Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(75)/2016
Падзея
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Год Міласэрнасці

ЗНАКІ МІЛАСЭРНАСЦІ
Паэзія

МАДОННЫ
Літаратуразнаўства
Асобы
Мастацтва
Літаратуразнаўства

УСПАМІНЫ. УРЫВАК
Спадчына
Мемуары
Памяці святара
In memoriam

МАРЫЮШ КАРПОВІЧ
Па родным краі
Прэзентацыя

Святлана ГРЭСВІ

КАРОТКІ ЖЫЦЦЯРЫС СВ. ЯНА АД КРЫЖА

Хуан дэ Епэс Áльварэс (Juan de Yepes Álvarez) нарадзiўся ў 1542 годзе ў мястэчку Фонтыверос (Fontiveros) Авiльскай правiнцыi Кастыліi (Іспанiя). Ягоны бацька Ганзала дэ Епэс (Gonzalo de Yepes) належаў да вядомага ў Таледа арыстакратычнага роду, але быў пазбаўлены спадчыны i выгнаны з дому за тое, што ажанiўся з дзяўчынаю з сям’i ткачоў — Каталiнаю Áльварэс. Калi Яну было 4 гады, бацька памёр i мацi з трыма дзецьмi на руках засталася без сродкаў для iснавання. Пачалiся яе блуканнi па сем’ях сваякоў. Адзiн з братоў Яна памёр ад недаядання, а сам ён з маленства мусiў працаваць, каб неяк дапамагчы мацi. Вядома, што ён працаваў вучнем ткача, мулярам, цесляром і нават слугою дырэктара шпiталя ў горадзе Медына дэль Кампо, куды перабралася ўся сям’я. Шпiталем апекавалiся айцы езуiты, i гэта дало магчымасць Яну атрымаць пачатковую адукацыю ў езуiцкай школе для бедных «Doctrina», a затым працягнуць адукацыю ў езуiцкiм каледжы Медыны, адначасова працуючы ў шпiталi медбратам. Пасля трохгадовай вучобы ў каледжы, дзе ён засвоiў класiчныя мовы, рыторыку i фiласофiю, у 1563 г., па спаўненнi 21-го года, Ян уступiў у Ордэн Кармэлiтаў пры кляштары святой Ганны ў Медыне, дзе атрымаў iмя брат Ян ад св. Мацii, i пасля навiцыяту быў пасланы на вучобу ў знакамiты i прэстыжны Саламанскi ўнiверсiтэт. У 1567 г., пасля заканчэння першага цыклу навучання, прысвечанага мастацвам i тэалогii, Ян ад св. Мацii даў вечныя абяцанні, атрымаў святарскае пасвячэнне i вярнуўся ў Медыну, дзе жылi ягоныя мацi i брат, каб цэлебраваць сваю першую святую Імшу. Менавiта тады ён пазнаёмiўся з мацi Тэрэзаю ад Езуса, якая прыбыла ў Медыну для заснавання новага кляштара. Сустрэча сталася вырашальнаю для жыцця Яна i для лёсу Ордэну Кармэлiтаў. Тэрэза ад Езуса запалiла ў маладым святары рэфарматарскi iмпэт, прапанаваўшы яму далучыцца да справы i заняцца рэформаю мужчынскай галiны Ордэну Кармэлiтаў. Супрацоўнiцтва дзеля «павелiчэння хвалы Божай» i духоўнае сяброўства двух святых працягвалася да самай смерцi св. Тэрэзы ў 1582 годзе.

У 1568 г., 28 лiстапада, у мястэчку Дуруэло была заснавана першая мужчынская супольнасць кармэлiтаў босых, якая складалася ўсяго з трох чалавек. Браты далi паўторныя манаскія абяцанні, i Ян атрымаў новае iмя — Ян ад Крыжа. Супольнасць расла. Браты перабралiся ў Мансэру, каля Саламанкi, дзе Ян ад Крыжа выконваў абавязкi настаўніка навiцыяту. У 1572 годзе па просьбе Тэрэзы ад Езуса Ян ад Крыжа выконвае абавязкi духоўнiка i спаведнiка ў жаночым кляштары Уцелаўлення ў Авiле, дзе мацi Тэрэза была настаяцелькаю. На працягу 70-х гадоў Ян ад Крыжа працуе разам з Тэрэзаю ад Езуса над заснаваннем новых кляштараў кармэлiтаў босых у змаганнi з працiўнiкамi рэформы, асаблiва з сабратамi кармэлiтамi канвентуальнымi. Дайшло да таго, што 2 снежня 1577 г. Ян ад Крыжа быў схоплены i пасаджаны ў цямнiцу. Каля 9-ці месяцаў Ян ад Крыжа правёў у сутарэннях кармэлiцкага кляштара Таледа ў вязнiцы памерам два на тры метры, амаль у поўнай цемры. Менавiта досвед цямнiцы стаўся пачаткам лiтаратурна-мiстычнай спадчыны св. Яна. Там ён пачаў складаць «Духоўную песню» («Cantico spirituale»), у якой апiсваў свае мiстычныя перажываннi. У ноч з 16-га на 17 жнiўня 1578 г. яму ўдалося ўцячы i схавацца ў кляштары кармэлiтак босых у Таледа. Наступныя дзесяць гадоў Ян ад Крыжа правёў у Андалузii, выконваючы розныя манаскія і душпастырскiя абавязкi: быў прыёрам кальварыйскага кляштара кармэлiтаў босых у Хаене, рэктарам унiверсiтэцкага каледжа ў Баэсе. Менавiта ў гэтыя гады ён працуе над сваiмi галоўнымi творамi — «Узыход на гару Кармэль» i «Цёмная ноч», складае мiстычныя вершы. Нарэшце з дазволу папы Грыгорыя XIII утвараецца незалежная правiнцыя кармэлiтаў босых. У 1582 г. памiрае Тэрэза ад Езуса, і пасля яе смерцi Ян ад Крыжа працягвае працу святой, засноўваючы новыя кляштары i выконваючы абавязкi правiнцыйнага вiкарыя Андалузii. Па ягонай iнiцыятыве ў 1586 г. публiкуюцца творы св. Тэрэзы. У 1587–1590 гг. Ян ад Крыжа спачатку служыць прыёрам кармэлiцкага кляштара ў Гранадзе, затым у Сеговii.

У 1590-я гады ўзніклi непаразуменнi i падзелы памiж кармэлiтамi босымi, звязаныя з розным бачаннем кiравання ордэнам. З пачыну новага генеральнага вiкарыя айца Дорыя брата Янa ад Крыжа пазбавiлi ўсiх адказных манаскiх пасадаў, распачаўшы паклёпнiцкi працэс з мэтаю выгнання з ордэну. Ян ад Крыжа добраахвотна пагадзiўся адправiцца на мiсійную працу ў Мексіку. У чаканнi падарожжа яго паслалi ў аддалены кляштар La Peñuela ў Хаене, дзе ў верасні 1591 г. ён заразiўся рожаю. Пачалася гангрэна нагi. Яго адвезлi ў горад Убеду, дзе зрабiлi некалькi хiрургiчных аперацый, якiя, аднак, нiчога, апроч страшэнных мучэнняў, не далi. У ноч з 13-га на 14 снежня ва ўзросце 49-ці гадоў св. Ян ад Крыжа памёр ад агульнага заражэння крывi.

У 1675 г. папа Клімэнт X беатыфiкаваў Яна ад Крыжа. 27 снежня 1726 г. ён быў кананiзаваны папам Бэнэдыктам XIII. У 1926 г. папа Пiй XI абвясцiў св. Яна ад Крыжа доктарам Каталiцкага Касцёла.

Гл. таксама:
Святлана ГРЭСВІ :: КАМЕНТАР ПЕРАКЛАДЧЫКА ::
Святы Ян ад Крыжа :: УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY