Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(69)/2014
Жыццё Касцёла

ВІНШАВАННЕ З РАДЗІМЫ
Інтэрв’ю
Да 100-годдзя святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка

«АХ, ГЭТЫЯ ПРУЖАНЫ...»

З ГІСТОРЫІ ПРУЖАНСКАГА КАСЦЁЛА
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратурная спадчына

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Рэлігія і свет
Літаратуразнаўства
Рымскія святыні

ЛАТЭРАНСКАЯ БАЗЫЛІКА
Сцежкамі памяці

УЖО НЕ ДАЛЁКАЯ ГАРА...
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Проза

НОВЫЯ ТВОРЫ
Літаратуразнаўства
Мастацтва
Галерэя

Марыя і Марта

Марыя і Марта ў супрацьстаянні:
куды да яго ўсім астатнім дылемам гэтага свету…
Прасцей
даплысці да краю зямлі,
змайстраваць трохкутнае кола,
вынайсці восьмую ноту,
чым іх улагодзіць і звесці ў адно,
прымірыць іх і ўладзіць.

Марыя жыве
у тонкіх адценнях, спакойных развагах,
пастэльных тонах,
у цішы, музычных секундах,
празрыстым паўценю,
дзе самы кволы агеньчык ззяе,
як найярчэйшая з зораў.
Шчаслівіца, што заўважае
нябачнае многім вачам,
выбірае лепшую долю;

і Марта —
вада, што ніколі не спыніцца ў руху,
разліецца і ў самым шырокім русле,
абточыць усе камяні,
раздасць нават тое, чаго не мае,
таму, хто не мае патрэбы.
Хутчэй здзівіцца, чым заплача…

Адна не жыве без другой
і з другой не можа ніяк ужыцца…

Як
на адным і тым жа дрэве
месца знайсці для яблыка ды ігрушы?
Як
на адной сцябліне
вырасціць касачы і ружы?
Калі я знайду адказ, то, напэўна, стану шчаслівай.

 

Анатомія восені

Анатомію восені крэсляць маршрутамі самалётаў
І праводзяць вачыма ў тузе па ўсім вечным і цёплым:
Каханні-свабодзе-жыцці – выцягні свой квіток на рэйс
І ляці з усіх крылаў да іх – ці ад іх, ужо ўпотай.

Анатомію восені пішуць абдымкамі ля калонаў
Ў метро. За Эўрыдыку Арфей коле пікаю парасона
Забыццё і самую смерць, каб ўрачыста адзначыць крэс
Неапошняга лістападу – і верыць у вернасць да скону.

Анатомію восені вучаць па жылах кляновых лістоў,
Іх адчайных далонях, працягнутых раптам, без слоў
У апошнім «бывай» ад любімых; а ў вогнішчах спрэс
Ўсё гарыць і ніяк не згарае іх рэха — а ў памяці дый пагатоў.

 

Іншыя дні

Бываюць іншыя дні,
Калі ўнутры
Вялікай вільготнай рыбінай б’ецца сэрца.
Цягне тванню з-пад кожных дзвярэй
і з-пад кожных павекаў,
Цвіллю зацягвае зрэнкі і вокны суседзяў зверху.
Тонкія стрэлкі аеру
Пускаюць свае карані ў ванным пакоі.
Калі хочацца кавы з карычным цукрам,
А паўсюль прапануюць «coffee»,
І дождж за вакном усё ліецца.
І рыбіна ў табе
Выбівае
Хвастом
Скерца
І губляе срэбныя лускі.

Яны кладуцца
Адна на адну на дно, на жаль,
Не стае ліхаманкі срэбнай,
Каб хоць камусьці была карысць.
Застаецца адно перажыць
Гэтую рыбіну ў сабе:
Загалодзіць яе, задушыць яе, засушыць,
Выпусціць у мора — там ёй і месца,
Стужкай перавязаць і падараваць нарэшце,
Пазбыцца нават успаміну аб ёй, вільготнай і слізкай,
Загаіць гэты шнар і засадзіць кіпарысамі.

Усё!
Сёння час на іншае.
Ужо наліліся квеценню зарасці бэзу,
Распачаліся цудоўныя дні,
Духмяныя поўдні, росныя ранкі,
У Менску пачаўся Парыж,
Раптоўна здарыўся.
Напоўніў алеі ў парках, скразныя аркі ў ар-дэко,
Ваду ў Свіслачы ператварыў у віно,
Заблытаўся ў вузкіх французскіх вокнах
І ў вуснах,
Якія шэпчуць, што адчуваюць сонца
У сабе, у табе, у сэрцы.

 

Лёгкасць

Мне падабаецца лёгкасць тваёй рукі,
Лёгкасць, з якою ты пішаш і крэсліш лёсы,
Прынамсі мой. А сэрца губляе рытм,
Збіваючыся з allegro на meno mosso.

Мне падабаецца жыць з табой у паралель,
Без перспектывы перасячэння. Ні ў адной з геаметрый.
У супольнай прасторы людскіх скрыжаванняў, але
Без супольных метраў і без супольных метрык.

Мне падабаецца думаць з табою ў такт,
Ў згодзе з адвечнаю філасофіяй рытма:
Крок наперад, паклон, пагляд, два крокі назад,
На адным дыханні, але на сваіх арбітах.

І ўсё ж… Так няпроста заўжды дачакацца, калі
Насуперак ўсім тэорыям, ўсім законам прыроды
Твая рука даткнецца маёй далоні…
І мне падабаецца лёгкасць тваёй рукі.

 

* * *

Рыгору Барадуліну

Увесну вяртаюцца з выраю птушкі,
Адна адлятае ў вырай,
Увесну нацягваюць лірнікі струны,
Адзін развітаўся з лірай.
Вяртання з далёкага падарожжа
Увесну чакае сэрца.
Адзін выпраўляецца ў шлях далёкі,
Паклічаш — не адзавецца.
Увесну заворваюць сейбіты ніву,
Адзін ён жніво святкуе,
А птушкі падхопліваюць на крылы
Душу і песню жывую.
Адзін выпраўляецца ў край няблізкі,
Адзін — як прыйшоў у гэты,
Рассыпаўшы звонкія вершаў нізкі —
Аздобу і памяць свету.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY