|
|
|
№
3(69)/2014
Жыццё Касцёла
Інтэрв’ю
Да 100-годдзя святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратурная спадчына
Пераклады
Рэлігія і свет
Літаратуразнаўства
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
«КАЛІ ПАЎСТАНЕ СУПРАЦЬ МЯНЕ ВОЙСКА, НЕ ЗАБАІЦЦА СЭРЦА МАЁ» Памінальная малітва на палях Чашніцкай бітвы Рымскія святыні
Сцежкамі памяці
Паэзія
Прэзентацыя
Проза
Літаратуразнаўства
Мастацтва
Галерэя
|
Сёння мы накіроўваемся ў Латэранскую базыліку — старажытны рымскі сабор, які традыцыйна называюць San Giovanni in Laterano (св. Яна ў Латэране). Афіцыйная тытулатура Латэранскай базылікі заслугоўвае поўнага пераказу: Sacrosanta Cattedrale Papale Arcibasilica Romana Maggiore del Santissimo Salvatore e dei Santi Giovanni Battista ed Evangelista al Laterano, madre e capo di tutte le chiese della Citta e del Mondo (Найсвяцейшы папскі рымскі вялікі сабор архібазыліка найсвяцейшага Збаўцы і святых Яна Хрысціцеля і Евангеліста на Латэране, маці і звершніца ўсіх касцёлаў горада і свету). Базыліцы належыць выключнае месца ў каталіцкай іерархіі. Яна з’яўляецца першай з чатырох папскіх базылікаў Рыма (важнейшай нават за сабор св. Пятра) і лічыцца самым старажытным і значным саборам Каталіцкага Касцёла. Хаця дэ юрэ сабор і ўвесь яго архітэктурны комплекс знаходзяцца на тэрыторыі Італьянскай Рэспублікі, яны маюць правы экстэрытарыяльнасці і падпарадкоўваюцца выключна Дзяржаве Ватыкан. Гісторыя базылікі пачыналася ў ІV стагоддзі. Вялікі ўчастак зямлі належаў сям’і Латэранаў і быў вядомы як Horti Laterani (Латэранскія сады). Там знаходзіўся палац гэтай сям’і. Калі імператар Канстанцін у 307 г. пабраўся шлюбам з Фаўстай, сястрой Максенцыя, згаданы палац (які называўся тады Domus Faustae) стаўся маёмасцю Канстанціна. У 312 г. Максенцый абвясціў сябе імператарам, але быў разбіты войскам Канстанціна на Мільвійскім мосце каля Рыма. Паводле хрысціянскай традыцыі, перад бітвай Канстанцін меў прарочую візію: на небе з’явіліся выява крыжа і словы «In hoc signo vinces» («Пад гэтым знакам пераможаш»). Тады імператар загадаў намаляваць знак крыжа на шчытах сваіх жаўнераў. Пасля перамогі Канстанцін падарыў латэранскі ўчастак і палац рымскім папам. Напярэдадні падпісання Міланскага эдыкту 313 года (паводле якога легалізавалася хрысціянства ў Заходняй імперыі) на месцы старога форта, які быў часткаю палацавага комплексу, была пабудавана першая базыліка, высвечаная папам Мільцыядам у імя Хрыста Збаўцы. Папа Сільвестр І надаў храму і далучанаму да яго Латэранскаму палацу тытул Domus Dei (Дом Бога). Латэранскі палац быў галоўнай папскай рэзідэнцыяй да канца XIV стагоддзя, калі Апостальскую Сталіцу перанеслі ў Ватыкан. Першы храм, вядомы ў крыніцах як Basilica Aurea (Залатая базыліка), быў аб’ектам дароў мноства папаў, імператараў і іншых данатараў. Базыліка моцна пацярпела падчас захопу Рыма візіготамі ў 410 г., а ў 455 г. вандалы скралі ўсе яе багацці. Папа Леў І Вялікі завяршыў яе рэстаўрацыю ў 460 годзе. У 774 г. у Латэранскай базыліцы прыняў хрост германскі імператар Карл Вялікі. Пасля значных разбурэнняў у выніку землятрусу 896 года пачалася грунтоўная перабудова, у выніку якой паўстала другая базыліка, якая ў цэлым паўтарала план папярэдняй. На пачатку Х ст. папа Сергій ІІІ дадаў да прысвячэння Латэранскай базылікі культ святога Яна Хрысціцеля, а ў ХІІ ст. папа Луцый ІІ прысвяціў Латэранскі палац і храм св. Яну Евангелісту. Тады ж у палацы размясціўся бэнэдыктынскі кляштар, які існуе дагэтуль. Аднак у 1308 г. другая базыліка амаль цалкам загінула ў пажары. Папы з свайго авіньёнскага палону дарылі грошы на аднаўленне храма, і пасля вяртання з Авіньёна ў 1377 г. папа Грыгоры ХІ прыняў гістарычнае рашэнне аб пераносе рэзідэнцыі ў Ватыкан, але ён жа загадаў упрыгожыць трэцюю базыліку велічным фасадам.
Чацвёртую базыліку, якая захавалася да нашых часоў, распачаў будаваць на загад папы Інацэнта Х вялікі рымскі архітэктар Франчэска Бараміні (1599–1667), які вызначыў барочны стыль храма. У 1734 г. быў завершаны галоўны фасад сабора, паводле праекта Алесандра Галілеі. У выніку зніклі апошнія рысы фасада старажытнай базылікі. У інтэр’еры ад сярэднявечнай базылікі засталіся толькі падлога, ківорый і часткова мазаіка ў апсідзе. Базыліка адкрываецца на плошчу галоўным фасадам, які мае каласальныя прапорцыі і ў цэлым адпавядае архітэктурнаму вобразу, знаёмаму нам па ватыканскім саборы св. Пятра. Праз два ярусы пад самы антаблемэнт узвышаюцца магутныя пілястры цэнтральнага портыка на высокіх базах. Над фасадам размешчаныя скульптуры Хрыста з крыжам і святых. Яны настолькі вялікія па памерах, што яшчэ больш узмацняюць уражанне цяжкасці цэльнай архітэктурнай формы. У сабор вядуць пяць дзвярэй. Крайнія правыя дзверы — «юбілейныя», яны расчыняюцца толькі ў Юбілейны год. У інтэр’еры сабора захавалася фрэска Джота з выяваю папы Баніфацыя, які абвяшчае Юбілейны 1300 год. Латэранская базыліка мае пяць наваў. Цэнтральная нава мае плоскую столь з вялікімі кесонамі. Наступныя дзве навы маюць невялікія купалы, а крайнія зноў маюць плоскую столь. Інтэр’ер (вынік перабудовы пад кіраўніцтвам Бараміні), безумоўна, вызначаецца архітэктурна-пластычным рашэннем галоўнай навы — назіраецца рэдкі сінтэз архітэктуры і пластыкі, прычым скульптура імпэтна імкнецца дамінаваць у архітэктурнай прасторы галоўнай навы. Паўкруглыя аркі, аблямаваныя высокімі, пад самую столь, пілястрамі, даюць галоўны архітэктанічны рытм інтэр’еру. Сцены паміж аркамі маюць нішы, аформленыя як трыумфальныя аркі. У іх узвышаюцца фігуры дванаццаці Апосталаў. Скульптуры выкананы на пачатку XVIII ст. французскімі і італьянскімі майстрамі (П.-Э. Мано, Ф. Мараці, Л. Атоні, Дж. Мацуолі, П. Лягро, А. дэ Росі, К. Русконі). Фігуры вельмі вялікія па памерах. Іх пластыка поўная барочнай экспрэсіўнасці. Здаецца, што ім цесна нават у вялікай прасторы сабора. Над кожнай скульптурнай кампазіцыяй размешчаны таксама вялікія рэльефы, што яшчэ больш узмацняе пластычныя эфекты інтэр’ера. Ва ўсім будынку найбольш старажытная частка, што захавалася, перажыўшы разбурэнні і рэстаўрацыі, — галоўная апсіда. Яе конха запоўнена прыўкраснай мазаікай, на якой паказана Мадонна са святымі. У цэнтры кампазіцыі — выявы крыжа і голуба — Святога Духа. Мазаіка выканана ў канцы ХІХ стагоддзя (ад разбуранай мазаікі XIV ст. мастакі выкарысталі ў сваёй працы ў асноўным плакеткі залатога фону). Побач з базылікай захаваўся баптыстэрый, пабудаваны ў 440 годзе. На плошчы перад базылікай усталяваны абеліск з чырвонага граніту. Ён быў створаны ў ХV ст. да н.э. у эпоху фараонаў Тутмаса ІІІ і IV і знаходзіўся ў храме ў Карнаку. Імператар Канстанцый ІІ загадаў перавезці яго ў Рым (357 г.) і ўсталяваць у Вялікім цырку. Абеліск знайшлі ў руінах цырка, і папа Сікст V загадаў архітэктару Даменіка Фантана паставіць яго на плошчы перад базылікай (1588 г.). У базыліцы захоўваюцца свяшчэнныя рэліквіі. Так, у папскім алтары ёсць рэліквіярыі з галовамі святых Пятра і Паўла. У саборы пахаваны 22 Рымскія Папы. Лёс Латэранскай базылікі з’яўляецца выразным адлюстраваннем драматычных стагоддзяў гісторыі хрысціянства. Валеры Буйвал
|
|
|
|