|
|
|
№
3(69)/2014
Жыццё Касцёла
Інтэрв’ю
Да 100-годдзя святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратурная спадчына
Пераклады
Рэлігія і свет
Літаратуразнаўства
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
«КАЛІ ПАЎСТАНЕ СУПРАЦЬ МЯНЕ ВОЙСКА, НЕ ЗАБАІЦЦА СЭРЦА МАЁ» Памінальная малітва на палях Чашніцкай бітвы Рымскія святыні
Сцежкамі памяці
Паэзія
Прэзентацыя
Проза
Літаратуразнаўства
Мастацтва
Галерэя
|
«Ах, гэтыя Пружаны, так глыбока яны ўвайшлі ў маё жыццё...», — сказаў кардынал Казімір Свёнтэк падчас урачыстай святой Імшы ў пружанскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі 15 жніўня 2009 года. У той незабыўны дзень патранальнага свята парафіі ўдзячныя пружанцы дзякавалі Богу за 70 гадоў святарскага служэння свайго былога вікарыя Казіміра Свёнтка. Тут, у пружанскай парафіі, у 1939 годзе ён распачаў свой святарскі шлях, тут цэлебраваў сваю прыміцыйную Імшу, тут разам з парафіянамі перажываў драматычныя падзеі Другой сусветнай вайны... Праз 70 гадоў, стоячы каля алтара пружанскай святыні, 95-гадовы кардынал коратка і проста прыгадваў перажытае, звязанае з Пружанамі. Ён называў тады толькі факты, якія прамаўлялі самі за сябе: «21 красавіка 1939 года я стаў вікарыем у касцёле ў Пружанах. А 17 верасня таго ж года савецкія войскі ўступілі ва ўсходнюю частку Польшчы, у тым ліку і ў Пружаны. Толькі 5 месяцаў мая душпастырская праца працягвалася ў нармальных умовах. Настаў час панавання савецкай сістэмы, якая абапіралася на матэрыялізм і атэізм. Вынікаў гэтага панавання не давялося доўга чакаць... 21 красавіка 1941 года, у другую гадавіну маёй працы ў Пружанах, ноччу НКУС забраў мяне менавіта з гэтай плябаніі (што знаходзілася з другога боку касцёла). Мяне завезлі ў Брэст, кінулі ў вязніцу — адразу ў камеру для асуджаных на смерць, дзе я прабыў два месяцы. З 21 на 22 чэрвеня я неспадзявана выйшаў на волю — „дзякуючы“ нападу гітлераўскіх войскаў на Савецкі Саюз і захопу горада Брэста. Іронія лёсу! Сваім выратаваннем ад расстрэлу чэкістамі я «абавязаны» ... гітлераўцам. Калі б яны не ўварваліся ў той час, мяне б цяпер тут не было. 30 чэрвеня 1941 года я ў першую чаргу паехаў у Пружаны. Ах, гэтыя Пружаны, так глыбока яны ўвайшлі ў маё жыццё: вязніца — Пружаны, Пружаны — вязніца... Плябанія, пра якую я згадваў, была занятая, а на яе дзвярах я ўбачыў картку з надпісам па-нямецку: „Занята гестапа“. Я трапіў з агню ды ў полымя. <...>
Аднак я зноў нёс душпастырскае служэнне ў пружанскай парафіі да 16 ліпеня 1944 года, пакуль гестапа не загадала вывезці мяне ў лес і расстраляць. Другі раз іронія лёсу... Гэтым разам „выратаваў“ КДБ*... Я зноў вярнуўся ... у Пружаны, але ненадоўга, на шэсць месяцаў. 17 снежня 1944 года з гэтай жа плябаніі мяне зноў забраў КДБ і вывез у Мінск, дзе пасля 7-мі месяцаў зняволення, 21 ліпеня 1945 года, вядомая сваімі жорсткімі прысудамі савецкая „тройка“ асудзіла мяне на 10 гадоў зняволення з адбываннем кары ў ГУЛАГу. Я ўздыхнуў з палёгкаю — на гэты раз не было смяротнага прысуду...» Ксёндз Казімір Свёнтэк выжыў і выстаяў у тых нялюдскіх умовах савецкіх лагераў, каб стаць сведкам веры і жывым яскравым прыкладам дзеяння Божага Провіду ў лёсе чалавека, як ён сам не стамляўся паўтараць, «нават у сітуацыях, безнадзейных з чалавечага пункту гледжання...».
Памятаецца, што ў той святочны жнівеньскі дзень 2009 года кардынал не спяшаўся ад’язджаць з Пружанаў. Пасля ўрачыстай св. Імшы ў двары касцёла, каля грота Маці Божай, Яго Эмінэнцыя сустрэўся з парафіянамі і з тымі, хто даўно жыве далёка ад радзімы, але ўсе гэтыя гады ўдзячна згадвае свайго «вясёлага, дасціпнага» вікарыя і хто знарок прыехаў для таго, каб пабачыцца з ім. І ён, памаладзелы, разам з усімі спяваў, успамінаў, слухаў словы віншаванняў з юбілеем святарства, жартаваў... А пасля абеду ў гасцінным дамку гаспадара парафіі, калі ўсе сабраліся ад’язджаць, Эмінэнцыя нечакана прапанаваў наведацца да «яго» крыніцы і набраць у дарогу вады... Адчувалася, што яму хочацца яшчэ тут пабыць, пахадзіць сцежкамі маладосці, паказаць іх нам... Тое светлае перажыванне засталося ў душы назаўсёды, як смак халоднай, крыштальна чыстай вады з «ягонай» крыніцы...
Калоссе жывой веры, зерне якой рупліва і дбайна сеяў на пружанскай зямлі малады і няўрымслівы вікарый Казімір Свёнтэк... Прапануючы нашым чытачам артыкул пра гісторыю пружанскага касцёла, хочацца прыгадаць словы кардынала, сказаныя ім 14 жніўня 1998 года падчас рэкансэкрацыі гэтай адноўленай святыні. Сёння яны гучаць як яго айцоўскі і пастырскі наказ, пакінуты не толькі пружанскім парафіянам, да якіх былі звернуты, але і ўсім нам: «Кожны павінен памятаць: святыня трымаецца на нашай моцнай, непахіснай веры ў Бога і на вернасці, адданасці свайму Касцёлу. Няхай жа гэта адроджаная святыня будзе вечна жывою крыніцаю ўзнаўлення ў нашых душах веры, рэлігійнага жыцця і прыналежнасці да Каталіцкага Касцёла». Крыстына Лялько
Гл. таксама:
* Тут і далей Яго Эмінэнцыя меў на ўвазе супрацоўнікаў дзяржбяспекі.
|
|
|
|