|
|
|
№
3(69)/2014
Жыццё Касцёла
Інтэрв’ю
Да 100-годдзя святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратурная спадчына
Пераклады
Рэлігія і свет
Літаратуразнаўства
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
«КАЛІ ПАЎСТАНЕ СУПРАЦЬ МЯНЕ ВОЙСКА, НЕ ЗАБАІЦЦА СЭРЦА МАЁ» Памінальная малітва на палях Чашніцкай бітвы Рымскія святыні
Сцежкамі памяці
Паэзія
Прэзентацыя
Проза
Літаратуразнаўства
Мастацтва
Галерэя
|
«Касцёл Яна Паўла ІІ — гэта адкрыты Касцёл, які жадае служыць чалавеку. Ён прагне паказваць людзям евангельскі шлях жыцця», — сказаў у размове з Каталіцкім інфармацыйным агенцтвам (КАІ) кардынал Станіслаў Дзівіш, Кракаўскі Мітрапаліт. Былы сакратар Папы расказаў шмат новага пра асабістае жыццё Яна Паўла ІІ, пра яго духоўны свет і яго святасць. Прапануем чытачам інтэрв’ю з кардыналам Станіславам Дзівішам.
— У чым праяўлялася святасць Яна Паўла ІІ? — Святасць напаўняла ўсё жыццё Яна Паўла ІІ. Яе можна было заўважыць і ў адносінах Папы да Пана Бога, і ў яго стаўленні да іншага чалавека. Святасць праяўлялася ў вельмі моцнай унутранай дысцыпліне і ў вялікай любові. Менавіта любоў была галоўным стымулам яго ўчынкаў. Знешняю праяваю святасці Папы была яго малітва. Ян Павел ІІ сапраўды быў чалавекам вялікай малітвы. Аднойчы падчас сустрэчы з моладдзю Святы Айцец сказаў, што малітва — гэта размова з Богам і слуханне Бога. Чым часцей малітва становіцца слуханнем Божае волі, тым больш яна становіцца кантэмпляцыяй.
— У які момант Вы пераканаліся, што маеце дачыненне да святога? — Я пазнаёміўся з кардыналам Вайтылам, тады — святаром і біскупам, падчас вучобы ў духоўнай семінарыі ў Кракаве. Ужо пасля першай нашай сустрэчы ў мяне склалася ўражанне, што ён — выключны чалавек. Ён вылучаўся вялікаю пабожнасцю і глыбокаю малітваю. З’яўляючыся клерыкамі першага курса тэалогіі, мы дзівіліся з таго, як ён маліўся. На доўгіх перапынках, паміж лекцыямі, ён засяроджана, на каленях, маліўся ў семінарыйнай капліцы. Памятаю яго доўгія валасы, якія спадалі ў яго на твар. Так ён прабываў на малітве. Калі вяртаўся ў аўдыторыю на лекцыю, у нас стваралася ўражанне, што ён прыходзіць з сустрэчы, з размовы з самім Панам Богам. Ужо тады мы былі перакананыя ў тым, што гэты спакойны прафесар, які мог жартаваць падчас заняткаў са студэнтамі, жыве іншым жыццём, што ён з’яднаны з Панам Богам. І так было на працягу ўсяго яго жыцця, ажно да апошняй хвіліны.
— Што значыць наследаваць яго святасць? — Наследаваць святасць Яна Паўла ІІ — значыць быць адкрытым на Бога і на бліжняга гэтак жа, як быў адкрыты ён. Ісці да іншага чалавека без страху і боязі. Паказваць яму веліч Божай любові, любові, якая прабачае, падае руку нават таму, хто замахнуўся на тваё жыццё. Для мяне Ян Павел ІІ — прыклад чалавека, які адказвае на заклік Пана Бога і ахвотна ідзе за гэтым заклікам. Ён зразумеў, што яго пакліканне — быць пастырам, і стараўся выканаць абавязкі, якія вынікаюць з гэтага паклікання, споўніць тое, чаго патрабуе ад яго Пан Бог.
— Як Вы ахарактарызавалі б паняцце «Касцёл паводле Яна Паўла ІІ»? Якое апірышча для такой мадэлі найбольш істотнае? — Касцёл для Яна Паўла ІІ — гэта Касцёл Другога Ватыканскага Сабору, Касцёл канстытуцыяў Lumen gentium i Gaudium et spes. Гэта боска-чалавечая рэчаіснасць. У ёй прысутнічае Хрыстус, які аб’яўляе любоў Бога, і чалавек, адкуплены Хрыстом. Хрыстус прысутны ў сакрамэнтах, у Божым слове, у малітве. Чалавек жа — гэта найвялікшае Божае стварэнне, якое мае вобраз і падабенства самога Бога. Таму Касцёл павінен берагчы гэтае боскае вымярэнне, застаючыся верным Божым наказам. Яны — нібы ўказальнікі, якімі трэба кіравацца, каб не заблукаць і не адысці ад Бога. Касцёл Яна Паўла ІІ — гэта адкрыты Касцёл, які жадае служыць чалавеку. Ён прагне паказваць яму евангельскі шлях жыцця. Гэтае заданне Касцёл выконвае па-рознаму: праз біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў або праз свецкіх людзей. Касцёл навучае годнасці чалавека і сям’і, абараняе жыццё ад зачацця да натуральнай смерці. Праз сваіх пастыраў Касцёл сцеражэ чысціню веры, бароніць ад небяспекі, часам настаўляе. Ён служыць чалавеку таксама і ў матэрыяльным вымярэнні: падтрымлівае школы, дзіцячыя садкі, прытулкі для старых, бедных і бяздомных людзей. Касцёл прагне служыць з дапамогаю таго, чым валодае. Можа, гэта не заўсёды атрымліваецца, але, тым не менш, такое ў яго пакліканне. Ён прагне быць святым Касцёлам.
— Гавораць, што Папа быў містыкам. Ці перажываў ён якія-небудзь надзвычайныя містычныя станы, бачанні? — Так, ён быў містыкам, гэта значыць чалавекам, з’яднаным з Панам Богам. Ён умеў размаўляць з Панам Богам, але перш за ўсё — умеў слухаць, чаго патрабуе ад яго Бог, і выконваць гэта. Усё яго жыццё было адной вялікаю малітваю. Кожны дзень ён уставаў вельмі рана. Свой дзень распачынаў малітваю: медытацыя, разважанне, потым — святая Імша, падзяка. Без спешкі... Імша для яго таксама была медытацыяй. Увесь яго дзень праходзіў у малітве, адарацыі, духоўным чытанні... Штодзённа ўвечары Святы Айцец падыходзіў да вакна, каб благаславіць Рым і ўвесь свет, пастырам якога ён быў. Надзвычайных з’яваў я не бачыў. Шматразова быў сведкам таго, як ён уставаў ноччу і ішоў у капліцу. Здаралася, калі ён быў у ёй адзін, напаўголаса прамаўляў да Бога, часам нават спяваў... Калі ён быў маладзейшы, маліўся, лежачы крыжам у капліцы ці ў сваіх апартаментах.
— А як Папа дзяліў час на малітву і на іншыя справы пры такой вялікай колькасці абавязкаў? — Ён свайго часу не дзяліў. Папа маліўся падчас кожнага занятку і выканання кожнага абавязку. Ідучы на аўдыенцыю, ён маліўся за людзей, якіх павінен быў там сустрэць. Маліўся таксама за іх пасля аўдыенцыі. Я заўважыў, што ён маліўся таксама падчас аўдыенцыі, калі хтосьці прамаўляў. Такою была яго духоўнасць — няспыннае яднанне з Панам Богам.
— Часцей за ўсё свае рэкалекцыі біскуп Вайтыла перажываў у абацтве бэнэдыктынаў у Тыньцы; бываў ён таксама ў камедулаў у кракаўскіх Бялянах, у кракаўскай семінарыі і ў Закапанэ. Чым яны адрозніваліся ад рэкалекцый у Ватыкане? — Як біскуп ён выбіраў тыя месцы, якія найбольш спрыялі засяроджанасці і кантакту са Стварыцелем, — месцы з прыгожымі краявідамі, дзе можна было б адасобіцца, пабыць сам-насам з Богам, напрыклад, як у Тыньцы ці ў кракаўскіх Бялянах. У Ватыкане ён перажываў рэкалекцыі разам з супрацоўнікамі Рымскай курыі. Рэкалекцыі працягваліся шэсць дзён. У гэтыя дні Папа захоўваў поўнае маўчанне, быў засяроджаны, у тым ліку падчас ежы. Ён нікога не прымаў, маліўся ў прыватнай капліцы. Для яго гэта былі святыя дні. Дні, поўныя яднання з Панам Богам.
— Як Ян Павел ІІ перажываў сваё цярпенне, якога ў яго было нямала? Як выглядала гэтае штодзённае нясенне крыжа, асабліва ў апошнія гады Пантыфікату? Ці не пратэставаў ён, ці не падаў духам? Ці адчуваў асаблівую еднасць, салідарнасць з іншымі людзьмі, якія перажываюць цярпенне? — Святы Айцец адразу ж пасля замаху на яго жыццё, застаючыся яшчэ ў прытомнасці, прабачыў чалавеку, які спрабаваў яго забіць. Прабачыў так, як Хрыстус прабачыў людзям, што ўкрыжавалі Яго. Тое ж самае Папа зрабіў тады, калі апрытомнеў (у шпіталі). Ён шмат разоў гаварыў, што ўдзячны Пану Богу за гэтае цярпенне, за тое, што Ён можа ахвяраваць сваю кроў за Касцёл, за свет. Ян Павел ІІ усведамляў, што праз сваё цярпенне ён дапаўняў цярпенні Хрыста. Папа прымаў цярпенні як ласку. Калі прыйшлі новыя цярпенні (пералом рукі, сцегнавой косці), ён ніколі не наракаў. Можна сказаць, што апошнія гады былі для Святога Айца суцэльнаю паласою цярпення. Уявіце, якім вялікім цярпеннем для яго было тое, што ў апошнія дні свайго жыцця ён увогуле не мог гаварыць. Будучы чалавекам натрэніраваным, у апошнія месяцы ён быў прыкуты да крэсла. У апошні Вялікдзень ён прыйшоў у абедзенную залу, каб благаславіць велікодныя стравы і па традыцыі з’есці супольны сняданак, але не мог праглынуць нават сліны. Аднак Святы Айцец ніколі не наракаў. У Велікодную нядзелю, калі ён адышоў ад вакна, з якога павінен быў прамаўляць да людзей, але не змог, ён толькі ўдзяліў благаслаўленне. Потым сказаў: «Калі не магу ні цэлебраваць святой Імшы, ні прамаўляць і быць з народам, то лепш, каб я памёр», але тут жа дадаў: «Totus Tuus — увесь Твой». І больш не сказаў ні слова. У апошні дзень свайго жыцця ён толькі напісаў: «Totus Tuus», і гэта былі яго апошнія словы.
— Здаецца, кожнаму сапраўднаму святому ўласцівае пачуццё гумару... — Святы Айцец любіў смяяцца, жартаваць, але ніколі — з кагосьці. Падчас візітацый, калі ён быў яшчэ біскупам, любіў слухаць жарты, якія распавядалі святары. Аднак ён нікога не высмейваў. Любіў таксама сустрэчы з моладдзю, спакойныя вечары ў аазісе руху «Святло — Жыццё». Любіў спяваць моладзевыя песенькі. Быў чалавекам радасным і спакойным. Гэта дапамагала яму і ў духоўным жыцці. Калі Альбін Малысяк, ужо памерлы дапаможны біскуп Кракаўскі, выбіраўся ў Ватыкан, то збіраў жарты з усёй дыяцэзіі, каб развесяліць Святога Айца сваім аповедам. І сапраўды, калі ён прыязджаў, заўсёды распавядаў штосьці жартоўнае падчас ежы. Папа любіў на вячэры паўспамінаць даўнія часы, паспяваць і пажартаваць.
— Чым былі для Яна Паўла ІІ фацімскія аб’яўленні? Калі ён даведаўся пра трэцюю таямніцу, ці атаясамліваў сябе з ёю і ў якой ступені? — Святы Айцец не займаўся Фацімаю да замаху на сваё жыццё. Ён ведаў фацімскае набажэнства і цаніў яго пашырэнне ў парафіях, бо яно прыносіла вялікую карысць для духоўнага жыцця вернікаў. Не думаю, што Папа быў вельмі засяроджаны на фацімскіх аб’яўленнях. Ён пачаў адкрываць іх для сябе менавіта пасля замаху. 13 мая — гадавіна аб’яўленняў у Фаціме, якія адбываліся на працягу 1917 года. Гэта таксама гадавіна біскупскай сакры папы Пія ХІІ, якая адбылася 13 мая 1917 года. Гэтыя падзеі пераканалі Святога Айца ў тым, што Фацімская Божая Маці ўвайшла ў яго жыццё. Ужо ў шпіталі ён папрасіў прывезці яму тэксты фацімскіх таямніцаў. Дакументы прывёз арцыбіскуп Марцінэс Самала, намеснік у Дзяржаўным сакратарыяце. Я быў сведкам перадачы гэтых дакументаў у паліклініцы Джэмэллі. У шпіталі Папа пазнаёміўся з фацімскімі таямніцамі, у тым ліку з трэцяю, якая да гэтага не раскрывалася. Тады ён пераканаўся, што Маці Божая засланіла яго ад кулі. Усё-такі замах быў зроблены з мэтаю забіць Святога Айца. Цяжка апісваць усе падзеі, звязаныя з замахам, але несумненна адно: ён быў дэталёва падрыхтаваны. Святы Айцец павінен быў загінуць. Куля прайшла навылёт... Нягледзячы на гэта, Папа выжыў. У шпіталі мы перажывалі жахлівыя хвіліны. Перад аперацыяй доктар прыйшоў да мяне і сказаў, што трэба ўдзяліць Святому Айцу намашчэнне хворых і разграшэнне, бо ціск падае і ёсць небяспека смерці. Пасля аперацыі Папа быў абяскроўлены, таму яму зрабілі пераліванне крыві, але кроў не прынялася. Усе абставіны стваралі вялікую небяспеку для жыцця. Святы Айцец ужо пасля аперацыі ўсвядоміў, што нейкая незвычайная моц захавала яму жыццё. Так у яго з’явілася перакананне, што ён быў цудоўным чынам уратаваны Фацімскаю Божаю Маці.
— Караль Вайтыла, Ян Павел ІІ, быў вялікім абаронцам культу Божай міласэрнасці. Калі пачалося яго захапленне аб’яўленнямі сястры Фаўстыны? Як ён разумеў гэтыя аб’яўленні? Калі нарадзілася ідэя ахвяравання свету Божай міласэрнасці? Якое значэнне меў факт гэтага ахвяравання для Яна Паўла ІІ? Ці звязваў ён з гэтым надзею на які-небудзь пералом? — Караль Вайтыла, малады студэнт і працаўнік Кракаўскага содавага завода Solvay, ксёндз, біскуп і Папа, не паддаваўся эмоцыям. Ён ніколі не ўспрымаў справы веры ў катэгорыях сенсацыі. Як філосаф і тэолаг ён разважаў над таямніцаю Божай міласэрнасці, а аб’яўленні ў Лагеўніках і іншыя дапамагалі яму спасцігаць таямніцу Божай міласэрнасці. Як святар і біскуп ён абвяшчаў, што праўда пра Божую міласэрнасць — адна з галоўных для збаўлення чалавека. Уласнымі сіламі чалавек не можа збавіцца, таму звяртаецца да Божай міласэрнасці. Святы Айцец даверыў сябе, Касцёл і ўвесь свет Божай міласэрнасці, бо менавіта ў міласэрнасці Бога бачыў выратаванне для свету. Ён здзейсніў гэты акт даручэння ў Лагеўніках, за што мы яму вельмі ўдзячныя. Праз Лагеўнікі Папа адкрыў Божую міласэрнасць і ахвяраваў гэтае адкрыццё ўсяму свету. Сваё жыццё і служэнне на пасадзе святога Пятра ён цалкам звязваў з Божаю міласэрнасцю.
— На кленчніку ў сваёй капліцы Папа захоўваў інтэнцыі, якія скіроўвалі да яго з усяго свету з просьбаю, каб ён звярнуў на іх увагу падчас сваіх малітваў. Ян Павел ІІ жадаў, каб яны кожную хвіліну былі ў яго памяці, нават калі не маглі быць літаральна паўтораныя кожны дзень. Ці шмат такіх просьбаў прыходзіла да Папы? — Сапраўды, гэтых інтэнцый было вельмі шмат. Людзі з усяго свету прысылалі просьбы да Святога Айца ў розных справах. Пісалі і біскупы, і звычайныя людзі, просячы аб малітве ў хваробах і цяжкіх справах. Святы Айцец наказваў перапісваць і складаць усе гэтыя інтэнцыі на яго кленчніку ў ватыканскай капліцы. Молячыся, ён браў іх у рукі і прадстаўляў Богу. Папа ніколі не пакідаў просьбаў аб малітве без адказу. Ён зачытваў іх некалькі разоў на працягу дня, уваходзячы ў капліцу, ідучы ў абедзенную залу ці вяртаючыся адтуль. Усе просьбы былі для яго ўнутраным наказам для малітвы. Гэтых просьбаў заўсёды было шмат, і мы таксама навучыліся ўспрымаць малітву такога кшталту з вялікаю адказнасцю. Навучыліся паважаць такія просьбы і давяраць іх Богу.
— Вядома, што розныя навуковыя працы, у тым ліку філасофскі твор «Асоба і чын» (1969), кардынал Вайтыла пісаў перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, у капліцы дома арцыбіскупа ў Кракаве. Ці рабіў ён гэтаксама падчас свайго Пантфікату? — Капліца ў Кракаве была месцам яго вялікай малітвы і адначасова працоўнаю майстэрняю. Ён маліўся раніцаю і вечарам. Працаваў у капліцы дома біскупа перад прыёмам святароў і свецкіх. Часам ён ляжаў крыжам. Сёстры часта бачылі яго ў познія вячэрнія гадзіны. Пры алтары ў яго быў кленчнік і маленькі столік, на якім ён пісаў. Усе яго кнігі былі прадстаўленыя Богу ў малітвах. Гэтак жа было ў Ватыкане, дзе яго студыя знаходзілася побач з капліцаю. Можна сказаць, што ўсе яго прамовы, дакументы, публікацыі былі напісаныя з Панам Богам, на каленях. Калі ён рыхтаваў нейкі дакумент, браў пяро (не пісаў ні на друкарскай машынцы, ні на камп’ютары) і накідваў праект. Перад гэтым шмат чытаў. Чытаў падчас адпачынку і ў вольны час. <...> Праца Папы ў Ватыкане вымагала ад яго моцнай дысцыпліны.
— Ян Павел ІІ гаварыў пра «вясну Касцёла». З чым ён звязваў надзеі на будучыню Касцёла і як ён яе сабе ўяўляў? — Святы Айцец быў перакананы, што ў Касцёле ёсць унутраныя сілы, якія спрыяюць таму, што ён няспынна адраджаецца. Такою асноўнаю сілаю з’яўляецца Езус Хрыстус, прысутны ў сакрамэнтах і ў сваім слове. Ён — Галава містычнага Цела. Святы Айцец глыбока верыў, што Хрыстус заўсёды з ім і вядзе яго. Таму ён з надзеяй глядзеў у будучыню. Папа таксама цешыўся, калі ў Касцёле з’яўляліся знакі аднаўлення. А такія знакі былі. Памятаю сустрэчу з духавенствам у Францыі, у Парэ-леМаньяль. Маладыя клерыкі і маладыя святары, якія слухалі яго і разумелі, якія атаясамлівалі сябе з тым, што ён казаў, былі для яго знакам адраджэння Касцёла. Падобнымі да гэтай былі іншыя сустрэчы з моладдзю свету. Таму нараджаліся словы, поўныя пераканання: «Вы — надзея Касцёла. Вы — надзея свету». Гэта былі не пустыя словы. У 2000 годзе Святы Айцец казаў моладзі ў Рыме, што яна — заранка, якая прадвяшчае цудоўны дзень. Яна — прадвеснік будучыні грамадства, а таксама яснага дня для Касцёла. Ян Павел ІІ быў чалавекам надзеі. Зразумела, ён перажываў з-за сумных здарэнняў, якія датычыліся Касцёла ці грамадства, але быў чалавекам надзеі.
— Якія былі ў яго надзеі на экуменізм? Падчас свайго першага візіту ў Канстанцінопаль у 1979 годзе Папа выразна гаварыў пра надзею на супольнасць алтара з братамі праваслаўнымі. Як гэтая надзея развівалася? Што прынесла Святому Айцу найбольшы боль на гэтым экуменічным шляху? — Ян Павел ІІ быў біскупам і Папам Другога Ватыканскага Сабору. Сабор быў скліканы Янам ХХІІІ і скіроўваўся да аднаўлення Касцёла і дастасавання яго да новага часу. Я шмат разоў чуў, як Святы Айцец Ян Павел ІІ казаў, што энцыкліка «Ut unum sint» вельмі важная, бо еднасць вучняў Хрыста — гэта здзяйсненне наказу Настаўніка. Таму экуменізм — здзяйсненне наказу Хрыста незалежна ад таго, ці адкрываюцца іншыя на гэтую ідэю. Гэта таксама ажыццяўленне пастанаўленняў Другога Ватыканскага Сабору. Таму Святы Айцец зрабіў ідэю экуменізму цэнтральным пунктам праграмы свайго Пантыфікату, асабліва ў адносінах да праваслаўя і пратэстантызму. Аб’ектыўна трэба сказаць, што плён яго намаганняў у гэтай галіне вельмі вялікі. Цэрквы, асабліва праваслаўныя, вельмі наблізіліся да Каталіцкага Касцёла. Плён экуменічных сустрэчаў больш бачны ў галіне душпастырства, чым на іерархічным ці тэалагічным узроўні. Там праца вымагае большых намаганняў, даўжэйшага навучання, але поспех вельмі вялікі. Ян Павел ІІ клапаціўся пра тое, каб падчас усіх падарожжаў адбываліся сустрэчы з прадстаўнікамі іншых Цэркваў, а таксама дыялог з іншымі рэлігіямі. Дыялог з іншымі рэлігіямі стаў бачны асабліва ў адносінах да габрэяў. Святы Айцец здзейсніў падарожжа — можа, найдаўжэйшае ў гісторыі Касцёла — у рымскую сінагогу, з Ватыкана на другі бераг Тыбра. У гэтым простым руху праявіўся незвычайны поспех у дыялогу з габрэямі, якіх мы называем старэйшымі братамі па веры. Потым было падарожжа на Святую Зямлю, якая зноў зблізіла хрысціянаў і габрэяў. Гэтак жа ў адносінах да іншых рэлігій. Ян Павел ІІ бачыў, што ў адносінах да ісламу адзіным шляхам да супакою з’яўляецца дыялог: на ўзроўні культуры і клопату пра чалавечыя каштоўнасці. У наш час гэты дыялог дапамагае многім людзям зразумець адзін аднаго. Ян Павел ІІ вёў дыялог таксама з вялікімі рэлігіямі Усходу. Толькі ён, душою адкрыты на дыялог, мог запрасіць усіх лідараў сусветных рэлігій у Асізі, калі спакой у свеце ў перыяд халоднай вайны знаходзіўся пад пагрозаю. Ён лічыў, што рэлігіі могуць ствараць настрой братэрства і атмасферу спакою. Безумоўна, сустрэчы ў Асізі спрычыніліся да змяншэння напружанасці ў свеце, выкліканай «зорнаю вайною» і нейкім чынам аслабленаю. Гэтак жа было падчас вайны на Балканах. Святы Айцец абвяшчаў свету, што рэлігія ніколі не павінна быць прычынаю вайны і смерці. Рэлігія і вера ў Бога павінны яднаць, весці да спакою.
— А якія былі перспектывы ў дыялогу з рэлігіямі і якія намеры меў Папа ў гэтай справе? Растлумачце, калі ласка, якія стымулы і прычыны пабуджалі яго да склікання міжрэлігійных сустрэчаў у Асізі? Чаму Ян Павел ІІ у пэўны момант пацалаваў Каран? Ці не супярэчыла гэта хрысціянскай ідэнтычнасці? — Скліканне прадстаўнікоў усіх рэлігій свету ў Асізі было асабістаю ініцыятываю Святога Айца. Гэта быў не рэлігійны сінкрэтызм, а сход прадстаўнікоў усіх рэлігій і супольная малітва. Кожны маліўся паводле ўласнай рэлігійнай традыцыі. Хрысціяне — асобна, прадстаўнікі іншых рэлігій — у сваіх групах. Аднак усе былі з’яднаныя адной і той жа ідэяй спакою, які тады знаходзіўся пад вялікаю пагрозаю, бо між сабою сутыкнуліся два блокі: капіталістычны і камуністычны. Камуністычны, марксісцкі блок, дамінаваў на Усходзе. Капіталістычны блок — на Захадзе. Існавала рэальная пагроза «зорнай вайны». Некаторыя кіраўнікі хацелі выкарыстаць рэлігіі для распальвання канфлікту паміж народамі і кантынентамі, паміж Усходам і Захадам, паміж Поўначчу і Поўднем. Ян Павел ІІ хацеў паказаць свету, што рэлігіі не з’яўляюцца прычынаю канфліктаў паміж дзяржавамі. Ён з адвагаю наведваў мусульманскія супольнасці. Памятаю цудоўную сустрэчу ва ўніверсітэце ў Каіры, які з’яўляецца своеасабліваю «інтэлектуальнаю Меккаю» ісламу. Там прымалі яго як сябра. Гэтак жа было і ў Марока, дзе адбылася сустрэча з моладдзю на стадыёне. Тады шмат дыскутавалі пра тое, што Папа скажа гэтай мусульманскай моладзі. Святы Айцец сказаў супрацоўнікам: «Я не буду пазбягаць нашых тэмаў, бо яны ведаюць, хто я такі. Буду гаварыць пра Езуса Хрыста». І яго цудоўна прынялі, бо мусульмане былі перакананыя, што Папа — шчыры. Ён быў шчыры ў адносінах да чалавека і шанаваў іншыя рэлігіі, шанаваў чалавека і ўсё, што звязана з яго рэлігіяй. Ці пацалаваў Святы Айцец Каран? У сродках масавай інфармацыі з гэтага зрабілі вялікую праблему. Я асабіста не бачыў, каб ён пацалаваў Каран. Але калі б нават пацалаваў, то ўсё ж ніколі не атаясамліваў сябе з Каранам. Ён шанаваў святую кнігу мусульманаў, але гэта не значыць, што ён атаясамліваў сябе з ісламам.
— Якое месца займае Ян Павел ІІ у Вашай асабістай малітве? Ці можаце Вы прыадчыніць заслону таямніцы дзейснасці гэтых малітваў? — Я часта звяртаюся ў малітвах да Святога Айца. Ён быў і застаецца для мяне айцом, як і для многіх людзей, якія будуць чытаць гэтыя радкі. Я звяртаюся да Святога Айца асабліва тады, калі маю цяжкасці. Кажу яму: «Ойча Святы, мне патрэбна твая дапамога». І справы нейкім чынам вырашаюцца. Я перакананы, што ён дапамагае мне. Заахвочваю таксама іншых да малітвы праз заступніцтва Святога Айца Яна Паўла ІІ. Ён яшчэ пры жыцці выпрошваў шмат ласкаў. Веру, што цяпер ён таксама блізкі да кожнага чалавека, блізкі да нас усіх. <...>
Размаўляў Марцін Пшэцішэўскі.
|
|
|
|