяне спазналі дыскрымінацыю ў 139-ці краінах, што складае амаль тры чвэрці краінаў свету. Арганізацыя Open Doors, якая аналізуе пераследаванні хрысціянаў, лічыць, што ў наш час 100 мільёнаў хрысціянаў у свеце праслухоўваюцца, церпяць зняволенні, катаванні і часта смерць за веру. Тод Джонсан, пратэстанцкі навуковец, спецыяліст у галіне дэмаграфіі рэлігіі, вызначыў, што ў 2000–2013 гг. кожны год гінула 100 тысяч хрысціянаў. Штогадзіны ў свеце гіне 11 хрысціянаў. Гэта значыць, што з пачатку ХХІ ст. колькасць мучанікаў павялічылася на 1,3 млн чалавек. Яны загінулі і проста з прычыны нянавісці да хрысціянства, і таму, што праводзілі публічную дзейнасць, прадыктаваную вераю, давалі сведчанне. У новым спісе Open Doors называецца 25 краінаў, найбольш варожых да хрысціянаў. Гэта Паўночная Карэя, Афганістан, Саудаўская Аравія, Самалі, Іран, Мальдывы, Узбекістан, Емен, Пакістан, Эрытрэя, Лаос, Нігерыя, Маўрытанія, Егіпет, Судан, Бутан, Туркменістан, В’етнам, Чачня, Кітай, Катар, Алжыр, Каморскія Астравы, Азербайджан. 18 з гэтых 25-ці краінаў — дзяржавы з мусульманскай большасцю.

Аднак нельга лічыць, што хрысціяне знаходзяцца ў бяспецы ў тых краінах, дзе яны складаюць большасць. У 2011 г. мексіканская каталічка Марыя Элізабэт Маціяс Кастра, лідарка свецкага місіянерскага руху, была забітая за тое, што пісала пра закулісны бок дзейнасці наркакартэляў. Гэта адбылося ў Мексіцы, краіне цалкам каталіцкай. У Калумбіі ў 2002 г. перад касцёлам быў забіты арцыбіскуп Ісайас Дуартэ Кансіна, які рызыкнуў пакрытыкаваць верхаводаў мафіі. Дуартэ быў адным з сотні духоўных асобаў, якія з 1984 г. загінулі ў гэтай краіне.

 

Чаму свет маўчыць?

Аўтар слушна адрознівае грубае і крывавае пераследаванне хрысціянаў ад той з’явы, якая ўзмацняецца ў краінах Захаду і часам называецца «хрысціянафобія». Сапраўды, на Захадзе складваецца атмасфера непрыязнасці да прысутнасці рэлігіі ў публічным жыцці, асабліва хрысціянства, і галоўным чынам — каталіцызму. Усё часцей вернікам адмаўляюць у дазволе на выкананне грамадскіх функцый згодна са сваім сумленнем. Вядома выказванне кардынала Фрэнсіса Джорджа з Чыкага: «Я памру ў ложку, мой наступнік — у вязніцы, а яго наступнік памрэ як мучанік на рынку» (радзей цытуецца такая думка: «Чарговы пераемнік пазбірае чарапкі з руінаў грамадства і дапаможа адбудаваць цывілізацыю, як гэта часта ў гісторыі рабіў Касцёл»). Ален не адмаўляе гэтых тэндэнцый, але адзначае, што ў кнізе апісвае выключна выпадкі непасрэднага грубага насілля над хрысціянамі. Ён заахвочвае хрысціянаў на Захадзе, каб яны прысвяцілі больш увагі абароне сваіх братоў па веры, якіх у многіх месцах свету катуюць, садзяць у вязніцы, забіваюць.

Чаму насілле над хрысціянамі ў небывалым для гісторыі маштабе не знаходзіць адэкватнага рэзанансу ў публічнай прасторы, такой чулай да правоў чалавека? Чаму маўчаць мэйнстрымныя сродкі масавай інфармацыі? Адказ вельмі просты. Па-першае, таму што яны знаходзяцца ў руках людзей або абыякавых да рэлігіі, або варожа настроеных у адносінах да яе, асабліва да хрысціянства. Яны больш зацікаўленыя тым, каб паказваць хрысціянаў як агрэсараў, а не ахвяраў. З навязлівай настойлівасцю яны ствараюць вобраз хрысціянства як прыгнятальнай грамадскай сілы, што пагражае чалавечаму прагрэсу. Таму яны бясконца паўтараюць аповеды (зрэшты, гістарычна скажоныя) пра крыжовыя паходы, інквізіцыі, спальванне варажбітак і Джардана Бруна. Перад абліччам суровых фактаў прыйшоў час для таго, каб заходнія эліты перасталі сілкавацца «Кодам да Вінчы», — заклікае Ален. Сёння дзве трэція з 2,2 млн хрысціянаў жывуць па-за заходнім светам. Менавіта гэтыя «незаходнія» хрысціяне з’яўляюцца мэтаю грубага насілля. Аднак для Захаду, нарцысічна сканцэнтраванага на сабе, такія краіны як Шры-Ланка, Мальдывы ці Судан, дзе забіваюць хрысціянаў, знаходзяцца проста задалёка. Французскі «левы» філосаф Рэжы Дэбрэ трапна адказаў на пытанне аб тым, чаму пераследаванне хрысціянаў не ўзрушвае заходніх палітыкаў. Яны «занадта хрысціянскія», каб прыцягнуць увагу «левых». І «занадта замежныя», каб іх абаронаю заняліся «правыя».

Наступная тэма. Чаму мы маўчым пра сучасных мучанікаў у Касцёле? Чаму хрысціянскія Цэрквы на Захадзе не маюць справаў пераследаванняў у спісе сваіх прыярытэтаў? «Як растлумачыць той відавочны парадокс, што самы жудасны аповед пра хрысціянаў пачатку ХХІ ст., здаецца, цалкам адсутнічае ў хрысціянскай свядомасці?» Прычынаў шмат. Заходнія хрысціяне не пераследуюцца. У атмасферы міжрэлігійнага дыялогу недарэчнаю здаецца гутарка пра пераследаванні хрысціянаў, напрыклад, у краінах з мусульманскай большасцю або ў Ізраілі. Захад успрымае рэлігію як крыніцу ўнутранага супакою, псіхічнага камфорту. Слуханне аповедаў пра тое, як ісламскія фанатыкі паліваюць сернаю кіслатою запясці коптаў, каб выдаліць татуіроўкі крыжоў, не супакойвае.

Час абудзіцца! Не трэба быць габрэем, каб зразумець зло Халакосту і пратэставаць супраць антысемітызму. Не трэба быць хрысціянінам, каб выступіць у абарону пераследаваных вызнаўцаў Хрыста. Тым не менш для нас, хто верыць у Яго, перажыванне за лёс нашых катаваных сясцёр і братоў — маральны абавязак. Неабходная малітва, агучванне фактаў, больш глабальнае мысленне пра Касцёл, дабрачынная дапамога, націск на палітыкаў, захаванне памяці пра сучасных мучанікаў.

Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.

Паводле: Gość Niedzielny,
8 чэрв. 2014 г.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY