Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(69)/2014
Жыццё Касцёла

ВІНШАВАННЕ З РАДЗІМЫ
Інтэрв’ю
Да 100-годдзя святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка

«АХ, ГЭТЫЯ ПРУЖАНЫ...»

З ГІСТОРЫІ ПРУЖАНСКАГА КАСЦЁЛА
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратурная спадчына

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Рэлігія і свет
Літаратуразнаўства
Рымскія святыні

ЛАТЭРАНСКАЯ БАЗЫЛІКА
Сцежкамі памяці

УЖО НЕ ДАЛЁКАЯ ГАРА...
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Проза

НОВЫЯ ТВОРЫ
Літаратуразнаўства
Мастацтва
Галерэя

Клайв Стэйплз ЛЬЮІС

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ

Працяг. Пачатак у № 2 (64)/2013.

Раздзел ІIІ
Прыязнасць

Можна лёгка заўважыць, што схільнасць да падобных паводзінаў — характэрны элемент мацярынскага інстынкту. Гэта любоў-дар, але такая, якой неабходна даваць, якая патрабуе запатрабаванасці. Аднак сапраўдная мэта давання заключаецца ў тым, каб прымаючы бок з часам перастаў патрабаваць нашага дару. Мы кормім дзяцей, каб з цягам часу яны самі маглі пракарміцца, мы вучым іх, каб хутка ім ужо не была патрэбная нашая навука. Любові-дару даецца цяжкае заданне: усё рабіць дзеля таго, каб яе выракліся. Мэта бацькоў у тым, каб стаць непатрэбнымі. Тая хвіліна, калі мы скажам: «Я больш не патрэбны дзецям», стане нашаю ўзнагародаю. Але інстынкт, проста па самой сваёй прыродзе, не здольны падпарадкоўвацца гэтаму закону. Інстынкт жадае дабра таму, на каго скіраваны, але не проста дабра, а толькі такога, якое ён сам здольны даць. Найвышэйшая любоў — любоў, якая жадае дабра ўлюбёнаму, з якой бы крыніцы гэтае дабро ні сыходзіла, павінна ўмяшацца і дапамагчы мацярынскаму інстынкту або ўтаймаваць яго аж да вырачэння. Зразумела, часта так і адбываецца. Але ў адваротным выпадку хцівая прага ўласнай запатрабаванасці будзе задавольваць сябе, трымаючы ўлюбёных дзяцей у рэальнай патрэбе або выдумляючы для іх ілюзорныя. Мацярынскі інстынкт будзе станавіцца ўсё больш бязлітасным, ствараючы ўпэўненасць (і ў нейкім сэнсе не без падставаў), што ён і ёсць «бескарыслівая» любоў-дар.

Але да гэтага схільныя не толькі маці. Кожная прыязнасць, што выцякае з бацькоўскага інстынкту або выконвае падобнае прызначэнне — патрабаваць уласнай запатрабаванасці, — можа трапіць у гэткую ж пастку. Напрыклад, прыязнасць апекуна — у жаданні апекавацца. У рамане Джэйн Остэн21 галоўная гераіня Эма жадае шчаслівага жыцця Гарыет Сміт, але толькі такога, якое сама Эма для яе задумала. Мая ўласная прафесія ўніверсітэцкага выкладчыка таксама стварае небяспеку. Добры выкладчык заўжды імкнецца, каб вучні здолелі стаць ягонымі крытыкамі і канкурэнтамі. Мы павінны быць задаволеныя, калі надыходзіць гэты момант, як майстар фехтавання задаволены, калі ў вучня атрымліваецца ўкалоць і абяззброіць яго. Многія выкладчыкі такія.

Але не ўсе. Мне дастаткова шмат гадоў, каб я памятаў сумны прыклад доктара Кварца. Ніводны ўніверсітэт не мог пахваліцца больш руплівым і адданым настаўнікам. Ён усяго сябе ахвяроўваў вучням. Ён амаль ва ўсіх іх пакідаў незабыўныя ўражанні. Яго цалкам заслужана хвалілі і ўшаноўвалі. Само сабою, вучні з радасцю працягвалі наведваць свайго прафесара і пасля таго, як курс навучання завяршыўся. Вечарамі яны хадзілі да яго дамоў і вялі слынныя дыскусіі. Але цікава, што ідылія ніколі не працягвалася доўга. Раней ці пазней — праз некалькі месяцаў або некалькі тыдняў — наставаў фатальны вечар, калі вучні стукаліся ў дзверы, а ім адказвалі, што доктар заняты. І пасля гэтага ён заўжды бываў заняты. Вучні былі вырачаныя на вечнае выгнанне. І ўсё па той прычыне, што падчас апошняй сустрэчы яны запярэчылі настаўніку, пачалі бараніць уласную незалежнасць, застаючыся пры сваім меркаванні, адрозным ад прафесарскага, і, напэўна, не без поспеху. І, сутыкнуўшыся з той самай незалежнасцю, якую ён сваім жа выхаваннем у іх выпрацаваў, якая і была мэтаю настаўніцкіх высілкаў, доктар Кварц не вытрымліваў. Вотан цяжка працаваў, каб стварыць свабоднага Зігфрыда, а сустрэўшыся са свабодным Зігфрыдам, раз’юшыўся. Доктар Кварц быў нешчаслівым чалавекам.

Гэтая жудасная патрэба ва ўласнай запатрабаванасці часта знаходзіць выйсце ў пеставанні хатніх жывёлаў. Калі пра некага гавораць: «ён любіць жывёлаў», гэта нічога нам не скажа, пакуль не будзе вядома, якім чынам. Бо тут існуюць два варыянты. У першым выпадку хатняя жывёла найвышэйшага віду можа быць, як кажуць, «мостам» паміж намі і прыродаю. Мы ўсе час ад часу вельмі балюча адчуваем ізаляванасць чалавека ад астатняга жывога свету — наступства амаль страчаных інстынктаў, вынік нашага разумовага развіцця, празмернага пачуцця самаасэнсавання, незлічоных цяжкасцяў, у якіх мы вымушаныя існаваць, нашай няздольнасці жыць цяперашнім часам. Калі б толькі мы маглі пазбыцца ўсяго гэтага! Мы не павінны і, між іншым, не можам стаць жывёламі. Але мы можам быць з жывёламі. Яны дастаткова асабовыя істоты, каб словы «быць з» выступалі ў сваім поўным значэнні, аднак у нашмат большай ступені ўсё адно застаюцца несвядомым малым жмутком біялагічных імпульсаў. Трыма лапамі хатняя жывёла стаіць у свеце прыроды, адною — у нашым свеце. Яна — гэта сувязь, дэлегаваны нам пасланец. Хто не пажадае, як зазначыў Базанкет22, «мець дэлегата пры двары боства Пана»? Чалавек з сабакам заціскае дзіру ў сусвеце. Але, зразумела, часта жывёлаў выкарыстоўваюць горшым чынам. Калі вы патрабуеце ўласнай запатрабаванасці, а вашай сям’і ўдаецца вам у гэтым адмаўляць, хатні ўлюбёнец — відавочная замена. Вы можаце прымусіць яго ўсё жыццё ад вас залежаць. Вы можаце трымаць яго ў стане бясконцага інфантылізму, ператварыць яго ў інваліда, пазбавіць усяго, з чаго складаецца шчаслівае звярынае жыццё, і замест гэтага ствараць патрэбу ў незлічоных маленькіх міласцях, якія адзін толькі гаспадар можа яму даць. Няшчаснае стварэнне такім чынам прыносіць вялікую карысць астатняй частцы сям’і, выконваючы функцыі рэзервуара або дрэнажнай трубы — атрымліваецца, што вы так занятыя, псуючы жыццё свайму сабаку, што не маеце часу псаваць яго іншым людзям. Сабакі прыдатныя для гэтага лепш за катоў; кажуць, што лепш за ўсё — малпы, апроч іншага, яны найбольш падобныя да чалавека. Ясна, што вашаму ўлюбёнцу не па­шчасціла. Але, магчыма, жывёла не здолее ў поўні асэнсаваць, як моцна вы ёй нашкодзілі. І да таго ж, нават калі і асэнсуе, вы ніколі пра гэта не даведаецеся. Нават самы зацкаваны чалавек, калі доўга з яго здзекавацца, аднойчы можа не вытрымаць і выказаць вам усю жахлівую праўду. Жывёлы не размаўляюць.

Тым, хто кажа: «Чым больш я бачу людзей, тым больш люблю сабакаў», тым, хто ўважае звяроў за жывую палёгку, адпачываючы з хатнімі ўлюбёнцамі ад тых вымаганняў, якія ставяць перад імі адносіны з людзьмі, я дам добрую параду: падумайце аб сапраўдных прычынах такога стаўлення.

Спадзяюся, вы правільна мяне зразумелі. Калі гэты раздзел прымушае хоць некага засумнявацца ў тым, што недахоп «натуральнай прыязнасці» можа лічыцца вялізнаю заганаю, значыць я прайграў. Я ні на імгненне не сумняваюся, што прыяз­насць адказная за дзевяць дзясятых тых праяваў трывалага доўгага шчасця, якое толькі існуе ў нашым жыцці. І таму я разумею чытачоў, у якіх апошнія старонкі выклікалі думкі кшталту: «Ну, ясна. Ну, зразумела. Так здараецца. Эгаісты і неўротыкі ўсё перавернуць дагары нагамі, нават любоў, нават яе ператвораць у пакуты і эксплуатацыю. Але дзеля чаго звяртаць увагу на гэтыя выключныя выпадкі? Хоць кропля здаровага розуму, трохі ўмення саступаць адно аднаму — і падобнага не адбудзецца ў коле людзей прыстойных». Аднак мне здаецца, што сам гэткі каментар патрабуе каментавання.

У першую чаргу, адносна неўротыкаў. Не думаю, што справа стане больш яснаю, калі ўсе гэтыя згубныя праявы прыязнасці мы назавем паталагічнымі. Несумненна, існуе такі паталагічны стан рэчаў, калі пэўным людзям неймаверна цяжка і нават немагчыма пазбегнуць спакусы, пра якую мы кажам. Усімі сродкамі накіруйце такога чалавека да доктара. Але будзьце праўдзівымі самі з сабою: я ўпэўнены, што кожны сутыкаўся з падобнымі спакусамі. Тое, што яны ўзнікаюць, — не праява хваробы, а калі і гэтак, імя гэтай хваробе — першародны грэх. Звычайна, калі людзі паддаюцца падобным спакусам (а хто з нас ім не паддаваўся?), — гэта не хвароба, а грэх. Духоўнае кіраўніцтва лепш за медычныя працэдуры дапаможа даць яму рады. Задача медыцыны — аднавіць «натуральную» будову або «нармальныя» функцыі органаў. Але хцівасць, эгаізм, самападман і самашкадаванне не з’яўляюцца незвычайнымі і ненармальнымі ў тым жа сэнсе, што астыгматызм і блукальная нырка. Хто, крый Божа, назаве звычайным і нармальным чалавека, які ніколі не зведаў гэтых заганаў? Ён «нармальны», калі хочаце, але зусім у іншым сэнсе: першасна нармальны, непераможаны. Мы бачылі толькі аднаго такога Чалавека. І Ён быў не падобны да таго, як псіхолагі апісваюць звычайнага грамадзяніна: цэласны, ураўнаважаны, прыстасаваны да асяроддзя, удала жанаты, уладкаваны на працу. Чалавеку нельга быць вельмі добра «прыстасаваным» да свету, калі кажуць, што ён «апанаваны злым духам», і ў рэшце рэшт прыбіваюць яго, распранутага, цвікамі да драўлянага слупа.

А па-другое, ваш адказ па-свойму пацвярджае тое, што я імкнуся давесці. Прыязнасць прыно­сіць радасць тады і толькі тады, калі ёсць здаровы розум, узаемныя саступкі і «прыстойнасць». Іншымі словамі, толькі тады, калі да прыязнасці дадаецца яшчэ нешта іншае. Аднаго толькі пачуцця мала. Вам патрэбны «здаровы розум», то бок, кемлівасць. Вам трэба ўмець «саступаць адно аднаму», гэта значыць, патрэбная справядлівасць, што падбадзёрыць прыязнасць, калі тая выгарае, і ўтаймуе, калі яна ігнаруе або забываецца пра мастацтва любові. Вам патрэбная «прыстойнасць», і я не падману, калі скажу, што гэта значыць быць добрым: цярплівым, ахвярным, пакорным і заўжды кіравацца нашмат вышэйшым відам любові, чым прыязнасць здольная быць сама па сабе. У гэтым увесь сэнс. Калі мы будзем імкнуцца жыць адною прыязнасцю, яна «прывядзе нас у заняпад».

Наколькі страшны можа быць яе ўплыў, мы, мне здаецца, рэдка ўсведамляем. Няўжо пані Нэрві сапраўды зусім-зусім не заўважала бясконцыя пакуты і расчараванні, якія яна прыносіла сям’і? Яна ведала, ясна ведала, што ўвесь ваш вечар сапсаваны ад усведамлення, што дома яна бессэнсоўна і дакорліва «чувае». Аднак няшчасная працягвала так рабіць, бо, спыніўшыся, сутыкнулася б з фактам, які ўсімі сіламі намагалася не бачыць. Пані Нэрві ўсвядоміла б уласную непатрэб­насць. Гэта першая прычына. Да таго ж, жыццё, да краёў запоўненае рознымі справамі, суцішвала ўтоеныя сумневы адносна якасці яе пачуцця. Чым больш гарэлі ступакі і балела спіна, тым лепш, бо гэты боль нашэптваў пані Нэрві: «Як жа моцна я мушу любіць іх, каб рабіць усё гэта!». Гэта другая прычына. Але, мяркую, існуюць і больш глыбокія матывы яе паводзінаў. Недаацэненасць з боку іншых людзей, жудасныя балючыя словы, якія так раняць (а пані Нэрві можна было «параніць» чым заўгодна), калі родныя ўмольвалі яе аддаць бялізну ў пральню, — гэта змушала жанчыну думаць, што з ёю дрэнна абыходзяцца. І таму яна заўжды была пакрыўджаная і незадаволеная, упіваючыся асалодаю свайго абурэння. Той, хто скажа, што яму невядомыя падобныя радасці, або хлус, або святы. Праўда ў тым, што крыўдай і абурэннем цешацца толькі тыя, хто ненавідзіць. Але ў любові пані Нэрві ёсць вельмі шмат ад нянавісці. Рымскі паэт сказаў пра каханне: «Я кахаю і ненавіджу», але і іншым відам любові ўласцівае гэткае спалучэнне. Усе яны нясуцуь у сабе зерне нянавісці. Калі прыязнасць цалкам паглынае чалавечае жыццё, зерне дае парасткі. Любоў, становячыся боствам, становіцца дэманам.

Пераклад з англійскай мовы
Юліі Шэдзько.

Паводле: «The Four Loves»,
C. S. Lewis, 1958.

Працяг будзе.


  1. Джэйн Остэн (Jane Austen; 1775–1817) — аўтарка мноства класічных англійскіх раманаў.
  2. Бэрнард Базанкет (Bernard Bosanquet; 1848–1923) — брытанскі палітычны і сацыяльны філосаф, оксфардскі выкладчык.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY