Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(69)/2014
Жыццё Касцёла

ВІНШАВАННЕ З РАДЗІМЫ
Інтэрв’ю
Да 100-годдзя святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка

«АХ, ГЭТЫЯ ПРУЖАНЫ...»

З ГІСТОРЫІ ПРУЖАНСКАГА КАСЦЁЛА
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратурная спадчына

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Рэлігія і свет
Літаратуразнаўства
Рымскія святыні

ЛАТЭРАНСКАЯ БАЗЫЛІКА
Сцежкамі памяці

УЖО НЕ ДАЛЁКАЯ ГАРА...
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Проза

НОВЫЯ ТВОРЫ
Літаратуразнаўства
Мастацтва
Галерэя

Ірына БАГДАНОВІЧ

ПАЭТЫЧНЫ КАТЭХІЗІС ЯНА ЧАЧОТА

Ян Чачот (1796–1847) трывала займае пачэснае месца сярод пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Ён адзін з нямногіх першых пісьменнікаў Беларусі ХІХ ст., які, традыцыйна выкарыстоўваючы польскую мову ў літаратурнай творчасці, свядома пачаў пісаць на беларускай («славяна-крэвіцкай», паводле яго вызначэння) мове.

Ян Чачот нарадзіўся ў фальварку Малюшычы Наваградскага павета (цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці), але неўзабаве яго бацькі пераехалі ў ваколіцу Новая Мыш на рацэ Мышанцы, дзе прайшлі дзіцячыя гады будучага пісьменніка. Пазней у пісьменніцкім асяродку да Чачота прышчэпіцца ласкавая мянушка Ян з Мышы. Вучыўся Ян Чачот у Наваградскай павятовай дамініканскай школе разам з Адамам Міцкевічам, дзе яны і пасябравалі на ўсё жыццё. Далей быў, як вядома, Віленскі ўніверсітэт і стварэнне студэнцкіх тайных таварыстваў філаматаў і філарэтаў, якія зрабілі надзвычайны ўплыў на станаўленне «краёвай» патрыятычнай свядомасці «літвінскай» (беларускай) моладзі. Навуковыя і творчыя задачы, якія ставілі перад сабой удзельнікі таварыстваў, а Чачот быў, поруч з Адамам Міцкевічам і Тамашом Занам адным з арганізатараў і кіраўнікоў, спалучаліся з ідэаламі сяброўства, шчырасці і сумленнасці ва ўзаемаадносінах, з узаемадапамогай, а таксама з велічным ідэалам будучай свабоднай Айчыны, якая страціла сваю вольнасць у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай і пра вызваленне якой марылі філаматы, кшталтуючы сябе для гэтай высокай і ахвярнай змагарнай місіі. У філамацкім асяродку пісаліся вершы, прысвечаныя сябрам, напоўненыя шчырымі пачуццямі сяброўства, ідэяй служэння Айчыне; ім быў уласцівы гумар і зварот да народных мясцовых паэтычных крыніцаў, да беларускага фальклору.

Ян Чачот, можна сказаць, задаваў тон у паэтычнай модзе, першым паказаў шлях да выкарыстання вусна-паэтычнай народнай творчасці ў высокім прыгожым пісьменстве, і гэта было таксама знакам таго, што і на польска-беларускім літаратурным памежжы выспявае рамантызм з яго зваротам да фальклору, да глыбіняў гісторыі народа, да мясцовых паданняў, — рамантызм, які на той час ужо ўладарыў у літаратурах Еўропы. На хвалі рамантызму менавіта Ян Чачот адкрывае для айчыннага пісьменства жанр балады, стварыўшы восем арыгінальных узораў баладаў, заснаваных на мясцовых гістарычных і ландшафтных рэаліях («Свіцязь», «Наваградскі замак», «Мышанка», «Калдычэўскі шчупак», «Радзівіл, альбо заснаванне Вільні» ды іншыя), і вельмі хутка балада становіцца адным з найулюбёных жанраў усіх паэтаў-філаматаў на чале з Адамам Міцкевічам і іх паслядоўнікаў.

Зварот да мясцовай гісторыі быў таксама знакам рамантызму з яго культам рэгіянальнасці, імкненнем дакрануцца да каранёў народнай памяці. Добра ведаючы помнікі даўняга беларускага-літоўскага летапісання («Летапіс вялікіх князёў літоўскіх», хроніку Мацея Стрыйкоўскага), гісторыяграфічныя працы Тадэвуша Нарбута, іншыя гістарычныя крыніцы, Ян Чачот, маючы за ўзор выразна класіцысцкія «Гістарычныя спевы» Юльяна Урсына Нямцэвіча, што сталіся першым літаратурным адкрыццём мясцовых гістарычных скарбаў, задумвае і стварае ў рамантычным духу вядомы цыкл «Спевы пра даўніх ліцвінаў да 1434 года» — фактычна вершаваную хроніку, летапіс, дзе ў 55-ці вершах знайшлі сваё паэтычнае адлюстраванне найважнейшыя падзеі і асобы беларускай гісторыі часоў Вялікага Княства Літоўскага. Задуманы яшчэ ў філамацкі перыяд, гэты гістарычны цыкл быў напісаны Чачотам ужо пасля вяртання са ссылкі.

Як вядома, па справе тайных віленскіх студэнцкіх таварыстваў было ўзбуджана следства і ўвосень 1823 г. амаль усе сябры — філаматы і філарэты — былі арыштаваныя, утрымліваліся ў астрогу, а ў кастрычніку 1824 г. пераважная большасць з іх была высланая ў аддаленыя ад роднага краю расійскія губерні. Ян Чачот трапіў на Урал (крэпасць Кізіл, Уфа, іншыя мясціны) і толькі ў 1833 г. атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. Некаторы час ён жыў у Лепелі, служыў у канцылярыі Бярэзінскага канала; потым — у Шчорсах, дзе пад апекай графа Адама Храптовіча працаваў у яго бібліятэцы. Гэты перыяд вяртання быў адметны ў творчасці паэта мэтанакіраваным збіраннем вуснай народнай творчасці — песеннага фальклору беларусаў, які ён выдаў з 1837-га па 1846 гг. у шасці зборніках пад назвай «Сялянскія песенькі з-над Нёмна і Дзвіны» (у некаторых выпусках назва мела варыянты ў залежнасці ад ракі, «з-над» якой збіраліся песні, — толькі Нёман альбо толькі Дзвіна, а ў выпуску 1845 г. да Нёмна далучыліся Днепр і Днестр), паказаўшы ўсё багацце каляндарна-абрадавай і сямейна-побытавай вуснай народнай творчасці беларусаў. І да сённяшняга дня фальклорныя зборы Чачота прывабліваюць увагу фалькларыстаў багаццем і прыгажосцю народнай культуры, арыгінальнасцю падыходу да збірання спадчыны, унікальнасцю выданняў як крыніцы аўтэнтычных тэкстаў.

Усё сваё жыццё Ян Чачот заставаўся адзінокім чалавекам. Пасля смерці графа Храптовіча (1844) ён, вымушаны пераязджаць з месца на месца, хварэе на сухоты — вынік уральскай ссылкі.

У 1847 г. Ян Чачот выехаў на лячэнне ў Друскенікі і там памёр. Пахаваны ў Ротніцы. На помніку ў вершаванай форме памятны надпіс сябру зрабіў у 1857 г. Антоні Эдвард Адынец, які нашмат перажыў сваіх паплечнікаў філаматаў:

Сваю маладосць ён аддаў для навукі і Цноты,
За век свой ён зведаў і холад, і змрок сутарэння.
Спагада да бліжніх — вось існасць ягонай істоты,
Цяжкое жыццё яго ўсё — гэта шлях да збавення.
Імя яго будзе ў краіне навекі звязана
З Адамам Міцкевічам, з іменем Томаша Зана.
Хто ведаў яго — перад каменем гэтым схіліся,
Пастой, памаўчы і за ўсіх за траіх памаліся.

(Пераклад Кастуся Цвіркі.)

Паэтычная спадчына Яна Чачота багатая і разнастайная. Вялікая частка яго польскамоўных твораў перакладзеная на беларускую мову і трывала ўвайшла ў асноўныя тэксты беларускай літаратуры ХІХ ст. (балады, «Спевы…», лірычныя вершы). Уражвае і досыць вялікая колькасць вершаў, напісаных па-беларуску, што для першай паловы ХІХ ст. было рэдкасцю і выключэннем з правілаў. Гэтыя вершы былі адрасаваныя пераважна сялянам і выконвалі асветніцкую функцыю: навучалі сялянаў асновам пабожнасці, маральнасці жыцця. Чачот выкрываў асабліва настойліва такую загану як п’янства, ад якога паходзяць і многія іншыя заганы — марнатраўства, занядбанні, разбэшчанасць нораваў і да т.п. Асабліва шмат беларускіх вершаў, адрасаваных сялянам, змешчана ў фальклорных зборніках Чачота: 28 тэкстаў пад назвай «Уласныя сялянскія песні» (выпуск 1844 г.) і верш «Да мілых мужычкоў» (выпуск 1846 г.).

Пры ўсёй нязменнай увазе даследчыкаў да творчасці Яна Чачота і прызнанні яго найвялікшых заслугаў у развіцці беларускай літаратуры (у ХХ ст. гэта літаратурна-крытычныя і навукова-даследчыя працы М.Багдановіча, М.Гарэцкага, Я.Карскага, А.Лойкі, Г.Кісялёва, У.Мархеля, К.Цвіркі ды іншых), усё ж Ян Чачот працягвае заставацца аўтарам у многім загадкавым і невядомым. Нельга не адзначыць таксама падзвіжніцкую перакладчыцкую працу Кастуся Цвіркі, перастварэнню якога належыць пераважная большасць вядомых на сённяшні дзень паэтычных твораў Яна Чачота (вядомыя таксама пераклады некалькіх вершаў, зробленыя Уладзімірам Мархелем і, побач з перакладамі Кастуся Цвіркі, існуюць пераклады «Спеваў пра даўніх ліцвінаў…», зробленыя Станіславам Суднікам).

Тым не менш вялізная частка польскамоўных вершаў Яна Чачота застаецца невядомай беларускаму чытачу. І найперш застаецца невядомым Чачот-хрысціянін, практыкуючы католік, аўтар паэзіі, якую без перабольшвання можна назваць высокай духоўнай паэзіяй, што працягвае айчынныя традыцыі Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага, польскамоўнага паэта польска-беларускага сумежжа Францішка Карпінскага ды іншых. Адсутнасць цікавасці да падобнай паэзіі ў ранейшыя часы тлумачыцца тым, што ні атэістычны камуністычны час, ні пазнейшы перыяд перабудовы і пасля перабудовы не былі гатовыя ўспрыняць духоўную паэзію як мастацкую і эстэтычную каштоўнасць. Ян Чачот займеў сваё трывалае амплуа паэта-песенніка і баладыста, цікавасць якога скіраваная выключна да народнай творчасці, схільнага да маралізатарства і выхавання ў сентыментальна-асветніцкім духу добрых нораваў у сялянаў і спагадлівых адносінаў да іх паноў. Творы такога кшталту цаніліся, перакладаліся і інтэрпрэтаваліся. У прынцыпе гэта было слушна і адпавядала ідэйнай накіраванасці творчасці паэта, аднак істотна яе абмяжоўвала. «Маралізатарства» ж Яна Чачота згадвалася хутчэй як загана яго творчасці і разумелася павярхоўна, таму паэт заставаўся невядомым у глыбіні сваёй рэлігійнасці (у савецкія часы — несумненная «загана» і «адсталасць» поглядаў). Сёння мы назвалі б «маралізатарства» Яна Чачота свядомым імкненнем да евангелізацыі праз паэзію — і саслоўя, да якога ён сам належаў — шляхецкага, і сялянаў, якіх шчыра, па-евангельску любіў як бліжніх і якім спагадаў, не толькі заклікаючы паноў да добразычлівасці, але і падкрэсліваючы сваю ўласную блізкасць да сялянства: «Ды і я ж між вамі ўзрос // Пры бацьку і маці» (верш «Да мілых мужычкоў»).

Аб шчырай пабожнасці, рэлігійнасці Яна Чачота сведчыць запісанае ім у асабістым альбоме (штамбух) Габрыэлі Пузыні чатырохрадкоўе, якое можна назваць уласнай чачотаўскай малітвай:

O mój Jezu ukochany,
Ucz mie przez Twe swięte rany
Znosić boleść i niedolę,
Z Twą się świętą zgadzać wolą.

О мой Езусе каханы,
Праз Твае святыя раны
Навучы прымаць нядолю
І Тваю святую волю.

(Пераклад мой. — І. Б.)

Цікавасць у гэтых адносінах уяўляе таксама амаль забыты ўсімі зборнік вершаў Яна Чачота «Peśni Ziemianina», przez Tłomacza Piosnek Wieśniaczych z nad Niemna i Dzwiny (Wilno, 1846). Менавіта тут змешчаны цыклы вершаў выразнай духоўнай скіраванасці, дзе ў яркай вобразнай форме тлумачацца галоўныя хрысціянскія праўды веры, запаведзі любові да Бога і да бліжняга. Ян Чачот на прыкладах з гісторыі, з жыцця каралёў і вяльможаў, простых людзей і з уласных назіранняў, кіруючыся Божымі запаведзямі, сфармуляванымі ў Дэкалогу, і змагаючыся супраць галоўных грахоў (асабліва супраць пыхі), стварае свой паэтычны «катэхізіс», разлічаны на выхаванне высокіх маральных якасцяў людзей розных саслоўяў (ад каралёў да сялянаў) і важных не толькі для яго сучаснікаў, але і для ўсіх наступных пакаленняў, бо Ян Чачот закранае пытанні ўніверсальныя, вечныя, заснаваныя на біблейскай мудрасці.

Вершы Яна Чачота гучаць па-сучаснаму і сёння, яны актуальныя, як актуальныя ва ўсе часы біблійныя запаведзі любові да Бога і любові да бліжняга праз служэнне бліжняму. Паэт заклікае да міласэрнасці, якая праяўляецца не ў прыгожых словах, а ў рэальных учынках, выкрывае падступнасць і хцівасць, распусту і марнатраўства, неўмеркаванасць у ежы і іншых прыемнасцях. Прычым робіць гэта не дакучліва-ментарскімі павучаннямі, а з прапаведніцкім красамоўствам звяртаецца да яскравых прыкладаў з жыцця вядомых гістарычных асобаў, кіруецца ўласнымі назіраннямі і біблійнымі аналогіямі. Таму вершы Яна Чачота поўняцца жывымі вобразамі, эстэтыкай хараства, імкненнем да дасканаласці праз пераадольванне зла не толькі ў соцыуме, але і ўнутры самога чалавека, хоць вяльможы, хоць селяніна.

Спадзяемся, што чытачам «Нашай веры» будзе цікава пазнаёміцца з перакладамі вершаў Яна Чачота духоўна-рэлігійнай тэматыкі, якія ўпершыню ўводзяцца ў беларускі літаратурны кантэкст (за выключэннем верша «Леў Сапега, ваявода віленскі і гетман літоўскі», пераклад якога зроблены Кастусём Цвіркам).

Ірына Багдановіч

Гл. таксама:
Крыстына ЛЯЛЬКО :: «АХ, ГЭТЫЯ ПРУЖАНЫ...» ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY