Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(75)/2016
Падзея
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Год Міласэрнасці

ЗНАКІ МІЛАСЭРНАСЦІ
Паэзія

МАДОННЫ
Літаратуразнаўства
Асобы
Мастацтва
Літаратуразнаўства

УСПАМІНЫ. УРЫВАК
Спадчына
Мемуары
Памяці святара
In memoriam

МАРЫЮШ КАРПОВІЧ
Па родным краі
Прэзентацыя

Алена ВАЛЬЧУК

ІСПАНІЯ І ІСПАНЦЫ Ў «ДЫЯРЫУШЫ»
ЮВЕНАЛІЯ ХАРКЕВІЧА

«Дыярыуш» Ювеналія Харкевіча, створаны ў другой палове XVIII ст. нараджэнцам вялікалітоўскіх земляў, што ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, належыць да адзінкавых мемуараў, у якіх не толькі ўзгадваецца далёкая Іспанія, але і даецца апісанне яе насельніцтва.

Аўтарства гэтага твора, поўная назва якога «Дыярыуш іспанскага падарожжа з Вільні ў горад Валенсію на генеральную капітулу ордэну меншых братоў св. Францішка, г. зн. бэрнардынаў, здзейсненага ў 1768 годзе», належыць Ю. Харкевічу, чыё жыццё і святарскае служэнне былі звязаныя з беларускім краем. Тым не менш, даводзіцца канстатаваць, што ён і сёння застаецца малавядомай асобай для даследчыкаў, а яго даробак у літаратурна-мастацкай творчасці не цалкам улучаны ў айчынны культурны кантэкст.

На жаль, інфармацыя, якая датычыць Ю. Харкевіча, мае фрагментарны характар. Так, згадваючы яго імя ў «Вандроўках па маіх былых ваколіцах» у сувязі з актывізацыяй кнігавыдавецкай дзейнасці ў асяроддзі нясвіжскага духавенства ў XVIII cт., У. Сыракомля засведчыў толькі тое, што бэрнардын спрычыніўся да выхаду ў свет «Правадніка ў нябесную айчыну, які трымае ў сабе статут трэцяга закону айца святога Францішка» (1758)1.

Згодна са звесткамі, прыведзенымі Б. Мігдалам, Ю. Харкевіч нарадзіўся ў 1720 г. на Літве2. Застаецца невядомым, у якой канкрэтна мясцовасці ён прыйшоў на свет, хто былі яго бацькі, у якіх умовах адбываўся рост і сталенне юнака, які адчуў пакліканне да святарства і ў 1740 г. уступіў у бэрнардынскі ордэн. Ужо будучы прафесарам тэалогіі Ю. Харкевіч з 1758-га па 1766 г. выкладаў у ордэнскіх семінарыях у Вільні і Нясвіжы. Абраны ў 1766 г. літоўскім правінцыялам, ён прымаў удзел у генеральнай капітуле ордэну, якая адбылася ў 1768 г. у Валенсіі. Каб трапіць у Іспанію і затым, залатвіўшы ў Рыме справу, звязаную са спрэчкай віленскіх бэрнардынаў з біскупам І. Масальскім адносна маёмасці святаміхальскага кляштара ў Вільні, вярнуцца на радзіму, яму давялося праехаць праз Чэхію, Аўстрыю, Баварыю, Францыю, Венецыю, Італію. Свае ўражанні ад наведвання гэтых еўрапейскіх краінаў літоўскі правінцыял даволі падрабязна апісаў у «Дыярыушы».

Ю. Харкевіч браў актыўны ўдзел у адміністрацыйным жыцці свайго ордэну. У 1769–1772 гг. ён выконваў абавязкі кусташа літоўскай правінцыі, а пасля спачыну правінцыяла Антонія Гняўчынскага ў 1774–1775 гг. быў яе вікарыем. Нягледзячы на тое, што ў 1775 г. на віленскай капітуле Ю. Харкевіча абралі правінцыялам, ён не прыняў пасаду і на працягу трох гадоў выконваў абавязкі кусташа. Тым не менш, у другі раз святар стаў правінцыялам і служыў ім у перыяд з 1778-га па 1781 год. У 1775 г. адбыўся візіт Ю. Харкевіча ў Вялікапольшчу, а ў 1781 г. — у рускую правінцыю. У 1787 г. ён прымаў удзел у капітуле, якая адбылася ў Троках, дзе старшынстваваў3. Розныя крыніцы сыходзяцца ў тым, што жыццёвы шлях Ю. Харкевіча закончыўся ў 1788 г.4, але існуюць разыходжанні ў вызначэнні месца яго спачыну, абумоўленыя, хутчэй за ўсё, недакладнасцю, дапушчанай К. Кантакам, які ў выданні «Польскія бэрнардыны» адзначае, што гэта адбылося ў Слоніме5, а ў «Польскім біяграфічным слоўніку» падае звесткі пра адыход Ю. Харкевіча ў Вільні6. Верагодна, інфармацыя з першай крыніцы перайшла ў артыкул Б. Мігдала, а з другой — у працу Б. Рока7.

Кніга Ю. Харкевіча «Праваднік у нябесную айчыну» — гэта падручнік для францішканскіх тэрцыяраў, дзе пададзеныя матэрыялы статута трэцяга закону і тлумачэнні да іх. Выданне знаёміць з жыццяпісамі некаторых францішканскіх святых і благаслаўлёных на кожны дзень года. Акрамя таго, у яго ўвайшлі медытацыі, душапастырскія павучанні, у якіх закранаюцца пытанні эсхаталогіі і хрысціянскага ўзаемаразумення. У канцы кнігі аўтар змясціў значную колькасць малітваў, а таксама набажэнства за памерлых. Выдадзеная ўпершыню ў Вільні езуітамі, праца Ю. Харкевіча ў 1772 г. была паўторна надрукаваная дзякуючы піярам8.

Пабачылі свет яшчэ два казанні гэтага аўтара. Першае, прыклад барочнага красамоўства, агалошанае ў 1761 г. падчас набажэнства ў другі дзень урачыстасці, прысвечанай інтрадукцыі ў віленскую катэдру рэліквіі трох святых аўгустынаў, выйшла разам з пяццю іншымі казаннямі, прысвечанымі гэтай падзеі, у спецыялізаваным выданні. Другое — тыповы панегірык на пахаванне Ганны Тышкевіч Кацелы, надрукаваны ў 1772 г. у віленскай друкарні піяраў9.

Паводле сведчанняў Б. Рока, у бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта яму ўдалося натрапіць на некалькі рукапісаў Ю. Харкевіча, што даўней знаходзіліся ў бібліятэцы віленскіх бэрнардынаў, — лекцыі па дагматычнай тэалогіі. Акрамя таго, захаваўся рукапіс з казаннямі і павучаннямі 1754—1777 гг.

Б. Рок адшукаў польскамоўны «Дыярыуш», у якім не ставала першай старонкі. Менавіта ён быў узяты за аснову тэксту, прызначанага для друку ў «Гісторыі айчыннай і замежнай дабрачыннасці» ў 1824 годзе. Звяртаючы ўвагу на хібы тэксту, якія пабачыў свет, навуковец адзначае мноства пропускаў, абумоўленых тым, што «выдавец, напэўна, з-за цэнзуры, вымушаны быў апусціць усякую інфармацыю аб становішчы ў Рэчы Паспалітай у часы барскай канфедэрацыі»10.

Даследаваўшы рукапіс, Б. Рок прыйшоў да высновы, што Ю. Харкевіч напісаў яго па вяртанні на радзіму, абапіраючыся на запісы, акрэсленыя самім аўтарам як «падарожныя манускрыпты»11. Навукоўца знайшоў у тэксце апісанні, зробленыя святаром непасрэдна ў месцы знаходжання. Паводле Б. Рока, Ю. Харкевіч, наведаўшы скарбніцу ў марыянскім санктуарыі ў Отынгу, па вяртанні ў мясцовы кляштар апісаў некаторыя каштоўнасці, якія яму ўдалося пабачыць, пашкадаваўшы, што немагчыма было ўсе іх запомніць12.

Фактычны матэрыял, а таксама развагі аўтара пра падзеі, якія адбыліся пазней за час выправы, сведчаць пра тое, што рукапіс быў створаны ў Вільні. У гэтым кантэксце звяртае на сябе ўвагу адна з неадпаведнасцяў, звязаная з апісаннем горада Нім. Упершыню Ю. Харкевіч згадвае яго, паведамляючы пра сваю выправу ў Іспанію, хаця пазней прызнаецца, што насамрэч наведаў гэты горад, калі праязджаў праз поўдзень Францыі, накіроўваючыся ў Італію13.

Імкнучыся пашырыць інфармацыйную прастору сваёй працы, пры яе напісанні аўтар звяртаўся да вядомых у Рэчы Паспалітай XVIII cт. геаграфічных выданняў, сярод якіх вылучаецца кампендыум У. Любенскага (1703–1767) «Свет ва ўсіх сваіх вялікіх і малых частках», выдадзены езуітамі ва Уроцлаве ў 1740 годзе. У кнізе, падрыхтаванай вядомым рэлігійным дзеячам (прайшоў шлях ад кракаўскага і гнезненскага каноніка да біскупа, арцыбіскупа, а затым і Прымаса Польшчы), пададзена апісанне розных частак свету, заснаванае на звестках з розных геаграфічных выданняў, а таксама на ўласных назіраннях У. Любенскага, які здзейсніў вялікае падарожжа па Еўропе. Нягледзячы на тое, што яму не ўдалося патрапіць ў Іспанію, ён прысвяціў цэлы раздзел у кнізе гэтай краіне14.

Акрамя геаграфічнай інфармацыі, аўтар гаворыць пра гісторыю Іспаніі, пачаўшы з біблейскай легеды пра паходжанне іспанцаў ад пятага сына Яфета — Тувала, згадвае пра часы панавання на Іберыйскай паўвыспе Картахены і Рыма. Аднак, прыгадаўшы імёны шматлікіх хрысціянскіх уладароў Сярэднявечча перыяду фармавання асобных каралеўстваў, ён нічога не паведаміў пра арабаў і габрэяў, чый унёсак у гісторыю краіны быў не менш значны. Тэндэнцыйнасць аўтара, праяўленая ў ігнараванні нехрысціянскага складніку быцця іспанскага грамадства, садзейнічала таму, што перад чытачом Рэчы Паспалітай паўстала вельмі сціслая версія гісторыі Іспаніі.

Значную ўвагу У. Любенскі надаў палітычнаму ўладкаванню гэтай краіны. Што датычыць геаграфічных дадзеных, то У. Любенскі згадаў пра 13 правінцый каралеўства, падаючы назвы шматлікіх гарадоў, ахарактарызаваў кліматычныя ўмовы краю і яго прыродныя багацці15.

Найбольшую цікавасць выклікае апісанне жыхароў Іберыйскай паўвыспы. Так, паводле У. Любенскага, «іспанцы — дзікія, суровыя і неахайныя, але ўмеркаваныя ў ежы і пітве, разважлівыя — у рашэннях трывалыя і ўстойлівыя ў сваіх звычаях. Яны здаровыя, у досціпе спрактыкаваныя і глыбокія, але часам гультаяватыя, асабліва нядбайныя ў земляробстве, навуцы, купецтве, рамесніцтве, гандлі і на вайне; звычайныя людзі здатныя на крадзеж, але гэта датычыць толькі тых, якія з маладосці не вучацца, бо з адукаванай іспанскай моладзі паходзіць шмат разумных людзей, паколькі маем столькі іспанскіх кніг і святых»16. Такое супярэчлівае і адстароненае бачанне іспанцаў, на думку Б. Рока, было абумоўлена тым, што У. Любенскі, «не маючы асабістага досведу стасункаў з іспанцамі, карыстаўся многімі характарыстыкамі жыхароў гэтай краіны і ў выніку прадставіў пэўнага кшталту няцэласную кампіляцыю, у якой не выказаў канкрэтнай пазіцыі»17.

Не менш красамоўна аўтар кампендыума апісаў жанчын Іспаніі. Ён адзначае, што «іспанскія дамы найбольш беляцца і фарбуюцца, і твар іх выглядае, нібы крэйда, карыстаюцца вялікімі хусткамі, і калі сыдуцца ў іх на вуліцы дзве дамы, абавязкова зачэпяцца адна з адной; замацоўваюць [іх] на галаве ў валасах, якія разам са стужкамі звісаюць у іх аж да вушэй, спераду ж галава непакрытая. Строі маюць асаблівыя і вартыя смеху: маюць напалову аголеныя плечы etc. Калі нейкі кавалер зойдзе да гандляра і там застане даму без суправаджэння, абавязаны купіць ёй тое, што яна папросіць, калі ж дама з кімсьці ў кампаніі, не варта яму з ёй ні гаварыць, ні вітацца etc.»18. І ў дадзеным выпадку У. Любенскі стварыў стэрэатыпны вобраз, які, аднак, прыцягальны для рэцыпіента сваёй экзатычнасцю.

Са зместу «Дыярыуша» вынікае, што Ю. Харкевіч шырока выкарыстоўваў інфармацыю з гэтага выдання. Дзякуючы кампендыуму ён пашырыў звесткі, якія датычацца электарскага палаца ў Мюнхене, катэдры ў Страсбургу, узвядзення катэдраў у Ліёне і Валенсіі, шматлікіх збудаванняў у Венецыі19.

Не выключана, што яшчэ адной крыніцай інфармацыі пра Іспанію для аўтара «Дыярыуша» мог стаць silva rerum В. Ажэшкі, датаваны другой паловай XVIII cт. На гэта ўказваюць амаль літаральныя супадзенні ў апісаннях рэліквій з катэдры ў Валенсіі, змешчаныя ў абодвух выданнях20.

Твор Ю. Харкевіча, акрэслены як дыярыуш, выбудаваны ў адпаведнасці з канонам гэтага літаратурнага жанру. Так, парадак запісаў у ім вызначаецца штодзённымі падзеямі, з якіх складалася жыццё аўтара (сілкаванні, перапынкі на адпачынак, начлегі, звесткі пра пераадоленую адлегласць). Частку твора складаюць апісанні розных здарэнняў, уражанняў, што суправаджаюцца адступленнямі ў выглядзе геаграфічных і гістарычных экскурсаў, а таксама звесткамі пра ўбачаныя каштоўнасці і г. д. Такая падрабязная дакументацыя ваяжу ў дыярыушы мела і практычнае значэнне, бо магла дапамагчы тым, хто планаваў свае выправы.

У краіну на поўдні Еўропы Ю. Харкевіч трапіў праз Францыю, пра што сведчыць яго запіс ад 16 красавіка. Выехаўшы з Балоны, ён разам з іншымі перыгрынантамі перабраўся праз Пірэнейскія горы і апынуўся ў Юнкерасе — першым іспанскім мястэчку, наведаным падчас доўгага падарожжа21. Варта адзначыць, што ў рукапісе напісанне назваў шэрагу населеных пунктаў адрозніваецца ад агульнапрынятага. Так, у сапраўднасці французскай Балоне адпавядае Ле-Булу, а іспанскаму Юнкерасу — Ла-Жункера. Верагодна, аўтар падаваў назвы, зыходзячы з уласнага ўспрымання іх гучання на розных еўрапейскіх мовах.

Перасягнуўшы мяжу з каралеўствам, Ю. Харкевіч адразу ж занатаваў свае першыя ўражанні ад краіны: «... у Юнкерас, у Іспаніі, пабачылі мы ўжо іншае ўбранне ў людзей; ужо не такі парадак, больш гультаявання — не так, як у Францыі»22. Падарожнік з беларуска-літоўскага краю не адступіў ад еўрапейскай традыцыі параўнання краін-суседак настолькі тэрытарыяльна блізкіх і культурна адрозных. У ХVIII cт. Францыя па сваім развіцці значна апярэджвала Іспанію, якая знаходзілася ў стане глыбокага крызісу, што было заўважана Ю. Харкевічам. Разам з тым, сутыкнуўшыся ў Францыі з неміласэрным абыходжаннем гвардыяна кляштара хардыгераў, які не захацеў даць прытулак падарожным, а таксама праявамі блюзнерскага стаўлення да веры і яе святыняў, выказанымі ў размове французам-дэістам, аўтар дыярыуша адзначыў цноты іспанскіх братоў і прадэманстраваў паважлівае стаўленне да іх. «Тут, у Іспаніі, — піша Ю. Харкевіч, — нашы і іншыя айцы адрозніваюцца ад французскіх, як неба ад зямлі. Тут ужо назіраецца манаская сціпласць і любоў, рэгулярныя набажэнствы ў касцёле, прытрымліванне статуту»23. Апісваючы ж прыём у кляштары абсэрвантаў у Фігерасе, адзначаў, што браты ў веры «ласкава прынялі і ўсім далі па асобнай келлі, часова перавёўшы сваіх манахаў у іншае месца»24.

Згадваючы пра грашовыя адзінкі, якія на той час хадзілі ў Іспаніі, аўтар звяртае ўвагу на іх адпаведнасць не толькі нацыянальнай валюце, але і найбольш важкай галандскай, што магло пасадзейнічаць перыгрынантам у спрашчэннні выдаткаў на падарожжа ў гэтую краіну ў будучыні. Паводле Ю. Харкевіча, «у Іспаніі, як у Францыі, — ліўры ці франкі, або ў нас — тынфы, грашыма служаць песеты, якіх даюць 10 за # 1 галандскі. Тыя песеты маюць у сабе 50 з лішкам на нашыя грошы. Ёсць тут таксама чырвоныя паўзалатыя, малыя, як шэлег, называныя шкуды, за два якіх даюць адзін галандскі чырвоны залаты»25.

Па дарозе ў Барселону святару ўдалося наведаць Жырону, спыніцца ў аўстэрыях, месцазнаходжанне якіх даволі праблематычна ўстанавіць на сённяшні дзень. Зыходзячы з падабенства іх найменняў да назваў адпаведных мясцовасцяў у Іспаніі, можна зрабіць дапушчэнне, што адна з іх, як Майарына, знаходзілася ў Мальяркінасе, а другая — Рэкуль, мясцілася ў Ла Рока26.

Ю. Харкевіч, будучы ўважлівым назіральнікам, адсочваў асаблівасці мясцовага рэльефу, прыкмячаў адметнасці пабудоваў, абумоўленыя спецыфікай клімату гэтага краю. «Дарога да Барселоны, — пісаў ён, — пачынаючы ад іспанскай мяжы, была месцамі скалістая, месцамі камяністая. Будынкі па вёсках каменныя, вокнаў не маюць, толькі замыкаюцца аканіцамі з-за вялікай спякоты, якая пануе ў тым высакагорным краі»27.

Падкрэсліваючы неахвоту іспанцаў да земляробчай працы, аўтар раскрывывае прычыны іх гаспадарскай нядбайнасці, абумоўленыя самой прыродаю, неспрыяльным кліматам і сацыяльна-псіхалагічнымі прычынамі: «...нідзе не маюць сена і лугоў, бо паўсюль скалістая мясцовасць». Акрамя таго, «многа ляжыць аблогам неапрацаванай зямлі, бо іспанцы гультаяватыя да гэтага»28, кожны з іх хоча «звацца кабальера, а не гаспадаром»29.

Знаёмячы з асаблівасцямі падарожжа па Іспаніі, святар, адзначаў, што «ў Барселонскім Каралеўстве яшчэ магчыма здабыць ежу ў аўстэрыях, бо тут часта праязджаюць французскія купцы. Але далей, напрыклад, у Каралеўстве Валенсіі, нічога нельга здабыць: трэба ў адным месцы віно, у другім — хлеб, у трэцім — мяса або рыбу купляць і гатаваць самому; да таго ж у аўстэрыі трэба плаціць за стол, за якім ясі»30.

Сутыкненне з рэаліямі іспанскага жыцця, з аднаго боку, стварала дадатковыя цяжкасці ў падарожжы, а з другога — знаёміла з мясцовымі традыцыямі. Скардзячыся на адсутнасць у каталонскіх заезных дварах шклянак, аўтар дыярыуша заўважыў, што жыхары каралеўства «віно п’юць з бутэлькі з маленькім носікам, як у пішчалцы, льючы ў горла зверху, не кранаючыся вуснаў, на што прадстаўнікі іншых народаў няздатныя»31.

Першым горадам, які наведаў перыгрынант на Іберыйскай паўвыспе па дарозе на капітулу, стала Барселона. Ю. Харкевіч меў дастаткова часу для таго, каб не толькі агледзець горад, але і адчуць атмасферу сталіцы каралеўства. Знаходжанне ў ёй не пакінула святара абыякавым, пра што сведчаць наступныя радкі: «Барселона — іначай называецца Barcinone — сталічны горад Каралеўства Каталоніі, размешчаны на Міжземным моры, вялікі, вельмі прыгожы, вясёлы, людны, гандлярскі, мае розныя мануфактуры, асабліва па вырабе ядвабу і металу. Стрэльбы, брытвы і іншыя цырульніцкія інструменты тут найлепшыя ў Еўропе, бо тут самае якаснае жалеза. Таксама ў крамах дастаткова дарагіх камянёў на продаж з Азіі, Амерыкі. Вуліцы горада брукаваныя гладкім каменем. Увесь горад аточаны мураванымі, засыпанымі ўнутры, валамі, над якімі ўзвышаюцца прыгожыя вежы. <...> Касцёлы і кляштары цудоўныя»32.

Знаходзячы падчас падарожжа прытулак у сваіх братоў па веры, Ю. Харкевіч меў магчымасць знаёміцца з архітэктурай кляштараў, што належалі ордэну. Уражаны велічнасцю аднаго з іх, размешчанага на ўзмор’і Барселоны, вандроўнік у захапленні пісаў: «Той, што знаходзіцца каля порта, па працягласці бадай пераўзыходзіць усе нашы палацы ў Польшчы, бо падзелены на 3 квадратныя ўнутраныя галерэі, у кожнай з якіх на газонах, разбітых на квадраты, мілыя і чыстыя садочкі, сярод якіх б’юць пекныя фантаны»33.

Вялікае эмацыйнае ўзрушэнне ў падарожніка выклікалі ўбачаныя ў Іспаніі экзатычныя цытрусавыя, якія тады былі толькі на сталах заможных жыхароў паўночнага краю. Сведчаннем таго, наколькі моцнае ўражанне на яго зрабілі лімонныя і апельсінавыя дрэвы, можна лічыць дадзенае ім вызначэнне: «увасабленне зямнога раю»34. Трапіўшы на іспанскую зямлю ў красавіку, ён здзівіўся, калі ўбачыў на дрэвах спелыя апельсіны і лімоны. Пазней стала вядома, што «яны леташнія, бо ўсю зіму вісяць на дрэвах (зімы тут амаль не ведаюць), і калі ёсць патрэба падаць на стол, то зрываюць з дрэва, а апалыя на зямлю лічаць непрыдатнымі да спажывання. Разам з тым паміж леташніх заўважаў на дрэвах новыя завязі лімонаў і апельсінаў»35.

Падчас знаходжання ў Барселоне Ю. Харкевіч наведаў мясціны, асвечаныя прысутнасцю хрысціянскіх святых. Яму ўдалося пабываць і памаліцца ў келлі, ператворанай у капліцу, дзе жыў святы Францыск, калі прыходзіў на іспанскую зямлю прапаведаваць Евангелле, а таксама ўбачыць саркафаг св. Еўлаліі — дзевы, якая прыняла пакутніцкую смерць у перыяд уладарання рымскага імператара Дыяклетыяна. Ю. Харкевіч меў намер агледзець касцёл езуітаў, які ўразіў яго вонкавай прыгажосцю, аднак з-за пераследу гэтага ордэну ўладамі храм быў апячатаны36.

Вельмі прыцягальным стаў для яго прыгожы марскі порт. Паназіраўшы за караблямі, якія прыбывалі ў Іспанію з розных частак свету, Ю. Харкевіч заўважыў, што на ўсіх былі «людзі свавольныя, распусныя, бедныя». Дзякуючы хлопчыкам, якія, даючы нырца, голымі рукамі лавілі рыбу і іншых жыхароў мора, ён змог убачыць невядомых датуль істотаў. Адзін з хлопчыкаў «выцягнуў нейкую страшэнную рыбіну, якая мела кольканаццаць доўгіх, як вяроўка, ног, доўгую і тоўстую шыю, падобную на клок валасоў галаву без лускі і цалкам чырвонае цела; праз малыя дзюрачкі ў галаве і іншых месцах выпускала яна, сыкаючы, паветра; і хаця яе таўклі і білі, яна няспынна падавала азнакі жыцця»37. (З даволі падрабязнага апісання вынікае, што гаворка, хутчэй за ўсё, вядзецца пра васьмінога.)

Падарожнік уважліва назіраў за жаўнерамі, якія служылі віцэ-каралю Каталоніі. Ю. Харкевіч прыкмеціў, што варта, праходзячы паўз кляштар, дзе ён спыніўся, падавала сігналы да ранішняга і вячэрняга збораў, выкарыстоўваючы не валторны, трубы, габоі, а пішчалкі, кларнеты, шаламаі, бубны, напаўняючы вуліцы прыемнымі гукамі38.

Сутыкнуўшыся з цяжкасцямі пры атрыманні пашпарта, абумоўленымі антыезуіцкай палітыкай Карла ІІІ, які забараніў уезд на іспанскую зямлю прадстаўнікам гэтага ордэну, у тым ліку і пад выглядам абсэрвантаў, да якіх належаў Ю. Харкевіч, падарожнік, пакінуў Барселону і, мінуўшы Мартарэль, Вілья Франка, Фігерэта, прыбыў у Тарагону.

Зрабіўшы экскурс у гісторыю горада, аўтар дыярыуша адзначыў яго непрыступнасць, калі ён быў сталіцай рымскай правінцыі — Тарагонскай Іспаніі, але падкрэсліў, што «ад старажытнасці засталіся толькі руіны». Тым не менш, дзякуючы свайму месцазнаходжанню на гары, а таксама прыгожым краявідам на мора, горад выклікаў сімпатыю ў перыгрынанта. Ю. Харкевіч не пакінуў па-за ўвагай і тое, што тут «імператар Аўгуст выдаў эдыкт на перапіс насельніцтва ўсяго свету, як пра тое піша св. Лука», а «маўры паслалі на неба мноства мучанікаў», аб чым можна прачытаць у Maртыралогу Tarraconae39.

Вялікую цікавасць у тэксце выклікаюць апісанні сустрэч і мясцін, звязаных з жыхарамі Рэчы Паспалітай. Спыніўшыся ў кляштары абсэрвантаў у Кастэльёне, аўтар твора сустрэў там лектара айца Карла, які ведаў віленскага бэрнардына Антонія Бурніцкага, бо разам з ім на працягу пэўнага часу знаходзіўся ў Ерузалеме і ў якасці падарунка перадаў яму праз Ю. Харкевіча іспанскую хустачку. Таксама ў дыярыушы згадваецца, што ў кляштары каля гэтага гарадка 12 гадоў таму па дарозе на капітулу ў Мурсію пайшоў з жыцця варшаўскі кусташ40.

Падчас знаходжання ў Іспаніі Ю. Харкевіч цікавіўся жыццём манаскай браціі, назіраў за яе паводзінамі і параўноўваў убачанае з рэаліямі ў Рэчы Паспалітай. Згодна з яго высновамі, іспанскія айцы адрозніваліся большай пакорлівасцю ў выканні сваіх абавязкаў. У прыватнасці, наведаўшы адзін з кляштараў дома рэкалектаў у Валенсійскай правінцыі, аўтар адзначыў, што «тут жыве каля 15 асобаў, сярод якіх 3 браты, якія гатуюць есці, даглядаюць сады, прыносяць міласціну, нават самі вазамі ездзяць на мулах, возяць грузы, як у нас свецкія найміты, і не саромеюцца гэтага»41.

Будучы ўспрымальным да натуральнай прыгажосці, аўтар дыярыуша з замілаваннем ствараў вобраз іспанскай прыроды, пра што сведчыць апісанне аднаго з кляштараў непадалёк ад Валенсіі. Паводле Ю. Харкевіча, ён «...мае навокал прыгожы сад з дрэваў piniolae (pinus pinae — лац.; міжземнаморскі гатунак сасны з пляскатай вершалінай. — А.В.), накшталт нашых соснаў, толькі што не са спічастымі вершалінамі, а з разложыстымі, як бы падстрыжанымі. Яны родзяць тоўстыя і кароткія шышкі, з якіх выбіраюць і гатуюць белае семя, нават з кавалкам мяса смачна. Таксама кіпарысавыя дрэвы, пасаджаныя на вуліцы за кляштарам, ствараюць шпацыруючым манахам прыемны цень і прахалоду. Не меншую радасць прыносяць і пальмавыя дрэвы. Вакол кляштара поўна на дрэвах сінягорліц, што прылятаюць з гор і сваім вуркатаннем, самой сваёй прыродай пабуджаюць багадумныя душы да пакуты»42.

Паводле ўражанняў Ю. Харкевіча, не толькі іспанскія манахі, але і мясцовыя жыхары з прыязнасцю ставіліся да замежных падарожнікаў, пра што сведчыць яго запіс, датаваны 9 мая. У гэты дзень ён разам з айцом кусташам Марсэля выправіўся пешшу ў кляштар абсэрвантаў у імя св. Дыдака непадалёк ад Валенсіі. Па дарозе іх напаткалі іспанцы, якія вялі вослікаў. Паспагадаўшы вандроўнікам, тубыльцы прапанавалі айцам далей ехаць вярхом, але яны адмовіліся, «падзякаваўшы ім за ласку».

Ведучы гаворку пра форму дзяржаўнага ладу каралеўстваў Каталонія і Валенсія, аўтар дыярыуша адзначыў, што «па іх адваёве ў маўраў маюць кіраванне ў форме рэспублікі, прызнаючы Гаспадаром толькі самога караля. Іспанскага караля, як у Барселоне, так і тут, у Валенсіі, прадстаўляе віцэ-кароль, якога мяняюць кожныя тры гады»43. Асаблівую ўвагу Ю. Харкевіч надаў факту спрыяльнага стаўлення да капітулы з боку іспанскага манарха, які загадаў свайму намесніку зрабіць усё магчымае для аховы яе ўдзельнікаў, а таксама выдзеліў значныя сродкі для яе правядзення, дапоўніўшы ўнёсак інфанта. Цешыла літоўскага бэрнардына і тое, што ўладар назваў св. Францішка — апекуна ордэну, сваім айцом, бо іспанскія манархі (іх яшчэ называлі каталіцкімі каралямі) пазіцыянавалі сябе абаронцамі святой веры.

Патрапіўшы ў Валенсію — месца, дзе мелася адбыцца капітула, а таксама «сталічны горад правінцыі пад той самай назвай, размешчаны на рацэ Гуадалаўяр», Ю. Харкевіч адзначыў, што гэты горад не толькі «вялікі і прыгожы», але і «прыемны воку», бо «атулены садамі, паколькі на некалькі міляў вакол Валенсіі палі хораша і ладна засаджаныя аліўкавымі, лімоннымі, апельсінавымі садамі, фігамі, вінаграднікамі, кіпарысамі, пальмамі, на якіх растуць фінікі, etc.»44.

Выклікалі захапленне ў падарожніка і прыгожыя масты з цясанага каменя. «Ідучы ў Валенсію ў касцёл св. Яна, — піша перыгрынант, — я налічыў 5, і гэта з аднаго боку горада. Масты густа ўстаўлены мармуровымі і каменнымі статуямі святых Гасподніх, перадусім св. Дамініка, Вінцэнта і св. Францішка»45.

Асобным пуктам наведвання для Ю. Харкевіча стала старасвецкая катэдра ў Валенсіі, у скарбніцы якой захоўвалася мноства хрысціянскіх рэліквій, пра што сведчыць іх падрабязнае апісанне аўтарам дыярыуша.

Удалося Ю. Харкевічу наведаць і іншыя касцёлы і кляштары, каб пабачыць мясціны, асвечаныя прысутнасцю святых Вінцэнта Ферэра, Людовіка Бертрана, Мікалая Фактара, айцоў Дамініка і Францішка.

Падчас знаходжання ў Валенсіі, нараджэнец вялікалітоўскіх земляў меў магчымасць паназіраць за працэсіяй, якая значна адрознівалася ад тых, што адбываліся на радзіме. Апісваючы яе ход, Ю. Харкевіч пісаў: «Спачатку клерыкі ў далматыках [і] лаікі ў альбах, абапіраючыся на пазалочаныя кіі, неслі на плячах статуі розных святых Божых, такіх як св. Пасхалій, св. Францішак, Людoвік, Альжбета, Юзаф, Найсвяцейшая Дзева Марыя. Паміж імі па адной касцёльнай харугве неслі вяльможы, слугі якіх трымалі канцы ад харугвы. Таксама ў шэрагах перад імі годныя людзі неслі свечкі. Пасля ўсіх ішлі парамі манахі. За імі генерал у капе з срэбраным крыжам у руцэ, пад балдахінам. За генералам ішлі служачыя магістрата ў чырвоных тогах і парыках, папарна несучы залатыя буздыганы на плячах. На вуліцах горада было мноства ракетаў і феерверкаў, выпушчаных гарнізонам. Народ крычаў «ура!», «ура!», таксама свістаў прарэзліва і гучна і ўсклікаў дзікім голасам: «гэй!», «гэй!»»46.

У Валенсіі ён убачыў тэрцыяраў — выхадцаў з іспанскіх калоній у Амерыцы, якія таксама прыбылі на капітулу. Паводле аўтара дыярыуша, «гэтыя людзі маюць пляскаты твар, малыя вочы і нос, смуглявыя, падобныя ва ўсім да нашых калмыкаў».

Найбольшую цікавасць у дыярыушы выклікаюць мясціны, дзе гаворка вядзецца пра насельніцтва Іберыйскай паўвыспы. Апісваючы знешні выгляд жыхароў Іспаніі, Ю. Харкевіч адзначае, што «яе народ — чорны і непрыгожы, неахайны, як нашы жыды». Думаецца, фарміраванне стаўлення да абодвух народаў у выхадца з вялікалітоўскіх абшараў Рэчы Паспалітай адбывалася пад уплывам апазіцыі «свой—чужы». Хутчэй за ўсё, яны былі аднесены аўтарам твора да другой катэгорыі, таму выклікалі непрыманне, абумоўленае таксама і цывілізацыйнай адрознасцю. Прыкладам «іншасці» іспанцаў можна лічыць і іх традыцыйныя строі.

Паводле меркавання аўтара дыярыуша, «іспанцы — злосныя людзі, хуткія да панажоўшчыны, на дарогах і ў прадмесцях часта сустракаюцца драўляныя крыжыкі велічынёй з локаць, пастаўленыя па забітым там чалавеку». Думаецца, што такі тып паводзінаў мясцовага насельніцтва, абумоўлены ў пэўнай ступені яго тэмпераментам, святар лічыў заганным. Магчыма, тут з пэўнай ступенню ўмоўнасці можна гаварыць пра водгулле «чорнай легенды» (ісп. leyenda negra), якая сфармавалася ў дачыненні да Іспаніі ва ўплывовых еўрапейскіх краінах. Яна складалася са стэрэатыпаў ва ўспрыманні гэтай дзяржавы і яе жыхароў: адмоўную рэакцыю выклікалі ганарлівасць, хцівасць, брутальнасць іспанцаў, а таксама іх безгаспадарлівасць, дамінаванне духавенства ў жыцці краіны, жорсткая каланіяльная палітыка47.

Разам з тым, Ю. Харкевіч сведчыў пра іх набожнасць, бо «кожны просіць медальёнчык, каронку, асабліва пергаменныя абразкі, нават вытанчаныя людзі і князі не саромеюцца прасіць, бо тут у іх гэта не вырабляецца»48.

Такім чынам, ажыццёўленае падарожжа дазволіла Ю. Харкевічу не толькі стварыць запамінальны вобраз гэтай паўднёваеўрапейскай краіны, адлюстраваць характар яе жыхароў, паказаць непаўторнасць іх культуры і традыцый, але і раскрыць адметнасць свайго светаўспрымання.

Вольга Качалка

Гл. таксама:
Ювеналій ХАРКЕВІЧ :: ДЫЯРЫУШ ІСПАНСКАГА ПАДАРОЖЖА З ВІЛЬНІ Ў ГОРАД ВАЛЕНСІЮ НА ГЕНЕРАЛЬНЫ КАПІТУЛ ОРДЭНУ <...> БЭРНАРДЫНАЎ У 1768 Г. ::


  1. Сыракомля, У. Выбраныя творы / У. Сыракомля. — Мінск, 2011. — С. 267.
  2. Migdal, B. Charkiewicz Juwenalis / B. Migdal// Encyklopedia Katolicka. T. 3. — Lublin, 1995. — S. 80.
  3. Kantak, K. Charkiewicz Juwenalis / K. Kantak // Polski Slownik Biograficzny. T. 3. — Krakow, 1937. — S. 264.
  4. Kantak, K. Bernardyni Dolscy / K. Kantak. Т. ІІ. — Lwow, 1933. — С. 487; Migdal, B. Charkiewicz Juwenalis / B. Migdal // Encyklopedia Katolicka. T. 3. — Lublin, 1995. — S. 80; Rok, B. Juwenalis Charkiewicz i jego podroz po Europie / B. Rok // Charkiewicz, J. Dyjariusz podrozy hiszpanskiej z Wilna do miasta Walencyi na Kapitułę Jeneralną Zakonu Mniejszych Braci sw. Franciszka, to jest Bernardynow, odprawionej w roku 1768 / J. Charkiewicz. — Wroclaw, 1998. — S. 7.
  5. Kantak, K. Bernardyni Рolscy / K. Kantak. Т. ІІ. — Lwow, 1933. — С. 487.
  6. Kantak, K. Charkiewicz Juwenalis / K. Kantak // Polski Slownik Biograficzny. T. 3. — Krakow, 1937. — S. 264
  7. Migdal, B. Charkiewicz Juwenalis / B. Migdal // Encyklopedia Katolicka. T. 3. — Lublin, 1995. — S. 80; Rok, B. Juwenalis Charkiewicz i jego podroz po Europie / B. Rok // Charkiewicz, J. Dyjariusz podrozy hiszpanskiej z Wilna do miasta Walencyi na Kapitułę Generalny Zakonu Mniejszych Braci sw. Franciszka, to jest Bernardynow, odprawionej w roku 1768 / J. Charkiewicz. — Wroclaw, 1998. — S. 8.
  8. Rok, B. Juwenalis Charkiewicz i jego podróż po Europie / B. Rok // Charkiewicz, J. Dyjariusz podróży hiszpańskiej z Wilna do miasta Walencyi na Kapitułę Jeneralną Zakonu Mniejszych Braci św. Franciszka, to jest Bernardynów, odprawionej w roku 1768 / J. Charkiewicz. — Wrocław, 1998. — S. 8.
  9. Тамсама. S. 8.
  10. Тамсама. S. 9.
  11. Тамсама.
  12. Тамсама. S. 10.
  13. Тамсама.
  14. Lubieński, W. Świat we wszystkich swoich częściach wićkszych i mniejszych / W. Lubieński. — Wrocław, 1740. — S. 127–149; Rostworowski, E. Lubieński Władysław / E. Rostworowski // Polski Słownik Biograficzny. T. 18. — Wroclaw, 1973. — S. 505–511 // Rok, B. Hiszpania w opinii społeczeństwa Rzeczypospolitej obojga narodów w XVIII wieku / B. Rok // Studia historyczne. 1995. – S. 337.
  15. Lubieński, W. Świat we wszystkich swoich częściach wićkszych i mniejszych / W. Lubieński. — Wrocław, 1740. — S. 127–149 // Rok, B. Hiszpania w opinii społeczeństwa Rzeczypospolitej obojga narodów w XVIII wieku / B. Rok // Studia historyczne. 1995. — S. 338.
  16. Тамсама. S. 338.
  17. Rok, B. Hiszpania w opinii społeczeństwa Rzeczypospolitej obojga narodów w XVIII wieku / B. Rok // Studia historyczne. 1995. — S. 339.
  18. Lubieński, W. Świat we wszystkich swoich częściach wićkszych i mniejszych / W. Lubieński. — Wrocław, 1740. — S. 127-149 // Rok, B. Hiszpania w opinii społeczeństwa Rzeczypospolitej obojga narodów w XVIII wieku / B. Rok // Studia historyczne. 1995. — S. 339.
  19. Rok, B. Juwenalis Charkiewicz i jego podróż po Europie / B. Rok // Charkiewicz, J. Dyjariusz podróży hiszpańskiej z Wilna do miasta Walencyi na Kapitułę Jeneralną Zakonu Mniejszych Braci św. Franciszka, to jest Bernardynów, odprawionej w roku 1768 / J. Charkiewicz. — Wrocław, 1998. — S. 10.
  20. Kucharski, A. Hiszpania i Hiszpanie w relacjach Polaków : wrażenia z podróży i pobytu od XVI do początków XIX w. / Ŕ. Kucharski. — Warszawa, 2007. S. 85.
  21. Харкевіч, Ю. Дыярыуш іспанскага падарожжа з Вільні ў горад Валенсію / Ю. Харкевіч // Літаратура ХVII — XVIII стагоддзяў. — Мінск, 2012. — С. 545. — (Залатая калекцыя беларускай літаратуры ; т. 2).
  22. Тамсама. С. 545.
  23. Тамсама. С. 546.
  24. Тамсама.
  25. Тамсама.
  26. Тамсама. С. 547.
  27. Тамсама.
  28. Тамсама.
  29. Тамсама. С. 566.
  30. Тамсама. С. 547–548.
  31. Тамсама. С. 548.
  32. Тамсама.
  33. Тамсама. С. 549.
  34. Тамсама.
  35. Тамсама.
  36. Тамсама. С. 550.
  37. Тамсама.
  38. Тамсама. С. 551.
  39. Тамсама. С. 552.
  40. Тамсама. С. 556.
  41. Тамсама. С. 559.
  42. Тамсама.
  43. Тамсама. С. 561.
  44. Тамсама.
  45. Тамсама. С. 561–562.
  46. Тамсама. С. 564–565.
  47. Sawicki, P. Czasy dekadencji: między «czarną legendą» a mitem iberyjskiego orientalizmu / P. Sawicki // Polacy a hiszpanie. Ludzie, podróże, opinie // Acta Universitatis Wratislaviensis. Estudios hispánicos. 1995. — S. 19.
  48. Харкевіч, Ю. Дыярыуш іспанскага падарожжа з Вільні ў горад Валенсію / Ю. Харкевіч // Літаратура ХVII — XVIII стагоддзяў. — Мінск, 2012. — С. 566. — (Залатая калекцыя беларускай літаратуры ; т. 2).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY