Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(69)/2014
Жыццё Касцёла

ВІНШАВАННЕ З РАДЗІМЫ
Інтэрв’ю
Да 100-годдзя святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка

«АХ, ГЭТЫЯ ПРУЖАНЫ...»

З ГІСТОРЫІ ПРУЖАНСКАГА КАСЦЁЛА
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратурная спадчына

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Рэлігія і свет
Літаратуразнаўства
Рымскія святыні

ЛАТЭРАНСКАЯ БАЗЫЛІКА
Сцежкамі памяці

УЖО НЕ ДАЛЁКАЯ ГАРА...
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Проза

НОВЫЯ ТВОРЫ
Літаратуразнаўства
Мастацтва
Галерэя

Ян ЧАЧОТ

ВЕРШЫ

Сціпласць меркавання
пра самога сябе

Кожны, о Божа, разумным і добрым быць хоча,
Але не раз яго здрадная сіла сурочыць.
Засцеражы нас ад пыхі, ад страты сумлення,
Каб мы на брата не мелі ў кішэні камення.
«Кіньце ў яе, хто бязгрэшны, камень», — прамаўляе
Збаўца натоўпу, і ў сораме той адступае.
«Я не ахвяр — міласці прагну»… Мы ж брата —
Бліжняга нашага — ўсё асуджаем зацята.
Надта ж разумнымі часта сябе мы ўяўляем,
А міласэрнасці, як і не мелі, не маем.
Дай дабрыні нам, о Божа, з Табою суладнай,
На грэх уласны відушчай, да іншых спагаднай.
Божа, і розум нам дай справядлівы і правы,
Каб да сябе быў суровы, да іншых ласкавы.

 

Людскасць

«Устань, і я чалавек!» — апостал Пётр сказаў,
Калі Карнэлій сотнік да яго ног упаў*.
Хто тых людзей, што падаюць, з зямлі падніме?
«Устань, і я чалавек», — хто скажа ім, абніме?
Хутчэй затопчуць бліжняга з пагардай людзі,
Нібыта шчасце ім за гэта, неба будзе.
Не думаюць аб тым, што пыха і ўзнашэнне
У пекла сцежку сцелюць, а не да збавення.
О чалавек, шануй у бліжнім сваім брата,
Жыццё зямное — міг і вечная расплата,
І слава на зямлі пра добрага трывае,
Ў нябёсах ласку ён таксама атрымае.
Хто бліжняга ўспамог, падняў, быў справядлівы,
Таму спрыяе Бог, ён тут і там шчаслівы.

 

Святая пакора

Ва ўбоганькай стаеначцы
І на худой пасцелечцы
Ты, Божа, нарадзіўся нам,
Каб ратаваць нас, грэшнікаў.
    Вол з вослікам там чмыхалі,
    На цельца Тваё дыхалі
    І так яго сагравалі,
    А пастушкі заспявалі.
Чаму ж нам у нашым горы
Не ўзяць прыклад з той пакоры,
Як ва ўбостве зведаць міласць,
Не зграшыўшы праз пыхлівасць?
    Ад калыскі і да крыжа
    Быў Ты, Божа наш, прыніжан;
    Колькі Ты цярпеў бязмерна,
    А да ўсіх быў міласэрны.
Мы ж за нейкае драбносце
Гнеў у сэрцы доўга носім,
Ненавідзім, помсту родзім
І душы збавенню шкодзім.
    О, наш Езу міласэрны!
    Ты цярпеў за люд свой верны,
    Учыні, каб мы трывалі,
    З Цябе прыклад жыцця бралі,
Ад калыскі да магілы
Шчыра каб табе служылі
І свой неслі крыж цярпення
На Тваю хвалу й збаўленне.

 

Цярплівасць

(Думка з казання ксяндза Скаргі
на 3-ю нядзелю па Вялікадні)

Як пабіліся два хлопцы, бацька ўзяў аднога,
Яго рэмнем адхвастаўшы, кажа да другога:
Ты не сын мне, больш нічога да цябе не маю!
Так зракаецца і Бог нас, калі не карае.
Гаспадар пра дрэва ў лесе дужа не пячэцца,
Хай расце сабе, ён потым спаліць яго ў печцы.
Але ў садзе дрэва песціць, росціць, даглядае;
Так і Бог, каго палюбіць, да сябе схіляе.
Калі лекар пэўна бачыць: хворы памірае,
Піць і есці, колькі хоча, яму дазваляе.
Калі ж бачыць: ачуняе, — голадам прыморыць,
Нават як не ўпадабае гэткіх лекаў хворы.
Калі Бог каго палюбіць, — дбае пра збаўленне:
Спашле кары, абмяжуе і піццё-ядзенне.
Дык з цярплівасцю прымайма болесць, недаедак,
Верачы, што Бог нас мае за ўлюбёных дзетак.

 

Вясновая думка

Цуда прыроды — вясною ад сну абуджэнне,
Зімняй паразы нішто ўжо цяпер не прыпомніць.
Траўка зялёная весціць сваё нараджэнне,
Мушкі лятуць і купаюцца ў сонечных промнях.

Мёртвым было ўсё, і раптам жыццё забруіла,
Думкі няма пра аджыўшае больш у нікога,
Новыя птушкі лятуць, матылі; з новай сілай
Хваліць жывое ўсё Створцу — Магутнага Бога!

Як жа салодка спачыць у зямлі сваёй, з вецця
Звялым упасці лістком, што быў некалі пышным.
Хоць і не ўспомняць пра нас, можа, ў будучым свеце,
Як пра той лісцік, што спее цяпер у пупышцы.

 

Попель І і Попель ІІ Хростак

Не кляні, васпан, чарцямі ні сябе, ні брата,
Бо пракляцце небяспечна — прыкладаў багата.
Гэтак Попель Стары кляўся, як схлусіць увішна:
«А няхай, калі няпраўда, з’ядуць мяне мышы!»
Хоць яго яны не з’елі, дый загрызлі сына.
Пэўна, злое выхаванне гэтаму прычына.
Так, аднойчы Попель Хростак, малады, бяспутны,
Паканаў дзядзькоў уласных дзіка і акрутна.
Запрасіўшы тых у госці, загадаў ён слугам
Іх у возеры ўтапіці… Аж аднекуль цугам
Пхнецца войска незлічона — армія мышына!
Наляцела, з’ела жонку і самога сына.
Дык калі з кляцьбы мышамі на’т жыццё змадзее,
Што ж казаць тады пра д’яблаў, пане-дабрадзею?!

 

Кацярына Ягелонка,
дачка Жыгімонта І

Калі з нейкай здраднай сілы
Хоча кінуць мужа жонка,
Хай успомніць, што зрабіла
Кацярына Ягелонка.
    Фінляндскага князя Яна
    Была жонкай з ласкі Бога,
    Брат жа Эрык злою воляй
    Яго ўкінуў да астрога.
Хоць акрутны брат дазволіў
Ехаць, дзе сама жадала,
Кацярына ж Ягелонка
Так на тое адказала:
    «Прысягала быць з ім разам
    Як у шчасці, так ў нядолі,
    Горкі лёс майго сужэнца
    Падзялю я і ў няволі».
Сем гадоў яна трывала
Годна з мужам у палоне,
Аж пакуль рука Гасподня
Не ўсадзіла іх на троне.
    Калі з нейкай здраднай сілы
    Хоча кінуць мужа жонка,
    Хай успомніць, што зрабіла
    Кацярына Ягелонка.

 

Кацярына з Сабескіх,
княгіня Радзівіл

Гэй вы, кабеткі, гэй вы, кабеткі,
    Парожнія балбатухі!
Хоць розум ёсць і між вамі рэдкі,
    Натхнення боскага зрухі.

Аб тым, што было не пустое слова,
    А праўда сама паўстала,
Слухайце, як жа Радзівілова —
    Сястра караля казала:

«Няхай бы дбалі пра душаў збавенне
    Сялянаў сваіх палацы,
Бо для багацця іх памнажэння
    Яны, як валы, у працы».

Ды каб жа кожна вяльможна пані
    Так думала ў шчырай веры,
То, пэўна, ў вёсках усе сяляне
    Умелі б казаць пацеры.

 

Філіжанка

Утапіўся густ у куфлі, зараз тоне ў шклянцы!
Са стала йсці прэч сказала шклянка філіжанцы.
Бо малая, бо куды ёй да вялікай шклянкі,
Хоць яе аздобна красяць кветкі-маляванкі.
Хоць ад кіпню тая шклянка лопнула, ўсё роўна
Зноў рука яе хапае, бо яна бяздонна!
Ліюць каву ды гарбату туды неашчадна,
Як і іншыя напоі, груба і бязладна.
Хто ж нас верне да культуры? Мілыя кабеткі,
Даставайце філіжанкі, сподачкі, сурвэткі!
Няхай каву ды гарбату стане піць нам звыкла
Не са шклянкі марнатраўнай — з філіжанкі сціплай!

 

Канвалія

Белых канвалій кветачкі дробныя
З пахам чароўным, хоць не аздобныя,
Так і здаецца, Пан Бог тут не надта
Думаў над іхняй шыкоўнай апраткай.
А як тварыў Ён, напрыклад, цюльпаны,
Дбаў, каб прыгожа яны былі ўбраны,
Але рашыў, што ім пах будзе лішні,
Каб не грашылі пагардай да іншых.

Тым жа Ён спосабам нас падзяляе:
Кожны прыкмету адрозную мае,
Каб не ўзносіўся той перад гэтым,
Пэўна ж, не маючы нейкай прыкметы.
Пан Бог адорвае ўсіх нас ласкава,
Бачна ў канваліі гэта яскрава:
Хоць бы і ружа яе тут зацьміла,
Нават пры ёй выглядаць будзе міла.

 

Лён

Лён-лянок найпрыгажэйшы, кветачка нябёс,
Ці ж хто ведаў, што ты будзеш мець шчаслівы лёс?!
З бялюсенькіх валаконцаў найчысцейшы строй
Сведчыць будзе ўсяму свету пра душы настрой —
Светлы, ўзнёслы і ўрачысты, як той Божы дар,
Што расці даў на зямельцы свету Уладар.
Акрываеш наша цела — сціпласць нам даеш,
Сэрцы ласкай аздабляеш, думкі ўвыш снуеш.
І хутчэй гранітны помнік з часам упадзе,
Чым цябе, ляночак, знішчыць моль ці пыл звядзе.

 

Кросенка

Не стаў мне, мама, кросенкаў побач
З праллямі нашымі тымі,
Хто не зважаюць на люд убогі,
А снамі жывуць пустымі.

Я не хачу быць між тых дзяўчатак,
Хто свой дыванок, няўдала
Вытканы, кіне сабе пад ногі,
Хоць з нітак каштоўных ткала.

Хоць дагары я не ўзношу носа,
Але й не сцялю пад ногі;
Бо сорам таптаць дарагі каберац,
Калі пад акном убогі!

Дзяўчаты-праллі, нясем астаткі:
Хай стануць кашуляй, пасам
Для ўбогіх — выраб той лепшы Богу,
Чым стаць на яго абцасам.

 

Убогі багацей

Спажывай ды весяліся, бо жыццё — мінае! —
Кажа і на стол гарэлку, пернікі стаўляе.
За сняданкамі — абеды, ўвечары — прысмакі,
Каб застаўся па жыцці тым плён зусім ніякі.
Узгадай жа бедака ты, што валяўся ў смецці,
Ад якога адракліся дабрадзеі дзеці.
Каб яны ды мелі розум, пэўна бы прасілі:
Ўспамажы Тваёю ласкай яго, Ойча мілы!
Мы ж з ім будзем жыць калісьці ў адным часе, краі,
Ён нам болей за чужынцаў там паспагадае.
Як найлепшаму багаццю, здольнасці вучыся:
Хлеба бедным даць, самому ж перніка зрачыся.

 

Бедны чалавечак

Бедны вельмі чалавечак той, што ў страўнік пхае
Ўсё — і прэснае, й квасное — ўсё, што толькі мае:
Хрэн, супы, гарчыцу, рыбу, пернікі, катлеты,
Вантрабянкі, паляндвіцы, шынкі ды паштэты;
Развядзе віном ды півам, каваю, мадэрай,
Аж вулканам стане бруха, галава — кратэрам.
Нават хто да ежы мкнецца не з падобным спрытам,
Пазірае на закускі ласа, з апетытам.
Але думай пра абжорства гэткага распусту:
Хочаш быць здаровы й моцны? Дык еш боршч, капусту!

 

Заканчэнне

Хай пачнецца наша праца ў Імя Тваё, Божа!
        Й гэтак завяршыцца.
Хай у кожную хвіліну з Небам дапаможа
        Нам, верным, злучыцца.

Гэта працу нам акрыліць, вартасці падвоіць,
        Людскі суд умерыць,
Бо ў тых чыстыя жаданні, хто жыве Табою,
        Ў ласку Тваю верыць.

Дай жа, Божа, каб матывы гэтых сціплых спеваў
        Праліліся ў душы,
Агарнулі бліжніх, верных дабрыні павевам,
        Надзеяй не скрушнай!

У Тваёй то моцы, Божа! — свае песні скончу
        На Тваю чэсць, Ойча!

Вершы з кнігі: Czeczot Jan
«Peśni Ziemianina»,
przez Tłomacza Piosnek Wieśniaczych
z nad Niemna i Dzwiny. — Wilno, 1846.

Пераклад з польскай мовы
Ірыны Багдановіч.

Гл. таксама:
Ірына БАГДАНОВІЧ :: ПАЭТЫЧНЫ КАТЭХІЗІС ЯНА ЧАЧОТА ::


* Дзеі Апосталаў 9, 25–26 (спасылка Яна Чачота).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY