Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(69)/2014
Жыццё Касцёла

ВІНШАВАННЕ З РАДЗІМЫ
Інтэрв’ю
Да 100-годдзя святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка

«АХ, ГЭТЫЯ ПРУЖАНЫ...»

З ГІСТОРЫІ ПРУЖАНСКАГА КАСЦЁЛА
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратурная спадчына

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Рэлігія і свет
Літаратуразнаўства
Рымскія святыні

ЛАТЭРАНСКАЯ БАЗЫЛІКА
Сцежкамі памяці

УЖО НЕ ДАЛЁКАЯ ГАРА...
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Проза

НОВЫЯ ТВОРЫ
Літаратуразнаўства
Мастацтва
Галерэя

Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ

«КАЛІ ПАЎСТАНЕ
СУПРАЦЬ МЯНЕ ВОЙСКА,
НЕ ЗАБАІЦЦА СЭРЦА МАЁ»

памінальная малітва на палях Чашніцкай бітвы

Выгляд на раку Улу.

Біблейскі праведнік і пакутнік Ёў, жадаючы наблізіцца да спаўнення самай складанай у жыцці чалавека задачы, — спазнаць самога сябе — прыгадваў усе тыя натуральныя для жывога чалавека парывы душы, якія даволі часта прымушаюць яго зрачыся Бога. Сярод апошніх згадваецца і такое: «калі радаваўся я з падзення таго, хто мяне ненавідзеў, і весяліўся, што яго напаткала няшчасце» (пар. Ёв 31, 29).

Не трэба тлумачыць, як цяжка знайсці чалавеку — тым болей ваяру-пераможцу — у сваёй душы пачуцці спагады да бязлітаснага ворага, які вераломна (няхай і пад прыкрыццем высокай, часта ўяўнай, ідэі ці то «вызвалення братняга народа», ці то «аднаўлення (пэўнага) спрадвечнага адзінства») вынішчае агнём бацькоўскія сядзібы, напаўняе крывёю празрыстыя воды блакітных рэк Айчыны. Павінны прамінуць стагоддзі, каб у памяці новых пакаленняў, нашчадкаў даўніх супраціўнікаў, перагарэла-перацёрлася ўзаемная нянавісць, каб прыйшло ўсведамленне неабходнасці пачаць дакопвацца самім, па словах Янкі Купалы, «разгадкі нашых крыўд і бед». Ды каб знайшліся ў сэрцах нашчадкаў ахвяраў былых пабоішчаў словы памінальнай малітвы не толькі за палеглых суайчыннікаў, але і за іх крыўдзіцеляў.

13 мая на філалагічным факультэце БДУ адбыліся Міжнародныя навуковыя чытанні пад назвай «Старонкі гераічнай гісторыі Беларусі ў помніках літаратуры ХVІ стагоддзя». Падчас пасяджэнняў прыгадваліся славутыя падзеі даўняй гісторыі Беларусі, перадусім — Ульская (Чашніцкая) бітва, якая адбылася 26 студзеня 1564 г. недалёка ад мястэчка Іванск Чашніцкага раёна. У гэтай бітве войска Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам гетмана Мікалая Радзівіла Рудога і гетмана Грыгорыя Хадкевіча разбіла шматтысячную армію маскоўскага ваяводы Пятра Шуйскага. Фактычна чытанні былі прымеркаваныя да 450-годдзя векапомнай баталіі.

Яшчэ некалькі гадоў таму я і сама наўрад ці магла б шмат расказаць пра Ульскую бітву, пра якую маўчалі нашы школьныя і ўніверсітэцкія падручнікі па гісторыі. Пашырыла мой гістарычны кругагляд лацінамоўная паэма Яна Радвана «Радзівіліяда, або Пра жыццё і подзвігі... Мікалая Радзівіла», апублікаваная ў Вільні ў 1592 годзе. Традыцыйны для класічнай эпапеі зварот да Музаў суправаджаецца ў ёй згадкай пра бітву 1564 года:

О, Каліопа з Эратай, да нас павярніцеся тварам,
Слаўце шматгучна цяпер ваяводы літоўскага подзвіг,
Ззяе ён славай да неба: герой той і ў міры, і з Марсам
Дбаў пра айчыну сваю; прыгадайце яшчэ навальніцу,
Што праз шматводную Улу па землях Іванска ляцела

Радзівіліяда, І, 22–261.

Відавочна, што ўпамінанне ваеннай сутычкі («навальніцы») на берагах Улы, пад Іванскам, у складзе істотнай часткі эпапеі — інвакацыі (звароту да Музы) — надае гэтай падзеі калі не сусветнае, то прынамсі агульнаеўрапейскае значэнне. Менавіта так ацэньваецца перамога пад Улаю многімі пісьменнікамі XVI ст.

Лічу неабходным прыгадаць тых людзей, якія на розных узроўнях, але з аднолькавай руплівасцю падтрымалі ініцыятыву правядзення «Ульскіх чытанняў». Найперш — і гэта прыемна ўразіла! — адгукнуліся прадстаўнікі афіцыйных дзяржаўных установаў: начальніца аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чашніцкага райвыканкама Таццяна Пчолкіна, а таксама начальніца аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянціна Каваленка. З іх дапамогай мне ўдалося пазнаёміцца з чашніцкім краязнаўцам, настаўнікам вышэйшай катэгорыі Іванскай сярэдняй школы і адначасова кіраўніком школьнага краязнаўчага музея Віктарам Грыбко. Гэты чалавек, сапраўдны падзвіжнік у справе асветы і выхавання, выдаў некалькі кніг, прысвечаных роднай Чашніччыне; у адной з іх — гісторыка-краязнаўчым нарысе «Іванск і ваколіцы» (Мінск, 2011) — аўтар распавёў пра Ульскую бітву, а таксама выказаў цалкам праўдападобную здагадку, што месцам гэтай баталіі мог быць луг Маскоўка: такая назва замацавалася за колішнім полем, хутчэй за ўсё, у памяць пра некалькі тысяч палеглых там ваяроў маскоўскага войска. Прыехаўшы ў Мінск, спадар Віктар не толькі распавёў пра родную Чашніччыну, пра сваю працу ў Іванскай школе, але нават прывёз з сабою некалькі экспанатаў са школьнага музея. Так упершыню мне давялося патрымаць у руках невялікую сякеру каменнага веку. Не абмінуў настаўнік з Іванска сваёй увагай і крывавы 1564 год...

Будучая каталіцкая святыня ў Чашніках.

Пра Ульскую бітву як адну з цэнтральных падзеяў Лівонскай вайны (1558–1583), пра помнікі літаратуры XVI ст., у якіх яна апісвалася, распавядалі і шаноўныя госці з Літвы, вядомыя вучоныя: дырэктар Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх у Вільнюсе Сігітас Нарбутас, а таксама загадчыца аддзела рэдкіх кніг Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх Дайва Нарбуцене. Гісторык Андрэй Янушкевіч удакладніў некаторыя гістарычныя факты, перадусім звесткі пра колькасны склад войскаў, якія былі перабольшаныя творчай фантазіяй літаратараў былых часоў. Успамінам пра гераізм нашых продкаў і трагічнасць тых далёкіх дзён былі напоўнены прамовы і выступленні іншых удзельнікаў чытанняў — выкладчыкаў і студэнтаў філалагічнага факультэта. Кожнае новае выступленне суправаджалася чытаннем фрагментаў з гераічнай паэмы «Радзівіліяда» (1592) Яна Радвана, у якой апісваецца Ульская бітва. Студэнты філфака дэкламавалі ўрачыстыя гекзаметры не толькі ў перакладзе на беларускую мову, але нават у арыгінале, па-лацінску, а таксама ў перакладзе на літоўскую мову.

На наступны дзень удзельнікі чытанняў наведалі гістарычныя мясціны, звязаныя з Ульскай бітвай. Па дарозе Віктар Грыбко шмат распавядаў пра родный край. Найбольш уразіла гісторыя, якую карэспандэнт «Звязды» Ніна Шчарбачэвіч (яна разам з намі наведала Чашнікі і Іванск) трапна назвала «Каталікі будавалі для праваслаўных»: «У 1779 годзе пабудавалі касцёл у гонар Езуса Хрыста, які лічыўся адным з самых вялікіх у Беларусі, пры ім быў і дамініканскі кляштар. Аднак у 1840 годзе згарэла праваслаўная Праабражэнская царква... Было вырашана мясцовы касцёл перарабіць пад царкву. Аднак у той час Чашнікамі і Іванскам валодаў каталік Ігнат Валадковіч. Ён паехаў у Санкт-Пецярбург, у Свяшчэнны Сінод — дамовіцца, каб касцёл не забіралі. Яго просьбу быццам задаволілі, але паставілі ўмову: «Калі пабудуеш новую царкву, касцёл забіраць не будзем»... Так і адбылося, што чашніцкую Свята-Праабражэнскую царкву, якая дзейнічае і цяпер, пабудавалі каталікі»2.

Гаворка ў гэтым артыкуле ідзе пра касцёл Перамянення Пана. Нягледзячы на намаганні ўладара Чашнікаў і парафіянаў, у 1868 г. касцёл быў зачынены, а ў савецкія часы разрабаваны. У рэшце рэшт, прыкладна ў 60-я гг. ХХ ст., былы велічны помнік барочнага мастацтва зраўняўся з зямлёю... Аднак у 2001 г. чашніцкая парафія Перамянення Пана была адноўленая. На сённяшні дзень намаганнямі ксяндза Анджэя Бульчака з Гданьска пад каталіцкую святыню перабудавана старая хата (тым часам ідзе пабудова новага касцёла).

Сустрэча з ксяндзом Анджэем Бульчакам.

Айцец Анджэй сустрэў нас вельмі прыязна і пачаў з невялікай прыватнай размовы, пастараўшыся ўдзяліць увагу кожнаму з гасцей. Неўзабаве была цэлебраваная Імша па-беларуску на ўшанаванне памяці ўсіх загінуўшых на палях пад Іванскам. Успомніўшы ваенныя падзеі розных часоў, што пракаціліся па чашніцкіх землях, святар падкрэсліў, што мір ёсць найвялікшаю каштоўнасцю і дарам Божым. У гэтым кантэксце асабліва глыбокім сэнсам было напоўнена традыцыйнае хрысціянскае пажаданне супакою, якім абмяняліся ўсе прысутныя і якое гэтым разам прагучала ў святыні не толькі па-беларуску ды па-польску, але і па-літоўску. Цалкам натуральна, што, успамінаючы вайну, людзі жадаюць адзін аднаму спакою.

Лацінамоўная паэма Яна Радвана «Радзівіліяда», насычаная батальнымі сцэнамі і апісаннямі шматлікіх бітваў перыяду Лівонскай вайны, вызначаецца надзвычайнай, наўмысна акцэнтаванаю апалогіяй міру. Так, антычны пясняр Мусэй, які выступае ў ролі настаўніка маладога Мікалая Радзівіла, не забываецца пажадаць яму:

Пільна не пніся, не лезь на вяршыні напышлівай славы:
Міру больш прагна жадай, чым трыумфаў любой перамогі.
Марса, юнача, не кліч, бо пракляцце спрадвечнае — войны —
Прыйдуць і самі.

Радзівіліяда І, 360–363.

У канцы першай кнігі паэт лічыць немагчымым прыпадобніць свайго героя да ваяводаў былых часоў у першую чаргу таму, што гетман Радзівіл «стаў пераможцам у міры»: злітаваўшыся з ворага, ён пераканаў лівонцаў падпарадкавацца каралю Жыгімонту ІІ і такім чынам пазбегнуў непатрэбнага праліцця крыві.

Гэй! Саступіце вы шлях, о вялікія ў бітвах героі
Лацыя, Фіваў, Афін… Вы не ў міры былі пераможцы!
Спэцканы бурай крывёй трыумфальныя ўсе калясніцы!..
Першы з усіх Радзівіл непрыяцеля збавіў ад смерці,
Славу здабыўшы сабе, трыумфальныя вечныя лаўры.

Радзівіліяда І, 922–926.

Св. Імшу ў памяць
пра загінуўшых у Чашніцкай бітве
цэлебруе ксёндз Анджэй Бульчак.

Вайна паказана Янам Радванам як ненатуральны стан чалавечага існавання, які парушае спрадвечную гармонію прыроды. Пры гэтым аўтар «Радзівіліяды» даволі адмыслова падводзіць чытача да апалогіі міру. Яшчэ распавядаючы пра подзвігі бацькі гетмана, Юрыя Радзівіла, ён успамінае злачыннага маскоўскага саноўніка Івана Аўчыну-Абаленскага, які пацярпеў праз уласныя «Марсавы гульні», і робіць нечаканую выснову:

Дух таямнічы людскі! Перамога твая на нябёсах
Марсу спрыянне дае, ды ўсё роўна ты прагнеш спакою!
Смела наперад ідзі з міраноснай галінкаю лаўра!

Радзівіліяда I, 192–194.

Думка пра «перамогу на нябёсах» стасуецца, мяркую, з хрысціянскім уяўленнем пра Збаўцу, які прыйшоў для таго, каб перамагчы сілы зла. Успомнім словы Настаўніка з Евангелля ад Мацвея: «Не думайце, што Я прыйшоў прынесці спакой на зямлю. Не спакой прыйшоў Я прынесці, а меч» (Мц 10, 34). Такім чынам, хрысціянства ў пэўным сэнсе «давала дабро» вайне; менавіта гэтая цытата (вядома ж, у яе занадта спрошчанай трактоўцы) служыла апраўданнем крыжовых паходаў. Аднак паэт-гуманіст падкрэслівае, што натуральная ўмова для жыцця кожнага чалавека — мір, і магчымасць пазбыцца вайны для кожнага даражэйшая за ўсялякую высокую ідэю. У прамову Мусэя паэт уключае адкрытую дэкларацыю пацыфісцкага характару:

Я праклінаю вайну! Праз цябе найвялікшыя людзі
Трупамі сталі даўно, гарады без мяшканцаў здзічэлі.
Тое, што неба і Бог надзяляюць жыццёваю сілай,
З кволай сцяблінкі расце, хоча жыць, прагна цягнецца ўгору…
Рушыцца ў час навальніцы… Жыццё — толькі момант, імгненне.

Радзівіліяда I, 286–290.

Галоўны герой паэмы, гетман Мікалай Радзівіл, мае шчыльную сувязь з нябеснымі сіламі. Напярэдадні Чашніцкай бітвы да правадыра з’явіўся ў сне вялікі князь Вітаўт, абвяшчаючы Радзівіла «спадзяваннем ліцвінаў і светачам дзяржавы». Абудзіўшыся, натхнёны гетман узносіць словы малітвы:

«Ты, Хто і ноччу, і днём над вірлівым сусветам чуйнуеш;
Творачы ў небе штогод агняпады, парадкуеш зоры
Воляй нязменнай сваёй на блішчастых дарогах паднебных;
Справы людскія пільнуеш, любое стварэнне, істоту,
Бачыш прастор Акіяна, суровае царства памерлых.
Будзь жа з народам Тваім, міласэрны! І нашы маленні
Выслухай толькі таму, што нас любіш, дзяцей недастойных.
Дай успамогу сваю з прамяністых вышыняў Алімпа,
Войска маё і мяне Ты ўратуй ад ліхой небяспекі!»
Так ён сказаў, і нябесны Айцец, скалануўшы грымотна
Шаты Алімпа, нібыта пацвердзіў: пачулі малітву!
Неба качнула са звонам сузор’ямі срэбнымі ціха:
Гэта азваўся сам Бог — ты не мусіш баяцца! Заранка
Шчодра зрасіла палі і зямлю, ды паклікала сонца…

Радзівіліяда ІІІ, 306–319.

Зусім да іншых сілаў апелюе маскоўскі цар Іван Жахлівы, і вынік кантакту з імі стварае цалкам супрацьлеглы душэўны стан. Бадай упершыню ў еўрапейскай літаратуры Ян Радван асэнсоўвае імкненне да войнаў як цяжкую душэўную хваробу, што выклікаецца істотамі з царства мёртвых. Так, у канцы трэцяй кнігі апісваецца алегарычная сцэна: Алекто, адна з эрыній, альбо фурый (міфічных багіняў нянавісці), атаясамленая самім паэтам з сатаною, пралятае над маскоўскім Крамлём злавеснаю птушкаю, прызямляецца на макаўку Кітай-горада і пранікае змяёю ў сэрцы людзей.

Фурыя ў душы пранікла, фармуе пякельны лад думак,
Людзям распальвае сэрцы нянавісцю, кепскай парадай:
«Гэй, палюбіце вайну, даставайце мячы свае з похваў,
Хай жа на многа гадоў запануе тут гнеў, каб імкнуўся
Цэлы народ да вайны, каб ставала нянавісці, здрады,
Зброя няхай зазвініць, несупынна сыходзяцца войскі...»;
Шэпча, каб князь уздымаў на падданых жахлівую зброю,
Нават каб сына свайго загубіў ён бацькоўскай рукою;
Хоча, каб цёплай крывёй яго дом быў штодзённа заліты,
Раіць здабыць перамогу праз тысячу розных злачынстваў.
Фурыя гэтак натхняла, з усіх намаганняў пачварных
Гнеў распаляла і злобу, ды прагу вайны абуджала.
Марсавы шалы пануюць у сэрцы бязбожным Івана.
«Войнаў, — раве, — патрабую!» — аж крык па палацы нясецца;
Спаць перастаў, ды адно ўсё забойствамі, бітвамі трызніць,
Зыркае дзіка вачыма, крывёю налітымі, гнеўна,
Аж задыхаецца сам, калі мусіць марудзіць з вайною.

Радзівіліяда ІІ, 732—748.

Віктар Грыбко паказвае гасцям з Літвы
меркаванае месца Чашніцкай бітвы.

Менавіта Івана Жахлівага абвінавачвае Ян Радван у пагібелі мноства выдатных маскоўскіх ваяводаў. Смерць многіх з іх ён апісвае з гэткім жа шчымлівым спачуваннем і роспаччу, як і смерць сваіх суайчыннікаў. Кожнага канкрэтнага ваяра з варожага войска Ян Радван апісвае найчасцей з пачуццём павагі і спачування — «бо не дазволіў я грашыць языку майму, каб насылаць праклёны на душу яго» (пар. Ёв 31, 29–30). Так, Івана Шарамета, аднаго з правадыроў маскоўцаў, падчас апісання бітвы аўтар называе лютым. Аднак у сцэне яго развітання з жыццём ваяр заслугоўвае зусім іншых эпітэтаў.

Вось Шарамет нешчаслівы прыпаў да зямлі сваім тварам.
Тут паміраючы, ён пра Аку сваю родную ўспомніў.
Моцныя рукі яго не пацешацца болей ніколі
Дзюбаю вострай стралы чараміскай з айчынных сядзібаў:
Воіна палкага раптам спакойная куля спаткала.
Выпусціў хтосьці яе — а не спыняць браня, ні даспехі,
Шчыт не расплюшчыць; яна застанецца ў канаючым целе.

Радзівіліяда ІІІ, 392–398.

Магутная антытэза палкага жывога воіна і спакойнай бяздушнай кулі нясе ў сабе вялізны эмацыйны зарад, характарызуючы Яна Радвана як выдатнага мастака слова.

Апісваючы вайну знутры, паэт дэманструе, як вокамгненна яна абвяргае выслоўе «Pulchra res homo est» («Чалавек — прыгожая рэч»), выяўляючы самыя нізкія, цьмяныя бакі чалавечай істоты. У Марса, бога вайны, — вялізная світа, выява якой вартая найжахлівейшых фрагментаў з карціны «Страшны Суд» Ераніма Босха:

Страх цісне тых, хто баіцца, руйнуе іх душы няшчадна,
Жах падпільноўвае сэрцы, з’яўляецца жудасным монстрам
Чорнага сполаху, прыкрых уцёкаў ды боязі слізкай.
Побач — пачварныя Фурыі, люты Падман ды Падступнасць —
Войнаў любых спадарожнікі — смела ды ўпэўнена крочаць.
Вунь Ахеронта, глядзі, выхаванка ляціць, Тызіфона3,
З бледным абліччам, а з ёю на пару — сястрыца Белона4;
Вось Лібітына5 (яна не шкадуе нікога) і Морта6
Проста сапе ад забойстваў… Ну вось вам замест прыгажосці,
Праўды ды звычаяў добрых — смуродных багіняў абліччы,
Мноства ваенных ліхотаў замест дабрадатнага міру…

Радзівіліяда ІІІ, 486–496.

Кветкі і зніч над водамі Улы
ў памяць пра Чашніцкую бітву.

Паэт яўна разлічвае на тое, каб, прачытаўшы гэтыя словы, чалавек ніколі не пажадаў бы развязаць новую вайну — калі не з этычных, то хаця б з эстэтычных меркаванняў...

Менавіта ў гэтым эстэтычным плане нам, усім, хто прыехаў цёплым травеньскім днём у Чашнікі і Іванск, вельмі пашанцавала ў параўнанні з нашымі далёкімі гераічнымі продкамі, якія марозным студзеньскім вечарам 1564 года сышліся на чашніцкіх палях, каб абараніць сваю Айчыну. Яны чулі выбухі гарматаў і перадсмяротныя стогны, мы — гукі музыкі і словы паэтычных твораў. Навучэнцы і педагогі Іванскай сярэдняй школы падрыхтавалі для гасцей цудоўны святочны канцэрт. У падарунак мы атрымалі зробленыя рукамі іванскіх школьнікаў вазы з валошкамі ў тэхніцы арыгамі.

На тых лугах, дзе калісьці адбылася Ульская бітва, мы ўбачылі і сапраўдныя жывыя краскі. Іх белыя пялёсткі са здзіўленнем пазіралі на прывезеныя намі чырвоныя ружы, якія мы пакінулі разам з запаленым знічом на стромкім беразе ракі. Побач ляжаў павалены нядаўняй навальніцай вялізны дуб, а ўнізе ціха плыла Ула; чыстае, не азмрочанае сполахамі ваенных пажараў неба адбівалася ў яе водах. У павольнай задуменнасці рака быццам думала пра нешта, штосьці ўспамінала. Паблажліва прыслухоўвалася яна да задзірыстага дзынькання маладых, а таму вельмі ж ужо агрэсіўных і напорыстых камароў, якія былі ўпэўненыя, што няма і ніколі не было на гэтых берагах страшнейшай за іх раці...

Фотаздымкі Вольгі Крычко
і Сігітаса Нарбутаса.


  1. Паэма «Радзівіліяда» цытуецца на беларускай мове ў нашым перакладзе, які друкаваўся ў 2011—2012 гг. у часопісе «Маладосць». Фрагменты з паэмы публікавала таксама «Наша вера». Пры цытаванні рымскай лічбай пазначаны парадкавы нумар раздзела (кнігі), арабскімі лічбамі — нумары паэтычных радкоў.
  2. Шчарбачэвіч, Н. Там, дзе Радзівіл Шуйскага разбіў // Звязда. — 2014 г., 3 чэрвеня.
  3. Тызіфона — адна з эрыній.
  4. Белона — старажытнарымская багіня вайны.
  5. Лібітына — старажытнарымская багіня пахавання.
  6. Морта згадваецца некторымі старажытнарымскімі аўтарамі як багіня лёсу.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY