Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(69)/2014
Жыццё Касцёла

ВІНШАВАННЕ З РАДЗІМЫ
Інтэрв’ю
Да 100-годдзя святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка

«АХ, ГЭТЫЯ ПРУЖАНЫ...»

З ГІСТОРЫІ ПРУЖАНСКАГА КАСЦЁЛА
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратурная спадчына

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Рэлігія і свет
Літаратуразнаўства
Рымскія святыні

ЛАТЭРАНСКАЯ БАЗЫЛІКА
Сцежкамі памяці

УЖО НЕ ДАЛЁКАЯ ГАРА...
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Проза

НОВЫЯ ТВОРЫ
Літаратуразнаўства
Мастацтва
Галерэя

Інтэрв’ю Іны ЛАМАКІ
з мастаком Феліксам ЯНУШКЕВІЧАМ

ВЯРТАННЕ ДА ВЫСТАВЫ
«ДЗЕСЯЦЬ СТАГОДДЗЯЎ
МАСТАЦТВА БЕЛАРУСІ»

Выстава «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі», якую прэзентаваў у сакавіку–ліпені Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, засталася прыемным успамінам. У нацыянальным маштабе гэта была вельмі значная падзея для жыхароў нашай краіны — яе наведала шмат аматараў мастацтва і проста зацікаўленых людзей. Экспазіцыя пакінула незабыўнае ўражанне і пачуццё гонару ад таго, што і мы маем на што паглядзець і паказаць гасцям. На выставе было прэзентавана каля 500 экспанатаў з 30-ці музеяў Беларусі і прыватных збораў. Экспазіцыя ахоплівала перыяд ад часоў Візантыі і да сучаснасці, былі прадстаўлены стылі рэнесансу, барока і класіцызму.

Мастак, мастацтвазнаўца, уладальнік знакамітай ракаўскай «Art-галерэі Янушкевічы» Фелікс Янушкевіч наведаў разам са сваёй сям’ёй выставу ў дзень яе адкрыцця, і таму вельмі хацелася б пачуць яго думку пра гэтую выставу.

 

— Спадар Фелікс, што Вы можаце сказаць пра задуму падрыхтаваць такую экспазіцыю?

— Выстава сімвалічная, бо яна ўзнікла тады, калі наша рэспубліка дарасла да думкі, што трэба асэнсаваць вынікі развіцця мастацтва ў новай дзяржаве. Кожная дзяржава абапіраецца на нацыянальныя традыцыі. Наша дзяржава дарасла да разумення таго, што трэба прадэманстраваць вялікую рэтраспектыву сваёй дзяржаўнасці. На самай справе, чым большая рэтраспектыва, тым мацнейшы дзяржаўны лад. Праект выставы стаў падвядзеннем выніку развіцця мастацтва за даволі вялікі перыяд, які цяжка ахапіць, але ён сабраў мноства экспанатаў пад дахам аднаго музея. Мастацкі праект аказаўся вялікі па маштабе, але малаваты па плошчы.

 

— Ці не здаецца Вам, што старажытнае мастацтва было прадстаўлена больш багата, чым сучаснае?

— Прадстаўленыя рэчы больш тыповыя для Еўропы тых стагоддзяў, а ў наш час з’явілася шмат новых кірункаў і стыляў, таму амаль усё сучаснае мастацтва засталося па-за выставай. Паўтаруся — гэта грандыёзная задума з малым памяшканнем.

Відавочна, што шмат каштоўных экспанатаў засталося па-за выставачнай плошчай. На гэтай выставе прэзентавалася і мая карціна. Падчас фарміравання выставы мне тэлефанавалі з пытаннем, ці не маю я меншага па памеры твора. Думаў, што маю працу «Янка Купала і Браніслаў Тарашкевіч. Варшава, Лазенкі. 1927 год» — карціну з выявай незвычайнага спаткання двух волатаў нацыянальнага адраджэння напярэдадні татальнага пагрому беларускай інтэлігенцыі ў 30-я гады — не выставяць, хоць праца была набытая музеем яшчэ ў 1985 годзе. Карціна займала б шмат месца ў экспазіцыі, а арганізатарам хацелася выставіць як мага больш. Значыць, востра стаяла пытанне выставачнай плошчы.

Згодны з тым, што больш каларытна выглядала мінулае наша мастацтва. Гэта ўсё дзякуючы стылям, якія рэзка мяняліся праз стагоддзі. Арганізатары шыкоўна паказалі папярэднюю мастацкую цывілізацыю, якая была перад нашай, так бы мовіць, авангардавай з’явай, хоць творчасць нашага пакалення мастакоў чамусьці назвалі «Гістарычным рамантызмам».

 

Язэп Драздовіч.
«Прарок».

— Многіх наведвальнікаў выставы зацікавіла карціна Язэпа Драздовіча «Прарок», якая экспанавалася ўпершыню. Падзяліцеся, калі ласка, Вашымі думкамі наконт гэтай карціны.

— Сапраўды, я не бачыў гэтай працы раней. У першыя дні пасля адкрыцця выставы карціна была змешчана каля працы Хаіма Суціна, нашага земляка, які праславіўся ў Францыі, бо гэта адзін час, але пасля працу Драздовіча перавесілі — яго карціна «ламала» экспазіцыю, не мясцілася побач з Суціным.

Язэп Драздовіч меў сваё адметнае мысленне, яго карціна не ўпісваецца ў мастацтва 30-х гадоў, хоць і «правільная» па часе. Калі Суцін «даганяў» экспрэсіянізм, працаваў у старым рэчышчы, то Драздовіч перайшоў у новае мастацкае вымярэнне, што пасля назвалі сюррэалізм. Ён пачаў працаваць па-за прасторай, па-за часам. «Прарок» — незвычайная карціна. Я ўвогуле не памятаю працаў Драздовіча, звязаных з хрысціянствам. Драздовіч быў мастаком-фантастам і часам рэалістам. Калі ён рабіў замалёўкі, то яны былі на 100 працэнтаў рэалістычныя. У яго быў дзіўны дыяпазон: ад рэалізму, дакладней ад этнаграфізму, да абсалютна надуманых рэчаў. Пасля Драздовіч завяршыў сваю дзейнасць дэкаратыўнымі дыванамі, што не мае адносінаў да жывапісу, — гэта прыкладное мастацтва. Дарэчы, астатнія яго працы прадстаўлены ў раздзеле дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

 

— На карціне намаляваны прарок, а праз яго выяву мы бачым пейзаж са скалістых гораў, пустыні і святыню ўдалечыні.

— Цяпер мы называем гэта сюррэалістычнаю прастораю. Яшчэ раз паўтару, што гэта нехарактэрная праца для мастака, ён любіў сімвалізм. Драздовіч скарыстаў набор элементаў, якія выкарыстоўвалі мадэрністы Херыко, Сальвадор Далі і іншыя. Тут яшчэ бачны набор касмічных элементаў. Майстра працаваў з космасам заўсёды. Калі не ведаць, што гэтую карціну маляваў Драздовіч, то па дзіўным горным краявідзе можна здагадацца, што аўтарства належыць менавіта яму. Драздовіч заўсёды даследаваў Марс. І на даляглядзе гэтай карціны таксама марсіянскія краявіды. Язэп Драздовіч намаляваў такіх краявідаў шмат. Гэта як бы праход да нябеснай цывілізацыі. Ён лічыў, што жыццё існуе і на Марсе, і на Нептуне, і на іншых планетах.

У 1931 годзе Язэп Драздовіч выкладаў у наваградскай гімназіі, і на даляглядзе ў карціне намаляваны Наваградскі замак. Руіны замка навеялі яму лінію сюжэта з выяваю вежы «Шчытоўка», якую цяпер адбудоўваюць, гэтак званай «Касцёльнай вежы», бліжэйшай да фарнага касцёла. Ён, гледзячы на гэтую вежу, на праломы, убачыў там сілуэт чалавека і прарока.

 

— Яшчэ на карціне Драздовіча мы бачым прыступкі, якія ідуць у неба...

— Так, але гэта праз рэальную вежу, якая мела высокі пралом. Яна была цаглянага колеру. У гэтай вежы можна заўважыць сімволіку друідаў... Калі ўзнік Наваградскі замак — мы ведаем. Спачатку паганства, а пасля — прыход хрысціянства. На карціне шмат сімволікі: гэта і баявая сякера, і шматлікія элементы старажытнай археалогіі.

 

— Здаецца, што абрысы прарока нагадваюць Езуса, бо на галаве бачная цярнёвая карона.

— На карціне сумясціліся тры пласты: язычніцтва, хрысціянства і космас. Цікавы ход і ўдала зроблены Драздовічам. Гэта нечакана!

 

— Можам сказаць, што Язэп Драздовіч вывеў наша мастацтва на сусветны ўзровень?

— На гэтай выставе праца Драздовіча была адною з самых моцных, а калі казаць пра 30-я гады, то нічога роўнага ёй не было. У гэты час нараджаўся сюррэалізм, ці звышрэалізм. Гэта карціна зроблена канкрэтнымі драздовічаўскімі сродкамі.

 

Абраз «Святая Сям’я.
Мастак Гілярый Хаецкі. XVII ст.
З брыгіцкага касцёла ў Гродне.
Музей гісторыі рэлігіі, Гродна.

— Яшчэ ёсць адна цікавая праца — «Святая Сям’я». Ніякай прывязанасці да часу ў ёй няма. Маленькага Езуса пояць з келіха, стол сервіраваны, на талерках ляжаць грушы і яблыкі...

— Такую карціну можна было б убачыць па-рознаму, калі б на ёй не было лацінскага подпісу, што гэта Марыя, Езус і Юзаф...

 

— Можа, спачатку мастак маляваў персанажаў гэтай карціны як самую звычайную сям’ю, а пасля дамаляваў кароны і німбы?..

— У XVII ст. быў распаўсюджаны жывапіс «малых галандцаў», майстроў бытавога, пейзажнага і нацюрмортнага жанру. Гэта праца якраз мае невялікі памер і па традыцыі адлюстроўвае сямейнае жыццё ў малых памерах. Менавіта тады ў Еўропе быў такі класічны жанравы жывапіс. Але тое, што ўнізе карціны стаіць подпіс аўтара і пазначаны імёны намаляваных асобаў, вартае ўвагі для нашых мастацтвазнаўцаў. Калі мы бачым такі жывапіс, то падганяем яго пад уніяцкі. Ва ўніяцкім мастацтве было ўдалае сумяшчэнне кананічнага праваслаўнага мастацтва з еўрапейскай свабодай. Уніяцкае мастацтва мае такія дзіўныя творы, але нават у ім падобнае не сустракаецца. Тым больш што гэта не адпавядае ўніяцкаму канону, бо стол напоўнены, як у католікаў. Звычайна ўніяты любілі маляваць адзін хлеб, часам дадаць адзін келіх. А тут і келіхаў шмат, і хлеба, і садавіны. Тое, што дзіця пояць з келіха, адлюстравана ў жанравых галандскіх карцінах. Больш карцін, дзе менавіта Езуса пояць, у сусветным мастацтве не знойдзем, гэта беспрэцэдэнтны варыянт. Цяжка растлумачыць яе змест у такім плане. Намаляваны келіх сведчыць аб культуры і шляхетнасці.

Кароны намаляваныя выдатна. Гэта чыста наша ўніяцкае мастацтва, гэта кароны вялікіх князёў літоўскіх! Выдатны паказчык нашага нацыянальнага мыслення! Тое, што бачым на стале, — гэта рэальнае ўрэцка-налібоцкае шкло. Кубкі падобныя да тых, што вырабляліся ў Майнцы, і падсвечнік намаляваны даволі рэалістычна.

 

— А што Вас найбольш уражвае ў гэтай карціне?

— Самае прыемнае на карціне — прапорцыі. Галава сям’і — Юзаф, і самая вялікая карона намалявана на яго галаве, хаця па ідэі і ўсіх законах логікі самая вялікая карона павінна быць калі не ў Езуса, то ў Марыі. Але патрыярхальшчына — цікавая рэч! Такая праца магла ўзнікнуць толькі ў нядаўна ахрышчаным асяроддзі, і недзе ад Наваградка да Ракава, і яшчэ яна мае нехрысціянскую архаіку. Апякун сям’і — гэта гаспадар, а ў хрысціянскай тэматыцы заўсёды пераважаюць два асноўныя героі — Марыя і Езус. Ведаючы ўсё мастацтва, мы не зможам знайсці аналогіі. Можна гаварыць пра такую рэч, як тыпалогія, ці пра тое, што мастакі называюць цяпер плагіятам.

 

— Можа, назавём гэта больш далікатна — мастакі прытрымліваюцца канонаў?

— Рэлігійныя рэчы маюць аналогію. Мастак не будзе думаць пра тое, што ён у кагосьці змалёўвае, — такая сістэма мыслення ў мастакоў. Ведаючы ўсё, ты проста малюеш, а пасля можаш знайсці ў некага аналогію. Аналогію гэтай карціне мы не знойдзем. У гэтым яе ўнікальнасць. Карціна вельмі цёплая па каларыце і выдатна перадае святасць сям’і. Глядзіш і думаеш, што толькі ў такой сям’і мог вырасці Езус...

Тут вельмі сцэментаваная кампазіцыя. На перакрыжаванні дыяганаляў ляжыць хлеб, тое, што Езус пасля разламае. У цэнтры змешчана не груша або келіх, а менавіта хлеб — сімвал Апошняй Вячэры. Гэта карціна як бы дае зразумець: Езус маленькі, але Яму прадвызначана падзяліць рэальны зямны хлеб і зрабіць яго хлебам духоўным і вечным.

 

— А як Вам падабаецца гульня з колерамі?

— Самае цікавае зроблена з колерам: Езус намаляваны ў чырвоным, як заўсёды падаецца на традыцыйных нашых абразах. Сімвал таго, што Яго чакае цяжкі шлях. Усё астатняе намалявана ў кананічным беларускім жывапісе. Марыя прыгожа апранута, як шляхцянкі тых часоў. Юзаф подобны да людзей, якіх мы сустракаем у іншых нашых карцінах. Адно з сімпатычных вырашэнняў — мне вельмі падабаецца як мастаку — выява свечкі. Звычайна свечку малююць рэалістычна, а тут — чырвоным колерам. Яна столькі цяпла дае! Яна намаляваная ў падтрымку чырвонаму адзенню Езуса — свечка зноў сімвалічна спрацоўвае...

 

— А наколькі мастак гэтай карціны, Гілярый Хаецкі, вядомы?

— Мастак Гілярый Хаецкі якраз зусім невядомы, але тое, што ён рызыкнуў увайсці ў гісторыю, выклікае павагу. У тыя часы мастакі амаль не пісалі свае імёны. Ён напісаў сваё імя і прозвішча адразу пасля імёнаў Езуса, Марыі і Юзафа, прычым імёны святых асобаў пададзеныя маленькімі літарамі, а сваё ён напісаў вялікімі. Гэты мастак ведаў еўрапейскае мастацтва — нагадаю «малых галандцаў», якія малявалі жанравыя карціны, а не святых — і выдатна пераняў іх свабоднае стаўленне да творчасці.

 

Фрагмент скульптуры
«Успенне Багародзіцы».
З фондаў Музея
старажытна-беларускай культуры
IМЭФ НАН Беларусі.
Фота А. Глекава і М. Новікава.

— Ці памятаеце Вы яшчэ адну вельмі цікавую рэч — скульптуру «Успенне Багародзіцы»?

— Скульптура з паліхромным роспісам захавалася ў добрым стане, а, як ведаем, рэчы з паліхромным роспісам цяжка захоўваць. Час разбурае, і рэстаўратарам даводзіцца шмат працаваць, пасля чаго знікае аўтэнтыка. Праца зробленая ў класічных традыцыях народнага разьбярства.

 

— Гэта скульптура вельмі кранальная, выклікае замілаванне...

— Яна сапраўды кранальная. Народнае мастацтва прыземленае, ачалавечанае, няма задачы трымання стыляў. Майстар, які рабіў яе, меў канкрэтную задачу — паказаць прыгожую жанчыну. У нашым выпадку прыгожая беларуская жанчына — гэта Маці Божая. Ён падаў не толькі прыгожы воблік, але і ўпрыгожыў Яе адзеннем. Пасля была прынята на ўзбраенне ў народным дэкараванні гэтак званая набойка. Як вядома, потым набойка з’явілася на шпалерах і іншых рэчах. Кветачкі на адзенні Маці Божай выдатна размеркаваны. Калі пакласці на матрыцу, то заўважым, што яны геаметрычна правільна выкладзены і нагадваюць спакойны луг. Менавіта гэта адзенне надае вобразу Багародзіцы асаблівы ўрачысты спакой.

 

— У мастацтве даволі шмат скульптураў «Успення». На Вашу думку, чым наша «Успенне» адрозніваецца ад іншых?

— Ёсць шмат скульптураў, выкананых прафесійнымі майстрамі, якія імкнуліся добра падаць нейкія складкі, залазілі ледзь не ў натуралізм. Яны былі майстрамі і адчувалі сябе абавязанымі перад Марыяй, і хацелі паказаць Яе ў багацці стылю той эпохі. А ў нас усе стылі адкінутыя і разьбяная скульптура вернутая да чыста народнага прачытання і разумення прыгажосці — гэта спакой, ураўнаважанасць. Гэта вельмі прыгожы твор народнага мастацтва высокага ўзроўню.

 

— Дзякуй, спадар Фелікс, за вяртанне да выставы «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі». Спадзяюся, што Вашыя развагі зацікавяць нашых чытачоў і заахвоцяць наведваць музеі, цікавіцца айчынным мастацтвам ды і ўсім, што звязана з культураю Беларусі.

Размаўляла Іна Ламака.

Фотаздымкі прадстаўлены
Нацыянальным мастацкім
музеем Рэспублікі Беларусь.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY