|
|
|
№
3(69)/2014
Жыццё Касцёла
Інтэрв’ю
Да 100-годдзя святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратурная спадчына
Пераклады
Рэлігія і свет
Літаратуразнаўства
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
«КАЛІ ПАЎСТАНЕ СУПРАЦЬ МЯНЕ ВОЙСКА, НЕ ЗАБАІЦЦА СЭРЦА МАЁ» Памінальная малітва на палях Чашніцкай бітвы Рымскія святыні
Сцежкамі памяці
Паэзія
Прэзентацыя
Проза
Літаратуразнаўства
Мастацтва
Галерэя
|
У траўні гэтага года споўнілася 70 гадоў ад часу штурму гітлераўскай умацаванай цытадэлі ў сярэднявечным кляштары на гары Montecassino за 120 кіламетраў на поўдзень ад Рыма. Тут стратэгічную дарогу на Рым кантралявалі спецыяльныя аддзелы вермахта. Пасля высадкі саюзнікаў на Сіцыліі ў 1943 годзе сітуацыя ў Італіі для немцаў пагоршылася: Трэці Рэйх вымушаны быў падтрымліваць ненадзейнага саюзніка на новым фронце і пасля капітуляцыі маршалка П’етра Бадольё распачаць акупацыю краіны. Але саюзнікі няспынна прасоўваліся на поўнач. Немцы разумелі стратэгічную значнасць узвышша Монтэ-Касіна — на ім і суседніх узгорках была збудавана лінія ўзмацненняў, празваная лініяй Густава. Са студзеня 1944 года было некалькі беспаспяховых спробаў узяць умацаванні. Эфекту не прынеслі і шматлікія бамбаванні з паветра. Напачатку камандаванне альянсу даручыла штурмаваць узвышша новазеландскім і індыйскім злучэнням, якія ўсе там амаль і палеглі. Тады Брытанскае камандаванне для ўзяцця Монтэ-Касіна вызначала Другі польскі корпус пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса, у якім служылі тысячы беларускіх вайскоўцаў. Акрамя таго, у атацы прымалі ўдзел брытанскія, амерыканскія, новазеландскія, паўднёва-афрыканскія і французскія аддзелы. Для заходнебеларускіх жаўнераў трапіць у польскае войска азначала вырвацца з савецкага сталінскага пекла. Яны былі ваеннапалоннымі, і хоць лічылі за вялікае шчасце, што не загінулі ў Катыні ці ў іншых лагерах, але штодня адчуваць на сабе прыніжэнне і здзекі было невыносным. Вядома, што з 120-ці тысяч польскіх ваеннапалоных і грамадзянаў розных станаў, дэпартаваных з Заходняй Беларусі, 20 тыс. складалі беларусы. Гэта паводле афіцыйнай статыстыкі. Мы мяркуем, што гэтая лічба магла быць большая. А ў Гразавецкім, Суздальскім, Старабельскім і Южскім лагерах ваеннапалонных на ліпень 1941 г. беларусы складалі 2848 чалавек, і з іх толькі 111 асобаў адмовіліся ўступаць у Польскую армію. Апрача ўсяго, шмат беларусаў запісвалася палякамі для таго, каб трапіць у Польскія ўзброеныя сілы, бо паводле загаду Народнага камітэту абароны СССР было забаронена браць у Польскае войска беларусаў і ўкраінцаў. Вось па гэтай прычыне рэальная колькасць беларусаў у Польскай арміі, што была сфармаваная ў Савецкім Саюзе з грамадзянаў былой Рэчы Паспалітай Польскай да 1939 г., якія трапілі ў савецкі палон, і дэпартаваных грамадзянаў, дакладна невядомая і сёння.
Шлях Войска Польскага з беларускімі жаўнерамі ляжаў праз савецкую Расею, Казахскую ССР, Узбекскую ССР, Іран, Ірак, Егіпет, Палестыну ў Італію. У складзе Войска Польскага пад брытанскім камандаваннем служылі такія вядомыя і выдатныя людзі з Заходняй Беларусі як Пётра Сыч — афіцэр, журналіст і пісьменнік, Вінцэнт Жук-Грышкевіч — гісторык і філолаг, у далейшым грамадска-культурны і палітычны дзеяч, Старшыня Рады БНР (1970–1982), Кастусь Маскалік — грэка-каталіцкі святар, Міхась Ляўдар, Аляксандр Надсан, Пётра Конюх, які служыў да 1945 г. і, атрымаўшы грант на вучобу, паступіў у Рымскую акадэмію мастацтваў (пасля стаў знакамітым мастаком), Яўген Русак і многія іншыя… Пасля адпаведнай вайсковай падрыхтоўкі брытанскае камандаванне накіравала корпус Уладзіслава Андэрса ў Італію, дзе ўжо пачаліся актыўныя баявыя дзеянні саюзнікаў, і ён быў улучаны ў склад 8-й Брытанскай арміі. 23 сакавіка 1944 г. са згоды генерала Андэрса 2-гі корпус быў накіраваны на ключавыя пазіцыі нямецкай абароны каля ўзвышша Монтэ-Касіна. Тут праходзілі выдатна ўмацаваныя лініі «Густаў» і «Гітлер», якія заміналі праходзіць войскам альянса на поўнач Італіі і практычна кантралявалі тэрыторыю ад Адрыятычнага да Тэрэнскага ўзбярэжжа. Камандаванне пастанавіла штурмам авалодаць узвышшам Монтэ-Касіна, ліквідаваць абарону гітлераўцаў і выйсці на поўнач Італіі для далейшага вызвалення Еўропы. У ноч з 11 на 12 траўня громам тысячаў гарматаў пачаўся штурм цытадэлі на дзікіх скалах гары Монтэ-Касіна. Перад гэтым амерыканская авіяцыя правяла масіраваную бамбардзіроўку ўмацаванняў вермахта. Беларускія жаўнеры змагаліся ў 5-й крэсавай дывізіі «Зубры». Асаблівую адвагу, спрыт і бясстрашша выяўлялі вайскоўцы 13-га батальёна «Рысь». Пісьменнік і журналіст Мельхіёр Ваньковіч апісвае адзін унікальны гераічны эпізод гэтага штурму: 12 траўня наперадзе батальёна ўжо не засталося аніводнага сапёра, а дарога была ўсыпаная мінамі, таму пяхотнікам давялося прабівацца самім наперад. Рыгор Булак — праваслаўны хлопец з-пад Вільні, якому міна адарвала нагу, стаў на адной назе і павёў батальён наперад, упаўшы ніцма. Другая міна выбухнула пад ім... Гэты выбух адарваў яму руку і выбіў вока… Але жаўнеры батальёна прарваліся наперад. Доўгі час меркавалі, што Булак загінуў, але яго падабралі немцы, падлячылі і трымалі ў палоне… Нашы жаўнеры ў гэтым змаганні паказалі высокую вайсковую вывучку, бясстрашша і гераізм. Шматлікія з іх загінулі геройскай смерцю. Штурм працягваўся 7 дзён, і 18 траўня фашысты былі выбіты з Монтэ-Касіна. Войскі альянсу рушылі на Рым. Некаторыя жаўнеры ваявалі ў Італіі аж да 11 красавіка 1945 г. і скончылі вайну ўзяццем Балонні.
У 1945 г. яшчэ ў Італіі, а ў 1947–1948 гг. у Брытаніі беларускія жаўнеры актыўна ўключыліся ў беларускае культурнае жыццё. У гэты ж час пачаўся працэс дэмабілізацыі. Многія вайскоўцы вярнуліся на Радзіму, але ў 1950–1951 гг. былыя змагары з фашызмам былі рэпрэсаваныя, асуджаныя на 10 гадоў і высланыя разам з сем’ямі ў Іркуцкую вобласць. Толькі тыя ўдзельнікі італьянскай кампаніі, якія вярнуліся ў Беларусь пасля 1960 года і пазней, пазбеглі рэпрэсіяў бальшавіцкага рэжыму, а таксама тыя, хто застаўся на Захадзе. Па вяртанні на Радзіму з высылкі некаторыя камбатанты Монтэ-Касіна, нягледзячы на раненні і кантузіі пражылі доўгае і плённае жыццё. Так, напрыклад, Якуб Конан з мястэчка Бярэзінскае Маладзечанскага раёна пражыў 100 гадоў і адышоў у іншы свет у 2013 годзе. У зялёнай даліне, ніжэй за кляштар Монтэ-Касіна (ён займае верхнюю пляцоўку гары на вышыні 527 м), збудаваны мемарыял у памяць польскіх жаўнераў, якія загінулі пры штурме нямецкай цытадэлі, і цвінтар, на якім пахаваныя ўсе жаўнеры і афіцэры Войска Польскага. На гэтым цвінтары пахаваныя і больш за 180 беларускіх жаўнераў. На кожнай магіле стаіць белы крыж з надпісам імя і прозвішча, датаў жыцця і месца нараджэння. На магілах католікаў стаяць каталіцкія крыжы, на магілах праваслаўных — праваслаўныя. Нашыя жаўнеры фактычна былі з усёй Заходняй Беларусі: Вільні, Гародні, Берасця, Ваўкавыска, Баранавічаў, Ліды, Валожына, Пінска, Браслава, Паставаў і іншых гарадоў, мястэчак і вёсак. Мы павінны быць удзячнымі польскай дзяржаве, якая збудавала гэты мемарыял, увекавечыўшы памяць і нашых жаўнераў! 20 траўня 2014 г. у Італію прыляцела зусім невялікая група мастакоў для правядзення пленэра на месцы баявых дзеянняў на гары Монтэ-Касіна: сябры Беларускага саюзу мастакоў Алесь Цыркуноў і аўтар гэтых радкоў, а таксама сябра Беларускага саюзу народных майстроў Юрась Камандзірчык і Вітаўт Купава — выпускнік Каледжа мастацтваў імя І. Ахрэмчыка. Перакладчыцай, правадніцай і зусім незаменным чалавекам у гэтай кампаніі была Наста Цыркунова, якая ўжо 3 гады жыве ў Італіі. Зразумела, што найважнейшай місіяй нашай дэлегацыі было ўшанаванне памяці беларускіх жаўнераў, якія тут загінулі і пахаваныя на цвінтары мемарыяла Монтэ-Касіна. Да падножжа мемарыяла намі былі ўскладзеныя беларускі сцяг, кветкі і бел-чырвона-белая стужка з надпісам. Сёлета на юбілейных святкаваннях ужо не было ні беларускай дэлегацыі камбатантаў Монтэ-Касіна, ні дэлегацыі беларускіх жаўнераў з замежжа. Гэта было відаць і па тых вянках, якія ўсклалі розныя дэлегацыі свету. І мы зразумелі, наколькі важным быў наш прыезд на Монтэ-Касіна. Цяпер клопат па ўшанаванні памяці герояў італьянскай кампаніі ляжыць цалкам на плячах грамадскіх арганізацыяў Беларусі. Наша ўдзячнасць палеглым і тым нешматлікім былым жаўнерам корпуса Андэрса, якія жывуць у вольным свеце. Нізкі ім паклон! Фота В. Купавы і Ю. Камандзірчыка.
|
|
|
|