|
|
|
№
1(75)/2016
Падзея
Вялікія містыкі
Пераклады
Год Міласэрнасці
Паэзія
Літаратуразнаўства
Асобы
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Спадчына
Мемуары
Памяці святара
In memoriam
Па родным краі
Прэзентацыя
|
У мінулым годзе споўнілася роўна паўвека, як пайшоў з жыцця вялікі англа-амерыканскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі (1948) Томас Стэрнз Эліят (Eliot). Ён нарадзіўся 26 верасня 1888 г. у амерыканскім горадзе Сэнт-Луіс (штат Місуры) і быў апошнім, сёмым, дзіцем у сям’і буйнога бізнесмена. Маці мела літаратурныя здольнасці, спрабавала сябе ў паэзіі; дзяцей яна выхоўвала ў непарушнай веры ў Бога. Пасля заканчэння школы, з 1906 г., Томас Эліят вывучае філасофію і філалогію ў Гарвардскім універсітэце (дарэчы, ён закончыць яго ў адным годзе з будучым амерыканскім песняром Кастрычніцкай рэвалюцыі Джонам Рыдам — у 1910-м). Значная падзея адбылася ў жыцці Эліята ў 1911 г.: у час свайго першага наведвання Еўропы ён слухае ў Сарбоне лекцыі славутага французскага мысліцеля Анры Бергсона, чыя філасофская думка станецца адным з вызначальных фактараў сусветнага літаратурнага развіцця ў ХХ ст. З навукай плануе звязаць сваю дзейнасць і Эліят: ён выкладае ў Гарвардзе філасофію, працуе над дысертацыяй і не перастае захапляцца Дантэ (гэтае захапленне Эліят пранясе праз усё жыццё і неаднойчы аддасць даніну пашаны паэту ў сваіх творах), паэзіяй французскіх «выклятых» — Жуля Лафорга, Поля Верлена, Арцюра Рэмбо. І ўсё часцей наведваюць яго сумненні ў правільнасці абранага шляху, усё больш часу займае ўласная творчасць. Да прыняцця канчатковага рашэння цалкам прысвяціць сябе літаратуры падштурхнула сустрэча з англа-амерыканскім паэтам, крытыкам, тэарэтыкам Эзрам Паўндам, якая адбылася ў 1914 г.: Паўнд, у чыім лёсе паўторыцца лёс самога Эліята, знаёміць яго з паэтамі-імжыстамі (Хільдай Дулітл, Джэймсам Джойсам, Рычардам Олдынгтанам і інш.), спрыяе публікацыі яго твораў на старонках шматлікіх англамоўных выданняў, урэшце — аказвае вялікі ўплыў на яго як асобу і пісьменніка. Томас Эліят назаўсёды пакідае ЗША і абірае краінай жыхарства Англію. (Дарэчы, у 1927 г. ён пераходзіць з пратэстанцтва ў каталіцызм, а прыкладна праз год прымае англійскае грамадзянства.) Апынуўшыся ў Англіі, дзеля заробку непрацяглы час настаўнічае, пасля (у 1917–1925 гг.) працуе клеркам у адным з лонданскіх банкаў. На літаратуру застаецца няшмат часу (працу ў банку Томас Эліят сумяшчае з рэдактарскай і выдавецкай дзейнасцю), але тым не менш выходзяць усё новыя яго творы — эсэ, артыкулы, вершы, паэмы, драмы. Да найбольш значных твораў Эліята належаць праграмныя артыкулы і эсэ «Традыцыя і індывідуальны талент» (1919), «Метафізічныя паэты» (1921), «Прызначэнне крытыкі» (1923), «Каталіцызм і сусветны парадак» (1933), «Рэлігія і літаратура» (1933), «Сацыяльнае прызначэнне паэзіі» (1945), кнігі эсэ і артыкулаў «Свяшчэнны лес» (1920), «Прызначэнне паэзіі і прызначэнне крытыкі» (1933), «Пра паэзію і паэтаў» (1957), паэмы «Бясплодная зямля» (1922), «Парожнія людзі» (1925), «Попельная серада» (1930), драмы «Скала» (1934), «Забойства ў саборы» (1935; п’еса была напісана па замове архіепіскапа Кентэрберыйскага), «Уз’яднанне сям’і» (1939), «Вечарынка з кактэйлямі» (1950), «Канфідэнцыяльная асоба» (1954), «Заслужаны дзяржаўны дзеяч» (1958), паэтычныя кнігі «Стары Апосум. Практычнае кошказнаўства» (1939; Стары Апосум — мянушка Эліята, прыдуманая Паўндам. Паводле чатырнаццаці вершаў, што склалі гэтую кнігу, пастаўлены знакаміты мюзікл «Кошкі»), «Чатыры квартэты» (1943) і інш. Памёр і пахаваны Эліят у 1965 г. у Лондане. Сваім жыццём і творчасцю ён паяднаў Новы Свет са Старым, і гэтую акалічнасць пранікнёна-шчымліва ўвасобіў у вершы «Памяти Т. С. Элиота» Іосіф Бродскі:
Галоўнае, што варта ўсведамляць у працэсе асэнсавання творчасці Томаса Эліята, — гэта яго ўвагу да літаратурнай традыцыі, якую паэт адмыслова спалучае з сучаснасцю, з найноўшым літаратурным эксперыментам і, нарэшце, з уласнай мастакоўскай індывідуальнасцю. Зразумела, творчасці папярэднікаў абавязаны многія аўтары, а ў шырокім сэнсе — усе. Ды і кожная эпоха ў аднолькавай ступені бараніла і традыцыю, і наватарства. Аднак ніколі раней літаратурная спадчына не была гэткай актуальнай, як у ХХ стагоддзі, што сталася ў літаратуры адлюстраваннем грандыёзнага парадоксу: разбураючы мастацкія каноны, яно адчайна чаплялася за эстэтычныя набыткі папярэднікаў. Нават самыя радыкальныя рэфарматары літаратуры не стамляліся апеляваць да ўжо ўсталяванага, прапаноўвалі свае шляхі яго спасціжэння. Паказальна, што той жа Джэймс Джойс, чыё ўздзеянне на мастацтва слова мела характар выбуховы, адначасова паклаў пачатак літаратурнаму постмадэрнізму — з’яве, якая прынцыпова акумулявала ў сабе (заўважна трансфармаваўшы пры гэтым) усе магчымыя кірункі, жанры, стылі, класічныя сюжэты і вобразы. Невыпадкова прызнаны класік постмадэрнізму Хорхе Луіс Борхес сцвярджаў, што сваёй творчасцю ўсяго толькі раскрываў духоўна-эстэтычны патэнцыял запатрабаванай ім традыцыі; падобныя прызнанні і меркаванні, падмацаваныя мастацкай практыкай, можна лёгка знайсці ў прадстаўнікоў розных нацыянальных літаратур. У кантэксце вышэйзгаданага намаганні Томаса Эліята сцвердзіць за традыцыяй прыярытэтнае месца ў сучаснай паэзіі наўрад ці пададуцца новымі. Тым не менш узаемаадносіны мастака з папярэднікамі насамрэч былі вельмі асаблівымі. Па сутнасці менавіта цікавасць да традыцыі, да мінуўшчыны была сапраўднай прычынай таго, што Эліят пакінуў радзіму (Сэнт-Луіс, дзе яго дзед святар заснаваў царкву) і абраў для сталага жыцця Еўропу: у Амерыцы гэтую цікавасць не было на чым угрунтаваць. У Еўропе ж Томас Эліят знайшоў «будаўнічы матэрыял» для сваёй эстэтыкі, які ён не толькі асэнсоўваў сузіральна-тэарэтычна, але і актыўна выкарыстоўваў ва ўласнай творчасці. Шматлікія разважанні паэта пра ўзаемасувязі традыцыі і сучаснасці можна звесці да наступнай канцэптуальнай роўніцы: у папярэднікаў трэба знаходзіць тое, што валодае жыццядайнай сілай і можа стаць падмуркам для новых творчых здзяйсненняў. У артыкуле «Традыцыя і індывідуальны талент» Томас Эліят сцвярджае: паэт павінен усведамляць, што ёсць нешта нашмат важнейшае за яго ўласную свядомасць і ўяўленні, — гэта свядомасць агульначалавечая. У ёй, а не ў хуткаплыннай індывідуальнай свядомасці можа праявіць сябе натуральны працэс зменлівасці і развіцця, які нічога не адкідае і ў якім знаходзяць належнае месца і Гамер, і Шэкспір, і старажытныя наскальныя малюнкі. Пры гэтым, пераконвае Эліят, у святле новага мінулае высвечвае свае не заўважаныя раней якасці: «…калі з’яўляецца новы твор мастацтва, ён уплывае адначасова на ўсе іншыя мастацкія творы, якія папярэднічалі яму. Існуючыя помнікі мастацтва ствараюць ідэальны парадак, узгадняюцца паміж сабой, але і гэты парадак непазбежна мяняецца са з’яўленнем сярод іх новага (сапраўды новага) мастацкага твора. І цяпер ужо, каб аднавіць дасканалую паслядоўнасць мастацкіх твораў, увесь папярэдні парадак абавязкова павінен змяніцца… Той, хто пагодзіцца з гэтай ідэяй парадку, …не палічыць абсурдным тое, што мінулае павінна мяняцца пад уздзеяннем сучаснага, гэтаксама як і сучаснае кіруецца ў сваім развіцці мінулым» (3, 63). Насычанасць твораў Эліята арыентацыямі на папярэднікаў, алюзіямі і рэмінісцэнцыямі беспрэцэдэнтная; у гэтых адносінах ён можа быць параўнаны хіба што з Джойсам і Борхесам. Здаецца, няма такой культурнай глебы, якая б не мясціла ў сабе прыкметы яго паэзіі, як няма культурнай крыніцы, якая б так ці інакш не наталяла яго інтэлектуальна-эстэтычную смагу. Паэзія Томаса Эліята — гэта культурная адысея, падарожжа па эпохах, творцах і творах; ці не ўсё самае значнае — ад старажытных міфаў да гучных авангардысцкіх эксперыментаў — аказалася тут працытаваным і пераствораным. Па сутнасці, мы маем справу з увасобленай мастацкімі сродкамі філасофіяй літаратурнай традыцыі, больш за тое — з яе геніяльнай апалогіяй. І адной з самых запатрабаваных крыніцаў натхнення — духоўна і эстэтычна — была для Эліята Біблія. Наколькі гэта справядліва ў дачыненні да творчасці Томаса Эліята ў цэлым, настолькі ж і да амаль кожнага яго паасобнага твора, у прыватнасці — да паэмы «Попельная серада», у 1996 г. перакладзенай на беларускую мову Алесем Разанавым. Перадаць змест гэтай паэтычнай «сюіты» (яна працягвае папярэднія паэмы «Бясплодная зямля» і «Парожнія людзі» і складае разам з імі своеасаблівую трылогію) і цяжка, і лёгка: перад намі плынь суб’ектыўнага, душэўна-духоўнага жыцця чалавека, апантанага прагай надзеі, веры і супакою. Лірычны герой шукае і знаходзіць іх у Богу. Дзве асноўныя канстанты вылучаюцца ў складанай ідэйна-філасофскай сістэме паэмы — сэнсастраты і сэнсапошук. На памежжы 1920–1930-х гг. яны, як ніколі, завалодалі думкамі Эліята, знайшоўшы глыбокае раскрыццё ў яго літаратурна-крытычных працах і мастацкіх творах. Узгадаем: менавіта ў другой палове 1920-х гг. Томас Эліят вырашыў для сябе найскладанейшую асабістую праблему пераходу ў каталіцызм. Аднак пытанне веры Эліятам-мастаком асэнсоўвалася і як усеагульнае. Зрабіўшы выснову, што вера можа даць чалавеку нашмат больш за розум у яго выратаванні ад ганебна-нізкіх памкненняў, Эліят з гэтымі ж крытэрыямі падыходзіць да жыцця і творчасці сваіх папярэднікаў. Ён лічыў, што нават вялікім паэтам не ўдаецца пазбегнуць пэўных спакусаў. На праблемах веры Эліят акцэнтуе ўвагу ў шматлікіх артыкулах, драмах і вершах. Ідэяй пошуку духоўнага супакою прадыктавана і стварэнне «Попельнай серады». Усё ў ёй — ад сюжэта да яго мастацкага ўвасаблення — падпарадкавана гэтай ідэі, і ў першую чаргу — звароту да культурна-літаратурнай спадчыны. Ужо разам з назвай у паэтыку твора магутным сэнсанясучым струменем пачынаюць улівацца біблейскія і царкоўна-цырыманіяльныя матывы і вобразы. Паводле каталіцкага календара, Попельная серада — першы дзень Вялікага посту, у які вернікі з глыбокім жалем згадваюць саракадзённую Езусаву аскезу ў пустыні, дзе Ён зведаў спакусы д’ябла і знайшоў у сабе сілы іх адолець. Сведчанне аб духоўным процістаянні Хрыста і спакусніка ёсць у Евангеллях паводле Мацвея і паводле Лукі («Езус, поўны Духа Святога, вярнуўся ад Ярдана і паведзены быў Духам у пустыню; там сорак дзён Ён быў спакушаны д’яблам…»; 4, 1–2)1. Як вядома, у час Імшы ў гэты дзень святар пасыпае попелам галовы вернікаў, прамаўляючы пры гэтым: «Памятай, што ты — прах, і ў прах вернешся». Менавіта біблейскія рэмінісцэнцыі складаюць сэнсавы падмурак «Попельнай серады», і яны ёсць у кожнай з шасці частак паэмы. Да прыкладу, у першай частцы згадваецца вобраз старога арла. Згодна з сярэднявечнымі паданнямі, арлу, нават старому і нядужаму, вяртаюць моц сонца і крынічная вада; апошняя дэталь вымагае асацыяцый з хрышчэннем Езуса ў рацэ Ярдан і з Ягоным праз гэта ўзвышэннем («І было ў тыя дні, прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і хрысціўся ў Яна ў Ярдане. І калі выходзіў з вады, убачыў адразу Ян, як адчыніліся нябёсы, і Духа, як голуба, Які сыходзіў на Яго. І голас быў з нябёсаў: «Ты Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў» (Мк 1, 9–11). У фінале першай часткі гучаць заключныя словы каталіцкай малітвы «Авэ, Марыя»: «Маліся за нас, грэшных…» («Маліся за нас, грэшных, цяпер і ў часіну нашае смерці; 4, 54). Такім чынам, асноўныя матывы першай часткі — пакаянне і адрачэнне ад зямных дабротаў. Другая частка змяшчае ў сабе ў якасці лейтматыву біблейскі вобраз ядлаўцовага куста: «Спадарыня, тры белыя леапарды сядзяць пад кустом ядлаўцовым…» (4, 54). У Старым Запавеце (Трэцяя кніга царстваў, 19, 3–8) чытаем, як прарок Ілля, «каб выратаваць жыццё сваё», «адышоў у пустыню на дзень дарогі і, прыйшоўшы, сеў пад карчом ядлоўцу, і прасіў смерці сабе… І лёг і заснуў пад карчом ядлоўцу». Аднак, абуджаны анёлам, Ілля знайшоў каля сябе ежу і ваду; адпачыўшы і падмацаваўшыся, рушыў у доўгі шлях («ішоў сорак дзён і сорак начэй»). Так уваходзіць у паэму матыў чакання смерці, у якой лірычны герой Эліята спадзяецца знайсці збавенне ад зямных пакутаў і выратаванне душы. Прысутнічаюць у другой частцы паэмы і біблейскія звяры (у Эліята — «тры леапарды») — увасабленне бязлітаснасці, з якой рэлігія патрабуе ад чалавека ўсяго яго існавання. Поруч з вобразам ядлаўцовага куста лейтматывам праходзіць і яшчэ адна старазапаветная рэмінісцэнцыя: «Была на мне рука Госпада, і Гасподзь вывеў мяне духам і паставіў мяне пасярод поля, і яно было поўнае касцей… І сказаў мне: сыне чалавечы! Ці ажывуць косці гэтыя?..» (Кніга прарока Езэкііля 37, 1, 3). У Эліята:
Выкарыстоўвае Эліят і яшчэ адзін матыў з Кнігі прарока Езэкііля: «…і пачалі збліжацца косці, костка з косткаю сваёю. І бачыў я, і вось, жылы былі на іх, і плоць нарасла, і скура пакрыла іх зверху, а духа не было ў іх. Тады сказаў Ён мне: вымаві прароцтва духу, вымаві прароцтва, сыне чалавечы, і скажы духу: так кажа Гасподзь Бог: ад чатырох вятроў прыйдзі, дух, і дыхні на гэтых забітых, і яны ажывуць» (37, 7–9). У Эліята:
Інтанацыі Томаса Эліята больш трагічныя за біблейскія: у яго сімволіка раз’яднаных, мёртвых касцей стварае своеасаблівае колца-абрамленне:
Далей мы спаткаем у Эліята вобраз Ружы — прыпадабненне Маці Божай да ружы мае месца ў каталіцкай літаніі, аднак ружа сімвалізуе яшчэ і ўвогуле Царкву з яе надзвычай важнай функцыяй — заспакаення і аб’яднання народа праз падзел зямлі. У Эліята:
У эліятаўскай інтэрпрэтацыі біблейскага сюжэта аб’яднальная функцыя выглядае амаль нездзяйсняльнай: вельмі цяжка «падзяліць, каб аб’яднаць» спадчыну-пустыню, гэтаксама як цяжка спадзявацца на плён ад бясплённасці, на духоўнае ад бездухоўнасці:
Сэнс асноўнай біблейскай рэмінісцэнцыі ў трэцяй частцы паэмы — немагчымасць выратавання праз індывідуальныя высілкі, усведамленне неабходнасці далучэння да Царквы, перадусім — праз прычасце. У фінале трэцяй часткі гучаць словы, што прамаўляюцца святаром і вернікам перад прычасцем:
Яны паходзяць з Евангелля ад Мацвея: Езус, які толькі што цудадзейным чынам ацаліў пракажонага, уваходзіць у Капернаўм, і да Яго з просьбай пазбавіць ад пакутаў хворага слугу звяртаецца сотнік, які ўсведамляе сваю нязначнасць перад веліччу Хрыста: «Госпадзе! я не варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах; але скажы толькі слова, і выздаравее слуга мой» (8, 8). У чацвёртай частцы, як і ў другой, праз біблейскія рэмінісцэнцыі зноў ставіцца праблема ўзаемаадносінаў Царквы з народам; словы Эліята: «Дай выкупленне часу і дай выкупленне сну // Аснову нявымаўленага і непачутага слова» (4, 58) — маюць сваім вытокам пасланні апостала Паўла да Эфэсянаў і Каласянаў, у якіх ён вучыць выкупляць грахі чыстымі думкамі і ўчынкамі, жыць у любові і веры, «на здзяйсненне паўнаты часу, каб нябеснае і зямное паяднаць у Хрысце» (1, 10). Заключны радок чацвёртай часткі ўзяты з каталіцкай малітвы «Сальвэ Рэгіна». У пятай частцы ўвасоблена найважнейшая біблейская антытэза «святло — цемра»: Слова ёсць святло, зямное існаванне — цемра, і відавочнае прызначэнне Слова — несці чалавеку ісціну: «На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам…У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. І святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго» (1 Ян 1, 4–5). У Эліята:
Канец першай страфы ў Томаса Эліята таксама паходзіць з Евангелля паводле Яна («У свеце было, і свет праз Яго пачаў быць, і свет Яго не пазнаў; прыйшоў да сваіх, і свае Яго не прынялі»; 1, 10–11). Рэфрэнам гучаць у пятай частцы словы Бога «О мой народ» як заклік да пакорлівасці і міласэрнасці (Кніга прарока Міхея 6, 2–3: «Слухайце, горы, суд Гасподні, і вы, цвёрдыя асновы зямлі, бо ў Госпада – суд з народам Сваім… Народзе мой! што зрабіў Я табе і чым абцяжарваў цябе? адказвай мне»). Цэлы шэраг біблейскіх вобразаў і калізій уведзены ў паэму не з самой Бібліі, а праз пасрэдніцтва «Боскай камедыі» Дантэ — твора, пра які Эліят пісаў: «Паэма стварае ў нас уражанне аднаго імгнення і ўражанне цэлага жыцця. Прыкладна тое ж мы адчуваем, калі вельмі любім чалавека… Паэма Дантэ — адна з тых, да якіх спадзяешся дарасці толькі напрыканцы жыцця» (5, 271). Пра стыль аўтара «Боскай камедыі» Томас Эліят гаварыў як пра «асабліва светлы» (5, 262). У Дантэ, як пазней у Эліята, каханая асацыюецца з Маці Божай, выкарыстаныя вобразы біблейскіх алегарычных звяроў, у паэтызаванай форме падаюцца асобныя кананічныя тлумачэнні і інш. Надзвычай важную функцыю выконвае ў паэме Эліята знакамітая сімволіка Дантэ (асабліва сімволіка фантастычнага вандравання паэта ў замагільным свеце). Іншы прыклад: «Народ мой!» — гэта пачатковыя словы не толькі звароту Бога да свайго народа, але і ліста Дантэ, адрасаванага паэтам-выгнаннікам народу роднай Фларэнцыі, куды ён да канца сваіх дзён марыў, але так і не змог вярнуцца. У Дантэ кожная частка твора мае сваю колеравую палітру; вялікае значэнне сімволіка колеру набывае і ў Эліята. З Дантэ, прама ці ўскосна, звязаны і іншыя складнікі паэмы Эліята. Але не толькі з Дантэ. Да прыкладу, пачаткам першай і апошняй частак твора, яго абрамленнем, з’яўляецца абарваны радок «Балады, напісанай у выгнанні ў Саранцы» («не маю надзеі вярнуцца») італьянскага паэта Гвіда Кавальканці (каля 1260–1300), які быў шчыра адданы свайму сябру Дантэ; як і Дантэ, ён браў удзел у барацьбе «чорных» і «белых» у Фларэнцыі і, як Дантэ, зазнаў лёс выгнанніка. Праўда, Кавальканці быў амніставаны, але, цяжка хворы пасля ссылкі, памёр амаль адразу пасля вяртання на радзіму. Варта згадаць яшчэ адну крыніцу, з якой Томас Эліят чэрпаў матывы для свайго твора, — гэта быў іспанскі містык Хуан дэ ла Крус (святы Ян ад Крыжа; 1542–1591) з яго медытацыямі «Узыходжанне на гару Кармэль». Жыццё дэ ла Круса складвалася настолькі драматычна, што само па сабе магло б стаць захапляльным сюжэтам. Пісаць ён пачаў у зняволенні. Падобна да іншых іспанскіх містыкаў, ён актыўна ўспрыняў ідэі неаплатанізму, акцэнтуючы тыя з іх, згодна з якімі яднанне з Богам магчыма праз бязмежна страснае, экстатычнае пачуццё. У кантэксце нашай размовы важна адзначыць, што іспанскі паэт адштурхоўваўся як ад свецкіх літаратурных крыніцаў (пастараляў, рамансэра і інш.), так і ад біблейскіх. Томас Эліят, ствараючы ў сваёй «сюіце» складаную сімволіку ўзыходжання па лесвіцы душэўна-духоўнага ўзвышэння, якраз і абапіраўся на паэтыку Хуана дэ ла Круса, у медытацыях якога паслядоўна адлюстраваны ступені спасціжэння чалавекам ісціны, ачышчэння яго волі безнадзейнасцю, роспаччу і самаадрачэннем, пакутлівага пераадолення шматлікіх спакусаў і, нарэшце, прасвятлення і здабыцця надзеі. Відавочна, што ў паэме Эліята задзейнічаны самыя розныя крыніцы, але найперш яны пазначаныя судакрананнем з Бібліяй. Апроч названых, маюцца ў мастацкай сістэме Томаса Эліята і іншыя алюзіі і цытаты, у тым ліку з Шэкспіра. Сярод сінтэзаваных Эліятам матываў няма трывіяльных, да таго ж усе яны ўскладняюцца праз паэтыка-сэнсавае ўзаемапранікненне і прысутнасць у іх мастацкім суіснаванні новага творцы са сваім часам, героем, пакутамі і сумненнямі. Асацыятыўнасць, інтэграванасць у сусветны духоўны досвед, інтэлектуалізм, экспрэсіўнасць — найважнейшыя эстэтычныя якасці творчасці Томаса Эліята. Было б памылкаю ўлічваць арыентаванасць Эліята толькі на аддаленых па часе папярэднікаў і не заўважаць пранікнення ў яго творы філасофска-эстэтычных пошукаў бліжэйшых па часе пісьменнікаў ці наогул сучаснікаў. Вядома, блізкасць мастака да іх не заўсёды можна патлумачыць іх непасрэднымі ўплывамі, але і сама па сабе агульная скіраванасць этыка-эстэтычных памкненняў розных аўтараў, з Эліятам уключна, не можа не быць цікаваю. Ды і на карысць уплываў ёсць нямала сведчанняў самога паэта — у мастацкай прасторы Эліята пакінулі заўважны след Бадлер, сімвалісты (асабліва старэйшай генерацыі) і сюррэалісты, паплечнікі па імажызму, Сяргей Эйзенштэйн з яго «кінадоследамі», Ігар Стравінскі і многія іншыя дзеячы літаратуры і культуры. З сімвалістаў Томасу Эліяту быў асабліва блізкі Жуль Лафорг (1860–1887), чыё жыццё ад самага пачатку з-за цяжкай спадчыннай хваробы сталася існаваннем «на краі», а творчасць — разбурэннем усялякай старой гармоніі (Лафорг адным з першых культывуе верлібр, яднае рознаякасныя стылёвыя тэндэнцыі — ад філасофскай глыбіні да фрывольнасці, расхіствае класічную прасодыю, пракладаючы шлях для наступнікаў-авангардыстаў). Менавіта Лафоргу Эліят, паводле яго прызнання, быў абавязаны разуменнем сваіх творчых патэнцый, магчымасцяў уласнай мовы. Уплыў Лафорга адбіўся ў першую чаргу на паэтыцы «Попельнай серады», як і ўплыў сюррэалізму з яго спалучэннем неспалучальнага, сумяшчэннем несумяшчальнага, дзякуючы чаму рассоўваецца і ўскладняецца семантычная прастора твора, нараджаюцца новыя сэнсы, адбываецца ці не галоўнае ў стасунках чытача з аўтарам-авангардыстам — непазбежны актыўны саўдзел першага ў творчым акце («…паветра // Што змялела і ўсохлася…»; «Вось жа так вернуцца да жыцця // І вантробы і жылы маіх вачэй і ўсе тыя часткі // Што для яды не прыдатны і чым леапарды пагрэбавалі»; 4, 54–55). Тут ёсць нешта адчувальна сугучнае не толькі з Бібліяй, але і з рызыкоўна адвольнымі «татальнымі» відзежамі знакамітага сюррэаліста Сальвадора Далі, у якога расцякаюцца прадметы і тулавы, у прадчуванні нябачаных катаклізмаў вар’яцеюць час і прастора. Творчасць Томаса Эліята пазначана, як мне падаецца, супадзеннем з Джэймсам Джойсам, што цалкам зразумела: уздзеяння Джойса, няхай ускоснага, не пазбеглі нават тыя пісьменнікі, чыя мастацкая манера зусім не падобная да джойсаўскай; «Уліс» Джойса цалкам змяніў уяўленні пра літаратуру, даў магчымасць, паводле Э. Хэмінгуэя, «вызваліцца ад абмежаванняў». Гэта асабліва датычыцца Т. Эліята; асобныя радкі з яго паэмы гучаць амаль ва ўнісон сентэнцыям герояў Дж. Джойса. Як і ў Джойса, у Эліята найважны складнік мастацкай структуры — міфалагічна-літаратурная традыцыя. Пералік судакрананняў можна доўжыць; па сутнасці, Эліят у паэзіі рабіў амаль тое ж, што Джойс — у прозе. Непазбежнае пытанне, што ўзнікае, прынамсі ў літаратуразнаўцы, у працэсе асэнсавання паэзіі Эліята (як, зрэшты, і многіх іншых творцаў ХХ ст., у тым ліку беларускіх аўтараў): у якой меры яна — плён мастацтва і ў якой, так бы мовіць, майстэрства, строга абдуманага «будаўніцтва», празаічных адносінаў да паэтычнай справы; інакш кажучы, у якіх узаемадачыненнях тут знаходзяцца натхненне з прагматызмам? Важкая прысутнасць апошняга не выклікае сумнення, надта шмат Томас Эліят тэарэтызаваў з нагоды ўласных твораў, надта старанна інструктаваў чытача, практычна рэалізуючы вядомую гегелеўскую ідэю аб секулярызацыі мастацтва, страце ім містычна-таямнічага німба, надта раздражняла яго ў тых жа рамантыках іх канцэпцыя творчага працэсу як інтуітыўнага, ірацыянальна-звышпачуццёвага акту. Зноў і зноў Эліят настойваў на адмысловай ролі рацыянальнага пачатку, даводзячы, што добра пісаць — значыць зазіраць не толькі ў сэрца, але і ў мозг, і ў нервовую сістэму, і нават у страўнік. Але, як бачым, усё ж і ў сэрца таксама. У «Попельнай серадзе», як і ў іншых паэмах Эліята, эмацыянальна-інтуітыўны пачатак надзвычай адчувальны; больш за тое, з першымі яе радкамі чытачом завалодвае эфект медытацыі. Што ў «Попельнай серадзе» зусім адсутнічае, дык гэта экзальтаванасць і прэтэнцыёзнасць. Пры ўсёй экспрэсіўнасці паэмы, пры ўсёй узрушанасці, душэўна-духоўнай напружанасці і ўсхваляванасці яе лірычны герой заўсёды выказвае свае эмоцыі стрымана і годна. Глыбокае прачытанне «Попельнай серады» і ўвогуле твораў Эліята патрабуе максімальнай інтэлектуальнай дасведчанасці. Узнікае пытанне: ці ёсць сэнс звяртацца да паэзіі Томаса Эліята, калі адаптаваны аўтарам грандыёзны матэрыял яшчэ не спасцігнуты? Бясспрэчна, ёсць. Больш за тое, знаёмства з Эліятам і ў гэтым выпадку абяцае стаць падзеяй у духоўным жыцці чытача. Прычым не насуперак, а якраз дзякуючы адметнай эліятаўскай тэхніцы — дасканалай, вытанчанай, асацыятыўнай. Паступова, хаця да крыўднага марудна, англа-амерыканскі творца прыходзіць і да беларускага чытача. Апроч «Попельнай серады», на беларускую мову перакладзены яго паэма «Парожнія людзі» (В. Валынскім — «Пустыя людзі»), верш «Макавіці» з кнігі «Стары Апосум. Практычнае кошказнаўства» (Я. Семяжонам), артыкул «Традыцыя і індывідуальны талент» (В. Небышынцам), некаторыя іншыя творы. Артыкул пра Томаса Эліята змешчаны ў 18-томнай Беларускай Энцыклапедыі (аўтар — Г. Бутырчык). Часопіс «Крыніца» ў № 9 за 1996 г. надрукаваў не толькі таленавіты пераклад А. Разанава «Попельнай серады», але і прысвечаны Т. Эліяту грунтоўны артыкул Л. Дж. Сэлінгара ў перакладзе В. Небышынца (з яго ж падрадкоўнікамі разгорнутых фрагментаў са зборніка «Пруфрак і іншыя назіранні», паэмы «Бясплодная зямля» і іншых твораў), а таксама эсэ В. Акудовіча і мой артыкул. І. В. Шаблоўская прапанавала сціслы эстэтычны партрэт пісьменніка ў сваёй адрасаванай студэнтам «Гісторыі замежнай літаратуры ХХ стагоддзя (першая палова)» (Мінск, 1998). Паэзію, драматургію, крытычныя працы Томаса Эліята разглядала ў сваіх шматлікіх артыкулах маладая беларуская даследчыца І. Макарава (жыве і працуе ў Канадзе), якая ў 2003 г. абараніла дысертацыю па тэме «Алюзія ў творчасці Т. С. Эліята». Будзем спадзявацца, што нас чакаюць новыя сустрэчы з «беларускім» Томасам Эліятам — вялікім паэтам, які падпарадкаваў свой талент высакароднасці, Богу і веры і лічыў, што дзейнасць пісьменніка — гэта «абавязак перад сваёй роднай мовай: абавязак, па-першае, яе захаваць, па-другое, удасканаліць і ўзбагаціць яе» (5, 186).
|
|
|
|