Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(75)/2016
Падзея
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Год Міласэрнасці

ЗНАКІ МІЛАСЭРНАСЦІ
Паэзія

МАДОННЫ
Літаратуразнаўства
Асобы
Мастацтва
Літаратуразнаўства

УСПАМІНЫ. УРЫВАК
Спадчына
Мемуары
Памяці святара
In memoriam

МАРЫЮШ КАРПОВІЧ
Па родным краі
Прэзентацыя

Францішак КАРПІНСКІ

УСПАМІНЫ. УРЫВАК

Я нарадзіўся ў 1741 годзе 4 жніўня на галіцкай зямлі, у Каламыйскім павеце, у вёсцы Галаскоў, за 3 мілі ад Станіславава, ад бацькоў Андрэя і Разаліі Карпінскіх. У той дзень у доме маіх бацькоў адбылося асаблівае здарэнне: Казлоўскі, сусед і сябар бацькі майго, папярэдзіў яго за некалькі гадзін да майго нараджэння, што ноччу слаўны на Пакуцці разбойнік, Олэкса Дабошчук, які свавольнічаў у тых краях, разам з дванаццаццю сваімі малойцамі збіраўся для рабунку напасці на дом маіх бацькоў. У маёй маці ўжо пачаліся родавыя болі, а бацька, можа, ад страху страціць жыццё, пакінуўшы дом, з чым мог наспех схаваўся ў лесе, што знаходзіўся непадалёк, і распарадзіўся, каб для гэтага жахлівага госця з яго таварышамі на стале былі як найшчадрэй падрыхтаваныя хлеб, сыр і гарэлка. Можа, праз гадзіну пасля майго нараджэння прыйшоў са сваімі Дабошчук; толькі маці маю ляжачую і бабку, якая прыняла мяне, абмыла і трымала на руках, — нікога больш ва ўсім доме не заспеў. Маці нічога не магла гаварыць з-за болю і страху, а бабка, падышоўшы са мною на руках да Дабошчука, кажа: «Гадзіну таму дзіця гэтае нарадзілася, зважай на Бога, на гэтую маці, якая яшчэ пакутуе, і на гэтае немаўля. Не рабі тут ніякай прыкрасці, калі мы цябе як добрага госця прымаем». Змякчыла гэта сэрца разбойніка, і ён, малойцам сваім сціпла адысці загадаўшы, усеўся есці і піць шчодра пададзеную гарэлку, потым даў бабцы тры чырвоныя злотыя і, папрасіўшы маці маю, каб нованароджанаму дзіцяці пры хросце далі імя Олэкса (як і Дабошчука звалі) на памяць пра яго прабыванне ў гэты час у нашым доме, без найменшай шкоды адышоў са сваімі.

Чаго памяць мая не захавала і пра што мне маці мая распавядала, дык гэта пра тое, як у 5 гадоў веку майго брат мой, на год старэйшы, Каятан, памёр; калі ўсе аплаквалі смерць гэтага добрага хлопца (як пра яго казалі), я адзін радаваўся, што сукенкі, якія засталіся пасля яго і лепшыя за мае, мне дасталіся, — так з дзяцінства любоў да сябе мацнейшая ў людзях за ўсё! Але ўжо добра памятаю, як можа праз год пасля гэтага наша маці бацьку і ўсім нам рапавядала, што яе сын, нябожчык Каятан, паказаўся ёй пасля смерці, і калі яна яго выпытвала, на якім шляху была яе памерлая сястра, Каятан нібыта адказаў: «Вялікі ж там свет, матуля, і цяжка кожнага пабачыць!». Гэтае дасціпнае ратаванне, каб і праўдаў таго свету не выяўляць, і маці на пытанне адказаць, відавочна, надало праўдзівасці сыну, бо аб’яўленню Каятана верылі ўсе ў нашай ваколіцы. Але час дзяцінства быў часам забабоннай веры і прывідаў. Так мая пабожная маці пасля поўначы бачыла нейкую добрую душу (бо духі толькі да поўначы паказваліся), якая <...> праз шчыліну ў акне ўвайшла ў хату і схавалася за абіўку. Гэтая візія нямала каштавала бацьку, усім дзецям і чэлядзі, бо мы, знянацку абуджаныя, мусілі, кленчачы на працягу трох гадзін каля абіўкі, адгаворваць пацеры за гэтую душу, якой патрэбны быў ратунак. Бацька наш чуў, як святы Юзаф са свайго абраза, што вісеў у хаце, вымавіў слова «цнота»; у вігілію Божага Нараджэння, пасля поўначы, ён бачыў Найсвяцейшую Панну на небе ў жоўтым раброне, бачыў прывід, паказваў нам шмат бадзягаў, апантаных д’яблам, расказваў шмат гісторый пра зачараваных людзей і ўраджаі, пра тых, хто аддаў душу д’яблу, пра чараўніцаў, пра бабкаў, якія вылятаюць на памяле праз комін на Лысую Гару, а таксама пра лунацікаў — калі ўночы на іх выпадкова трапляў праз шчыліну промень месяца, яны скрозь сон праз гэтую шчыліну па промені месяца выходзілі на двор; бацька слепа верыў прадказанням адносна таго, пад якою планетаю хто нарадзіўся, а таксама прадказанням календара; цыганак, што бадзяліся і варажылі па руках, па вачах, па фасолі, рассыпанай на стале, альбо па воску, растопленым і вылітым на ваду, найахвотней прымаў у дом. Чым больш у тыя часы верылі ў гэтыя забабоны і баяліся іх, тым больш мы з іх сёння смяемся. А нашыя бацькі, як калісьці грэкі або рымляне, усё бачылі ва ўяўных цудах.

Маці і бацька мае былі людзьмі найцнатлівейшымі і вельмі строга выконвалі хрысціянскія абавязкі. Хлусня ў дзецях каралася найбольш жорстка, праўды веры вывучваліся вельмі рана, у сям’і патрабавалася пашана адзін да аднаго і любоў; ды, нягледзячы на гэта, я сваю старэйшую сястру, што пасля воспы ўжо тры гады не магла бачыць, разгневаўшыся, часам называў сляпою. Пакараны за гэта ў той час, калі яна мяне ўзлавала, я гэтае слова «сляпая» не вымаўляў, а толькі вачыма на яе міргаў. Помсціць і для сваёй карысці зноў ашукваць — і гэта нараджаецца разам з намі. Другая мая сястра, калі мы пасля пацераў штодзённа на сняданак малако ці піва елі, скардзілася, што я з’ядаў больш, бо хутчэй, таму я наказаў ёй лыжкаю падзяліць малако напалову, каб яна сабе сваю палову трымала, а я тым часам, працягваючы есці, яе палову, што нібы праз лейку пераходзіла на мой бок, з’ядаў. Калі яна спала, я адвязаў з яе шыі бурштынавы крыжык і выменяў у жанчыны, якая праходзіла з ягадамі, за кварту ягадаў. Але нядоўга ўдавалася маё ашуканства; калі малацьбіт у нашай стадоле паклаў на парозе свой просты ножык, я яго ўпотай схаваў, але потым мой бацька заўважыў, што я ім штосьці стругаў, і спытаў, адкуль я яго ўзяў. Тады я пайшоў на звычайны выкрутас, што, маўляў, знайшоў яго. Бацька сабраў усіх дамачадцаў і спытаў, чый гэта ножык, і калі малацьбіт прызнаўся, што гэта ягоны, і дадаў, што я быў у стадоле, калі ён гэты свой ножык паклаў на парозе, мой бацька спачатку загадаў мне ўпасці ў ногі селяніну і перапрасіць яго за тое, што я яго засмуціў гэтым сваім крадзяжом. Я думаў, што на гэтым маім прыніжэнні ўжо ўсё скончылася, але было загадана прынесці дубец, і мой суровы бацька наказаў таму ж самаму малацьбіту адлічыць мне дзесяць розгаў, стаў над ім з кіем, каб у бічаванні мне не патураў, а потым сам узяў дубец і за сорам свой (як ён казаў) яшчэ мне дзесяць розгаў сваёю рукою даў, а скончыўшы, загадаў цалаваць яго руку, якая карала. О святая рука бацькі майго (хоць цябе ўжо няма з вельмі даўняга часу), я яшчэ і цяпер цябе ў думках цалую. Менавіта праз гэта суровае пакаранне я набраўся найбольшай агіды ў сваім далейшым жыцці да таго, што значыць чапаць чужое. Ты сурова караў, ойча, і ўсялякую ўпартасць, і ўсялякую хлусню, а паколькі першае абыходжанне з дзіцем найбольшае ўражанне ў ім чыніць, о як жа часта, калі я выйшаў у свет, мне ўзгадваліся твае наказы!

<...>

У пачатковай школе я між сваіх таварышаў быў найпершы да свавольстваў; як жа шмат было жыдам вокнаў павыбіваных; каля дома, дзе я жыў, — мінакоў, падманутых пакінутым сярод дарогі шасціграшовікам, прывязаным праз дзірку да доўгага скручанага белага конскага воласа; і, гледзячы праз вакно, калі мінак схіляўся, каб узяць шастак, я цягнуў раптам праз вакно за волас, а шастак разам з ім да мяне ўцякаў… Кроў жывая, якая да такіх і падобных свавольстваў пабуджала, адначасова мне і дапамагала, бо я і зададзеныя мне на памяць пенсы найлепш заўсёды вывучваў, а гэтая пільнасць і нейкі гонар спрыялі таму, што ў школе не было лепшага за мяне навучэнца. Дырэктар мой, Надзяёўскі, які звычайна перад тым як ісці раніцаю ў школу, слухаў пенсы1, зададзеныя на памяць, аднойчы не хацеў мяне слухаць, бо сказаў, што чуў уночы, як я праз сон дасканала ўсе пенсы расказаў. Але тая ж самая жывасць зрабіла мяне горача прывязаным да маёй рэлігіі, прывітай бацькам; наслухаўшыся жыцій святых пустэльнікаў, узяўшы нейкую торбу і два хлябы, я ўпотай ад нашай гаспадыні ўцёк уночы ў дуброву, што знаходзілася паблізу Станіславава, і хацеў з таго часу жыць у пустыні і харчавацца жалудамі, памалу да іх пры хлебе прызвычайваючыся. Тры дні мяне шукалі, на чацвёрты я сам прыйшоў, схамянуўшыся, што не змагу прывыкнуць да жалудоў. Розгі навучылі пустэльніка, што, жывучы між людзей, больш бліжняму паслугі зрабіць можна, а любіць яго ў пушчы — гэта значыць толькі гаварыць, а не чыніць. Калі я глядзеў у алтары на абраз св. Себасцьяна, сколатага стрэламі, да мяне зноў прыйшла думка быць мучанікам за веру; я ведаў, што Хатын, турэцкі горад у Валахіі, знаходзіцца не так далёка ад Станіславава, задумаў абавязкова туды трапіць і з цэнтра гэтага горада апошнімі словамі лаяць Магамета, мусульманскага прарока; так абражаныя туркі напэўна б мяне за веру маю забілі. Калі я думаў пра спосабы ажыццяўлення гэтага праекта, мне прыйшло ў галаву спачатку праверыць, як я пераношу цярпенне ад ранаў; я ўваткнуў сабе ў сцягно вялікую шпільку. Ад болю крыку нарабіўшы і бачачы, што я такі нецярплівы, пакінуў і шпільку, і думку стаць мучанікам. Любячы музыку, асабліва ігру на скрыпцы, я вельмі настойліва хацеў ёй навучыцца, але бацька з-за тагачасных забабонаў забараніў вучыцца іграць на скрыпцы, як і гаварыць па-французску. Зноў жа дрэннае разуменне рэлігіі, спалучанае з жаданнем навучыцца іграць на інструменце, выганяла мяне з дому ў Чанстахову, каб там, уцёкшы з дому, служыць некалькі гадоў пры касцёльным хоры і адначасова Н.[айсвяцейшай] П.[анне] Чанстахоўскай.

<...>

Скончыўшы двухгадовы курс філасофіі, я прыехаў на вакацыі да брата і бацькоў. Мы заўсёды мелі найвялікшую пашану да нашай маці і асабліва да грознага бацькі, у яго прысутнасці нельга было сядзець, стаяць да яго спінаю і нават абаперціся аб сцяну, стоячы перад ім. Я заўсёды памятаў пра ўсё гэта і ахвотна сабе прыкрасць учыняў, толькі б бацьку не абразіць. Хадзіў аднойчы стары па хаце, а я, з кімсьці размаўляючы, захаваў адносна яго ўсе згаданыя асцярожнасці, а ён у той час, падышоўшы да мяне, даў мне моцную аплявуху і зноў праходжваўся па хаце, як дагэтуль. Злачынствам было б спытацца, за што гэта; у сціплым маўчанні, з апушчанымі долу вачыма я чакаў канца; раптам бацька мой кінуўся да мяне на плечы і пачаў са слязьмі казаць: «Сыне мой! Я прасцяк, бо ўмею толькі чытаць і ледзь-ледзь пісаць, а ты ўжо філосаф, я толькі цябе выпрабаваў, як ты прымеш аплявуху ад бацькі свайго, але паколькі ты сціплы і пакорны, паколькі мяне ў старасці маёй шануеш (тут ён укленчыў пасярод хаты і ўзнёс рукі ўгору), Божа Абрагама, Ісаака і Якуба, паблагаславі гэтае маё дзіця, няхай жыве доўга, здаровае і шчаслівае». Я ўпаў да яго ног, расчулены і ўзрушаны яго словамі, забыўшыся нават пра аплявуху, якую атрымаў, а ён, стоячы, як і я, на каленях, расчулена казаў мне: «Сыне мой! Шануй людзей — і будзеш шанаваны, гэтая аплявуха, якую ты атрымаў ад бацькі, няхай будзе апошняю, дадзенаю табе ў жыцці, а калі дойдзе да таго, што хтосьці чужы так захоча цябе пакрыўдзіць, толькі кроў непрыяцеля твайго можа сцерці такую пагарду».

У хуткім часе пасля гэтага, можа, праз паўгода, гэты строгі, але адначасова і найцнатлівейшы бацька, развітаўся з намі; перад скананнем па некалькі разоў патрабаваў размовы са мною, і, бачачы, што ўжо блізка яго скон, толькі папрасіў маці: «Скажы там Францішку, няхай праўдаю кіруецца ў свеце», — і гэта былі яго апошнія словы, бо пасля іх ён сканаў; калі мне паведамілі пра гэта праз адлегласць у тры мілі, я, прыехаўшы, заспеў яго, ужо пакладзенага на катафалку; жалю свайго не выкажу, бо ён быў невымерны. Нават цяпер, калі я гэта ў старасці сваёй пішу, прымі мае слёзы, найлепшы ойча, якія я, расчулены, праліваю на ўспамін пра цябе, і калі там, дзе ты, напэўна, шчаслівейшы прабываеш, якая-небудзь радасць да вас з зямлі прыходзіць можа, у вас напэўна такія слёзы нашыя мілейшыя за нашыя марныя радасці!

Пераклала з польскай мовы
Ганна Шаўчэнка.
Паводле: Karpiński, F. Pamiętniki / przedm. P. Chmielowskiego. –
Warszawa: Drukarnia Granowskiego i Sikorskiego, 1808. – 170 s.

Гл. таксама:
Ганна ШАЎЧЭНКА :: «УСПАМІНЫ» ФРАНЦІШКА КАРПІНСКАГА: ВЫТОКІ ЦНОТЫ І ЗЛАЧЫНСТВА ::


  1. Пенса — раздзел граматыкі, які вучань павінен быў ведаць на памяць.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY