|
|
|
№
1(75)/2016
Падзея
Вялікія містыкі
Пераклады
Год Міласэрнасці
Паэзія
Літаратуразнаўства
Асобы
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Спадчына
Мемуары
Памяці святара
In memoriam
Па родным краі
Прэзентацыя
|
СУМЕСНАЯ ДЭКЛАРАЦЫЯ ПАПЫ ФРАНЦІШКА І ПАТРЫЯРХА МАСКОЎСКАГА І ЎСЯЕ РУСІ КІРЫЛА
1. З волі Бога і Айца, ад якога паходзіць усялякі дар, у імя Пана нашага Езуса Хрыста, з дапамогаю Святога Духа Суцяшыцеля, мы, Папа Францішак і Кірыл, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі, сустрэліся сёння ў Гаване. Дзякуем Богу, якога праслаўляем у Тройцы, за гэтую сустрэчу, першую ў гісторыі. Мы з радасцю сустрэліся як браты ў хрысціянскай веры1, якія ўбачыліся, каб «размаўляць ужывую» (пар. 2 Ян 12), ад сэрца да сэрца, і абмеркаваць узаемаадносіны паміж Цэрквамі, асноўныя праблемы нашых вернікаў і перпектывы развіцця чалавечай цывілізацыі.
2. Нашая братняя сустрэча адбылася на Кубе, на скрыжаванні шляхоў паміж Поўначчу і Поўднем, Захадам і Усходам. З гэтай выспы — сімвала надзеяў «Новага свету» і драматычных падзеяў гісторыі ХХ стагоддзя — мы скіроўваем нашае слова да ўсіх народаў Лацінскай Амерыкі і іншых кантынентаў. Мы радуемся таму, што сёння тут дынамічна развіваецца хрысціянская вера. Моцны рэлігійны патэнцыял Лацінскай Амерыкі, яе шмятвяковыя хрысціянскія традыцыі, што рэалізуюцца ў жыццёвым вопыце многіх людзей, з’яўляюцца задаткам вялікай будучыні гэтага рэгіёна.
3. Сустрэўшыся ўдалечыні ад даўніх спрэчак «Старога свету», мы з асабліваю моцаю адчуваем неабходнасць сумеснай працы паміж католікамі і праваслаўнымі, пакліканымі з пакораю і павагаю даць свету адказ пра тую надзею, якую маем у сабе (пар. 1 П 3, 15).
4. Дзякуем Богу за тыя дары, якія мы атрымалі дзякуючы прыйсцю ў свет Яго Адзінароднага Сына. Мы падзяляем супольную духоўную Традыцыю першага тысячагоддзя хрысціянства. Сведкамі гэтай традыцыі з’яўляюцца Найсвяцейшая Маці Божая, Панна Марыя, і святыя, якіх мы ўшаноўваем. Сярод іх — незлічоныя мучанікі, якія засведчылі сваю вернасць Хрысту і сталі «насеннем хрысціянаў».
5. Нягледзячы на гэтую агульную традыцыю першых дзесяці стагоддзяў, католікі і праваслаўныя на працягу амаль тысячы гадоў пазбаўленыя еднасці (comunione — общения) у Эўхарыстыі. Мы падзеленыя ранамі, нанесенымі ў канфліктах даўняга і нядаўняга мінулага, разыходжаннямі, атрыманымі ў спадчыну ад нашых папярэднікаў, у разуменні і ў вытлумачэнні нашай веры ў Бога, Адзінага ў Трох Асобах — Айца і Сына, і Духа Святога. Мы смуткуем па страце адзінства, што стала наступствам чалавечай слабасці і грахоўнасці і здарылася насуперак Першасвятарскай малітве Хрыста Збаўцы: «Каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас [адно]» (Ян 17, 21).
6. Усведамляючы наяўнасць шматлікіх перашкодаў2, мы выказваем пажаданне, каб нашая сустрэча сталася ўнёскам у аднаўленне гэтага жаданага Богам адзінства, аб якім маліўся Хрыстус. Няхай нашая сустрэча натхніць хрысціянаў усяго свету з новым запалам маліць Пана аб поўным адзінстве ўсіх Ягоных вучняў. У свеце, які чакае ад нас не толькі словаў, а канкрэтных жэстаў, няхай гэтая сустрэча будзе знакам надзеі для ўсіх людзей добрай волі!
7. У нашай рашучасці выканаць усё неабходнае для пераадолення гістарычных разыходжанняў, якія мы атрымалі ў спадчыну, мы жадаем аб’яднаць нашыя намаганні дзеля сведчання пра Евангелле Хрыста і пра супольны скарб Касцёла першага тысячагоддзя, разам адказваючы на выклікі сучаснага свету. Праваслаўныя і католікі павінны навучыцца даваць згоднае сведчанне аб праўдзе ў асяроддзях, дзе гэта магчыма і неабходна. Чалавечая цывілізацыя ўступіла ў перыяд эпахальных пераменаў. Нашае хрысціянскае сумленне і нашая пастырская адказнасць не даюць нам права заставацца бяздзейнымі перад абліччам выклікаў, якія патрабуюць супольнага адказу.
8. Наш позірк скіроўваецца перадусім да тых рэгіёнаў свету, дзе хрысціяне з’яўляюцца ахвярамі пераследу. У многіх краінах Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі нашыя браты і сёстры ў Хрысце знішчаюцца цэлымі сем’ямі, вёскамі і гарадамі. Іх святыні па-варварску разбураюцца і разрабоўваюцца, святыя рэчы апаганьваюцца, помнікі руйнуюцца. У Сірыі, у Іраку, у іншых краінах Блізкага Усходу мы з болем канстатуем масавы зыход хрысціянаў з той зямлі, адкуль пачала распаўсюджвацца наша вера і дзе яны жылі з апостальскіх часоў разам з іншымі рэлігійнымі супольнасцямі.
9. Мы заклікаем міжнародную супольнасць да неадкладных дзеянняў дзеля недапушчэння далейшага выгнання хрысціянаў з Блізкага Усходу. Узнімаючы голас у абарону пераследаваных хрысціянаў, мы жадаем выказаць нашае спачуванне ў цярпеннях вернікам іншых рэлігійных традыцый, якія таксама сталі ахвярамі грамадзянскай вайны, хаосу і тэрарыстычнага насілля.
10. У Сірыі і ў Іраку гэтае насілле ўжо стала прычынаю тысяч ахвяраў, пакінуўшы мільёны людзей без даху над галавой і без сродкаў для існавання. Мы звяртаемся да міжнароднай супольнасці з заклікам аб’яднацца, каб пакласці канец насіллю і тэрарызму і адначасова праз дыялог спрыяць хуткаму аднаўленню грамадзянскага міру. Неабходна забяспечыць шырокамаштабную гуманітарную дапамогу церпячаму насельніцтву і шматлікім бежанцам у суседніх краінах. Просім усіх, хто можа паўплываць на лёс усіх скрадзеных людзей, у тым ліку мітрапалітаў Алепскіх Паўла і Яна Ібрагіма, захопленых у красавіку 2013 года, зрабіць усё неабходнае для іх як мага больш хуткага вызвалення.
11. Узносім нашыя малітвы да Хрыста, Збаўцы свету, аб аднаўленні на Блізкім Усходзе міру, які з’яўляецца «плёнам справядлівасці» (пар. Іс 32, 17), каб умацавалася братняе суіснаванне паміж рознымі народамі, Цэрквамі і рэлігіямі, якія там знаходзяцца, аб вяртанні бежанцаў у свае дамы, аб выздараўленні параненых і аб супакоі для душаў нявінна забітых. Мы звяртаемся да ўсіх бакоў, якія могуць быць уцягнутымі ў канфлікты, з палымяным заклікам праявіць добрую волю і сесці за стол перамоваў. У той жа час неабходна, каб міжнародная супольнасць прыклала ўсе магчымыя намаганні для таго, каб пакласці канец тэрарызму з дапамогаю агульных, сумесных, скаардынаваных дзеянняў. Заклікаем усе краіны, уцягнутыя ў барацьбу з тэрарызмам, да адказных, узважаных дзеянняў. Звяртаемся да ўсіх хрысціянаў і да ўсіх, хто верыць у Бога, з заклікам да руплівай малітвы да прадбачлівага Стварыцеля свету, каб Ён захаваў сваё стварэнне ад разбурэння і не дапусціў новай сусветнай вайны. Дзеля таго, каб мір быў трывалым і надзейным, неабходныя асаблівыя намаганні, скіраваныя на новае адкрыццё3 агульных каштоўнасцяў, якія нас аб’ядноўваюць, заснаваных на Евангеллі Пана нашага Езуса Хрыста.
12. Мы схіляемся перад мучаніцтвам тых, хто коштам уласнага жыцця сведчыць аб праўдзе Евангелля, аддаючы перавагу смерці перад адступніцтвам ад Хрыста. Мы верым, што гэтыя мучанікі нашага часу, якія належаць да розных Цэркваў, але аб’яднаныя адным цярпеннем, з’яўляюцца задаткам адзінства хрысціянаў. Да вас, якія церпіце за Хрыста, скіроўвае сваё слова Ягоны Апостал: «Умілаваныя, ... паколькі вы прымаеце ўдзел у муках Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў час аб’яўлення славы Яго вы ўсцешыліся і ўзрадаваліся» (1 П 4, 12–13).
13. У гэтую неспакойную эпоху неабходны міжрэлігійны дыялог. Адрозненні ў разуменні рэлігійных праўдаў не павінны перашкаджаць людзям розных вераў жыць у міры і ў згодзе. У сённяшніх умовах рэлігійныя лідары нясуць асаблівую адказнасць за выхаванне сваёй паствы ў духу павагі да перакананняў тых, хто належыць да іншых рэлігійных традыцый. Цалкам непрымальнымі з’яўляюцца спробы апраўдаць злачынныя дзеянні рэлігійнымі лозунгамі. Ніякае злачынства не можа быць здзейснена ў імя Бога, «бо Бог не ёсць [Богам] бязладдзя, але спакою» (1 Кар 14, 33).
14. Сцвярджаючы высокую каштоўнасць рэлігійнай свабоды, мы аддаем падзяку Богу за беспрэцэдэнтнае адраджэнне хрысціянскай веры, якое адбываецца цяпер у Расіі і ў многіх краінах Усходняй Еўропы, дзе на працягу дзесяцігоддзяў панавалі атэістычныя рэжымы. Сёння кайданы ваяўнічага бязбожжа разбітыя і ў многіх месцах хрысціяне могуць свабодна вызнаваць сваю веру. За чвэрць стагоддзя тут былі збудаваныя дзясяткі тысяч новых святыняў, адкрытыя сотні кляштараў і тэалагічных навучальных установаў. Хрысціянскія супольнасці праводзяць значную дабрачынную і сацыяльную дзейнасць, аказваючы разнастайную дапамогу тым, хто знаходзіцца ў патрэбе. Праваслаўныя і католікі нярэдка працуюць побач. Яны адстойваюць агульныя духоўныя асновы супольнага існавання людзей, даючы сведчанне пра евангельскія каштоўнасці.
15. Адначасова мы заклапочаныя сітуацыяй, якая склалася ў вялікай колькасці краінаў, дзе хрысціяне ўсё часцей сутыкаюцца з абмежаваннем рэлігійнай свабоды, права сведчыць пра свае перакананні і магчымасці жыць у адпаведнасці з імі. У прыватнасці, мы канстатуем, што ператварэнне пэўных краінаў у секулярызаваныя грамадствы, адчужаныя ад усялякай сувязі з Богам і Ягонай праўдай, з’яўляецца сур’ёзнай небяспекай для рэлігійнай свабоды. Нашу занепакоенасць выклікае сённяшняе абмежаванне правоў хрысціянаў, а нават і непасрэдная іх дыскрымінацыя, калі некаторыя палітычныя сілы, кіраваныя ідэалогіяй секулярызму, часта даволі агрэсіўнага, імкнуцца выштурхнуць іх на ўзбочча грамадскага жыцця.
16. Працэс еўрапейскай інтэграцыі, які распачаўся пасля стагоддзяў крывавых канфліктаў, быў успрыняты многімі з надзеяй як гарантыя міру і бяспекі. У той жа час мы заклікаем да чуйнасці супраць такой інтэграцыі, якая не паважала б праяваў рэлігійнай самасвядомасці. Застаючыся адкрытымі для ўнёску іншых рэлігій у нашую цывілізацыю, мы перакананыя, што Еўропа павінна захоўваць вернасць сваім хрысціянскім караням. Мы заклікаем хрысціянаў Усходняй і Заходняй Еўропы4 аб’яднацца для сумеснага сведчання пра Хрыста і Евангелле, каб Еўропа зберагла сваю душу, сфармаваную за дзве тысячы гадоў хрысціянскай традыцыі.
17. Наш позірк скіроўваецца да людзей, якія знаходзяцца ў вельмі цяжкіх сітуацыях, якія жывуць ва ўмовах крайняй патрэбы і беднасці ў той час, калі ўзрастаюць матэрыяльныя багацці чалавецтва. Мы не можам заставацца абыякавымі да лёсу мільёнаў мігрантаў і бежанцаў, якія стукаюцца ў дзверы багатых краінаў. Неўмеркаванае спажывальніцтва, якое назіраецца ў некаторых найбольш развітых краінах, імкліва вычэрпвае рэсурсы нашай планеты. Узрастанне няроўнасці ў размеркаванні зямных дабротаў павялічвае пачуццё несправядлівасці ў адносінах да ўсталяванай сістэмы міжнародных адносінаў.
18. Хрысціянскія Цэрквы пакліканыя адстойваць патрабаванні справядлівасці, пашану да традыцый народаў і сапраўдную салідарнасць з усімі церпячымі. Мы, хрысціяне, не павінны забывацца пра тое, што «Бог выбраў неразумнае свету, каб асароміць мудрых, і слабое свету выбраў Бог, каб асароміць моцных; і бязроднае свету, і пагарджанае, і тое, чаго няма, выбраў Бог, каб знішчыць існае, каб ніякае цела не выхвалялася перад Богам» (1 Кар 1, 27–29).
19. Сям’я — гэта натуральны асяродак жыцця чалавека і грамадства. Мы заклапочаныя крызісам сям’і ў многіх краінах. Праваслаўныя і католікі падзяляюць адзін погляд на сям’ю і пакліканыя сведчыць пра тое, што яна ёсць шляхам святасці, якая выяўляецца ў вернасці сужэнцаў у адносінах адно да аднаго, у іх адкрыцці для працягу жыцця і выхавання дзяцей, салідарнасці паміж пакаленнямі і павазе да найслабейшых.
20. Сям’я грунтуецца на шлюбе як акце свабоднай і вернай любові мужчыны і жанчыны. Любоў змацоўвае пячаткаю іх саюз, вучыць іх прымаць адно аднаго як дар. Шлюб — гэта школа любові і вернасці. Нас засмучае тое, што іншыя формы сужыцця цяпер пастаўленыя на адзін узровень з гэтым саюзам, у той час як разуменне бацькоўства і мацярынства як асаблівага паклікання мужчыны і жанчыны ў шлюбе, асвячанае біблійнай традыцыяй, выцясняецца з грамадскай свядомасці.
21. Мы заклікаем усіх паважаць неад’емнае права на жыццё. Мільёны дзяцей пазбаўленыя самой магчымасці нарадзіцца на свет. Голас крыві ненароджаных дзяцей усклікае да Бога (пар. Быц 4, 10). Развіццё так званай эўтаназіі вядзе да таго, што пажылыя і хворыя людзі пачынаюць адчуваць сябе празмерным цяжарам для сваіх сем’яў і ўсяго грамадства. Мы таксама заклапочаныя развіццём біямедыцынскіх пракрэацыйных тэхналогій, паколькі маніпуляванне чалавечым жыццём — гэта замах на асновы існавання чалавека, створанага на падабенства Бога. Мы лічым сваім абавязкам нагадаць пра нязменнасць хрысціянскіх маральных прынцыпаў, заснаваных на павазе да годнасці чалавека, пакліканага да жыццця паводле задумы Стварыцеля.
22. Сёння мы жадаем асаблівым чынам звярнуцца да маладых хрысціянаў. Вы, моладзь, маеце заданне не хаваць талент у зямлю (пар. Мц 25, 25), але выкарыстоўваць усе здольнасці, якімі адарыў вас Бог, каб сцвердзіць у свеце праўду Хрыста, каб рэалізаваць у вашым жыцці евангельскія запаведзі любові да Бога і да бліжняга. Не бойцеся ісці супраць плыні, адстойваючы Божую праўду, з якой далёка не заўсёды згодныя сённяшнія секулярныя нормы.
23. Бог любіць вас і ад кожнага з вас чакае, што вы будзеце Ягонымі вучнямі і апосталамі. Будзьце святлом свету, каб тыя, хто вакол вас, бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах (пар. Мц 5, 14–16). Выхоўвайце вашых дзяцей у хрысціянскай веры, перадайце ім каштоўную пярліну веры (пар. Мц 13, 46), якую вы атрымалі ад вашых бацькоў і продкаў. Не забывайцеся, што вы «куплены за вялікую цану» (1 Кар 6, 20), коштам смерці на крыжы Бога-чалавека Езуса Хрыста.
24. Праваслаўныя і католікі аб’яднаныя не толькі супольнай Традыцыяй Касцёла першага тысячагоддзя, але таксама місіяй абвяшчэння Евангелля Хрыста ў сучасным свеце. Гэтая місія патрабуе ўзаемнай павагі да членаў хрысціянскіх супольнасцяў і выключае ўсялякія формы празелітызму. Мы не канкурэнты, а браты, і з гэтага падыходу павінны выводзіцца ўсе нашыя дзеянні, скіраваныя адно да аднаго і да навакольнага свету. Заклікаем католікаў і праваслаўных ва ўсіх краінах вучыцца жыць разам у супакоі і ў любові і быць «аднадумцамі паміж сабою» (Рым 15, 5). Таму непрымальным з’яўляецца выкарыстанне незаконных сродкаў заахвочвання вернікаў да пераходу з адной Царквы ў іншую з пагардаю да іх рэлігійнай свабоды і ўласных традыцый. Мы пакліканыя на практыцы рэалізоўваць наказ апостала Паўла: «Я стараўся абвяшчаць Евангелле там, дзе яшчэ не было вядома імя Хрыста, каб не будаваць на чужым падмурку» (Рым 15, 20).
25. Мы спадзяемся, што наша сустрэча зможа паспрыяць прымірэнню там, дзе існуе напружанне паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі. Сёння відавочна, што метад «уніятызму» мінулых часоў, разуметы як прыяднанне адной супольнасці да іншай праз яе аддзяленне ад сваёй Царквы, не з’яўляецца спосабам, які дазваляе аднавіць адзінства. Тым не менш, касцёльныя супольнасці, якія з’явіліся ў такіх гістарычных акалічнасцях, маюць права на існаванне і на здзяйсненне ўсяго неабходнага для задаволення духоўных патрэбаў уласных вернікаў з адначасовым імкненнем да міру са сваімі суседзямі. Праваслаўныя і грэка-католікі маюць патрэбу ў прымірэнні і ў знаходжанні ўзаемапрымальных формаў суіснавання.
26. Нас моцна засмучае супрацьстаянне ва Украіне, што ўжо стала прычынай шматлікіх ахвяраў, прынесла незлічоныя пакуты мірным жыхарам і ўкінула грамадства ў цяжкі эканамічны і гуманітарны крызіс. Мы заклікаем усе бакі канфлікту да разважлівасці, грамадзянскай салідарнасці і міратворчых дзеянняў. Мы заклікаем нашыя Цэрквы ва Украіне працаваць дзеля дасягнення грамадзянскай згоды, устрымлівацца ад удзелу ў супрацьстаянні і не падтрымліваць далейшага развіцця канфлікту.
27. Мы спадзяемся, што раскол паміж праваслаўнымі вернікамі ва Украіне зможа быць пераадолены на падставе існуючых кананічных нормаў, што ўсе праваслаўныя хрысціяне Украіны будуць жыць у міры і згодзе, і што каталіцкія супольнасці краіны паспрыяюць гэтаму такім чынам, каб нашае хрысціянскае братэрства было штораз больш відавочным.
28. У сучасным свеце — разнастайным і ўсё ж з’яднаным адным агульным лёсам — католікі і праваслаўныя пакліканыя па-братэрску супрацоўнічаць у абвяшчэнні Добрай Навіны аб збаўленні5, разам сведчыць пра маральную годнасць і пра сапраўдную свабоду асобы, «каб свет паверыў» (пар. Ян 17, 21). Гэты свет, у якім усё больш імкліва знікаюць духоўныя падставы чалавечага існавання, чакае ад нас моцнага хрысціянскага сведчання ва ўсіх сферах асабістага і грамадскага жыцця. Ад нашай здольнасці разам даць сведчанне Духа праўды ў гэты складаны час у вялікай ступені залежыць будучыня чалавецтва.
29. У гэтым адважным сведчанні пра Божую праўду і пра збаўчую Добрую Навіну няхай нас падтрымлівае Бога-чалавек Езус Хрыстус, наш Пан і Збаўца, які духоўна ўмацоўвае нас сваім непахісным абяцаннем: «Не бойся, малы статак, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Валадарства» (Лк 12, 32). Хрыстус — крыніца радасці і надзеі. Вера ў Яго перамяняе чалавечае жыццё, напаўняе яго значэннем. У гэтым на ўласным вопыце змаглі пераканацца ўсе тыя, да каго можна аднесці словы апостала Пятра: «Калісьці не народ, а цяпер народ Божы; калісьці вы не былі памілаваныя, а цяпер памілаваныя» (1 П 2, 10).
30. Поўныя падзякі за дар узаемаразумення, праяўлены падчас нашай сустрэчы, мы з надзеяй глядзім на Найсвяцейшую Маці Божую, заклікаючы Яе словамі гэтай старажытнай малітвы: «Тваёй абароне (Sotto il riparo della tua misericordia — Под Твою милость) аддаемся, святая Багародзіца». Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя сваім заступніцтвам умацуе братэрства тых, хто Яе ўшаноўвае, каб яны ў вызначаны Богам час былі сабраныя ў супакоі і згодзе ў адзін народ Божы, дзеля хвалы Найсвяцейшай і непадзельнай Тройцы!
Падпісалі: 12 лютага 2016 года, Гавана (Куба) Пераклад Міколы Гракава.
Заўвагі перакладчыка:
|
|
|
|