Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(69)/2014
Жыццё Касцёла

ВІНШАВАННЕ З РАДЗІМЫ
Інтэрв’ю
Да 100-годдзя святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка

«АХ, ГЭТЫЯ ПРУЖАНЫ...»

З ГІСТОРЫІ ПРУЖАНСКАГА КАСЦЁЛА
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратурная спадчына

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Рэлігія і свет
Літаратуразнаўства
Рымскія святыні

ЛАТЭРАНСКАЯ БАЗЫЛІКА
Сцежкамі памяці

УЖО НЕ ДАЛЁКАЯ ГАРА...
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Проза

НОВЫЯ ТВОРЫ
Літаратуразнаўства
Мастацтва
Галерэя

Ірына САМАТОЙ

«КАЛІ ДУШЫ АДКРЫЕЦЦА БЯСКОНЦАСЦЬ...»

Філасофская лірыка
Яна Чыквіна

Вядомы беластоцкі паэт, перакладчык, гісторык рускай і беларускай літаратур, доктар гуманітарных навук, прафесар Ян Чыквін — адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў беларускага адраджэнскага руху ў Польшчы другой паловы ХХ ст., дзякуючы яго намаганням быў аб’яднаны літаратурны рух на Беласточчыне (з 1989 г. ён старшыня літаб’яднання «Белавежа»). Вершы Яна Чыквіна фарміраваліся на скрыжаванні трох славянскіх культураў — беларускай, польскай і рускай. Гэта вельмі самабытная паэзія, беларуская па сваёй сутнасці і ў той жа час далучаная да агульнаеўрапейскага культуралагічнага кантэксту. Ян Чыквін дэбютаваў на старонках «Нівы» ў 1957 годзе. Аўтар зборнікаў паэзіі «Іду» (1969), «Святая студня» (1970), «Неспакой» (1977), «Кругавая чара» (1992), «Свет першы і апошні» (1997), «Крэйдавае кола» (2002), «Жменя пяску» (2008), «Адно жыццё» (2009), «На беразе Дубіч Царкоўных» (2010), якія выйшлі ў Беластоку. У Мінску быў выдадзены зборнік Яна Чыквіна «Светлы міг» (1989), які адкрыў шырокаму колу беларускіх чытачоў новае імя. У перакладзе на польскую мову выйшлі яго кнігі «На парозе свету» (Варшава, 1983), «Сонечная вязь» (Ольштын, 1988), «Адпачынак ля перасохлай крыніцы» (Беласток, 1996) і інш. Яго пяру належыць кніга крытычных артыкулаў «Далёкія і блізкія: Беларускія пісьменнікі замежжа» (Беласток, 1997), шэраг артыкулаў па гісторыі беларускай і польскай літаратур, выданне анталогіі рускай паэзіі 1840—1895 гг. (на польскай мове; Варшава, 1984), падручнік беларускай мовы для 7 класа (суаўтар; Варшава, 1992).

Паэзія Яна Чыквіна — з’ява адметная, палемічная, з уласнай канцэпцыяй светабачання. Першае месца ў ёй адведзена інтэлектуальнаму і філасофскаму кірунку. Пастаянны зварот да агульначалавечых праблемаў, роздум над вечнымі пытаннямі быцця, пошук нацыянальнай ідэі і яе выяўленне, медытатыўнасць, заглыбленасць у сусветны культуралагічны і філасофскі кантэкст, метафарычнасць, форма- і вобразатворчы эксперымент вызначаюць арыгінальны мастацкі стыль чыквінаўскай паэзіі. Па словах У. Калесніка, «Агульны настрой і стан душы Яна Чыквіна задуменны, медытацыйны, ён адпавядае ладу беларускай песні, балады, паэт выяўляе хібнасць свету, але і яго дасканаласць, гармонію, хараство… Фантазія ў Яна Чыквіна не простая, чытаць яго вобразы часам даводзіцца з напругай, а часам і пакідаць фрагменты неразгаданага падтэксту. Але, нягледзячы на ўскладнёную чытальнасць, а, можа, і дзякуючы ёй, чытача агортвае адчуванне велічнасці лёсу чалавека і фатальнага трагізму пражывання адпушчанага яму часу» [5, с. 19].

Філасофскія аспекты паэзіі Яна Чыквіна, а менавіта элегічную танальнасць, антынамічнасць светабачання, інтэлектуальны трагізм, матывы фатальнасці, расчаравання неаднаразова асэнсоўваліся беларускімі і польскімі літаратуразнаўцамі У. Гні­ламёдавым, У. Конанам, У. Калеснікам, Л. Зарэмбай, А. Сямёнавай, А. Раманчуком, Т. Занеўскай, В. Смашчам. Падкрэслівалася набліжанасць яго ін­тэлектуальнай лірыкі да вялікай мудрасці Эклезіяста і філасофіі М. Хайдэгера, Ж.-П. Сартра (У. Конан), да найноўшых літаратурных і філасофскіх пошукаў (Э. Феліксяк, В. Смашч).

Змястоўна даследуе паэтычны свет Я. Чыквіна, як і ўвогуле феномен беластоцкіх пісьменнікаў, Т. Занеўская ў сваіх кнігах «Дарэмнае падарожжа», «А душа знаходзіцца на Усходзе», «Вартавыя памяці». Даследчыца разгледзела ідэйна-эстэтычную сутнасць лірыкі паэта, звярнулася да архетыпаў і ключавых сімвалаў яго паэзіі, да супрацьпастаўлення двух «шляхоў вяртання» — шляху Адысея (у сваю родную Ітаку) і шляху Энея (будаванне «новага дома» — Рыма на ўзор Троі). Крытык адзначыла, што талент Я. Чыквіна сфарміраваўся на памежжы беларускай і польскай культураў, яго паэзія знаходзіцца на мяжы явы і сну, рэальнасці і мары, дня і ночы, што, як слушна заўважыў У. Конан, уласцівае паэзіі М. Багдановіча. Аднак, разглядаючы паэтычны свет «белавежца» ў кантэксце агульнаеўрапейскага мастацтва і філасофіі, даследчыца павярхоўна закранула нацыянальны аспект яго творчасці, адраджэнскія ідэі.

Такім чынам, можна сцвярджаць, што паэзія Я. Чыквіна выклікала значны рэзананс у літаратуразнаўстве, прымусіла загаварыць аб сабе як аб супярэчлівай, неадназначнай эстэтычнай з’яве, у якой скандэнсаваліся элементы разнастайных мастацка-культуралагічных і філасофскіх кірункаў.

Пяты зборнік паэзіі Я. Чыквіна пачынаецца вершам «Крык начной савы», у якім задаюцца пытанні, што заўсёды хвалявалі філосафаў:

Што ёсць быццё? Што — чалавек? Што — Бог?
Чаму нікому нельга лёсу перайначыць?
Не адсумуе смутак нашых усіх зямных трывог —
З вачэй злятае белы голуб плачу.

І што ёсць час — рака ці акіян?
Вытокі дзе яго? І дзе яго скрыжалі?
Смыліць бяскрылы лёт жыцця, нібы павеў фіранкі, —
З вачэй злятае белы анёл жалю.

А чым свабода ёсць? — Для розуму,
для сэрца й рук —
Цудоўны божы дар? Пыхлівы чалавечы мык?
Чаму ўсё жыццё свой камень пхаем пад гару?
Адгадкі ў свеце, мабыць, ёсць… Але не выкажа язык.

[11, с. 7]

Архетып гэтага трагічнага бачання жыцця, непрыманне паэтам злога і бессэнсоўнага ў свеце цесна звязаны з філасофіяй экзістэнцыялізму і знаходзіць сваё ўвасабленне ў вершах, напісаных на мяжы 50–60-х гадоў ХХ ст., што склалі зборнік «Іду» (1969); яны сведчаць пра схільнасць паэта да аналізу розных праяваў жыцця, пра яго пошукі ў пазнанні сутнасці чалавека. У вершах Яна Чыквіна няма паспешлівых думак і спрагназаваных высноваў. Усе яго творы-зярняты, перад тым як з’явіцца ў друку, доўгі час выспяваюць да залатога колеру збажыны ў душы. Доказ гэтаму і тое, што толькі праз дзесяцігоддзе ўбачыў свет першы зборнік паэта, якому папярэднічалі публікацыі 1959 года. Кожны верш гэтай кнігі вытрымаў праверку высокай патрабавальнасцю аўтара, і чытач адразу зразумеў, што ў плыні «белавежскай» літаратуры сфарміраваўся новы каларытны творца.

Кампазіцыйна зборнік складаецца з двух ідэйна-тэматычных раздзелаў: «А дом наш недзе…» і «Вобраз твой нясу», якія дазваляюць прасачыць пэўныя этапы ў развіцці творчай індывідуальнасці паэта.

Увагу чытачоў і крытыкаў прыцягнула і па-маладому вітальнае, радасна-трывожнае ўспрыманне жыцця, і трагічнае бачанне яго канфліктаў. Відавочна, таму малады паэт шукаў выратавання ў самых светлых успамінах: дзяцінства, бацькі, родны дом — гэтыя вобразы складаюць архетып «малой радзімы» ў паэзіі Я. Чыквіна. Шматколернымі фарбамі малюе ён свой родны кут, рэальнае месца недалёкага яшчэ дзяцінства ў вершы «Гайнаўшчына»:

Ружамі пахнуць вятры надвячоркамі,
Гнездзіцца ў гушчарах маўчанне горкае.
Арэшнік да вуха рабіну клоніць,
Бяроза ўздыхае ў лёгкім паклоне.
Суседка ціхутка суседцы шапоча,
На пяску вецер пакідае свой почырк

[7, с. 23].

Рамантычна-замілаваны паказ краіны дзяцінства з уласцівымі яму колерамі, пахамі, гукамі, формамі, настальгія па страчаным гучаць у вершах «Дубічы, Дубічы», «Дзяцінства», «Пакіну на квітненне. Сэк­сціна». Пагодзімся з У. Конанам, які заўважыў пераклічку гэтых твораў з раннімі вершамі Р. Барадуліна і Н. Гілевіча. Мудрае барадулінскае «Трэба дома бываць часцей», над сутнасцю якога не ўладарны час, стала ідыёмаю, маральнаю формулаю паэтычнай кнігі беластоцкага аўтара:

Я жыць хачу, як вы жылі:
Сярод палёў, звяроў і чыставоддзя,
Здалёк ад гарадоў, машын
І цывілізаваных паводзін

[7, с. 25].

Адчуваецца і набліжанасць паэзіі Я. Чыквіна да светапогляду нямецкага філосафа М. Хайдэгера, які ў сваіх артыкулах «Час і быццё», «Адлучанасць» гаворыць аб адносінах чалавека, культуры і тэхнікі, заклікае чалавецтва зноў укараніцца ў глебу, з якой яго вырвала імклівае развіццё тэхнічнай цывілізацыі. Праца М. Хайдэгера «Закон тоеснасці» гучыць як непасрэдны расказ аб інтэлектуальным перажыванні, якое выклікана крызісам рацыяналістычнай традыцыі Захаду і ростам адчужэння чалавека ад духоўных прадуктаў сваёй дзейнасці. Асноўная задача філасофіі М. Хайдэгера — сысці з памылковага шляху заходняй цывілізацыі і вярнуцца да забытых вытокаў мыслення, да сапраўднага быцця. Менавіта гэтая думка нямецкага мысляра глыбока выявілася ў творчасці беластоцкага паэта.

Паступова ўсё больш выразна ў зборніку «Іду» пачынае гучаць матыў непазбежнага змянення «вясковай культуры», матыў трагічнасці, безвыходнасці, выкліканы, па словах У. Конана, «канфліктам паміж архетыпамі спрадвечнага сялянскага быцця і сучаснымі цывілізатарскімі тэндэнцыямі, паміж бацькоўскім домам і нацыянальна неабжытым горадам. Гэтыя канфлікты адклікнуліся ў душы паэта дысгармоніяй паміж наяўным жыццём і маральнымі імператывамі» [6, с. 47]. Прадвеснік гэтага трагізму — смерць жаўрука над жнівеньскім полем, які «замоўк раптоўна, струны абарваўшы…» («Дзяцінства»). Вынік пакінутага, разбуранага цывілізацыяй вясковага раю — дом «…як далёкія ўспаміны… // Без дзвярэй, без тынку і вокан» («А дом наш недзе…»), які нагадвае хутчэй труну, чым зямное прыстанішча чалавека. Пра трагедыю беларускага быту загаварыў нават Дом з аднайменнага мадэрнісцкага верша:

Я роспач, скарга. Я — руіна.
Я — боль. Я — слёзы. Я — праклён.
Я ток, што не згіне.
Я кожны захад нашых дзён.
Я сыплюся. Шкілет. Я выбух.
Я — сімвал. Я — смяротны ўспамін.
Я — кроў. Я — наша глыба.
Я — песня смутку і ваш гімн

[7, с. 20].

Шматзначна падаецца архетып беларускай хаты ў гэтым маналогу-споведзі. Напаўразбураны дом сімвалізуе страчаную культуру, і паэт намагаецца аднавіць хаця б у сваіх вершах «ойчы дом» і ўсе вобразы, што звязаныя з ім: «светлая студня з жураўлём успамінаў», «садок, душа найлепшая з душ». Паэтычная фантазія паэта надае гэтаму свету большую выразнасць: у ім над роднай вёскай «міску неба трымае бусел», тут «пераліваюцца гадзіны ў вядро юнацтва з возера дзяцінства», «бярозы апускаюць рукі ў крыніцы», «трымае лес над галавой вянцы».

Два архетыповыя планы сустракаюцца ў вершах зборніка «Іду»: бацькоўскае вясковае гняздо і гарадская цывілізацыя, якая не адразу расчаравала паэта. Рэальны свет прымушае яго лірычнага героя клапаціцца пра сваю душу: свядома выбіраць не спосаб прыстасавання, а рашуча ісці па дарозе жыцця, пазбаўленага будзённасці, мітуслівасці, звычайнага існавання. Яго шлях усыпаны перажываннямі, успамінамі і разуменнем немагчымасці вярнуцца ў адносна натуральны свет:

За акном пустэча,
смутак ў пакоі
Чым сэрца лячыць
у такім спакоі?

Узбураныя хвалі думак
Б’юцца аб бязлюдную прыстань

[7, с. 22].

Другі зборнік Я.Чыквіна «Святая студня» (1970) пацвердзіў уменне паэта эмацыйна, пластычна ўзнаўляць навакольны свет, яго схільнасць да яркай метафарычнасці, канкрэтнага паэтычнага бачання, свежасць светаўспрымання. Поспех Я. Чыквіна перш за ўсе звязаны з вянком санетаў «Святая студня», народжанага ў выніку падарожжа па тых мясцінах Крыма, дзе бываў Адам Міцкевіч. Лірычны герой — самотны вандроўнік, вечны пілігрым — блізкі аўтару сваім тонкім адчуваннем шматграннасці жыцця, пакутлівымі пошукамі «святой студні» — страчанага бацькоўскага дома:

Дзе Рым, дзе Крым, а дзе мая айчына!
Дзяцінства босае, замурзанае лета,
Святая студня з жураўлём ўспамінаў,
Сезам, дзе ўсё маё ляжыць у фрагментах.

Даўно я гэты дзіўны горад кінуў,
Як усё, што хочаш ці не хочаш ў Лету.
На сценах памяці вісяць партрэты
Выразных і яскравых сёння ласк матчыных.
Дарога ўсё вышэй, вышэй пад гору…
Назад сыйсці, вярнуцца да пралогу?
Дык мацярынства — як гарачка ў хворага!

Іду сваёй нятоптанай дарогаю
І чую праайчыны подых —
Бягу на Аю-Даг, гляджу на Чорны воды.

Архетып страчанага дома як важнейшай маральнай апоры ў катастрафічна зменлівым свеце — адзін з дамінуючых вобразаў у тагачаснай ліріцы Я. Чыквіна. Ён персаніфікуецца, паўстае ў выглядзе гарманічнага ранейшага: «Цалаваць былое так хочацца!» («Даспелае сонца»), прыгожым лесам, які не прымае чалавека, «бо прырода зненавідзела прыроду» («Іду лесам»), восеньскім садам, замкнёным «на ключ журавоў» («Шчасце»).

Пастаяннае прыгадванне віны перад малою бацькаўшчынаю, якую паглынула ўрбаністычная цывілізацыя, не з’яўляецца паэтычнай дэкларацыяй: у пасіянарным светаадчуванні Я. Чыквіна спавя­дальнасць — вельмі адказны філасофскі матыў. Ён якраз і вымагае пастаяннай працы сумлення ў пагадненні ўзаемаадносінаў лірычнага героя з навакольным светам. Гэтыя ўзаемаадносіны пабудаваныя і на непасрэдным шчырым прызнанні ў любові да малой бацькаўшчыны, і на адчуванні ўласнай віны перад згубленым вясковым дзяцінствам, і на разуменні немагчымасці мастака-творцы эстэтычна ўладкаваць свет па законах гармоніі і хараства:

На ўсе лады
Скуголіць
Наша слепата,
У зайздрасці

Няведама куды
Імчыцца.
Ніхто на свеце ўжо
Не слухае паэтаў

[12, с. 7].

У пошуках сэнсу творчасці, якая б магла супрацьстаяць жорсткай для душы мастака рэчаіснасці, Я.Чыквін роспачна трактуе творчы працэс як «крыж для новага распяцця» ў вершы «Майстэрня паэта»:

Няма ні славы, ні багацця —
адно скрыпучае пяро
тырчыць з чарнільніцы рабром
і крыж для новага распяцця

[12, с. 21].

Настроем безвыходнасці, трагізму, смутку напоўненыя вершы «Сны», «Зноў адзінокі», «Бяздом­насць» , «Трывожная раніца», дзе паэт разважае над крыніцамі літаратурнага таленту, і ўсё ж, на нашу думку, сэнсавай дамінантай і агульным кампазіцыйным стрыжнем сталася яго наступная сентэнцыя: «Агню я аддаю свой груз,// Паверыўшы ў паэзіі крыло». Гэты верш, па словах Л.Зарэмбы, «адрыў ад „грузу“ рэальна-побытавых думак, пераход у мысленне паэтычнае, новае, асэнсаванне ў ім сябе і каштоўнасцяў жыцця».

Абодва першыя зборнікі Я.Чыквіна засведчылі імкненне паэта да аналітычнага аналізу жыццёвых з’яваў, яго тонкае і ўдумлівае пранікненне ў эмацыйна-духоўны свет асобы, што было ўласціва наватарскай думцы ХХ стагоддзя. Адзін з арганізатараў і ініцыятараў беларускага руху ў Польшчы, былы рэдактар тыднёвіка «Ніва» Г. Валкавыцкі ў сваіх нататках пісаў: «Як пралескі з-пад застойнага снегу прабіліся падвесну паэтычныя зборнікі Яна Чыквіна «Іду» і «Святая студня». Чаму два адразу? Пачынаўся новы раздзел у нашай выдавецкай дзейнасці. Раней паміж «белавежцамі» ішло спаборніцтва, хто выдасць таўсцейшы зборнік. Прыйшоў і Чыквін да святой студні з адным вядзерцам. У міжчассе адбыўся з’езд, змянілася начальства. І калі я параіў прэзідыуму выдаць Чыквіна дзвюма кніжкамі (склад ужо быў гатовы), новы сакратар Янка Зенюк падтрымаў мяне, і мы пачалі намаўляць аўтара на пахудзенне з расчляненнем. Чыквін, як заўсёды, паўпарціўся, але, адчуўшы добры намер, пагадзіўся. Шукальніку настрою і метафар лягчэй цяпер «паэзіі магнітным полем» весці чытачоў да сваёй крыніцы» [12, с. 124].

Трэцяя кніга Я. Чыквіна «Неспакой» (1977) — гэта паглыбленне ў сферу пытанняў агульначалавечай значнасці, спроба даць адказ з пазіцыі разумення свайго «я», яго судачыненняў з існым і вечным. С.Яновіч у прадмове да яе зазначыў: «Чыквін — паэт задуменняў. Паэт пытанняў. Лірык інтэлекту. Выхаваны на сутыку беларуска-польска-рускай традыцыяў» [10, с. 2]. Філасофская, медытацыйная танальнасць зборніка, схільнасць да рэфлексіі, самааналізу абумоўлены жыццёвым вопытам, спасціжэннем набыткаў сусветнай культуры. Лірычны герой — духоўна сталы чалавек — жыве з усведамленнем хуткаплыннасці часу, прызнаннем наканаванасці як непазбежнасці, што абумоўлівае песімістычна-задуменны лад асобных радкоў:

А людзі, што праходзяць у маўчанні побач
Мяне — ужо чвэрць чарвяка,
паўдрэва ці мо каменя,
Не бачаць, як б’юся аб нябыт я лбом,
Як прагна шчэ жыцця чапляюся рукамі.
Адно жыццё на ўсё жыццё — як гэтага нямнога!

[10, с.19]

Разам з тым, відавочныя аптымістычныя сігналы здаровай радасці жыцця, узнёслай акрыленасці: «Мы жывём. Якая радасць гэта…». І тут жа нечаканы алагізм, сугучны экзістэнцыянальным канцэпцыям і вучэнням: «Мы жывём. Аднойчы і нікуды». Непрадказальнасць і зменлівасць знешняга і ўнутранага свету абумоўліваюць «глыбіню падтэкстаў і знарок непадатлівую шурпатасць» [10, с. 2] вершаў Яна Чыквіна, схільнасць да ўраўнаважання трагічнага і гуманістычнага ў светаразуменні:

А пакуль жывём — няхай са звонам
Расшчапляюцца ў лабараторыях атомы.
Мы жывём і сілы невядомыя
Гатовы запрэгчы ў сані фатановыя

[10, с. 19].

Ян Чыквін — глыбокі, тонкі лірык. У той жа час ён — аўтар эпічных малюнкаў з дакладнымі, «прадметнымі» рэаліямі, абрысамі адлюстраваных з’яваў. Сведчанне таму — вершы «Гурзуф», «Званок. Перапынак» і інш.

Ян Чыквін, выхаваны як паэт на беларускай (М. Багдановіч) і рускай (А. Фет) класіцы, не мог абысці вопыту еўрапейскага неафармізму. Сум і бязвер’е з прычыны непазнавальнасці свету і неразгаданасці чалавечага «я» пераплятаюцца са спакойнай жывапіснасцю, мірнай сузіральнасцю, фальклорна-славянскім бачаннем краявіду. Пейзажныя малюнкі не падаюцца безадносна стану душы лірычнага героя, яго ўнутранага жыцця. Мастацкая ўражлівасць паэта, поўная пантэістычных настрояў, як бы яднае праявы жыцця прыроды і тонкія зрухі душы лірычнага героя. Усё гэта сведчыць аб тым, што лірыка Я. Чыквіна блізкая паэзіі М. Багдановіча. Дакладнае адчуванне прыроды, роздум над «вечнымі» праблемамі і пытаннямі гучаць у наступных радках паэтаў:

Пала раса; у палёх
Загарэліся пацеркі мілых
Жоўта-чырвоных агнёў…
Час, калі трэба журыцца
Душою на свежых магілах
Пуста пранёсшыхся днёў.

М.Багдановіч

Усе было справядліва ў прыродзе —
Далёка дзесьці была недарэчнасць
Адвечнай смерці, што прыйдзе і пойдзе,
А ўсё-такі нешта пакіне на вечнасць.

Я.Чыквін

Багдановічаў адзінокі інтэлігент, вытанчаны, далікатны, падвержаны песімізму і смутку з прычыны недасканаласці свету і людзей, а часам акрылены гарманічным зліццём душы чалавека і прыроды, — духоўны брат чыквінаўскага інтэлектуала з трагічным бачаннем жыцця, з імкненнем пазнаць неспазнанае, разгадаць чалавечае «я». Сцвярджэнне Эклезіяста пра тое, што «ў вялікай мудрасці шмат смутку, і хто множыць веды, той шмат пакутуе» (пар. Экл 1, 18) у поўнай меры адносіцца да лірычных персанажаў абодвух паэтаў.

Найбольш удалым у філасофска-духоўным плане атрымаўся зборнік Яна Чыквіна «Кругавая чара» (1992). Гэта кніга чалавека, які глядзіць на свет вачыма тых, «каму за сорак», і тых, хто «пазначаны ўжо ценем смерці», хто ўмее даражыць жыццём.

У зборніку «Кругавая чара» дамінуе матыў катастрофы, смерці, прадбачанне канца жыццёвай дарогі («Калаж», «Геаметрыя пятніцы»), але адносіны лірычнага героя да вызначанага рубяжа спакойныя і мудрыя, нават абыякавыя (вершы «Сядзім...», «За цішынёю самоты», «Трывожная альба»). Сустракаюцца вершы, у якіх пераважае дамінанта гармоніі душы і быцця, імкненне да вечнага руху-змагання.

Канцэптуальнай асновай, ідэйным цэнтрам чарговага зборніка Я. Чыквіна «Крэйдавае кола» (2002) з’яўляецца асэнсаванне пройдзенага жыцця, погляд на мінулае «з вышыні гадоў». Кніга глыбокафіласафічная, з песімістычнымі экзістэнцыянальнымі матывамі, са шматлікімі рытарычнымі пытаннямі. Метафарычнасць і вобразнасць вершаў ускладняе іх успрыманне і разуменне. У спосабе разважання аўтара адсутнічаюць пэўныя строгія законы; у Яна Чыквіна «логіка мастацкага светаўспрымання арганічна суадносіцца не толькі са сферай свядомасці, але і працэсамі падсвядомага, а таксама ўласцівымі крэатыўнаму намаганню праявамі звышсвядомасці [1, с.145]. Першы верш зборніка — «Vita mea» («Маё жыццё») вызначае агульны настрой кнігі. Аўтар разважае над жыццём, якое ўяўляецца яму замкнёным колам, палонам у прамежку чужога лёсу. Экзістэнцыянальныя матывы самоты, імкнення і немагчымасці вырвацца («Нідзе не ўцячы, хоць ірвешся…», «Ніхто не заве. І не будзе клікаць…») спалучаюцца з усведамленнем няспыннасці жыцця («Замыкаецца кола лёсу»). У гэтым вершы дысгармонію лёсу чалавека паэт параўноўвае з суладнасцю прыроды: лісце бярозы, што серабрыцца пад шаўковым ветрыкам жніўня, проціпастаўляецца чалавеку, які не можа ўцячы з жыцця, як з палону:

Ніхто не заве. І не будзе клікаць, —
        Як срэбны вецер кліча бярозы!

[9, с. 5]

Матывы пошуку выйсця, імкнення збегчы з няволі выразна бачацца ў вершах «Прагнасць жыць паўсюль. Але дні грукочуць…» і «Лягла імгла на паплавах…». У тэксце «Трысмутэніі» асэнсаванне пройдзенага шляху, усведамленне таго, што часу застаецца ўсё менш і менш, сканцэнтравана ў пытанні «Ці мог іначай я?» і адказе: «Відаць не мог» [9, с. 19]. Таямнічасць, трагічнасць і разлад у вершы «Фантасмагорыя» перадаюцца лексічным напаўненнем: «усё маркотна», «змрочны лёс», «даўкі жаль», «павуцінне болю», «дрэва смерці». Судакрананне матываў жыцця і смерці вызначае кантраснае, дысананснае гучанне канцоўкі твора:

— Я памерла б, будзь на тое воля…
За акном, там, гэта ці не дрэва смерці?
— Хай Гасподзь ратуе і дае надзею!
Там усё жывое…іней упрыгожыў голле

[9, с. 14 ].

Крыху змяншае песімістычнае ўражанне і надзейная выснова верша:

Будзем, будзем, Божа, у Бога верыць!

[9, с. 14].

Адным з самых дзейсных спосабаў стварэння мастацкага вобразу ў вершах Я. Чыквіна з’яўляецца метафарызацыя. Так, на аснове агульнай метафары пабудаваны верш «Насільшчык амфары», дзе жыццё, час уяўляюцца як каштоўнае віно, што абачліва нясуць у амфары:

Але ж ідзеш, нясеш і сябе трымаеш у змане,
Што не паспее высахнуць яно ўсё і ўцячы,
Што будзе доўгае, яшчэ з віном, вяртанне

[9, с. 37].

У зборніку «Крэйдавае кола» заўважна выразная арыентаванасць аўтара на фарміраванне ідэі адухаўлення рэчаў, надання ім ролі лірычных герояў: тут «прынцыповыя адрозненні паміж з’явамі жывой і нежывой прыроды здымаюцца, а наяўнасць душы лічыцца ўсеагульнай уласцівасцю макра- і мікракосмасу» [1, c. 146]. У рэчах, згодна з гэтай канцэпцыяй, ёсць і розум, і пачуцці; яны падуладныя фізіялагічным працэсам. У вершы «Неспакметна выглянуўшы ў вечнасць…» смуткуе вопратка, кінутая паняй. Жывы, адухоўлены вобраз поля намаляваны ў аднайменным вершы «Поле». Яно ўяўляецца аўтару «зялёнацелай амёбай», якая «штогод прыходзіць пад хату»

і просіць вады кварту
і мяккага ценю дрэваў

[9, с. 33].

Аўтар дасягае эфекту ўзаемадзеяння асобы з нематэрыяльнымі субстанцыямі ў вершы «Прыдарожны бар», дзе бяроза «няшчасніца, што валасы ірве на сабе ззелянелым рухам», [9, с. 42], спазнаўшы недасканаласць боскага свету. Свет прадметаў і з’яў у вершах беластоцкага паэта надзелены душой, здольнасцю ўспрымаць сваё біялагічнае існаванне, арганічна ўліваецца ў каардынаты часу:

Там рэчы ўсе займелі прастату і шырань
І чысты час прымае ўрэшце форму кола

[9, c. 37].

Жывёльна-раслінныя і рэчыўна-прадметныя вобразы ў мастацкай сістэме паэзіі Я.Чыквіна ўспрымаюцца як спроба стварэння ідэальнага свету ўзаемаадносін чалавека з прыродай, як мікрасвет у яго ідэальным праяўленні.

Сакрат Яновіч характарызаваў Яна Чыквіна як «паэта пытанняў». Вызначальным творам у гэтым плане з’яўляецца верш «Размова з сястрою», у якім сінтэзуюцца ўсе найбольш заўважныя асаблівасці зборніка, акрэсліваецца яго ідэя: «Жыццё імкнецца ў форму кола…» [9, с. 50] Вобраз кола праходзіць праз усю кнігу — так аўтар акцэнтуе ўвагу на ідэі бесперапыннасці жыцця і разам з тым — марнасці, безвыходнасці. Як жыццё і смерць, трагізм і жыццесцвярджальнасць, кола ў Я. Чыквіна з’яўляецца сінтэзам цёмнага і светлага: белы колер «крэйдавага кола» ахоўвае чысціню, святло, усё станоўчае ад цёмных сілаў.

Ян Чыквін праявіў сябе і як стваральнік цікавых неалагізмаў: асонцаўляецца трава, кругліцца сонца, не матуліцца, не татуліцца, замурашыць, завокнены пакой, абклуненыя людзі, спадзейна, сонцазвон. З гэтых наватвораў бачна, што ў зборніку «Крэйдавае кола» аўтар працягвае сваю ранейшую «сонечную» сімволіку.

Імкненне спазнаць сябе і свет, высокая эмацыйнасць, спалучэнне трагізму з надзеяй, імкненне адшукаць адказы на спрадвечныя пытанні — вось вызначальныя адметнасці зборніка «Крэйдавае кола». Неяк паэт заўважыў: «У творчасці колькасць не пераходзіць у якасць. Ёсць шмат людзей, у якіх тысячы вершаў, але — святы Божа! — там няма паэзіі» [9, с. 82].

Найноўшая лірыка беластоцкага паэта шырока пададзена ў зборніку «На беразе Дубіч Царкоўных» (2010), цудоўных нізках духоўных вершаў у «Літаратурнай Беларусі», «Тэрмапілах».

Сцвярджаючы хрысціянскія каштоўнасці, творча выкарыстоўваючы біблійныя сюжэты і вобразы, паэт адмаўляецца ад іх гучнай дэкларацыі, напаўняючы мастацкую тканіну твора няўлоўнай боскай прысутнасцю, этыкай Божых паводзінаў. «Дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша», – узгадваюцца словы са Святога Пісання, калі ўслед за паэтам праз дзясяткі гадоў, пазначаных мудрасцю і пралікамі, вопытам і стратамі, вяртаешся ў незабыўны свет маленства. Матыў успамінаў вярэдліва прысутнічае ў вершы «Калі сонца сыходзіла з дахаў», у якім аднаўляецца фрагмент вясковай ідыліі: сям’я ў вечаровай цішы слухае развагі бацькі пра сакральныя, неспасцігнутыя таямніцы вечнага:

Ну што ж,–
аднойчы сказаў,– і мы
яшчэ раз
зможам пайсці па вадзе.
Збудуем свой дом.
І з вокан сваіх
будзем на ўвесь гэты
дзіўны свет глядзець.

Сцішанай журбой па былым напоўнены вершы «Жнівень — душны, балючы» з метафарызаваным пейзажным малюнкам, «які быў ратунак-шчасце» з эмацыянальным-натуральным жаданнем дарослага чалавека «забыцца, што свет існуе ў свеце // І пра сябе нічога не ведаць». Успаміны прыводзяць лірычнага героя да драматычнага ўсведамлення ўласных і гістарычных варункаў: «А побач сцежка лёсу // Айчыны маёй без айчыны».

Моцнае ўражанне пакідае верш «Дарагія мае, бяспраўныя, засмучаныя», прасякнуты гарачай любоўю да бліжняга, разуменнем чалавечай і боскай вартасці кожнага. Часам паэт узвышаецца да кранальнай пяшчоты пачуццяў:

Людзі добрыя, пакрыўджаныя,
                                                знявераныя,
Пастаўленыя ў сітуацыю без
                                                выбару,
Змушаныя валачыць бядотнае
                                                існаванне,
Хадзіць у цярновым вянку
                                                змагароў,
Быць прыкладам евангельскай
                                                змірэннасці,
Быць потам і соллю сваёй зямлі
І заўсёды камусьці служыць
                                                падсцілкай.

Жыццё лірычнага героя паэзіі Яна Чыквіна — гэта шлях успрыняцця і ўвасаблення Божых запаведзяў, праяўленне ўнутраных рэфлексій, роздумаў аб трансцэндэнтным, вечным. Часам, з уласцівай яму іроніяй, паэт падкрэслівае ролю «няведамага сусветнага гакера», які правакуе боскія праграмы, «змушае летуценіць, жыць без толку // Ды слоў баяцца — тых, пасланых наўздагон нябёсам». Духоўная лірыка беластоцкага творцы — надзейны сродак ажыццявіць трывалую сувязь з нябёсамі.

Такім чынам, інтэлектуальна-філасофская лірыка Яна Чыквіна — з’ява шматмерная, складаная, палемічная, якая мае неардынарную сферу існавання — беларуска-польскае памежжа, арганічна ўпісваецца ў рэчышча сучаснай беларускай літаратуры, а таксама ў агульнаеўрапейскі культуралагічны кантэкст. Вызначальнымі рысамі яе з’яўляюцца элегічны настрой, меланхалічная танальнасць, антынамічнасць светабачання, інтэлектуальны трагізм і катастрафізм. І ў той жа час паэзія Яна Чыквіна — шчымлівы покліч да святла, дасканаласці, гармоніі чалавечага свету, спадзяванне на вышэйшую справядлівасць і жыццёвую мудрасць чалавецтва.


  1. Брадзіхіна, А. Пошук ісціны, або «Сінестэзія пачуццяў і сімультанізм думкі»/ А. Брадзіхіна // Тэрмапілы. — 2003. — №7. — С. 23 — 27.
  2. Валкавыцкі, Г. Віры / Г. Валкавыцкі. — Беласток: Белавежа, 1991. — 184 с.
  3. Гніламёдаў, У. Літаратурнае жыццё на Беласточчыне: паэзія, проза, крытычныя рэфлексіі / У. Гніламёдаў // Полымя. — 1995. — № 3. — С. 136 — 147.
  4. Зарэмба, Л. «Дзень і ноч — два крылы князя…»: Пра мастацкую сістэму «Светлага мігу» / Л. Зарэмба // Сляза пякучая Айчыны: Творчы партрэт Яна Чыквіна. — Беласток: Белавежа, 2000. — С. 102 — 118.
  5. Калеснік, У. Два светы Яна Чыквіна / У. Калеснік // Сляза пякучая Айчыны: Творчы партрэт Яна Чыквіна. — Беласток: Белавежа, 2000. — С. 12 — 41.
  6. Конан, У. Быццё і час у люстэрку паэзіі: Нататкі пра творчасць Яна Чыквіна / У. Конан // Сляза пякучая Айчыны: Творчы партрэт Яна Чыквіна. — Беласток: Белавежа, 2000. — С. 42 — 57.
  7. Чыквін, Я. Іду / Я. Чыквін. — Беласток: Белавежа, 1969. — 88 с.
  8. Чыквін, Я. Кругавая чара / Я. Чыквін. — Беласток: Белавежа, 1992. — 50 с.
  9. Чыквін, Я. Крэйдавае кола / Я. Чыквін, — Беласток: Белавежа, 2002. — 74с.
  10. Чыквін, Я. Неспакой / Я. Чыквін. — Беласток: Белавежа, 1977. — 54 с.
  11. Чыквін, Я. Свет першы і апошні / Я. Чыквін. — Беласток: Белавежа, 1997. — 54 с.
  12. Чыквін, Я. Святая студня / Я. Чыквін. — Беласток: Белавежа, 1970. — 50 с.
  13. Яновіч, С. Неспакой творчасці / С. Яновіч // Чыквін, Я. Неспакой . — Беласток, 1977. — С.2.
  14. Чыквін, Я. Вершы / Я. Чыквін // Тэрмапілы. — 2013. — № 17. —   С. 83–87.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY