Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(69)/2014
Жыццё Касцёла

ВІНШАВАННЕ З РАДЗІМЫ
Інтэрв’ю
Да 100-годдзя святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка

«АХ, ГЭТЫЯ ПРУЖАНЫ...»

З ГІСТОРЫІ ПРУЖАНСКАГА КАСЦЁЛА
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратурная спадчына

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Рэлігія і свет
Літаратуразнаўства
Рымскія святыні

ЛАТЭРАНСКАЯ БАЗЫЛІКА
Сцежкамі памяці

УЖО НЕ ДАЛЁКАЯ ГАРА...
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Проза

НОВЫЯ ТВОРЫ
Літаратуразнаўства
Мастацтва
Галерэя

Марына ПАШУК

ПАЗАСЛОЎНАЯ МОВА Ў БІБЛІІ

Напэўна, ніхто не будзе аспрэчваць таго, што чалавек можа перадаваць інфармацыю не толькі пры дапамозе словаў (вербальна), але і пры дапамозе жэстаў, мімікі, паставаў цела, позірку, усім сваім знешнім выглядам, захаваннем дыстанцыі падчас размовы — адным словам, пры дапамозе невербальных сігналаў. Паводле вядомага прынцыпу 7-38-55, які сфармуляваў псіхолаг Альберт Меграбян, пры дапамозе слова перадаецца толькі 7% інфармацыі, 38% — праз паралінгвістычныя сродкі камунікацыі: гучанне, інтанацыю і тэмбр голасу, яго тон, мадуляцыю, гучнасць, тэмп маўлення, інтанацыю выразаў, словаў, праз паўзы; пры дапамозе ж «мовы цела», г. зн. праз міміку, жэсты, позірк, рухі, паставы цела, выкарыстанне міжасабовай прасторы — 55%. Пры ўмелым выкарыстанні ведаў пра сродкі невербальнай камунікацыі мы можам атрымаць значную частку інфармацыі пра чалавека і яго намеры. Аднак вельмі часта такая інфармацыя застаецца па-за нашай увагай з прычыны няўмення яе прачытваць і правільна інтэрпрэтаваць. Здараецца, што мы не ўмеем заўважыць нават відавочных рэчаў. Напрыклад, калі чалавек вітае нас з усмешкай, але стаіць перад намі, закруціўшы рукі, гэта сігнал таго, што ён адчувае дыскамфорт, яму з намі няўтульна.

Тое ж здараецца пры чытанні тэксту Бібліі. Звычайна мы засяроджваем большую ўвагу на выказваннях яе герояў, на вялікіх і значных падзеях, але можам не зважаць пры гэтым на паводзіны людзей, іх рэакцыі, паставы. Каб умець заўважыць усё гэта ў тэксце, нам неабходныя веды пра пазаслоўныя формы камунікацыі. Паколькі ёсць дзве крыніцы невербальных спосабаў камунікацыі: індывідуальны досвед i нормы культуры, то зразумець некаторыя невербальныя сігналы дапамагае менавіта пазнанне культуры народу.

Невербальная камунікацыя, асабліва «мова цела» — гэта самая старажытная форма перадачы інфармацыі. Людзі Бібліі, безумоўна, дасканала ведалі гэтую мову, бо яна была часткай іх жыцця. Тут маюцца на ўвазе не толькі інстынктыўныя паводзіны, г. зн. несвядомае пасыланне пэўных сігналаў, але і свядомыя. Сёння, напрыклад, такім свядомым сігналам вучацца акцёры, псіхолагі, сацыёлагі, менеджары. Людзі ж Бібліі невербальнымі сродкамі камунікацыі ўмела карысталіся ў сваім жыцці. Яны вельмі ўважліва сачылі за сваімі эмоцыямі: за тым, дзе і калі можна смяяцца, таньчыць, прамаўляць, з кім і як можна спрачацца і ці ўвогуле варта гэта рабіць з людзьмі знатнага паходжання. Яны кантралявалі свае жэсты, паставы цела, паводзіны, хоць здараліся выключэнні, калі эмоцыі бралі верх над розумам, і сведчанне таму знаходзім у Бібліі. Напрыклад, Давід, апрануты выключна ў ільняны эфод, калі таньчыць прылюдна перад каўчэгам, выклікае згаршэнне сваёй жонкі Мікаль (2 Сам 6, 14. 20). Шчырая малітва Ганны, жонкі Элкана, якая з плачам вымольвае ў Бога дзіця, стварае ўражанне, што яна нібы п’яная (1 Сам 1, 10–13). Саўлам, першым каралём Ізраэля, настолькі авалодвае прарочае захапленне, што ён нават агаляе сябе (1 Сам 19, 24).

Даследаванне невербальнай камунікацыі таго часу дапамагае нам лепш пазнаць канкрэтную рэчаіснасць, зразумець яе, каб правільна інтэрпрэтаваць, каб заўважыць тое, што яна нясе сённяшняму чытачу. На жаль, мы не можам да канца растлумачыць значэнне некаторых формаў невербальнай камунікацыі, а некаторыя з іх увогуле застаюцца для нас таямніцай. Напрыклад, пячаць Каіна. Што гэта было? Татуіроўка? Аднак наколкі на целе былі забаронены Законам (Лев 19, 28). То што ж гэта было?

Прачытанне значэння пэўных жэстаў, паводзінаў людзей Бібліі дапамагае больш глыбока зразумець натхнёны тэкст. Напрыклад, чаму ў Святым Пісанні падкрэсліваецца роля i значэнне правіцы (габр. יַד־יְמִין [yad yᵉ mîn])? Бо левая рука павінна была выконваць, ужываючы эўфімізм, менш шляхетныя функцыі. Таму левай рукой не падавалі падарунак, не дакраналіся да іншага чалавека, бо гэта расцэньвалася як знявага. А вось жэст пацалунку, які бытаваў сярод родных людзей, быў знакам сардэчнасці: Аарон цалуе Майсея, вітаючы яго (Зых 4, 27), калі той вяртаецца ў Егіпет з пустыні. Аднак праз гэты жэст здзяйсняюцца здрада і забойства Амаса:

«Ёаб сказаў Амасу: «Як маешся, мой браце?». І ўзяў Ёаб Амаса правіцай1 за бараду, каб пацалаваць яго» (2 Сам 20, 9).

Ёсць тут і інтэрактыўныя паведамленні, і прасторавыя адносіны — амаль інтымная дыстанцыя, i дотык правай рукой, і жэст добразычлівасці, і пацалунак, якому спадарожнічаюць словы прывітання. Усе гэтыя сродкі невербальнай камунікацыі дапамагаюць Ёабу ўвайсці ў давер да Амаса, які адпаведна прачытвае гэтыя сігналы, таму дазваляе Ёабу прыблізіцца і не заўважае, як той левай рукой дастае меч, каб забіць яго. Колькі ў гэтай сцэне для нас павучання! І ў сённяшнім жыцці ёсць прыклады такой крывадушнасці. Шчыра ўспрымаючы жэсты сардэчнасці і спагады, чалавек дазваляе непрыяцелю падысці так блізка, што не ў стане заўважыць ягоны злы намер. Элементы невербальнай камунікацыі вельмі моцна падкрэсліваюць у гэтай гісторыі крывадушнасць і хітрасць чалавека, які выкарыстоўвае жэст добразычлівасці для таго, каб здзейсніць злачынства.

Некаторыя сігналы невербальнай камунікацыі дапамагаюць адчуць эмацыйны стан герояў Бібліі — напрыклад, жэст закрывання твару2 ў знак найбольшага болю, пакуты. Давід, які аплаквае свайго сына Абсалома, менавіта закрывае свой твар:

«Кароль закрыў (לָאַט [lā’at]) твар свой і голасна крычаў: «Сыне мой Абсалом! Абсалом, сыне мой, сыне мой!» (2 Сам 19, 5).

Згадаем таксама фрагмент, які паказвае перажыванні праз апісанне фізічнага стану, калі Давід і ўсе, хто павінен быў уцякаць з Ерузалема ў выніку змовы Абсалома і Ахітафэля, пакрываюць свае галовы, плачуць, а кароль нават ідзе басанож:

«Калі Давід узыходзіў на Аліўную гару, ён ішоў і плакаў. Галава ягоная была пакрытая. Ён ішоў босы. Таксама ўсе людзі, пакрыўшы галовы свае, калі ўзыходзілі на гару, плакалі» (2 Сам 15, 30).

Яшчэ адным элементам невербальнай камунікацыі, які ілюструе стан горычы, вялікага жалю, пакуты i вострага болю з прычыны вялікага фізічнага і маральнага цярпення з’яўляецца жэст разрывання шатаў3 . Рубэн, калі вярнуўся да студні і не знайшоў там свайго брата Юзафа, у знак роспачы і жалобы раздзірае свае шаты (Быц 37, 29). Тое самае робяць браты Юзафа, калі ў торбе Беньяміна знаходзяць келіх, які ён нібыта ўкраў (Быц 44, 13).

У знак вялікага жалю і роспачы Ефтай разрывае свае шаты, калі пасля перамогі над аманітамі вяртаецца дадому, а першай насустрач яму выходзіць яго адзіная дачка, якую ён, згодна з дадзеным абяцаннем, павінен прынесці ў ахвяру:

«Убачыўшы яе, Ефтай разарваў4 шаты свае і сказаў: “Гора мне, дачка мая, якое няшчасце ты спаслала на мяне! Ты пазбавіла мяне спакою! Бо я пакляўся перад Панам і не змагу ўчыніць інакш!»» (Суд 11, 35).

Ёў, калі яму паведамілі пра смерць яго сямі сыноў і трох дачок, у знак роспачы не толькі разрывае свае шаты, але і голіць галаву:

«Тады Ёў устаў і разарваў (габр. וַיִּקְרַע) шаты свае, пастрыг галаву і, упаўшы на зямлю, пакланіўся, і сказаў: “Голы я выйшаў з улоння маці маёй і голы вярнуся туды»» (Ёў 1, 20–21а).

У гісторыі дачкі Давіда Тамар жэст разрывання шатаў азначае таксама сорам i страту годнасці:

«Тамар пасыпала галаву сваю попелам, разарвала (габр. קָרָעָה [qārā‘āh]) сваю доўгую туніку, у якую была апранута, і, паклаўшы руку на галаву сваю, хадзіла і галасіла» (2 Сам 13, 19).

 

Сярод невербальных сродкаў камунікацыі, называных «моваю цела», у Бібліі згадваюцца яшчэ паставы цела, уласцівыя размове з Богам. Яны сведчаць пра пакору чалавека перад Божай веліччу. Да сённяшняга дня такія паставы як паклон5 i кленчанне6 прысутныя ў літургіі хрысціянаў. У цытаваным вышэй фрагменце пра Ёва (Ёв 1, 20) ужо згадвалася адна з такіх паставаў — паклон. Вітаючы, кланяецца анёлам, якія прыходзяць у Садому, Лот:

«Калі Лот убачыў іх, выйшаў насустрач і пакланіўся ім да зямлі7 ...» (Быц 19, 1b).

На Блізкім Усходзе паклон да зямлі, увасоблены ў кленчанні і датыканні чалом зямлі, лічыцца жэстам вялікай павагі і пашаны да Бога. Так кланяецца перад Панам i кленчыць, паказваючы сваю ўдзячнасць, слуга Абрагама, калі сустракае Рэбэку, будучую жонку Ісаака:

«І ўпаў гэты чалавек на калені8 , і пакланіўся (габр. וַיִּשְׁתַּחוּ [wayyištaḥû]) Пану» (Быц 24, 26).

Паклон меў таксама свецкае значэнне: у знак падпарадкавання браты Юзафа кленчаць перад ім і робяць нізкі паклон:

«Яны сказалі: «Твой слуга, а наш айцец, маецца добра. Яшчэ жыве». І зноў укленчылі (габр. וַיִּקְּדוּ [wayyiqqḏû]), і пакланіліся (габр. וַיִּשְׁתַּחוּ [wayyištaḥû])» (Быц 43, 28).

Часам для прачытвання пэўных жэстаў цела неабходна падказка іншых фрагментаў Святога Пісання ці іншых крыніцаў. Напрыклад, як выглядаў паклон перад Юзафам Якуба, які ляжаў на ложку?

«І сказаў: «Прысягні мне!» Той прысягнуў. І пакланіўся (габр. габр. וַיִּשְׁתַּחוּ [wayyištaḥû]) Ізраэль9 да ўзгалоўя свайго ложа» (Быц 47, 31).

Тэкст Новага Запавету тлумачыць гэты жэст наступным чынам:

«Праз веру Якуб, паміраючы, благаславіў кожнага з сыноў Юзафа і пакланіўся перад верхам посаха свайго» (Гбр 11, 21).

Схіліць перад кімсьці калені, укленчыць10 — гэта значыць прызнаць чыюсьці перавагу і засведчыць яму сваю павагу. У кнізе Эстэры чытаем, што калі праходзіць Аман, які цешыўся прыхільнасцю караля Артаксеркса, усе павінны схіліць калена і пакланіцца (Эст 3, 2). Такую паставу прымае таксама чалавек, які просіць, моліць аб чымсьці. Пяцідзясятнік падае на калені перад Іллёю (Эліем), просячы аб міласэрнасці (2 Вал 1, 13). Ездра падае на калені i выцягвае свае далоні да Пана ў перапрашальнай малітве, бо габрэі заключалі сужэнствы з чужаземкамі:

«Я, Ездра, у час вечаровай ахвяры падняўся з месца нядолі сваёй і, разарваўшы шаты і плашч, упаў11 на калені свае, і працягнуў свае рукі да Пана Бога свайго» (Езд 9, 5).

Малітоўнай паставай, паставай размовы з Богам з’яўляецца таксама прастрацыя — паданне на твар12. Калі Бог аб’яўляецца Абрагаму, каб заключыць з ім запавет, Абрагам падае перад Ім на твар:

«Абрам упаў ніцма13 на зямлю, і Бог сказаў яму: “Вось Мой запавет з табою: ты станеш айцом мноства народаў»» (Быц 17, 3–4).

Майсей і Аарон падаюць на твар перад сходам Ізраэля (Ліч 14, 5) і перад Богам у знак заступніцтва за ўзбунтаваны народ (Ліч 16, 4; 17, 10).

Пасля паражэння пад Айем Езус Навін і старэйшыны Ізраэля падаюць на твар перад каўчэгам Пана, які з’яўляецца сімвалам Божай прысутнасці:

«Езус Навін разарваў шаты свае і ўпаў (габр. וַיִּפֹּל [wayyippōl]) ніцма на зямлю перад каўчэгам Пана і ляжаў аж да вечара, ён і старэйшыны Ізраэля» (Нав 7, 6).

Праз гэтую паставу перадаецца таксама праслаўленне Бога і прызнанне Яго моцы. Нават перад Божым пасланнікам Езус Навін прымае гэтую паставу:

«Езус Навін падышоў да яго і сказаў: “Ці ты з намі, ці з ворагамі нашымі?» Той адказаў: “Не, я правадыр войска Пана. Вось цяпер прыйшоў». Тады Езус Навін упаў (габр. וַיִּפֹּל [wayyippōl]) ніцма на зямлю, пакланіўся (габр. וַיִּשְׁתַּחוּ [wayyištaḥû]) і сказаў яму: “Што мой валадар скажа слугу свайму?”» (Нав 5, 14–15).

У пакоры падае на твар Абрагам, калі чуе, што нягледзячы на стары век у яго народзіцца сын:

«Упаў (габр. וַיִּפֹּל [wayyippōl]) Абрагам на твар свой і рассмяяўся (габр. וַיִּצְחָק [wayyiṣḥāq]). І сказаў у сэрцы сваім: “Няўжо ад стогадовага будзе сын, і Сара, дзевяностагадовая, няўжо народзіць?”» (Быц 17, 17).

Праяўленнем эмацыйнага стану Абрагама становіцца таксама смех. Выкарыстаны ў гэтым выпадку дзеяслоў צחק [ṣḥq] «смяяцца» сведчыць пра пэўнае сумненне. Абрагам кажа Богу пра ўжо народжанага ад нявольніцы Агар Ізмаэля, але Бог пярэчыць: «Менавіта Сара, жонка твая, народзіць табе сына» (Быц 17, 19), які павінен быць названы Ісаакам — יִצְח̞ק [yiṣḥāq], што азначае «ён смяецца; той, які смяецца» (Быц 17, 21). У наданні сімвалічнага імя бачная гульня словаў, праз якую натхнёны аўтар паказаў, што Бог смяецца апошнім.

Ва ўсходняй культуры смех не быў гучным, хутчэй — далікатным. Таму ўзнікае пытанне, як госці ў Мамрэ пачулі Сару, якая ўсміхалася сама сабе? Тут ужыты той самы дзеяслоў : צחק [ṣḥq]:

«Таму засмяялася14 Сара сама сабе, кажучы: “Цяпер, калі я састарэла, і гаспадар мой стары, як магу мець суцяшэнне?”» (Быц 18, 12).

Вынікае, што смех Сары «меў голас», яму спадарожнічалі нейкія гукі. Сара не можа схаваць свайго здзіўлення, поўнага скептыцызму: як гэта магчыма?

Праз невербальную камунікацыю ў Бібліі паказана таксама іронія. Якуб выходзіць з Месапатаміі з намерам вызваліцца з-пад улады свайго цесця Лабана. Магчыма, тым жа кіруецца і яго жонка Рахэля, якая забірае з сабою, а больш дакладна — крадзе, тэрафімаў свайго бацькі (Быц 31, 19. 34–35). Паводле тэкстаў з Нузі, такія фігуркі бостваў хатняга агменю давалі іх уладальнікам права на спадчыну. Тое, што Рахэля хавае гэтых ідалаў пад сядло вярблюда, на якое потым сядае, сведчыць у нейкай ступені пра абыякавасць і легкадумныя адносіны да гэтых бостваў. Тая самая іронія мае месца і ў кнізе Самуэля (1 Сам 19, 13), калі Мікаль, дачка Саўла, кладзе сямейнага ідала ў ложак Давіда, нацягнуўшы яму на галаву покрыва з казінай воўны. Згадаем таксама, з якой іроніяй апісвае натхнёны аўтар бездапаможны гнеў юдэяў на словы апостала Паўла:

«... яны з крыкам рвалі адзенне і ўздымалі пыл у паветра... » (Дз 22, 23).

Хапае ў Бібліі і вельмі вострых жэстаў. Калі, напрыклад, дзевер адмовіцца ўзяць замуж сваю залоўку, яна ў прысутнасці старэйшых «падыйдзе да яго, здыме сандаль з ягонай нагі, плюне ў твар і скажа: “Так робяць з чалавекам, які не хоча адбудаваць дом свайго брата”. І дадуць яму імя ў Ізраэлі: “Дом таго, катораму знялі сандаль”» (Дрг 25, 9–10). Жанчына магла таксама ўдарыць знятым з ног сандалем чалавека, які не жадаў выканаць права левірату (Рут 4, 7–8).

Часам драматызм падзеі падкрэсліваецца не апісаннем эмацыйнага стану, а нечаканай рэакцыяй на вельмі горкую навіну. Напрыклад, пасля пачутай навіны аб захопе філістымлянамі Божага каўчэгу Элі памірае:

«Калі згадаў яму пра каўчэг Пана, [Элі] упаў з крэсла плячыма на вугал брамы, зламаў сабе шыю і памёр, бо быў чалавекам старым і цяжкім. Ён быў суддзёю ў Ізраэлі сорак гадоў» (1 Сам 4, 18).

Яшчэ адзін цікавы жэст, які сустракаецца ў тэксце Бібліі, — ускладанне рук на галаву ахвярнай жывёлы (Лев 1, 4; 3, 2; 4, 4; 4, 15). Гэта жэст ахвярадаўцы, праз які выяўляецца яго асабісты ўдзел у ахвяры, просьба прыняць ахвяру, выслухаць мольбы і дараваць грахі. Як выглядаў гэты жэст? Дзвюма рукамі ці адной націскалі на галаву ахвярнай жывёлы. Падобны жэст робіць Аарон з Азазэлем, казлом пустыні, для пазбаўлення ад сваіх грахоў:

«Няхай пакладзе Аарон абедзве рукі свае на галаву жывога казла і вызнае над ім усе грахі сыноў Ізраэля і ўсе злачынствы іх паводле ўсіх грахоў іхніх, і ўскладзе іх на галаву казла, а вызначаны чалавек выганіць яго ў пустыню» (Лев 16, 21).

Левіты таксама ўскладалі рукі на галовы ахвярных жывёлаў:

«Пасля прывёў цяльца для ахвяры за грэх, і Аарон разам з сынамі яго ўсклалі свае рукі на галаву цяльца, ахвяраванага за грахі» (Лев 8, 14).

Ускладанне рук выкарыстоўвалася яшчэ пры пасвячэнні левітаў (Ліч 8, 10). Майсей на загад Пана Бога ўскладае рукі на Езуса Навіна (Ліч 27, 18), каб перадаць яму ўладу. У Новым Запавеце таксама згадваецца гэты жэст (Дз 6, 6; 1 Цім 4, 14), які да сённяшняга дня захаваны ў абрадзе пасвячэння біскупа, прэзбітэраў і дыяканаў.

Пры апісанні абраду ўстанаўлення святарамі Аарона і яго сыноў выкарыстана шмат элементаў невербальнай камунікацыі. Майсей пасля забіцця ягняці «ўзяў крыху яго крыві і памазаў ёю верх правага вуха Аарона, вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі» (Лев 8, 23). Памазанне крывёю вуха азначала паслухмянасць Божаму слову, памазанне вялікага пальца рукі — служэнне Богу, памазанне вялікага пальца правай нагі — крочанне Божымі дарогамі. Так павінны былі паступаць нашчадкі Аарона (Лев 8, 24), гэта значыць, усе святары з пакалення Левія. Тыя самыя жэсты спадарожнічалі абраду ачышчэння ад праказы праз памазанне крывёю і алеем (Лев 14, 14. 17–18. 25–29).

Жэст высока ўзнятай рукі15 сведчыў пра сілу і ўпэўненасць у сабе. Ізраэліты выходзілі з егіпецкай няволі з высока ўзнятай рукою:

«Пан учыніў жорсткім сэрца фараона, караля егіпецкага, і ён пагнаўся за сынамі Ізраэля. Сыны ж Ізраэля выходзілі з высока ўзнятаю (габр. רָמָה [rāmāh]) рукою» (Зых 14, 8).

Ісая, звяртаючыся да Бога, кажа: «Пане, Твая рука высока ўзнятая (габр. רָמָה [rāmāh]), але яны не бачаць. Няхай убачаць Тваю руплівасць аб сваім народзе і спазнаюць сорам...» (Іс 26, 11).

Хадзіць з паднятай галавою16 — значыць адчуваць сваю годнасць, правату, справядлівасць. Бог вяртае гэтую годнасць выбранаму народу:

«Я — Пан, Бог ваш, які вывеў вас з зямлі егіпецкай, каб вы не былі ўжо іх нявольнікамі. Я разбіў вашае ярмо і даў вам магчымасць хадзіць з паднятай галавою (габр. קוֹמְמִיּוּח [qômᵉmiyyûṯ])» (Лев 26, 13).

Знешні выгляд (рысы твару, склад цела, адзенне, вопратка) таксама выконваюць сваю інфармацыйную ролю. У кнізе Зыходу (28, 4–39) пададзена апісанне адзення першасвятара Аарона з дыядэмай на тыяры, дзе быў змешчаны надпіс: «Прысвечаны для Пана»17 (Зых 28, 36). Адзенне падкрэслівае выключную функцыю Аарона, а дыядэма выконвае пэўную ролю знаку, эмблемы.

Да невербальнай камунікацыі адносіцца таксама апісанне будовы цела чалавека. У кнізе Быцця чытаем:

«Юзаф меў зграбную постаць i прывабны выгляд (габр. מַרְאֶה [mar’eh] — вонкавы выгляд)»18 (Быц 39, 6).

Рэбэка, жонка Ісаака, таксама вызначалася прыгажосцю:

«Гэтая дзяўчына была вельмі прыгожай (габр. מַרְאֶה [mar’eh])»19 (Быц 24,16).

Тое самае Біблія кажа пра Рахэлю, жонку Якуба: «Рахэля мела зграбную постаць і прывабны выгляд (габр. מַרְאֶה [mar’eh])» (Быц 29,17b).

Але другая жонка Якуба, Лея, старэйшая сястра Рахэлі, мела як быццам хворыя, гэта значыць сумныя, пазбаўленыя радасці і надзеі вочы, у якіх не было жывога бляску20 : «Лея мела сумныя вочы...» (Быц 29, 17). Таму выслоўе «вочы Леі» азначае стан суму, заклапочанасці і задуменнасці. Відаць, Лея не вельмі хацела быць жонкаю Якуба.

Часам невербальныя сігналы ўзмацняюць моўную камунікацыю ці нават замяняюць яе. Так свіст21 у Першай кнізе Валадарстваў азначае здзіўленне, пагарду і насмешку:

«Дом гэты будзе гарою развалін. Кожны, хто будзе ўзыходзіць на яе, напоўніцца страхам, засвішча і скажа: “Чаму Пан учыніў такое з гэтай зямлёю і з домам гэтым?»» (1 Вал 9, 8).

У кнізе Ёва свіст паказвае адносіны да грэшніка:

«Пляскаць будзе [Бог] над ім ў далоні свае, засвішча супраць яго са свайго месца» (Ёў 27, 23).

У Бібліі існуе безліч прыкладаў невербальнай камунікацыі, якія немагчыма апісаць на некалькіх старонках. Але і гэтыя прыклады паказваюць, што інтэрпрэтацыя розных відаў камунікацыі — пісьма, слова і асабліва пазаслоўнай мовы — можа дапамагчы ў разуменні Бібліі і зрабіць шмат цікавых адкрыццяў пры чытанні яе тэкстаў, хоць гэта і спалучана з цяжкасцямі, бо некаторыя жэсты з біблійнай культуры не маюць адпаведнікаў у культуры нашага народу, ды і не маем поўных ведаў пра тую далёкую культуру, і не можам зазірнуць у псіхалогію тагачасных людзей, пазнаць да канца матывы іх паводзінаў. Аднак, калі мы будзем проста ўважліва знаёміцца з тэкстам Бібліі, яна можа адкрыць перад намі больш глыбокі духоўны змест і стане надзвычай цікавай прыгодай на шляху паглыблення нашай веры.


  1. Габр. יַד־יְמִין [yad yᵉ mîn], יָמִין [yāmîn] – правая рука, правіца.
  2. Габр. לאט אֶח־פָּנָין [l’t ’et-ppānāyw] – закрываць твар.
  3. Габр. קרע [qr‘] – разрываць.
  4. Габр. וַיִּקְרַע [wayyiqra‘] – і разарваў.
  5. У габрэйскім тэксце для азначэння гэтай паставы выкарыстоўваецца дзеяслоў חוה [ḥwh] у хіштафэлі – кланяцца, рабіць нізкі паклон.
  6. У габрэйскім тэксце для азначэння гэтай паставы выкарыстоўваецца дзеяслоў קדד [qḏḏ] – схіляць калені, падаць на калені.
  7. Габр. וַיִּשְׁתַּחוּ אַפַּיִם אָרְצָה [wayyištáḥû ʾappáyim ʾā́rṣāʰ] – і пакланіўся тварам да зямлі.
  8. Габр. וַיִּקּׂד [wayyiqqōd] – укленчыў.
  9. Ізраэль – гэта другое імя Якуба.
  10. Габр. כּרע [kr‘] – схіляць калені, кленчыць.
  11. Габр. וַאֶכְרְעָה [wā’eḵrᵉ‘āh] – і ўпаў.
  12. У Габрэйскай Бібліі ў гэтым выпадку выкарыстоўваецца выраз נפל עַל־פָּנָיו [npl ʿal-pānāyw] – падаць на твар.
  13. Габр. וַיִּפּׂל עַל־פָּנָיו [wayyiqqōl ʿal-pānāyw] – і ўпаў на твар, і ўпаў ніцма.
  14. Габр. וַתִּצְחַק [watiṣḥaq] – і засмяялася.
  15. Габр. רום [rwm] – падымаць высока, узвышаць.
  16. У перакладзе з габрэйскай мовы прыслоўе קוֹמְמִיּוּח [qômᵉmiyyûṯ] азначае «[хадзіць] з паднятаю галавою, прама».
  17. Габр. קֹדֶשׁ לַיהוָה [qṓḏeš lyhwh] (la’ḏōnāy) даслоўна азначае «Святы для Пана».
  18. Або даслоўна: «Юзаф меў прыгожую постаць і прыгожы выгляд».
  19. Або даслоўна: «Гэтая дзяўчына мела прыгожы выгляд».
  20. Габрэйскі выраз עֵינַיִם רַכּוֹת [ʿênáyim rakôṯ] зазвычай азначае «мець завялыя, патухлыя, мля­выя, мутныя, заплаканыя, цьмяныя, слабыя, кволыя вочы» ў адрозненне ад чорных бліскучых вачэй, якія на Блізкім Усходзе лічыліся адзнакаю прыгажосці. Паводле перакладу кс. У. Чарняўскага, «вочы Ліі былі гняючыя» («Кніга Роду», 1997); рэдактары яго перакладу паправілі тэкст: «Вочы Ліі былі хворыя» («Пяцікніжжа», 2002); Ж. Некрашэвіч-Кароткая таксама папраўляе тэкст і піша, што Лея «была слабая на вочы» («Біблія», 2012). У перакладзе ж Я. Станкевіча «вочы Лііны былі кволыя» («Святая Бібля», 1973).
  21. Габр. שׁרק [šrq] – свістаць.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY