Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(69)/2014
Жыццё Касцёла

ВІНШАВАННЕ З РАДЗІМЫ
Інтэрв’ю
Да 100-годдзя святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка

«АХ, ГЭТЫЯ ПРУЖАНЫ...»

З ГІСТОРЫІ ПРУЖАНСКАГА КАСЦЁЛА
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратурная спадчына

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Рэлігія і свет
Літаратуразнаўства
Рымскія святыні

ЛАТЭРАНСКАЯ БАЗЫЛІКА
Сцежкамі памяці

УЖО НЕ ДАЛЁКАЯ ГАРА...
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Проза

НОВЫЯ ТВОРЫ
Літаратуразнаўства
Мастацтва
Галерэя

Лёневы наватворы

Паляшук паводле паходжання, Фёдар Дастаеўскі ганарыўся тым, што здолеў увесці ў рускую мову свой аўтарскі неалагізм – слова «стушеваться».

Ураджэнец Давыд-Гарадка Леанід ДранькоМайсюк і ў гутарковай мове, і ў літаратурнай творчасці ўпарта і падкрэслена скарыстоўвае два ўласныя словатворы – «далькажык» у значэнні «мабільнік, мабільны тэлефон» і «асветар» у сэнсе «інтэрнет».

Хочацца ўсклікнуць: «А даражэнечкі ж ты мой Лёнечка! Пры ўсяе да Цябе любові і павазе дазволь усумніцца, што прыжывуцца гэтыя сімпатычныя слоўцы ў нашае мове!».

Чаму? Ды таму, што «далькажык» прапануецца як беларускі аналаг грэцкаму слову «тэлефон» (tele phone – далёкі гук). Але, па-першае, і даўно звыклыя, ад часоў Антонія Меучы і Аляксандра Бела, стацыянарныя тэлефоны дазвалялі і дазваляюць не толькі далёка казаць, але і здалёк чуць. Па-другое, мабільнік вызначаецца не толькі тым, што яго можна практычна заўсёды мець пры сабе. Гэта яшчэ ледзь не кампутар у кішэні ці ў дамскай сумачцы. Самая просценькая мадэль дае мажлівасць не толькі аператыўна перамаўляцца, але і абменьвацца тэкставымі і графічнымі пасланнямі, здымаць фота- і відэасюжэты, бавіць час за гульнямі. Сёння можна скарыстоўваць мабільны і як FM-радыё, калькулятар, гадзіннік, будзільнік, таймер, каляндар, слоўнік, даведнік, нататнік, можна выходзіць з яго ў інтэрнэт і ў сацыяльныя сеткі!

А Internet – гэта найперш глабальная сетка для сувязі, атрымання і распаўсюду інфармацыі, а асветніцтва – толькі адна з ягоных шматлікіх функцый. Да таго ж само слова «асветар» успрымаецца хіба што як сінонім слова «асветнік».

Натуральна, лексіколагі могуць увесці абедзве гэтыя лексемы ў слоўнікі і праілюстраваць адпаведныя артыкулы цытатамі з апавяданняў Ленаніда Дранько-Майсюка, але пакуль што не даводзілася чуць, каб карыстаўся імі хтосьці, акрамя самога паэта.

Ды я быў бы зусім не супраць праз колькі год пераканацца, што абодва вынайдзеныя словы па-сапраўднаму прыжыліся ў нашае мове, што імі шырока і ахвотна карыстаюцца не толькі калегі-пісьменнікі і журналісты, але і ўвесь люд паспаліты.

21 лютага 2010 года,
у Сусветны дзень роднае мовы.

Уладзімір Сіўчыкаў і Генадзь Бураўкін
на выставе «Жодзінцы»
ў Палацы мастацтваў у Мінску.
6 лютага 2008 г. Фота Антона Матолькі.

Тапанімічныя рэзервы

Атрымаў ад жодзінскага краязнаўцы Галіны Аніскевіч электроннае пасланне. Напісала яна і пра тое, што ў раёне кавальскага завода цяжкіх штамповак работнікі выканкама далі новым вуліцам найменні: Вілейская, Мядзельская, Салігорская, Слуцкая, Смалявіцкая, Смілавіцкая, Пухавіцкая…

Зразумела, гэта куды лепей, чым сталічныя Алтайская, Амурская, Ангарская, Байкальская, Ілімская, Іркуцкая, Томская, Хабараўская… І ўсё ж.

Анічога не маю супраць гарадоў, ухваленых выканкамаўцамі ў назвах вуліц. Больш за тое, можна і трэба вітаць найменне Смалявіцкая, бо з аднайменным горадам Жодзіна крэўна знітаванае, узнікла на ўсходняй ускраіне Смалявіччыны як Жодзіна Слабада. Узнікла ў 1643 годзе пад першапачатковай назваю Багуслаў Поле, якую дасведчаныя гісторыкі лічаць скажоным Багуслаў Полісам (Boguslaw-polis — горад, што належаў яго заснавальніку князю Багуславу Радзівілу). Зазначу, што раней найменні вуліц мелі ў сабе канкрэтыку, неслі сэнсавую нагрузку. Калі вуліца звалася Смалявіцкай, дык і вяла яна абавязкова ў бок Смалявічаў. На жаль, сёння гэты прынцып занядбаны: побач паралельнымі ці перпендыкулярнымі могуць аказацца, скажам, Дняпроўская і Нёманская.

Як арганічную можна прымаць і Смілавіцкую. Вуліца з такой назваю ўзнікла ў ХVІІ стагоддзі адной з першых побач з Менскай, Барысаўскай, Жодзінскай.

Але як абгрунтоўваюцца астатнія назвы-наватворы? Проста з павагі да адпаведных гарадоў і іх жыхароў? Тады як вызначаць прыярытэты? У Беларусі ёсць самастойная адміністрацыйная адзінка Мінск, шэсць абласных цэнтраў, дванаццаць гарадоў абласнога падпарадкавання і сто васямнаццаць райцэнтраў — рэзерв для падобных найменняў, лічы, невычарпальны!

Найменні вуліц паводле беларускіх гарадоў, вядома ж, больш мілагучныя і не такія грувасткія, зсаветызаваныя і недарэчныя, як, скажам, «50 гадоў Кастрычніка», на якой давялося жыць і мне.

Але хацеў бы прасіць не толькі жодзінскіх выканкамаўцаў звярнуць увагу на яшчэ адзін натуральны рэзерв для вулічных найменняў. Гэта назвы вёсак, хутароў і ўрочышчаў, якія паглынуў горад. Магу прывесці як мінімум тры-чатыры аргументы на іх карысць.

Па-першае, гэта дазволіла б захаваць этнічную і гістарычную памяць пра іх. Па-другое, гучаць яны прыгожа і натуральна — варта толькі ўслухацца: Дубовы Лог, Дымкаўка, Крушыннікі, Ракітаў Кут, Яловіца. Па-трэцяе, яны непаўторныя. Малаверагодна, што яшчэ недзе знайшліся б вуліцы з назвамі Баршчоўка, Касьё, Ліпавая Клець, Падасоўе, Цітаўка…

І ўрэшце, гэта было б зусім невялікай платаю, прабачэннем за знішчаныя сялібы перад тубыльцамі і прашчурамі, а таксама данінаю памяці пра іх.

30 траўня 2013 года

У катэдральным храме г. Вісбі. 27 верасня 2012 г.

The are more things…

З электроннай рассылкі атрымаў ліст Анатоля Сідарэвіча, які пазіцыянуе сябе як публіцыста, літаратурнага крытыка, гісторыка, а таксама крытыка камуністычнай ідэалогіі:

«3 жніўня.

Пішу, працягваю пісаць успаміны пра Адамовіча. І раптам вельмі захацелася пазваніць ягонай дачцэ, Наталлі. Размаўляем, і я дазнаюся, што сёння сапраўдны, а не пашпартны дзень нараджэння Алеся Міхайлавіча. У дадатак высветлілася, што Наталля сёння на радзіме Алеся Міхайлавіча, у Глушы, толькі што пабывала на бацькавай магіле. Містыка! Чаму менавіта сёння захацелася ўзяцца за стары адкладзены тэкст? Чаму менавіта сёння захацелася патэлефанаваць Наталлі?»

Адказаў спадару Анатолю цытатаю з класіка ў сваім перакладзе:

The are more things in heaven and earth, Horatio,
Then are dreamt of in your philosophy.

(William Shakespeare. Hamlet.)

Шмат рэчаў ёсць на свеце, мой Гарацыё,
Што і не сняцца нашым мудрацам!

(Уільям Шэкспір. Гамлет.)

Дадаў таксама, што з задавальненнем згадваю колішнюю аўтобусную паездку на вераснёўскае, «пашпартнае» 80-годдзе класіка ў Глушу, куды запрасіла Наталля Адамовіч і пра якую нагадваюць мне найперш архіўныя фотаздымкі. Наведалі тады з Вольгай Іпатавай, Валянцінам Тарасам, Сяргеем Законнікавым і іншымі калегамі-літаратарамі магілы Алеся Міхайлавіча і ягоных сваякоў, пабылі ў бацькоўскім доме класіка і пры зачыненай аптэцы, якую меркавалася пераабсталяваць пад мемарыяльны музей, выступілі на вечарыне ў Доме культуры.

Сеў пераглядаць свае даўнія запісы і неверагодным чынам натрапіў на сваю містычную згадку.

Аніколі не было ні раней, ні пасля, каб у офісе па маім працоўным стале па кнізе «Беларуская літаратура і свет. Папулярныя нарысы» паўзла маленькая, але не чырвона-чорная, а шэрая, з сямю жоўтымі кропачкамі багоўка. У большасці еўрапейскіх моваў гэты сімпатычны і карысны людзям жучок імянуецца як Божае стварэнне. У англамоўных краінах завуць яго Ladybird, Lady Beetle, Ladybug, дзе Lady атаясамліваецца з Дзевай Марыяй, а таму літаральна перакладаецца як птушка ці жук Дзевы Марыі. Мабыць, таму і лічыцца, што забіваць багоўку нельга ні ў якім разе.

Толькі выпусціў яе ў акно, як пачуў званок дамафона.

Завітаў Уладзімер Арлоў, які прынёс і падпісаў мне кніжку сваіх заакіянскіх падарожных нататак і эсэ «Божая кароўка зь пятай авэню»! Можа, і да мяне прылятала багоўка з тае авеню?

Але і на тым дзівосы не скончыліся! Аказваецца, Уладзя парэкамендаваў і мяне дэлегатам на Міжнародную канферэнцыю па дзіцячай культуры і літаратуры краін Балтыйскага рэгіёну, бо дэбютаваў я ў выдавецтве «Юнацтва» кнігаю апавяданняў і п’ес «Гульня ў тастамант», прапрацаваў шэсць гадоў у часопісе для дзяцей і падлеткаў «Бярозка» дый як выдавец і складальнік спрычыніўся да тузіну дзіцячых арыгінальных і перакладных тамоў, да чытанак і хрэстаматый.

Не мінулася і чвэрць гадзіны, як сышоў мой цёзка, — патэлефанавала Лена Пастарнак, дырэктарка і добрая фея Балтыйскага цэнтра пісьменнікаў і перакладчыкаў, што ў горадзе Вісбі на шведскай выспе Готланд, і афіцыйна запрасіла на канферэнцыю!

Мажліва перакажу тое спадару Сідарэвічу як алаверды на ягоны мэсыдж:

«7 жніўня.

Дзякуй за Ваш ліст. Вярнуўшыся 1 верасня з адпачынку, я пастараюся даць на яго адказ».

Можа, напішу яму і пра іншую містычную праяву.

Здаецца, нямала сіл і часу паклаў, каб папулярызаваць асобу дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, мецэната, фактычнага заснавальніка майго роднага Жодзіна князя Багуслава Радзівіла. На мастацкай выставе «Millennium» пабачыў бюст князя Багуслава, які стварыў Аляксандр Бацьвінёнак, і напрасіўся да скульптара ў майстэрню. Там ён прызнаўся, што ствараў вобраз нашага славутага суайчынніка, памятаючы і пра бюст французскага караля Людовіка XIV, аўтар якога — найвыбітнейшы скульптар і дойлід італьянскага барока Джавані Ларэнца Берніні. Пагадзіўся, што было гэта цалкам абгрунтавана. Па-першае, «кароль-сонца» быў у далёкім, але ўсё ж сваяцтве, з нашым славутым земляком, а праз тое ласкава прымаў яго ў Вярсалі. Па-другое, Джавані Берніні і Багуслаў Радзівіл былі сучаснікамі. Яны нават маглі перастрэцца, але Багуславаў дзядзька, выхавацель і апякун Януш Радзівіл, наказаў пляменніку як заўзятаму падарожніку наведваць толькі пратэстанцкія краіны. А Італія, і тым болей Ватыкан, дзе пераважна жыў і працаваў Берніні, былі і ёсць краінамі каталіцкімі. А па-трэцяе, сам князь Багуслаў быў асобаю няўрымслівай, баракальнай!

Аказалася, што і ў Аляксандра Бацьвінёнка ў Жодзіне жывуць сваякі. Больш за тое, князеў бюст разглядаў ён як праект помніка заснавальніку горада і нават распрацаваў архітэктурную прывязку да плошчы з будынкам былога гарсавета, а цяпер краязнаўчага музея.

Перайшлі былі на зусім ужо прыватныя рэчы, і я сказаў, што ўсцешаны тым, што, як і князь Багуслаў, нарадзіўся 3 траўня.

Скульптар моўчкі выцягнуў з нагруднай кішэні свой пашпарт, у якім за дату нараджэння гэтаксама значылася 3 траўня! Хіба не містыка — гэткае неверагоднае супадзенне?!

7 жніўня, 14 верасня 2013 года

Мемуарны дзень

Прыемна было пабачыць праз некалькі гадоў даўняга знаёмца, які завітаў праведаць дый не дужа спяшаўся, што здараецца даволі рэдка.

З Сяргеем Чыгрынам знаёмы яшчэ з універсітэцкага філфакаўскага студэнцтва. Мы з ім аднагодкі дый абодва Мікалаевічы. На сваіх курсах былі старэйшымі за іншых студэнтаў: за плячыма ў яго ўжо было Магілёўскае культасветвучылішча, у мяне — Мінская мастацкая вучэльня і два працоўныя гады, а таксама па два гады салдатчыны.

Пагарталі разам альбом амаль пяцігадовай даўніны «Філалагічны факультэт. Да 70-годдзя заснавання». Згадалі выкладчыкаў, паэтычны гурток «Узлёт» незабыўнага Алега Антонавіча Лойкі, перакладчыцкі семінар Вячаслава Пятровіча Рагойшы, купалаўскія імпрэзы ў Вязынцы.

А іншае адносна нядаўняе паэтычнае свята прыгадвалі з асаблівым задавальненнем. Апошнім вераснёўскім днём 2007 года ў Сынковіцкай царкве-крэпасці ўпершыню прайшоў Дзень беларускай хрысціянскай паэзіі. Быў ён прымеркаваны да 600-годдзя славутага храма, у адкрыцці і асвячэнні якога браў удзел сам вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Вітаўт разам з жонкай Ганнаю!

Дзень хрысціянскай паэзіі таксама пачаўся з набажэнства, якое адслужыў цяперашні настаяцель царквы айцец Арсеній Ананка. Вёў фэст Міхась Скобла, родны хутар якога каля мястэчка Дзярэчын, усяго за некалькі кіламетраў ад Сынковічаў.

Паэты Зьніч (брат Мікалай) і Алесь Клышка прэзентавалі сваю новую супольную кнігу «Шлях да Жыровічаў». Аўтарка аповесці «Прадслава» пра Еўфрасінню Полацкую Вольга Іпатава чытала свае вершы пра знакамітых сыноў Бацькаўшчыны. Анатоль Вярцінскі зацеміў выдатную традыцыю — чытаць вершы ў храмах і, натуральна, агучыў свае паэтычныя радкі. Пранікнёна і ўзнёсла гучала ў храме песня на словы Уладзіміра Дубоўкі «О Беларусь, мая шыпшына!», якую выканала салістка сталічнай філармоніі Таццяна Матафонава.

На вокладцы маёй паэтычнай кніжкі «Высакосны год» адлюстраваны Сынковіцкі храм, а таму чытаць вершы з яе пад старажытнымі скляпеннямі было надзвычай узрушліва.

Пазнаёміў гасцей свята са сваімі вершамі і мастак-графік Рыгор Сітніца, ахвотна далучыўся да яго фотамайстра Яўген Пясецкі, не маглі не парадаваць землякоў ураджэнцы Зэльвеншчыны Юрка Голуб і Сяргей Чыгрын.

Свята ў царкве скончылася супольным выкананнем гімна на словы Наталлі Арсенневай «Магутны Божа», а доўжылася на пляцоўцы перад адрэстаўраванай званіцаю, дзе спяваў бард Андрэй Мельнікаў, а на дудзе граў Зміцер Сідаровіч.

На развітанне Міхась Скобла прэзентаваў айцу Арсенію зборнік эпісталярнай спадчыны Ларысы Геніюш «Каб ведалі». Слынная паэтка была сапраўднай хрысціянкай і напісала шмат духоўных вершаў. Паэтычная восеньская імпрэза прадоўжылася ў Зэльве, дзе паэты і музыкі ўсклалі кветкі да помніка Ларысы Геніюш пры царкве і на яе месца спачыну на тамтэйшых могілках.

Сяргей Чыгрын нечакана для гасцей Зэльвеншчыны абвесціў яшчэ адзін юбілей — стагоддзе хаты, у якой прайшлі ягоныя дзіцячыя гады, — яна стаіць амаль што па дарозе на Мінск, таму з задавальненнем наведалі і вёску Хадзявічы, прывіталіся з Сяргеевымі сваякамі і аднавяскоўцамі.

А вераснёўскім днём праз шэсць гадоў у маім цяперашнім доме абмяняліся мы з Сяргеем і сваімі сугучнымі навінкамі. Я падпісаў яму «Залатую яблыньку» — чытанку, складзеную з беларускіх казак, легенд і паданняў, а ён пакінуў памятныя дэдыкацыі на «Легендах і паданнях Слонімшчыны» і на «Слонімскім буквары», зборніку гісторыка-краязнаўчых нарысаў і своеасаблівым даведніку па горадзе і раёне.

15 верасня 2013 года


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY