Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(69)/2014
Жыццё Касцёла

ВІНШАВАННЕ З РАДЗІМЫ
Інтэрв’ю
Да 100-годдзя святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка

«АХ, ГЭТЫЯ ПРУЖАНЫ...»

З ГІСТОРЫІ ПРУЖАНСКАГА КАСЦЁЛА
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратурная спадчына

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Рэлігія і свет
Літаратуразнаўства
Рымскія святыні

ЛАТЭРАНСКАЯ БАЗЫЛІКА
Сцежкамі памяці

УЖО НЕ ДАЛЁКАЯ ГАРА...
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Проза

НОВЫЯ ТВОРЫ
Літаратуразнаўства
Мастацтва
Галерэя

Наталля ПРАКАПОВІЧ

З ГІСТОРЫІ ПРУЖАНСКАГА КАСЦЁЛА

Сучасны выгляд пружанскага касцёла.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў шмат зроблена ў справе адраджэння гістарычнай памяці беларусаў. Навукоўцы і аматары пастаянна адкрываюць факты, якія дазваляюць па-новаму паглядзець на нашу мінуўшчыну. Не застаецца ў баку ад гэтай справы і музей-сядзіба «Пружанскі палацык», дзе захоўваецца шмат цікавых рэчаў з мінулага і сучаснасці роднага краю. Сярод іх асаблівае месца займае папка з арыгінальнымі дакументамі, прысвечанымі гісторыі рыма-каталіцкага касцёла ў Пружанах, 20 дакументаў асвятляюць невядомыя старонкі з мінулага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Выяўленне падобных экспанатаў тым больш актуальна, што ў 2011 г. адзначалася 130-годдзе з пачатку будаўніцтва мясцовай святыні.

Першы драўляны касцёл у Пружанах мог існаваць на мяжы XV–XVI стст., аб чым сустракаюцца ўскосныя звесткі, а ў 1522 г. свае дзверы адчыніў мураваны касцёл у гонар св. Жыгімонта і св. Вацлава. Гэты храм некалькі разоў значна пацярпеў падчас войнаў XVІ– пачатку ХІХ ст., а ў 1845 г. быў адабраны на патрэбы рускага ваеннага ведамства. Пад 1851 г. ёсць упамінанне аб драўляным касцёле ў Пружанах.

З падтрымкі пружанскага шляхціца В.Швыкоўскага ў 1857 г. пачалося будаўніцтва новага мураванага касцёла, аднак завяршыць пачатую справу ўладальнік «палацыка» не паспеў — у 1863 г. разгарэлася паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Нацыянальнае выступленне падтрымала значная частка мясцовай шляхты, а таксама пружанскі ксёндз Віталь Гансеўскі, які з 1859 г. служыў у святыні. Менавіта разгром паўстання і новы віток палітыкі русіфікацыі сталі прычынаю перадачы недабудаванага храма праваслаўнаму ведамству ў 1866 г.: замест касцёла была адчынена Прачысценская царква (сёння на яе месцы стаіць універмаг).

Але ўжо 21 снежня 1878 г. царскія ўлады зацвердзілі праект пабудовы новага касцёла ў Пружанах і выдзелілі на яго 22 тыс. рублёў. Дазвол меў абмежаванне: касцёл не павінен быў перавышаць іншыя збудаванні горада. Менавіта таму архітэктар адмовіўся ад ўзвядзення вежаў, скляпенні былі выведзены пад самы дах, каб максімальна выкарыстаць аб’ём будынка. Асноўны архітэктурны акцэнт быў зроблены на галоўны фасад, які атрымаў строгую сіметрычную двух’ярусную кампазіцыю, характэрную для неакласіцызму. Касцёл узводзіўся на зямлі, выкупленай католікамі ў 1881 г. у памешчыка Быліны.

29 верасня 1883 г. рыма-каталіцкі храм нарэшце сустрэў вернікаў. Праз год адбыліся ўрачыстасці і асвячэнне касцёла ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, святой Ганны і святога Караля Барталамея. Усе ўрачыстасці правёў святар Караль Грынявіцкі.

Каля касцёла была ўзведзена амаль 8-метровая двухпавярховая званіца, алтар якой упрыгожвалі старыя іконы: «Маці Божая Вастрабрамская» (дрэва, алей), «Маці Божая» з кляштара ў Бярозе Картузскай, «Маці Божая Ружанцовая», «Святы Антоній», «Святы Міхал» і інш. У 1886 г. за 10 м ад касцёла для ксяндза-пробашча быў пабудаваны драўляны 7-пакаёвы домплябанія, крыты гонтаю.

На жаль, у дакументах захавалася няшмат імёнаў ксяндзоў касцёла Унебаўзяцця НПМ. Акрамя К. Грынявіцкага ў ХІХ ст. ёсць згадка пра Зыгмунда Цасельскага, які служыў у касцёле ў 1889–1892 гг. У больш ранні перыяд упамінаюцца Матэуш Путвіньскі (1835–1836), Антоній Малеўскі (1859–1860), Аляксандр Грынявіцкі (1863), Антоній Гадзіньскі (1871–1872).

Вялікія нястачы касцёл зведаў у час Першай сусветнай вайны: быў пашкоджаны будынак, амаль знішчана арганная частка.

Значныя аднаўленча-будаўнічыя работы ў касцёле распачаліся ў 1929–1930 гг. пры кс. Браніславу Келбасу. З фундацыі шляхціцаў Пружанскага павета Дзяконскага і Марачэўскага ўдалося аднавіць арганнае памяшканне. Касцёл поўнасцю адрамантавалі: патынкавалі, пафарбавалі, замянілі дах і вокны, вымуравалі падлогу і ганкі, правялі электраасвятленне. Прыкладна ў гэты час мог пачацца роспіс касцёльнай столі. З мэтай захавання фундаменту старыя дрэвы, якія раслі на двары па вул. Пацэвіча (цяпер вул. Савецкая), былі выкарчаваны і пасаджаны 30 маладых ліпак. Перабудавалі і плябанію, пры якой з’явілася вялікае дадатковае памяшканне для парафіянаў. Касцёльныя будынкі былі адмежаваныя ад вуліцы плотам з літой агароджаю, варотамі і брамкамі фірмы графа Ледахоўскага.

Касцёлу належала зямля каля вул. Хватка (цяпер вул. Леніна) — фальварак Плябанцы, дзе былі дом (разбураны ў 1915 г.), сад і гарод. Фальварак быў выдзелены касцёлу люстрацыйнай (дзяржаўнай інвентарнай) камісіяй яшчэ ў 1869 годзе. Пры кс. С. Келбасу на гэтай зямлі пабудавалі шэраг гаспадарчых памяшканняў, крытых саломаю. Плошча фальварка складала каля 38 га (2 га займаў гарод, 24 га — ворыва і інш.). Поўны абмер уладання праводзіўся ў 1912 г. землямерам Хацімскім і на пачатку 30-х гг. — Яромам. Да касцёла былі прыпісаны чыншавыя плошчы з дамамі на вул. Шарашоўскай, Рэзцы, Юрыдыцы (раён універмага).

Фота пружанскага касцёла, зробленае немцамі. 1915–1918 гг.

Пружанскія ксяндзы абслугоўвалі таксама мураваныя капліцы на гарадскіх могілках (з ХІХ ст. яшчэ існавалі гаспадарчыя будынкі і вартоўня), у маёнтках Букрабаўшчына шляхціца Ляўковіча і Куплін Марачэўскіх. Да 1915 г. існавала капліца Крашэўскіх у Долгім, якую знішчылі казакі пры адступленні расійскага войска ў час Першай сусветнай вайны.

Паводле падрабязнага інвентара 1933 г., які быў зроблены пры ксяндзу Анджэю Ніве, касцёл меў багатае аздабленне. На вялікім алтары знаходзіўся абраз «Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі» (палатно, алей), створаны ў Варшаве ў майстэрні Герсона. За іконай у нішы мясціліся Распяцце Хрыста і абраз «Бог Айцец». У правым баку алтарнай часткі знаходзіліся іконы «Святы Антоній Падуанскі», «Сэрца Езуса Хрыста», «Святая Тэрэза», а ў левай — «Уваскрасенне Хрыстова», «Святы Станіслаў Костка». Усе выявы былі ўпрыгожаныя залачонымі рамкамі. Каля алтара знаходзіліся скульптуры св.Пятра і св.Паўла, захоўваліся рэліквіі св.Казіміра. Разам са шматлікімі іконамі, адзеннем, сцягамі, культавымі прадметамі, мэбляй захоўваліся каштоўныя дакументы — метрычныя і шлюбныя кнігі з 1663 года. Гонарам касцёла быў 10-галосы арган.

Цяжкія выпрабаванні чакалі святыню ў час Другой сусветнай вайны. З 1939 г. ксяндзом у касцёле Унебаўзяцця НПМ служыў Казімір Свёнтэк. У красавіку 1941 г. ён быў арыштаваны органамі НКУС і 2 месяцы прасядзеў у брэсцкай турме, прыгавораны да расстрэлу. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, усе арыштанты былі вызвалены і кс. Свёнтэк пешшу вярнуўся ў Пружаны, дзе працягваў служыць у касцёле. Ужо пасля вызвалення горада ад фашыстаў будучы кардынал ізноў стаў ахвярай рэпрэсіўнай сталінскай машыны: 17 снежня 1944 г. яго арыштавалі і асудзілі на 10-гадовае зняволенне.

Каля пружанскага касцёла. Фота 30-х гг.

Асаблівую старонку гісторыі касцёла складаюць пасляваенныя падзеі. Адрадзіць іх падрабязную храналогію дазволілі дакументы, якія захоўваюцца ў фондах музея-сядзібы «Пружанскі палацык».

26 красавіка 1946 г. прадстаўнікі раённага партыйнага кіраўніцтва разам з польскімі чыноўнікамі і ксяндзом-канонікам касцёла Антоніем Ройкам, які ад’язджаў у Польшчу, склалі акт аб наяўнасці ўсёй касцёльнай маёмасці згодна з інвентарнымі кнігамі. Выключэнне складалі рэчы, якія святар мог узяць з сабою: арнаты, крыжы, альбы, метрычныя кнігі і г.д. Адказнасць за захаванне памяшкання і яго маёмасці прынялі на сябе прадстаўнікі мясцовага касцёльнага камітэта на чале з І.Каралько.

Актам ад 2 сакавіка 1948 г. указвалася, што згодна з рашэннем выканкама Пружанскага райсавета ад 21 лютага 1948 г. № 142 «О закрытии костёла в гор. Пружаны», будынкі святыні і званіцы апячатваліся, а маёмасць захоўвалася паводле вопісу ад 5 студзеня 1948 года. На той час налічвалася 37 адзінак рэлігійнага адзення, 25 іконаў, мэбля, сурвэткі, дываны і інш. Усе рэчы былі складзены ў вартоўні на каталіцкіх могілках па вул. Горка.

Паводле ліста № 1103 ад 24 жніўня 1950 г. Брэсцкага аблвыканкама, памяшканне касцёла ў Пружанах аддавалася пад лекцыйны зал і стваралася камісія для зверкі наяўнасці апісанай маёмасці і вызначэння яе кошту. Камісія павінна была да 4 кастрычніка 1950 г. завяршыць сваю работу і выказаць прапановы па выкарыстанні выяўленых прадметаў. Было зроблена яшчэ некалькі вопісаў, і адказнасць за часовае захаванне 298-мі прадметаў прыняў на сябе загадчык райаддзела культасветустановаў А. Якуш, а потым дырэктар РДК В. Шабанаў.

Для большай часткі касцёльных рэчаў кошт так і не быў вызначаны. Напрыклад, грыфы «утиль» атрымалі падсвечнікі і крыжы, а «не ценятся» — рэлігійнае адзенне, абразы, сцягі, званы, келіхі, спавядальні. Размеркаванне касцёльнага начыння адбывалася паводле рашэння выканкама Пружанскага райсавета дэпутатаў працоўных 19 красавіка 1951 г., падпісанага старшынёй А.Р. Свергуном. У дакуменце гаварылася: «Передать бесплатно Пружанскому Дому Соцкультуры для создания театральных кастюмов … капы, орнаты, знамена, чехлы, пояса. …Все остальные предметы, указанные в описи, использовать при ремонте Дома Соцкультуры, металические и другие негодные предметы сдать в утиль». У дакуменце вызначаўся лёс іншых прадметаў. Напрыклад, «карету рессорную без колес» бясплатна перадавалі калгасу імя ХІХ партз’езда КП(б)Б. Арган патрабавалася разабраць і захоўваць пры Доме культуры. Іншая маёмасць прадавалася...

Складаная сітуацыя склалася з арганам. Пружанскі райфінаддзел неаднаразова на працягу 1951–1953 гг. звяртаўся ў вышэйшыя інстанцыі з просьбаю даць указанні аб кошце і парадку рэалізацыі аргана, бо «в г. Пружаны его реализовать невозможно …он никому не нужен», а таксама — «куда девать орган, ибо хранить его негде». У выніку 12 мая 1953 г. быў атрыманы ліст з Міністэрства фінансаў БССР за подпісам намесніка міністра П. Камчатава, паводле якога пытанне аб вырашэнні лёсу інструмента ўскладвалася на райвыканкам. 29 лістапада 1954 г. парткамісія склала акт, у якім гаварылася: «…музинструмент „орган“ не может быть использован где-либо в культпросветучреждениях республики (т.к. в нем нет нужды) и находится в разобранном виде. …Его металлические детали окислились, а деревянные — поточены червями и пришли в негодность. …Имеющиеся металлические части органа сдать по накладной в заготконторе «Вторцветмет», … деревянные в количестве 1,5м3 заприходовать в РДК как дрова и израсходовать для отопления здания».

Такім чынам, пружанскі касцёл раздзяліў лёс многіх святыняў у былым СССР, якія, калі не былі знішчаны, сталі ўстановамі культуры, складамі, сховішчамі і г.д.

Пачатак рэстаўрацыйных работаў. 90-я гг.

Ужо ў перыяд перабудовы рэлігійная палітыка была перагледжана, а з пачаткам суверэннага існавання Беларусі склаліся ўмовы для адраджэння апаганеных святыняў. З 1991 г. у Пружанах сталі рабіцца захады па вяртанні касцёльнага будынка вернікам. Вялікая роля ў гэтым належала ксяндзу Эдварду Лоеку, разам з якім вернікі пачалі маліцца на прыступках Дома культуры. Такая пазіцыя святара і парафіянаў дала плён: 8 снежня 1991 г. адбылося першае афіцыйнае набажэнства — католікам дазволілі маліцца ў дыскатэчнай зале, калі там не адбываліся «культурныя» мерапрыемствы. А 1 лютага 1993 г. храм быў канчаткова перададзены вернікам — пачаліся працы па рэстаўрацыі. Значны ўклад у аднаўленне касцёла ўнёс прафесар Інстытута кансервацыі помнікаў Кракаўскай палітэхнікі Віктар Зін (памёр увосень 2011 г.). Ён разам з супрацоўнікамі інстытута бясплатна зрабіў поўную інвентарызацыю аб’екта і распрацаваў дакументацыю па рэканструкцыі храма. Экспедыцыя В. Зіна на столі касцёла пад пяццю пластамі тынкоўкі, пабелкі і фарбы знайшла цікавыя роспісы, якія цяпер упрыгожваюць святыню.

Датай новага нараджэння касцёла Унебаўзяцця НПМ можна лічыць 1998 год. Акт аб яго рэкансэкрацыі ад 14 жніўня на беларускай і польскай мовах беражліва захоўваецца ў храмавым архіве. Ва ўрачыстасцях з нагоды адкрыцця касцёла ўдзельнічаў чалавек, які калісьці пакідаў святыню пад прыцэламі зброі, — кардынал К. Свёнтэк.

Гісторыя касцёла ў Пружанах, як і многіх храмаў іншых канфесій у Беларусі, насычана слаўнымі і трагічнымі старонкамі. Яна яшчэ раз пацвярджае, што сапраўдныя каштоўнасці — высокую духоўнасць і талерантнасць, якія спрадвеку вызначалі характар беларусаў, знішчыць немагчыма.

Пры напісанні артыкула выкарыстаны матэрыялы
з фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»,
архіваў касцёла Унебаўзяцця НПМ у Пружанах,
сайта radzima.org.

Аўтар выказвае падзяку
ксяндзу Роберту Іскшыцкаму
за дапамогу ў працы.

Гл. таксама:
Крыстына ЛЯЛЬКО :: «АХ, ГЭТЫЯ ПРУЖАНЫ...» ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY