|
|
|
№
3(69)/2014
Жыццё Касцёла
Інтэрв’ю
Да 100-годдзя святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратурная спадчына
Пераклады
Рэлігія і свет
Літаратуразнаўства
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
«КАЛІ ПАЎСТАНЕ СУПРАЦЬ МЯНЕ ВОЙСКА, НЕ ЗАБАІЦЦА СЭРЦА МАЁ» Памінальная малітва на палях Чашніцкай бітвы Рымскія святыні
Сцежкамі памяці
Паэзія
Прэзентацыя
Проза
Літаратуразнаўства
Мастацтва
Галерэя
|
Працяг. Пачатак у № 3(57)/2011. ХІI. ПРА АНЁЛАЎ — ЧЫСТЫХ ДУХАЎ Варта падкрэсліць, што св. Тамаш вялікую частку сваіх твораў прысвяціў справам, якія, уласна кажучы, як ён сам прызнае, выходзяць цалкам за межы філасофскага досведу людзей. Бо філасофія нічога нам не гаворыць ні пра анёлаў, ні пра першародны грэх. Аднак Тамаш вельмі шмат месца прысвяціў разважанням пра чалавека ў стане нявіннасці, ці пытанню пра тое, як выглядаў бы чалавек, калі б не было першароднага граху, а таксама вучэнню пра анёлаў. Здаецца, што такія тыповыя для св. Тамаша, зрэшты выдатныя тэксты, былі напісаныя для таго, каб чалавек лепш усвядоміў сам для сябе свой стан, які не з’яўляецца станам нявіннасці, а станам пасля першароднага граху, і сваю прыроду, якая не з’яўляецца анёльскай прыродай. Каб глыбей спасцігнуць чалавечую прыроду, трэба добра зразумець, якім быў чалавек у Божых намерах да граху, а таксама ўсвядоміць, што такое анёлы. Чаму св. Тамаш быў названы Doctor Angelicus — Анёльскі Доктар? Звычайна кажуць, што гэта таму, што ён даў сведчанне гераічнай чысціні ў сваіх цяжкіх змаганнях, у выпрабаваннях, якія зазнаў з боку сям’і, калі яму не дазвалялі ўступіць у ордэн дамініканаў. Некаторыя бачаць прычыну гэтага ў кульце анёлаў, жывым у дамініканскім ордэне. У дамініканскай традыцыі існуе прыгожая легенда пра тое, як анёлы раздавалі хлеб, калі св. Дамінік і яго паплечнікі аднойчы не мелі чаго есці. Яна паказвае на блізкія духоўныя адносіны дамініканскага ордэну, асабліва ў самых яго пачатках, са светам анёлаў. Іншыя таксама мяркуюць, што св. Тамаш атрымаў гэты тытул таму, што быў спецыялістам у ангелалогіі — вучэнні пра анёлаў. Незалежна ад усіх гэтых меркаванняў, св. Тамаш напэўна таму гэтак рупліва заняўся светам чыстых духаў, што ў традыцыйнай філасофіі і тэалогіі, якая панавала ў лацінскім хрысціянскім свеце, чалавека часта тэндэнцыйна трактавалі на ўзор анёла. Таму Тамаш хацеў паказаць істотную розніцу, якая існуе паміж светам чыстых духаў і чалавечай прыродай. Здаецца, што ў гэтым і крыецца сапраўдная прычына таго, чаму ён заняўся гэтай праблемаю і быў названы Doctor Angelicus. Пра анёлаў на глебе філасофіі мы не ведаем нічога, а даведваемся пра іх толькі на падставе Аб’яўлення. Філасофскае ж разважанне толькі схіляе нас да таго, каб прыняць іх існаванне як праўдападобнае. Анёлы павінны існаваць, калі мы возьмем пад увагу непарыўнасць іерархіі розных бытаў, якія засяляюць сусвет. Тэзы св. Тамаша, што датычаць анёлаў, можна прадставіць у трох пунктах. 1. Прырода анёлаў. Мы ўжо казалі, што чысты дух не такі просты, як Бог. Ён складзены з сутнасці і існавання. У «Суме тэалогіі» св. Тамаш піша: Licet in Angelo non sit compositio formae et materiae <...> adhuc remanet comparatio formae ad ipsum esse, ut potentiae ad actum (S.th. I q.50 a.2 ad 3) — хоць у анёле няма складзенасці з формы і матэрыі, бо яна ёсць толькі ў цялесных бытах, але ў іх застаецца comparatio — паяднанне, сувязь формы і існавання, якая з’яўляецца спалучэннем магчымасці і здзяйснення. Гэта значыць, што анёл, калі казаць схаластычнай моваю, ёсць чыстай формай. У ім няма матэрыі. Ён ёсць формаю, і гэта яго сутнасць: быццё самой формаю. У ім няма матэрыі, няма магчымасці быцця нечым прасторавым. Але ў ім ёсць складзенасць з сутнасці, якою і з’яўляецца быццё самой формаю, і існавання. Якраз такая складзенасць і ёсць у анёле. Паколькі шматлікія адзінкі (св. Тамаш выступае тут як верны арыстоцелік) ёсць толькі ў матэрыяльных, цялесных бытах, анёлы не маюць цела, не з’яўляюцца матэрыяльнымі — таму не можа існаваць шмат анёльскіх адзінак. Анёл — гэта не від, які складаецца з шмат мільёнаў ці мільярдаў адзінкавых анёлаў. У гэтым пункце тэолагі не згаджаюцца паміж сабою, і на першы погляд гэта выглядае як непатрэбная слоўная спрэчка. Аднак у канцэпцыі св. Тамаша крыецца багаты змест, у які трэба ўдумацца. Кожны анёл, згодна з Тамашавым поглядам, гэта ўвасоблены ў адным экзэмпляры від, выразнік асобнага віду. У дачыненні да людзей гэта было б так, калі б адзін чалавек прадстаўляў усё чалавецтва. Таму розніца паміж анёламі — гэта розніца паміж відамі, а не індывідуальнасцямі. У гэтым павінна выяўляцца неспасціжная для нас магутнасць, моц і багацце жыцця, якое крыецца ў такой асобе, як анёл. 2. Пазнанне анёлаў. Платон прыпісваў чалавеку найвышэйшую ступень пазнання, якую акрэсліваў як бачанне сутнасці рэчы. Незалежна ад пачуццяў, ад усёй цяжкасці здабывання паняццяў, суджэнняў, высноваў чалавек, паводле Платона, калі адпаведна спрактыкуе свой розум, будзе здольны бачыць сутнасць рэчаў. Вось жа Тамаш мяркуе, што той спосаб пазнання, які Платон хоча прыпісаць чалавечаму розуму, на жаль, не дадзены чалавеку на гэтым свеце і ў гэтым жыцці. Такі спосаб пазнання тыповы якраз для анёлаў. Анёлам не трэба ствараць паняццяў, не трэба абцяжарваць сябе разважаннямі, бо яны бачаць найвялікшыя, самыя таямнічыя справы, як на экране, як у люстэрку, у якім выяўляецца іх сутнасць. Тое, што мы можам атрымліваць з дапамогаю пачуццяў, яны атрымліваюць на ўзроўні найвышэйшага духоўнага пазнання. Гэта пазнанне з дапамогаю пазнавальных формаў, г. зв. notiones infusae — самастойных паняццяў. Анёлу гэтыя паняцці нейкім чынам улітыя ў розум, іх не трэба выпрацоўваць гэтак, як мы мусім выпрацоўваць усе нашыя веды. У каментары да твора Пра нябесную іерархію (De hierarchia caelestia) Псеўда-Дыянісія св. Тамаш разважае над тым, чаму ёсць гэтулькі анёльскіх хораў, і адказвае, што ёсць анёлы менш і больш дасканалыя, а іх дасканаласць тым вышэйшая, чым менш паняццяў ім трэба для пазнання. Люцыферу хапала напэўна найменшай колькасці паняццяў. Богу ўвогуле не патрэбныя паняцці, Ён пазнае ўсё ў Слове, а Слова не адрознае ад Бога, Яно тоеснае з Богам. Мы мусім карыстацца вялікай колькасцю паняццяў. Мы маем primitia spiritus — начаткі духу, знаходзімся на найніжэйшай ступені духоўнага пазнання. Анёл пазнае з дапамогаю самастойных паняццяў, і такое сузіральна-інтуітыўнае пазнанне (без ужывання паняццяў, якія выводзяцца з пачуццёвага пазнання) маюць усе чыстыя духі. Такое пазнанне будзе таксама мець чалавек пасля смерці дзякуючы святлу славы, дзякуючы lumen gloriae, але, на жаль, ён не можа мець яго тут, на зямлі. Бо ўсё, што ёсць у нашым інтэлекце, павінна прайсці праз дзверы пачуццяў. У інтэлекце няма нічога, што не прайшло б праз пачуцці. 3. Мова анёлаў. У трактаце пра анёлаў св. Тамаша мы знойдзем таксама цудоўныя разважанні пра мову чыстых духаў, пра іх дзеянні, пра іх кантакты. Мова анёлаў не павінна быць ні артыкуляваная як чалавечая, і не выгуковая як жывёльная. Іх мова — гэта непасрэдная перадача змешчанага ў ёй сэнсу. Per similitudinem <...> lingua in eis dici potest vis, qua manifestant aliis quod habent in mente (por. S.th. I q.107 a.l ad 2). Таму пра мову анёлаў можна казаць праз падабенства. Іх моваю можна назваць здольнасць, дзякуючы якой яны могуць пераказваць іншым тое, што маюць у сваім розуме. Вось жа іх мова — гэта пераказванне, пераліванне паняццяў ад аднаго анёла да другога. Чалавек — гэта не жывёла і не анёл. Ён — дзівоснае, асаблівае стварэнне. Ён можа змяняцца, развівацца, паляпшацца. Вялікі філосаф Піко дэля Мірандоля, які жыў на дзвесце гадоў пазней за св. Тамаша, казаў, што чалавек падобны да хамелеона, бо заўсёды мяняецца. Але змяняецца толькі ў межах сваёй прыроды. А прырода чалавека нязменная. Ён не можа эвалюцыянаваць так, каб стаць жывёлай ці анёлам. Пра прыроду чалавека можна сказаць тое самае, што і аўтар Паслання да Габрэяў сказаў пра Хрыста: «Хрыстус учора і сёння, той самы і на векі» (пар. Гбр 13, 8). Гэтак жа і чалавечая прырода ў сваіх істотных элементах не можа падлягаць зменам; пакуль будзе існаваць свет, людзі застануцца людзьмі.
Пераклад з польскай мовы
Паводле: Świeżawski Stefan. Święty Tomasz
|
|
|
|