Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(75)/2016
Падзея
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Год Міласэрнасці

ЗНАКІ МІЛАСЭРНАСЦІ
Паэзія

МАДОННЫ
Літаратуразнаўства
Асобы
Мастацтва
Літаратуразнаўства

УСПАМІНЫ. УРЫВАК
Спадчына
Мемуары
Памяці святара
In memoriam

МАРЫЮШ КАРПОВІЧ
Па родным краі
Прэзентацыя

Іна БІГЕЛЬ

ХВЭЛЬКА, АЛЬБО ЗАМАХ
НА КНІГУ РЭКОРДАЎ ГІНЭСА

Галерэя - дадатак да артыкула

Гісторыя майго героя распачалася 30 мая 1954 года ў Ракаве — ранейшым горадзе, потым мястэчку і цяпер вёсцы, дзе ён нарадзіўся ў каталіцкай сям’і беларускай шляхты — Янушкевічаў. У чэрвені таго ж года бацькі аддалі хлапчаня юным хросным, каб тыя ахрысцілі яго ў валожынскім касцёле (у той час ракаўскі касцёл не дзейнічаў), а самі па традыцыі засталіся дома. У Валожыне, як на бяду, лавілі «зялёнага брата» — мясцовага Робін Гуда па прозвішчы Юргель, які ў 1954 годзе ўсё яшчэ ваяваў з бальшавікамі і карыстаўся даволі вялікаю падтрымкаю ў насельніцтва. Вось гэтага смелага змагара саветы «засеклі» на рынку ў цэнтры горада і абвясцілі аблаву. Распачалася паніка. Мясцовыя жыхары яшчэ добра памяталі пра Сібір, пра наезды саветаў у пагонах. Людзі кінуліся ўцякаць на вакзал, а юныя хросныя ў гэты час з адказным заданнем падымаліся па вуліцы ў бок рыначнай плошчы да касцёла. Раптам яны таксама паддаліся паніцы, спалохаліся, кінулі малога на брук і далучыліся да ўцекачоў. Толькі дабегшы да вакзала, яны апамяталіся і ўсвядомілі, што ўчынілі: чужое дзіця згубленае, дадому вяртацца нельга. Гора-хросныя знайшлі старэйшага дзядзьку з пашпартам, які мог пацвердзіць іх ракаўскае паходжанне, і вярнуліся назад. Дзіцяці не было. Давялося звярнуцца ў міліцыю, якая тады, як і цяпер, знаходзілася ў палацы Тышкевічаў. Адчыніўшы дзверы, яны ўбачылі на більярдным стале маленькага хлопчыка, які заходзіўся ад плачу і крыку, і чырвонапагоннікаў, якія намагаліся суняць яго. На пытанне іх начальніка аб мэце візіту ў Валожын маладыя людзі шчыра прызналіся, што везлі хрысціць у касцёл дзіця. Міліцыянер здзіўлена сказаў: «Ну і ну, перш чым трапіць у касцёл, малы апынуўся ў нас. Дык як вы хочаце яго назваць?».

— Хвэлік!

— О, гэта другі Фелікс у нашым раёне! Можа, ён будзе такім жа вядомым, як і яго цёзка. Можаце ісці…

Хлопчыка ўсё ж ахрысцілі, і ў гонар святога, успамін якога паводле літургічнага календара адзначаецца ў дзень нараджэння дзіцяці, сапраўды далі яму імя Фелікс, што ў перакладзе з лаціны значыць «шчаслівы». Валожынскае здарэнне хросныя трымалі ў сакрэце і ад бацькоў, і ад хрэсніка да яго паўналецця. Прарочыя ж словы начальніка міліцыі здзейсніліся: «крыкун і плакса» стаў вядомым мастаком.

Цяпер Хвэльку, як яго называюць людзі ў Ракаве, ведаюць як Фелікса Янушкевіча. Ён праславіўся не толькі як мастак, рэстаўратар, але яшчэ як гаспадар арт-галерэі «Янушкевічы», якая дзейнічае ўжо дванаццаць гадоў пры яго ўласнай сядзібе.

У 1990-я гады ў Ракаве была створаная мастацкая галерэя сяброў Акадэміі выяўленчага мастацтва. З 1995 года пачалася дэманстрацыя карцінаў Фелікса Янушкевіча, скульптураў яго брата Валяр’яна і працаў вядомых мастакоў: Леаніда Шчамялёва, Уладзіміра Вішнеўскага, Валерыя Славука, Рыгора Сітніцы і памерлых заўчасна Георгія Скрыпнічэнкі і Мікалая Селешчука, іншых вядомых мастакоў. Але творчая натура мастака не давала Феліксу Янушкевічу спакою — ён хацеў большага: падзяліцца сваім веданнем культуры, этнаграфіі, літаратуры, гісторыі, пакінуць для нашчадкаў спадчыну аб роднай мясціне, каб нашы людзі не былі чужынцамі на роднай зямлі, каб аб радзімай старонцы не балела начамі сэрца, як у славутага паэта Максіма Багдановіча. І вось нарэшце ў 2003 годзе задума Фелікса здзейснілася— свае дзверы гасцінна расчыніла арт-галерэя «Янушкевічы». Чаму галерэя атрымала назву ад прозвішча сям’і? Ды таму што не кожная сям’я ў Ракаве можа пахваліцца адоранымі дзецьмі, а іх у сям’і Янушкевічаў ажно пяцёра — і ўсе браты, якія дасягнулі значных поспехаў у розных галінах навукі і культуры. Скульптар Валяр’ян і мастак Фелікс маюць непасрэднае дачыненне да мастацтва і іх працы таксама змешчаны ў экспазіцыі галерэі.

Прылады сялянскай працы.

У арт-галерэі «Янушкевічы» лунае дух эклектыкі. Зусім не бянтэжыць, што побач апынуліся стары фарфоравы, гліняны і шкляны посуд, бронзавыя і гіпсавыя фігуры, абразы, мэбля, адзенне, старыя музычныя інструменты, сучасныя карціны, польскамоўныя і нямецкамоўныя шыльды, розныя дакументы, фрагменты слуцкіх паясоў, кнігі, фотаальбомы, чучалы і скуры жывёлаў, прылады сялянскай працы. І пералічана яшчэ не ўсё, што знайшлося або было адкапанае ці прынесенае аднавяскоўцамі і сябрамі. Захапляе неверагодная колькасць небанальных апавяданняў, дэкламаваных вершаў і тое, з якою хуткасцю яны расказваюцца, а таксама глыбокае веданне гісторыі нашай Радзімы, бо ўсё ад таго, што гаспадар-экскурсавод услед за паэтам Артурам Вольскім паўтарае словы з яго верша: «Як і кожны ў маёй старане, я багацце нязмернае маю. // Ды не ў грошах, не ў золаце – не! // У любові да роднага краю».

У арт-галерэі праводзяцца не экскурсіі, а хутчэй перформансы, калі прысутнічае сам мастак, вакол — яго карціны, мноства розных гістарычных рэчаў. На думку Фелікса, гэта самая вялікая інсталяцыя ў краіне. Ён хваліцца тым, што мог бы трапіць у «Кнігу рэкордаў Гінэса», бо за дванаццаць гадоў дзейнасці галерэі ён правёў больш за 10300 перформансаў. Перформанс — гэта тып візуальнага актуальнага мастацтва ХХ стагоддзя, у якім творам з’яўляюцца любыя дзеянні мастака, і гледачы бачаць іх у рэальным часе. Канцэпцыя правядзення перформансу ў гаспадара такая: мы — самы старажытны народ, у нас самая старажытная дзяржаўнасць, самая старажытная мова, самая багатая зямля. Усе сабраныя тут рэчы працуюць на гэту канцэпцыю. Асноўнай часткай экспазіцыі стала ракаўская кераміка. У свой час Фелікс Янушкевіч скончыў Інстытут мастацтвазнаўста, этнаграфіі і фальклору АН БССР і напісаў дысертацыю па ракаўскай і івянецкай кераміцы ХVI–XX стагоддзяў. Цяпер у музеі налічваецца больш за 2 000 керамічных рэчаў, сабраных у Ракаве і яго ваколіцах або нейкім чынам звязаных з Ракавам. Многа керамікі было знойдзена пад уласным домам гаспадара. Знаходку ён тлумачыць тым, што даўней Ракаў быў старажытным прыватным горадам з багатай гарадской цывілізацыяй і стаяў на гасцінцы Вільня–Менск, якая была жывой артэрыяй нашай старажытнай дзяржавы і стратэгічнай уласнасцю вялікіх князёў літоўскіх. Да 1939 года горад Ракаў уваходзіў у склад Другой Рэчы Паспалітай. Ён належаў двум братам — Казіміру і Мар’яну Здзяхоўскім — і на працягу доўгага часу заставаўся актыўным культурным цэнтрам, які Эліза Ажэшка, гасцюючы ў Ракаве, назвала «літоўскімі Афінамі».

Паколькі жыццё сям’і Янушкевічаў праходзіла ў цэнтры Ракава, то ім пашчасціла адкрыць і на свае вочы ўбачыць неверагодныя нябачныя пласты гісторыі. Спачатку сям’я мясцілася ў іншым доме, крыху ўбок ад цэнтра, а потым набыла пляц у самым цэнтры Ракава і пачала ўладкоўваць сваё жыццё. З узвядзеннем гаспадарчых будынкаў для патрэбаў шматдзетнай сям’і здымаўся верхні пласт зямлі і на паверхню «выходзілі» старажытныя рэчы Х–ХІV стагоддзяў. Спецыяльных раскопак тут не праводзілася, але, як кажа Фелікс, падчас капання студні ён дайшоў да «археалогіі» — да падземных хадоў. Мастак, экскурсавод і ўжо археолаг на поўным сур’ёзе сказаў, што дзе б ён ні капануў — усюды знаходзіў старажытныя рэчы. Цяга да археалогіі ў яго пачалася яшчэ ў 1970-я гады і стала часткаю яго кандыдацкай дысертацыі. Усе адкапаныя артэфакты сведчаць пра нашу адметную старажытную дзяржаўнасць, дапамагаюць уявіць, як некалі жылі жыхары нашых земляў, як развіваўся гандаль.

Экспазіцыя арт-галерэі «Янушкевічы» размешчана на плошчы каля пяцісот квадратных метраў. Гісторыя кожнага экспаната і з’яўлення яго ў музеі ўнікальная: некаторыя «непатрэбныя» рэчы былі набытыя ў жыхароў, нешта наогул знойдзенае выкінутым на сметнік. Цяпер многія ракаўчане таксама даволі інтэнсіўна працуюць на ўвекавечванне гісторыі сваёй мясціны. Фелікса захапляе парадокс: шмат старажытных рэчаў з Ракава і ваколіцаў прыносяць людзі бедных сацыяльных пластоў, якія, жывучы ў старасвецкіх інтэр’ерах мінулага стагоддзя, далучаюць «старое і непатрэбнае» да яго экспазіцыі. Атрымліваецца, што яны становяцца захавальнікамі спадчыны. Ноў-хаў гаспадара музея ў тым, што ён не падпісвае экспанаты, бо лічыць, што яны павінны жыць самастойна і ў той жа час разам, як непадзельнае цэлае.

Фелікс Янушкевіч сустракае кожную экскурсію сам і ад нядаўняга часу распачынае яе з надворку. Складана перадаць усё пачутае і ўбачанае ў арт-галерэі «Янушкевічы», здаецца, што заснавальнік музея можа распавядаць пра гісторыю любога са сваіх экспанатаў не адну гадзіну. Гаспадар змясціў на галоўным фасадзе бацькоўскага дома тое, чым ён найбольш ганарыцца: бронзавы барэльеф з фамільным гербам роду Янушкевічаў «Любіч» і музамі (адліты з бронзы Валяр’янам Янушкевічам). Да герба «Любіч» належалі каля двухсот шляхецкіх родаў і, напэўна, гэта адзін з самых вядомых гербаў беларускай шляхты. Прыняты ў 1432 годзе на Гарадзенскай уніі, ён мае рысы рыцарскай сімволікі і сведчыць пра вялікія ваенныя паслугі Айчыне ў старажытныя часы. Падкова — славянскі сімвал рыцара, які меў прывілей ваяваць на кані, быць вершнікам. У старажытнасці высакародны рыцар лічыў за ганьбу ваяваць без каня. Ён уяўляў сябе вярхом у баявых даспехах, як, напрыклад, на гербе «Пагоня», або змяшчаў на сваім гербе падкову. Крыж над падковаю з’яўляецца сімвалам высакароднага рыцарства, а другі крыж у сярэдзіне падковы сведчыць пра рэлігійнасць рыцара. Крыж — гэта перамога, атрыманая мячом крыжа над месяцам, значыць над паганствам, татарамі, а таксама ўзнагарода, якая чакае кожнага, хто выконвае на зямлі Божую волю. Паводле геральдыкі, крыж нагадвае пра тое, што Езус сваёю смерцю на крыжы зрабіў яго сімвалам духоўнай перамогі. Гэты герб даваўся рыцару, пабожнасць якога параўноўвалася з мужнасцю. Улічваючы гады існававання герба на нашых землях, можна зразумець, чаму кожны рыцар пры патрэбе мусіў умець выкаваць сабе і меч, і падкову. Дэвіз роду Янушкевічаў гучыць ваяўніча: «Напісанае мячом застаецца».

З левага боку ад фамільнага герба знаходзіцца бронзавы барэльеф вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, першага і апошняга караля літоўскага Міндоўга, аднаго з заснавальнікаў нашай дзяржаўнасці (праца Валяр’яна Янушкевіча). Каляровая размалёўка Фелікса Янушкевіча заняла наступнае месца і прысвечаная яна вялікаму князю літоўскаму Ягайлу, каралю польскаму з 1386 года, і яго жонцы Сафіі Гальшанскай-Друцкай, якая паходзіла з роду Рурыкавічаў і ў 1424 г. стала польскаю каралеваю і заснавальніцаю дынастыі Ягайлаў.

Справа ад фамільнага герба пад шклом змешчана разьбяная фігура святога ХVІ стагоддзя, зробленая з суцэльнага смаляка (знойдзеная ў падзямеллі на васьміметровай глыбіні побач з камунікацыямі Ракава). Фігура захавалася ў добрым стане, але, на жаль, які гэта святы, невядома. Унізе пад фігураю напісаныя словы:

Бласлаўлёныя
ТЫ+Я

Па канцэпцыі гаспадара, спалучэнне займеннікаў «ты» і «я» ў адно слова тлумачыцца тым, што благаслаўлёнымі былі не невядомыя людзі, а тыя, хто раней насяляў нашыя землі, і ўвесь мясцовы люд, бо толькі ў нашай мове захаваўся гэты прыгожы займеннік — «тыя».

Унізе пад святым Фелікс намаляваў аль-фрэску, прысвечаную бацькам, якія далі жыццё сваім таленавітым дзецям. На бакавым фасадзе дома падаюцца векапомныя даты з жыцця сям’і, напрыклад, 1965 год, калі адзінаццацігадовае хлапчаня паехала вучыцца мастацтву ў Мінск; намаляваная аль-фрэска «Браты», вобраз якіх захаваўся менавіта такім у памяці Фелікса перад яго ад’ездам у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве.

Старажытнае фартэпіяна «Leipzig».
Экспанат арт-галерэі «Янушкевічы» ў в. Ракаў.

На падворку — сапраўдны музей пад адкрытым небам, дзе кідаецца ў вочы адліты з бронзы Валяр’янам Янушкевічам помнік Вітаўту — аднаму з найбольш вядомых дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, названага яшчэ пры жыцці Вялікім, і другі адлівак — бронзавага сабакі, які падчас палявання выратаваў жыццё аднаму з Радзівілаў, а сам загінуў. Дарэчы, ў Нясвіжскім парку на магіле таго легендарнага сабакі пастаўлены такі ж помнік. Сабака «пасаджаны» на вянок з дубовых лісцяў, якім у старажытнасці ўзнагароджвалі за асаблівыя подзвігі, а на шыі ў яго вісіць медальён з Радзівілаўскім гербам. У баку ад Вітаўта і сабакі, перад уваходам у лазню, змешчана амаль уся этнаграфія побыту ракаўчанаў.

Сцены музея маюць даволі некласічны выгляд, бо па канцэпцыі мастака архітэктура павінна мець прыкметы дэкору — і гэта пацвярджаюць выкладзеныя з белага, чырвонага і зноў белага колеру сцены, якія нагадваюць вялікі сцяг нашай старажытнай краіны. Увагу прыцягваюць аль-фрэскі (адна з тэхнік насценных роспісаў), зробленыя па старажытнай тэхналогіі: малюнак наносіцца па сырой тынкоўцы, і пры высыханні вапны ў тынкоўцы ўтвараецца тонкая празрыстая кальцыевая корка, якая дапамагае аль-фрэсцы захавацца. Дзякуючы такой тэхніцы «плывуць» стронгі, якія ўсё яшчэ водзяцца ў рэчцы Іслач і лічацца сімвалам трываласці, і аль-фрэска пад назваю «Цуд у капліцы». Фелікс Янушкевіч увекавечыў цуд з дзяцінства, у рэальнасць якога верыць да сённяшняга дня, хаця мастакі — людзі з вельмі багатым уяўленнем — як сказаў калісьці паэт: «І без выдуманай казкі, // я і дня не пражыву». Дык вось гэты цуд захаваўся ў памяці чатырохгадовага Хвэлькі, а здарыўся ён увосень 1958 года. У той час ракаўскі касцёл быў зачынены, а на богаслужэнні вернікі збіраліся ў капліцу на могілках. Падчас набажэнства хлопчык звычайна разам з маці і харысткамі стаяў на сваім улюбёным месцы на хорах, а пасля службы ён разам з іншымі людзьмі ішоў да брамы. Аднойчы нейкая невядомая сіла прымусіла Хвэльку азірнуцца. У акне ён убачыў тры ўсмешлівыя тварыкі, якія мяняліся месцамі, а вакол іх трапяталі крылцы. Ён не верыў сваім вачам, бо толькі што быў на хорах і нічога падобнага не бачыў. Хвэлька тузануў маці за рукаў і здзіўлена сказаў: «Мама, у акне капліцы анёлкі!». Маці з бацькам пераглянуліся, і маці ўсё ж глянула ўгору, але там ужо нікога не было... Гэтае цудоўнае здарэнне вырашыла для мастака пытанне пра Бога, існаванне якога ў атэістычнай дзяржаве СССР адмаўлялася.

На сценах музея таксама створаныя аль-фрэскі Пясецкага — беларускага пісьменніка, шпіёна і кантрабандыста; дачкі Вікторыі; князя Міхала Клеафаса Агінскага — музыкі і кампазітара, «Цуд на Узвіжанне» (у каталіцкай традыцыі — Узвышэнне Святога Крыжа) — пра аздараўленне сляпога Каспарэвіча на месцы аб’яўлення Маці Божай. Мясцовае паданне сведчыць, што здарыўся гэты цуд 14(27) верасня, калі змеі кучкуюцца, а потым распаўзаюцца па норах. Сляпы ад нараджэння дзед Каспарэвіч неяк ішоў пушчаю і заблукаў. Раптам яму аб’явілася Маці Божая і сказала памыць вочы вадою, якая б’е ў Яе з-пад ног, каб бачыць. Стары так і зрабіў. Вярнуўшыся ў Ракаў відушчым, Каспарэвіч распавёў людзям, што ён не толькі стаў бачыць, але і вітаў яшчэ Маці Божую. Ракаўчане пабеглі ў пушчу і сапраўды ўбачылі на тым месцы крынічку, якая і да сённяшняга дня лічыцца святою, бо дапамагае тым, хто мае праблемы са зрокам.

Фісгармонія М. Грушвіцкага.

У першай зале экспазіцыі ўражвае трохметровая гіпсавая мадэль, па якой адліваўся бронзавы помнік Адаму Міцкевічу для Наваградка, даўняй сталіцы ВКЛ, месцы хросту і жыцця вядомага паэта. На гэтым паверсе таксама можна ўбачыць карціны Фелікса Янушкевіча, экспанаты побыту аднавяскоўцаў і ракаўскую кераміку з ініцыяламі майстроў і датамі стварэння рэчаў. Тут жа стаіць няспраўная фісгармонія мясцовага кампазітара Міхала Грушвіцкага. Фісгармонію знайшлі 10 гадоў назад у свінушніку ў Выганічах — вёсцы, якая належала роду Грушвіцкіх (яна адгароджвала свінняў ад хлява, і яны пачалі яе грызці). Пра тое, што гэта быў высокаякасны інструмент ХІХ ст., з 11-цю рэгістрамі, корпусам з дрэва каштоўных пародаў і клавішамі са слановай косці, сведчыць захаваны ў добрым стане лэйбл фірмы-вытворцы «„KARN&Co“ Woodstock Canada». Магілу самога музыкі браты Янушкевічы адшукалі на ракаўскіх могілках у 1980-я гады. Пад крыжам на каменным пастаменце захаваўся фрагмент яго нотаў і надпіс: «Tu nasz lirnik wioskowy skonał, grając na lirzе», па якім можна меркаваць, што Міхал Грушвіцкі напісаў не адзін музычны твор. Валяр’ян Янушкевіч, узрадаваны чарговаю зноходкаю яшчэ аднаго дзеяча культуры з Ракава, зрабіў бюст Міхала Грушвіцкага, які стаіць на любімым клавішным інструменце кампазітара.

На другім паверсе экспазіцыі дэманструецца падарожны сакрэтнік Адама Міцкевіча. Сям’я Янушкевічаў ганарыцца тым, што яны былі звязаныя са славутым паэтам. Паводле сямейнага падання, аднаму з іх продкаў, прапрадзеду Яўстафію Янушкевічу, які служыў у Адама Міцкевіча сакратаром, паэт перадаў свой падарожны сакрэтнік. Падарунак славутага паэта спачатку апынуўся ў Дзягільне, маёнтку блізкіх родзічаў ракаўскіх Янушкевічаў, потым, дзякуючы Ануфрыю Янушкевічу, трапіў у Заслаўе, а адтуль — у Ракаў.

На гэтым жа паверсе дэманструецца прыгожы шкляны посуд, які ляжаў у бочках пад зямлёю. Калісьці закапаны скарб належаў габрэйскай сям’і Ёсіфа Краснасельскага, дом якога стаяў на гэтым месцы. Вестка пра аб’яўленне 1 верасня 1939 года вайны Германіяй Польшчы, у склад якой тады ўваходзіў Ракаў, вымусіла мясцовых габрэяў па загадзе кагала схаваць усю каштоўную маёмасць. Ракаўскія габрэі склалі ўсё ў медныя бочкі, залілі волавам і закапалі. Калі рыхтавалася месца пад музей, з зямлі выкапалі 3 бочкі, дзе было ўсё: ад памады ў свінцовым цюбіку да жалезнага начнога гаршка, нават захаваліся ізалятары для электрычнасці фірмы «J. Stolle „Nieman“». Габрэі пакінулі немцам толькі драўляны і гліняны посуд. Уся «цывілізацыя», якой яны карысталіся, дайшла да нашага часу. Габрэйскі Талмуд і шмат кнігаў браты Янушкевічы знайшлі на гарышчы свайго старога дома, дзе яны нарадзіліся

Кожны дзень арт-галерэі «Янушкевічы» не праходзіць бясследна. За дванаццаць гадоў працы назбіралася 7 вялікіх кнігаў запісаў наведвальнікаў. Сваім захапленнем ад пачутага і ўбачанага ў іх дзеляцца супрацоўнікі дыпламатычных корпусаў, замежныя і мясцовыя госці розных узростаў і нацыянальнасцяў, былыя ракаўчане, калегі мастакі. Такім поспехам найперш можа пахваліцца толькі Хвэлька. У яго ёсць яшчэ адна мара: адкапаць падземны тунэль у двары паміж двума будынкамі музея — і гэта будзе чарговы яго скарб.

На развітанне амаль заўсёды дзеці Фелікса Янушкевіча — Валяр’ян і Вікторыя — іграюць паланэзы Агінскага, апошняга ўладальніка горада Ракава і графства Ракаўскага. І гэта чароўная музыка яшчэ доўга гучыць у душы, таму міжволі вяртаешся ў гасцінны падворак арт-галерэі «Янушкевічы», удыхаеш паветра даўніны, атрымліваеш асалоду ад усяго ўбачанага і пачутага, усведамляеш адказную грамадзянскую пазіцыю сапраўднага мастака-творцы, яго ролю ў жыцці нашага народа і радуешся, што ў Беларусі ёсць яшчэ такія ўлюбёныя ў свой край людзі.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY