|
|
|
№
3(69)/2014
Жыццё Касцёла
Інтэрв’ю
Да 100-годдзя святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратурная спадчына
Пераклады
Рэлігія і свет
Літаратуразнаўства
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
«КАЛІ ПАЎСТАНЕ СУПРАЦЬ МЯНЕ ВОЙСКА, НЕ ЗАБАІЦЦА СЭРЦА МАЁ» Памінальная малітва на палях Чашніцкай бітвы Рымскія святыні
Сцежкамі памяці
Паэзія
Прэзентацыя
Проза
Літаратуразнаўства
Мастацтва
Галерэя
|
Міхась СКОБЛА
ДВАЦЦАЦІТРОХКНІЖЖА НІЛА ГІЛЕВІЧА
|
|
Навукоўцы сцвярджаюць, што творчыя людзі выкарыстоўваюць свой патэнцыял (дар Божы) усяго на дзесяць адсоткаў. Гэта як знакаміты Ружанскі палац здзіўляе і захапляе наведнікаў адной сваёй брамай, якая пасля рэстаўрацыі слепіць белізною і цешыць вока «Пагоняй» на Сапегавым гербе. Увесь астатні палац — у занядбанні, хоць і спрабуе з апошніх сілаў абняць сваімі мураванымі крыламі кожнага, хто апынецца на прасторным дворышчы.
Выбачаюся за такое параўнанне. Усе параўнанні, як вядома, кульгаюць, а гэтае, мабыць, на абедзве нагі. Палацавая брама відна здалёку, у яе можна зайсці і выйсці, а дар Божы… У якіх адзінках яго можна вымераць, у якіх маштабах разгледзець? А калі ён не вымераны, то адкуль узяліся тыя дзесяць адсоткаў?
Зрэшты, падобныя даследаванні звыклі апераваць сярэднеарыфметычнымі паказчыкамі. Пэўна, і сярод творцаў гультаяватых хапае — аматараў да абеду ў столь папляваць, а перад вячэрай верш напісаць ці карціну намаляваць. Але не яны пагоду робяць у краіне мастацтва. Робяць яе тыя, хто адчувае сябе адказным за дадзены ім дар. Каму многае дадзена, з таго шмат і спытаецца.
Хіба ў кагосьці язык павернецца папракнуць у лайдацтве, скажам, Максіма Багдановіча, які за такое кароткае жыццё пакінуў нам тры ёмістыя тамы, у тым ліку непераўзыдзены «Вянок»?
А хто адважыцца звінаваціць у нядбальстве Максіма Гарэцкага, які сышоў з гэтага свету толькі ўвабраўшыся ў сілу — саракапяцігадовым, даўшы нам радасную магчымасць пакласці ў падмурак беларускай літаратуры, як кутнія камяні, ягоны чатырохтомавік? (На жаль, няпоўны, з пазней давыдадзеным дадатковым томам; а колькі іх, дадатковых, яшчэ павінна быць і калісьці будзе?)
А хіба на дзесяць адсоткаў выкарыстаў свой талент Уладзімір Караткевіч, чый 25-томавік акурат цяпер выходзіць у выдавецтве «Мастацкая літаратура»? Ён распланаваў сваю працу на дзесяцігоддзі наперад — пры абавязковай «катаржнай нагрузцы». Вынікам мусілі стаць 78 тамоў — размах бальзакаўскі, але ж і ажыццёўлена з задуманага колькі! Не, не на дзесяць, а на сто дзесяць адсоткаў распарадзіўся сваім дарам Караткевіч — вялікі працаўнік, які сваімі жыццялюбнымі творамі здолеў прышчапіць многім дарэшты знявераным беларусам нацыянальны аптымізм.
Чаму я згадаў імёны класікаў ды іхнія знакавыя, шмат у чым вызначальныя для айчыннай літаратуры зборы твораў? Бо хачу падзяліцца з вамі сваёй чытацкай радасцю ад падзеі таксама знакавай. Летась з друку выйшаў апошні том Збору твораў у 23-х тамах народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча. Дваццаць тры кнігі прыемнага воку нябесна-васільковага колеру — цэлая паліца. Вынік больш як паўвекавой галернай працы. Відаць, прыемна аўтару проста паставіць важкія тамы на паліцу і палюбавацца. Ёсць жа чым! Як фельдмаршалу на ратным полі пашыхтаваць свае палкі.
Першы том выйшаў адзінаццаць гадоў таму — у 2003-м. Як на наш кампутарны час, які намнога спрастоўвае шлях твора да варштата Скарыны, то нібыта і даўгавата выходзілі гэтыя 23 тамы. Але тут трэба ўлічыць адну істотную акалічнасць — свой Збор твораў Ніл Гілевіч выдаваў… сваім коштам, за сваю разлічаную хіба на тое, каб не памерці з голаду, пенсію.
І таму гэтыя 23 тамы — факт без перабольшвання ўнікальны за ўсе амаль пяцьсот гадоў беларускага кнігавыдання, сагрэтага скарынаўскім сонцам маладзіковым. Але нават Скарыну на світанні кнігадрукавання было хіба лягчэй выдаць 22 кнігі Бібліі — спрыяў жа яму «сын радцы места Віленскага» Багдан Онкаў. Сёння ж магчымыя мецэнаты над якім-небудзь беларускім праектам сем разоў падумаюць і — ні разу не адрэжуць. Небяспечна стала «адрэзваць». Вось і даводзіцца пісьменніку з імем, нават народным, разлічваць толькі на сябе.
Першы том Збору твораў выйшаў накладам 500 асобнікаў. Апошні па часе (21-ы) — усяго 70 асобнікаў. І каго тут вінаваціць? Хіба пенсійны фонд — за малую пенсію… Такім чынам, поўных камплектаў набярэцца не больш сем дзясяткаў — для галоўных бібліятэк не хопіць, не кажучы ўжо пра бібліяфілаў і зусім не ўспамінаючы пра чытачоў. Прызнаюся, мне пашанцавала апынуцца ў ліку сямідзесяці шчасліўцаў, але гэта мяне радуе і засмучае адначасова. Так, прыемна мець кніжны рарытэт, але нашмат больш прыемна (прынамсі, мне), калі такі ж рарытэт маюць твае сябры, знаёмыя, чытачы. Таму я з радасцю сустракаю кожнае факсімільнае перавыданне нашай літаратурнай класікі. Што ж, будзем спадзявацца — калісьці і Збор твораў Ніла Гілевіча хтосьці размножыць, каб усім хапіла.
А пакуль — маем што маем. Дваццаць тры тамы-дамы, пад стрэшкамі-вокладкамі якіх знайшлі сабе прытулак паэзія і проза, драматургія і публіцыстыка, пераклады і дзённікі народнага паэта. На жаль, у адным артыкуле немагчыма расказаць пра ўсе тыя творы, якія ўзрушылі, уразілі, якія помняцца здаўна. А што магчыма? Хіба прайсціся ад тома да тома, ад дома да дома, крануцца клямкі, зазірнуць усярэдзіну. Каб чытачы гэтых радкоў займелі хоць прыблізнае ўяўленне пра Дваццацітрохкніжжа Ніла Гілевіча.
«І склаўся з кніг тых велічэзны стос — дзівіўся, гледзячы на іх, Хрыстос», — так эпічна ацаніў зробленае паэтам ягоны равеснік і сам паэт з Божай ласкі Анатоль Вярцінскі ў вершы-прыпавесці «Здарэнне ў Судны дзень, або Ніл Гілевіч як аргумент». У аўтара гэтых радкоў і блізка падобнай эпікі не атрымаецца, але ўзяўся за гуж — не кажы, што не дуж. То паспрабую пацягнуць за той гуж, вазьмуся за клямку, прыадчыню дзверы. Першы том склалі выбраныя (і вельмі патрабавальна выбраныя) вершы, напісаныя за сорак чатыры гады — з 1946-га па 1990-ы. Ужо адны іх назвы гавораць пра галоўны пажыццёвы клопат і боль паэта: «Родны край Беларусі», «Роднае слова», «Мова майго народа», «Страціў слова, страціў спадчыннае слова», «Трывайма, браты!», «Найстрашнейшы грэх»… У іх — заклік да суайчыннікаў абудзіцца, адысці ад прорвы бяспамяцтва, у іх — водпаведзь «ворагам беларушчыны», водпаведзь такой моцы і сілы, што міжволі думаеш — тут і асілак зніякавее, не кажучы пра драбноцце плюгавае. А вось жа — плодзіцца і размнажаецца тое драбноцце, як саранча…
Многія з вершаў удзячна ажываюць у маёй памяці яшчэ з гадоў студэнцтва, са школы — «Не пакідай мяне, мой светлы сум...», «Я хаджу, закаханы ў твае краявіды...», «Апошняе спатканне з Веранікай», «Апошні аўтарскі вечар Івана Мележа». І — як ластаўкі ў стрэсе — жывуць у першым томе, свіргочуць і будзяць светлае рэха ў душах чытачоў радкі, што сталі шырокавядомымі песнямі: без усялякага перабольшвання ўсенародная «Вы шуміце, бярозы», шчымліва-ўспамінная «У бацькоўскім кутку», трапяткая «Жаўраначка». А на франтоне першага тому-дому (так мне бачыцца) — верш «Першая клятва» (дата пад ім — 1947, аўтару — шаснаццаць), які мог бы стаць эпіграфам да ўсіх без вынятку кніг Ніла Гілевіча: «А задумае вораг з чужога далёкага краю // адабраць у мяне, знішчыць мову маю // — не дазволю. Не дам. Не прадам. Не змяняю. // І да смерці за волю яе пастаю!».
|
|
Ніл Гілевіч і тагачасны міністр культуры Анатоль Бутэвіч каля Музея Максіма Багдановіча ў Гародні. У цэнтры — заснавальніца і дырэктар музея Данута Бічэль. |
У другі том увайшлі вершы, напісаныя ў самае бурлівае дзесяцігоддзе (1991—2000), калі збылася мара многіх пакаленняў — на геаграфічнай карце свету з’явілася Беларуская дзяржава. Колькі скептыкаў тады заенчыла: не выжывем! без Расіі нам гамон! А Ніл Гілевіч — на той час яшчэ і дэпутат Вярхоўнага Савета, старшыня парламенцкай камісіі па культуры і захаванні гістарычнай спадчыны — адказаў усім няверцам: «Мы дойдзем! Дойдзем мы да Беларусі!». Гэтыя словы і сёння актуальныя, бо адпявалы Беларусі часам ізноў узнімаюць галас (як тут не згадаць народнае мудраслоўе: толькі ляж пад абразы — адпявалы знойдуцца).
Паэзію супрацьпаказана чытаць у цэйтноце, але калі б з гэтага тома можна было б узяць усяго пяць вершаў (памятаеце, як у школьным падручніку: для абавязковага чытання, для завучвання на памяць), то я рэкамендаваў бы наступныя: «Аповед пра чалавечнасць тырана», «Балада пра Ваньку і Маньку», «Аповед пра трубу» «Сказ пра ўзбекаў», «Малітва». З умовай — і астатнія вывучаць не факультатыўна. Бо ў кожным з вершаў — усё той жа боль, уся тая ж «любоў прасветлая». А яшчэ сваімі прысвячэннямі паэт нібы далучае да нейкага найганаровага почату ўсіх тых, хто гэтага заслугоўвае. Памятаю, завітаў я неяк у падменскую вёску Ганалес да слыннага беларускага сурмача Уладзіміра Пузыні. Гаспадар з гонарам паказаў свой хатні музей. Ведаеце, які галоўны экспанат там быў? Не старажытныя цымбалы, не дуды і жалейкі, зробленыя маэстра, а верш Ніла Гілевіча «Сурма Пузыні»!
|
| Васіль Быкаў, Станіслаў Шушкевіч і Ніл Гілевіч. |
Трэці том — гэта найперш «Родныя дзеці», першы беларускі раман у вершах. Лёс беларускай сям’і, за якою — лёс усяе Беларусі. Як жа да месца там лірычныя адступленні-абагульненні, па якіх, нібы па кладках, чытач выходзіць на магістральную дарогу, на «беларускі біты шлях» (паводле Я. Купалы). Першавыданне «Родных дзяцей» з цудоўнымі ілюстрацыямі Уладзіміра Савіча я купіў у менскай «Цэнтральнай кнігарні» 24 траўня 1985 г. (так пазначана на кнізе), перад самым адыходам у войска. Помню, перайшоў праспект, сеў у скверы на лавачку і… так і не ўстаў, пакуль не закончыў чытанне. Чытаў і на палях у адпаведных месцах упісваў цытаты са «Сказу пра Лысую гару», які яшчэ са школы ведаў на памяць. Там столькі перагукванняў было ў тэмах, у вобразах, нават рыфмы часам супадалі. Напэўна, не ў аднаго мяне тады закралася падазрэнне, што аўтар у двух гэтых выдатных твораў — адзін. А яшчэ мне падабалася, як у «Родных дзецях» высмеяна трасянка — пачварная з’ява, якую я не цярплю. Як там герой рамана Мікіта Зміцеравіч (як і купалаўскі Мікіта Зносак) гаворыць у застоллі да маці? «У ту вужасную разруху, // благадара і вапракі, // ана не пала сілай духу: // пускала нас, как пціц, з рукі»... Дзіўна, што ўжо ў наш час на абарону трасянкі выступіў сам старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Алег Трусаў. Ледзь не ў кожным інтэрв’ю закранае гэтую тэму. Ці не пара ўжо трасянку перайменаваць у «трусянку» — у гонар абаронцы?
Чацвёрты том адгортваюць — сатыра і гумар: фельетоны, фрашкі, эпіграмы, пародыі, замовы, «гекзаметры ХХІ стагоддзя». Чытаючы іх, можна было б і пасмяяцца, калі б не адно «але»: і смех Гілевіча-сатырыка прарастае з… болю. З таго самага беларускага болю, якім дарэшты прасякнутая ўся ягоная творчасць. Купалаўскіх «ворагаў беларушчыны» паэт падраздзяліў на віды і падвіды, бо не ўмяшчаюцца ўсе ў адну загародку, бо імя ім — легіён. «Хрыстапрадаўцы, адшчапенцы, юды, // пярэваратні, выпаўзні, прыблуды, // фальшыўцы, прайдзісветы, ашуканцы, // рабаўнікі, зладзюгі, махляры, // манкурты, прыхвасні, прыстасаванцы, // урвіцелі, хапугі, махляры» — вось яны, антыгероі твораў Ніла Гілевіча, чыю сатыру даследчыкі назвалі кінжальнай. Менавіта гэтай яе якасцю — біць напавал — захапляўся Васіль Быкаў. Пачытайце «Просьбу вернападданага Амялляна да яснавяльможнага пана», «Яго лексікон», «Быль пра вязня Гулагу і яго канваіра», «Унтэра Кадэбовіча», замалёўку «Па словах анёла» — і самі пераканаецеся: Гілевічу-сатырыку лепш пад пяро не трапляцца.
Наклад пятага тома — 100 асобнікаў, і гэта асабліва ўспрымаецца як недарэчнасць. Чаму? Бо стрыжнявы твор тома — згаданы ўжо «Сказ пра Лысую гару» — біў, б’е і доўга яшчэ будзе біць рэкорды папулярнасці. У свой час ён выходзіў статысячным (!) накладам (1991), а перад гэтым — двойчы па трыццаць тысячаў (1988). І во дзіва — разыходзіўся імгненна. Паэме можна смела прысвойваць званне «паэтычны бестселер Беларусі», бо ні раней, ні пазней ніводзін вершаваны твор не дасягаў такой папулярнасці — знакаміты «Тарас на Парнасе» заняў бы хіба другое месца.
Пра лысагорскую паэму пісалі і крытыкі-пракуроры, і крытыкі-адвакаты (толькі ў №1-2 часопіса «Крыніца» за 1995 г. — 25 артыкулаў), таму свае «тры грошы» я тут дакідаць не буду. Дадам толькі, што ў пятым томе — уся гісторыя стварэння «Сказу…» ды сведчанні яго трыумфальнага паходу ў народ у пачатку 70-х. А тыя, каго цікавіць больш блізкая гісторыя, у пятым томе несумненна звернуць увагу на восем іншых, такіх жа іскрамётных, паэмаў, сярод якіх мне асабліва да душы прыйшоўся «Сказ аб незвычайнай эпідэміі ў старажытнай Тутэміі». О які ён пазнавальны — герой паэмы Васісёр! Як казала мая бабуля — і крошачкі пабраў…
Шосты том — творы для дзяцей, самых патрабавальных чытачоў. Можна было б гаварыць пра дасягненні паэта і на гэтай дзялянцы. Але замест словаў хочацца прывесці адзін красамоўны факт. Роўна сорак гадоў таму на школьнай навагодняй ёлцы аўтар гэтых радкоў дрыжачым голасам дэкламаваў: «Колькі смеху, колькі песень // чуецца навокала: // «Ой расла ялінка ў лесе, // стройная, высокая. // А сягоння Дзед Мароз // гэту ёлку нам прынёс». А летась майму сыну-першакласніку настаўніца даручыла вывучыць… той самы верш. І ён з задавальненнем, ходзячы па кватэры, паўтараў, вяртаючы бацьку ў шчаслівую пару маленства: «Тут і воўк, і мядзведзь // паварочваюцца ледзь…». За дэкламацыю і бацька, і сын атрымалі салодкія падарункі, але і сам верш — як навагодні падарунак паэта беларускім дзеткам.
|
| Пасля выступлення ў Елкаўскай СШ на Зэльвеншчыне. 2005 г. |
Сёмы, восьмы і дзявяты тамы — самыя «густанаселеныя», у іх — пераклады. Вершы 175-ці балгарскіх паэтаў, 55-ці славенскіх, 23-х украінскіх, 12-ці расійскіх, 8-мі сербскіх, 8-мі харвацкіх, 8-мі лужыцкіх, 6-ці чарнагорскіх, 5-ці македонскіх, 4-х польскіх, 2-х славацкіх і аднаго чэшскага паэта склалі гэты шматгалосы трохтомавік, фактычна — анталогію славянскай паэзіі. Хто ў нас так «па-донарску» самааддана ахвяраваўся дзеля ўзаемаўзбагачэння славянскіх літаратур? «Па-донарску», бо перакладчык у любую хвіліну павінен быць гатовы аддаць часцінку сябе другому. Як акуратна ні перасаджанае дрэўца ў чужую зямлю, а каб прыжылося — трэба паліваць. Прыжывецца, прымецца расці — хвала перакладчыку. Перасаджанае Нілам Гілевічам — прынялося, нездарма яго перакладчыцкая дзейнасць адзначана балгарскім ордэнам Кірылы і Мяфодзія і ўкраінскім ордэнам Яраслава Мудрага.
Немагчыма пералічыць усе творчыя ўдачы Гілевіча-перакладчыка, але хоць адну назаву. Гэта белыя санеты выдатнага ўкраінскага паэта і сябра Беларусі Дзмітра Паўлычкі. Дасведчаны ў сусветным санетапісанні чытач можа затрывожыцца: чуў пра шэкспіраўскі санет, пра перавернуты, суцэльны, безгаловы і хвастаты санеты, ведаю пра вянок санетаў, а што такое — белы санет? Што ж, для ўзору — вось ён, перасаджаны з Украіны ў Беларусь і прыжыўлены тут стараннем перакладчыка. Ды так прыжыўлены, што выглядае на аўтахтона:
|
Павольненька ідуць сівыя коні,
Яны ўсё ж бачаць трохі і праз пасмы,
А каля воза жарабя малое.
То заіржэ, то паімчыцца ўскач, — |
Божа мой — як жа хораша! Гаворка пра пахавальную працэсію, а твор атрымаўся — жыццялюбны.
Наступныя тры тамы — дзясяты, адзінаццаты і дванаццаты — аддадзеныя пад публіцыстыку. Жанр нібыта газетны, а газета — як матылёк, жыве ўсяго некалькі дзён. Так звычайна і бывае, калі на яе старонках пануе «плыткая філасофія на глыбокіх месцах». Калі ж актуальная аналітыка спалучаецца з глыбокім веданнем тэмы, а публіцыст умее ў надзённае дадаць «трохі пра вечнае», то падаўжаецца і жыццё газеты.
Зусім нядаўна з ласкі Бібліятэкі Урублеўскіх пры Акадэміі навук Літвы ўсе зацікаўленыя займелі магчымасць «пагартаць» у сеціве падшыўкі беларускай перыёдыкі 20—30 гадоў — 210 выданняў! Большасць з іх мелі кароткі век — выходзілі год ці паўгода, нямала і аднадзёнак. Але вось адгарнуў я «Беларускія ведамасці» Максіма Гарэцкага — чытаюцца! Так і «Народная воля» праз сто гадоў будзе чытацца дзякуючы аднаму са сваіх актыўных аўтараў — Нілу Гілевічу.
І ў публіцыстычным жанры ён зацята б’е ў той самы абарончы звон, што відаць хоць бы па назвах артыкулаў: «Беларуская эстрада павінна быць беларускай» (1957), «Пакуль дзіця маё прыбягае ў слязах» (1965), «Мова, якой мы пішам» (1981), «Хто мае права ставіць крыж на нашым лёсе?» (1987), «Каб не ўмёрлі» (1991), «Калі Божы храм і народ загавораць адной мовай» (1992), «Беларусы, не станьце самазабойцамі» (1995), «Будзем жыць у Расбеле?» (2002), «Пра Купалу, Коласа і іх «музейную архаіку» (2007).
Без перабольшвання можна сказаць, што кожны артыкул Гілевіча-публіцыста меў розгалас, прычым, што называецца, і зверху, і знізу. Спашлюся на адзін толькі прыклад. 19 чэрвеня 1970 г. у тыднёвіку «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны артыкул «У чаканні рашучага павароту» — пра катастрафічнае становішча ў галіне мастацкага перакладу. Беларуская літаратура тады аказалася фактычна ізаляванай ад замежнай класікі. Забягаючы наперад, скажу, што вынік у таго выступу быў, і вынік капітальны — праз некалькі гадоў пачаў выходзіць альманах «Далягляды». Але быў яшчэ адзін вынік, пра які грамадства не магло ведаць. Лімаўскі артыкул прачытала ў Зэльве Ларыса Геніюш, ён яе зачапіў за жывое… Неўзабаве паэтку наведаў Васіль Быкаў, які на той час жыў у Гародні, і атрымаў ад яе заданне — распаўсюдзіць, давесці да ведама творчай інтэлігенцыі і начальства даволі аб’ёмны (каля 10-ці старонак) тэкст, які меў назву «Ці наступіць ён нарэшце — гэты доўгачаканы рашучы паварот?». Пад тэкстам падпісаліся зэльвенскія настаўнікі, бібліятэкары, нават адзін дэпутат райсавету. Зразумела, што апублікаваны тэкст не быў — начальства не магло дапусціць бунту ў ціхамірнай Зэльве. Праз пэўны час В. Быкаў перадаў той артыкул свайму сябру і аднадумцу Н. Гілевічу — як натхняльніку. А летась Ніл Сымонавіч перадаў яго мне — як нібыта геніюшазнаўцу. Уважліва прачытаўшы тыя пажаўцелыя ад часу старонкі, я найперш падзякаваў паэту за зберажоны твор… Ларысы Геніюш. У мяне і каліва сумнення няма, што напісала артыкул-водгук менавіта яна — і мова, і стыль, і шрыфт машынкі, на якой друкаваны тэкст, сведчаць пра гэта. Цяпер я з дабраславення захавальніка рыхтую публікацыю таго твора-дакумента. Папраўдзе сказана калісьці: «Не дадзена прадбачыць нам, як наша слова адгукнецца».
А цяпер адкажыце мне на дзіўнаватае пытанне — хто з беларускіх пісьменнікаў самы блізкі да айчыннага тэатра? Не трывожце імёнаў Уладзіслава Галубка і Францішка Аляхновіча — яны з кагорты пачынальнікаў. А самы блізкі — Ніл Гілевіч. Ад ягонага дома да Купалаўскага тэатра — метраў з паўсотні, адно скрыжаванне перайсці… Гэта, вядома, жарт, а калі сур’ёзна, то мне незразумела, чаму ніводная з Гілевічавых п’есаў (у трынаццатым томе іх 15, сем з іх апублікаваныя ўпершыню) не была пастаўленая на сцэне. Ніводная! Я не тэатральны рэжысёр, але, на маю думку, гэта відавочная несправядлівасць. Вось я перачытаў п’есу «Начлег на буслянцы» (яна нават уваходзіла ў драматургічную анталогію) — жывыя характары, трапныя рэплікі, дынаміка, якой ва ўсе часы вымагае сцэна. Дарэчы, гэтую п’есу цаніла Зоська Верас, а ўжо яна ў тэатральным мастацтве разбіралася — сама ўдзельнічала ў пастаноўках, з карыфеямі сцэны сябравала. І тым не менш — збітая кімсьці з панталыку беларуская Мельпамена засталася безуважнай да Гілевіча-драматурга. Будзем спадзявацца — адумаецца.
У чатырнаццатым томе — проза паэта: аповесці, апавяданні, абразкі. Калісьці да ўсяго, што трапляла пад вызначэнне «проза паэта», крытыкі ставіліся паблажліва. Пэўна ж, былі ў іх дзеля гэтага прычыны, але калі разгледзецца ўшыркі і ўдоўжкі… Скажам, Міхась Стральцоў (адзін з маіх улюбёных) найперш хто — празаік ці паэт? Сам ён, па-мойму, аддаваў першынство прозе, згадайма: «Люблю я прозы дух цьвярозы, // яе густы, зямляны дух. // Яна і жартам, як сур’ёзам, // карчы варочае за двух». Ну, паэзія таксама «карчы варочаць» здольная, і з прозай на расцяробах яшчэ як можа паспаборнічаць. Да таго ж, як сведчыць гісторыя, творца сам сабе — дрэнны суддзя. Пагодзімся хіба на тым, што таленавітаму пісьменніку паэзія і проза — як два крылы. Творчасць Н. Гілевіча — таксама двухкрылая, а ці не самая пругкая і «пад’ёмная» перына ў крыле прозы — аповесць «Перажыўшы вайну». Паваеннае жыццё ўбачана ў ёй вачыма падлетка, убачана надзвычай пранікліва, псіхалагічна дакладна, да некаторых эпізодаў хочацца вяртацца. Прыкладам, мне проста ў вачах стаіць, як герой аповесці, прадаўшы два вядры вішань на Камароўцы, купляе том Пушкіна, як чытае пры газоўцы Шаўчэнку і Багушэвіча, а потым круціць жорны і сам сабе паўтарае: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі…».
Пятнаццаты том — самы жанрава разнастайны. Тут і вандроўныя нататкі (падарожжы ў Балгарыю і Славенію), і інтэрв’ю, і мовазнаўчыя абразкі, і невялічкія эсэ пра выдатных дзеячаў беларускай культуры (У. Конана, Я. Глебава, І. Лучанка, Я. Сіпакова, З. Санько), і забаўныя гісторыі з жыцця пісьменніцкай браціі. Апошнія — гэткі сабе «Сказ пра Лысую гару» ў прозе, пачнеш чытаць — не адарвацца.
Бяру ў рукі наступныя тамы — шаснаццаты і сямнаццаты — і міжволі ўспамінаецца эпіграма Н. Гілевіча, што мільгнула недзе ў папярэдніх тамах, але засела ў памяці: «Паэт на дачы з’еў ранет, // а потым напісаў санет // аб тым, які ён розны, сьвет, // і розныя паэты: // чатырохсоткавы паэт // і паўгектаравы паэт, // зямлі бацькоўскае паэт, // паэт усёй планеты». Дык вось, прачытаўшы ў названых тамах 58 эсэ (штрыхі да партрэтаў) пра беларускіх творцаў і 104 эсэ (часам вельмі сціслыя) пра творцаў замежных, кожны можа супаставіць маштабы — хто «зямлі бацькоўскае паэт», а хто «паэт — на ўвесь свет». Праўда, чатырохсоткавых паэтаў у тых эсэ, здаецца, няма ніводнага, ім даніну памяці паэт аддаў у той жа лысагорскай паэме. А тут на покуць свае ўдзячнасці змясціў толькі самых-самых. Калі хто хоча прайсці паскораны курс айчыннай і славянскіх (асабліва балгарскай) літаратур — рэкамендую гэтае Гілевічава двухтом’е пад агульнай назвай «Паэты і пісьменнікі Беларусі і замежных краін».
|
| Маскоўскі беларус Аляксей Каўка і Ніл Гілевіч. 2014 г. |
Майстар-клас па мастацкім перакладзе Н. Гілевіч даў у васямнаццатым томе — на прыкладзе перастварэнняў з паэзіі балгарскай. Шкада — урокі гэтыя, улічваючы досвед майстра, маглі б быць больш разгорнутымі. У тым жа томе — грунтоўнае даследаванне пра «Маладняк» — самую масавую ў гісторыі Беларусі літаратурную арганізацыю (больш за 500 сяброў!). Тамсама — па-бацькоўску цёплыя водгукі на кнігі таленавітай моладзі — Алеся Чобата, Алеся Каско, Паўла Змітрука, Віктара Шніпа, Эдуарда Акуліна… Ведаю, як яны да гэтай пары цэняць гэтыя адрасаваныя ім, сказаныя на дарогу словы.
Чарговыя тамы — дзевятнаццаты і дваццаты — я бяру ў рукі са шкадаваннем. У іх — фалькларыстыка. А шкадую я аб тым, што спазніўся паступіць на філфак БДУ, дзе мае папярэднікі слухалі Гілевічавы лекцыі па фальклоры. Пра гэтыя лекцыі я неаднойчы чуў і на тлумных філфакаўскіх калідорах, і ў студэнцкіх інтэрнатах, пра тыя лекцыі ўспамінаюць і сёння (сам не раз быў сведкам) настаўнікі-беларусаведы па ўсёй краіне. Адна настаўніца ў Слоніме прыгадвала: «Я ж да гэтай пары берагу канспекты тых лекцый. Ніл Сымонавіч адкрываў нам сапраўдную паэзію ў народных песнях. Мне і сёння гучаць у памяці радкі з песні — прызнанне ў каханні: «Я ж твае ножкі не памарожу, я ж твае ножкі ў шапачку ўложу». І сапраўды — якая пяшчота! І як шкада, што не пачуў я своечасова тае паэзіі. Не пачуў, але прачытаць тыя знакамітыя лекцыі, дзякуючы Збору твораў, магу.
Дваццаць першы том склалі выбраныя старонкі з дзённікаў. 536 старонак за амаль паўстагоддзя жыцця — не так і шмат. Праўда, дзённік апублікаваны далёка не ўвесь, скажам, сярод выбранага зусім не аказалася запісаў з 1964-га па 1977 год. Ды і на іншых часавых адрэзках сустракаюцца гадавыя лакуны. Дзённік — гэта заўсёды асабістае, часам занадта суб’ектыўнае, у ім выяўляюцца адносіны аўтара да тых ці іншых асобаў. Рэцэнзаваць дзённік — увогуле справа бессэнсоўная, тым болей што ў запісах Н. Гілевіча фігуруе і аўтар гэтых радкоў — як «Заслужаны Тамада Рэспублікі»…
І ўсё ж пра факталагічную каштоўнасць дзённіка сказаць колькі словаў мушу. Знаходзячыся шмат гадоў у гушчыні падзей (першы сакратар Саюза пісьменнікаў, сябра Прэзідыума Вярхоўнага Савета), Н. Гілевіч шмат што бачыў і чуў, а часам і сам станавіўся эпіцэнтрам тае ці іншае падзеі. Таму чытацкая ўвага ягонаму жыццяпісу (у будучых перавыданнях) забяспечаная — найперш з боку гісторыкаў. А мне, прыкладам, было цікава спраўдзіць афіцыйнае стаўленне СП да той жа Ларысы Геніюш. І яно адшукалася ў запісах ад 7 і 8 красавіка 1983 г.: «Вечарам стала вядома, што памерла Ларыса Геніюш. Пазваніў Мальдзіс, яму Пяткевіч… Цэлы дзень у клопатах пра пахаваньне Л. Г. Толькі з Гародняй — чатыры тэлефонныя размовы. Галоўны клопат ЦК у тым, каб неяк прыбраць, захапіць архіў…». Вакол архіва паэткі тады сапраўды распачалася цэлая эпапея, урэшце «захопнікі» мусілі адступіць, але гэта — зусім іншая тэма.
Працяг (дакладней — пачатак) дзённікаў знаходзім і ў дваццаць другім томе. Запісы, зробленыя цягам трох месяцаў далёкага 1947-га. Прачытаў я і міжволі ўсміхнуўся — які ў падлетка, перажыўшага жахі вайны, поцяг да прыгажосці! Усяго два запісы — чатыры словы: «1 мая. Чуў зязюлю. 5 мая. Чуў салаўя». Усё. А яшчэ ў перадапошні том увайшла новая кніга паэзіі, ці не перадчасна названая аўтарам «З Божай ласкі — дасеўкі» (выйшла сёлета і асобным выданнем). Перадчасна, бо дакладна ведаю — сяўня Ніла Гілевіча далёка не пустая, і яшчэ выйдзе сейбіт сеяць на нівы свае.
Нарэшце, зазірнем у том апошні — дваццаць трэці. Паводле аўтарскага вызначэння, яго склалі «ўспаміны пра жыццёвы шлях і роздум пра лёс Айчыны». Хтосьці з дасціпнікаў у свой час заўважыў, што мемуарамі ў старасці добра выпраўляць памылкі маладосці. Пэўна ж, ёсць і такія мемуарысты, чые запісы не шкодзіла б прапускаць праз «дэтэктар праўды». Што да ўспамінаў Н. Гілевіча, то я чытаў іх без усялякіх дэтэктараў, мне проста цікавае яго жыццё, кола ягоных сяброў, кола інтарэсаў.
Асабліва мне сагрэў душу адзін эпізод — прыём Зоські Верас у Саюз пісьменнікаў. Дзевяностагадовая пісьменніца жыла ў лесе пад Вільняй, зусім не атрымліваючы пенсіі, а сяброўства ў СП хоць неяк забяспечвала б яе старасць. Але ўзнікла праблема — фармальна Зоська Верас не была грамадзянкай Беларусі, чаго патрабаваў статут саюза. І першы сакратар СПБ падказаў бліжэйшаму да Вільні Генадзю Каханоўскаму — прапішыце часова яе ў Маладэчне. Што і было зроблена. Зоська Верас атрымала пісьменніцкі білет і пенсію, а Ніл Гілевіч — вымову ад ЦК КПБ за прыцягненне ў саюз «усякага старэчча і ператварэнне аўтарытэтнай творчай арганізацыі ў багадзельню».
Удзячная Людвіка Антонаўна са свайго Панарскага лесу пра клапатлівага кіраўніка СПБ напісала яшчэ адной «правінцыялцы» — Ларысе Геніюш, а з Зэльвы ў адказ: «О, Ніл Гілевіч — гэта жывіцель пустыні». Сёння Ніл Сымонавіч мог бы ганарыцца — яго чытачкамі і прыхільніцамі былі гэтыя дзве незвычайныя жанчыны, абедзве — радныя БНР.
Дзве родныя, сугучныя ў беларускай прасторы душы, дзве вялікія беларускі, дзве Антонаўны несумненна парадаваліся б Збору твораў Ніла Гілевіча, ягонаму Дваццацітрохкніжжу. Што ж, за іх давайце парадуемся мы і выкажам аўтару ўдзячнасць — за веліч зробленага.
|
|
|