Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(75)/2016
Падзея
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Год Міласэрнасці

ЗНАКІ МІЛАСЭРНАСЦІ
Паэзія

МАДОННЫ
Літаратуразнаўства
Асобы
Мастацтва
Літаратуразнаўства

УСПАМІНЫ. УРЫВАК
Спадчына
Мемуары
Памяці святара
In memoriam

МАРЫЮШ КАРПОВІЧ
Па родным краі
Прэзентацыя

Уладзімір ДЗЯНІСАЎ

МАРЫЮШ КАРПОВІЧ

Сумная вестка прыйшла з Варшавы. 3 лістапада 2015 года пасля цяжкай і працяглай хваробы пайшоў з жыцця знакаміты польскі гісторык мастацтва, прафесар Марыюш Карповіч. Яго імя добра вядомае спецыялістам у галіне гісторыі мастацкай культуры Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай XVI — XVIII стагоддзяў.

Марыюш Карповіч нарадзіўся 19 ліпеня 1933 года ў маёнтку Чомбраў Наваградскага павета. Ён паходзіў са старажытнага беларускага шляхецкага роду Карповічаў, згадкі пра які можна сустрэць у шматлікіх дакументах з актавых кніг судовых установаў Вялікага Княства Літоўскага XVIІ — XVIII стагоддзяў. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваецца справа аб дваранскім паходжанні роду Карповічаў герба «Кораб», які быў прызнаны ў дваранскай годнасці пастановаю Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу 11 снежня 1802 года. У ХІХ ст. Карповічы сталі ўладальнікамі знакамітага маёнтка Чомбраў у Наваградскім павеце. Гэта той самы маёнтак, дзе выхоўвалася будучая маці Адама Міцкевіча, гэты той самы шляхецкі двор, які Адам Міцкевіч апісаў як рэзідэнцыю Сапліцаў у сваім шэдэўры «Пан Тадэвуш».

Прадзедам Марыюша Карповіча па жаночай лініі быў Аляксандр Валіцкі — блізкі сябра і першы біёграф Станіслава Манюшкі, які перад паўстаннем 1863–1864 гадоў заснаваў у Мінску сваю кнігарню і, як згадваюць акадэмік Яўхім Карскі і Рамуальд Зямкевіч, пісаў на беларускай мове пад псеўданімам Міншчук альбо Місцюк.

Марыюш Карповіч у 1955 г. скончыў Варшаўскі ўніверсітэт і з таго часу працаваў у Інстытуце гісторыі мастацтва гэтага ўніверсітэта. Ён паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю, а ў 1966 г. стаў доктарам габілітаваным. З 1979 г. ён быў прафесарам Варшаўскага ўніверсітэта.

Прафесар Карповіч падрыхтаваў вялікую колькасць выдатных спецыялістаў у галіне гісторыі мастацтва. Пад яго кіраўніцтвам было абаронена шмат доктарскіх дысертацый. Акрамя таго, ён выкладаў у розных універсітэтах Польшчы, Італіі, Швейцарыі. З 1982 г. Марыюш Карповіч стаў правадзейным членам Варшаўскага навуковага таварыства. Ён таксама быў абраны акадэмікам Акадэміі Клеменціна і Акадэміі Міцкевічыяна ў Балоньі, ганаровым акадэмікам Інстытута мастацтва Ламбардыі ў Мілане і членам іншых навуковых установаў і таварыстваў. З 1993 года Марыюш Карповіч быў экспертам у Савеце Еўропы па пытаннях гісторыі мастацтва і аховы помнікаў культуры ў Страсбургу. Ён з’яўляўся кавалерам «Ордэна Адраджэння Польшчы», а таксама лаўрэатам узнагароды імя святога Брата Альберта і інш.

Прафесар Карповіч быў адным з самых аўтарытэтных даследчыкаў гісторыі мастацкай культуры і архітэктуры эпохі маньерызму, барока і ракако XVIІ — XVIII стагоддзяў. Ён аўтар шматлікіх навуковых працаў па гэтай тэматыцы, у тым ліку амаль 50-ці кніг і мноства навуковых публікацый у Еўропе і Злучаных Штатах Амерыкі. Дастаткова сказаць, што сталі класічнымі такія яго манаграфіі, як «Барока ў Польшчы» (1988), перакладзеная на многія еўрапейскія мовы, «Мастацтва Польшчы XVII стагоддзя» (1975) і «Мастацтва Польшчы XVIII стагоддзя» (1985), «Балтазар Фантана» (1994) і інш.

У апошнія гады свайго жыцця Марыюш Карповіч вельмі цікавіўся праблемамі гісторыі мастацтва Вялікага Княства Літоўскага. Апошняя яго манаграфія «Віленскія асаблівасці архітэктуры XVIII стагоддзя («Wileńska odmiana architektury XVIII wieku») была выдадзена ў 2012 годзе. Значная частка гэтай працы прысвечана праблеме аўтарства праекта аднаўлення полацкага Сафійскага сабора ў XVIII стагоддзі. Прафесар Карповіч аргументавана даказвае, што аўтарам гэтага праекта быў не Ян Крыштаф Глаўбіц, як лічылася раней, а італьянскі архітэктар Гвідо Антоніо Лонгі (Guido Antonio Longhi). Экзэпляр гэтай цікавай і малавядомай у нас кнігі прафесар Карповіч падараваў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Няледзячы на невылечную хваробу і сталы ўзрост, прафесар Марыюш Карповіч працягваў сваю навуковую дзейнасць — рыхтаваў навуковыя артыкулы, працаваў над дзвюма новымі абагульняючымі кнігамі па гісторыі мастацтва Рэчы Паспалітай XVIІ — XVIII стагоддзяў, якія, на жаль, не паспеў скончыць.

Марыюш Карповіч у 37-гадовым узросце страціў жонку, але самастойна выхоўваў чатырох дзяцей і стаў шчаслівым дзедам і прадзедам. Ён быў глыбока веруючым чалавекам і кожны свой новы рукапіс (ён не карыстаўся камп’ютарам) пачынаў з літараў AMDG — Ad Maiorem Dei Gloriam.

10 лістапада 2015 года а 11-й гадзіне ў варшаўскім касцёле святога Карла Барамея адбылася жалобная Імша, якую правёў ксёндз біскуп Міхал Яноха. Вучань прафесара Карповіча, ксёндз канонік доктар Міраслаў Новак, дырэктар Музея Варшаўскай архідыяцэзіі, у сваім казанні распавёў пра жыццёвы шлях свайго настаўніка.

Прафесар Марыюш Карповіч пахаваны на мемарыяльных Варшаўскіх могілках «Павонзкі» побач з магіламі сваіх продкаў.

Уладзімір Дзянісаў


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY