|
|
|
№
1(75)/2016
Падзея
Вялікія містыкі
Пераклады
Год Міласэрнасці
Паэзія
Літаратуразнаўства
Асобы
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Спадчына
Мемуары
Памяці святара
In memoriam
Па родным краі
Прэзентацыя
|
Кс. Марцін ВІДЗЕВІЧ
КАЗАННЕ НА ПАХАВАННІ
|
|
Як рымляне Пампея і Аляксандра паводле іх высакародных спраў вялікімі назвалі, так несмяротнай памяці годны яснавяльможны князь, бацька вашых княжацкіх мосцей, будучымі пакаленнямі вялікім Радзівілам слушна можа быць названы паводле сваіх вялікіх спраў. І як паводле нашай прыказкі, яблык ад яблыні недалёка падае, так і паводле знакамітага паэта: «Fortes creantur fortibus, & bonis: nec imbellem feroces Progenerant aquilae columbam»2.
Такую на вашы княжацкія мосці мае наша Айчына надзею, паколькі як і нараджэннем, так і ўсякай дабрачыннасцю ад такога годнага бацькі ніводнага кроку не адыдзеце, каб на вашых княжацкіх мосцях спаўнялася тое, пра што мудрэц напісаў: «Спыніў жыццё сваё бацька яго, і ён як быццам не памёр: бо пакінуў ён па сабе падобнага да сябе»3. Не трэба вашым княжацкім мосцям за ўзорамі княжацкіх дабрачыннасцяў далёка ад дому ад’язжаць. Усе боскія і людскія дабрачыннасці ў яснавяльможным князю, бацьку вашым, як у вытанчанай люстры, вашыя княжацкія мосці могуць дасканала ўбачыць і наследаваць. З гэтых дабрачыннасцяў некаторыя ў гэтым пахавальным казанні толькі коратка ўзгадаю. Спадзяюся, іншыя пра цудоўнае жыццё і яго вялікія дабрачыннасці напішуць цэлыя кнігі, я толькі тое, што пры пахаванні на працягу гадзіны дазволена сказаць, і чаго вашыя княжацкія мосці маглі б з увагай выслухаць, тут перад яснавяльможнымі асобамі вашых княжацкіх мосцей падношу і з пакорным паклонам ахвярую. Мае святарскія малітвы за літасцівай ласкі вашых княжацкіх мосцей старанна і пакорліва ўзношу.
12 мая 1616 года ад нараджэння Хрыста.
Вашых княжацкіх мосцей ніжэйшы слуга і багамольца к[сёндз] Марцін Відзевіч Societatis Iesu. <...>
Смерць вялікіх валадароў і высакародных князёў, асабліва добрых, жалосная, небяспечная для дзяржаваў, і для любога саслоўя вельмі жахлівая. Жалосная, бо ім служыць тое, што мудры кароль Давід казаў, аплакваючы смерць караля Саўла: «Дочкі ізраэльскія, плачце дзеля Саўла, які апранаў вас у раскошныя парпуровыя шаты, які даваў залатыя аздабленні для ўпрыгожвання вашага»4. <...>
Гэтая смерць небяспечная, бо на валадарах і князях, як на моцных слупах, трымаецца ўся дзяржава, і калі адзін слуп упадзе, то яна таксама часта марнее і слабее. Адзін добры валадар, які любіць слаўную Айчыну, лепшы за шматтысячнае зладжанае войска. «Ты адзін лічышся за дзесяць тысяч»5, — сказана некалі Давідам. <...>
І, нарэшце, страшная смерць валадароў і князёў, бо калі не можа пазбегнуць смерці валадар, як моцны леў, і князь, як нябесны арол, уцячы ад яе не можа, то як жа перад ёю абароніцца чалавек убогі, ніжэйшага стану, падобны да слабога шчанятка ці малога верабейчыка? Ніяк! <...>
Быў у старажытныя часы такі звычай (як пішуць Дыён, Герадыян і Розій), што падчас пахаванняў цэзара або князя іх сыны над катафалкам пускалі арла, і калі той дасягаў вышыні, то гэта азначала, што душа цэзара або князя ўжо на нябёсах і знаходзіцца паміж багоў. Што яны чынілі па-язычніцку, то мы сёння зробім па-хрысціянску. Выпусцім над гэтым высакародным і княжацкім целам у труне арла таго ў неба, апісанага боганатхнёным прарокам, і прыгледзімся да яго ў першай частцы [казання], якім вялікім з’яўляецца гэты арол, і з такімі шырокімі крыламі і іх размахам. А ў другой частцы [казання] звернем увагу на пер’е і іх пярэстасць, а таксама, што гэта за аздоба, якую высакародны арол бярэ на Лібане з кедра, і чаму выпадае нам разважаць найперш пра яго высакароднае княжацкае становішча, пра багацце, тытулы і высакароднасць сям’і яснавяльможнага памерлага князя, а потым пра княжацкія дабрачыннасці і яго высакародныя справы, а таксама пра несмяротную славу і хвалу ягоную. Прашу Пана і Збаўцу майго Езуса Хрыста аб дапамозе, а таксама вашай ласкі ўважлівага і нязмушанага слухання. <...>
Частка першая.
<...> Але ж звернем ужо ўвагу на два шырокія крылы гэтага арла. Што ж гэта за крылы? Святы Геранім разумее пад імі potentiam humanam, гэта значыць свецкую ўладу, якая заўжды складаецца з двух крылаў: адно з іх называюць opes — багацці, а другое — honores — тытулы або пасады, без іх ніводны валадар або князь, як бяскрылы арол, не можа ані дасягнуць вышыняў, ані лётаць высока, а вымушаны сядзець між людзьмі нізка на зямлі. <...>
Вось на такія [крылы] высакароднага арла, нашага яснавяльможнага памерлага князя, глядзім мы сёння. Гэты вялікі арол мае на дзіва шырокія крылы. Хто хоча ўбачыць ягоныя багацці, што азначае першае крыло, хай не глядзіць у скарбніцы і скрыні, бо не яны з’яўляюцца сапраўдным багаццем <...>, няхай жа скіруе свой позірк на магутныя, вялікія і абарончыя замкі, на гарматы і стрэльбы, на порах і ўсю ваенную артылерыю, на гарады і аркі, і мураваныя ратушы, на велічныя касцёлы і іх багатае аздабленне, на плябаніі, шпіталі і іншыя да тых падобныя рэчы: на прыгожы езуіцкі калегіум, на вытанчана аздобленыя кляштары айцоў бэрнардынаў, а таксама і пабожных сясцёр ордэну св. Бэнэдыкта, якія былі з каралеўскай раскошай заснаваныя, утрымліваліся і пабудаваныя князем у гэтым горадзе. У гэтым памкненні яго можна параўнаць з Канстанцінам Вялікім, першым будаўніком Божых храмаў. Не ўзгадваю тут і яго іншых княжацкіх дасягненняў, нечуваных дагэтуль. Хто ж не бачыць, якія выдаткі і ахвяраванні мусілі быць патрачаныя на агульныя дарогі, як сады, абсаджаныя разнастайнымі дрэвамі? <...> Мала было гэтаму арлінаму крылу Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай, яго размах дасягае ажно Святой Зямлі. <...> О залатыя і вартыя несмяротнай хвалы арліныя крылы!
Вось што можам сказаць пра другое крыло гэтага арла: яно вельмі шырокае, бо аздоблена найвышэйшымі годнасцямі Вялікага Княства Літоўскага. Хто можа быць адораны тытулам прыдворнага і найвышэйшага маршалка Вялікага Княства Літоўскага? Яго меў і яснавяльможны князь Мікалай Радзівіл. Хто з высакародных фамілій мае сенатарскую славу годнасці тытула ваяводы троцкага? Меў яе і яснавяльможны князь Мікалай Радзівіл. Падумайце, хто ж мог быць віленскім ваяводам ці першым сярод свецкіх сенатараў у Вялікім Княстве Літоўскім? Быў ім яснавяльможны князь Мікалай Радзівіл. Аднак не ён шукаў сенатарскіх пасадаў і тытулаў, але яны самі яго шукалі і чакалі яго паклікання. Сведчаннем таго з’яўляецца яго дзівосны ўчынак на вальным сойме, калі, будучы троцкім ваяводам, але не хочучы больш засядаць у Радзе, быццам бы ўжо ён хворы і яму цяжка кіраваць, з пачцівай ветлівасцю адмаўляўся ад сенатарскага стальца, чаго яснавяльможны кароль і ўвесь шаноўны сенат не мог нават дапусціць і ніякім чынам не хацеў надалей пра гэта разважаць. Сам каронны прымас, устаўшы з-за свайго месца, пасадзіў яго на гэты ж сталец, ад якога той адмаўляўся. Ці хто не ведае пра тое, як адмаўляўся ён таксама і ад пасады віленскага ваяводы! І пэўна б ніколі яе не прыняў, калі б не была на тое воля і загад яснавяльможнага караля. Так слава гоніцца за тым, хто ад яе ўцякае, як цень уцякае ад цела, якое яго даганяе. Пры чатырох каралях ён быў сенатарам. Маючы васямнаццаць гадоў, пры каралю Жыгімонту Аўгусту стаў надворным маршалкам і меў гэты тытул і пры каралю Генрыху, якога ён падтрымліваў і да якога вельмі паважліва, з гонарам быў выпраўлены. Найвышэйшым маршалкам зрабіў яго кароль Стэфан. А падчас шчаслівага праўлення вялікага караля і пана нашага Жыгімонта Трэцяга стаў кашталянам і ваяводам троцкім, а потым і віленскім [ваяводам]. З якой вялікай адказнасцю і павагаю падыходзіў ён да гэтых пасадаў! Але з-за недахопу часу не буду пра гэта расказваць, бо гэта ўсім вам вядома.
Паводле прарока, мае наш арол і трэцюю адметнасць – гэта шырокі размах яго крылаў. <...>
Тут нам выпадае ўспомніць пра яснавяльможны дом і дабрароднасць князёў Радзівілаў, бо праз тое, што яна, як сонца, ясная і на свет гэты пасылае шмат промняў, злучана яна не толькі з высакароднымі князямі, але і з вялікімі каралямі, таму нам бы часу і слоў не хапіла на пералік усіх продкаў князя. Пра гэта сведчаць хронікі, а таксама шматлікія друкаваныя творы. Я тут толькі вельмі коратка працытую тое, што з’яўляецца агульным фундаментам і служыць умацаваннем святой каталіцкай веры. Але гэтыя справы хоць і прыгожыя, аднак не ўсім дастаткова вядомыя. Калі вялікі князь літоўскі Уладзіслаў Ягайла быў каранаваны польскім каралём і быў далучаны да каталіцкай веры, то сярод іншых уладароў прыняў с[вяты] хрост і стары Радзівіл, прапрадзед нашага яснавяльможнага князя. Падчас хросту ён выказаў жаданне, каб яго назвалі Мікалаем, часткова таму, што Вялікае Княства Літоўскае прызнала сваім апекуном святога Мікалая, і часткова таму, што князь ведаў пра ахвярнасць і шчодрасць гэтага святога біскупа да жабракоў. І, жадаючы ўшанаваць святога, Радзівіл пакінуў запавет сваім нашчадкам, каб паводле яго прыкладу ўсе першародныя сыны пры хросце бралі гэтае імя. Быў князь віленскім ваяводам. Памёр, маючы каля ста гадоў. Пакінуў пасля сябе першароднага сына, які быў вядомы як Мікалай Першы. На сваёй зямлі ў Вільні, дзе ён жыў, пабудаваў кляштар святога Юрыя, касцёл пры ім і падтрымліваў іх. Зрабіў гэта з тою мэтаю, каб Пан Бог паблагаславіў і яго самога, і яго нашчадкаў. У чым і не памыліўся, бо і сам ён быў віленскім ваяводам, а таксама быў сведкам таго, як усе чатыры сыны падчас праўлення караля Жыгімонта Першага разам з ім у сенаце засядалі, што вельмі рэдка бывала. Жыў ён дзевяноста дзевяць гадоў, і старасць яго была такой прыгожаю і велічнаю, што на яго не мог наглядзецца кароль Аляксандр, брат Казіміра. І калі ў яго хто-небудзь распытваў, як ён да такой прыгожай і жывой старасці дажыў, то зазвычай адказваў, што заўсёды піў ваду. Перад смерцю паспавядаўшыся свайму сыну Альбрыхту, Віленскаму біскупу, і з яго рук прыняўшы Найсвяцейшы Сакрамэнт і апошняе намашчэнне, адышоў да Бога. Пахаваны ў Вільні ў касцёле айцоў бэрнардынаў, бо таксама і гэты касцёл пабудаваў разам з некаторымі вялікакняжацкімі ўладарамі.
Яго першародны сын, менаваны Мікалаем Другім, заступіў на пасаду віленскага ваяводы пасля свайго бацькі. Быў ён вялікім абаронцам каталіцкай веры і вызначаўся на дзіва палымянай пабожнасцю: калі здаралася яму ў які-небудзь дзень не ўдзельнічаць у святой Імшы, то ў якасці пакарання ў той дзень падтрымліваў сябе толькі хлебам і вадою. За вялікія дабрачыннасці быў уганараваны імператарам Максімільянам тытулам князя [Свяшчэннай] Рымскай Імперыі. Спачывае ў катэдральным касцёле святога Станіслава ў Вільні.
Другі ж сын, Альбрыхт, дзясяты Віленскі біскуп, які быў менаваны Міласэрным, быў чалавекам такой вялікай ахвярнасці, што кожны дзень у сваім доме карміў шмат жабракоў, прыслужваючы ім, сам разносіў для іх стравы і карміў іх. А калі здаралася так, што ў яго ў гасцях былі сенатары і паны, то прасіў іх, каб не абражаліся, што ён спачатку даваў пачастунак Хрыстовым гасцям (так называў ён жабракоў), а потым ужо бавіў час з імі.
Трэці сын Юрый пры жыцці свайго бацькі быў кіеўскім ваяводам і надворным маршалкам, а пасля бацькавай смерці – віленскім кашталянам і найвышэйшым гетманам. Нямала на хвалу Божую пабудаваў касцёлаў на бацькоўскіх землях. Пачынаючы з Вербнай нядзелі і аж да Вялікадня, заўсёды знаходзіўся ў касцёле ў роздуме і малітвах. А калі ў гэты час быў у Вільні, то, каб яму ніхто не перашкаджаў, маліўся ў кляштары. Яго дачку Барбару кароль Жыгімонт Аўгуст узяў за жонку і каранаваў яе ў Кракаве ў 1550 годзе.
Ян, чацвёрты сын Мікалая Першага, троцкі кашталян і найвышэйшы маршалак Вялікага Княства Літоўскага, дзед яснавяльможнага князя, славіўся ў маладым веку рыцарскім сэрцам і паходамі супраць татараў і Масквы. Таксама быў ён палымяным абаронцам святой каталіцкай веры, з Божым натхненнем наведаў базылікі святых Пятра і Паўла пры Папе Юлію Другім, якім быў з удзячнасцю прыняты і надзелены вялікімі адпустамі. Маліўся святарскімі штодзённымі малітвамі, падчас Вялікага посту амаль нічога не еў, сілкаваўся толькі хлебам, пасыпаючы яго попелам. Спачывае ў айцоў бэрнардынаў у Вільні, дзе і знаходзіцца яго надмагілле.
[Ян Радзівіл] з Ганнай Кішкаю пакінуў першароднага сына Мікалая, бацьку нашага яснавяльможнага князя. Быў ён адначасова віленскім ваяводам, а таксама найвышэйшым маршалкам і канцлерам Вялікага Княства Літоўскага, быў у вялікай ласцы ў караля Жыгімонта Аўгуста, які прызначыў яго паслом да імператара Карла V і да Фердынанда, імператара Свяшчэннай Рымскай Імперыі. Падчас гэтага пасольства ад каралеўскага імя справіў заручыны з дачкою караля Фердынанда Кацярынай і суправаджаў яе з велічнай і ўзнёслай раскошаю ў Кракаў. Таксама прысутнічаў ён пры хросце эрцгерцага Эрнэста, сына на той час чэшскага караля Максімільяна. Тройчы быў пасланы ў Інфлянты. Утрымліваючы за ўласны кошт войска, на пэўных умовах вярнуў да паслушэнства і падпарадкавання каралю Аўгусту Рыгу, замкі, гарады і большую частку той зямлі. Прыбыўшы разам з ім у Вільню, рыжскі арцыбіскуп Альбрыхт, маркграф Брандэбургскі і магістр крыжакаў Гатард прысягнулі каралю і сенатарам. Ён першы, хто перадаў каралю залаты крыж, які насіў на шыі магістр крыжакоў, а таксама пячатку, на якой быў выбіты абраз Найсвяцейшай Панны, якая на асле ўцякае ў Егіпет. Памёр, о, каб быў жа ён у праўдзівай веры сваіх продкаў, бо ў ім перарвалася лінія каталіцкай веры, якая з самага пачатку заўсёды непарыўна захоўвалася ў гэтай высакароднай сям’і, але адрадзілася, ізноў жа, праз чатырох сыноў, якіх па сабе пакінуў, пра што скажу потым. Памёр, нагадваю, у Лукішках, што ў Вільні, 20 красавіка 1567 года. І гэта вельмі сцісла пра славутых продкаў нашага яснавяльможнага князя.
Хто ж не ўспомніць годных вечнай памяці яго трох родных братоў і вялікіх сенатараў? Юрый, святы кардынал рымскага Касцёла, быў спачатку Віленскім, а потым Кракаўскім біскупам. Ягонай добразычлівасці, мудрасці, устрыманасці, жыццёвай праведнасці не маглі надзівіцца і самі праціўнікі Божага Касцёла. Два іншыя [браты], Альбрыхт і Станіслаў, настолькі цудоўна і слаўна спраўляліся з абавязкамі на пасадах найвышэйшага маршалка В[ялікага] К[няства] Л[ітоўскага] і жмудскага старосты, якім быў апошні выбраны, што і па сённяшні дзень Карона Польская і В[ялікае] К[няства] Л[ітоўскае] не перастаюць іх успамінаць. <...>
Ці ж не з’яўляюцца яснавяльможныя князі, ягоныя сыны, на якіх мы тут з вялікай жальбаю пазіраем, уласнаю крывёю і целам гэтага высакароднага арла? Усе чацвёра з Божай ласкі, як бачым, былі палымянымі абаронцамі каталіцкай веры, а таксама сведчаць аб сваім праве быць спадчыннікамі бацькоўскіх дабрачыннасцяў, пра нешта ж большае не дазваляе казаць ні іх, ні мая сціпласць. <...>
Частка другая.
<...> Як пер’е ў арла, так і дабрачыннасці ў чалавека. «Пер’е, — кажа св. Аўгустын, — гэта дабрачыннасці душы, добрыя ўчынкі, годныя справы. Як арол непрывабны без пер’я, так і чалавек непрыгожы без дабрачыннасцяў. Бо прырода, даючы пер’е як іншым птушкам, так і арлу, прадвызначыла дзве сутнасці, tegumentum & ornamentum, покрыва і аздобу, тую ж уласцівасць мае і дабрачыннасць. <...>
Што ж тут можна сказаць пра дабрачыннасць таго разнастайнага пер’я? Яснавяльможнаму князю Мікалаю Радзівілу ўласцівыя ўсе дабрачыннасці, ды ў такой меры, што хутчэй бы хто-небудзь змог падлічыць пёры арла, чым яго добрыя ўчынкі. <...>
Першая [дабрачыннасць] — адданасць Богу, якая мае два складнікі — веру і пабожнасць. Вера з’яўляецца фундаментам усіх дабрачыннасцяў. <...>
Патрэбна яна асабліва ўладарам і князям, як для іх саміх, каб не загінулі, «бо хто не паверыць, будзе асуджаны»6, так і для падданых, якія ўсе разам ідуць за ўладаром, каб ніхто іх не звёў на большую згубу. У гэтым наш яснавяльможны князь спазнаў на сабе дзівосную ласку і Провід Божы: бо, народжаны бацькамі, што былі ў ерасі, і выхаваны на працягу многіх гадоў як у сваім доме, так і на чужыне, у акадэміях сярод такіх жа слухачоў і слугаў, маючы дзевятнаццаць гадоў, не толькі сам да святой каталіцкай веры прыйшоў, але і таксама братоў сваіх родных за сабою, як магніт жалеза, да гэтай святой веры прыцягнуў. Дапамог яму ў гэтым ліст слаўнай памяці яго бацькі, напісаны перад смерцю, у якім скардзіўся на сваіх міністраў, бо настолькі далёка яго давялі ў веры, што ўжо не ведаў, у што верыў. Дапамог таксама і той дзівосны цуд, калі ў пятніцу перад Вербнай нядзеляю, едучы з Варшавы ў Вільню, загадаў спекчы каплуноў, якія, ужо прыгатаваныя, ляжалі на стале, але раптам пачалі рухацца і, пабегаўшы па стале, упалі на падлогу. Быў непарушным і палымяным у святой каталіцкай веры, і ў размовах з ерэтыкамі настолькі моцна і аргументавана яе абараняў, што не маглі перад ім ні роту адкрыць, ні слова сказаць. Аднаго слугу, калі той пачаў блюзнерыць на Найсвяцейшы Сакрамэнт, жорстка перапыніў і тут жа выгнаў са свайго двара, кажучы: «Не хачу такога слугі, які блюзнерыць на майго Пана».
Дзе ж знайсці тыя словы, каб апісаць яго дзівосную пабожнасць, незвычайную для нашага часу? У росквіце сваіх гадоў, з нашых далёкіх краёў, з вялікай небяспекаю для здароўя, з малою світаю, пакінуўшы бацькоўскі дом, сяброў, усе свае скарбы, па зямлі і па моры, праз дзікія і небяспечныя народы князь з пачуццём годнасці выпраўляецца ў дарогу: ідзе ў Ерузалем, дзе наведвае святыя мясціны і Гроб Пана. <...> Якое ж было суцяшэнне для яго душы, калі наведваў гэтыя святыя месцы! Сведчаць пра гэта яго кнігі, у якіх апісвае сваю перэгрынацыю, да іх вас, шаноўныя, і адсылаю. Ёсць там што для чытання і навучання. Паглядзім жа тым часам на іншае сведчанне яго пабожнасці. Ідучы ў Ерусалім, дзе былі менавіта святыя месцы, усё наведваў пешшу, а будучы ў Італіі, на голых каленях маліўся ў найбольш знакамітых касцёлах. На пачатку кожнага месяца і ў святыя ўрачыстасці як Збаўцы нашага, так і Прачыстай Панны, найперш з вялікаю скрухаю паспавядаўшыся, прыступаў да Найсвяцейшага Сакрамэнту. І здзяйсняў гэта з такою пакораю і пашанаю, што часам на працягу ўсёй ночы не зводзіў вачэй, разважаючы пра наступнае прыняцце Камуніі. Часта ноччу слугі бачылі яго на каленях каля ложка перад абразом нашага Збаўцы. І калі яго папярэдзілі, каб доўгім стаяннем на каленях і недасыпам не пашкодзіў свайму здароўю, то адказаў: «Лепш маліцца да Бога, чым марна гнісці ў ложку». О, якое ж дасціпнае і годнае гэтага князя выслоўе! <...>
Праз любоў да Бога нараджаецца любоў да Айчыны. Бо добра сказаў Геракліт, што Айчына з’яўляецца пэўным чынам другім Богам, а таксама і першым і вялікім айцом. <...>
Верным знакам шчырай любові да Айчыны з’яўляецца тое, што [чалавек] не шкадуе не толькі сваёй маёмасці, але і ўласнага здароўя, каб зберагчы мілую Айчыну. У чым і быў на дзіва адданым яснавяльможны князь, бо не толькі выдаткоўваў сродкі на вайскоўцаў у паходах, але і сам вылучаўся праз удзел у некалькіх значных выправах і бітвах супраць ворагаў Айчыны. Асабліва праславіўся пры Жыгімонту Аўгусту ў бітве пад Ульскім замкам. Потым пры каралю Стэфану, калі той быў з войскам каля Гданьска, а Масква нішчыла Інфлянты ў 1577 годзе. У 1579 годзе, калі кароль Стэфан, прыбыўшы ў Вялікае Княства Літоўскае пад Полацк, выправіўся супраць агульнага для Айчыны непрыяцеля, ён [М. К. Радзівіл] са сваім атрадам рушыў за каралём. І там, мужна змагаючыся з ворагам, быў паранены ў галаву з пулгака. Дзякуючы Божай ласцы цудоўным чынам вылечыўся ад небяспечнага ранення. Таксама ў 1581 годзе, хоць слабы і хворы, побач з каралём знаходзіўся цэлае лета ў абозе пад Псковам. Ні для каго не з’яўляецца сакрэтам, што падчас Рокашу, хочучы мужна памерці як за Айчыну, так і за караля, Божага памазанніка, старац паўстаў перад ім у даспехах з дабытаю зброяй. Якое ж прыгожае пер’е нашага арла!
Трэцяй княжацкай дабрачыннасцю была вялікая мудрасць. Кароль Альфонс жадаў, каб уладары былі дасведчанымі ў трох навуках: этыцы, палітыцы і гісторыі. А наш князь меў досвед не толькі ў гэтых навуках, але і ў іншых, якія розум і дасціпнасць паліруюць. Дасканала ведаў матэматыку і геаграфію, а ў лекарскай навуцы самі дактары не маглі наслухацца яго цудоўных размоў. <...> Ахвотна цікавіўся новымі, у тым ліку навуковымі, кнігамі, якія выходзілі ў свет, і загадваў іх набываць, а таксама чытаў іх з вялікай радасцю. Ведаў самыя розныя мовы і, падобна Мітрыду, мог вельмі добра, без перакладчыка, размаўляць з людзьмі розных народаў. У сенаце даваў мудрыя парады, і здалёк, быццам арліным вокам, выглядаў, што павінна здарыцца або адбывацца, і не пераставаў перасцерагаць. Мудрым словам і сваім аўтарытэтам нязгоды і непаразуменні паміж вялікімі сем’ямі стрымліваў і ўлагоджваў. <...>
Што ж тут можна расказаць пра яго шчодрасць, чацвёртую княжацкую дабрачыннасць, і што можна распавесці пра ягоную ахвярнасць? Аднойчы ў Піфагора спыталі: «Якім чынам хто-небудзь можа быць падобным да Бога?». Ён адказаў: «У тым выпадку, калі б праўдзіва любіў праўду і ўсім чыніў дабро». Такім быў яснавяльможны князь. <...>
Не было ані просячага міластыню жабрака, ані шляхціца з патрэбаю, ані абнішчалага мешчаніна або падданага, не было ніводнага чужаземца або вандроўніка, які б трапіўся яму на вочы і не атрымаў бы з яго ахвярнай рукі шчодрых падарункаў. У кожную нядзелю, апрача грошай, загадваў раздаваць хлеб усім жабракам, што былі каля касцёла. <...> На выкуп хрысціянаў з турэцкай няволі ў манахаў, а на пасаг бедным нявестам у мяшчанаў тут, у Нясвіжы, немалыя вызначаныя сродкі аддаваў, не абмяжоўваючыся часам. Пра яго шчодрую міласціну (не буду нават астатняга ўспамінаць) сапраўды сведчыць касцёл святога Казіміра ў Вільні і наша люблінская акадэмія і калегіум. <...>
Бо пытаю ў вас, шаноўныя, каму ж, нарэшце, сёння ў гэтым Божым доме мы разам аддаём апошнюю даніну памяці? Яснавяльможнаму князю Радзівілу або нейкаму ўбогаму пілігрыму? Гледзячы на нябожчыка, бачу ўбогага пілігрыма: цела апранутае ў простую сутану і звычайны плашчык, а галава пакрытая пілігрымскім капелюшом. Вось сапраўдны пілігрым. Скіраваўшы свой позірк на Касцёл, бачу кожнага ў жалобным адзенні, як яны моцна аплакваюць смерць свайго фундатара і ахвярадаўцы. Вось сапраўдны князь. Жабракі, а іх каля дваццаці, нясуць з плачам яго цела да месца пахавання. Вось сапраўдны пілігрым. Шмат яснавяльможных князёў і шаноўных сенатараў, заліваючыся слязьмі, ідуць за яго целам. Вось сапраўдны князь. Не бачу ніводнага герба на труне, ані аксаміта, ані палотнаў, ані катафалка, ані пампезнасці. Вось сапраўдны пілігрым. Бачу княжацкіх арлоў, намаляваных над студэнцкімі вершамі, шмат свечкаў вакол касцёла і на ліхтарах, безліч паходняў у руках засмучанага народа. Вось сапраўдны князь. Зачытаю нагробныя словы, якія ён сам сабе пры жыцці загадаў выгравіраваць і нават не ўпамянуў сваіх княжацкіх тытулаў, а назваўся пілігрымам. Паслухаем яго:
«Ведаючы, што з’яўляюся кормам для чарвей, жывучы ў гэтай даліне слёз, сабе гэта ўстанавіў. Магіла захоўвае цела, неба – душу, нашчадкі – благаслаўлёную памяць». <...>
О, якая ж дзівосная пакора, якую далей не магу выказаць і выразіць! Выкарыстаю яго ўласныя словы, пакінутыя ў апошнім тастамэнце, дзе ў канцы так кажа:
«І тут прашу аб пахаванні майго грэшнага цела. Хачу, каб быў пахаваны ў нясвіжскім касцёле Божага Цела, які належыць ордэну езуітаў, у дольнай капліцы Святога Крыжа, дзе падрыхтаваў сабе і нашчадкам сваім пры жыцці [месца] на хвалу Божую. Там я ўжо пахаваў сваю жонку і двух сыноў, Мікалая і Крыштафа. І дзе б я ні памёр (верагодна, што з гэтых родных краёў на чужыну ўжо не ад’еду, але хоць бы і памёр, выехаўшы куды-небудзь), прашу, каб мяне перанеслі ў Нясвіж без аніякай пышнасці <...>. Каб маё цела не было прыбрана ніякімі ўбраннямі, апроч майго пілігрымскага адзення, у якім я быў каля Святога Гроба нашага Збаўцы Езуса Хрыста». <...>
Шчаслівы Арол! Жадаем табе як хвалы на Небе ў Бога, так і тут, на зямлі, сярод людзей, несмяротнай славы.
А хто ж не аплаквае ўсім сэрцам смерць тваю, яснавяльможны княжа? А каму ж не паслужыла сваёй чалавечнасцю і дабрачыннасцю твая дзівосная цнота? Аплаквай, найяснейшы міласцівы кароль, прыхільніка тваёй вялікай годнасці і вялікасці. Аплаквай, мілая Айчына, вышэйшага сенатара. Святы Каталіцкі Касцёл – палымянага абаронцу. Аплаквайце, яснавяльможныя княжычы, добрыя сыны, наймілейшага бацьку, які так дасканала дбаў пра вашае добрае выхаванне і нічога дзеля вас не шкадаваў. Аплаквайце, верныя слугі, і вы, падданыя, вельмі добрага і ласкавага ўладара. Аплаквайце, удовы, сіроты, жабракі і шпіталі, міласэрнага ахвярадаўцу. Аплаквайце, святары, манахі і манахіні, вялікага дабрадзея і вашага фундатара. Давайце ж усе будзем аплакваць і шкадаваць аб яго смерці, бо ён даў нам прыклад дабрачыннасці і пабожнасці жыцця. О добры Езу, учыні для нас усіх, каб мы ў свой час сустрэліся з ім на нябесным Лібане ў Тваім Валадарстве, дзе Ты з Айцом і Святым Духам Бог у Тройцы адзіны валадарыш на векі. Амэн.
Хвала Богу ў Тройцы Адзінаму.
Пераклад са старапольскай мовы
Вольгі Качалкі.
Гл. таксама:
Вольга КАЧАЛКА :: АСОБА, ВАРТАЯ НАСЛЕДАВАННЯ ::
|
|
|