 |
|
Уставай!
Уставай, чалавеча, чаго ты чакаеш?
На што гэтак марна хвіліны губляеш?
Хіба ты не чуеш, як гучна і прагна
цябе кліча вязень пякельнае багны?
Хіба ты не бачыш смяротную роспач,
што поўніць шчаслівыя некалі вочы?
Ці не адчуваеш ты дух паламаны,
які безнадзейна знявечылі раны?
Ратуй жа яго, намагайся няспынна!
Ратуй яго прагна: і словам, і чынам.
Забудзься на ўласныя стому й сумненні,
нясі паратунак таму, хто ў цярпенні!
Схавай свае твар ды імя у заценні,
ачысці душу ад пыхлівых прагненняў.
Дай сэрца таму, хто ў ім мае патрэбу,
хай стане яно для галоднага хлебам!
Чаго ж ты марудзіш? Даволі, спяшайся!
Нібы да Хрыста ты бяжыш, не спыняйся!
Дзе ж ён, хто ў нястачы, хто кволы душою?
Спяшайся, то брат твой, ён побач з табою.
|
|
Нябыт
Што мы бачым, заплюшчыўшы вочы?
Ці не цемру халоднае ночы?
Ці не змрок невымоўнае стомы?
Ці не бездані дух нерухомы?
Што мы бачым, спусціўшы павекі?
Адкажу табе: кволае рэха,
той слабы адгалосак імгнення,
што цягнулася перад стварэннем,
той нябыт, што лунаў перад словам,
той празрысты нябыт, вечна новы,
што меў Духа ў абдымках бяздоння
і для свету стаў мілым улоннем.
Затрымайся ж у ім на хвіліну
і пачуй ціхі шэпт, поўны сілы,
і адчуй усю дробнасць зямнога
перад веліччу Бога.
|
|
Сляпы
Я аднойчы спаткала сляпога.
Ён няпэўна бадзяўся у змроку
й маляваў уяўленнем убога
анікому не бачную зорку.
Прыхаваўшы пячатку цярпення,
без увагі на сум і галечу,
ён казаў у святым захапленні
пра штодзённасці простыя рэчы.
Ён прасіў распавесці пра сонца,
бо стаміўся ад вечнае ночы,
расказаць пра зямлю ды нябёсы,
пра усмешку ды людскія вочы,
пра гаі ды пра шэрагі гораў,
пра аблокаў чароды й азёры,
пра глыбокае соннае мора,
пра ручай мітусліва бадзёры.
Я шукала найлепшыя словы
й не знайшла, ўся замёршы ў здранцвенні,
бо бяссільнаю сталася мова
прад жывой прыгажосцю стварэння,
перад светам, які быў здабыты
мукай Бога й крывёю прарочай,
што раптоўна паўстала з нябыту,
акрапіўшы сасмяглыя вочы
і адкрыўшы крыніцу натхнення
праз убогага зрэнкі пустыя.
У той момант прыйшло разуменне:
маем зрок, але ходзім сляпымі...
Дрэвы ў лесе ды кветкі на полі,
птушкі ў небе ды месяц няпоўны —
глянь вакол: свет мігоча любоўю!
Ён такі невымоўна цудоўны!
Хай жа ўсцешыцца кожны відушчы,
хай у радасці выхваліць Бога,
бо здаровыя вочы расплюшчыў
праз нямогласць і немач сляпога.
|
|
Не праходзь абыякава міма
Не праходзь абыякава міма,
калі ўбачыш жабрачку старую.
Не рабі сваё сэрца маўклівым,
як працягне руку трапяткую.
Не зважай на апухлыя вочы,
на трывалы смурод алкаголю.
Падыдзі ды пачуй, што шапоча
сэрца ейнае, скутае болем.
Можа думаеш, гэткае ліха —
доля горшых ці духам змарнелых?
Крывадушнік! Суціш сваю пыху.
Бог аддаў за яе cваё Цела.
Паглядзі на яе, гэта — маці,
ці дачка, ці сястра, ці бабуля.
Гэта — Езус, табе абіраці,
ці дасі Яму хлеб ды кашулю.
Можа, лёс ёй жыццё перайначыў.
Можа, сэрца старое ў здранцвенні.
Як душу яе Езус прабачыў,
дай і ты ёй сваё прабачэнне.
|
|
Не забі
«Забяры да сябе, без цябе свет не мілы...» —
шэпча маці, забойца дзіцяці свайго,
да улоння пустога, што стала магілай,
да маўклівага ўлоння, што стала ярмом.
Бо не ведала маці дзіцячай любові,
бо не знала цану немаўлячай крыві.
Разважала пустое, а сэрца малое
трапятала старанна ў адчайным біцці.
Дробна цельца было ёй пад сэрца схавана,
каб жыло яго рытмам, ягоным быццём,
існавала любоўю да мілае мамы,
што яго адарыла каштоўным жыццём,
што яго назвала нежаданым сімптомам,
што самая лягла да хірурга на стол,
што спала, калі гэта дзіцятка слабое
змардавана пад матчыным сэрцам было.
Плод прыбраны. Вядома, бо цела любое
нават родная маці ў стане забіць.
Плача дзесьці ў нябёсах дзіцятка малое.
Будзе вечна душа яго маці любіць.
«Забяры да сябе, без цябе свет не любы...» —
шэпча маці, якая забіла дзіця.
«Не забі», — кажа Пан, — бо знойдзеш загубу,
не маўчы, але будзь абаронцам жыцця».
|
|
 |