|
|
|
№
3(69)/2014
Жыццё Касцёла
Інтэрв’ю
Да 100-годдзя святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратурная спадчына
Пераклады
Рэлігія і свет
Літаратуразнаўства
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
«КАЛІ ПАЎСТАНЕ СУПРАЦЬ МЯНЕ ВОЙСКА, НЕ ЗАБАІЦЦА СЭРЦА МАЁ» Памінальная малітва на палях Чашніцкай бітвы Рымскія святыні
Сцежкамі памяці
Паэзія
Прэзентацыя
Проза
Літаратуразнаўства
Мастацтва
Галерэя
|
Данатэла (каля 1386–1466), як называлі сучаснікі і нашчадкі Даната дзі Нікола дзі Бэці Бардзі, быў рэнесансавым наватарам у італьянскай скульптуры. «Засноўваючыся на руплівым вывучэнні натуры і ўмела выкарыстоўваючы антычную спадчыну, Данатэла першым з майстроў Адраджэння здолеў вырашыць праблему ўстойлівай пастаноўкі фігуры, перадаць арганічную цэльнасць цела, яго цяжар, масу. Адным з першых ён стаў выкарыстоўваць у сваіх творах тэорыю лінейнай перспектывы», — напісала пецярбургская даследчыца мастацтва Цэцылія Нэсельштраўс1. Данатэла нарадзіўся ў сям’і рамесніка ў Фларэнцыі або ў наваколлі сталіцы Тасканы. Падлеткам ён атрымаў першыя ўрокі мастацтва ў брыгадзе майстроў, што працавала над упрыгожваннем галоўнага сабора горада Санта Марыя дэль Ф’ёрэ. Мяркуецца, што ўжо тады Данатэла пазнаёміўся з крыху старэйшым Філіпа Брунэлескі, заснавальнікам рэнесансавай архітэктуры. Сяброўства праз усё жыццё было шляхам творчага ўзаемаўзбагачэння і сапраўды рэвалюцыйнай дзейнасці двух геніяў ранняга Адраджэння. Пазней юны Данатэла працаваў памочнікам у майстэрні выдатнага скульптара Ларэнца Гібэрці. У 20-гадовым узросце ён выканаў сваю першую самастойную скульптуру для аднаго з парталаў сабора — так распачалася яго творчая дзейнасць у родным горадзе. У 1431–1433 гг. Данатэла разам з Брунэлескі працаваў у Рыме, вывучаючы антычнае мастацтва, што адразу знайшло адлюстраванне ў ягоных творах. Надзвычай плённым было дзесяцігоддзе ягонай працы ў Падуі (1443–1453), дзе Данатэла ўпрыгожыў скульптурамі сабор св. Антонія і стварыў знакамітую статую Гатамэлаты, першы адліты ў бронзе конны помнік эпохі Адраджэння. Падуанцы так моцна палюбілі скульптара, што не хацелі выпускаць яго з свайго горада. Але Данатэла вярнуўся ў Фларэнцыю, дзе плённа працаваў для Касцёла да самай смерці ў 80-гадовым узросце.
Ужо на пачатку свайго творчага шляху малады скульптар стварыў шэдэўр, якому было наканавана роўна праз сто гадоў даць моцны імпульс для развіцця скульптуры Высокага Рэнесансу ў творчасці Мікеланджэла. Статуя «Св. Ян Евангеліст» (1409–1415) — адно з выразных словаў у новай пластычнай лексіцы пасля стагоддзяў Сярэднявечча. Аўстрыйскі класік мастацтвазнаўства Макс Дворжак так ахарактарызаваў скульптуру: «Гэта велічная постаць, якая, безумоўна, аказала ўплыў на «Майсея» Мікеланджэла. Няма ў ёй нічога нестабільнага. Моцна сядзіць на троне святы, а ягоныя масіўныя формы ясна вырысоўваюцца. Каменны блок ажыўляюць пранізлівы позірк вачэй і натуральна пададзеныя пазіцыі галавы і цела. Вось першая рэнесансавая скульптура!»2. Немагчыма ўстрымацца, каб не глядзець на твор Данатэла вачыма Мікеланджэла, праз прызму ягонай скульптуры «Майсей». І справа тут не толькі ў падабенстве кампазіцыі. Галоўнае — гэта сіла вобраза. Пасланец Усявышняга паўстае перад чалавецтвам, каб данесці, паведаміць людзям Боскую праўду. У Мікеланджэла пластыка напоўнена каласальнай энергіяй, яна падпарадкавана дынамічнаму рытму, а ў ягонага папярэдніка з ранняга Рэнесанса пераканана ўвасобленая непахісная, спакойная моц. Ёсць пэўная драматычная напружанасць у твары св. Яна: у сціснутых вуснах, нахмураных ілбе і, перш за ўсё, у вачах, скіраваных па-над намі, па-над штодзённым светам людзей. Другі вузел напружанасці — левая рука святога, што абапіраецца на кнігу. Пальцы рукі сціскаюцца амаль у кулак. Які кантраст з трактоўкай правай рукі, што паслухмяна кладзецца на калена і цалкам уліваецца ў спакойную плынь формы ўсяе правай часткі фігуры! У кантрастах, якія чытаюцца не адразу, і заключаецца пластычнае багацце гэтага твора. Галава святога вырашана ў цвёрдай статычнасці. Статыка працягваецца ў спакойным развіцці формы пры пераходзе да корпуса фігуры: раздвоеныя пасмы барады не парушаюць гэты ўстойлівы парадак — ён, здаецца, пануе і ў трактоўцы верхняй часткі фігуры. Але ўгледзьцеся: для Данатэла ледзь кранутыя складкамі мантыі грудзі святога — магутная, як рыцарскі панцыр, субстанцыя. Ніжняя частка фігуры завяршае кантрастам усю кампазіцыю. Буйныя складкі цяжка спадаюць хвалямі з каленяў, перасякаюцца і разбіваюцца ў дробны рысунак каля ступняў святога. Сапраўды, у гэтай скульптуры ёсць першапачаткі магутнай энергіі творчасці Мікеланджэла. Праз трыццаць гадоў ужо пажылы майстар звяртаецца да вобраза св. Яна Хрысціцеля. Мармуровая фігура ў чалавечы рост дае нам даволі рэдкі прыклад трактоўкі тэмы: святы паказаны ў юнацкім узросце. Вобраз перагукваецца з работамі ранняга перыяду творчасці Данатэла, ягонымі двума скульптурнымі выявамі Давіда — юнага героя, пераможцы і выратавальніка народа. Скульптар гаворыць моладзі аб тым, што чалавек здольны на пасіянарны подзвіг з самых ранніх гадоў жыцця. Калі Мікеланджэла ў сваім знакамітым «Давідзе» паказаў спелага мужчыну ў росквіце фізічных і духоўных сілаў, то Данатэла ў выявах сваіх юнакоў падкрэсліў перш за ўсё пяшчотную крохкасць плоці (але і юнацкі імпэт) сваіх герояў.
Св. Ян Хрысціцель — адухоўлены, пазначаны Боскай сілай маладзён. Прыгожая галава, што нагадвае яснасцю рысаў рымскія патрэты, пастаўлена на тонкай шыі над вузкімі плячыма маладога інтэлектуала, для якога духоўнае жыццё важней за фізічныя практыкаванні. Відавочна, што гэта яшчэ зусім падлетак, але потым пачынаецца дзіўная метамарфоза. Данатэла пластычна трактуе рукі святога як найважнейшы цэнтр вобразнай выразнасці. У правай руцэ св. Ян трымае сцябло. Лінія аголенай рукі замыкае правы бок фігуры святога спакойным цячэннем пластычнай масы. Левая рука ахутана плашчом, які спадае з левага пляча, і сагнута ў локці. Як бліскуча вырашана скульптарам кісць гэтай рукі з тонкімі пальцамі! Вялікі Агюст Радэн, безумоўна, натхняўся гэтай пластыкай. Кампазіцыйны баланс фігуры знаёмы нам яшчэ з антычнай скульптуры. Сагнутая левая рука знаходзіць кампазіцыйны працяг у правай назе, якая робіць лёгкі крок, а статыка правай рукі адгукаецца ў выяве левай нагі, на якой трымаецца цяжар усяе фігуры. Але гэта не толькі фізічны баланс: у супярэчлівым суладдзі праяўляецца духоўная сутнасць вобраза. Гэта пачатак шляху вялікага прарока. Развіццё тэмы св. Яна Хрысціцеля адбываецца праз два гады, у 1457 годзе. «Спелы і навучаны жыццём майстар звяртаецца да чалавечага болю. Бязлітасная праўдзівасць у мастацтве ёсць для яго ажно пакутлівай патрэбай», — напісала пра гэты перыяд славацкая даследчыца Людміла Пэтэраёва3. Бронзавая скульптура, выкананая для сабора ў Сіене, — гэта ўжо ўвасабленне вобраза прарока, які прапаведуе чалавецтву. На твары аскетычнага прапаведніка адбілася не толькі натхненне веры, але таксама і горыч, выкліканая неразуменнем многімі ягонай праўды. Фігура св. Яна да самых каленяў ахутана вярблюджай скурай з хвалістымі космамі. Адной рукой ён моцна прыціскае да сябе тонкі, высокі крыж, а правая рука ўзнятая ў жэсце благаслаўлення. Ва ўсёй пластыцы фігуры ёсць нервовая, сутаргавая напружанасць, якая нараджае абвостраны драматызм. Святы ідзе да сваёй пакутніцкай смерці і ведае пра гэта, і не баіцца ворагаў веры. Галава св. Яна павернута ў бок, што надае яшчэ большую жыццёвасць вобразу. Гэта своеасаблівае вечнае казанне ў бронзе для ўсіх пакаленняў... У савецкай мастацтвазнаўчай навуцы і педагогіцы назіраліся рэгулярныя спробы бачыць «перадавую сутнасць» рэнесансавага мастацтва ў параўнанні з сярэднявечным у тым, што «перадавое» было значна больш «свецкім», «натуралістычным», «адыходзіла ад царкоўных канонаў» і да т.п. Каментатары ў Мінску даходзілі да таго, што казалі пра «адсутнасць рэлігійнага», напрыклад, у гравюрах да Бібліі Ф. Скарыны. Каб манаграфія прайшла ў выдавецтве, нават класікі маскоўскай школы мастацтвазнаўства пісалі, што нямецкія гравюры на біблійную тэму «мацней за тэкст бібліі» (менавіта з малой літары). Новым пакаленням беларусаў трэба пазбаўляцца ад гэтых навязаных комплексаў, што выйшлі з тэарэтызатарскіх маніпуляцый марксізму. Неабходна пераасэнсаваць з’явы выяўленчага мастацтва славутай мінуўшчыны, усвядоміць сапраўдную сутнасць творчых дасягненняў беларускай і ўсяе еўрапейскай мастацкай класікі. Творчасць Данатэла і яго сучаснікаў — гэта хрысціянскае служэнне палымяных вернікаў Касцёла. Іх пошукі і адкрыцці ў мастацкай форме неад’емныя ад духоўных пошукаў Боскай ісціны, якую яны знаходзілі і ўслаўлялі ў сваіх несмяротных творах. Валеры Буйвал
|
|
|
|